Віленскія камунары
Віленскія камунары Раман Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі Крыніца: https://knihi.com/Maksim_Harecki/Vilenskija_kamunary.html |
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
[правіць]І. СЯМЕЙНЫЯ ЛЕГЕНДЫ
[правіць]- Ад прадзедаў спакон вякоў
- Мне засталася спадчына...
- Янка Купала
Продкі мае з бацькавага боку былі сяляне-крапакі польскіх паноў Хвастуноўскіх і жылі ў вёсцы Жабракоўцы, Брудзяніскай воласці, Свянцянскага павета, Віленскай губерні.
Прадзеда майго пан Хвастуноўскі часта сек за грубіянства. Прадзед быў чалавек упарты, грубіяніць не кідаў. Нарэшце, на злосць пану, задавіўся ў лесе, на горкай асіне, калі быў яшчэ малады гадамі.
Прабабка мая, таксама ў маладых гадах, аслепла, ці то ад слёз, ці то ад трахомы. І жабравала. Вадзіў яе на матузку маленькі сын, адзінае дзіця — гэта мой дзядуля Антось Мышка.
Аднойчы трапілі яны ў дарозе пад вельмі страшную навальніцу. І схаваліся пад хваінку. А ў тую хваінку пярун і ўдарыў. Прабабку спаліў, а дзядулю толькі аглушыў.
Вырас дзядуля ў дзядзькавай сям’і. Калі прыгон скончыўся і сялянам давалі зямлю, ён таксама атрымаў надзел. Дзядзька ажаніў яго — і аддзяліў, не вельмі пакрыўдзіўшы.
Тут бы дзядулю толькі і жыць! Але праз год — памёрла жонка, першы раз радзёмшы, і дзіця прыйшло на свет нежывое... Тады дзядуля, таксама некаму на злосць, пачаў троху выпіваць.
Прапіў жончыны спадніцы, прапіў ступу, прапіў жорны, прапіў каня і калёсы. Засталася толькі хата. Падаткі і нядоімкі выперлі яго самога з хаты — у мястэчка Брудзянішкі батраком.
- * *
Спярша служыў ён там у мешчаніна, кульгавага папа Пстрычкі, што меў многа зямлі і вялікі сад.
Пан Пстрычка паходжаннем быў шляхціц гербовы, паперы меў, як сам хваліўся, «аж ад круля Стахвана Баторага». А потым, як людзі казалі, паперы ад часу вельмі звільгатнелі, зашмальцаваліся, і ён аднаго разу паклаў іх на трубу падсушыць, а праклятыя кошкі з’елі.
Кульгавым жа зрабіўся «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року», уцякаючы дамоў з касцёла, калі наскочылі казакі на польскую працэсію.
І быў пан Пстрычка, па-першае, наогул маланхольны.
Вусоў ніколі не падкручваў і пазіраў па ўсіх воўкам. А па-другое — быў ён праз меру чулы як наконта свайго гонару, так і наконта свайго фізічнага дэфекту.
Аднойчы, седзячы ў сваім садочку, у саламянай будзе, падслухаў ён, як дзядуля размаўляў з некім чужым на вуліцы. І размаўляючы, не дадаў да слова «Пстрычка» — слова «пан».
Потым, на пытанне: «Каторы ж гэта Пстрычка? Кульгавы той, ці што?» — адказаў проста: «Але, але, кульгавы». І не дадаў: «з таго шэсцьдзесёньць тшэцего року».
Пан Пстрычка выскачыў, кульгаючы, на вуліцу, як люты леў. І ад гневу так запыхаўся, што не мог прадыхнуць слова. Калі ж распіраці яго троху перастала, ён з найвялікшаю пагардаю сказаў дзядулю:
Католік, але — хам!
Дзядуля меў таксама гарачую натуру. Толькі пакуль быў маладзейшы, дык яшчэ мог сябе стрымаць.
Ён толькі крыва, падкусліва ўсміхнуўся, злёгенька пашлёпаў сябе далоняю па задняй часці цела — і пану свайму адказаў:
Пан... напхан!
Пстрычка кінуўся да яго біцца. А дзядуля і з месца не скрануўся, ні наперад, ні назад. Выставіў кулак (праўда, невялікі, бо сам быў невялікі) — і стаяў, як скаліна.
- * *
І паступіў дзядуля фурманам да брудзяніскага купца, гаспадзіна Махлярчыка, што з маладосці быў чалавечак вельмі бедны, скупліваў па вёсках шчацінку, скурацінку, хадзіў дробненькі, мізэрны, брудны і бародку сваю рудую пе часаў ніколі.
«Ну, бог яму даў шчасце», як казалі, бывала, у Брудзянішках старыя законныя яўрэі, і ён забагацеў. Уся воласць вязла цяпер на яго склад пяньку, лён, семя, збожжа. Ён пачысцеў, расчасаў бародку, і быў цяпер вясёленькі, і тоўсценькі, і гладкі. А жонку меў, на жаль, панурую худую дылду, з чорнымі вусамі, як у мышы. Нарадзіла яна яму дзяцей кучу, ён яе жалеў і паважаў, але ж такую нічым ужо не падправіш.
І служыла ў гаспадзіна Махлярчыка парабчанка. Немаладая ўжо дзяўчына, гадоў так трыццаці, і дужа дробненькага складу, як казюлька. Тварык троху аброс мохам. Рукі ад працы закарэлі.
Але — і без вусоў і не такая дылда. І рукі, як заголіць, мыючы начынне,— яшчэ крэпенькія, маладаватыя. А дай ёй троху больш увагі, сагрэй яе цяплом ласкі,— яна яшчэ і махорчыкі распусціць, як на сонцы краска.
І задумаў гаспадзін Махлярчык патрошку яе саграваць сваімі жартамі. То ласкава «дурной авечкай» яе назаве, то дзе за мякенькае месца яе памацае, то ножку ёй, калі яна нясе ваду ці дровы, ціханька падставіць, то што...
Папсаваў яму ўвесь гарод — дзядуля. Яксьці аднаго разу, у сваёй гарачцы, так лёгенька адштурхнуў ён гаспадара ад парабчанкі, што той, бедны, аж і ножкамі накрыўся.
А дзядуля над ім стаў, узяўся ў бокі і прамовіў павучальна:
— Ты куды ж, паскуда, лезеш? А рукі ты ці памыў?
— Папомніш ты, хамуйла! — ціханька адгыркнуўся Махлярчык ды папоўз скоранька ад яго ракам, каб яшчэ нагою ў зад не вытнуў.
Тым часам нічога ён не ўгразіў. Толькі, вядома, пасля такога прыкрага здарэння мусіў дзядуля ізноў шукаць сабе новага месца.
І паступіў ён сторажам пры толькі што адчыненай у Брудзянішках рускай народнай школе.
Неўзабаве і жаніўся другі раз. Давёў сваё лыцарства да канца: узяў тую дзяўчыну-парабчанку, гэта маю бабулю.
Праўда, была яна старэйшая за яго гадкоў на пяць ці болей і пасагу яму ніякага не прынясла. Але ж і ён, хоць быў яшчэ нішто певень, а ўжо ўдавец, і голы, як бізун. Так што пара, як на тыя часы, падабралася.
Тады ж і хату сваю з Жабракоўкі ў Брудзянішкі перавёз і паставіў на добрым месцы, на прасторы: амаль што ў полі, каля шляху на Свянцяны, дзе балотца, што ніколі не высыхае, дык за тым балотцам.
Перавязлі хату жабракоўцы талакою за вядро гарэлкі, спачуваючы свайму аднавяскоўцу. Паставілі цесляры, таксама з Жабракоўкі, троху талакою, за гарэлку, а троху за грошы.
Начаваў дзядуля і цяпер пры школе. А бабуля начавала ў хаце, а ўдзень на падзёншчыну хадзіла. Бачыліся рэдка, а скора пачалі сварыцца. А часам і цапаліся, як каты.
Аднак не расходзіліся, бо не такія былі часы, каб лёгка расхадзіцца. Бабулі ж і ўпрочкі бегаць не было куды. А потым — куды ўжо пабяжыш, калі пасыпаліся дзеткі: што год, то ўдод.
Толькі ўдоды былі дзяўчаткі і дзяўчаткі, за што дзядуля вельмі гневаўся на бабулю, бо прычыну бачыў, паводле народных забабонаў, у сцюдзёнасці яе натуры.
Дзяўчаткі радзіліся і ўміралі: каторая з водры, каторая з шкарлятыны, каторая — хто ведае з якой хваробы. Часта спраўляючы хрэсьбіны і памінкі, пачаў дзядуля ізноў патроху выпіваць.
Аж нарэшце, калі ён, мусіць, сам асцюдзянеў у патрэбнай прапорцыі, нарадзіўся хлопец, а здаровы — як шчупак — гэта ўжо мой бацька, Міхась Мышка. Яго ніякая пошасць не ўзяла, і ён гадаваўся. На ім і загавелі.
ІІ. ВЯДРО ВІЛЕНСКАГА ПІВА
[правіць]- Дык крычыце ж, біце ў звона: —
- Дурны мужык, як варона!..
- Ведама, мужык, хамула,
- Ад навукі адвярнула...
- Мацей Бурачок
Гэтым часам паспрачаліся аднойчы, за параю піва, настаўнік брудзяніскі з брудзяніскім валасным пісарам. Былі яны абодва з праваслаўнай шляхты знедкуль з Магілеўшчыны. Настаўнік — малады яшчэ хлапчына, на прозвішча Грызунец. Пісар — старэйшы векам, на прозвішча Даўбешка. Настаўнік скончыў настаўніцкую семінарыю, у Полацку ці ў Маладзечне, што былі тады адчынены для абрусення краю. Пісар выбіўся ўгару, паслужыўшы ў войску, пісарам у роце.
Настаўнік быў танкатвары, бледны, задумлівы, але з людзьмі наогул даволі ветлівы, прыемны, і толькі часам, на злосць каму, падкуслівы і ўпарты, як казёл.
Пісар жа быў таўстаморды, амбітны, уладалюбны. І паспрачаліся яны на тэму аб адукацыі простага народу.
Пісар, пан Даўбешка, з розумам і сталасцю даводзіў, што навука простаму народу патрэбна столькі, колькі свінні сядло, што мужыкоў вучыць у школе — толькі іх псаваць, толькі сеяць спакусу і распусту.
— Створаны яны, — казаў ён, — для фізічнай працы, таму і навуку ўспрымаюць цяжка.
— Пра каго пан пісар кажа: пра дзяцей ці пра дарослых? — пачаў збіваць яго настаўнік.
— Вядома, пра дзяцей, бо ім перадаецца ў спадчыну. Дзе ж гэта які дурань уздумае вучыць дарослых мужыкоў? — адказаў Даўбешка.
— А чаму нельга вучыць дарослых? — ізноў пад’ехаў Грызунец.
— І наогул, — сказаў пісар, — лягчэй наўчыць карову танцаваць мазура, чымся такога вось Антося распісацца, — кіўнуў ён на дзядулю, што наліваў ды падаваў, бо выпіваць была чарга ў настаўніка.
— Дык закладзёмся, пане пісар, на вядро віленскага піва, што я наўчу яго не толькі распісацца, але нават складаць прашэнні, — зрабіў настаўнік прапанову, каб падкалоць Даўбешку.
— Складаць прашэнні?! — ударыўся ў амбіцыю Даўбешка.— Дзесяць вёдзер віленскага піва! І вучы яго хоць да сканчэння свету!
На дзядулева няшчасце, яны заклаліся. Аднак жа, не без тэрміну, а толькі на паўгода, бо пісару, калі пайшло ўсур’ёз, вельмі хацелася скарэй папіць настаўніцкага піва.
Заклад рабілі ўвосень, а пад вясну дабравольна стварылася экспертная камісія — з людзей, ахвотных выпіць.
З боку настаўніка быў фельчар Гліснік, худы як палка, бо ніяк не мог ёы выгнаць з сваіх кішак салітэра. З боку Даўбешкі быў яго памочнік, пісарчук, прозвішча якога мне казалі, ды я забыўся.
А на вярхоўнага арбітра Гліснік і памочнік выбралі праслаўленага дзяка Райскага, якога ніхто ніколі не перапіў.
Камісія сабралася ў настаўніка. Паклікалі дзядулю. Пасадзілі за стол пасярод класа. І задалі яму пісаць прашэнне ў воласць аб прыбаўцы яму пенсіі. Тэрміну далі гадзіну.
А калі дзядуля, хвілін праз дваццаць, не вельмі папацеўшы, напісаў і напісанае паказаў, дык фельчар Гліснік, ад пачуцця, пацалаваў яго, дзяк Райскі ад здзіўлення перахрысціўся, а памочнік сагнуўся, паглядзеў пад стол, ці няма там якога фокусу...
І пастанавілі, што пан пісар, на жаль, дзесяць вёдзер віленскага піва прайграў, а настаўнік, яго шчасце, выйграў. Пілі тое піва два разы, пакуль не выпілі. Першы раз пілі, калі мірылі Даўбешку з жонкаю: набіў яе, бо вельмі ж за няўдалы заклад грызла.
А другі раз пілі, калі праваджалі настаўніка, бо начальства перавяло яго ў другую школу, яшчэ горшую за брудзяніскую, з суровым папярэджаннем, каб больш падобных педагагічных эксперыментаў не рабіў.
- * *
Выскачыў дзядуля з сваёю пісьменнасцю, як Піліп той з канапель...
І думаў ён, думаў,— нічога лепшага не прыдумаў, як пачаць цяпер судзіцца. І завёў ён суд з сельскім вобчаствам вёскі Жабракоўкі за свой надзел, каб вярнуць яго сабе назад. А вобчаства, на якіх-та там падставах (права пісанага ці звычаёвага), даўно яго надзелам заўладала. І цяпер упёрлася: нізашто не аддаваць! А тым больш — такому няўдзячнаму, што і хату яму перавезлі і паставілі, як замуж дзеўку выдалі, а ён лезе ізноў.
Суд цягнуўся, як на тыя часы, не сказаць, каб доўга: так, прыблізна, гадкоў восем... І ўсё-то з пераменным для дзядулі шчасцем: то яму прысуджалі, то яму адсуджалі...
Але дзядуля, у пэўных выпадках, быў вельмі моцны духам. Для свае ідэі не шкадаваў нічога. Папрадаваў усё, апрача хаты. Траплялася, што паплаціўшы гербавыя зборы, сядзеў з жонкаю і з сынам па адным хлебе (заўсёды вельмі смачным, калі яго мала).
Каб было на што судзіцца, кінуў дзядуля мізэрную пасаду стоража пры школе, — знайшоў сабе большы заробак на чыгунцы, што пачалі тады праводзіць з Пецярбурга на Варшаву.
Нават і бабулю цягаў туды з сабою. Ад Дзвінска і да Вільні ўсе выемкі ў гарах і наспы на балотах — гэта, можна сказаць, усё іх работа. Зараблялі добра, без хлеба не сядзелі... Наладзілі падзел працы: бабуля тачачку накапае — дзядуля павязе...
І яна вазіла, каб паказаць, што спрытная. Дармо што — як казюлька. А тачку як папрэ — аж усе людзі дзівіліся. І пакапае, і павозіць, яшчэ і калатушы на трэсачках згатуе, і лапцікі пасушыць, і ўсе дзіркі пазашые, і ў галаве дзядулю і сыну пашукае.
Хату па лета замыкалі, — бацька мой таксама пры іх тут бегаў. Ужо і ён ім прыслужаўся, асабліва ўвечары, калі камароў і мошак з балота налятала.
На цяпло яловай лапкі накладзе — дым ад яе дужа густы, вялікі, — гнюсаў гоніць. А то пры бацьку і маці стане, веццейкам шугае, каб гнюсы не пілі іх кроў.
- * *
І чыгунку збудавалі — дзядуля ўсё судзіўся, усё не падаваўся. Разоў колькі і ў арышце пабываў, то за знявагу суддзяў, то якога іншага начальства. А давёў-ткі справу ажно да сената.
А сенат адмовіць — пайду з прашэннем да самога цара! — крычаў ён у хмялю.— Ракам папаўзу да Пецярбургу, а надзел свой высуджу! З горла вырву!
Людзі ў хмялю, як вядома, бываюць розныя: хто плача, а хто скача, хто смяецца, а хто б’ецца. Дзядуля ўзяў сабе такую моду: ці толькі выпіў, зараз цягнуўся ўжо па людзі, ды дзе шумней, дзе больш народу. І там крычаў ён і лаяўся на ўсю глотку. Лаяў усіх, каго ўздумаў, нягледзячы на асобы: паноў і рускае начальства, Пстрычку і Махлярчыка, нават нябожчыка настаўніка Грызунца, хоць той ужо даўно паспеў памерці дзесьці ад сухот.
Грызунца лаяў за тое, нашто, на ліха, наўчыў яго пісаць прашэнні. А найболей заўсёды даставалася пану пісару Даўбешцы, бо дзядуля думаў, што ён найболей шкодзіць яму ў судовых справах.
І ўсё пакуль што неяк абхадзілася, хоць Даўбешка, як казалі, нават кляўся, што некалі ўпячэ яго за грубіянства і знявагу — як мае быць. Кляўся — і не мог даць рады.
ІІІ. «ЗЯМЛЯ І ВОЛЯ!..»
[правіць]- Зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы...
- Якуб Колас
Аднойчы, святым днём улетку, калі дзядуля хуліганіў на плошчы ці на галоўнай брудзяніскай вуліцы, ехаў міма, чацвёркаю ў карэце, з жонкаю і з дзеткамі, сам пан Хвастуноўскі.
Не той пан Хвастуноўскі, што меў некалі справу з маім прадзедам, таго ўжо даўным-даўна стачылі чэрві, а яго сын.
Пра гэтага казалі, што з маладосці хварэў на пранцы, ды залячыў-ткі за межамі, а потым, вось, нават і жаніўся. Дзядуля і загарлапаніў пры ўсіх людзях:
— А, гнілазады! Катні сын!
Пан Хвастуноўскі павярнуўся быў, але яму зараз залажыла вушы... Ехаў і паехаў. Да паноў лаянка людзей ніжэйшых ніколі не прыстае. Яны яе не чуюць. Яна толькі потым адгукаецца на кім трэба.
Аж выплыў з тратуарчыка, ужо з сіваватаю бародкаю, у доўгім, аж да пят, і шырокім для паважнасці, чорным лёгенькім шаўковым халатоне, з янотаваю шапкаю на сівых пэйсіках, як рускі поп,— гаспадзін Махлярчык. І ціханька, спалохана сказаў:
— Ай, хамуйла! Ты так на пана, на яснага пана... Ну, цяперачкі папаўся, сукін сын!
Праўда ж яго... Скончылася справа тым, што надзелу дзядуля не высудзіў, а сельскае вобчаства вёскі Жабракоўкі напісала прыгавор: саслаць яго, як шкоднага і неспакойнага, у далёкую Сібір.
- * *
Не ўсе, аднак жа, члены вобчаства згаджаліся падпісацца. І хоць Даўбешка разоў колькі сам мусіў ездзіць да іх на зборкі, ніхто першы прыгавору не падпісваў.
Скрануў людзей дзядулеў дзядзька, што дзядулю ўзгадаваў. Быў ён цяпер сівенечкі дзядочак, беленькі, сохленькі, як святы, і ўсё маліўся богу на запечку.
І хоць ужо даўно на зборкі не хадзіў, цяпер так-сяк прыплёўся з кастылёчкам, пацалаваў пану пісару ў руку, да лавы прыхінуўся, аддыхаўся.
Потым папрасіў у пана пісара дазволу сказаць слова, перажагнаўся на абразы, павярнуўся да ўсіх сабраных і сказаў, як ксёндз казанне:
Пан бог яго ратуе... Каб сэрцам пачысцеў, думкамі пасвятлеў... Як у Сібіры папакутуе... Няхай жа з богам едзе...
Узяў за руку сына, што быў цяпер паўнамоцным прадстаўніком двара, падвёў да столу і руку яго на прыгавор паклаў, каб ставіў сын тры крыжыкі ля свайго прозвішча. Той і паставіў. Паслухмянасць да бацькоў была ў нашым народзе раней вельмі вялікая — не тое што цяпер.
Даўбешка падзякаваў старому і ад пачуцця ледзь не заплакаў. Але плакаць не меў часу, бо да столу зараз выбег яшчэ той, што дзяржаў ад вобчаства надзел дзядулеў у арэндзе. І ён — скоранька перажагнаўся і тры крыжыкі паставіў. За ім выйшаў той, каторы меўся ў блізкім часе перабіць яму арэнду. А потым тыя, у каго сыноў панарадзілася пасля нарэзкі, і надзелаў на іх не было.
Казалі, што галасоў і тады яшчэ не хапала, каб прыгавор мог набыць моц. Дык каму пан Хвастуноўскі даў па возу сена і па возу дроў, каго Махлярчык падпаіў, а каго Даўбешка патрымаў у Брудзянішках, у самую работу, пад замком дзён колькі.
- * *
Нарэшце, гэта ўжо нецікавыя драбніцы, калі ўсё роўна мусіў ехаць мой дзядуля ў той слаўны горад Томск, што стаіць, як мне казалі, на такой прыгожай, быстра-плаўнай рацэ Томі, у такой прыемнай зялёна-раўніннай мясцовасці, так падобнай да мясцовасці каля мястэчка Брудзянішак.
Тым часам ехаць туды яму дужа-дужа не хацелася — не столькі з тэй прычыны, што там сцюдзёная зіма, а ён быў малакроўны, колькі з тэй прычыны, што не на яго стала...
А калі ехаць усё ж такі прыйшлося, дык дзеля пэўных меркаванняў паехаў спярша адзін, а бабулю з маім бацькам, тады яшчэ малым хлопчыкам, пакінуў у мястэчку.
Бач, думаў, што гэта з ім жартачкі жартуюць... Меў надзею, што яшчэ дойдзе праўды, абязвініцца перад начальствам і ў блізкім часе вернецца назад. Назад у Брудзянішкі, ці нават, наўмысля, у Жабракоўку, на свой надзел, на злосць усім... На злосць усім — сабе на радасць...
«Надзея — матка дурных»,— кажа старая прыказка, шмат каму вельмі нялюбая. Я і сам, некалі, цярпець яе не мог. Цяпер троху прызвычаіўся.
У Томску завязалася ў яго знаёмства з студэнтамі-нарадавольцамі, таксама ссыльнымі. Яны яго троху палітычна ўсведамілі, а разам з тым раскрылі яму вочы на яго праўдзівае становішча. І калі ён добра зразумеў, што ён — ссыльны без тэрміну, што яму няма што і думаць аб блізкім павароце на радзіму, — дык гнеў і роспач перамяшаліся ў ім, як гарох з капустаю.
Быў слаўны зімні дзень. Дзень той быў тарговы. Наехала многа сялян. І ніводнага знаёмага чалавека... Хадзіў дзядуля адзін — далёкі, забыты, закінуты, адзінокі... З нуды падвыпіў — і пайшоў тапіцца ў той прыгожай рацэ Томі, цяпер скаванай лёдам, засыпанай снегам, сцюдзёнай, мёртвай. Пасунуўся туды, пасунуўся сюды, і пакуль шукаў у лёдзе дзірку, дык паспеў ахаладзіцца, абдумацца. Абдумаўся, пайшоў назад. Яшчэ троху выпіў, каб сагрэцца — целам і душою. А калі нуда ад сэрца ніяк не адліпала,— пацягся, сваім даўнейшым звычаем, на людзі. Прыйшоў на самую вялікую томскую рыначную плошчу, што звалася тады Губернатарскаю плошчаю. [...] Убіўся там у самы натоўп, узлез на нечы воз і пачаў крычаць на ўсе бакі:
— Зямля і воля! Зямля і воля! Зямля і воля!
Ох, вялікі дурань быў мой бедны дзядуля. Крыкнуў, мусіць, не шмат разоў, а паехаў яшчэ далей, у той слаўны горад Краснаярск, што стаіць, як мне казалі, на магутнай рацэ Енісеі, у надзвычай харошай мясцовасці, каля высокіх гор, пакрытых, як шапкаю, вечназялёнаю хваёваю тайгою... І пражыў там дзядуля амаль што да магілы.
IV. БАБУЛІНЫ АВАНТУРЫ
Ветрычак пыша, былінку калыша...
З народнай песні
Калі ж ён паехаў, засталася бабуля з маленькім сынам адна, як былінка ў полі. Бацька яе быў салдат. І ні яму яе, ні ёй яго пабачыць так-такі ніколі і не давялося. Ішоў ён у салдаты, была яна яшчэ ва чрэве маці, можа яшчэ якім эмбрыёнам. Калі ж яна радзілася, расла і вырасла, ён усё служыў «цару-бацюшку» ды хадзіў па войны. А потым дзесьці і лёг па-геройску... І як усе людзі і ўсякія істоты, патрошку рассыпаўся прахам — на новы плён прыроды, у новых яе формах, формах вечнага жыцця. Толькі дачушкі свае так і не пабачыў.
Маці бабуліна, салдатка, памёрла ад халеры, калі было бабулі гадоў дзесяць. Бабуля помніла і бацькам маім апавядала, як захварэла яе маці ад гурочка, што з’ела ў Брудзянішках. Прыйшла дамоў, у вёску, брык сярод хаты, і самлела... Паднялі яе з падлогі, на пол паклалі, квасам напаілі. І пайшлі ўсе з хаты, хату да вечара зачыніўшы. Яна там качалася, корчылася, сцямнела, як зямля, і ўвечары, акуратна вытрымаўшы тэрмін, была гатова ісці рассыпацца прахам на новыя формы. Толькі дачушку сваю асіраціла на ўсе бакі.
Гадавалася бабулька не ў дзядзькі, а ў цёткі. Ну, толькі не доўга цётцы сваёй дакучала. Скарынак троху з’ела, а там — звычайная дарога: пайшла батрачыць. Усе леты свае маладыя праслужыла па мястэчку. Стаж яе батрацкі быў вельмі вялікі. А за дзядулем папанавала не дужа доўга. І панаванне ж было такое, што распанець не паспела. Дык, застаўшыся цяпер адна — не спалохалася, дала сабе рады.
- * *
Спярша яна хацела ізноў паступіць да каго-небудзь у батрачкі. Таму што батрачцы ніколі не трэба тужыць аб кавалку хлеба: гаспадар накорміць. Але батрачкаю яе цяпер не бралі. Па-першае, таму, што мела благую славу: мужа-сібіраку. А па-другое, і гэта, мусіць, галоўнае, што мела пры сабе дадатак: сына. Хлопчыкі ж у такім узросце бываюць страшэнна жарлівыя. Дык мусіла яна перайсці на скромную і спакойную прафесію местачковай ваданоскі. Была яна як казюлька, аднак жа цяжкія суды вады спраўна насіла — за квартал, за два, а то і далей ад крыніцы. І брала не дорага: дзе далей, дык капейку, а дзе бліжэй, дык грош з вядра.
Былі ў яе і яшчэ крыніцы: па заможных дамах у мястэчку бялізну мыла, падлогі падцірала, а ў суботу ў пабожных яўрэяў, калі каторыя не мелі свае сталае прыслугі, у печы паліла. Часам пускалася нават у рызыкоўныя эканамічныя авантуры. Напрыклад, завяла была казляня, каб вырасла з яго каза, каб тую казу даіць і малако на рынку сухотнікам прадаваць. Праўда, гэта быў бы ўжо лішні клопат: трэба было б думаць, чым казу карміць; калі яна згубіцца, трэба было б яе шукаць; а ўночы — ляжы ды прыслухайся, каб яе не ўкралі ці каб галодны воўк узімку не ўлез у хлевушок ды не задраў яе. Гэтага клопату пазбавілі бабулю, у самым пачатку яе авантуры, местачковыя хуліганы-хлапчукі. Слабенькія хуліганы ніколі людзей мацнейшых не чапаюць. Выбар іх заўсёды спыняецца на кім-колечы слабейшым, за каго няма адказу. Спярша яны ўсё цкавалі бабуліна казляня сабакамі. А потым, нейкім вялікім святам, загналі яго ў роў, злавілі, пятлю на шыю ўскінулі, да гібкае бярэзінкі прывязалі. Калі ўсе расступіліся, каб лепей было відаць, — той, што прытрымліваў, раптам — як пусціць! Бярэзінка падмахнула, і казляня толькі ножкамі задрыгала ў паветры...
Яны палюбаваліся, а бабуля болей коз не завадзіла. У рыначныя дні пасылала сына з мяшэчкам і грабелькамі на рыначную плошчу — зграбаць раструшанае з сялянскіх вазоў сена, але гэта ўжо не для свайго казляняці. Сена тое яна прадавала другім трымальнікам коз у мястэчку і між іншым — мела з гэтае аперацыі значны прыбытак, а таксама і прыемнасць, бо гэта ўжо была падмога з боку сына.
- * *
Бацька ж мой, як толькі падняўся на свае ногі, дык не толькі зграбаў на рынку сена. Гэта была яго работа — зімняя. А ўлетку пасвіў ён гусі ў брудзяніскага ксяндза. Леты два прапасвіў з поспехам, а на трэцяе — стары ксёндз выехаў у Вільню, атрымаў па службе падвышэнне, а на яго месца прыехаў новы, здаравенны слуга божы, тлусты, як парсюк, і чырвоны, як бурак. Той ксёндз любіў салодкія наліўкі і сырнікі ў смятане з маслам, а гэты новы завёў аканомку, траюродную сястрыцу, удаву, яшчэ маладую, і бяздзетную. Гусей сваіх стары ксёндз прадаў новаму, і бацька мой разам з імі перайшоў.
І ўсё ішло гладка, аж аднойчы адна гусіна нечым падавілася. Бацька мой спалохаўся, што зараз яна здохне, і прымчаўся з выгану да ксяндза ў пакоі, уляцеў у спальню, дзе іначай ніколі б яго нага не ступіла. А там новая бяда паўстала яму перад вачыма: загневаўся ксёндз на аканомку і душыць яе на пасцелі. Яна ірвецца, стогне, а ён вось-вось задушыць... Бацька мой — у слёзы, крычаць гвалту, выбег на вуліцу, лямантуе...
Калі ўсё патроху абляглося, і гусіна не здохла, і аканомка засталася жыва, і людзі ў мястэчку насмяяліся з прыгоды, — паклікаў ксёндз бабулю па расправу, і быў ён вельмі-вельмі гнеўны.
Віна яе была ў тым, што сына кепска ўзгадавала: лезе ў спальню, а потым пра ксяндза свайго хлусню разносіць. За гэта ксёндз прызначыў ёй пакуту, а бацьку майго ад гусей сваіх адставіў.
Адбыла яна пакуту: тры касцельных службы ляжала крыжам перад панам Езусам Хрыстусам раскрыжаваным. Гэта ёй было не цяжка, хоць і троху ніякава перад усімі людзьмі ў касцёле.
Горш было, што бацька да зімы застаўся без работы. Ганяў сабак па вуліцах у мястэчку. А ўзімку — якая работа? Калі сена на рынку падграбе, калі каму хворасту пасячэ.
- * *
І аддала яна яго вучыцца ў школу, каб меней дакучаў у хаце. Да навукі хлопец аказаўся здольны. Скора чытаць па-руску наўчыўся. Настаўнік яго палюбіў. І нават дараваў яму, што ён робіць частыя прагулы: то за марозам, не маючы цёплага адзення, не прыйдзе, то ў рыначныя дні, за сенам, прагуляе.
Пад канец зімы — украў нехта ў школе жалезную качаргу. Віну звярнулі на майго бацьку. Адзін хлопчык нават пабажыўся, што бачыў, як бацька прадаваў яе мужыку на рынку.
Настаўнікам быў цяпер у Брудзянішках малады Райскі, сын дзяка Райскага. Нічым асаблівым не вызначаўся, толькі быў дужа сумленны і пабожны, рыхтаваўся высвячацца на папа. Хоць бацька мой таксама кляўся-бажыўся, што качаргі і ў вочы не бачыў, але Райскі не даў яму веры і са школы яго вытурыў — за зладзейства і за наглую бажбу. Другая матка ў такім выпадку занесла б Райскаму парася, папрасіла б добранька — можа і прыняў бы хлапца назад у школу. І бабуля спярша хацела так зрабіць. Але таму што парасяці свайго не мела, а купляць — усё грошы ды грошы, дык яна належным чынам перамяніла свае думкі і бацьку сказала: «Без навукі, дзеткі, спакайней пражывеш на свеце», — і ў школу яго болей не вадзіла.
V. ВЯСКОВЫ СВІНАПАС
[правіць]- Авечачкі: му-му-му!
- А свіначкі: хру-хру-хру!
- З народнай песні
Прыйшла вясна, і аддала яго бабуля ў шляхоцкую ваколіцу каля Брудзянішак — Казіміраву Слабодку, пасціць свінні і авечкі ў шляхцюка Каўшылы. Шляхцюк Каўшыла быў, супроць свае жонкі, стараваты, гадоў меў пад сорак. І быў непрыгожы, касавокі, нос кручком. І — страшэнны скупярдзяй, за капейку задавіўся б. А жонка ў яго была маладая, харошая, як ляля. І трошку ляная. І любіла смачна есці. Зайшла замуж ад беднага бацькі, дык, мусіць, цяпер разважала: хоць жа я смачна наемся.
Дзяцей было ў іх троечка. Яшчэ малыя. І ўсе дзеці былі ў бацьку: непрыгожыя, лупавокія, з кручкаватымі насамі, і былі яны худыя, санлівыя, у скуллі, у каросце. Ці маці не вельмі іх даглядала, таму што не любіла, ці прырода ўжо была такая, але Каўшыла часта за іх на жонку наракаў. А яна ўнікаць яго баялася, што ўсе яны па ім, але сваім нібы насмешлівым маўчаннем яшчэ больш яго ў злосць увадзіла.
І наняў Каўшыла моду адвадзіць сэрца на маім бацьку. За ўсё-ўсякае сек яго смаляною пугаю па голых лытках. Як секане, — аж пуга вакол нагі абаўецца... Ён пугу пацягне, раскруціць — ды яшчэ... Прычыну ж заўсёды мог знайсці. Кожнаму, напрыклад, добра вядома свіная памаўзлівасць. І што ж бы гэта за свіння была, каб не імкнулася яна да сваіх вечных ідэалаў: улезці ў якую-небудзь шкоду, з’есці бульбіну ў гародзе ці зрыць грады з буракамі. А ён сек майго бацьку, што аж часам нават Каўшыліха адбірала, каб не сказалі па іх людзі, што хлапца катуюць.
Была яна, наогул, добрая жанчына. Як Каўшыла бацьку насячэ, яна яму, цішком ад мужа, кавалак бліна ці салодкі яблык заўсёды ў запазуху ўсуне. Хавалася ад скупярдзягі, калі і сама хацела смачней з’есці. Ён з дому пойдзе, — яна яечню сабе смажыць. Тады і дзяцей сваіх з хаты выпраўляла, і ім не давала, каб ён нічога не ведаў.
І вось — было гэта ў канцы лета. Ішлі вялікія дажджы, надвор’е пахаладала, і бацька мой, адзін дзень, намокшыся, акалеўшы, рана прыгнаў з поля. Каўшыліха, тым часам, паела ў клеці многа мёду. Патрошку-патрошку, што ні пойдзе — калупне, ёй гэта неўзаметку. А Каўшыла, якраз жа ў гэты дзень, пайшоў у клець — убачыў. І ўзяло яго за сэрца, а тут яшчэ мокрае падвор’е, снапы ў полі прарастаюць, усе людзі бядуюць, а яго жонка — не паклапоціцца, не ўздыхне.
Выскачыў ён з клеці — свінні рана бягуць з поля. Ён як схопіць нейкую ламіну, як кінецца на свінапаса — біў ужо і па лытках, і па спіне, і па чым папала.
Набіў гэтак, што ўцёк бацька скрозь ноч да бабулі. Бабуля, агледзеўшы, як яго спаласавалі, слязьмі аблілася і сказала:
— За што ж ён цябе гэтак, мае дзеткі? А ты ж бы пазней паласаваў. Вярніся заўтра, перапрасі. Дабудзь ужо да канца лета. А то яшчэ нічога не заплаціць. Ён жа гэткі скнары...
— Мамулечка, забі мяне, не пайду! Не пайду нізашто! — як закрычыць бацька, аж закалаціўся.
- * *
І так-такі на другі дзень у Казіміраву Слабодку не вярнуўся, бо ўночы прыхапілася яму гарачка. Дзён пяць так яго паліла, што нават стары фельчар Гліснік, у якога тады бабуля позны ячмень у гародзе жала, прыйшоўшы, паглядзеўшы, быў няпэўны і сказаў:
Каб не быў спалоханы, дык можа ачуняў бы. А так — можа і памрэ...
І параіў выбраць хлопцу «сполахі».
Пабегла бабуля да Зэлічыхі Добкі, што «сполахі» па-яўрэйску выбірала і мела славу, што ў яе лёгкая рука. Гліснік паўдня жніва за візітацыю сваю з зарплаты ў бабулі скінуў, а Добка толькі галоўку часнаку ўзяла, і то не дужа браць хацела, па-суседску лячыла.
Прыйшла яна, хворага памацала, па галоўцы яго пагладзіла, пад ім ласкава пашаптала і сказала вясёла і ўпэўнена:
— Пхэ! Ён толькі перазябся. Напаі яго гарачым адварам. Праз тры дні на вуліцу пабяжыць.
Праўда яе: на трэці дзень бацька з хлапцамі ўжо на вуліцы забаўляўся і нават пабіўся — за тое, што дражнілі яго свінапасам.
А да Каўшылы ісці нізашто не хацеў. І пайшла бабуля Каўшылу перапрашаць — сама. Прыходзіць, аж той Каўшыла ўжо нічога не пачуе: ляжыць на лаве, прыбраны ў тую далёкую дарогу, дзе рассыпаюцца прахам па новыя формы.
Ездзіў у Свянцяны прадаваць мёд, каб жонка ўсяго не паела. І выбраў у банку трыццаць рублёў грошай — на новую хату. Ды ўсё кішэню мацаў, ды ўсё з кішэні ў кішэню перакладаў.
А хто чаго дужа баіцца, тое з тым і здараецца. Пакуль адзін жулік суліў яму нешта крадзенае за бясцэн прадаць, дык другі жулік кішэнь яму адрэзаў — і трыццаці рублёў і пяці рублёў за мёд як і не бывала...
Прыехаў ён дамоў — чорны як зямля. І да вячэры не дакрануўся. А ўночы, як жонка заснула, пайшоў у клець і на новых лейцах, на бэльцы пад страхою, засіліўся. Страты свае не перажыў.
Тады ўжо і бабуля не захацела, каб ішоў бацька даслужваць лета. Баялася, што будзе там бацьку цяпер страшна: вешальнік будзе здавацца.
- * *
Каўшыліха, за праслужонае, збожжам ці мукою ёй аддала, а наняла сабе дарослага парабка. Бацька застаўся ўдому, наймацца да зімы было ўжо позна. Рабіў тое-сёе ў мястэчку, але часу было ў яго цяпер досыць, дык забаўляўся з хлапчукамі.
Яны, сябры яго, аднагодкі, гуляючы, білі яго з поўным правам: што ён, жыхар мястэчка, — свінапас у вёсцы... На іх думку, ён зніжаў іх гонар, зніжаў гонар вуліцы і ўсяго кварталу, зніжаў гонар усяго мястэчка. Дык лупілі яго, як маглі: кроў з носа яму спускалі, выдзіралі валасы, засыпалі вочы пылам, плявалі яму ў твар... І з найвялікшаю дзіцячаю пагардаю казалі:
— Ідзі ад нас! Не гуляй з намі! Накручвай хвасты свінням на вёсцы!
Густая, задзірлівая кроў дзядулі ў жылах майго бацькі была не настолькі разбаўлена жыдкаю, затуканаю кроўкаю бабулі, каб ён заставаўся без адпору. А ў дзіцячых войнах у Брудзянішках ёсць адзін даўно ўсім добра вядомы, ваенны спосаб: упэцкаць супраціўніку штаны, а то і кашулю, дзёгцем ці якою смалою. Калі супраціўнік за цябе чысцейшы, дык заўсёды пабяжыць... І бацька мой часта, можа нават лішне часта, гэтым спосабам пачаў у гульнях карыстацца, бо быў бруднейшы за ўсіх у мястэчку. І ворагі яго былі бяссільны перад ім, як куры перад ястрабам. Але маткі яго ворагаў не былі бяссільны перад яго маткаю. І пачалі яны прыходзіць да бабулі і казаць у страшным абурэнні:
— Гэта халера, а не хлопец! Хай бы лепей галаву прабіў, чым папэцкаў гэтак кашулю ў дзёгаць... Катаржнік! Сібірака! — калолі яны бабулю ў балючае месца. І чапіліся да бабулі, каб яна папсаваныя кашулі адкупляла. Гэта ёй было страшней за самую страшную лаянку. Аднак на ўсё ёсць спосаб. А яна ж умела хітраваць... Выбрала найгоршую сынаву кашулёнку, сама папэцкала яе троху смалою. І калі трэба, размахвала ёю перад носам у суседак з самымі жаласнымі на ваччу слязьмі і горка-горка, у роспачы лямантавала:
— А гэта што? А гэта што? А хто мне адкупіць?..
- * *
Тым часам пачала яна ўсё болей думаць, што ёй з сынам рабіць. І вось спаткалася аднаго разу на вуліцы, па-суседску, з Зэлікам, Добкіным мужам, вядомым брудзяніскім баравішнікам. Яна была дробненькая, прыціснутая да зямлі. А ён быў — ростам высокі, целам здаровы, з вялікаю прыемнаю барадою на ўсе грудзі. А галоўнае — быў ён з разумнаю галавою пад беднаю ярмолкаю і з добрым сэрцам над надраным і зашмальцованым лапсардаком. І сказаў ён бабулі вясёла:
— Уй, Агата, Агата! І што ты бядуеш? Гэта расце тваё шчасце! Гэта расце тваё багацце! Чаму не аддасі яго ў якую навуку?
— Мой ты Зэлічак! Можа яно і так, — згаджалася бабуля.— Але што я параю сваёю дурною бабскаю галавою? Парай ты мне сваёю мужчынскаю...
— Пхэ! — скромна, але здаволена пасмяяўся Зэлік.— І што тут думаць? Ёсць тут аб чым думаць! Блізкім часам еду я ў Свянцяны: давай мне твайго Міхалачку на воз з баравікамі.
Насушыла яна сыну ў дарогу торбачку сухароў, усе лахманы яго залапіла, пачысціла, перамыла, рубля грошай у ражок хустачкі завязала і ў запазуху яму паклала...
Прывяла, на воз з баравікамі пасадзіла, паплакала — і з вясёлым Зэлікам, чалавекам таксама лёгкай рукі, як і яго жонка Добка, у свет, ці тое ў горад Свянцяны, выправіла...
Так, прыгожым цёплым днём увосень, паехала яшчэ адна вясковая бедната ў гарадскія пралетарыі.
VI. «ГОГЕЛІ-МОГЕЛІ»
[правіць]- Редкая птица долетит до середины Днепра...
- М. В. Гогаль
Дабрачынны Зэлік адразу прыстроіў яго ў шавецкай майстэрні халупніка пана Халяўскага на Чабатарскай вуліцы. Шчасцю майго бацькі не было тады ні краю, ні меры — ад адной толькі думкі, што гэта ж ён у людзі выходзіць, шаўцом будзе, боты будзе шыць, грошы вялікія зарабляць... І толькі дзеля свайго малалецтва — часам плакаў ён спершапачатку, забіўшыся дзе-небудзь у цёмны куточак і ўспамінаючы маці і ўсе так мілыя цяпер яму Брудзянішкі. Але ўсё і на новым месцы яму вельмі падабалася. Найперш спадабаўся бацьку і сам пан Халяўскі — кароценькі, пузаценькі, крываногі. Шчочкі ў яго былі чырвоныя. Вочкі — мутныя, але добрыя, у жырку.
Ніколі нікога ён не біў. Хіба часам смаргаў троху за вуха і, не столькі злосна, колькі жартліва, прымаўляў:
— Пане хаме, пся крэў, пся крэў!
Як быццам спадабалася спярша і гаспадыня, пані Халяўская, пані Барбара. Была яна тоўстая-тоўстая, як бочка. І нізенькая, як і пан Халяўскі. Толькі рухавейшая.
Ён быў маўклівы, а яна — крыклівая. Крычала і яна таксама — не столькі ад злосці, колькі проста сваім бабскім звычаем. Смаргала не за вуха, а за валасы. І прымаўляла:
— Каб ты апруцянеў, холера, холера!
Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Бо Сяўрук быў горкі п’яніца. А п’яніцы, калі вып’юць, нават многім падабаюцца. На іх п’яныя штукі любяць глядзець дзеці. На іх, п'яных, не брэшуць сабакі — і нават аббягаюць вакол іх, каб не зачапіцца. Праўда, майстар Сяўрук не быў вельмі пацешным п’яніцам. І выглядам сваім да сябе не асабліва вабіў. Быў ён худы, жоўты, з выбітымі спераду зубамі. І заўсёды казаў ён бацьку адно і тое самае, слова у слова:
— Эй, лапэтнік! Ці даўно лапці за рагаткаю пакінуў?— і злёгку, нечакана, біў яго далоняю пад санкі. Калі яму ўдавалася, што ў хлопчыка паказвалася з языка кроў, ён расплываўся троху злою, але ад шчэрбы даволі дабрадушнаю ўсмешкаю. І ўжо нібы звычайным жартам дадаваў, каб хлопец абадрыўся:
— Ну, салапяка! Соплі падбяры...
Аднак жа быў тут і абаронца: малады майстар Васілеўскі, родам з Вільні. Ён у такіх выпадках асаджваў Сеўрука :
— У гэтага лапэтніка хоць капота вейска, а ў цябе і капоты нема, голым целам свеціш. І ты б, лепей, сабе язык падсек...
Падабаліся бацьку і вучні-чаляднікі. Было іх тут чалавек 15—20. Усе яны былі такія ж хлапчукі, з вёсак ці з мястэчак, як і ён, толькі ўжо большыя і смелыя. Вядома, большыя тукалі на меншых. Часам і білі. Асабліва біўся Сеўрукоў сын. Але былі тут усе роўныя, ніхто нікога не ўпікаў за свінапаства ў вёсцы. І што найболей падабалася яму ў пана Халяўскага — гэта яда: кожны дзень на абед боршч і каша, з салам ці з алеем, а на вячэру — гарохавая зупа, а часам і кулеш са скваркамі.
Кухарка, цётка Анэля, глуханямая ад прыроды, варыла дужа смачна. І нічога з парцыёну ўкрасці не магла, бо пані Халяўская сама за ўсім зорка і пільна даглядала. Праўда, потым яда троху прыелася, што ўсё адно і адно з дня ў дзень. І часам было яе малавата, асабліва калі большыя чаляднікі налягуць і бачок да сябе блізка падсунуць. Аднак жа ўсё гэта было шчасцем, шчасцем, шчасцем... Бо разумеў ён, што вось — выбіваецца-ткі на дарогу. А малыя шмат што разумеюць не горш за дарослых.
Цётка Анэля, добрая жанчына, яго жалела, ласкава мычэла на яго, а то і давала скарыначку ад свае порцыі.
- * *
Працавалі ў майстэрні пана Халяўскага толькі чатыры дні на тыдзень, ад серады да нядзелі. Ну, затое ж і працавалі! Сядзелі ў суткі гадзін па васемнаццаць... Некаторыя далікатнейшыя засыналі за работаю і валіліся з-за столікаў сонныя на падлогу, на смех усім. На іх лілі вадою.
У нядзелю панХаляўскі ці пані Барбара, з кім-небудзь з чаляднікаў сабе ў дапамогу, вазілі зроблены заказ у Вільню і шукалі там новых заказаў.
Пакуль яны там шукалі, дык у панядзелак і ў аўторак амаль што не было работы. Ці была якая-небудзь невялічкая, выпадковая работа.
І вось, тры дні, пачынаючы з нядзелі, у чаляднікаў было шмат вольнага часу. Не ведалі, куды дзецца, чым заняцца. Хто большы — ішоў выпіваць.
А хто меншы — гуляў, як трапіцца. Найбольш гулялі ў карты на нарах. Адкрыта гулялі — на шчаўкі, а схаваўшыся ад пані Барбары — на грошы.
І мой бацька наўчыўся гуляць у карты, але каму які інтэрас быў з ім гуляць, калі ў яго не было грошай ні капейкі. А даваць яму адны пстрычкі па носе ці шчаўкі ў лоб — кожнаму абрыдла.
Тады малады майстар Васілеўскі наўчыў яго чытаць па-польску. І прывозіў яму з Вільні, калі ездзіў да брата ў госці, кніжкі ў польскай мове.
Бацька мой, патроху, вельмі ў чытанне ўеўся. Ужо і кніжак яму не хапала, — вязі і вязі. І па-руску наўчыўся чытаць лепей. Рускія кніжачкі Васілеўскі купляў яму па капейцы, па дзве, па тры.
На жаль, пані Барбара чытання вельмі не любіла...
— Што ты: пісарам хочаш быць ці ксяндзом? — крычала яна часта на бацьку.
А ў злосці — вырывала ў яго кніжку з рук, швіргала на падлогу і прымаўляла:
— Каб ты апруцянеў, холера, холера!
- * *
Аднойчы даў Васілеўскі бацьку рускую кніжачку і сказаў: «На, чытай. Гэта — Гогаля, надта смешна напісана».
Спадабаўся бацьку Гогаль незвычайна. Чытаў — не мог адарвацца. А па другі дзень вярнулася пані Барбара з Вільні — а злая, як ведзьма. Упусціла нейкі добры заказ.
Убачыла, што ён чытае, падышла, выхапіла, паглядзела: руская кніжка.
— Ты што чытаеш? — грозна спыталася яна.
— Гогаля... надта смешна напісана,— вінавата паўтарыў бацька словы Васілеўскага.
— Гогеляў-могеляў у маёй майстэрні чытаць! Смехі цябе надта разбіраюць! — раптам зараўла яна, як свіння, калі яе кепска рэжуць. Схапіла яго за валасы, прыгнула і пачала люта калашмаціць...
Нават самы добры кот, калі хто нечакана смаргане яго за хвост, — агрызнецца. І самы ласкавы сабака, калі хто раптам наступіць яму на лапу, аскаліць зубы.
У бацькі ж майго, апрача таго, было шмат розных прадпасылак у мінулым, каб пры раптоўнасці нападу не ўтрымацца. І ён, паддаўшыся інстынкту, джыгануў пані Барбару зубамі за лытку з усяе сілы...
Заверашчэла яна каротка, але такім высокім і тоненькім-тоненькім, не сваім голасам, што нават пан Халяўскі выскачыў з свайго пакоя — незвычайна спалоханы, хоць зазвычай ніколі не звяртаў увагі на яе крыкі...
Тую ноч бацька начаваў на кватэры ў Васілеўскага. Васілеўскі і яго жонка спакавалі ўжо ўсе рэчы — ехаць у Вільню. Спазніся бацька на адну ноч — паехалі б без яго.
Васілеўскі жыў у Свянцянах толькі часова, дзеля жонкі. Цешча хварэла па нейкую незлячоную хваробу, гады два чакала смерці, і Васілеўская жыла пры ёй. А за жонкаю — і Васілеўскі.
Цяпер цешча, якраз дарэчы, праставілася, Васілеўскі з радасцю кінуў Халяўскага і Свянцяны. І вось узяў з сабою і майго бацьку ў Вільню.
VII. «СТОЙ, ФАЛЬЦАР! НЕ ВАЛІСЬ!»
[правіць]- Ах, як стрэлка марудна ідзе.
- Цішка Гартны
Вільня, як вядома, — самы прыгожы горад у свеце.
У самым цэнтры горада, там, дзе бурлівая Вілейка ўліваецца ў шырока-плаўную Віллю, стаіць высачэзная, круглая Замковая гара — як вялізарная зялёная капа сена.
На гары — старынная вежа, а пры вежы за рускімі стаяла гармата, і кожны дзень, роўна а 12-й гадзіне, яна грукала на ўвесь горад, аж прыезджы чалавек, як мой бацька, ад страху здрыгаўся і прысядаў на кукарэчкі.
Кожны князь, ці княгіня, ці хоць гетман, каб праславіцца, абавязкова будавалі ў Вільні прыгожую старынную царкву ці касцёл, пра які цяпер пішуць усе энцыклапедыі ва ўсім свеце.
Напрыклад, другая жонка Вітаўта, Ганна Святаславаўна, князёўна Смаленская, збудавала касцёл святой Ганны — у чыстым гатыцкім стылі, чырвоны, цагляны.
Усё вострае імкнецца ў ім угару, да неба. І здаецца ён лёгкім, невялікім, як цацка. Здаецца, узяў бы яго на далоньку і панёс.
Кажуць, што нават Напалеон разявіў рот на гэтае дзіва архітэктурнага мастацтва, калі ішоў ваяваць Маскву быў у Вільні і ў выхадныя дні цягаўся па горадзе.
Ён так залюбаваўся, што нібыта сказаў: «Каб мая сіла, узяў бы яго на далоньку і перанёс бы яго ў Парыж». Энцыклапедыі пра гэта нічога не пішуць, а ў Вільні гэта вядома кожнаму хлапчуку.
Кароль Ягела збудаваў у Вільні катэдру-касцёл святога Станіслава, што стаіць у самым цэнтры горада, пад Замковаю гарою.
Уся катэдра абстаўлена статуямі святых. І нават на даху, над франтонам, стаяць тры статуі — анёлаў, што распусцілі крылле і вось-вось сарвуцца і палятуць.
А на віленскім прадмесці Антокалі, якое цягнецца ўздоўж прыгожага берага Віллі ажно на шэсць кіламетраў, ёсць вялікі белы касцёл святых апосталаў Пётры — Паўлы.
Збудаваў яго вядомы вілянчук, пан гетман Пац, у італьянскім стылі, на ўзор сабора Пятра ў Рыме. Дык у гэтым касцёле — ажно дзве тысячы статуй і нават з гакам.
- * *
Бацька мой, прыехаўшы ў Вільню, трапіў — як у лес. Такі горад ашаламіў яго. Вялікія камяніцы, брукаваныя вуліцы, багатыя магазіны, людзей на вуліцах — як на кірмашы...
Ідзеш-ідзеш і канца не ўбачыш: горад дужа вялікі. Бацька мой пачуў сябе такім маленькім і нікчэмным, што аж голас у яго засіп. Так яго прыгняло, што нават страх было яму падумаць: як яму тут жыць?
Здаўся на волю лёсу. Але не лёс, а Васілеўскі зараз упхнуў яго на гарбарню немца Гальдштэйна на Паплавах. І сам туды паступіў, бо шаўцом яму даўно не падабалася.
Гарбарня, як на той час і як для Вільні, была вялікая. Выраблялі ў тыдзень канін семсот. Спачатку рабілі толькі гамбургскі тавар, а потым перайшлі і на падэшву.
Гальдштэйн быў немец, і культурны немец, і ўсе майстры ў яго былі з Нямеччыны. Але ж быў ён не князь, не гетман, а звычайны капіталіст-прадпрыемец.
І яго гарбарня, як і ўсе гарбарні ў Вільні, хараством не вызначалася. Было ў ёй цесна, брудна, непрыгожа... Пад нагамі — аж цвікчыць ад кіслае шэрсці. Скуру расцягвалі рукамі. Узімку — сцюжа, дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць.
Плаціў рабочым і ён таксама вельмі мала. Працавалі і ў яго — па дванаццаць гадзін у дзень. І спаміж яго рабочых, як і ўсюды ў Вільні на гарбарнях, п’янства, хуліганства было звычайнай з’яваю.
Але бацька мой казаў, што не так ужо страшна ўсё гэта было. Да ўсяго можна прызвычаіцца. І яму Гальдштэйнава гарбарня зрабілася з часам і блізкаю і мілаю, як родная хата.
Спачатку быў ён там — як бы хлапцом на пасылках: што-небудзь падаць, прынесці, прыбраць, збегаць куды гэта былі яго абавязкі. Потым пачаў патроху прывучацца да гарбарскае работы. І ўжо плацілі яму ў тыдзень сорак пяць капеек, з гаспадарскімі харчамі і кватэраю. Толькі вопратку трэба было мець сваю.
А гады праз два быў ён ужо падмайстрам і зарабляў у тыдзень цэлы рубель. Не піў, не курыў і зрэдку мог паслаць маці колькі рублёў.
Быў ён наогул вельмі ашчадны і з гэтай прычыны перайшоў ад немца Гальдштэйна з Паплаваў да яўрэя Грыліхэса, на Магаметанскі завулак. Бо гальдштэйнаўскія майстры-немцы любілі, каб вучні і падмайстры паілі іх півам. А дзе іх напоіш, калі яны пілі піва, як коні ваду, цэлымі вёдрамі, кожны дзень.
У Грыліхэса, ціха і спакойна, і закончыў бацька сваю гарбарскую адукацыю.
- * *
Але ў той час кожны малады віленскі гарбар рабіў яшчэ свой «фрэндар», або вандроўку з горада ў горад, з гарбарні на гарбарню, для падвышэння кваліфікацыі.
«Фрэндар» з давён-даўна звычайна рабілі пехатою, каб больш свету пабачыць. Пусціўся і ён пешкі, удваіх з другім маладым рабочым, на прозвішча Павэлак.
Павэлка ён не дужа любіў — за тое, што быў Павэлак п’яніца і хуліган.
П’янства ў Павэлка пераходзіла ў геройства. Кожны герой без славы, як вядома, жыць не можа. І Павэлак лепш, бывала, голадам пасядзіць, а нап’ецца. Нап’ецца так, каб як можна больш разоў пачуць па свайму адрасу звычайнае тады гарбарскае прыслоўе:
— Стой, фальцар! Не валісь!..
Значыцца: стой, п’яны фальцар, на нагах, не валіся, хоць мы ўсе бачым, што ты выпіў па-геройску. А Павэлку такія воклічы — маслам па сэрцы. П’яны, ён хуліганіў таксама больш для славы, каб пра яго казалі: «Ого, наш Павэлак! Удалы хлопец! Чаго не зробіць?»
Такіх малойчыкаў, як ён, было на гарбарні некалькі. Яны любілі, падвыпіўшы, цягацца па рынку і красці там у перакупак і ў мужыкоў усё, што трапіцца пад руку. Ялы любілі, падвыпіўшы, каго-небудзь на вуліцы аблаяць, зачапіць жанчыну, абазваць яе нехарошымі словамі ці злаяцца пры ёй па-руску.
А бывалі выпадкі, што, прапіўшыся — яны і раздзявалі каго-небудзь уночы на цёмных віленскіх завулках.
Учапіўся Павэлак ісці з маім бацькам таму, што бацька быў ашчадны і заўсёды меў пры сабе хоць малыя грошы, дык і Павэлка, калі той прапіваўся, падкармліваў.
- * *
Ад Вільні да Шаўляў дайшлі яны амаль што без прыгоды. Толькі ў адным мястэчку, каля касцёла, загрэў нейкі шляхціц Павэлку аплявуху за тое, што Павэлак падміргнуў яго дачушцы.
У Шаўлях папрацавалі месяцы тры. З Шаўляў да Пскова ішлі вясною, снег раставаў, рэкі раскрываліся, і на адной пераправе п’яны Павэлак ледзь-ледзь не ўтапіўся. І бацька мой, ратуючы яго, акунуўся ў ваду з галавою.
Да Пскова насілу дацягнуліся. Але работу, і добрую, знайшлі там адразу, у Саф’яншчыкава, пскоўскага мільянера. Быў там бацька — ужо майстрам, зарабляў у тыдзень рублёў дзесяць. Прабылі і ў Пскове месяцы тры-чатыры.
З Пскова ў Пецярбург хацеў бацька ісці адзін, а Павэлак ізноў учапіўся. Адышлі яны ад Пскова кіламетраў з трыццаць і ў сяле Іванаўскім абначавалі. Тут Павэлак гусіну і ўкраў.
Уночы, у хлеве, старую шэрую гусіну абмацаў, горла ёй, каб не загагакала, здушыў, галаву ёй адвярнуў... І схаваў гусіну ў сваю торбу, нічога бацьку не сказаўшы.
Пайшлі яны, а іх у дарозе нагналі, ператрэслі, няшчасную гусіну з Павэлкавае торбы вытраслі — і надавалі каршнёў абодвум, колькі ўлезе.
І як тут бараніцца? Нагналі на конях, вярхамі, мужчын чалавек дзесяць, усе здаровыя, рыжабародыя, і ўсе з здаравеннымі друкамі.
Пагналі яны бацьку і Павэлка назад, завялі да станавога прыстава. Павэлак спалохаўся, кажа: «Мы абодва кралі, згаварыліся...» Але бацька спаў дзесьці асобна, гаспадар так заявіў, а Павэлак кажа, што разам, — пачаў збівацца.
Яго засадзілі, а бацьку пусцілі. Бацька — скарэй на чыгунку, білет узяў і ў Пецярбург цягніком паехаў. Працаваў там месяцаў шэсць. Л потым вярнуўся назад у Вільню, ізноў да таго самага Грыліхэса, на Магаметанскі завулак, і застаўся ў яго па сталай гарбарскай рабоце.
- * *
Хадзіў да Васілеўскага і пазнаёміўся ў яго з дачкою аднаго мінскага шаўца, сіратою, Анэтаю Плахінскаю, што працавала ў Вільні на цукернай фабрыцы разам з сястрою Васілеўскіх.
Троху за ёю пахадзіў, скора і пажаніліся. І гэта была мая маці.
Я быў у іх першым і апошнім дзіцянём.
Радзіўся я на маслянку. Пілі многа піва, і елі сыр з маслам, і жадалі мне, каб качаўся я ў жыцці, як сыр у масле.
Што і спраўдзілася ў значнай меры...
VIII. ЗГУБЛЕНАЕ ВОКА
[правіць]Фабрычна-заводскіх рабочых у Вільні было тады тысяч пяць.
Найбольш было гарбароў — да тысячы чалавек. Потым па лічэбнасці ішлі рабочыя па цукернай фабрыцы, на броварах, гарэлачных і піўных, на лесапільнях, млынах, цагельнях.
Рамеснікаў у Вільні было значна болей — да тысяч пятнаццаці чалавек.
Спаміж іх было найболей шаўцоў ды краўцоў. Шмат было сталяроў. Потым ішлі панчошнікі, цукернікі, пекары, тытуньшчыкі, гільзоўшчыкі, канвертшчыкі, алоўшчыкі, кветачнікі, шчотачнікі, гузікары, бляхары, катляры...
Панчошніца ў той час у Вільні зарабляла ў дзень капеек 16, і гэта ўжо лічылася добра. А калі капялюшніца выганяла капеек 20—25 у дзень, дык яна ўжо лічылася арыстакраткаю.
Нягледзячы на рамесніцкі характар большасці віленскіх прадпрыемстваў, тут ужо ў канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя пачалі з’яўляцца рэвалюцыйныя рабочыя гурткі.
У іх працавалі Іогіхэс-Тышка, Рапапорт, потым будучы знамяніты на ўвесь свет чакіст Фелікс Дзяржынскі і іншыя вядомыя кіраўнікі віленскага рабочага руху.
Удзельнікам аднаго з такіх гурткоў, у канцы 90-х гадоў, стаў і мой бацька. Падарожжа па розных гарадах, знаёмства з рознымі людзьмі адчыніла яму вочы на жыццё.
Першая рэвалюцыйная пракламацыя трапіла яму ў рукі, калі быў ён у Пецярбургу — ад каго і як, ён ужо потым і сам не памятаў.
Але, спачуваючы рэвалюцыйнаму руху, ён доўгі час не ведаў, дзе ж яны, гэтыя рэвалюцыянеры, як іх знайсці, каб далучыцца.
І вось, аднойчы, у нядзелю, заходзіць Васілеўскі. Пасядзеў, пагаманіў. Успомніў бацьку пра дзядулю, што вось пакутуе дзесьці ў Сібіры... Успомніў пра Халяўскага і яшчэ раз пасмяяўся — з таго, як укусіў бацька пані Барбару... А потым і кажа:
— Пойдзем сёння да майго брата ў госці...
— Чаму ж, пойдзем.
Брат яго, Ладыслаў Васілеўскі, быў шавец. Меў сваю шыльду на Кальварыйскай вуліцы, недалёчка за Зялёным мостам. Там і жыў.
Дарогаю Васілеўскі, жартуючы, кажа:
— Толькі нікому дужа не хваліся, што сёння быў у майго брата. І жонцы нічога не кажы...
Бацька думаў, што будзе выпіўка, і, таксама жартам, яму адказвае:
— Ну, спярша пабачым, які будзе пачастунак.
— Піва будзе новае, — загадкаю заўважыў Васілеўскі. Загаманіў пра надвор’е...
Калі яны прыйшлі, там ужо сядзела чалавек колькі — усе бацьку незнаёмыя: як быццам гарбары, а можа і шаўцы.
А на стале была толькі гарбата з танным сальцісончыкам і з чорным хлебам. «Вось дык пачастунак!» — смеючыся, падумаў бацька. Але скупасці гаспадаровай не падзівіў: дзе ж на такую кампанію многа чаго набярэшся?
Пасля ўсіх прыйшоў, нарэшце, і самы знатны, доўгачаканы госць: маладзенькі доктар Дамашэвіч. Ён яшчэ зусім нядаўна здаў экзамен на доктара і яшчэ даношваў сваю студэнцкую куртатую куртачку з гузікамі ў царскіх арлах.
І выпіўшы ўсяго толькі адну шклянку гарбаты, праўда што — вельмі моцнай, і не ўпрыкуску, як усе, а ўнакладку, і нават не дакрануўшыся ні да хлеба, ні да сальцісону, закурыў пан доктар папяроску, адкінуўся на спінку крэсла і сказаў:
—Ну дык вось, таварышы...
«Таварышы...» У бацькі майго аж мурашкі пабеглі па спіне, сэрца замлела... Першы раз у сваім жыцці пачуў ён гэтае слова, сказанае вось так, да іх, рабочых...
А доктар і пайшоў, і пайшоў — чытаць цэлую лекцыю аб тым, што і як трэба рабіць, каб скінуць царызм, вызваліць рабочы клас з ярма капіталізму і пабудаваць сацыялізм...
І цэлую тую ноч, прыйшоўшы дамоў з гэтых «гасцей», з гэтага «новага піва», не заснуў бацька ні на хвіліну. Усё ляжаў і ўсё думаў...
Потым і яшчэ былі ў іх сходкі, але неспадзявана аказалася, і аказалася даволі скора, што нешта тут як бы не так...
Было гэта спачатку троху смешна. А потым стала прыкра.
Аказалася, што доктар Дамашэвіч — яры літовец.
І часта ўсю сваю лекцыю з палітычнай эканоміі зводзіў ён на тое, што край наш — Літва, а мы — літоўцы, толькі моцна абпалячыліся ці моцна зруселі.
І навучаў сяброў гуртка, каб лічылі сябе літоўцамі і гаварылі па-літоўску... Бацька ж мой, дый амаль што ўсе ў арганізацыі, літоўцамі сябе не адчувалі, па-літоўску гаварыць не ўмелі і вучыцца гаварыць не былі ахвотны...
І вось, на адной сходцы ў таго ж Ладыслава Васілеўскага, з’явіўся спаміж іх Станіслаў Тарусевіч. Празвалі яны яго потым «Акулярнікам» — за тое, што насіў дужа вялікія акуляры.
І хоць быў ён панскі сын, знедкуль з Мінскае губерні, але добра стаяў за рабочых і быў цвёрды «міжнароднік», ці тое інтэрнацыяналіст.
У блізкім часе ўсе члены арганізацыі, што былі з рабочых, а ў тым ліку і мой бацька, літоўца пакінулі і перайшлі да Тарусевіча.
Работа ў іх пайшла добра. Звязаліся з таварышамі ў дэпо на Віленскім вузле, працягнулі ніці ў Мінск, Гродню, Дзвінск.
- * *
То падымаўся люд скаваны...
Янка Купала
А потым, скора, выбілі майму бацьку левае вока. Ды так — што застаўся на ўсё жыццё аднавокім...
Так — у пачатку лета, у віленскім прадмесці Новы Горад, дзе жыла, дый цяпер жыве найбольш рабочая і рамесніцкая бедната, сабраўся на вуліцы вялізны натоўп.
Кіраваў натоўпам малады, энергічны і адважны хлопец-яўрэй, шавец Гірша Лекерт, баявік віленскае арганізацыі Бунда. Бацька мой быў у ліку яго блізкіх памагачых.
Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Аб гэтым першым масавым выступленні віленскіх рабочых ужо шмат пісана. Толькі нідзе не напісана, што ў часе гэтага выступлення мой даволі гарачы бацька прабіў аднаму нізенькаму гарадавіку каменем макушку, а другі гарадавік, вышэйшы ростам, размахнуўся рэвальверам і з усяе сілы ўдарыў майго бацьку па саменькім воку.
Вынеслі бацьку з поля бойкі непрытомным. Але балазе вынеслі і схавалі: арыштаваць яго паліцэйскім сабакам не ўдалося.
Дактары баяліся, што ён зусім аслепне. Але-ткі другое ўратавалі, а ўдаранае выцекла. Не за пустую справу згубіў бацька вока, а часам рабілася яму горка, што з маладых год страціў хараство. Дык пацяшаў сябе, казаў, тым, што хоць не правае выбілі. Малая пацеха! Але ж нечым цешыцца трэба...
- * *
Ляжаў ён з сваім вокам у бальніцы вельмі доўга, амаль што да восені. І не выбрала ж сабе мая брудзяніская бабуля іншага часу памерці, як у гэтае лета.
Усё чакала з Сібіры дзядулю. Ды так і не дачакалася. І не было ад яго ні слуху ні духу ўжо колькі гадоў. Думалі, што ён там спіўся і скончыў дні свае пад плотам...
А спярша пісаў бабулі, хоць разы два-тры ў год. І прасіў яе, каб прадавала хату і ехала з сынам да яго, у горад Краснаярск.
Бабуля баялася: як гэта паехаць у такі свет? Як гэта яны там пражывуць? І ніяк не магла адважыцца прадаць хату: а што, як ногды прыйдзецца вярнуцца? а дзе тады жыць?
Усё адкладала, усё чакала якой перамены. А потым і сына выправіла ў людзі. Засталася ў сваёй хаце адна. І як прыйшлося паміраць, дык і хварэла і памірала зусім адзінокая. І пахавалі суседзі.
Але за колькі месяцаў да яе смерці, і яшчэ перад гэтым здарэннем з бацькам, ездзіла маці ў Брудзянішкі — даведацца яе і купіць там чаго па схаднейшай цане, палатна, сала. І мяне з сабою брала.
Маці потым успамінала, што бабуля, пестуючы мяне ў сябе на каленях, усё прыглядалася да мяне і казала, што я вельмі падобны да дзядулі з твару:
— Увесь — чысценька ў дзеда Антоську! Ну, выліты дзядуська! І носічак, і вочкі...
І казала маці:
— Гэта ўсё мая паганая натура нарабіла. Бывала, ні ў чым яму не ўступлю, усё супроць яму раблю. Праз гэта ён і з людзьмі пачаў сварыцца, праз гэта і ў Сібір папаў...
Была яна тады, як апошні раз маці яе бачыла, зморшчаная-зморшчаная, згрыбелая, сівая бабулька, сагнутая ў крук, і дробненькая, сохленькая, у чым толькі дух трымаўся.
І два дзівы было маёй маці.
Першае дзіва: як яна, такая бяссільная, магла цяжкія суды вады падняць і панесці? А другое дзіва: бабуліны вочы. Сіненькія-сіненькія, і чыстыя, ясныя, як у дзяўчыны!
- * *
Пасля яе смерці выйшаў бацька з бальніцы і паехаў у Брудзянішкі. Рэчы бабуліны — якія прадаў, з суседзямі расплаціўся, а якія ўзяў з сабою, прывёз у Вільню.
Столькі там і рэчаў тых было: скрыня, што яшчэ дзядуля ёй справіў, ступка невялікая, начовачкі, трубачка палатна, старая спаднічка... Чысцейшае, што сама загадзя нарыхтавала, суседзі ёй, як прасіла, «на той свет» надзелі.
А ў хату бацька пусціў Зэлікавага сына Абрама, каваля, за тры рублі ў год.
ІХ. ПЕРШАЕ МАЯ
[правіць]Вярнуўшыся з Брудзянішак, ізноў пайшоў бацька на працу да Грыліхэса. Грыліхэс прыняў яго. Ён не ведаў, дзе выбілі бацьку вока. Бацька сказаў яму, што выбілі хуліганы ўночы на цёмнай вуліцы...
Грыліхэс паверыў, паспачуваў, павойкаў і прыняў бацьку на работу аднавокага, бо бацька мой быў вельмі добры майстар.
А пасля таго нападу рабочых на паліцэйскі ўчастак у Вільні была ўведзена «усиленная охрана». А генерал-губернатарам у Вільню царскі ўрад паслаў свайго выдатнага сатрапа — барона фон Валя.
Усё гэта справы даўно ўсім вядомыя, я толькі хачу адзначыць, што бацька мой падляцеў і пад фон-валеўскія бізуны, хоць і быў ужо аднавокі. Гэта — за святкаванне Першага мая 1902 года.
Адбылася вядомая ўсеагульная стачка віленскіх гарбароў. А Першага мая 1902 года віленскія рабочыя зрабілі ў горадзе вялікую дэманстрацыю. Тады фон Валь прыдумаў наўмысны цынічны здзек з рабочых. Па яго загаду яго паліцэйскія дзяржыморды абсеклі ва ўчастку розгамі трыццаць найбольш актыўных дэманстрантаў, у тым ліку і майго бацьку.
Абсеклі іх і выпусцілі. Праўда, секлі — акуратна. У майго бацькі засталіся знакі назаўсёды: рубцы, дзе была рассечана скура.
Шмат год пасля, калі я вырас, а бацька вярнуўся са ссылкі з Сібіры, і мы хадзілі разам у лазню, спіна яго была для мяне жывым, хадзячым экспанатам з музея рэвалюцыі...
Фон-баронаўскую ўстаноўку сарваў той жа мужны і гарачы юнак-шавец Гірша Лекерт. Праўда, яму не ўдалося забіць гада, але мэта яго стрэлу ў фон Валя была дасягнута: нельга сячы рабочых бескаранна.
Самаахвярнага памшчальніка за рабочы і чалавечы гонар таварышаў, як вядома, арыштавалі, засудзілі на павешанне, і — «прыгавор быў прыведзены ў выкананне»...
Не стала Гіршы Лекерта, не стала ў самым росквіце яго маладосці, і ўся рабочая Вільня, незалежна ад партыйных поглядаў па індывідуальны тэрор, горка яго аплаквала.
Усе яго любілі, усе ім ганарыліся, і пагінуў ён так трагічна. Маці ўспамінала, што бацька мой цэлую ноч праплакаў па ім, як дзіця, рукі ламаў, ледзь галавою аб сценку не біўся...
- * *
Затое скора дачакаліся рэвалюцыі 1905 года. Я быў тады яшчэ малы, толькі пачынаў вучыцца ў народнай школе па Антокалі, але ўжо памятаю з тых часоў тое-сёе сам.
Хоць быў я яшчэ малы, але спачуваў рэвалюцыйным выступленням ад усяго сэрца. Каб мне тады далі бомбу ў рукі і сказалі ісці і кінуць яе ў губернатара, я з радасцю пайшоў бы і кінуў.
І калі ўвосень на вуліцах была страляніна і кулі ляцелі міма нашых варот і міма акон нашае кватэры ў падвале, я ніяк не мог уседзець каля печкі... Усё кідаўся выбегчы і паглядзець або прыліпаў да акна. І дужа-дужа мне хацелася, каб рабочыя казакоў пабілі, з коней паскідалі і забралі ў палон...
На жаль, я нічога больш з свайго акна не мог убачыць, як толькі ногі казацкіх коней, што вельмі часценька і гусценька і вельмі смешна пераступалі па каменні, робячы густое цоканне.
А маці баялася, што кулі могуць заляцець да нас у сутарэнне, з крыкам і з плачам усё гнала мяне за печку. Школа наша была зачынена. Бацька таксама баставаў, але з дому ўсё некуды выходзіў надоўга.
- * *
Першага мая 1905 ці 1906 года да нас на кватэру зайшлі браты Васілеўскія, вясёлы дзядзька Мацяйковіч (сябар майго бацькі, таксама гарбар з гарбарні Грыліхэса), потым — дзядзька Карбоўскі і яшчэ чалавекі два, што вадзілі з бацькам знаёмства.
Усе былі ў чыстых святочных касцюмах, пры манішках, і ўсе былі вельмі радасна пастроены. Пасядзелі ў нас, выпілі гарбаты з цукрам унакладку і з сітным хлебам і кракаўскаю кілбасою, — як на сапраўднае свята!
І спелі рэвалюцыйную песню. Слоў песні я не памятаю, была яна на польскай мове, а я тады па-польску яшчэ не вельмі добра ўмеў, гаварыў дома з бацькамі па-беларуску. А прыпеў у ёй быў: гоп-гоп-гоп!
Прыпеў мне надта спадабаўся, і я старанна і радасна падцягваў, хоць і саромеўся чагосьці і азіраўся на маці.
Аж і яна — таксама падцягвала тоненькім галасочкам. Расчырванелася. Была ў мяне маці прыгожанькая.
Потым усе накіраваліся за горад, і бацька павёў з сабою маці і мяне. Пайшлі ў Закрэт, на высокі бераг Віллі, у сасновы бор. Мясцовасць там была тады надзвычай харошая.
Вакол былі расстаўлены рабочыя пікеты. Яны нас прапусцілі, і тыя, хто там стаяў, былі пам рады, смяяліся з намі, жартавалі. Адзін нейкі дзядзька дастаў з кішэні і даў мне вялікую цукерку.
Калі мы прыйшлі, на палянцы было ўжо чалавек пяцьдзесят ці болей. У зямлю быў уваткнут высокі шост, а па ім вісеў вялікі чырвоны сцяг. Вакол сядзелі, ляжалі, размаўлялі, усе прыбраныя.
- * *
Адчынілі мітынг. Казалі прамовы. І пяялі рэвалюцыйныя песні, дэкламавалі рэвалюцыйныя вершы, плёскалі і крычалі «брава!».
Гаварылі па-руску. Былі тут яўрэі і палякі. Найбольш рабочыя.
Але быў там тады прыезджы з Варшавы польскі рэвалюцыянер Будзіловіч, брат таго віленскага пана Будзіловіча, інжынера, у якога пасля служыла мая маці. Бледны, з чорнаю бародкаю, у саламяным капелюшы.
Ён выступаў з прамоваю на польскай мове, гаварыў доўга, то ціха, спакойна, то вельмі горача, са слязьмі і трасучы кулакамі. Яму доўга плёскалі, моўчкі, ніхто нічога не крыкнуў.
І з ім была дзяўчынка маіх гадоў, звалі яе — Адэлька. Калі ўсе патроху пасля яго прамовы супакоіліся, яна прадэкламавала кароценькі рэвалюцыйны вершык, таксама на польскай мове.
І ёй усе дужа многа плёскалі, шумней чым бацьку (я тады думаў, што гэта яе бацька, а ён даводзіўся ёй войчымам).
Была яна ў харошай белай сукеначцы. А ў кудзерках у яе, беленькіх, папялястых, быў прыколаты чырвоны банцік.
Такая слаўная была дзяўчына! Спадабалася мне незвычайна. Я потым доўга быў у ёй закаханы, усё пра яе думаў і ўспамінаў. І гэта, можна сказаць, было маё першае каханне.
Пасля мітынгу ўсе селі, развязалі пакуначкі, выпілі, закусілі. І спакойна разышліся.
Х. ПРАВАКАТАРЫ
[правіць]У самым лепшым лесе будзе крывое дрэва... У рэвалюцыйнай арганізацыі, якою кіраваў Тарусевіч і ў якой браў удзел мой бацька, завяліся правакатары. Яны яе і засыпалі.
Адзін быў — Пётра Гурскі, гарбар з мястэчка Смаргоні. Я яго не ведаў і чуў пра яго мала. А ён-то найбольш і нашкодзіў. А другі, драбнейшы паскуднік, — добра вядомы мне Павэлак.
За тую гусіну, што ўкраў у сяле Іванаўскім, за Псковам, у часе свайго «фрэндару», сядзеў ён у турме. Вярнуўшыся ў Вільню, паступіў на гарбарню да Гальдштэйна, на Паплавах.
Піць не кінуў, часам і хуліганіў па-даўнейшаму, але моду змяніў, і рабіў цяпер з гэтага не простае геройства, а геройства рэвалюцыйнае.
Удзелу ў рэвалюцыі 1905 года ён, праўда, ніякага не прымаў, але калі яна пайшла на спад — піў «з гора», як і многія тады, каму тошна было адчуваць наступ рэакцыі...
Напіўшыся, абліваўся п’янымі слязьмі, біў сябе брудным кулаком у голыя чорныя валасатыя грудзі і дзе крычаў, дзе ціханька казаў:
— Не магу не піць!.. Гарыць ува мне рабочая душа!.. За што змагггаліся?.. Змаггга-ліся... змагггалі-ся...
Але быў даволі хітранькі і слізкі. І вось гэткі-то п’яніца і злодзей, чорт яго ведае якім чынам, завязаў блізкія адносіны з некаторымі членамі арганізацыі.
Ён лез у арганізацыю — таму, што спадзяваўся часцей выпіць. Але ўлезшы і праканаўшыся, што на выпіўку там грошай не даюць, ён вельмі скора зрабіўся платным агентам паліцыі.
Бацька мой засцерагаў таварышаў, што Павэлак — чалавечак хліпкі, ненадзейны, што лепш яго адсунуць ад сябе — пакуль не позна.
Але бацьку не паслухалі, ведаючы, што калісьці яны разам кралі гусіну і што з тых час у іх асабістая непрыязнь...
Бацька мой гусіны не краў. Але ў такіх выпадках яшчэ і цяпер многія рабочыя ахвотна вераць таму, хто кажа: краў, і не хочуць верыць таму, хто адмаўляецца.
Гэта — спадчына буржуазных поглядаў. Не дзіва.
Раскрыў Павэлка нехта з таварышаў, выпушчаных з турмы, а забілі яго гальдштэйнаўскія гарбары, там жа на Паплавах, каля гарбарні.
Цэлую ноч з ім гулялі, пілі... А раніцою, на вуліцы, усадзілі яму кінжал. Ён яшчэ прабег крокаў сто і тады ўпаў, — каб болей пе падняцца і ўжо нідзе і ніколі не займацца правакацыяй.
- * *
Пасля правалу арганізацыі бацьку майму прыйшлося доўга хавацца. Работу на гарбарні Грыліхэса ён мусіў кінуць. У другіх месцах на работу яго не прымалі.
І зрабіўся ён як бы кур’ерам у арганізацыі. Ездзіў па розных гарадах для сувязі.
Быў прымецен, як аднавокі, і тады арганізацыя купіла і ўставіла яму вельмі добрае шкляное вока, — так лоўка зробленае, што адразу і не пазнаць, што яно не жывое, а штучнае.
Арганізацыя прапанавала яму выехаць за межы, у эміграцыю. Ён адмовіўся — пад тым прадлогам, што не ведае іншакраінных моў.
А я думаю, што проста кроў бабулі пераважыла ў ім... Як некалі бабуля не магла выехаць у Сібір да дзядулі, бо ніяк не асвойвалася з думкаю, што трэба прадаць сваю хату, — так ён цяпер ніяк не мог адважыцца пакінуць маці і мяне.
Маці і я жылі ў Вільні, толькі перайшлі на другую кватэру — з Магаметанскага завулка на Антокаль. Маці ізноў працавала тады на мармеладнай фабрыцы, а мне бліжэй было хадзіць у школу.
І наогул нам зручней было цяпер жыць у глухім закутку, як мышам у падполлі. Зрэдку бацька прыязджаў у Вільню, прыходзіў, як злодзей, прыцемкам да нас, часам нават начаваў у нас.
Прыехаў ён аднойчы і даведаўся, што гарбарня Грыліхэса пераведзена ў Дзвінск. Дык надумаўся паехаць туды і паспрабаваць паступіць на работу.
— Грыліхэс любіць мяне, — хваліўся бацька, — паеду, прыме, таму што там мяне ніхто не ведае.
— Не едзь ты, — казала маці, — а то яшчэ пападзешся.
- * *
А ён быў настойлівы, узяў і паехаў. З’яўляецца там, вясёлы, да Грыліхэса, а Грыліхэс яму і кажа:
Ведаеш, Мышка... Майстар ты добры, і ахвотна прыняў бы цябе, калі б не гэтая твая палітыка. Л так — ідзі ты скарэй адгэтуль, а то каб цябе тут не арыштавалі.
Пакрыўдзіўся на яго бацька вельмі. Сцяў зубы і пайшоў з завода. Ідзе на вакзал, аж раптам спатыкае Сеўрука. Таго самага маладога Сеўрука, што быў некалі чаляднікам у Халяўскага ў Свянцянах і часта біў бацьку, як меншага за сябе.
Зайшлі ў піўную, выпілі пару піва, пагаманілі. Сяўрук расказаў, што бацьку свайго даўно пахаваў — папаўся стары пад цягнік на чыгунцы, быўшы «пад мухаю», вечная памяць!
Памёр ужо і пан Халяўскі, ад ажырэння сэрца, — таксама пад старасць здорава пачаў быў выпіваць, вечная памяць!
Пасля яго смерці працаваў Сяўрук у пані Барбары. Але зрабілася дужа скупая і сварлівая, слова супроць шэрсці не скажы. Дык не паладзілі, кінуў... Пераехаў сюды ў Дзвінск, мае сваю шыльду, працуе, жыве тут з адною жанчынаю, — нічога, дзякуй богу, жывуць так-сяк, патрошку...
— А як жа пап Мышка?
— От, таксама ні туды ні сюды, — адказаў бацька і падумаў: «Бывала, ты біў мяне, як бяскостага, і іначай не называў, як сцерваю, а цяпер ужо і кубачак бліжэй мне падсоўваеш і панам Мышкам называеш... Як усё ў жыцці мяняецца...»
І таксама не ўцерпеў, пахваліўся і пра сваё жыццё-быццё. Але ж таго, чаго нельга, вядома — не сказаў.
— Я, — кажа Сяўрук, — троху чуў пра цябе ад віленскіх знаёмых.
— А што?., благое ці добрае? — насцярожыўся бацька.
— Усё добрае... — прымоўк Сяўрук, — казалі, ажаніўся, сына мае...
Так.... жыццё бяжыць, не стаіць на месцы, — паспакайнеў бацька. І пайшоў да яго начаваць.
Паклалі яны яго ў баковачцы, на канапцы. Палюбоўніца Сеўрукова і падушачку яму падлажыла, і коўдрачку мякенькую ватную накрыцца дала.
Лёг ён і разважае, засынаючы: «Я думаў, што Грыліхэс любіць мяне, аж ён гад. Сеўрука я не любіў за п’янства і хуліганства, аж ён прыняў мяне, як мілага друга».
- * *
А на другі дзень, яшчэ раным-рана, раптам адчыняюцца ў баковачку дзверы, і:
— Стой! Ні з месца! Рукі ўгору!
Ну, бацька мой стаяць не мог, бо яшчэ ляжаў. А рукі, лежачы, выставіў з-над ватнае коўдры, бо ў момант увалілася цэлая арава паліцэйскіх.
І ляжачаму надзелі яму жалезныя браслецікі на рукі. Папаўся — дзе не думаў, не гадаў...
Як потым бацька даведаўся, прадаў яго Сяўрук. Здагадаўся, што бацьку шукае паліцыя, і праз цёмную ночку пабег і даказаў — спадзяваўся атрымаць за гэта вялікія грошы і паехаць з сваёю палюбоўніцаю ў другі горад.
Пры арышце нічога ў бацькі не знайшлі — ні лістоў, ні адрасоў, ні літаратуры, бо адзін свой пакуначак ён пакінуў на сховы знаёмаму стрэлачніку на вакзале, а пры сабе ў Сеўрука меў кошык з сваімі звычайнымі рэчамі. Асцярожнасць ніколі не шкодзіць.
А трэслі і мацалі яго, казаў, добра.
- * *
Арыштаваўшы, пасадзілі яго бясплатна на фурмана і, як важнага пана, пад вялікаю аховаю павезлі ў паліцыю. Там ужо яго чакалі: жандарскі палкоўнік, пракурор. Зараз пачалі з ім прыемную гутарку.
Палкоўнік быў вельмі стройны, прыгожы афіцэр з чорнымі вусамі. А пракурор быў лысы, як калена, у дужа доўгім сінім мундзіры з дарагога сукна.
У такой высокай кампаніі бацька мой дагэтуль яшчэ ніколі не бываў. І нават калі яго секлі ў 1902 годзе, знаёмства яго вышэй акалодачнага не ішло.
Таму ён страшэнна баяўся, каб не сказаць гэтым панам чаго лішняга, і — сам добра не разумеў, чаму, нашто і як — пачаў ён вярзці, што ён зусім не Мышка і не Міхась і пашпарт на гэтае імя знайшоў у вагоне ў уборнай.
— А Сеўрука ты раней ведаў? — спытаўся пракурор, насмешліва скрывіўшы тонкія голеныя вусны, як старая яхідная баба.
— Не, ніколі не ведаў, — зманіў бацька з такою шчырасцю, што сам сабе паверыў. — Зайшоў да яго, — кажа, — нанач пасля выпадковае гутаркі на вуліцы, бо не меў дзе начаваць.
— Дык хто ж ты? — паважна спытаўся палкоўнік.
— Я... Іван Няпомняшчы, — сказаў бацька вінавата, не ведаючы, што сказаць.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў палкоўнік. І моцна стукнуў кулаком па стале: — Не валяй, пожалуйста, дурака!
— Да он нас считает дураками, — ізноў скрывіўся, як ад горкага яблыка, пракурор і абцёр лысіну хустачкаю. Пасля размовы з бацькам яна ў яго ўся ўсеялася потнаю расою.
— Ты ў мяне, ссу-ккін сын, загаворыш! — раптам засіпеў палкоўнік, як раздражнены гусак, і паднёс бацьку пад самы нос кулак. Чорныя вусы ў яго падняліся над белымі аскаленымі зубамі.
Тады бацька змоўк, анямеў, толькі калаціўся ад нервацыі дробненька, як у трасцы...
— Ну вот, теперь он превратился в настоящего дурака, — развёў тонкія, сухія рукі ў шырокіх рукавах, з манкетамі і залатымі шпонькамі, пракурор.
Успамінаючы свой гэты першы допыт, бацька казаў, што сам не ведае чаму, — мусіць, ад страху, ад неспадзяванкі, быў як непрытомны і напароў глупства. Успамінаць яму было дужа прыкра.
Але ўсё ж нічога ў яго не выпыталі. Пасадзілі ў дзвінскую турму і напісалі ў Вільню. З Вільні праз нейкі час прыйшла папера, каб яго пераслалі туды.
ХІ. «НУ ШТО, СЫНОК, ПАПАЎСЯ?»
[правіць]Вязлі яго два жандары — абодва тоўстыя, здаровыя, мурлатыя. І скора пачалі непакоіцца, адсадзілі яго далей ад акна і ў уборную вадзілі ўдваіх... Нарэшце, як зусім сур’ёзна казаў бацька, пачалі маліцца богу... Толькі не ўголас, бо сорамна ім, а так — ціханька шаволяць вуснамі.
Баяліся, каб бацька не ўцёк ці не зрабіў самагубства, кінуўшыся пад цягнік. Ён і хацеў кінуцца, але не ўдалося. Разоў сто прасіўся ў прыбіральню, глядзеў на акно, нерваваўся.
Нарэшце вывелі яны яго ў Вільні на перон пад ручкі, правялі да фурмана, дзе ўжо чакалі іх віленскія турэмшчыкі, здалі — і перахрысціліся... Рады былі, што пазбавіліся такой скулы, такой халеры, такога вар’ята.
У Вільні пасадзілі яго ў турму, што на Антокалі. Там бацька, чакаючы допыту, два тыдні не еў і не спаў, быў як хворы і ўсё думаў зрабіць самагубства — да таго баяўся, што на допыце прагаворыцца...
І калі прывялі яго на допыт, да жандарскага палкоўніка Дубальта, і стаяў ён перад сталом, дык ледзь не самлеў. У яго так дрыжалі ногі, што ён сеў на стульчык, каб не было палкоўніку відаць, як яны дрыжаць, — бо сорамна...
Палкоўнік Дубальт быў па выгляд звычайны, вельмі просты і ласкавы чалавек. І нават гутаркаю сваёю нагадваў ён нібы партыйнага таварыша. Частаваў бацьку папяросамі і казаў:
— І бога няма, і цара не трэба... Але нельга пароць гарачку... Трэба даходзіць да ўсяго патрошку, памаленьку...
«Э, загаворвай ты зубы старой кабыле!» — раптам павесялеў бацька і падумаў, што з гэтым дапытчыкам будзе яму не так ужо страшна, і дзівіўся, чаму гэта яго, яшчэ на волі, так засцерагалі ад Дубальта.
А Дубальт усё частаваў яго незвычайна добрымі, пахучымі папяросамі і сам браў сабе другую папяроску і кідаў недакураную...
Паглядзеў на дзверы, за якімі стаяў турэмшчык, што прывёў бацьку, прыцішыў голас і раптам перайшоў на чыстую, пекную польскую мову.
І пачаў шаптаць бацьку, што людзі, якія спачуваюць рэвалюцыі, ёсць ва ўсіх станах і класах грамадства, дык чаму ім не быць і спаміж жандарскіх палкоўнікаў...
І пасуліў бацьку вызваленне, зварот на работу, усякае падтрыманне і дапамогу, калі ён згодзіцца весці «рэвалюцыйную» работу спаміж рабочых пад яго, Дубальтавым, кіраўніцтвам...
У бацькі заныла пад грудзьмі.
— Толькі вось нядобра, што ты забіў Павэлка, — нечакана дадаў Дубальт. — Вядома, сабаку сабачая смерць, але замазаць тваю віну ў забойстве будзе мне цяжкавата...
— Я ж яго не забіваў, — ледзь павярнуў сухім языком бацька, і ўсё закруцілася ў яго перад вачмі.
— Эх ты, рэвалюцыянер! — ласкава пагладзіў Дубальт бацькаву руку сваёю мяккаю далонню. — Мусіш ведаць, што ў нас не важна, забіваў ты ці не забіваў: досыць, што на цябе пакажуць, каб цябе павесілі...
Думаў папалохаць, а ў бацькі, наадварот, ад гэтых яго слоў прасвятлела ў галаве, і ўзяла яго вялікая злосць.
І каб скарэй адчапіцца ад гада, ён з наўмыснаю грубасцю сказаў:
— Ну і сволач жа вы, пане палкоўнік! Але нічым вы мяне не запалохаеце... Вешайце!
Дубальт не загневаўся. Толькі крыва ўсміхнуўся. На гэтым ён бацьку і адпусціў, сказаўшы, каб ён да чарговага допыту добра падумаў і пастараўся супакоіцца.
Потым цягаў ён бацьку на допыты шмат разоў і ўсё прыставаў, каб бацька пайшоў да яго на работу. Але бацька сапраўды абдумаўся і супакоіўся...
Успамінаў потым, што як нікога, нават мімаволі, не выдаў, як ні ў чым не прагаварыўся, як пастанавіў спакойна чакаць суду і хоць бы і прыняць смерць, — дык зрабілася яму лёгка і добра.
Клапаціў толькі пра маці і мяне, што цяжка нам будзе жыць без яго. Вельмі хацеў нас убачыць, але доўга не дазвалялі. Ведаў ён цяпер пра нас толькі са слоў Дубальта.
Дубальт сказаў яму, хоць бацька і не пытаўся, што вось як добра: жонку на мармеладнай фабрыцы разлічылі, у другім месцы на работу не прымаюць, і гаспадар выселіў з кватэры...
Так яно сапраўды і было. Мы вымушаны былі пераехаць у Брудзянішкі. Абрам, Зэлікаў сын, якраз пад той час збудаваў сабе сваю хату, з нашае хаты выйшаў, і мы ўсяліліся ў яе.
Сталі жыць. Маці шыла местачковым паненкам модныя блузкі і сукенкі, а я ганяў сабак па мястэчку, балазе лета, цёпла, добра.
- * *
І ў гэты час, зусім нечакана, як з неба спаў — прыкаціў, нарэшце, дзядуля з Сібіры... Як ён там, у Краснаярску, жыў, дзе ён там што рабіў, чаму нічога пра сябе не пісаў, засталося для мяне назаўсёды загадкаю.
Быў ён дробненькі, сівы, друзлы і вельмі нервовы дзядок. Валасы свае на галаве не зачэсваў ні ўгару, ні набок, яны адрасталі белымі канцамі ўніз і тырчалі яксьці недарэчна, быццам на галаве ў яго надзет парык. Барада і вусы былі рэдзенькія, неўраджайныя, з сівых валасінак, і кожная валасінка круцілася, куды ёй уздумаецца. Толькі бровы раслі гушчэразпыя, калматыя, і былі бурыя, а не белыя. Невялічкія вочкі сядзелі пад імі глыбока, быццам дзве мышкі хаваліся пад дзве капы бурага сена. І ніяк мне не ўдавалася разгледзець, якія ж у дзеда вочы. Быў ён заўсёды панураны, маўклівы. А калі што казаў, дык ці дужа дражліва, ці з якойсьці зласліваю высмешкаю.
Маці апавядала яму пра бабулю, што ведала. Ён безуважна маўчаў. Тады маці, бачачы, што сам ён не збіраецца схадзіць на магілку і нават не цікавіцца, дзе пахавалі бабулю, падказала яму схадзіць паглядзець. Ён безуважна згадзіўся.
Вадзіў яго паказваць месца я.
Бабуля была пахавана на новым могільніку, што па Віленскім тракце. Вакол там было пустынна, непрыгожа, толькі брадзілі галодныя местачковыя козы.
І калі мы прыйшлі і дзядуля прылёг на траву каля магілы, адна маладзенькая жартаўлівая каза ўзышла на бабулін магільны курганок і стала... Глядзіць на майго дзеда, патрахваючы сваёю казячаю бародкаю.
Ён махнуў на яе рукою, а яна матнула галоўкаю, прыгнулася і бадзіль! яго рожкамі ў плячо. Дзядуля неяк дзіўна засмяяўся... І гэта быў, здаецца, першы і апошні смех, што я ў яго бачыў.
Я хацеў прагнаць усіх коз, што расхаджвалі па магілах, абгрызаючы і гэтым псуючы маладыя дрэўцы. Але дзядуля ўжо падняўся і маўкліва пайшоў з могільніка на дарогу.
Па дарозе дадому ён купіў мне ў гандляркі на рынку кухан за капейку, прычым гандлярка неахвотна брала гэтую капейку, таму што была капейка ржавая ці дужа сцёртая. І гэта быў першы і апошні гасцінец, што атрымаў я ад свайго дзядулі.
- * *
Бацька ўсё яшчэ сядзеў у Вільні ў турме, ніякае надзеі на яго блізкае вызваленне ў нас не было. Але прыйшла адкрытка, што дазволена пабачанне з роднымі... І дзядуля захацеў з’ездзіць да яго.
Павёз ён яму вялікі бохан чорнага хлеба, ладны кавалак сала, мяшэчак махоркі-самасаду і мяшэчак арэхаў — добрых, лузганцоў. Арэхаў нашчыпаў я ў вялікім лесе пана Хвастуноўскага, што кіламетры за тры ад Брудзянішак.
Спатканне ў іх было кароткае і пры турэмных надзірацелях. Калі бацьку вывелі да дзядулі, — ні дзядуля, ні бацька адзін аднаго, вядома, не пазналі. І спачатку, як потым успамінаў бацька, глядзелі адзін аднаму ў вочы са здзіўленнем.
Бацька падумаў: «Хто гэты дзядок?» — хоць і быў папярэджаны намі ў адкрытцы, што дзядуля павінен да яго прыехаць. І не ведалі, пра што пачаць гаварыць...
Дзядуля павітаўся з ім за руку, патрымаў яго руку ў сваёй, памаўчаў і сказаў:
— Ну што, сынок: папаўся?
Бацька хацеў у яго што-небудзь распытацца, але ён сказаў толькі, што мы ў Брудзянішках, жывы-здаровы, і змоўк. І глядзеў на бацьку мала, а так — некуды міма, мусіць, у сваё мінулае, і думаў нешта сваё.
Зараз іх і развялі. І маіх арэхаў-лузганцоў узяць бацьку чамусьці не дазволілі. Прывёз іх дзядуля, на маё засмучэнне, назад. І хоць дужа любіў я арэхі, а гэтых есці не стаў. Прадалі іх.
- * *
Вяртаючыся з Вільні, дзядуля прастудзіўся. Ішоў ад станцыі да Брудзянішак пехатою і трапіў пад заліўны дождж, змяк наскрозь і пазяб. Ледзь давалокся. Потым ён амаль што ўжо ўвесь час хварэў. Дый пажыў нядоўга, месяцы праз два, у позную восень, і памёр.
Перад канцом, зусім ужо аслабеўшы, ах, які ж ён быў дражлівы, няўладны, як на ўсё гневаўся! Блытаў нашы імёны. Мяне называў — «Міхась», імем майго бацькі, а маці маю зваў не Анэтай, а «Агатай», імем нябожчыцы бабулі. А часам клікаў маці: «Марфуша». І праз сон размаўляў з гэтаю Марфушаю. То сварыўся з ёю, то лашчыўся. Прасіў яе з ім выпіць... Мусіць, у яго ў Краснаярску была нейкая Марфуша. І, мусіць-такі, ён там выпіваў.
Чапіўся за ўсякую драбніцу — да мяне і асабліва да маці. Лаяў нас невядома за што. Але потым ізноў ласкавеў.
Аднаго разу, раніцою, калі маці паставіла яму на скрынку каля ложка місачку паранае бульбы, ды не адразу падала солі, ён з гневам шпульнуў бульбіну аб падлогу.
Я кінуўся падаваць яму соль, а ён ужо адвярнуўся да сценкі і так і залёг, як барсук, на цэлы дзень. А ўвечары адпусціўся, паласкавеў і нават сказаў маці, каб не зварачала ўвагі на яго хворыя выбрыкі.
За колькі дзён да смерці, калі ўжо амаль што зусім і не ўставаў, — раптам надумаўся ісці ў Жабракоўку, да свайго дзядзькі ў госці. Потым успомніў, відаць, што ад яго дзядзькі даўно і пораху не засталося, і ляжаў дні два вельмі прыгнечаны. А тады, неспадзявана, засадзіў мяне пісаць ліст пад яго дыктоўку, бо сам ужо не мог пісаць ад слабасці.
Пісаць ліст — да нейкага яго знаёмага ў Краснаярску, каб выслаў яму грошы на дарогу, ехаць назад у Сібір. Прадыктаваў мне два-тры словы — і сціх, адвярнуўся да сценкі.
Увечары мы пісалі, а ўночы, калі маці задрамала, а я спаў як найлепей, — ён ціха, не будзячы нас, і скончыўся... Пахавалі мы яго побач з бабуляю.
- * *
Памёр ён увосень, а бацька сядзеў яшчэ цэлую зіму, і толькі вясною адбыўся, нарэшце, суд — над ім і яго таварышамі, з якіх я ведаў толькі дзядзьку Мацяйковіча.
На судзе трымаўся бацька малайцом, як і ўсе яго таварышы. Газета «Новое время» ў кароценькай карэспандэнцыі з Вільні за подпісам нейкага Багаткевіча пісала, што «поведение судимых было вызывающим» і што іх слаба пакаралі. Гэта я сам чытаў у камплекце, які ёсць у віленскай публічнай бібліятэцы.
Дзядзьку Мацяйковічу далі, праўда, толькі высылку, але іншых закаталі каго на катаргу, каго ў ссылку. Бацьку далі пяць гадоў ссылкі ў Іркуцкую губерню.
XII. ЛІСТЫ
Ветрычак пыша, былінку калыша,
Жонка да мужа ліст па лісту піша...
З народнай песні
Маці ездзіла на суд, а мяне з сабою не брала. Бацька яшчэ і пасля суда сядзеў троху ў Вільні. І прасіў маці, каб яна, калі будуць іх высылаць, прыехала б да яго і мяне б з сабою ўзяла.
Але развітацца нам з ім не ўдалося. Адкрытка яго была затрымана, у турме ці на пошце. І калі мы сабраліся ехаць да яго ў Вільню, прыйшла другая, што скінуў бацька ў дарозе, калі ўжо ехаў.
І гэтае лета, да восені, пражылі мы ў Брудзянішках. Маці была ў мястэчку швачкаю, шыла сукенкі папоўнам і пісароўнам, але зарабляла так мала, што часам сядзелі мы не еўшы. І ў пачатку восені, пасля пажару, калі згарэла і новая Абрамава хата, прыйшоў Абрам з сям’ёю ізноў у нашу хату, за пяць рублёў у год, а мы з маткаю выехалі ў Вільню.
Пажылі мы троху на кватэры ў сястры Васілеўскіх, і паступіла маці прыслугаю да інжынера Будзіловіча. Перайшла жыць у будзіловіцкую кухню.
- * *
А мяне — не ведала куды дзець. Параілася з Васілеўскаю і аддала ў тэрмін да шаўца-адзіночкі Баніфацыя Вяржбіцкага. Васілеўская даўно яго ведала і хваліла, што чалавек вельмі добры.
Было яму тады гадоў трыццаць. Быў ён мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты, сур’ёзны, але часам лішне задумлівы. Вочы — карыя, валасы — цёмна-русыя, бараду галіў, а вусы, здаецца, падстрыгаў, былі яны ў яго цемнаватыя, невялікія. Асабліва ж мне падабалася, што ў яго троху ўпалыя шчокі. Мне тады чамусьці здавалася, што гэта — вельмі прыгожа, і я наўмысля ўцягваў сабе свае шчокі і любаваўся на сябе ў кавалачак люстэрка, што заўсёды валяўся ў цёткі Зосі, яго жонкі, на акне.
Цётка Зося была невысокенькая, бялявенькая, чысценькая і даволі нежненькая маладушка, белашвейка. Іх блізкі знаёмы, таксама шавец, Сцяпан Каронес, якога я пасля больш ведаў з мянушкаю «Тарас», жартам празываў яе, бывала — «Зося Рулек»...
А калі яна жартліва крыўдзілася і пыталася, чаму ён так яе называе, ёп распраўляў свае рыжыя вусішчы, смяяўся і казаў:
— Таму што носічак у цябе, як рулёчак...
Дзяцей у Вяржбіцкіх было тады двое: дзяўчынка гадкоў пяці і хлопчык гадкоў двух ці трох. Пасля ў іх яшчэ прыбавілася два хлопчыкі.
Жылося мне ў дзядзькі Вяржбіцкага надта добра. Абхадзіўся ёы са мною ласкава, карміў сытна і работаю не няволіў.
- * *
Святамі я хадзіў да маткі.
Мог бы хадзіць вольным часам увечары і ў будні, але маці мне не дазваляла часта да яе бегаць, таму што пані Будзіловіч гэта не падабалася.
У Будзіловічаў было двое дзяцей: сын Болесь, мой аднагодак, і дачка Стася, маленькая дзяўчынка, харошанькая, ціхая і вельмі сарамлівая. А Болесь быў спатвораны, свавольны хлапчына, саплівы панічык.
Я з гэтым Болесем, звёўшы знаёмства, часам бегаў па падворку, і вось пані Будзіловіч казала маці, што калі Болесь са мною пагуляе, дык на другі дзень лекцый не ведае і ў гімназію ідзе неахвотна.
Я прыкідаўся, што даю веры гэтай прычыне, а сам добра разумеў, што пані скупа і баіцца, каб я з рук маці многа не з’еў у іх на кухні. Гэта была барацьба за хлеб.
Столькі я там і бегаў з тым Болесем... Звычайна, калі я прыходзіў, маці старалася выбраць вольную хвіліну ад работы і ад пані Будзіловіч — і садзіла мяне за свой столік на трох ножках у кухенным кутку пад ходам на вышкі.
Садзіла пісаць ліст бацьку — у сяло Благавешчанскае, Кірэнскага павета, Іркуцкае губерні. Знаходзіцца гэтае сяло дзесьці ў глухой тайзе, кіламетраў за трыста ад горада Кірэнска і кіламетраў за тысячу ад горада Іркуцка.
Лісты, як нашы, так і бацькавы, часта губляліся ў дарозе, а калі і даходзілі, дык надта няскора, праз месяц і болей. І гэта вельмі ахалоджвала мой імпэт да пісання. Бо пішаш-пішаш, і можа быць — зусім упустую. А калі і дойдзе, дык толькі тады, калі ўжо ты і забудзешся, пра што там пісаў.
Апрача таго, маці загадвала мне, каб пісаў я бацьку абавязкова па-польску. Дыктаваць жа мне не хацела, а толькі раскажа-раскажа, а тады складай сваёю галавою.
Наўчылі ж мяне пісаць у школе толькі па-руску. Дык якая ж была мне пакута! Кожны раз даходзіла да горкіх слёз з абодвух бакоў, і з матчынага і з майго. Маці плакала ад жалю па бацьку, размаўляючы з ім у лісце. А я плакаў, што не магу напісаць так, як ёй хочацца. Дый наогул — лягчэй было мне насукаць дратвы на сто пар ботаў, чым напісаць адзін ліст.
А часам скрозь слёзы ніяк не мог я ўтрымацца ад смеху, а то і пачынаў рагатаць, як вар’ят.
— Муй дрогі пане мэнжу! — размаўляе маці з бацькам у лісце, а мне смешна, хоць лопні, што яла так круціць па панскі лад.
— Чаго ты рагочаш? З каго ты смяешся? — грозна падступае маці. І зараз заліваецца слязьмі: — Няма ў цябе розуму ў галаве, мой ты сыночак! Нічога яшчэ ты не разумееш! — І ўздыхне:— Ужо і на бацьку забыўся, не любіш...
- * *
Аднаго разу, калі мы так пісалі, у кухню выпадкова зайшоў сам Будзіловіч — лысы, чарнавусы, акулярысты пан. Я спалохаўся яго, а ён паглядзеў на мяне, паглядзеў на мае слёзы і падышоў, зірнуў на маё пісьмо.
Сорамна зрабілася мне за мае грымзолы. Счырванеў я, аж за вушамі цёпла стала. А ён павярнуўся да маці і кажа:
— А ведаеш, Анэта, хлопчыка твайго трэба падвучыць... Па-польску, дый наогул... Бо піша ён... няважна.
Не сказаў: «Ні к чорту», а толькі — «няважна». Відаць, або належаў ён да людзей надзвычай далікатных і не хацеў у маёй прысутнасці сказаць аб маёй рабоце грубае слова праўды, або быў з той катэгорыі светлаглядцаў, што лічаць за лепшае абнадзейваць чалавека мяккасцю ацэнкі, чым забіваць іх крытыкаю, як даўбнёю, ад якой ужо не падымешся зусім ніколі.
— Прошэн пана, як жа я буду яго вучыць? — заенчыла яна сваім звычайным цяпер, пакутным тонам, што, аднак, вельмі не ішло да яе, бо была з выгляду хоць і не дужа пышная, а ўсё ж харошая, відная. — Прошэн пана, я ж аддала яго да шаўца ў тэрмін: там ён хоць сам сябе пракорміць і рамяству вучыцца будзе. А ў школу пойдзе,— адкуль я чаго набяруся на яго?
— Гм... хіба ж твой муж нічога табе не прысылае?
— Прысылае,— адказала маці вінавата. — Як не прысылае?.. Але ж... — і яна змоўкла, каб не сказаць дакладна, колькі ж ёй бацька прысылае, і нават наўмысля ўздыхнула.
Я добра разумеў яе хітрыкі і не дзівіў ёй. Бо ад паноў заўсёды лепей хаваць праўду, у каторы б[бок] яна ні хілілася — ці ў большы, ці ў меншы.
Пан памаўчаў, пакруціў вус і пайшоў.
XIII. ПАНІЧ РЭПЕТЫТАР
Ученье — свет, а неученье — тьма.
Вясною, калі панская сям’я выехала на дачу, на кватэры ў папа пасяліўся яго сваяк, студэнт Віктар Ёдка.
Будзіловічы былі са збяднелых паноў Свянцянскага павета. Маёнтак іхнага бацькі быў пад Брудзянішкамі. Бацька іх прадаў яго пану Хвастуноўскаму.
Не ведаю, каторы Будзіловіч быў старэйшы брат. Мусіць, той, рэвалюцыянер, што жыў у Варшаве і на Першае мая 1905 ці 1906 года прыязджаў у Вільню і выступаў на мітынгу ў Закрэце. У 1907 годзе яго саслалі на катаргу за ўдзел у нейкай экспрапрыяцыі, і ён там, вельмі скора, як толькі прыехаў, памёр ад сухот.
Жанаты ён быў з удавою. Прозвішча яе па першаму мужу было — Ёдка. Ад першага мужа ў яе былі дзеці: дачка Адэлька, што дэкламавала на мітынгу ў Закрэце рэвалюцыйны вершык і так паланіла тады маё сэрца сваім хараством, і сын — гэты самы студэнт Віктар Ёдка.
Віктар не ладзіў з маткаю. Яна жыла з Адэлькаю ў Варшаве, а ён вучыўся ў Пецярбурзе. Улетку прыязджаў пе ў Варшаву да маткі і сястры, а ў Вільню, і тут і аціраўся каля Будзіловічаў.
Увесь гэты складаны радавод паноў Будзіловічаў і Ёдкаў стаў мне вядомы пасля, калі я падрос, а тады мяне больш цікавіла — збегаць да маці і падлавіць ад яе штонебудзь ядомае, хоць цукру кавалачак.
- * *
Аднойчы ў нядзельку, як звычайна, прыбег я да яе... А яна спатыкае мяне сумнаю павінаю, што бацька ізноў сядзіць у астрозе, у горадзе Іркуцку, за тое, што хацеў уцячы з ссылкі.
Яна трымала ў руках ліст і аблівалася слязьмі. Ліст прынеслі перад самым маім прыходам, і прачытаў яго маці Віктар Ёдка.
Троху супакоіўшыся, загадала яна мне яшчэ раз у гэты дзень памыцца (бо адзін раз я ўжо мыўся раніцою ў дзядзькі Вяржбіцкага). Дала мыла. Дасачыла, каб і ў вушах бруду не пакінуў. Нарэшце, падала свой чысценькі вышываны ручнічок. Потым дала свой грабянец, каб добра ўчасаў валасы, а пасля яшчэ і сама, лепей, учасала мяне. І кашулю на мне абцягнула. Выстраіла, як шляхціца ў сваты. А тады перажагналася, узяла мяне за руку і павяла ў панскія пакоі.
Яшчэ ніколі ў сваім жыцці не быў я дагэтуль у панскіх пакоях. Веліч і хараство іх перавысілі ўсё, што я мог уявіць сабе раней. Было тут прыгажэй, чым у касцёле...
Перад дзвярыма панскага кабінета мы пастаялі, аддыхаліся, супачылі. Маці нясмела і ціханька-ціханька пабарабаніла ў дзверы — не раўнуючы, як кошка паскрабала лапкаю... А я так арабеў, што ў вачах у мяне затуманілася, ногі пачалі падгінацца...
Калі мы ўвайшлі, разгледзеў я, што на вялікай канапе, вельмі шырокай і, мусіць, мяккай, як падушка, з высокаю мяккаю спіною, сядзяць, разваліўшыся: сам пан, інжынер Будзіловіч, і з ім побач — паніч, той студэнт. Пан — лысы, з чорнымі вісячымі польскімі вусамі і ў залатых акулярах, што былі зачэплены за вушы. Студэнт — малады, румяны, з вялікімі жоўтымі кудрамі, быццам капа жыта ў яго на галаве, і з пушыстымі светлымі бачкамі каля вушэй, таксама на польскі лад. А залатыя акуляры трымаліся ў яго на носіку самі.
— Дзень добры, хлопчык! — першы сказаў сам пан і махнуў рукою.
Я зразумеў так, што ён не хоча, каб я падыходзіў цалаваць ім у рукі. Але я і не збіраўся гэта рабіць, бо ўжо ведаў, што гэта брыдка.
Потым, памаўчаўшы, пан павярнуўся да студэнта, як бы канчаючы сваю папярэднюю з ім гутарку:
— Ну што ж... Вось падвучы яго троху за лета па-польску, ну і яшчэ там чаму...
Студэнт спрытна ўстаў, падышоў да мяне і выставіў мне сваю руку.
— Ану, пацісні на ўсю сілу: ці моцны ты?
Я паціснуў, як умеў. Хацеў мацней, ды ён нялоўка даў.
— О, сапраўдны польскі рабочы! — вясёла, але як быццам троху прымушана засмяяўся ён і па-сяброўску патрос мяне за плячо. А потым сказаў: — Але ўсё-ткі лепей табе пакуль што вучыцца чытаць-пісаць, чым шыць боты...
Радасць, што мяне будуць вучыць, так і пакацілася па мне, ад сэрца да пят.
А студэнт павярнуўся неяк убок і яшчэ дадаў:
— І мы павінны перад тваім бацькам крышку падвучыць цябе... Твой бацька — польскі рэвалюцыянер... Разумееш? — Трахнуў сваімі жоўтымі кудрамі і зноў сеў на мяккую канапу побач з панам.
- * *
Вучыў ён мяне цэлае лета даволі старанна... Вучыў чытаць і пісаць. Даваў завучваць напамяць вершыкі, кшталтам «Ешчэ Польска не згінэла, пукі мы жыемы». Дыктаваў прыклады з свае галавы, кшталтам: «Нех жые Польска! Нех квітне Польска! Польска бэндзе од можа до можа!» Вучыў развязваць задачкі, якія сам для мяне складаў. І ў задачках былі польскія купцы, ехалі яны польскімі мілямі, прадавалі польскае сукно, на польскія злотыя. Апавядаў тое-сёе з гісторыі, і ўсе польскія крулі і гетманы білі і маскалёў, і казакоў, і туркаў, і татараў, і немцаў, а іх ніхто ніколі не біў... Знаёміў з геаграфіяй, і ў польскія межы забіраў усю зямлю ад Рыгі да Адэсы і ад Берліна да Масквы...
Пад канец лета маці мая папрасіла яго, і ён падвучыў мяне троху па-руску. Быў я да навук, як ёй здавалася, вельмі здольны, і надумалася яна аддаць мяне ў двухкласную міністэрскую школу, што была на Стахванаўскай вуліцы, каля вакзала. Там лягчэй прымалі і дарма вучылі.
Але вось бяда: дзе мне начаваць і як мне харчавацца? Пайшла яна на параду да дзядзькі Вяржбіцкага. Дзядзька Вяржбіцкі кажа: «А няхай сабе і вучыцца і жыве ў мяне». Маці адразу яму нават не дала веры, думала: жартуе...
Аж і цётка Зося кажа:
— Няхай жыве ў нас. Мы часам увечары абое куды пойдзем, дык будзе каму з дзяцьмі пасядзець.
— А як жа з ядою? — пытаецца маці. — Я ж многа не здолею плаціць вам за яго харчаванне.
— Ат, якая там плата, — адказаў дзядзька Вяржбіцкі. — Калі кепска пад’есць у нас, дык у цябе ў кухні часам падмацуецца.
Павесялела маці, але потым, калі пачаў ужо я хадзіць у школу, яна раздумалася і засмуцілася. Здавалася ёй, што калі хто вучыцца, дык не павінен ён ні дзяцей даглядаць, ні дратву сукаць. Павінен быць панічом, і толькі. А то якая ж гэта навука?
Тут прыйшоў ліст ад бацькі. Пісаў бацька, што прыбавілі яму яшчэ тры гады і павязуць яго цяпер некуды ў другое месца. Расплакалася маці, разгаласілася — і зрабіла на тым лісце невялічкую, нікому не шкодную спекуляцыю.
Трымаючы ліст у руцэ і абліваючыся жаласнымі слязьмі, папрасіла яна пана і пані Будзіловічаў, каб дазволілі мне жыць з ёю ў кухні: што буду я цішэй вады, ніжэй травы, і есці будзе яна варыць сабе і мне, капусту ды бульбу, у асобным чыгуночку, і ложачак мой можна будзе паставіць на тым месцы, дзе трыногі столік, пад ходам па вышкі, от — дзве скрыначкі пустыя ў бакалейнай краме купіць, кароценькія дошчачкі на іх пакладзе, чысценькі мяшэчак добрым сенцам наб’е — ні пылу, ні паху...
Моршчылася-моршчылася пані Будзіловіч і, нарэшце, дала-ткі згоду, толькі з умоваю, што не буду я гуляць з яе Болесем, што адгародзіць мяне маці шырмачкамі і што плаціць ёй цяпер будуць меней.
Убачыла маці, што спекуляцыя яе будзе ёй вельмі дорага каштаваць, але адступаць ужо было позна. І перайшоў я ад дзядзькі Вяржбіцкага на кухню. Загналі мяне, як мыш у шчыліну, у цесны кут пад той ход на вышкі...
І хадзіць у школу ад дзядзькі Вяржбіцкага было троху бліжэй: ён жыў на Вароняй вуліцы, каля Палескага клуба. А цяпер падалела: паны Будзіловічы жылі на Юраўскім праспекце — амаль што каля Звярынца.
Мусіў я хадзіць кожны дзень два разы праз увесь горад. Але казалі, што з будучага года адчыніцца пры школе інтэрнат, дзе можна будзе начаваць і харчавацца за малыя грошы. І жыў я гэтаю надзеяю.
Жыў надзеяю — і быў шчаслівы, што вучуся, як бы там ні прыхадзілася... І так прайшоў час амаль што да вясны.
XIV. КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯКУБА
[правіць]На маё ліха, у гэты час у Вільні былі вялікія спрэчкі паміж польскімі і літоўскімі нацыяналістамі за касцёл святога Якуба, што на Лукіскім пляцы.
Літоўцы ездзілі ў Рым, да самога найсвяцейшага папежа, цалавалі яму там у пантоплю і атрымалі ад яго дазвол і блаславенства маліцца ў адным з віленскіх касцёлаў па-літоўску.
Не ведаю, ці яны самі сабе выбралі, ці ім віленскі біскуп прызначыў — гэты касцёл святога Якуба, у канцы Лукіскага кірмашовага пляца, не дужа далёка ад знамянітае Лукіскае турмы.
Вялікае ўрачыставанне было тады ў коле літоўскіх нацыяналістаў-клерыкалаў ды і ўсіх літоўскіх нацыяналістаў, аж такіх, як сацыял-дэмакрат доктар Дамашэвіч. Нацыяналізм яднаў іх у адной кучы. Толькі літоўскія ксяндзы скакалі ад радасці адкрыта, узяўшыся ў бокі. А доктар Дамашэвіч прытопваў сарамліва, схаваўшы ручкі ў бручкі.
Але не спалі ў шапку і польскія патрыёты. Яны выкапалі з архіва спляснелыя паперы — з доказам, што фундамент у гэтым касцёле закладаў паляк... Яны пісалі ў сваіх газетах, што подлыя і хітрыя ліцвіны ашукалі самога найсвяцейшага папежа... І паціхеньку пачалі падбухторваць фанатычных каталічак-«дэвотак», палітычна цёмных рамеснікаў, чаляднікаў, дворнікаў, кухарак, каб яны сілаю, скопам не дапусцілі ліцвінаў забраць касцёл... Забраць касцёл — для малення на такой простай мужыцкай мове, што пан бог і слухаць не захоча...
А маці мая пад той час паспела ўжо здружыцца з папскімі і ксяндзоўскімі прыслугамі і зрабілася вельмі пабожнаю каталічкаю і вялікай польскаю патрыёткаю — а злашча, што гэта вельмі ў ёй падабалася пані Будзіловіч.
І вось прыйшоў, нарэшце, дзень, прыгожы веснавы дзень у месяцы сакавіку, калі ў касцёле святога Якуба было прызначана першае, урачыстае, літоўскае набажэнства.
Сабралася многа літоўцаў.
Але яшчэ болей прываліла на пляц да касцёла — «польскіх»: дэвоткі з малпачымі мордамі, вясёлыя хлапчукі-падшывальцы, чырванатварыя халупнікі ў шыракапузых польтах, іх верныя, але худаватыя і, як заўсёды, не вымытыя добра майстры і чаляднікі, цёмная пабожная прыслуга кшталтам мае маці, ну і тупагаловая шляхта з ваколічных вёсак.
Абедзве арміі, а найбольш польская, як «агрэсар», з’явіліся з тростачкамі, кіёчкамі, моцнымі парасонамі, а хто і з каменьчыкам — на выпадак, калі трапіцца біцца...
Мне ў святыя дні было дазволена гуляць з Болесем на падворку. Гуляць з ім была мне невялікая цікавасць: быў ён хлопец не паважны. Калі ён з мяне насмяецца, дык гэта добра, а я яго не зачапі і нават гладзь, як скулу, каб нават не надуўся.
Кінуў я гульню, забегся ў кухню, аж там маці няма, абед па пліце гатуе сама пані Будзіловіч... Разявіўся я ад здзіўлення, а яна аблізвае лыжку і кажа, што адпусціла сёння маці...
— Куды?
— Броніць косьцёл польскі ад тых хамув-ліцьвінув!
Я, вядома, адразу загарэўся таксама туды бегчы. Думаў, што і Болесю будзе цікава паглядзець, але пані Будзіловіч, нягледзячы на ўсе яго ўпрошванні, зачыніла яго ў пакоях на замок.
Я рынуўся адзін, хутчэй, каб не спусціць часу. Праўда, бегчы было недалёка, і дарога мне вельмі прыемная: тут хадзіў я ад дзядзькі Вяржбіцкага да маці і назад.
Прыляцеў у самы момант, калі пешыя і конныя градавыя гналі ад касцёла, якраз мне на спатканне, па ўсім пляцы, і «польскіх» і літоўцаў...
Гналі, малоцячы па іх пабожных і нацыяналістычных спінах, плячах і галовах шашкамі плашмя і нагайкамі. Усе беглі ўрассыпную, хто куды...
Я спярша аж засмяяўся ад радасці, што ўбачыў такую вайну і буду мець чым пахваліцца і нежненькаму Болесю і заўтра хлапцам у школе.
А потым, як падбег бліжэй, дзе людзі паўзлі па зямлі ракам, дык спалохаўся, што маці маю тут заб’юць. Забегаў туды-сюды, шукаючы вачыма, ці не ўбачу, дзе яна...
А яна, і сапраўды, уцякаючы ад коннага гарадавога, трапіла каню пад ногі. Я падбег збоку і зусім выпадкова заўважыў і пазнаў, што гэта яна...
— Мама!!! — крыкнуў я, як непрытомны. Потым скамянеў на месцы. Потым падхапіў каменьчык, што нехта абраніў, і гэтым каменьчыкам з усяе сілы шпульнуў у гарадавога.
Лучыў я куды ці не ўлучыў — нічога не памятаю. Але мяне схапілі і павялі ў паліцэйскі ўчастак, што быў на Дамініканскай вуліцы, пры пажарнай дружыне. Там распыталіся ў мяне, хто я, хто мой бацька і мая маці і дзе я вучуся. І загналі ў нейкую вялікую стадолу, да ўсіх арыштаваных.
Арыштаваных заганялі ўсіх разам, і «польскіх» і ліцвінаў. І яны яшчэ і там, пад арыштам, перабрэхваліся і сядзелі дзвюма асобнымі варожымі кучкамі.
Паплакаў я там, а потым скора і супакоіўся, бо нейкая, пазней арыштаваная, дэвотка, што знала маю маці, сказала мне, што маці мая жыва і здарова і што яе нават не арыштавалі, — адпрасілася і пайшла дамоў.
А калі яшчэ нейкі дабрасэрды шляхцюк, з сівымі ласкавымі вусамі і ў шэрым, з сялянскага сукна, жупане-кантушыку дастаў з торбы драчону з салам, пачаў есці дый мяне частаваць, дык я і зусім павесялеў.
Пад вечар усіх нас выпусцілі, і я прыляцеў на кухню. Аж праўда: маці сядзіць, гарбату п’е... І з канфітурамі і з пячэннем!
І пані з Болесем зараз тут паявіліся. Я апавядаю, маці яшчэ раз дапаўняе, яны слухаюць. І мяне зараз за стол засадзілі, пані сама мне піражок з мясам прынясла, два кавалкі цукру ў шклянку маю паклала і хваліла мяне за мае ўчынкі. Я ўжо чуў сябе героем!
- * *
На другі дзень прыйшоў я ў вучылішча. І толькі паклаў кніжкі ў парту, як выклікае мяне загадчык. Яшчэ ніколі ён мяне не выклікаў, і таму з’явіўся я да яго са страхам.
Загадчык быў даволі вядомы тады ў Вільні чарнасоценны тып, русіфікатар, член так званага «Белорусского общества», гаспадзін Багаткевіч. Думаю, што гэта ён пісаў карэспандэнцыю з Вільні ў «Новое время», калі судзілі майго бацьку.
З трэпетам стаў я перад яго маленькім нізенькім пузкам... А ён разгладзіў сваю чорненькую бародку, пабалаваўся залатым ланцужком каля верхняе кішэні ў камізэльцы і потым спакойным, роўным, чыстым голасам сказаў:
— Вот что, друг любезный... Если бы ты был только хулиган, мы бы тебя наказали, но оставили бы в училище, так как могли бы еще перевоспитать... — (А ў мяне ўжо і сэрца замлела і ногі падгінаюцца.) — Но, к сожалению, — казаў ён далей, — у нас есть совсем достаточные основання думать, что ты, кроме того, что хулиган, еще и не-ис-пра-ви-мый по-ля-чиш-ка... — (Гарачая кроў заліла мне твар.) — А потому, — скончыў ён і пагладжваць бародку і балавацца ланцужком і ўклаў рукі ў кішэні штаноў, — а потому, друг любезный, такая зараза нам в училище не нужна, и мы тебя увольняем.
Казаў ён гэта спакойным, скрыта зларадным голасам — мне, хлопчыку. Я нават не адразу зразумеў з яго слоў, што мяне праганяюць, што я мушу зараз здаць кніжкі і ісці дамоў, каб болей ніколі не мець права пераступіць сюды парог. А калі зразумеў (таму што ён паясніў) — у мяне памуцілася ў галаве ад няшчасця. Я ледзь не абамлеў і стаяў анямелы, не варочаючы языком. Не прасіў, не плакаў і не адгрызнуўся — стаяў, як ціхі памяшаны. Такім жудасным здавалася мне тады маё раптоўнае бедства...
XV. У БАНІФАЦЫЯ ВЯРЖБІЦКАГА
[правіць]Ізноў вярнуўся я да дзядзькі Баніфацыя Вяржбіцкая,на Варонюю вуліцу, хоць цяпер не дужа-то ахвотна і прымаў ён мяне, бо ў яго быў ужо другі хлопец, Ромусь Рабэйка.
Але па старой памяці прыняў, і прабыў я ў яго ў шавецкім тэрміне яшчэ гады два з нечым. Добры ён быў чалавек.
Бацька яго прыйшоў у горад з вёскі, як і многія віленскія пралетарыі. Памёр, калі ён быў яшчэ маленькім хлопчыкам. Маці зайшла замуж за другога.
Войчым яго быў стораж ці швейцар у гімназіі, а маці — швачка ці прачка. Калі ён скончыў прыходскую школу, яны таксама аддалі яго да шаўца ў тэрмін.
Успамінаў, што жылося яму ў тэрміне цяжка. Тое ж казаў і яго прыяцель, дзядзька Ліцкевіч. Тэрмін яны адбывалі разам, у аднаго халупніка. «Пякліся за работаю» — як жартаваў дзядзька Ліцкевіч.
Па сканчэнні тэрміну — жаніўся, працаваў нейкі час у розных халупнікаў майстрам, а потым «павесіў сваю шыльду», як казалі ў Вільні. У адносінах да яго гэта азначала, што зрабіўся ён шаўцом-адзіночкай.
Спярша і хлопчыкаў на вывучку да сябе не браў, працаваў адзін. Але вось, па просьбе Васілеўскай, трапіў да яго я. А калі пайшоў я ў школу, узяў ён Ромуся Рабэйку, ізноў жа па нечай просьбе.
Цяпер і я вярнуўся, і стала нас у яго двое хлопцаў. Ромусь быў старэйшы за мяне на год ці болей, але быў меншы за мяне. Худзенькі, чорненькі, ціхі, замкнуты ў сабе. Сірата. Калі я першы раз яго ўбачыў, мне зрабілася яго шкода.
Але не буду забягаць далёка наперад...
Вяржбіцкі вельмі любіў чытанне. Стараўся раздабыць і прынесці добрую кніжку. Калі работы пільнай не было, ён казаў мне чытаць уголас, а сам шыў боты і слухаў.
Чыталі мы кніжкі і на польскай і на рускай мовах, а таксама і на беларускай, толькі беларускіх кніжак было тады яшчэ вельмі мала, а якія і былі, то ўсе цянюсенькія.
Пыталі больш розныя апавяданні. З палітычных брашурак прачыталі: «Павукі і мухі» на польскай мове, «Чем люди живы» —на рускай і «Гутарку пра беднасць і багацце» — на беларускай.
Належаў гады Вяржбіцкі, здаецца, да «Польскай партыі сацыялістычнай». Спачуваў і сацыял-дэмакратам, што я ведаю з яго гутарак са мною пра майго бацьку.
Але ж, як успамінаю, хоць можа і памыляюся, меў ён большы нахіл да літаратуры і мастацтва, чым да палітыкі. Вельмі любіў вершы, п’есы, тэатр.
Яго выступленні на рабочай аматарскай сцэне заўсёды былі надта ўдалыя. А калі выступаў, дык ужо абавязкова вёў у тэатр цётку Зосю і мяне, каб мы потым навялі на яго крытыку ці пахвалілі.
З дзяцьмі на кватэры заставаўся Ромусь Рабэйка. Ну, яму таксама не было нудна. Ён бясконца, гады два, усё чытаў раманы Генрыка Сянкевіча — «Патоп», «Агнём і мечам», «Крыжакі» — што засталіся яму пасля смерці брата-інтралігатара.
Асабліва ўдавалася Вяржбіцкаму роля дзядулі ў п’есе «Банкі мыдлянэ» («Мыльныя пузыры»). А яшчэ меў ён адну ўдзячную ролю ў п’есе, я забыўся яе назву, таксама на польскай мове, дзе друкар Юхневіч іграў ролю «шаўца ў тэрміне».
Юхневіч, таксама адзін з прыяцеляў Вяржбіцкага, быў вельмі здольны да сцэны. Па замыслу аўтара гэтай п’есы роля «шаўца ў тэрміне» павінна быць дужа камічная. Але Вяржбіцкі і Юхневіч ігралі так, што пасля смеху хацелася плакаць.
Добры быў час...
Цётка Зося была вясёлая, прыветная маладушка. Часта прыходзіў дзядзька Ліцкевіч — высокі, светлавусы, заўсёды лагодны і вельмі жартаўлівы чалавек. Ён ведаў шмат народных беларускіх прыказак, смешных апавяданняў, жарцікаў і любіў пагутарыць, пасмяяцца.
Часта бываў «Тарас» — таксама вясёлы чалавек, здаровы, тоўсты, з рыжымі вусішчамі, што дражніўся з цёткаю Зосяю, празываючы яе — «Зося Рулек».
Дружбавалі з Вяржбіцкім — друкар Юхневіч, потым яшчэ дзядзька Язэп Туркевіч, сталяр з Пагулянкі. І ўсё гэта былі людзі, якія мне чым-небудзь падабаліся.
Я ўжо добра паняў шавецкае рамяство. Вяржбіцкі быў здаволены маімі поспехамі і ў лістах да майго бацькі хваліў мяне.
Бацьку майго раней ён ведаў мала, але цяпер завёў з ім перапіску і нават паслаў яму пасылку — яблыкаў, да якіх бацька мой быў вялікі смакун.
І якія ж яблыкі паслаў? — што прывёз «Тарас» цётцы Зосі з дзяцьмі. Праўдзівае «Тарасава» імя, як я ўжо адзначаў, Сцяпан Мільянавіч Каронес. Родам ён з мястэчка Чарэі, б. Магілёўскай губерні.
Там у іх растуць дужа добрыя антонаўкі, буйныя-буйныя, і ўвосень, як паспеюць, — вельмі смачныя, араматныя, усё роўна як крымскія яблычкі. А ляжаць могуць цэлую зіму, хоць да лета, і ўсё будуць цвёрдыя і сакаўныя.
Ездзіў ён у Чарэю ў госці і прывёз антонавак цэлы яшчык «на зіму цётцы Зосі і дзеткам»... А Вяржбіцкі адабраў цётцы Зосі і дзеткам дзесяткі два, а рэшту, у тым самым яшчыку, паслаў майму бацьку.
Бо ў Сібіры, — казаў ён, — яблыкаў няма, дык няхай яму там троху павесялее ад чарэйскіх антонавак.
Бацька мой быў цяпер ужо недзе за Чытою, на таёжнай станцыі з дзіўнаю назваю «Ерафей Паўлавіч». Працаваў там на пабудове дарог у тайзе.
- * *
Мне ўжо канчаўся шаснаццаты год. І скора скончыў бы я свой «тэрмін», аж прыходжу я аднаго разу да маці, на будзіловіцкую кухню, і бачу там у яе гасцей...
Сядзяць за столікам і п’юць гарбату — стараваты, пахілы мужчына з павіслымі бурымі вусамі, у злінялым пінжаку і прыгожая чарнавокая дзяўчынка маіх гадоў, тоўсценькая, круглатварая, з чырвонымі шчокамі і шырокім чырвоным ротам. А на лобе ў яе, каля валасоў, парадачны белы рубец ад даўняй раны.
І ў гімназічнай форме — гімназістка!
Так першы раз убачыў я свайго мінскага дзядзьку, халупніка Антонія Плахінскага, і яго большую дачушку Юзю.
Маці мая была родам з Мінска, з старыннай мяшчанскай рамесніцкай сям'і. Застаўшыся круглаю сіратою, расла яна ў свайго дзядзькі. Антоні Плахінскі быў сын таго дзядзькі і даводзіўся ёй дваюрадным ці траюрадным братам, — адным словам, сёмая вада на кісялі, але з малых гадоў раслі яны, ён і маці, разам.
З таго часу, як маці мая, быўшы яшчэ маладою дзяўчынаю, прыехала ў Вільню на багамолле, а потым засталася тут працаваць на мармеладнай фабрыцы і зайшла замуж, — браток яе гэты, Антоні Плахінскі, ніколі, мусіць, і не пацікавіўся яе лёсам.
Цяпер прыехаў ён у Вільню ў розгляды, каб пераехаць з Мінска і майстэрню сваю сюды перавезці. Успомніў, што тут жа ёсць у яго свой чалавек, сястра, пайшоў у адрасны стол, выбраў адрас і з’явіўся ў госці.
Але гэтым разам справа з яго пераездам не выйшла. Між іншым, пабачыўшы мяне і распытаўшыся, дзе я працую і што ўжо ўмею рабіць, пачаў ён казаць маці, каб ехаў я з імі да яго ў Мінск, працаваць у яго майстэрні.
Маці рассыпалася ў падзяках, рада была, што нарэшце ж ткі захацеў браточак дапамагчы ёй... А я падумаў-падумаў і таксама захацеў ехаць. Пацягнула мяне ў другі горад, ну і да сваіх родзічаў.
Гэта ж бывала я разважаў: чаму мы з маткаю такія няшчасныя, што і радні ў нас няма нікога, і ў госці схадзіць, смачней пад’есці — некуды. А тут раптам з’яўляецца дзядзька, ды яшчэ з такою дачушкаю, маёю сястрыцаю!
Сястрыца ж, пры першым знаёмстве, хоць і вельмі была занята гарбатаю, піла, аддувалася, — а паглядзела на мяне з цікавасцю і прыхільна... Відаць, спадабаўся... І ласкава і нават як бы трошку какетліва ўсміхнулася мне.
Ну, я і паехаў!
XVI. ЯК ЗАЦВІТАЎ МОЙ САД
[правіць]- Я песняй мілую сваю праслаўлю...
- Янка Купала
У дзядзькі ў Мінску была свая невялікая шавецкая майстэрня, з вітрынкаю, на Захараўскай вуліцы (цяпер Савецкая вуліца).
Домік яго быў таксама на Захараўскай, але даволі далёка ад цэнтра, за мастом праз Свіслач, на Залатой Горцы. Пры доміку быў садок і гародзік. Месца — прывольнае, прыемнае, на сонейку.
Апрача Юзі, у дзядзькі была яшчэ адна дачка, Яня, дзяўчынка гадоў, тады, дванаццаці. Сёстры мне спадабаліся, асабліва Янінка — ціхая, задумлівая дзяўчынка, белавалосая, з галубенькімі вачыма.
Былі яны цяпер сіроты, маці памерла гады два таму. За гаспадыню ў доме была цяпер Юзя.
Юзя была бойкая дзяўчына, часам занадта бойкая...
Яна паўчылася троху ў прагімназіі і, мусіць, там набралася гэтае бойкасці. З прагімназіі яе даўно выключылі. Адзін раз яна мне казала, што за няўзнос платы. Потым, забыўшыся, казала, што сама кінула вучыцца пасля смерці маці, таму што трэба было даглядаць у хаце. А нарэшце склалася ў мяне такое ўражанне, што выключылі яе за ціхія поспехі ў навуках.
Яна саромелася, што дачка шаўца. І ў гутарцы сваёй ніколі не казала слова «шавец», а толькі — «абутковы майстар». Яна прымусіла свайго скупога бацьку змяніць нялюбае ёй слова і на шыльдзе. Стары напіс «Шавецкая майстэрня» замазалі. Замест яго напісалі: «Абутковая майстэрня».
Калі прыходзіў недалікатны заказчык і пытаўся: «Дзе тут шавец?», ці ў гутарцы сваёй казаў гэтае слова, а яна чула, дык абавязкова ўмешвалася ў справу, запрошвала з яго ў тры разы даражэй і потым казала яму: «У нас не якая-небудзь швальня-чабатарня... У нас — майстэрня абутку, мужчынскага, дамскага і дзіцячага».
Рубец на лобе быў — хацела павесіцца на паграбнішчы, пад страхою, ды абарвалася і рассекла лоб аб востры чарапок ці аб нейкае жалеза. Вешалася гадоў трынаццаці, расчараваўшыся ў жыцці, таму што бацька быў скупы, не хацеў купляць ёй такіх сукенак, як у яе таварышак-гімназістак з заможных сем’яў.
Аднак была яна і не дурная і не гультайка... Яна і цяпер кожную вольную хвіліну чытала кніжкі, брала ў Пушкінскай бібліятэцы.
А што чытала? «Ключи счастья» Вярбіцкай, «Санин» Арцыбашава, любоўныя раманы наогул усякіх аўтараў і аўтарак, «Половой вопрос» Аўгуста Фарэля і да таго падобныя рэчы — усё на тэму аб каханні.
Пачала яна і мне падсоўваць гэтыя кнігі, пачала і гутарыць са мною часценька на гэтую тэму, калі нікога каля нас блізка не было. І гаварыла часам так бойка і такія рэчы, што хаця я быў з Вільні, а яна ўсяго толькі з Мінска, — мне рабілася стыдна, а ёй хоць бы хны!
Чула маё сэрца, што дабром гэта для мяне не скончыцца...
- * *
І вось пражыў я ў іх год з нечым, і ў канцы вясны, у пачатку лета, у адну прыгожую раніцу, пасля таго прыгожага ўчарашняга вечара, што прабалаваліся мы з Юзяю, захацелася мне бегчы ўцякаць адгэтуль — куды вочы глядзяць...
Раніцою сказаў дзядзьку, што атрымаў ліст з Вільні, запрашае адзін таварыш на вяселле, і што, можа, і доўга не вярнуся, а можа — і зусім не вярнуся, бо хачу жыць у Вільні...
А перад абедам, не развітаўшыся з Юзяю, садзіўся ўжо ў віленскі цягнік. І паехаў. І ў дарозе, першы раз у сваім жыцці, напіўся п’яны.
У Радашковічах, у буфеце, купіў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў мала, але мала і закусваў, надвор’е стаяла гарачае, і мяне з непрывычкі развязло.
Памятаю, што пагражалі мне арыштам, нехта недзе вымагаў ад мяне нейкі штраф, нехта смяяўся... А я ўсё маўчаў і ўсё праліваў ціхія слёзы.
Яны, мусіць, думалі, што плачу ад хмелю ці ад жалю па грошах, што трэба плаціць штраф. А я плакаў зусім па іншых прычынах — плакаў таму, што сад мой зацвіў так няўдала...
На вакзале ў Вільні выйшаў я з вагона добра. А потым у гэтых катакомбах, што пад каляямі, асцярожна сходзячы па прыступачках уніз, ці то абступіўся, ці то паслізнуўся на якую апельсінавую лупінку — і паляцеў на цэментовую падлогу, як прасла.
Каб стукнуўся галавою, дык пэўна рассеклася б кавуном. Але галаву ўратаваў, — мусіць, выставіўшы рукі. Затое левая рука хруснула...
Два месяцы праляжаў у больніцы. Кепска лячылі. Тры разы бралі ў лубкі з гіпсам, ледзь і зусім не адрэзалі. І выйшаў з рукою, сагнутаю ў локці на ўсё жыццё.
Але быў рад, што рабіць ёю ўсё роўна здолею, а ў салдаты ўжо не возьмуць і на вайну не пагоняць.
Ляжаў я два месяцы — нікоменьку не павядоміўшы, дзе я і што я. Матцы, калі прыйшоў да яе пасля выпіскі, — зманіў, што паехаў быў да бацькі, ды грошы на дарогу не хапіла, дык я папрацаваў троху ў розных гарадах — і вось вярнуўся
Яна дала веры, толькі паплакала, што я мала люблю яе, калі так доўга ездзіў і ніводнага разу вестачкі пра сябе не надаў. А што ў мяне рука сагнутая, яна нават і не заўважыла. Пыталася, прыглядаючыся да майго твару, ці не баліць мне што, ці не хварэў я ў дарозе, ці добра спаў. Мне не хацелася адказваць, пытанні яе мяне раздражнялі. А калі я ішоў ад яе, мне зрабілася сорамна, было шкода яе. Яна так пастарэла за гэты кароткі час! А можа таму такое здалося, што прывык да свежага дзявочага твару Юзі... І зноў было мне прыкра.
І ў Вяржбіцкага ўсё здалося мне меншым і горшым, чым было раней. Толькі ў Ромуся Рабэйкі пачалі прабівацца чорненькія вусікі, і ўвесь ён памужнеў, паважнеў і нават гаварыць пачаў у нос. Яшчэ год — і ён майстар! «Майстар абутку» — Юзіны словы...
Вяржбіцкі прыняў мяне, як заўсёды, ласкава. І як заўсёды — быў сур’ёзны, задумлівы. Але, калі я папрасіўся да яго на работу, ён сказаў мне: «Заставайся» — неяк асабліва сумна, ціха і каротка. Ці гэта мне толькі здалося?
«Не,— думаў я тады, — пэўна, яму штосьці не падабаецца ў маіх паводзінах за апошні час...» І ўжо рыхтаваўся маніць і яму, як наманіў матцы. Толькі не ведаў, што сказаць пра руку, калі заўважыць, як буду шыць.
Першы заўважыў Рабэйка, але нічога не сказаў. Яму здалося, што гэта я наўмысля, для фасону, каб пафарсіць, адстаўляю так руку... І патрошку, непрыкметна, пачаў ён пераймаць ад мяне гэтую моду.
Ён наймаў цяпер сабе асобны пакойчык. Лічыў сябе дарослым і прыгожым хлопцам. Ужо і цётка Зося часам жартавала з ім, як з кавалерам. Дык вось сам, з далікатнасці, пераехаў ад Вяржбіцкага...
Як пачынаў ён мне ўсё гэта казаць, дык мяне ўсяго вярнула ад яго. Ужо і раней раскусіў я ў ім шляхцюка, але раней ён быў такі няшчасны...
І пацягнула ж мяне за язык расказаць яму пра Юзю... Цяпер усё, што я ў ёй ганіў, ён падхвальваў. І сам пачынаў са мною пра яе гаворку. І так салідна выказваўся... Бррр!
А я мусіў начаваць з ім у яго пакойчыку. Нібы ласку ад яго вялікую меў. І мусіў з ім гаварыць, і мусіў яго слухаць. Знелюбеў ён мне страшэнна. І ўсё мне цяпер знелюбела. Здавалася, што няма ў свеце горшае пакуты, як быць шаўцом. Цягнула мяне цяпер — немаведама куды, немаведама на якую работу.
Ой, хоць бы якая перамена! — хацелася мне. І так пракудзіў я ў Вяржбіцкага тыдні два ці тры. І да маткі не хадзіў. Ад людзей адбіўся.
Каб не было сорамна, пайшоў-ткі да яе. У яе сядзеў брудзяніскі чалавек, пан Пстрычка, сын ці ўнук таго кульгавага пана Пстрычкі, у якога некалі служыў дзядуля.
Ён пачаў прасіць мяне, каб я паехаў у Брудзянішкі «дарэктарам» у падпольную польскую школку. Мне было ўсё роўна куды ні ехаць — і я згадзіўся і паехаў.
XVII. СУМ
[правіць]Да канца цёплых дзён я сцярог у Пстрычкі сад і вучыў двух яго «недаросткаў», тупагаловых хлапцоў у Белькі з мяне, і паядаў у незлічонай колькасці яблыкі, дулі, сліўкі, на што меў поўнае права, бо ён мне па ўмове нічога не плаціў, а толькі «карміў».
У пачатку зімы сабралася ў мяне вучняў чалавек дзесяць, і адчыніў я сваю школку... Слёзы былі, а не шкодна. Трэба ж было хавацца. Адзін дзень займаліся ў адной хаце, другі — у другой. Партаў не было. Іх жа з сабою не панясеш. Дык — хто за сталом, хто на запечку...
Плацілі мне паўрубля з галавы і «кармілі». Карміўся і начаваў я таксама па чарзе — тыдні два ці тры ў кожнага гаспадара, у залежнасці ад ліку «галоў», ці тое вучняў з яго сям’і.
Чаргаванне выклікала ў маіх хлебадаўцаў спаборніцтва, але не ў бок росту, а ў бок змяншэння: кожны стараўся накарміць мяне так, каб яго капейка не перайшла.
Праўда, яда была вельмі здаровая: капуста з грыбамі, бульба з алеем, гарох з бульбаю. Ніколі я раней не думаў, што мяшчане ядуць горш за мужыкоў. А ў гэтую зіму праканаўся.
Праўда што — такі я быў і «дарэктар»... Вучыў чытаць і пісаць па-польску. Чытаць як чытаць, а пісаць і сам добра не ўмеў. Сцішаў сваё сумленне тым, што ёсць «дарэктары», якія самі і чытаць не ўмеюць.
Аднак не слабасць мая ў польскім пісьме выклікала прэтэнзіі з боку маіх працадаўцаў. Пачалі яны наракаць, што мала вучу дзяцей пацерам. «Не відаць, каб і сам любіў маліцца і хадзіць да касцёла», — казалі яны мне проста ў вочы і ўпікалі сваімі паўрублямі і ядою.
Быў жа ў іх яшчэ і «накладны расход»: местачковы ўраднік. Між іншым, ён і развязаў мой лёс. Проста запрасіў да сябе, пачаставаў чаркаю гарэлкі і яечняю і сказаў:
— Вось што, падпольны дарэктар! Вучы дзяцей так, каб бацькі былі задаволены і плацілі мне акуратна. А то не стоіць аўчынка выдзелкі, і я цябе прыхлопну. Будзем шукаць другога...
І адпусціў мяне з мірам. А я быў вельмі рад прычыне і падаўся ў дымісію. Якраз канчалася зіма. Я і так насілу яе вытрымаў. Абрыдла мне маё жабрацкае харчаванне, абрыдла мне і ўся мая «педагагічная» дзейнасць.
За ўвесь гэты час адзіным блізкім мне чалавекам у Брудзянішках быў малады каваль Арон, Абрамаў сын, Залікаў унук, што жыў цяпер у хаце майго нябожчыка дзядулі. Хату мая маці прадала яго бацьку, за 25 рублёў.
І гэты, самы блізкі мне, чалавек часта вельмі трапна падсмейваўся з мае «дарэктарскае» работы. А жонка яго Ева заўсёды казала: «Лепей быць шаўцом у Вільні, чым дарэктарам у Брудзянішках».
Але мусіў я дабыць свой тэрмін — да вясны. Так-сяк яго дабыў. Зашумела веснавая радасць, прыляцелі з выраю жаўранкі і гракі, прыгрэла сонейка страшэнную гразь на брудзяніскіх вуліцах.
Калі я выязджаў, спякла мне Ева на дарогу добрую халу, а Арон падвесяліў мяне і сябе добраю пэйсахоўкаю. І раптам — зрабілася нам сумна расставацца...
— Ну, нічога, — наўмысля вясёла казаў Арон. — Спаткаемся, як будуць лепшыя часы!
— Лепшыя часы! — ківала галавою Ева, кормячы свайго крыклівага першынца сваёю худаватаю ўжо цыцкаю. — Можа наш кіндэр іх дачакаецца...
І я паехаў.
Усю дарогу было мне сумна, хоць такі цёплы ветрык навяваў у акно вагона і кожнае дрэўца пачынала так прыгожа зелянець...
Было гэта вясною 1914 года.
- * *
Прыехаўшы ў Вільню, знайшоў я сабе невялічкі, толькі павярнуцца, але асобны, пакойчык на Вялікай Пагулянцы, недалёка ад кватэры дзядзькі Туркевіча. І пакуль быў без работы, дык разоў колькі заходзіў да гэтага заўсёды вясёлага і гаманлівага чалавека. Ён працаваў цяпер столярам на камбінаце графа Тышкевіча і параіў мне паступіць туды табельшчыкам, бо якраз адкрывалася вакансія. Я і паступіў.
Ён жа першы параіў мне схадзіць калі-небудзь па беларускую вечарынку-суботнік, што адбываліся тады кожную суботу ў Беларускім клубе на Віленскай вуліцы, 29.
— Там табе, — казаў, — павесялее, а то ты нешта без пары нудны, Мацейка!
Пайшоў я. Спярша дзеля цікавасці, а потым — спадабалася.
Там былі невялічкія канцэрцікі, спевы, а пасля — скокі і розныя гульні. Хадзілі туды ў большасці вучні з настаўніцкага інстытута інстытута і хіміка-тэхнічнага вучылішча, розная служачая моладзь, дзяўчаты — дочкі дробных служачых і рабочых, а таксама дзяўчаты, што былі з вёскі і працавалі ў горадзе — хто хатняю прыслугаю, хто прачкаю, хто чым.
Танцавалі вальсы і мазуркі, полькі і кракавякі, але абавязкова таксама «Лявоніху», «Юрачку», «Мяцеліцу». І ўсе казалі адзін аднаму «ты», хоць бы і зусім яшчэ незнаёмыя, — так там было заведзена на беларускі народны лад. Ну і — танны буфет, і плата за ўваход усяго 10—15 капеек.
Не разумеў я тады, што гэткім спосабам уцягвалі беларускія нацыяналісты ў свае сеці «масу». І спадабаў хадзіць туды — от, каб пагуляць... Правадыроў жа беларускага нацыяналізму: братоў Луцэвічаў, прафесара Іваноўскага і іншых мы там і ў вочы не бачылі.
З вядомых людзей давялося мне там бачыць адзін раз Янку Купалу. Ён сарамліва і ціхавата, грудным голасам, прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Здаецца, паскакаў і полечку з нейкаю дзяўчынаю. Выпіў шклянку гарбаты ў буфеце і ціхенька пайшоў з клуба.
Быў ён тады яшчэ малады, гадоў 30, і бландзін, дык выдаваў яшчэ маладзей. Хадзіў у скромненькім шэрым гарнітурчыку і ў старых, зношаных баціначках. І я падумаў: такі непрыкметны чалавечак і так складна піша вершы!
- * *
Захацелася ў той час і мне паспрабаваць пісаць вершы... Але прабаваў я і па-польску і па-руску — нічога не выйшла. Цяжка. Каб прыдумаць дзве-тры рыфмы, трэба патраціць цэлы вечар.
Нарэшце напісаў адзін вершык па-беларуску — «пад Купалу». Паслаў у «Пашу ніву». Чакаў прысуду і знайшоў яго ў «Паштовай скрынцы», у самым канцы газеты, каля абвестак: раіла мне рэдакцыя ўзяцца за прозу...
Узяўся я за прозу. Надумаўся апісаць сваё горкае жыццё. Як размахнуўся — вечары за тры дайшоў да свайго побыту ў дзядзькі ў Мінску. Чацвёрты вечар не пісаў — пайшоў на беларускі суботнік.
І толькі ўваходжу ў залу, а мне на спатканне — сама мая Юзя ў пары з Ромусем Рабэйкам! Здзівіўся я страшэнна, замуляўся, хацеў завярнуцца ды ўцякаць. Позна!
Юзя падскочыла да мяне, учапілася, — паказвала, што дужа мне рада, тым болей тут, дзе яна першы раз і нікога знаёмых. Учасаная, расфуфыраная. І какетнічае, і смяецца, дужа вясёлая. І Рабэйка пры ёй, як важны індык.
Ну, раз так, і я пачаў быць сам сабою. Але думаю: як яна сюды трапіла? Аказваецца, пакуль я самотнічаў, і ў маткі рэдка бываў, і нічога не ведаў, дык дзядзька мой у Вільню пераехаў, і майстэрню на Пагулянцы адчыніў, і нават дзе — недалёка ад таго дома, дзе я тады жыў. А Рабэйка перайшоў да яго ад Вяржбіцкага маладым майстрам.
І кінуў я апісваць сваё жыццё. Зрабілася сорамна, — падраў, пашматаў, у печ укінуў, юшку адчыніў і сярнічкаю падпаліў. Ляці, маё горкае жыццё, дымам!
Вядома, Юзя запрасіла мяне да сябе. Дзядзька суліў мне работу ў яго майстэрні. Але з праўдзіваю радасцю спаткала мяне толькі Янінка. І падрасла ж яна за год — на вярсту! Зрабілася тоненькая і худзенькая.
Юзя ізноў пачала была чапіцца да мяне. Ды ўжо цяпер — дудкі! Я быў не той. Янінка падрасла на вярсту, а я паразумнеў на галаву! І трымаўся я цяпер з Юзяю спакойна і нават насмешліва.
Мне здавалася, што ад былой сваёй мэрляхлюндыі я вылечыўся назаўсёды. Мне здавалася, што я пачаў разумець рэчы так, як яны ёсць. Але цяпер замест мэрляхлюндыі напаў на мяне праўдзівы сум...
Толькі час за работаю на камбінаце праходзіў для мяне роўна, спакойна і нават прыемна, бо работа мая была лёгкая. Канчалася работа, цягнуўся я ў свой пакойчык, чытаў газету, браўся за кніжку, — і сум мой пачынаў мяне душыць.
Прычын яго я не разумеў. Я думаў, што мне сумна таму, што няма куды пайсці, што я не маю добрых таварышаў, што я ўсё болей аддаляюся ад маці і што наогул — жыццё маё пайшло няўдалым шляхам.
У ліпні я зусім ужо сабраўся быў ехаць у Сібір да бацькі... Аж тут, як гэта кажуць, «нечакана гранула вайна». І я затрымаўся.
Галоўная прычына, чаму я застаўся, была тая, што чакаў цяпер першага цікавейшага жыцця і ў Вільні.
Яно скора і прыйшло...
ЧАСТКА ДРУГАЯ
[правіць]І. ВАЙНА
[правіць]- Або спаткаеш генерала —
- Яго ўся Вільня, пэўна, знала:
- У медалях уся грудзіна!
- што за погляд! што за міна!
- Якуб Колас
Перад імперыялістычнаю вайною Вільня, гэты старынны, вялікі і прыгожы горад, эканамічны цэнтр цэлага краю і культурны пуп усяе Літвы і Беларусі, была, аднак жа, звычайным «губеранскім горадам» царскае Расіі.
Шкарлятына, дыфтэрыт, брушны тыфус і нават малярыя не выводзіліся ў Вільпі ніколі... Таму што ў яе светлых крыніцах была зараза, па яе вялікіх пляцах кучамі валялася смяццё, у цёмных закутках яе прыгожых садоў звінелі камары, як на балоце, а яе старынныя падворкі і кватэры ў спрадвечных мурах былі самыя брудныя і самыя вільготныя ва ўсім свеце.
Ад вакзала па Завальнай вуліцы цягалася на худых, зманежаных клячах няўклюдая і ўбогая конка.
Па Юраўскім праспекце (што цяпер праспект Адама Міцкевіча) пагульвалі з ціхім гонарам польскія панкі ў кунтушыках; пазвоньвалі шпорамі з належнаю рысоўкаю маладыя рускія афіцэрыкі; модна хуталіся ў дарагія футры прастытуткі першага разраду; праплывалі ў цяжкой, саліднай, як тая конка, форме з кукардамі, пятліцамі, гузікамі, рускія чыноўнікі; прабягалі на рандэву гімназісткі і гімназісты; усё было — як след...
Шмат было рэстарацый, кавярань, бараў як у цэнтры, так і па ўсім горадзе, а найбольш было вельмі добрых піўных у рабочых гнёздах, на акраінах. А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! І нумароў, і начлежак, і сталовак, і закусачных! Адных публічных дамоў, таксама на самую розную цану, быў цэлы квартал на Зарэччы... Гуляй, душа, абы грошы!
З высокае, прыгожае Замкавае гары кожны дзень паліла пушка. На Вострай браме, як і цяпер, грымеў арган, і прост на вуліцы, на голым бруку, кленчылі і рассцілаліся прад маткай боскай Вастрабрамскай людзі самых розных станаў, нават рускія, калі каторага і рускага прышчаміла якое ліха. Праходзячы праз Браму, пад святыняй, як і цяпер, усе здымалі шапку — і элін і яўрэй... Паспрабуй-ка не зняць, дык зляціць! І нават рускае начальства за гэтым глядзела.
А як прыгожа стаяла на Катэдральным пляцы пышная чыгунная Кацярына Вялікая, горда выставіўшы высокія грудзі! Цяпер яе няма, было і быллём парасло, але помнік быў харошы, бясспрэчна.
На пляцы, што зваўся і за рускімі Універсітэцкім, хоць універсітэт яны даўным-даўно зачынілі, стаяў сутулаваты чыгунны Мураўёў, скромна падпёршыся кіёчкам; але здавалася кожнаму, хто хоць троху цікавіўся гісторыяй, што ён цябе гэтым кіёчкам зараз так свісне — і не ўстанеш!
Даволі мізэрна выглядаў і здаваўся вельмі маленькім, таму што стаяў у такім нізкім месцы, невялічкі помнік кучараваму Пушкіну ў «Цялятніку». Не ведаю, хто калі зняў бюст вялікага паэта, але як перанеслі ў 1922 годзе яго падстаўку на высокае месца да Кацярынінскага касцёла і паставілі на ім бюст Манюшкі, дык помнік выглядае ўдвая большым — не крыўдна і палюбавацца па вялікага музыку, тым больш што ён зямляк мае маткі, таксама мінчук.
Ды што і спамінаць! Шмат каму было жыццё, што толькі жыць дый жыць. Шмат каму яно і вярнулася, яшчэ і палепшала, але не ўсім, не ўсім, далёка не ўсім... Пажывём, пабачым, што будзе далей...
- * *
Калі прыйшла вайна, у горадзе спачатку як быццам нічога не змянілася, толькі што вакзал, вуліцы і ўсюдых усё было забіта салдатамі.
Таксама, як і раней, людзі пілі, елі, спалі, жралі, а хто мусіў хадзіць на работу — хадзіў на работу. І кахаліся, і жаніліся, і дзяцей зачыналі...
Дзядзьку майму, Антонію Плахінскаму, прыруліла гэтым часам прыняць да Юзі зяця. Але зусім не таму, што вайна і ўсіх хлапцоў пазабіраюць на ўбой. А таму, што трэба было яму змяніць прозвішча на сваёй шыльдзе.
Не вельмі яму пашанцавала з пераездам. Адчыніў ён сваю майстэрню на Пагулянцы, бо знайшоў там вельмі добрае памяшканне. І месца яму падабалася, што высока, як на Залатой Горцы ў Мінску. І людна, ідуць людзі туды і сюды.
Але там жа на Пагулянцы, і зусім недалёчка, аказалася другая шавецкая майстэрня — нейкага Лахінскага. І была яна горшая за яго майстэрню. А тым часам: Плахінскі, Лахінскі, — амаль што тое самае, не ўсякі заказчык адразу разбярэцца.
— Каб мая майстэрня была горшая, — бурчаў ён пад свае павіслыя бурыя вусы, — дык няхай бы сабе, можна было б пад’ехаць. А то ж яго, гэтага Лахінскага, майстэрня, усе кажуць, ні пса не варта, не шыюць, а псуюць. Дык што ж гэта, ён будзе на маім прозвішчы пад’язджаць ды яшчэ і псаваць мне рэпутацыю!
Думаў-думаў і дадумаўся прыняць зяця: усё роўна раней ці пазней трэба яго прыняць, бо сына няма. А прыняўшы зяця, можна павесіць шыльду на імя Юзі з яе новым прозвішчам.
Пацярпеў на гэтай камбінацыі найперш я. Дзядзька ў Вільні яшчэ мала каго ведаў. З Мінска выпісваць — таксама нікога там такога не пакінуў. А я быў і «свой чалавек», і ўсё ж такі такі-сякі шавец, і на вайну мне не ісці, як з пакалечанаю рукою. І паў яго выбар на мяне.
- * *
З’ява ў нашым жыцці таго часу незвычайна рэдкая: каб выбар бацькі і выбар дачушкі сышоўся. На маё няшчасце, гэта было так. Можа б Юзі хацелася за якога прапаршчыка ці хоць за чыноўніка, але як там таго прапаршчыка зловіш, і гоняць іх цяпер на ўбой, а чыноўніку нашто шавецкая майстэрня? А ёй ужо карцела замуж, і я быў усё ж хоць троху вучоны, троху далікатны... Нарэшце, хто яе ведае, які смак яна ўва мне знайшла.
Папрасіла яна мяне паказаць ёй Вільню і зацягнула на Замковую гару, як д’ябал пана Езуса. Там я хацеў болей пастаяць з таго боку, адкуль далёка відаць за Віллю: лявей — высокія фабрычныя трубы прыгожа кураць дымкамі, правей — горы пад соснамі і зялёны Антокаль, пасярод, далёка — поле, прастор, шырыня. А яна скарэй завярнула і зацягнула мяне на другі бок, што да цэнтра Вільні. Сама там села і мяне смарганула сесці на лавачку пад кустамі. Адгэтуль перад вачыма густа засеў унізе горад, узбягаючы к канцу вышэй, і добра відаць была Пагулянка. Юзя, не трацячы доўга часу, прытулілася да мяне сваім цёпленькім, мякенькім бачком і пачала, жартуючы, і мроіць і крозіць...
— Вось там, на гэтай пекнай горцы, дзе гэтыя густыя чарапковыя дахі, па вуліцы Пагулянцы, над чысценькаю-чысценькаю вітрынкаю, будзе красавацца прыгожая-прыгожая шыльда: «Майстэрня моднага абутку Юзэфы... Юзэфы, — і паглядзела мне ў вочы да дна, — Юзэфы... Мышковай».
І мацней прытулілася, і нутраным галасочкам засмяялася. Але смех быў троху з прымусам.
Мяне таксама праняў смех. Але я рашуча і даволі-ткі груба асадзіў яе мроі:
— Ніколі гэтага не будзе...
— Ты хочаш, каб майстэрня была на тваё імя? — перайшла яна зараз на практычную размову. — Ну добра... — падумала і пачала таргавацца; — ну, добра, я ўпрашу бацьку, каб шыльда была і на маё і на тваё імя разам.
— Нічога я не хачу. Кінь, Юзя, гаварыць глупства. А то і ўцяку...
— Чаму ты не хочаш? — прычапілася яна, як смала. — Я буду весці ўсю справу, а ты можаш і нічога не рабіць, калі не захочаш...
Дастала з сумачкі вялікую і тоўстую плітку шакаладу «Залаты ярлык» — відаць, наўмысля дзеля таго купіла, — хруп плітку, проста ў паперы, папалам, і дае адну палавіну мне, а другую пачынае далікатненька грызці сама. І кажа:
— Ну, чаму ты не хочаш? Я буду цябе і карміць і адзяваць, толькі не адмаўляйся.
Я шакаладку з’еў. Была яна вельмі смачная. А Юзі, каб падражніць яе, сказаў:
— Цяпер так кажаш, а потым будзе што іншае...
— Ты мне не верыш, Мацей? Ну дык вось... Хоць зараз да шлюбу, бяры мяне, вядзі мяне, рабі са мною што хочаш... Якая дзяўчына скажа табе так, не кахаючы? Я цябе кахаю, Мацей!.. — сказала яна з праўдзівым драматызмам, як найлепшая акторка, і нават слёзы павіслі ў яе на чорных пушыстых вейках.
— Што, што, што?.. А ўсномні-ка Мінск! — вырвалася ў мяне мімаволі, і было ў маім голасе нібы яхідства, нібы зларадасць і нібы пачуццё якогасьці пераможнага здаволення.
Што так сказаў, я не шкадаваў, але было сорамна перад самім сабою за гэты паганы тон. «Ну, але няхай,— падумаў я; — прынамсі, яна цяпер загневаецца на мяне...» Аж не!
— Дык нічога ж асабліва ў нас у Мінску не было, Мацей! Балаваліся па-дзіцячаму... Няўжо ж ты на мяне за гэта гневаешся? Мілы, дарагі!.. — вінавата заенчыла яна, потым раптам схапіла маю руку і пацалавала.
— У, дурышча! — буркнуў я і лёганька шлёпнуў яе па шчацэ. Не стрымаўся. Было мне і сорамна, і брыдка. І было ўжо троху яе шкода. Дык я крута падняўся, і мы пайшлі ад лавачкі на дарожку, сходзіць з гары.
— Ну добра. Я пачакаю. Можа яшчэ абдумаешся, — сказала яна і спакайней і весялей. І да самага дому ішла ўжо чалавек чалавекам.
- * *
Аднак і потым не кінула яна сваіх мяшчанскіх заляцанняў да мяне. Здаецца, без ведама бацькі купіла і падарыла мне добрае залатое пяро «Самапіс» за тры рублі пяцьдзесят капеек. Пяро мне надта спадабалася, я спакусіўся і прыняў, але схаваў па будучы час.
З дазволу бацькі, хоць быў ён дужа скупы, купіла найлепшага сацінету цёмна-карага колеру, зняла з мяне мерку і пашыла мне кашулю з простым воратам і адкладным каўняром, пад гальштук-самавяз, і сама вышыла каўнерык у сінія васілёчкі.
Я, каб не было ёй прыкра і каб не сароміць яе перад бацькам, змаладушнічаў, кашулю ад яе прыняў, але не хапіла ў мяне духу надзець яе, каб хоць паказацца... Схаваў на будучы час...
Разоў колькі, як бацькі не было дома, запрашала яна мяне да сябе і карміла, як каплуна. Ой, як успомню яе грэцкую кашу з свежаю свінінаю, са скваркамі, што сала аж цякло, ці яе катлеты, цэлую патэльню, з падсмажанаю бульбачкаю, ці яе салодзенькія сырнічкі ў масле, што аж плавалі, ды паўнюсенькую місу, — дык і цяпер мне смачна робіцца!
Я еў, нават без сораму многа еў, бо хацеў есці, але мужам яе быць так і не згадзіўся.
— Няўжо ж мне за Рабэйку ісці? — часам жартліва хныкала яна, чакаючы, што я скажу.
— Ідзі за Рабэйку,— безуважна адказваў я.
— Ну добра. Я пачакаю. Можа яшчэ абдумаешся...
— Чакай сабе. Але — дарэмна.
Ёй-то, пэўна, абрыдла чакаць, калі нават бацька аднаго разу не ўцерпеў і пры мне пажартаваў: «Вучоныя кахаюцца як каты: ён яе цап — яна мяўкне, яна яго цап — ён завурчыць...» І нават матку маю пачынаў быў запрашаць на дапамогу.
Маці ж мая, хоць і ах як хацела мне гэтага шчасця, а сабе гонару, аднак ведала маю ўпартую натуру і ў справу не мяшалася. Мусіць, і яна спадзявалася, што я яшчэ сам абдумаюся.
ІІ. ФРОНТ НАБЛІЖАЕЦЦА
[правіць]Усё гэта было яшчэ ў 1914 годзе, у пачатку вайны, калі ў горадзе яшчэ мала што змянілася, толькі вакзал, вуліцы і ўсюды ўсё было забіта салдатамі, як шэраю саранчою.
Паступова вайна зазірала з вуліцы ў дамы, у сем’і, у жыццё чалавека, не мінаючы нікога.
Мпе, пакуль што, толькі падаражэлі прадукты. Ужо ў канцы 1914 года заробку майго мне хапала толькі па яду. І што ж я цяпер еў?
З’ядаў абед у таннай сталовай, з дзвюх страў, — які-небудзь лёгенькі пярловы супчык з невялікім кавалкам мяса і катлетку з бульбяною кашаю.
Прыходзілася ўжо налягаць за абедам і на хлеб. Хлеба давалі пакуль яшчэ без даплаты, і еш, колькі ўлезе, але ўсё менш і менш наразалі пшанічнага, а ўсё болей падкладалі жытняга, чорнага.
А раніцай і ўвечары піў я цяпер толькі гарбату з малаком і абаранкамі. Часам купляў каўбасу, а масла і яйкі еў ужо вельмі рэдка. І саладзіў ужо гарбату сваю з аглядкаю...
З вясны 1915 года пантаплёвая пошта спярша шаптала, а потым і даволі адкрыта загаварыла, што немцы могуць прыйсці і ў Вільню.
Потым ужо нават і на вуліцах можна было пачуць аб гэтым гутаркі... І калі я чуў іх, дык якоесьці нез’яснёнае, трывожна-радаснае чаканне напаўняла мне сэрца: няхай прыйдуць немцы, няхай будзе нешта новае...
Улетку, калі фронт усё набліжаўся, у Вільні чакалі немцаў напэўна. І польскія, і літоўскія, і беларускія нацыяналісты, жадаючы збавення ад рускіх, не хавалі цяпер свае нямецкае арыентацыі.
Усе рабочыя і з ліку мне знаёмых таксама жадалі, каб рускія былі пабіты. Дзядзька Туркевіч, напрыклад, кожны дзень цяпер, ідучы са мною разам дамоў з камбіната, азірнуўшыся, шаптаў:
— Ну, Мацейка, ужо скора, скора! Немцы рускіх паб’юць, будзе ў Расіі другі 1905 год, і тады самадзяржаўю капут!
А можна было пачуць, ад нашых жа рабочых, такія гутаркі:
— У немцаў культура!
— Прамысловасць вырасце!
— Немцы на пірагах спяць, пірагамі накрываюцца!
— У нас кашуля — рубель, у немцаў — паўрубля!
— У нас хустачка — дзесяць капеек, у немцаў — тры капейкі!
- * *
Асабліва нецярпліва чакаў немцаў мой новы сужыхар — Ромусь Рабэйка, бо хаваўся ад прызыву. Месца хавацца выбраў ён у мяне.
Са старой кватэры з’ехаў і ў дамовую кнігу сказаў напісаць, што выехаў у Маскву. У майстэрню хадзіў толькі прыцемкам, каб узяць сабе работу.
У пакойчыку ў мяне ён толькі начаваў, а дамскія бацінкі шыў, па якіх быў спецыяліст, па вышках нашага дома, пры слухавым акенцы. Там жа і тапчанік спаць, калі прыйдзецца, сабе паставіў. А другое ложа змайстраваў сабе ў склепе пад нашаю кухняю. Практычны быў чалавек.
У маім пакойчыку, можна сказаць, вялікага знаку ад яго жыцця не было. Але дух яго быў тут цяпер заўсёды. І яго духу я не любіў.
Быў ён сын беднага, беззямельнага шляхціца, так званага «запашніка», што жыў на кавалачку зямлі, рандаванай у нейкага пана пад горадам Дзісною. Было ў яго некалі яшчэ два браты, абодва значна старэйшыя за яго. Адзін, большы, рэвалюцыйны рабочы, уцякаў пасля 1905 года за межы і быў застрэлены рускімі жандарамі дзесьці пад Вержба ловам. Другі, меншы, быў інтралігатарам (пераплётчыкам) у Вільні, у майстэрні пана Знамяроўскага на вуліцы Субач, і таксама меў рэвалюцыйны настрой, але з ухілам у бок польскага нацыяналізму.
Калі бацька памёр, ён, гэты інтралігатар, узяў да сябе матку і Ромуся, але і сам праз гады тры памёр ад сухот. Тады добрыя людзі матку-калеку прыстроілі ў багадзельню, а Ромуся ў тэрмін да Вяржбіцкага.
Матка таксама скора памерла. Рос Ромусь сіратою. Але было яму ў Вяржбіцкага добра. І хоць не вельмі любіў ён слухаць нашы кніжкі, як мы чыталі, але ўсё ж нейкае слова, і асабліва жывое слова з вуснаў самога Вяржбіцкага і з вуснаў яго рэвалюцыйна настроеных прыяцеляў — павінна было прыстаць да яго.
Але вось вырас ён толькі заядлым палякам, і больш нічым... Высока ставіў сваю шляхоцкую пароду. Любіў грошы. Імкнуўся да сытага мяшчанскага жыцця.
Я бачыў, як ён, як толькі паступіў на працу ў майстэрню да Плахінскага, зараз пачаў слацца перад ім лістам і павёў свой павольны і пакорны, але цвёрды і ўпэўнены план на Юзю.
Быў ён не буйны фігуркаю, на першы погляд здаваўся не дужа моцным, але быў даволі прыгожанькі, чарнавокі, з чорнымі вусікамі.
І чорныя пушыстыя бачкі запусціў сабе каля вушэй. Бачкі яго падабаліся Юзі. «Глядзі, яшчэ ён сваімі бачкамі і прывабіць яе», — думаў я.
- * *
Стаялі прыгожыя дні, як заўсёды ў Вільні ў канцы лета, у пачатку восені, калі ў светлым чыстым блакіце разліта спакойная сонечная радасць.
Прырода нічым не паказвала, што Гродня ўжо немцамі ўзята і што падходзіць чарга і да Вільні. Але рускія патрыятычныя газеты крычалі: «Вільню ніколі не ад дамо!»
Тым часам пачыналася ўжо эвакуацыя... Спачатку здымалі і вывозілі ў Расію званы. З гэтага поваду пэовякі («Польска організацыя войскова») выпусцілі падпольную адозву: «Обыватэле, не дамі нашых дзвонув!»
А што рабіць, каб не аддаць, нічога не пісалі і самі ніякіх захадаў не рабілі.
— Называецца, паказалі фігу ў кішэні! — сказаў я неяк аб гэтай адозве Рабэйку. Ён чмыхнуў і пагардліва задраў свой кароценькі носік.
Аказваецца, ён і сам ужо быў пэовяка! Мне сказала Юзя. А я ўсё думаю: куды гэта ён цягаецца ўночы і потым прападае недзе цэлы дзень?
Хавацца яму ў нашым доме было бяспечна, бо ўсе жыхары, і гаспадар, і дворнік, былі палякі. Дык я думаў: чаго ж ён баіцца і куды яшчэ цягаецца?
Аж-ткі ён не ўцерпеў і сам мне пахваліўся, што пэовякі «штосьці робяць» і гэта ён ходзіць у лес, на тайныя пэовяцкія вайсковыя практыкаванні.
Потым раптам пачалася эвакуацыя фабрык і заводаў І вельмі прыспешная. Чую: гарбарня Рыўкіна ўжо выехала...
Вывозяць усе асноўныя машыны. Рабочыя рызыкуюць застацца без прылад вытворчасці і без работы. Але ніхто ніякіх захадаў супроць вывазкі не робіць. Некаторыя рабочыя нават самі выязджаюць...
Чую: выязджаюць і некаторыя халупнікі! Ну, гэтых, як і фабрыкантаў, пацягнулі за сабою вайсковыя заказы, падпісаныя ўмовы, нявыплачаныя інтэнданцтвам грошы. Не паедзеш — прападуць.
І вось аднаго вечара прост не пазнаю свайго Рабэйкі. Схадзіў да Плахінскага і вярнуўся такі шчаслівы, ззяе — бы сонца. І прынёс навіну:
— Пан Плохіньскі тэж выежджа до Росыі!
Думаю сабе: «Куды яго нясе, старога дурня?» — гэта з аднаго боку. А з другога боку: «Чаму ж так, — думаю сабе, — усцешыўся пан Рабэйка?»
А ён памуляўся-памуляўся, зрабіў выгляд, што раптам успомніў, і дастае з кішэні цыдулку, дае мне:
— Од панны Юзі...
Чытаю... Піша мне «панна» Юзя, каб канечне сёння, хоць бы і вельмі позна, прыйшоў да іх. «Што там такое ў іх заварылася?» — здагадваюся і не разумею, але мушу ўжо і я рабіць выгляд, што раптам успомніў справу на камбінаце, па якой трэба мне зараз пайсці.
Прыходжу — нікога няма, адна яна ў кватэры. Бацька з Янінкаю да некага пайшлі... Сама мне адчыніла. У новай сукенцы, валасы ўчасаныя, уся прыбраная, як на вяселле.
І ні з тога ні з сёга — кінулася мне на шыю, абліла мяне слязьмі...
— У чым, Юзя, справа?
— Тата выязджае ў Расію... Майстэрню пакідае на мяне, але з умоваю, каб я перад яго ад’ездам пашлюбавалася ці з табою, ці з Рабэйкам... Я хачу з табою...
Ізноў тая самая гісторыя! А я думаў, што яна ўжо скончана і забыта.
Праз два дні быў іх шлюб. Рабэйка і са сховаў сваіх вылез. Ды хто ж і падумае на маладога, што ён хаваецца ад прызыву, калі робіць столькі гуку...
Я быў не пайшоў, хоць было гэта з майго боку яксьці і нядобра. ІІашляўся па вуліцы, прыходжу ў свой пакойчык — сядзяць, мяне чакаюць, маці і Яня — па-вясельнаму прыбраныя, але абедзве заплаканыя.
Прыйшлі па мяне, весці па Юзіна вяселле.
Маці кажа:
— Чужыя людзі і то будуць там піць-есці, а ты свой — дома будзеш сядзець...
А Яня заплакала, узяла мяце пад руку:
Пойдзем...
Ну, пойдзем!
III. ЭВАКУАЦЫЯ
Засталіся нівы, сёлы
На той сум-жаль невясёлы...
Янка Купала
На станцыі цяпер кожны дзень адыходзіў эшалон па эшалону. Выязджаў губернатар, архірэй, выязджалі чыноўнікі, папы, жандары, паліцэйскія, шпікі, многія заможныя яўрэі, а часткова і камерсанты-палякі.
Вывозілі мошчы з Духава манастыра, вывозілі больш каштоўныя архіўныя паперы, рэдкія старынныя кнігі, грошы з банкаў, Кацярыну, Мураўёва... П’едэсталы іх засталіся тырчаць як калекі, а статуі знялі, забілі ў дошкі і на артылерыйскіх конях папёрлі на станцыю грузіць на платформы.
З турмы крымінальных, здаецца, выпусцілі. А палітычных усіх вывезлі, — ніхто не ведаў, калі і як. Вывозілі вельмі сакрэтна, патрошку і ў глухую ноч. І павезлі некуды далей ад фронту, у глыбокую Расію, можа ў Сібір, каб бацьку майму ў большай кампаніі павесялела.
Пойдзеш па вакзал — горы рэчаў: скрыпі, кашы, валізы, кветкі, рускія абразы... Тут жа пянькі, дзеці, сабакі... Важнае начальства і заможныя людзі займаюць асобныя купэ. Жаруць, п’юць, як перад голадам. Падвесяляюцца:
— Ненадолго!
— Скоро назад!
— Ещё погуляем в красавице-Вильне!
А глухую кананаду ўночы было ўжо чуваць. Потым, адну ноч, гарматы забухалі былі, здавалася, зусім блізка, асабліва дзесьці з-пад Свянцян, з поўначы, на Пецярбургскай чыгунцы.
І бухалі доўга: то глуха-трывожна, то мацней, весялей, рэдкімі асобнымі раскатамі. Гэта, казалі, немец забірае Коўню, ковенскую цытадэлю, і абходзіць Вільню каля Свянцян.
Дзіўна: пры гэтых раскатах у мяне раптам, міма мае волі, з’яўлялася дзікая і як бы непрыстойная радасць. Я не ведаў яе прычын, сам сябе не разумеў і нават думаў: «Можа гэта ўва мне штосьці псіхічна хворае?»
- * *
У гэты час трэба было ехаць аднаму тэхніку з лесапільні Тышкевіча ў камандзіроўку на вёску, у Мейшагольскае лясніцтва. Ён адмовіўся. І ўсе адмовіліся. Тады адміністрацыя выбрала мяне, няшчаснага табельшчыка.
І грошы на фурманку добрыя далі,— каб толькі я з’ездзіў туды і прывёз распіскі, што грошы за нейкі там матэрыял заплачаны. Калі прывязу іх, дакляравалі даць узнагароды пяць рублёў.
Але я ахвотна згадзіўся б і без узнагароды... Хоць Рабэйкаў дух з майго пакоя ўжо выветрыўся (на маю вялікую радасць!), бо пэовячык хаваўся цяпер дзесьці бліжэй да маладое жонкі, але нез’яснёная ташната грызла мяне цяпер часам так, што я паехаў бы хоць на фронт, пад кулі...
Ахвотна здаў я ключ ад дошкі з рабочымі маркамі і табельную кнігу з адзнакамі аб спазненнях і няяўках на работу свайму часоваму заступніку, наняў фурманку, купіў таго-сяго есці на дарогу, каб весялей было ехаць, і з прыемнасцю пакаціў.
Аднак жа да лясніцтва я не даехаў. На паўдарозе спаткалі мы нейкага яўрэя-перакупшчыка. Ішоў ён, сагнуўшыся ў тры пагібелі пад вялізарным мяшком, стары-стары, сівы, барадаты.
Мой фурман таксама быў стары яўрэй. Я па-яўрэйску трошку ўмею, наўчыўся змалку, гуляючы з яўрэйскімі хлапчукамі, а потым Арон і Ева падвучвалі мяне жартуючы, калі быў «дарэктарам» у Брудзянішках.
Але ўмельства маё не настолькі вялікае, каб я мог зразумець гутарку гэтага перакупшчыка, калі ён пасыпаў як гарохам: «Форт, форт! крыгес, крыгес! авой, авой!»... —і хто яго разбярэ, што там яшчэ...
За галаву хапаецца, слінаю пырскаецца, махае нам рукамі і наперад і назад. І раптам сеў сярод дарогі на свой мяшок, вылавіў з кішэні табакерку і цэлымі шчэпцямі, узасос, пачаў нюхаць у абедзве наздры...
А мой фурман толькі паківаў мудраю галавою і, ні слова не сказаўшы ні яму ў адказ, ні мне для зразумення, аб’ехаў мяшок з чалавекам бачком дарогі і спакойна пачаў заварочваць каня назад.
— Стой, — кажу, — што ты робіш? Не заплачу, калі далей не паедзеш!
А ён і не спалохаўся:
— Ну, што: не плаці. Мне жыццё даражэй...
— Чаго ж баяцца? Усё ўсюдых ціха.
— Ой, хлопец! Едзь лепей і ты назад...
Я злез, заплаціў яму за паўдарогі, і яны паехалі, а я пабрыў далей адзін, пехатою.
- * *
Прайшоў я да начы кіламетраў сем і ў вёсцы Каралевічах абначаваў у селяніна. Там пра вайну нічога не ведалі. Накармілі мяне маладою гарачанькаю бульбаю з сцюдзёненькаю сыраквашаю і паклалі спаць на араматным сене ў пуні.
Спаў я, як забіты, і не чуў, як напаўзло на мяне ўночы безліч скочак ад кажуха, што далі накрыцца, калі пазябну. Раніцою — усе мае рукі і шыя, і нават троху твар былі ў кругленькіх чырвоных плямках, як іголкаю яны мяне скалолі. Спаў — і не чуў.
Паснедаўшы, ізноў такою ж бульбаю і такою ж сыраквашаю, — з напоўненым жыватом, але даволі лёгенькі пасунуў я далей. Неўзаметкі адмахаў яшчэ добрых дзесяць кіламетраў. Вось і вёска Пузырышкі...
І тут наскочыў я на вялікі вэрхал... Казакі абвяшчалі сялянам, што яны мусяць ехаць у бежанцы. Плач, крыкі, енкі... Толькі не меў я часу ні глядзець, ні слухаць...
Ды не паспеў яшчэ і добра выйсці ў поле, як наляцелі, на спатканне, новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад.
Я спалохаўся, што забярэ ён і мяне ў бежанцы, але ён толькі падагнаў мяне да вёскі і там кінуў. Падумаў я, падумаў і ўзяў кірунак на вёску Папялышкі — гэта таксама ў той бок, куды мне трэба было да лясніцтва, але яшчэ бліжэй па захад.
Пёрся сляпіцаю... Уваходжу ў Папялышкі, думаю: «Вось тут паабедаю». Аж тут віхрастыя казачэнькі не абвяшчаюць, а ўжо гоняць людзей з хат нагайкамі...
Я ўвайшоў з паўдзённага боку, дык у гэтым канцы было яшчэ так-сяк: стаялі на падворку запрэжаныя вазы і вылі бабы.
А гналі іх па поўнач, каб потым завярнуць на ўсход. Дык там ужо цягнуліся фурманкі. На іх было навалена, што паспелі схапіць: мяшкі з мукою, вопратка, скрыня, кубел, торбачкі ўсякія, хамут, звязаная курыца.
На возе, на ўсім барахле, сядзіць і плача, бяссільна азіраючыся па баках і назад, стары ці старая з перапалоханымі дзеткамі. Вакол іх ідуць, бягуць, вядуць на вяроўках кароў, гоняць авечак, свіней, а дзе — нават гусей.
Каровы ўпіраюцца, як на пажары, калі іх топяць з хлева, рыкаюць, авечкі па-дурному бляюць, свінні рохкаюць, разбягаюцца, бабы і моляцца, і праклінаюць, і енчаць, і галосяць... Троху і смешна, але — горкі жаль.
Мужчыны крычаць, божкаюць, а каторы маладзейшы — пабожкае, пабожкае дый злаецца ці раптам хлестане каня пугаўішчам па мордзе так, што таму, беднаму, аж вочы на лоб, кідаецца па дыбкі ці садзіцца задком проста па фурманку.
За вёскаю ўбачыў я свежанькія, яшчэ неглыбокія акопы: хтосьці капаў і кінуў. І колкі дрот: дзе троху нацягнута на калякі, а дзе кінута па зямлю цэлымі вялікімі скруткамі.
Гляджу: падхапіліся наперадзе перада мною з канавы пры дарозе і бягуць у лес салдаты-пяхота. Гэта, мусіць, былі тыя сапёры, што капалі тут акопы. І ў паветры забурчала: аэраплан!..
Доўга я ўглядаўся: дзе ён бурчыць? Нарэшце, вось ён: раптам заклекатаў зусім блізка, і ўвесь відаць. Сунецца бліжэй-бліжэй і ўсё зніжаецца...
Цікава і боязна глядзець, калі ён плыве над самаю галавою. Зусім усё на ім відаць, прэцца ў паветры цэлая грамадзіна, і так лёгка і плаўна, толькі трашчыць, як малатарня.
Я думаў, што гэта наш, не ўмеў тады разбірацца па крыжыках і кружках пад крыламі, Аж ён троху адляцеў ад мяне ўбок, і тут, — о, будзь ты прокляты! — зашумела-загудзела, тра-ра-рах! — кінуў бомбу. Дзе ўпала фантанам зямля, клубам чорны дым...
Добра, што далёка ад сялянскага абозу, у полі, дзе нікога не было. А дзе абоз, — бачу адзаду, здалёк, спуджаныя коні, адурэлае быдла, звар’яцелыя людзі...
Дзе — шарахнуліся, бягуць, уцякаюць, як дробныя птушкі ад коршуна; дзе — перамяшалася ўсё ў адной кучы, не разабраць, што там робіцца: «Добра, што я не там!»
Гэта было маё першае навочнае знаёмства з вайною. Цікавасць мая была скора насычана. Праз поле і лясок лакіраваўся я назад на Пузырышкі, там узяў логам — на Віленскі тракт.
Наддаў ходу і як пайшоў, як пайшоў — яшчэ да вечара падходзіў к Вільні. І абедаць нікуды не зайшоў, есці забыўся. Толькі ўпацеў, як мокрая мыш. У вёсках заходзіў напіцца.
— Там — ізноў ніхто нічога не ведае. Усё ціха, спакойна. Хто ў полі на рабоце, хто дома каля току. Пытаюцца: што чуваць пра вайну?
Калі кажу ім пра Пузырышкі і Папялышкі, дык глядзяць з нявераю, думаюць, што маню. А я, спатыкаючы людзей, што ішлі ці ехалі ад Вільні, пытаўся:
— Немцаў няма яшчэ ў Вільні?
Дык яны смяюцца:
— Няма, няма! Адагналі назад.
— Адкуль ведаеце?
— У Вільні ад салдатаў чулі.
IV. НЕМЦЫ
[правіць]- Пацучок у склепе жыў,
- Качаўся ў масле, ў тлушчы,
- Аж і брушка адрасціў...
- В. Гётэ
Песня п’яных студэнтаў з «Фаўста» Гётэ,
пяяць якую вучыў мяне немец-салдацюга рыжы Рудольф з кайзераўскімі вусамі,
самы паганы чалавек у свеце.
Гэтымі ж днямі віленская польская інтэлігенцыя, напаўлегальна, арганізавала «міліцыю обыватэльску». На чале яе стаялі інжынеры, адвакаты, дактары, тыя чыноўнікі-палякі, што не паехалі ў Расію.
Узбройваліся хаваючыся і чым каму ўдалося: рэвальверамі, старымі шашкамі, нажамі-фінкамі. Казалі, што немцы дадуць самаўрады, пакінуць польскую міліцыю і ўзброяць яе па-вайсковаму.
Рабэйка, пэўна ж, вылез з падпечча: збегаў запісаўся. Сказала мне Юзя. Яна прыйшла да мяне першы раз пасля шлюбу, і думаю, што тайком ад свайго новаспечанага, маладога мужа.
Прычына прыходу:
— Тым, хто цяпер запішацца ў польскую міліцыю, будзе потым добра, дык можа ты, Мацей, хочаш запісацца...
— Где уж нам уж выйти замуж... — пажартаваў я.
А яна, нібы з гонарам, нібы сарамліва, ціханька і скоранька дадала:
— Праз Ромуся можна ўстроіць...
Раней яна ніколі не казала: «Ромусь», а толькі: «Рабэйка». Мне зрабілася пацешна, я не стрымаўся і моўчкі ўсміхнуўся.
Яна зразумела, горда закінула галаву і выставіла нагу наперад, зашавяліла носам. А я паглядзеў ёй, без слоў, глыбока-глыбока, на самае дно вачэй.
І яна на момант звяла і захлопала-захлопала вачыма — вось-вось заплача...
Не: крута завярнулася і на хаду, і не азірнуўшыся, моцна бразнула маімі жыдзенькімі, двухпольнымі, з тоненькіх філёнак, дзверцамі... Ай, Юзя!
Не паспелі мае дзверы перастаць трасціся, як прыйшла да мяне маці. Яны спаткаліся каля брамы, на вуліцы, калі заплаканая Юзя выбягала з нашага падворка.
Маці пажурыла мяне, нашто гэта я нечым ізноў яе ўкрыўдзіў, паўздыхала, што не Ромусю б Рабэйку павінна была дастацца такая дзяўчына і з такою майстэрняю...
Потым паплакала, што ад бацькі няма лістоў вось ужо тры месяцы з паловаю. Можа хварэе, можа што... І цяпер, вось, «як немцы, з боскае волі, забяруць нас, польскіх, пад сваю апеку», і зусім не атрымаем ад яго ніякае весці...
А нарэшце сказала, што пані Будзіловіч паслала яе да мяне, прасіць, каб гэтую ноч пераначаваў у іх. Было гэта ўвечары 14 верасня, у нядзелю.
Я з ёю разам і пайшоў.
Там ужо стаяў мне на верандзе тапчанік з валасяным матрацам і саламянаю падушкаю і ляжала, акуратненька складзеная на крэсле-качалцы, старая байкавая коўдрачка пакрыцца.
Далі павячэраць... З’еў я талерачкі чатыры майго ўлюбёнага бульбянога супчыку, заскваранага салам, і кавалачак любовага мяса з паўкіло. Аказваецца, для мяне спецыяльна і зварылі.
Бачачы мой добры апетыт, пані Будзіловіч сказала маці даць мне — што там яшчэ засталося ад абеду. І з’еў я дзве смачныя-смачныя катлеты па масле, з салодкім салатам у смятане, а на закуску — поўную глыбокую талерку чырвонага кісялю, салодкага, як цукар, і з халодненькім малаком.
Наеўся так, што кісель еў ужо без хлеба. Бо не ведаў жа я, што будзе дабаўка, і палёг быў спачатку на хлеб: умалоў з паўкіло сітнага і з паўкіло белага.
Ну і смагла ж напіўся: апаражніў шклянак з пяць салодкае гарбаты, з малінавымі канфітурамі. Маці яшчэ ад сябе пачаставала параю асушак і пернікам — дастала з свае скрыначкі мне да гарбаты.
Дабаўку меў я з тае прычыны, што пані Будзіловіч, выправіўшы Болеся ў Расію, давучвацца, а цяпер яшчэ — чакаючы немцаў, вельмі нервавалася і мала ела, ад столу шмат чаго заставалася.
А ў памяці мне гэтая мая вячэра, па-першае, таму, што заробку майго не хапала мпе тады нават на яду; а падругое — еў я так раскошна апошні раз перад пастом на доўгі час...
І гэта ж была мне плата, што пачую ў іх трывожную ноч, як нейкі вартаўнік іхняе маёмасці і абаронца іх саміх. Хоць ніякае трывогі, можна сказаць, і не было.
І спаў я някепска. Пачыналася квадра, але надвор’е было вельмі цёплае, у садзе цэлую ноч паэтычна стракаталі скакунцы, і пад іх музыку я і заснуў, усім здаволены.
Мусіў уставаць разы са два, хоць і дужа не хацелася. Слухаў — усё было ціха... Зрабіўшы сваю справу, клаўся я ізноў і зараз засынаў. І не чуў нічога — ніякае страляніны, ніякае трывогі.
Уночы выйшлі з горада апошнія рускія часці без усякага бою. Было, можа, з пару стрэлаў. Бедныя людзі ціха рабавалі вайсковыя склады, разбіралі хлеб, муку, рыбу, цыбулю, кансервы, бачонкі з тлушчам. Спакойна згарэў высокі чыгуначны віядук за вакзалам.
Раным-рана 15 верасня 1915 года, у панядзелак, калі Мацей Мышка яшчэ спаў на верандзе ў паноў Будзіловічаў, і так салодзенька, што аж слінка, як у дзіцяці, на падушку нацякла, — прыйшлі ў Вільню немцы.
Праспаў я немцаў, але не бяда. Потым ад людзей даведаўся, што нічога асабліва цікавага, калі яны забіралі горад, пе было: уваходзілі, як і ўсякае войска ўваходзіць у горад, пакінуты без бою.
Сунуліся з-за Віллі, па мосце ад Звярынца і па Зялёным мосце з Кальварыйскае вуліцы. Спачатку разведка: і па мост, і пад мост... Абнюхалі, абмацалі, тады пусцілі конніцу.
Прачнуўся я ад музыкі вайсковага аркестра, калі па вуліцы быў ужо вялікі тупат ад многіх конскіх і чалавечых ног.
А калі выйшаў за браму, немцы валілі валам — конна і пеша, у сініх мундзірах, у шышастых бліскучых касках, з рыжымі мехавымі ранцамі па гарбах.
Мірныя абывацелі з нашага дома (дзе жылі Будзіловічы) і з суседніх дамоў ужо абляпілі вокны, балконы, згрудзіліся каля ганкаў і варот, патрошку пасоўваліся далей, на тратуары.
Потым гляджу: ужо нямецкія і польскія сцягі вісяць там, дзе, бывала, віселі рускія. А калі прайшло даволі ўжо многа пяхоты, праехала конніца і прагрымела, прабразгацела дзесяткаў колькі вялікіх, тоўстых гармат, па чатыры пары коней у запражцы, і тонкіх, доўгіх, па тры пары коней у запражцы, і калі ізноў адборная нямецкая кавалерыя пацягнулася бясконцаю вераніцаю, цокаючы па бруку, — тады выплылі з дамоў, з сваімі мужамі і дзеткамі, пані-полькі і заможныя яўрэйкі, учасаныя, прыбраныя, у белых сукенках, з букетамі кветак, з каробкамі цукерак, з пачкамі папярос...
Падносілі немцам, выглядаючы лейтэнантаў і унтэр-афіцэраў, што ехалі наперадзе. А часам памыляліся і давалі свае дары якому-небудзь ардынарцу, калі ехаў адзін, спераду ці ззаду ў часці, як важны начальнік.
Я думаў, што ўсе немцы павінны быць грузныя, таўстабрухія, белацелыя, як тыя панскія аконамы, півавары ці майстры з гарбарні Гальдштэйна, якіх я дагэтуль бачыў, як прадстаўнікоў нямецкае нацыі. А тут, спаміж пехацінцаў, цягнуліся і дробненькія, худыя, з падцягнутымі жыватамі, сагнутыя ў крук пад вялікім рыжым ранцам, са скруткам шыняля і стрэльбаю. І шмат было непрыгожых з твару: і крываносых і з маленечкімі пасамі бульбінаю.
Праўда, кавалерысты, седзячы па сваіх аграмадных, тоўстых конях, як на сланах, не рабілі такога мізэрнага выгляду. Яны, і не толькі афіцэры ці унтэры, а нават і радавыя, пазіралі, як мне здавалася, з напышчана-самаздаволеным і пагардлівым пачуццём тупагаловых пераможцаў.
Снеданне ў мяне было гэты дзень не такое ўжо багатае, як учарашняя вячэра. Мусіць, пані Будзіловіч паскупілася на мяне, патраціўшыся на сваіх новых абаронцаў.
З’еў я з маткаю бульбянога супчыку з хлебам, выпіў дзве шклянкі гарбаты ўпрыкуску — і пайшоў шляцца па вуліцах, бо работы ў гэты дзень на лесапільні не было.
Гумар у мяне папсаваўся, хадзіў я нібы ў чым расчараваны. А ўсе магазіны, сталоўкі, кавярні, кандытарскія, бары, буфеты былі адчынены і мнагалюдны.
Скрозь па вуліцах і асабліва ва ўсіх садах, па скверах, на бульварах было поўна гуляючай публікі, хадзіла шмат такіх зявак, як і я.
Усім жа хацелася ўбачыць немцаў і нагледзецца па іх. І ўсіх, як мне здавалася, распірала большае ці меншае пачуццё стаднай узбуджанасці з прычыны такой перамены ў агульным жыцці горада.
Зрабілася мне, нарэшце, брыдка, і пацягнуўся я ў сваю кануру.
V. «УСЕНАЧНАЯ Ў РАМАНАЎЦЫ»
[правіць]У наступныя дні ў Вільню прыйшло многа новых нямецкіх вайсковых часцей, — пяхоты.
І было ўжо ў гэтых часцях шмат такіх самых няшчасных ваяк-задрыпанцаў, як і ў рускай пяхоце.
Усе немцы, як відаць, вельмі згаладаваліся ў паходах, бо надта хціва накінуліся купляць прадукты.
У каўбасні Мэнке, калі я зайшоў туды на хвіліну, купіць сабе сальцісону да гарбаты, перавярнулася іх чалавек трыццаць. І кожпы лезе, прэцца хутчэй паперад, плаціць грошы і нагружаецца, як вярблюд.
Зайшоўся я ў пякарню Мухаметава, аж і там іх поўна, і зноў кожны лезе, сунецца, плаціць грошы і набірае і хлеба і булак так многа і з такою прагавітасцю, што дай яму, дык панёс бы, здаецца, у сваіх торбах усю пякарню.
І тут жа есць, адхватваючы кускі зубамі... Булка тырчыць з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе...
І што мяне асабліва дзівіла: ідзе па вуліцы, есць, і выпусціць газы так, што ўсім каля яго чуваць... Чуваць не толькі носам, але і вухам. І не саромеецца.
Спачатку здавалася гэта мне салдацкім свінствам. А потым бывалыя людзі сказалі, што ў Нямеччыне робяць так на вуліцы, калі трэба, самыя культурныя абывацелі — бо шкодна для здароўя затрымліваць газы. Дагэтуль не ведаю: ці гэта праўда, ці гэта казалі мне, каб пасмяяцца.
І вельмі хутка па іх прыходзе паліцы ў магазінах пачалі пусцець. Змялі, як мятлою. А цэны на прадукты падскочылі ўдвая ў параўнанні з цэнамі, што былі перад адходам рускіх.
Багатыя людзі, пэўна ж, паспелі зрабіць сабе, загадзя, вялікія запасы. А з беднаты, хто не рабаваў складаў, ужо ў першы месяц за немцамі пасядзеў галодны. Не раз пашкадаваў і я, што праспаў у Будзіловічаў.
Нямецкае начальства адразу ж разляпіла па горадзе загад: зброю — рэвальверы, шашкі, бомбы і ўсякую іншую, калі ў каго ёсць, — безадкладна здаць у нямецкую камендатуру. А не здасі, дык будзе крута.
Польскія патрыёты былі вельмі збянтэжаны. Я памятаю, як адзін тоўсценькі пан, у паліце, пашытым як кунтушык, з бамбуковым кіёчкам і ў замшавых пальчатках, чытаў гэты загад на дошцы каля кіёска, што па рагу Віленскае вуліцы і Юраўскага праспекта.
Чытаў-чытаў і забурчэў, быццам жартуючы:
— Зброю здайце, а палкі, калі хочаце, вазьміце... — і пастукаў сваім бамбучком аб тратуар ў бяссільнай злосці.
- * *
Хадзіць па вуліцах пазней дзесятае гадзіны ўвечары было забаронена; праўда што — пад страхам вельмі малога штрафу.
Але досыць было каму спазніцца хоць бы на некалькі хвілін, як патрулі, з нямецкаю акуратнасцю, лавілі і гналі на ўсю ноч, да раніцы, у Раманаўскую цэркву на Пагулянцы.
Праз пару дзён, як яны прыйшлі, папаўся на гэтай іх акуратнасці і я. Гадзіне а сёмай увечары, як звычайна, забегшыся ў свой пакойчык, каб узяць хлеба, ішоў я ў адну танную сталоўку на Віленскай вуліцы. На рагу Давальнай і Пагулянкі нагнаў мяне дзядзька Туркевіч. Ён, аказваецца, паспеў ужо дома перакусіць і некуды ізноў спяшаўся.
—А, — кажа, — вось добра, што і ты, Мацейка, падвярнуўся. Мне жонка сказала, што па мяне прыходзілі. Хадзем адчыняць клуб!
— Наш клуб, свой, рабочы. Ну, прандзэй, прандзэй!
— Я ж есці хачу, да ядальні іду...
— А, ніц, смачней звячэраеш! — і пацягнуў, падхапіўшы пад руку.
Дарогаю ён мне вытлумачыў, што дом на Вароняй вуліцы, у якім мясціліся Палескі клуб і руская жаночая прагімназія Прозарава, стаіць цяпер пусты, кінуты, дык вось хтосьці з нашых рабочых надумаўся забраць яго пад рабочы клуб, пакуль пемцы ў горадзе добра не разгледзеліся.
Думка мне спадабалася, хоць да «адчынення» клуба, на якое пацягнуў мяне вечны энтузіяст дзядзька Туркевіч, было яшчэ далёка.
Прыйшлі мы на Варонюю, у гэты клуб, калі там нікога яшчэ не было. Пахадзілі па пустых пакоях, памеркавалі, як добрыя гаспадары, дзе тут што ў нас будзе, і пайшлі, пакуль падыдуць другія, пасядзець у Вяржбіцкага.
Даўно я не бываў у дзядзькі Вяржбіцкага, даўно яго не бачыў. Увайшлі мы ў так знаёмую мне вялікую браму, завярнуліся ў цемнаватым праходзе ўлева, спусціліся ў яго кватэру.
І ён і ўся сям’я былі ўдому. Сам троху пастарэў, быў нейкі маўклівы. Але прывітаў нас радасна. Пасядзелі, пагаманілі. Цётка Зося пачаставала нас гарбатаю з хлебам, за што я быў ёй вельмі ўдзячны, бо надта хацеў есці.
Потым усе, і з цёткаю Зосяю, пайшлі ў клуб. Там ужо падышло гэтым часам яшчэ чалавек пяць. Электрычнасць не гарэла, свяціў месяц, і пры яго паэтычным таямнічым святле мы, як якія змоўшчыкі, «арганізаваліся», ці лепей кажучы — толькі яшчэ згаварыліся, што рабіць, каб захапіць клуб.
Пастанавілі цвёрда: далажыць усіх старанняў, лезці напралом, а клуб абавязкова забраць. Пакуль што даручылі дзядзьку Вяржбіцкаму павесіць на дзвярах вялікі замок, пад замком прыляпіць паперку з буйнымі літарамі: «Рабочы клуб» і пільна сачыць, жывучы па-суседску, каб ніхто не ўлез у памяшканне наперад нас.
Ісці да немцаў, афармляць справу, пастанавілі прасіць таварыша Эйдукевіча. Самога яго на першым сходзе не было. А ён умеў па-нямецку, быў чалавек настойлівы, і ведалі яго рабочыя як чалавека пэўнага яшчэ з 1905 года.
- * *
Заседзеліся, загаманіліся, строілі розныя планы, дзяліліся навінамі, аж нехта раптам кажа, успомніўшы:
— Ой, браточкі! Ратуйся хто можа: зараз дзесяць гадзін!
Усе — хутчэй дахаты. Я дайшоў з дзядзькам Туркевічам да яго кватэры. Ён кажа:
— Ідзі, Мацейка, начаваць да мяне, калі не хочаш адбыць усеначную ў Раманаўскай цэркві.
— Дабягу! — кажу. Не паслухаў яго, пабег. Бягу, бягу, — вось ужо і мая кватэра... Аж бачу: сунецца нямецкі патруль. Прыліп я да брамы суседняга дома. А на катэдры: блям! блям! блям!.. — і адблямкала дзесяць разоў.
Я ж думаў, што патруль увесь тут: прайшло міма мяне трох немцаў з карабінамі, мяне не заўважылі. Я паціханьку высунуўся ды ля сценкі, ля сценкі, бачком, бачком, скарэй да свае брамы.
Хальт! — як з неба зваліўся чацверты немец. Падбег да мяне і цап за плячо. Каб ты здох! Як ні тлумачыў яму, што вось жа мая кватэра, — не, завярнуў і павалок з сабою. Зараз ён свіснуў, падышло тых трох, і аднаму з іх даручыў гэты, відаць, старшы, гнаць мяне ў «Раманаўку».
Прывёў ён мяне, упусцілі, зачынілі, гляджу: там ужо ёсць чалавек трыццаць ці болей і нават некалькі жанчын. Светла ў цэркві ад электрычнасці, як на вялікдзень. Злоўленыя «багамольцы» сядзяць — некаторыя на лаве, а больш на падлозе, і маўчаць або шэпчуцца, бо гаманіць голасна — забаронена.
А потым, гадзіны праз дзве, пагналі яшчэ чалавек сто. Было ж гэта ў самым пачатку нямецкае акупацыі, калі вілянчане не паспелі яшчэ дысцыплінавацца на нямецкі лад.
Мы думалі, больш ужо нікога не прывядуць. Гляджу: хто ж гэта такія? І смех мяне праняў: гордая Юзя з сваім асцярожным і акуратным членам «польскай міліцыі обыватэльскай»!
І блытаюцца, апавядаючы, як папаліся: ці то ён чагосьці бегаў «толькі да аптэкі», «усяго ж праз вуліцу»... Ці то яна бегала да аптэкі, а ён яе выйшаў шукаць... Адным словам, замяшалася аптэка, і я болей не пытаўся, бо яны вельмі былі сканфужаны прыгодаю.
Так мы ўсе ўтраёх там і заначавалі на голай цэментовай падлозе, у куточку каля вялікае круглае утэрмаркаўскае печы ў чорным сцюдзёным жалезным футляры. Спярша сядзелі, пачалі ўжо былі ціханька смяяцца, жартаваць. Юзя трошкі дражніла мяне, тулілася да мяне і казала:
— Пазяб, мой братулька? Пазяб!
Гневу ў яе на мяне ўжо не было. А Ромусь на яе жарты са мною надзьмуўся, як сыч. А я быў галодны і думаю ў злосці: «Ну і дзьміся, як жаба, паганец!»
Ён кінуў сваё пальцечка Юзі і лёг, адвярнуўшыся. І я здзеў сваё пальцечка, падаслаў ёй, а сам лёг на голай падлозе, адвярнуўшыся. Яна пасядзела, пасядзела між пас, як нямы суддзя, і таксама патрошку звілася.
Вядома, я не заснуў і хвіліны: варочаўся, як і ўсе, толькі я і на левы бок не мог легчы, бо там ляжала яна з сваім «супругам». Пазябне правы бок — лягу на спіну: пазябне спіна — ізноў на той самы бок. Праўда, раненька, а гадзіне пятай, немцы спагналі з нас невялічкі штраф і пусцілі.
VI. КЛУБ НА ВАРОНЯЙ
[правіць]- Дзе я працую, там маё ўсё...
- Ліцкевіч
Праз колькі дзён адбыўся другі сход. Сабралася больш людзей. Быў і таварыш Францішак Эйдукевіч. Дазвол у немцаў заняць памяшканне ён выхадзіў, і ўсе былі вельмі рады.
Раней я неяк мала ведаў Эйдукевіча, хоць быў ён, як я ўжо сказаў, спаміж віленскіх рабочых чалавекам папулярным яшчэ з рэвалюцыі 1905 года, калі кіраваў саюзам гарбароў.
Сам жа ён па прафесіі быў не гарбар, а тэхнік-будаўнік. Па нацыянальнасці быў літовец. З выгляду — поўны, прысадзісты, салідны, у акулярах. Чалавек быў разважныі настойлівы, і даволі адукаваны, і добра ўмеў па-нямецку.
З інтэлігенцыі была на гэтым другім сходзе і яго жонка, таварыш Бурба, жанчына-доктар. Яна потым шмат паклала працы на арганізацыю Рабочага клуба на Вароняй. А ў часы голаду пудамі насіла туды на сваіх плячах муку, крупы — дзе што ўдавалася дастаць. Як жанчыну і доктара, яе немцы лягчэй прапускалі. І яна добра ўмела па-нямецку.
Пачалі запісваць рабочых, рэестраваць, арганізоўваць. Зрабілі сталоўку, пачалі варыць абеды. Потым арганізавалі там свой кааператыў, адчынілі бібліятэку...
Нямала і я туды кніжачак прыцягнуў. Бо калі рускія выйшлі, яны кінулі ў горадзе ўсё ў поўным бязладдзі. Дык рабочыя, ходзячы на работу, калі бачылі, што валяецца рэч без гаспадара, цягнулі яе на Варонюю.
Хто прынёс стульчык, хто столік, а мне і яшчэ некаторым таварышам ручыла на кнігі. І так, патрошку-патрошку, сабралася ў нас на Вароняй свая бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў. Інтэлігенцыя наша потым яшчэ знедкуль нейкія кнігі туды далучыла. Чытаць было што.
- * *
Арганізавалі лекцыі. Чыталі іх Эйдукевіч, Кейрыс, доктар Банькоўскі, таварыш Сахоцкі (тады пэпээсавец), беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч-Кейрыс, што была больш усім вядома пад сваім літаратурным прозвішчам — Цётка, і іншыя.
Як цяпер я добра разумею, у лекцыях быў палітычны разнабой. А тады я гэты разнабой не столькі разумеў, колькі адчуваў. Але адчуваў усё ж даволі добра, што, напрыклад, Эйдукевіч найбліжэй падыходзіць да рабочых, Кейрыс (лідэр літоўскае сацыял-дэмакратыі) ухіляецца ў літоўскі нацыяналізм, Цётка (жонка Кейрыса) з аднаго боку — дужа моцна кранае струны рабочага сэрца, а з другога боку — і яна, не-не дый ударыцца ў нацыяналізм беларускі...
Адным словам, у сэнсе палітычна-партыйным цягнулі пашы лектары «кто в лес, кто по дрова»... Пры ўсім тым, абуджалі яны ў рабочых масах сацыяльную свядомасць, не давалі драмаць класаваму пачуццю. І рабочыя праз іх лекцыі рабіліся наогул больш пісьменнымі, больш развітымі людзьмі.
Лекцыі ж былі, галоўным чынам, на агульнанавуковыя тэмы. Бо немцы пільна прыглядаліся і сачылі за ўсім, што робіцца ў Рабочым клубе на Вароняй.
Аднойчы, калі чытаў лекцыю вядомы адвакат Тадэуш Урублеўскі (што некалі абараняў на судзе лейтэнанта Шміта), у залу нечакана прыйшлі немцы — рабіць праверку сабраных.
На лекцыі той раз шмат было людзей інтэлігентнага выгляду, ці тое «чыста» адзетых. Немцы, мусіць, узялі гэта пад увагу. Запісалі толькі Эйдукевіча і чалавек двух рабочых і пайшлі.
- * *
Аднак жа нацыяналізм некаторых правадыроў знаходзіў тады свой водгук і ў некаторых рабочых, што бліжэй стаялі да гэтых правадыроў. Вядома, калі арганізм кволы, а ліпучая хвароба да яго блізка, дык яна ўжо прыліпне...
Хадзіў у клуб адзін рабочы, кульгавы Смалайліс, чалавек, блізкі да літоўскіх нацыяналістаў. Ён то жартам, то як, а ўсё паціхеньку вёў сваю літоўскую прапаганду. Аднойчы, пры мне, прычапіўся ён да старога Мацейшыса, таксама родам ліцвіна, але ўжо з польскаю разгаворнаю моваю.
— Ты літовец. Чаму ганьбуеш сваю родную мову? — кажа яму Смалайліс.
А Мацейшысу, мусіць, ужо дакучылі і абрыдлі яго песні. І ён, заўсёды з усімі такі ласкавы і ветлівы дзядок, раптам успыліў:
— Калі ты ад мяне адчэпішся, ксяндзоўскі падліпайла? Ці ты хочаш, каб я пачаў на старасці так кульгаць языком, як ты кульгаеш сваёю нагою?
Смалайліс моцпа пакрыўдзіўся, затое не лез ужо да кожнага смалою ў вочы.
- * *
Да рабочых моцных ніякая хвароба не прыліпала. Прыпамінаецца мне адна цікавая размова дзядзькі Ліцкевіча з Цёткаю.
Цётка стварала літаратурную беларускую мову і часта запісвала ў свой блакноцік цікавыя беларускія словы ад рабочых. Ліцкевіч ведае беларускую пародную гутарку дасканала, і вось часам ён наўмысля скажа:
— Хочаш, Цётка, скажу табе адно цікавае беларускае слова... Толькі што ўспомніў:
— Ну-ну, скажы, браточак! — і рада, зараз дастае блакнот.
Ён і пачне ёй баяць, кшталтам таго:
— Вось бачыш, як праводзілі шосу з Пецярбургу на Варшаву, дык быў я тады ў адной вёсцы Дзісненскага павета, каля мястэчка Глыбокага, быў там тады камацёсам...
— Камацёсам? — радуецца Цётка і запісвае, прымаўляючы: — Добрае слова, добрае слова... Гэта там так кажуць?
— Ды не, я табе зусім не гэтае слова хацеў сказаць. «Камацёс» — кажуць і ў нас у Вільні. Я, бачыш, не толькі шавец, я і крыжы магу абрабляць, плінтусы надмагільныя і ўсе словы ведаю, і шавецкія, і камацёскія... А там, бачыш, кажуць, не камацёс, а...
Як-як? Ну-ну? — трымае яна аловак напагатове.
А ён памаўчыць, як бы падражніцца.
— Кажуць там... ведаеш, як? — часак! «Калі панаехала Часакоў!» Дык вось пішы: часак.
Яла запіша слова і прыклад, у якім яно сказана, і адзначыць, ад каго і калі запісала — дзе, калі, і хто, і як казаў. І цешыцца.
Аднойчы, пры мне, яна сказала Ліцкевічу:
— А мой жа ж ты браточку! Якія ж ты добрыя беларускія словы ведаеш! Прыродны беларус!
— Беларус, не адракаюся, — усміхнуўся Ліцкевіч.
— Дык чаму ж гэта не горнешся да беларусаў? — уставіла-ткі яна сваё, як Смалайліс сваё.
І я памятаю, як дзядзька Ліцкевіч, трошку жартліва, трошку насмешліва, а трошку нібы і з нейкаю захаванаю крыўдаю, адказаў ёй тады:
Эх, Цётка! Не мне казаць, не табе слухаць... Павінна ты гэта ведаць лепей за мяне... Я — рабочы. Я — інтэрнацыяналіст. Дзе я працую — там маё і ўсё.
- * *
Славу «шчырага беларуса», з ліку блізка знаёмых мне віленскіх рабочых, меў ужо тады дзядзька Туркевіч, гэты наш «столяр з Пагулянкі».
Ён, з аднаго боку, быў вядомы, як рабочы-рэвалюцыянер, яшчэ з 1905 года і быў свой чалавек у коле такіх маіх добрых знаёмых, як Ліцкевіч, Вяржбіцкі, Тарас, Мацяйковіч і іншыя.
А з другога боку, калі яны да беларускае мовы адносіліся безуважна, а некаторыя, як і мой бацька, нават непрыхільна, дык Туркевіч заўсёды і ўсюды, нават на вуліцах, гаварыў па-беларуску, хоць і польскаю моваю валодаў дасканала, лепш, чым яны.
Адкуль у яго гэта ўзялося?.. — Ён вельмі любіў дэкламаваць. На выгляд быў нібы слабагруды, а калі загаворыць голасна — голас моцны і звонкі, прыемнага тэмбру.
Бландзін з блакітнымі дзіцячымі вачыма, з мілаю дзіцячаю ўсмешкаю, з першага погляду — нічым непрыкметны, меў ён, аднак жа, даволі багатую міміку, — і ў часе яго выступленняў на сцэне нельга было яго пазнаць.
Выступаў як прызнаны і папулярны дэкламатар. І сапраўды — умеў дэкламаваць незвычайна добра. Захопіцца сам, захопіць усіх... У драматычных месцах у яго — уся зала замрэ; у камічных — доўга не сціхне ад смеху.
Найлепш удаваліся яму рэвалюцыйныя беларускія вершы Цёткі, што напісала яна ў рэвалюцыю 1905 года. І вось, мусіць, з гэтых вершаў у яго і пачалося.
Праўда, як мне добра вядома, і Вяржбіцкі і Ліцкевіч, напрыклад, таксама любілі вершы ў беларускай мове. А марцінкевіцкага «Гапона» ўмелі яны абодва ўсяго напамяць — наўчыліся, казаў Ліцкевіч, яшчэ быўшы чаляднікамі, па спіску ад рукі. А да Туркевіча прыліпла.
І адгукнулася потым на ім па рускай прыказцы: коготок увяз — всей птичке пропасть... Але не буду забягаць наперад.
- * *
Там жа, на Вароняй, прынамсі да канца 1915 года, пакуль я быў у Вільні, даволі часта адбываліся сямейныя рабочыя вечарынкі.
Быў у нас свой драмгурток, хор, аркестр. Часам ставілі якую-колечы добрую, падхадзячую п’еску, а часцей — пяялі песні, ігралі на музыкальных інструментах, дэкламавалі, стараліся скончыць усё раней, і разыходзіліся.
На сцэне тады, разам з маладзейшымі, выступалі і «старыя аматары»: Вяржбіцкі, Юхневіч, Туркевіч. Хорам кіравала пані Гаўронская. Хор быў надта добры, і выключна з рабочых.
Пяялі рабочыя песні (колькі можна — рэвалюцыйныя) і народныя польскія, літоўскія, беларускія, яўрэйскія. Я быў у тэнарах.
Бывалі і танцы.
Эх, як добра адтанцоўваў там тады «мазура» малады кравец Вячаслаў Кобак!
Кобакаў было трох братоў: Мечык, Стасек і ён, Вячаслаў. Усе пайшлі ў рэвалюцыю...
Вячаславу было тады гадоў 18—20. Быў ён хлопец здаровы, заўсёды жыццярадасны, вясёлы ў самых цяжкіх умовах.
І ён удзельнічаў у драмгуртку. Умеў іграць на гітары і добра іграў. І ў харавым гуртку ўдзельнічаў.
І быў адменны танцор. Дзяўчаты, маладушкі за ім прападалі. Быў час, што і Юзя Плахінская-Рабэйка бегала за ім, як галодная сучачка за куском мяса. І хто яго не любіў? Усе яго любілі.
А ў забавах ды ў вяселлі не адходзіў ён і ад сур’ёзнае палітычнае работы, хоць і быў яшчэ вельмі малады. Ён арганізаваў у нас саюз краўцоў. І наогул за ўвесь час нямецкае акупацыі быў самым актыўным працаўніком у віленскіх прафсаюзных арганізацыях і выдатным актывістам у клубе на Вароняй.
VII. БЕЛАВЕЖА
[правіць]- Белавежа — вядомая на ўвесь свет — вялікая пушча ў беларускім Палессі. Яна славіцца тым, што ў ёй, дзякуючы стараннай апецы з боку чалавека, жывуць зубры — шляхетная жывёла, якая, на жаль, вымірае...
- Элізэ Рэклю
Віленскія фабрыкі, каторыя засталіся пасля рускіх, паступова скарачалі работу, а потым пачалі і зусім зачыняцца.
Дробныя рамеснікі мелі такую-сякую работу даўжэй. Адылі і ў саматужных промыслах з часам паступіў поўны застой.
Немцы спярша адчынялі падманныя канторы праз падстаўных асоб, розных жулікаў з дробных віленскіх капіталісцікаў.
Абвяшчалі: ідзіце запісвацца, прыходзьце з інструментамі... І вывозілі пад вартаю куды хацелі.
Потым пачалі лавіць беспрацоўных мужчын прост на вуліцы. І калі хто не хацеў ехаць у Нямеччыну ў капальні, дык мусіў хавацца або ўцякаў на вёску і рабіўся там часовым хлебаробам.
Я не меў гэтага клопату аж да канца 1915 года, пакуль працаваў на лесапільні графа Тышкевіча. Работа ішла ў нас па-даўнейшаму. Праўда, пачалі зацягваць выплату зарплаты, прыйшлося пазнаёміцца з барахолкаю, разгрузіцца ад лішніх рэчаў у хаце. Але затое скарачэнняў у нас не было і не прадбачылася, бо работа ў нас не толькі не скарачалася, а нават павялічвалася.
Кажуць: не кажы «гоп», пакуль не пераскочыў... Немцы выдумалі механізацыю. Замест жывых людзей паставілі свае новыя варштаты. І нават і ў нас падвялі пад скарачэнне адразу чалавек трыццаць.
Аднак жа ўсё рабілася не без людскасці: табельшчыкам на маё месца паставілі аднаго старэнькага рабочага, а мяне скарацілі.
І да мяне таксама была праяўлена людскасць. Нават без мае просьбы выдалі мне пасведчанне са штампам: «часова скарочаны», каб не злавілі мяне, з маёю дэфектнаю рукою, дзе-небудзь на вуліцы, пакуль буду шукаць сабе якога зручнага занятку. Памазалі мне па губе салам, а я і рад...
А ўвечары перад саменькім ражством, калі ішоў я да маці, каб з’есці ў яе куцці або хоць напіцца смачнейшае гарбаты, затрымалі мяне немцы па Юраўскім праспекце, каля вітрыны з каўбасамі.
Пашпарта пры мне не было. Я ім тыц сваё пасведчанне: «часова скарочаны». Пакруцілі яны носам, пакруціў адзін, пакруціў другі, і па ўсякі выпадак, каб не было памылкі, папрасілі мяне прагуляцца з імі аж за Віллю, праз Зялёны мост, у былыя пяхотныя казармы 106-га Уфімскага палка.
Не далі рады мае тлумачэнні і пратэсты. Нарэшце, бачачы перад сабою людзей тупагаловых, а таксама добра ўжо ведаючы нямецкую акуратнасць, не надта я і тлумачыў і пратэставаў: сцішыўся і паплёўся з імі, як па ланцугу, — там разбяруць!
Прывялі мяне туды і зачынілі мяне там, пакуль што, з іншымі такімі ж разявакамі, што папаліся ім у кіпці на вуліцы, як і я. Але я быў пэўны, што ўсіх вывезуць, а мяне выпусцяць, і спакойна чакаў разбору справы. Толькі застаўся без куцці і без гарбаты.
Калі ж чаканне зацягнулася ледзь не да паўночы, спакой мой трохі парушыўся, але спаць на нары я не лёг. Каля паўночы скамандавалі выходзіць, толькі чамусьці не аднаму мне, а ўсім... А калі мы выйшлі, абкружылі яны нас штыхамі з усіх бакоў і пагналі на вакзал.
Там, у ціхім тупічку, пасадзілі яны нас у «цяплушку» без печы, толькі з дзіркаю для трубы ў столі, зачынілі на замок і павезлі ў невядомым кірунку.
Усім калектывам трэсліся мы ад сцюжы, як цюцькі, а ў залежнасці ад індывідуальнасці — хто плакаў, хто маліўся; адзін кандытар вельмі плакаў, што жонка ў яго павінна праз колькі дзён апрастацца ад цяжару...
А я вельмі шкадаваў, што не мог нават паштоўкі маці скінуць, каб хоць ведала, дзе я дзеўся, чаму не прыйшоў на «ціхую святую вячэру»... Пацяшаў я сябе тым, што і тут не без дабра: гэтак я скіну з сябе, нарэшце, ланцугі сямейнае прывязнасці, не буду трымацца за матку, як сысунок.
У дарозе каго вывелі раней, каго пазней, і новых да нас на станцыях падсаджвалі. Усе вельмі баяліся, каб не павезлі ў Нямеччыну, у капальні. І калі мяпе выводзілі, кандытар крычаў мне ўслед, абліваючыся слязьмі:
— Шчаслівы! Шчаслівы!
- * *
Шчасце маё было ў тым, што прывезлі мяне на работу ў Белавежу, у самую пушчу каля вёскі Дубровы, на лесапільню № 3. І прабыў я там месяцаў дзесяць, пакуль не ўцёк.
Лесапільня наша была даволі вялікая. Мела яна восем вертыкальных лесапільных рам — для звычайнай распілоўкі, тры гарызантальныя — для распілоўкі вялікіх кражаў з дарагіх цвёрдых парод, потым некалькі абразных баліндэраўскіх варштатаў, шмат цыркульных і маятнікавых піл-тарцовак і розных іншых.
Дрэвы спілоўвалі і ручным спосабам і піламі з прыводам ад невялічкага маторчыка. Вывозілі і конямі, і трактарамі, і рукамі на вагонках па вузкакалейцы. Падганялі па вадзе — рэчкаю, каналамі, канаўкамі. Карчавалі пні і цэлыя дрэвы таксама і ручным спосабам і падрыўнымі шашкамі. Бярвенне распілоўвалі на брусы, брускі, дошкі ўсялякіх размераў і гатункаў — галоўным чынам, для пабудовы стандартных дамоў, баракаў, траншэй, бліндажоў, а таксама на матэрыял для пабудовы караблёў, вагонаў, аэрапланаў, розных варштатаў. Рабілі і шпалы для шырокакалейных і вузкакалейных чыгунак. Рабілі крапленні ў шахты. Дралі дранку, стругалі гонт, фінскую стружку. Улетку займаліся падсочкаю жывіцы, абдзіралі бяросту, гналі смалу. І чаго толькі не рабілі...
Усё вывозілі ці ў глыбокую Нямеччыну, ці на розныя нямецкія франты, ці на пабудову дамоў, складаў, вузкакалеек у розных нямецкіх тылах. Вясною нават круцілі дзіркі ў бярозах і клянах, збіралі сок у начовачкі, злівалі ў бочкі, рабілі квас і вывозілі. А начовачкі і бочкі былі таксама нашага вырабу, нашых майстэрань пры лесапільні. Да чаго ўсё было добра, па-гаспадарску пастаўлена і арганізавана!
Работы было шмат. Працавала нас там, толькі на адной пашай лесапільні № 3 разам з лесарубамі і вазакамі, чалавек восемсот, калі не болей. Жыць было вясёла... І ніякіх звяроў мы там не баяліся, бо ўся лесапільня, з біржаю матэрыялаў, з сушыльняю, з майстэрнямі, з электрастанцыяй і з усімі нашымі баракамі, была абнесена высачэзнаю агароджаю з слупоў і колкага дроту, па якім уночы немцы пускалі ток вялікае моцы.
А начавалі мы ў бараках пад замком, і каля кожных надворных дзвярэй, і па падворку, і каля варот, і за агароджаю, і па дарогах у лесе, і па эстакадах пры станцыі, і ўздоўж па калейцы — дзённа і ночна стаялі і хадзілі з карабінамі на плячах і бомбамі за паясом нашы верныя стражы, нямецкія салдаты. Яны ўсе былі троху інваліды, але вельмі стараліся добра служыць тут, у лесе, каб не трапіць ізноў туды, на фронт.
- * *
Наогул, немцы былі надта ўважлівы да нашага бытавання. Напрыклад, у лазню ганялі нас абавязкова праз кожныя дзесяць дзён. Змяшчалася яна ў асобным, вясёленькім барачку, як і кухня, бальніца, швальня. Была з добрым прымыльнікам — раздзявацца, і з дэзінфекцыйнай камерай — смажыць нашых паразітаў.
У прымыльніку ўзімку стаяла чырвоная распаленая жалезная печ, а ад акна павяваў сняжком прахалодлівы ветрык. Раздзеўшыся, адразу можна было трымаць адзін бок у пекле, а другі ў раю.
Чарга здаваць вопратку ў дэзінфекцыйную камеру была невялікая: цэлых чатыры немцы хапалі нашу вопратку ў нас з рук ражнамі і маментальна падчэплівалі яе на крукі ў духавых шафах.
Зараз вялі ў лазню. Усё было вельмі культурна, вельмі арганізавана, усё ішло па гадзінніку на руцэ ў немца. Мыцца — 25 хвілін. Даюць лыжачку жыдкага мыла, наліваюць на далонь, — і марш пад душ.
Дзеля тэй жа культурнасці парнага аддзялення, так шкоднага для здароўя, у пашай лазні пе было, хоць і жадалася дзікаватым людзям, як мы, паляжаць у цёпленькім і пацёпкацца... Былі зроблены душы над галавою.
Аднак жа і нямецкая тэхніка часам «качала»... Дожджык павінен сыпацца з сіцечка па галаву, а ён не сыплецца. А калі, нарэшце, пасыплецца, дык або такі гарачы, што і галава аблезе, або такі сцюдзёны, што і вар’ят апрытомнее.
Але акуратны немец акуратна рэгулюе — хвілін 5—10. Не яго клопат, што тэрмін наш кароткі, зараз канчаецца, вось ужо скончыўся, і нас гоняць далей.
Адзяёмся мы ў другім прымыльніку, праз лазню ад першага. Ізноў чатырох немцаў з ражнамі адчыняюць заслоны ў духавых шафах, ужо з гэтага боку, і маментальна павыкідаюць усю вопратку — гарачую, падсмажаную, аж прыпахвае патэльняю з-пад бліноў.
— Хутчэй, хутчэй, рускія свінні! — ласкава жартуючы, падганяе немец з гадзіннікам на руцэ.
— Ну, ну! Хутчэй, хутчэй! Польскія свінні... — таксама ласкава ўторыць яму другі немец, таксама з гадзіннікам на руцэ.
Была тут у нас і свая бальніца, у асобным і таксама даволі вясёленькім барачку. Не давялося мне там ні добра адпачыць, ні супакоіцца навекі, як удалося вельмі-вельмі многім.
Але на медыцынскіх аглядах пабываў там шмат разоў і я. Там быў пацешны старэнькі доктар-немец, што раней доўга жыў у Лодзі і добра ўмеў і па-руску і па-польску.
Ён быў кароценькі, лысенькі і надта рухавы чалавечак. За хвіліну паспее вывернуць чалавеку бялкі, патыцкаць пальцам у бруха, сказаць, што годзен у лесарубы, і наўздагон крыкнуць:
— Галоўнае, старайся есці не па-сабацку, а па-людску!
Усіх ён нас жалеў, усім нам гэта крычаў, а звыш таго — абавязкова два разы ў месяц чытаў у кожным бараку лекцыю: як гэта трэба есці не па-сабацку, а па-людску.
Сакрэт яго быў невялікі: есці трэба павольна, добра жуючы кожны глыток і яшчэ і яшчэ раз абсліньваючы яго з усіх бакоў, перш чым пусціць з рота ў жывот.
Ён упэўніваў, што пры такім, людскім, спосабе ядзення, — пайка нашага нам зусім досыць. На жаль, ніхто з нас не здолеў праверыць правільнасці яго вывадаў, бо ўсе мы настолькі прызвыклі да шыбкага, сабацкага спосабу, што неабсліненыя кускі скакалі ў нас з рота ў жывот, як жывыя, паміма нашае разумнае волі...
Кармілі нас увесь час вельмі далікатна: каваю з жалудоў. Зрэдку быў мужыцкі супчык з бульбовага шалупіння. Хлеба да кавы ці да супчыку давалі таксама з разлікам на вельмі далікатныя жываты: маленькую скібачку, увелькі з пальцы, цененькую-цененькую. Хлеб быў напалову з бульбяное шалухі і розных адсевак, але немцы ўмелі яго так добра пячы, што быў ён нам незвычайна смачны: здаецца, дай яго цэлы бохан, дык адразу ўвесь умалоў бы.
На кармленне ўтрымлівалі з платы, але зусім мала. Так што, хоць плацілі нам у дзень усяго паўмаркі, ці тое 22 з палавінай капейкі, — даплачваць за яду не прыходзілася. А пры некаторай ашчаднасці можна было нават сабраць грошы пра запас...
VIII. ГЕМАРОЙ
[правіць]- Ат, шышкі выразаць, чапурышкі выразаць...
- Патрымайце задніцу ў гарачай вадзе, і нічога не трэба выразаць...
- Доктар Рубінштэйн
Мяне гэты доктар-дзівак на першым жа медыцынскім аглядзе збракаваў за маю дэфектную, сагнутую ў локці руку, і запісаў у сваім кандуіце, каб прыставілі мяне прыбіральшчыкам на кухні. І мяне прыставілі.
І першыя тры месяцы быцця свайго ў гэтай знамянітай на ўвесь свет Белавежы, дзе разагналі мы тады, аднак, усіх зуброў, быў я ўсяго толькі мізэрным дрываносам, і падмятальшчыкам, і судамыем на кухні, і ніякіх зуброў не бачыў. Праўда, затое не быў я надта галодны, нават пры сваёй прыраджонай жарлівасці.
Але не хлебам адзіным жыве чалавек, і «лепш быць вольным ваўкалакам, чым на прывязі сабакам»... Калі зашумела вясна, а потым забуяла зялёнае лясное лета, пацягнула мяне з душнае, чаднае кухні на чыстыя, вольныя прасторы, адкуль зручней было і зусім уцячы з лесапільні. І выпрасіўся я на работу ў лес.
Якая, аднак, нуда... Кожны дзень уставай а шостай гадзіне раніцы. Гоняць у лес кіламетраў за восем — дзесяць. Работа да вечара — вырабі норму: восем — дзесяць кубаметраў, у залежнасці ад пароды і спосабу рубкі (выключна ручным спосабам ці з механізацыяй). Яду прывозяць у паходнай кухні — разбаўтаную, як кароўскае пойла (няўдалае параўнанне, бо каровы ж каву не п’юць). Пакуль нормы пе вырабіш, у баракі не пусцяць, хоць начуй у лесе. Потым — пакуль дацягнешся, як раскірэка, назад...
І ўцячы мне не ўдалося. Аднаго разу, увечары, нават ужо ўзлез на хвою, і вартаўнік не заўважыў. Але некаму з нашых жа рабочых зрабілася сумна, што пойдзе ён у баракі без мяне, і ён шапнуў варце. Варта сабрала каля хвоі, на якой я ціханька сядзеў, усіх рабочых і загадала, нібы нічога не ведаючы, пілаваць дрэва. І не паспеў я спаўзці ніжэй, як шыбка паплыў разам з дрэвам на дол. Абскрабаўся троху аб сукі, але падскочыў з зямлі, як векша, і смеху было шмат...
Уцячы не ўцёк і абяссілеў скора, як вялы хрэн. Разоў дзесяць падаваў рапарты, каб перавялі ізноў на кухню. Нарэшце ўзялі-ткі на спецыяльны медыцынскі агляд, і мая дэфектная рука ізноў мяне вывезла. Толькі цяпер не прыставілі мяне да працы па кухні, а далі работу на лесапільні.
Там прайшоў я за лета і восень амаль што ўсе работы: і скабліў скобляю «балянсы», і падпіхваў пяхною бярвенне па канале да транспарцёраў, і падкочваў вагонкі да рам, стаяў троху і пры варштатах. Усё гэта пайшло мне потым на карысць, бо з цягам часу паставілі мяне на зусім лёгкую работу, як бы памочнікам майстра, і давалі лепшы паёк. Таму і здолеў я вытрымаць, пакуль не ўцёк. Нават і грошай троху сабраў, і яны спатрэбіліся пры ўцёках.
Уцячы стараліся ўсе, бо чамусьці нікому не хацелася застацца тут навекі на прыгожым узгорачку пад старымі ясенямі і клянамі. Могільнік быў надзвычай паэтычны. Не ведаю, ці захаваўся ён да гэтага часу. Нішто не вечна... Пісалі на крыжах хімічным алоўкам: «Сьвенты покуй — такі-то»... Пэўна, дажджы даўно пазмывалі ўсе гэтыя напісы.
- * *
Мяне доўга не брала ніякае ліха, пакуль не прычапілася адна такая хвароба, якою некалі «пры паненках» не прынята было хваліцца. Цяцер часы не такія, дык магу смела выказаць свой погляд, што завецца гэтая хвароба вельмі гучна, грыміць яе назва, як труба: гемаррой!
Не кожны можа ацаніць гэту цікавую хваробу. Галоўная яе асаблівасць, што чалавек як быццам і не хворы, але нельга ні хадзіць, ні стаяць, ні ляжаць: распіраюць яго сваёю балючаю нудою самыя мізэрныя шышкі ў самым мізэрным месцы. І загналі мяне мае шышкі, — нарэшце-ткі! — у лесапільную больніцу.
Паляжаў я там дзень, а ўвечары доктар-дзівак загадаў везці мяне ў шпіталь у вёску Дуброву па аперацыю, выразаць мне шышкі. І калі везлі мяне — «цёмнаю ночкаю ды нявіднаю» — выскачыў я ціханька з фургона і даў такога стракача з дарогі ў поле, па снягу, па балоце, што ўвесь свой гемарой без аперацыі за адну ноч вылечыў. І бег, і ішоў, і ракам поўз, і енчыў ад сваіх шышак аж да слёз, але ўцёк, ад немцаў уцёк!
Прыбег я раненька ў вёску Зубры, у крайнюю хату, і схавалі мяне там добрыя людзі на цёплую печ, а калі троху адлежаўся, адсопся — накармілі мяне гарачаю бульбачкаю з сыраквашаю, чаго не еў я, здаецца, ужо цэлы век.
Але вось бяда: за ўвесь час нямецкае акупацыі нельга было без дазволу пераязджаць з месца на месца, не толькі з Белавежы ў Вільпю, а нават з воласці ў воласць. Бралі немцы за пропуск спярша золатам, потым серабром. У той час, калі ляжаў я ў Зубрах на печы, бралі яны ўжо з каго серабром, а з каго і яйкамі. Аднак клопат мне быў вялікі. І пастанавіў я цягнуцца да самае Вільні па начах, пешаю падарожаю...
На ўсё ёсць на свеце добрыя людзі! Схадзілі некуды, мусіць, у гміну, а можа — у якую падпольную друкарню, і чысцюсенькі пропуск, да самае Вільні, прынеслі мне... Вядома, з умоваю, што буду ж і я парадачны чалавек, нікому нічога не скажу, і апрача таго — аддам ім за начлег, за прывет, за паслугі ўсе свае марачкі. Не, не ўсе, — троху пакінулі і мне: на білет, і даць сторажу на станцыі, каб ён купіў мне білет і пасадзіў мяне, а сам я каб не дужа ля касы ў вочы лез.
Былі гэтыя дзівакі, што так ласкава ратавалі мяне: гаспадар хаты — сівавусы дзядзька з былых царскіх белавежскіх леснікоў ці аб’ездчыкаў, і яго дачка, салдатка былая пакаёўка белавежскага ляснічага. Успаміналі яны мне сваё мінулае жыццё, як салодкі сон, і пракліналі вайну і немцаў усімі праклёнамі, якія толькі ведалі — і на рускай і на польскай мовах.
І дайшлі да такой чуласці, што далі мне на дарогу камок талакна ў чысценькім беленькім шматочку. І калі дзянёк мінуў і прыйшоў цёмны вечар, падзякаваў я ім ад усяго сэрца і выйшаў ад іх ціханька, каб ніводзін сусед не ўбачыў, каб самы чулы і самы брахлівы сабака не ўчуў і не вяхнуў.
І пасунуў я пехатою на станцыю за дваццаць кіламетраў. Спярша здавалася: што мне гэтыя дваццаць кіламетраў! А ішоў-ішоў, цягнуўся-цягнуўся, прыцягнуўся толькі раніцою, ледзь жывы.
Знайшоў там таго стоража, пра якога казалі яны мне. Завёў ён мяне ў сваю хатку, недалёчка ад станцыі, гарбатаю напаіў і спаць паклаў. Спаў я да вечара, як забіты.
Прыходзіць ён, будзіць мяне, білет прынёс... «Скарэй, скарэй... Зараз пасаджу ў такі вагон, дзе ў мяне кум правадніком».
Калі ішлі, нават пад ручку мяне падхапіў, праз нейкія вароты міма вакзала працягнуў — і прост да вагона, да кума ў яго рукі... А цёмна, і мокры снег, і дожджык...
Сеў я на лаву ў кумавым куточку, да сценкі спіною прыхінуўся. Машына: гу-гу-гу-у! — і загрымелі колы, і пасунулася ўсё ў мяне пад нагамі... Сэрца маё ад радасці замірае: заўтра буду ў Вільні!..
Адгрымелі мае лесапільныя варштаты, адскрыгалі пілы... Толькі цёмныя хвойкі ў памяці нібы шэпчуць-шэпчуць...
ІХ. НАВІНЫ ЗА ГОД АДСУТНАСЦІ
[правіць]Прыехаў я ў Вільню — па вуліцах хлюпа, мокры снег, сцюдзёны вецер. І ўвесь горад — нейкі хмуры, брудны, нехарошы. Але рад я без меры, што вырваўся з няволі, вярнуўся.
Прыехаў я раніцаю і адразу накіраваўся быў на сваю старую кватэру, але балазе абдумаўся...
«Гэта ж мяне будуць шукаць, могуць прыйсці і з вобыскам, значыцца, трэба нейкі час хавацца», — прыйшло ў галаву, і я доўга размысляў, да каго ж мне накіравацца. Надумаўся зайсці да дзядзькі Туркевіча.
Дзядзьку Туркевіча знайшоў я, з прычыны свята, удому. Але я спачатку не пазнаў яго... Ён страшэнна схуднеў, быў даўно няголены, аброс шчацінаю.
Жыў ён цяпер, аказваецца, адзін. Сям’ю адаслаў у вёску, да жончынае радні, недалёка ад Вільні, і яна так-сяк там перабівалася. А сам па-даўнейшаму працаваў на лесапільні ў Тышкевіча, столярам, і ледзь не паміраў з голаду. Зарабляў усяго 60 пфенігаў у дзень, — меней, чым я ў апошнія месяцы на лесапільні ў Белавежы. І хапала яму толькі купіць дзвесце грамаў хлеба і порцыю супу ў грамадскай страўні.
Ад яго я даведаўся навіны...
Клуб на Вароняй так-сяк яшчэ трымаецца і шмат каго ратуе ад галоднае смерці.
Першага мая (1916 г.), нягледзячы на акупацыю, рабочыя святкавалі, і ў гэтым таксама была вялікая заслуга клуба на Вароняй.
А цяпер, — казаў ён, — ходзяць глухія чуткі, што Расія хоча ўжо мірыцца з Нямеччынай. Але ўсе жывуць як у тумане, ніхто нічога не ведае, кожны думае толькі аб скарынцы хлеба ды чарпаку зупы...
Потым з вялікім жалем пачаў ён успамінаць нябожчыцу Цётку-Кейрысову, шкадуючы аб яе дачаснай смерці. Памёрла яна яшчэ ў лютым месяцы, скора пасля таго, як мяне вывезлі з Вільні. Паехала ў вёску, адкуль была родам, у Лідскі павет, збіраць статыстычныя даныя, каб прасіць немцаў аб якой дапамозе, бо там людзі вельмі паміралі ад тыфусу. І сама заразілася і памёрла.
Аб маёй маці ён нічога не ведаў. Прыпамінаў, што бачыў яе, здаецца, на Вароняй, у чарзе на зупу, але даўно, яшчэ ўлетку.
- * *
Ад яго пайшоў я да Будзіловічаў, шукаць маці.
«Чаму гэта стаяла яна ў чарзе на зупу, калі служыць у Будзіловічаў?» — дзівіўся я і быў ужо няпэўны, што знайду яе на старым месцы.
Адчыніла мне і ўпусціла ў кухню — Стася Будзіловіч.
У кухні ўсё было іначай, нібы папусцела, і маці не было.
Стася падсунула мне стульчык і сама села. Я паглядзеў на яе...
За апошлі час яла многа падрасла, была ўжо амаль што дарослая дзяўчына і была вельмі-вельмі прыгожая, як і яе матка, пані Будзіловіч. Але і яна пахудзела, збялела, карыя вочы зрабіліся вялікія-вялікія і здаваліся зусім чорнымі на бледным твары. І была яна ўся ў чорным і зараз заплакала.
Аказваецца, усяго тыдні два таму назад памёр бацька, пан Будзіловіч, і засталіся яны з маткаю ўдзвюх.
— Болесь у Расіі, нічога не піша, і прыедзе — татусі ўжо не знойдзе, — горка ўздыхнула бедная дзяўчына. Схадзіла да маці, сказаць, хто прыйшоў, з кім размаўляе, і зноў вярнулася.
Цяпер маці яе ляжала хворая, і яна, праз яе хваробу, шмат лекцый у гімназіі прапусціла. Наогул, не ведаюць, як цяпер жыць і што рабіць. Дапамагае дзядзька, Ян Корсак, доктар, што жыве на Кальварыйскай. Запрашае іх перабрацца да яго, жыць адною сям’ёю. А пакуль што — маці папісала Адэльцы Ёдцы ў Варшаву, каб прыехала да іх...
Адэлька дала згоду і ў тым жа сваім адказным лісце пісала ім, што Расія просіць ужо ў немцаў міру, вядуцца тайныя перагаворы, і што як Расія памірыцца, дык немцы скора перамогуць усіх, вайна скончыцца... Польшчу немцы аб’яднаюць пад сваёю зверхнасцю... Так пісала Адэлька з Варшавы.
А маю матку, казала Стася, ялы разлічылі яшчэ ўлетку. Ах, як не хацелася ім, — казала яна нібы вінаватая, — не хацелася адпускаць яе ад сябе ў такі цяжкі час, але мусілі... — Татка ўсё хварэў, сродкаў ніякіх...
«Як хутка растуць дзяўчаты: учора дзіця, сёння — жанчына», — падумаў я, гледзячы па Стасю, і спытаўся, дзе жыве цяпер мая маці. Але яна не ведала, хоць маці бывае ў іх зрэдку... — «Вось і на хаўтурах была...»
Стася ізноў заплакала, устала са стульчыка. Устаў і я. Развіталіся.
- * *
Цяпер накіраваўся я да Плахінскіх. Ішоў неахвотна. Не хацелася чамусьці спаткацца з Ромусем Рабэйкам. Я ўяўляў сабе яго гаспадаром майстэрні. Пэўна, прыбраў ён ужо да сваіх рук брыклівую Юзю. Апякуецца Янінкай. Маці мая, пэўна, часам бывае ў іх, і яны таксама падкармліваюць яе з свае ласкі, як і Будзіловічы...
У гэтых сваіх думках я не заўважыў, як каля новага польскага тэатра, па Пагулянцы, стыкнуўся твар у твар з тоўстым і вусатым, як Тарас, але па вопратцы — не Тарасам, а немцам. Першая думка была ў мяне — уцякаць... Рука памацала пропуск у кішэні. А ён засмяяўся:
— Куды паўзеш?
Сапраўды — Тарас. Пастаялі з хвіліну, пагаманілі... Аказваецца, ён — рэвіровым у 7-м цыркуле, а Вяржбіцкі — таксама рэвіровым, у 4-м цыркуле... Ну і навіны! Але што дзіўнага: каб не памерці з голаду, усе рабочыя хапаюцца цяпер за ўсякую работу...
А вось і карысць ад новае Тарасавае службы: ён дастаў з кішэні кніжачку і на лістку са штампам цыркула папісаў ад свайго імя запіску, што чорнарабочы Мацей Мышка накіроўваецца ў нейкую кузню ўзяць там і прынесці ў цыркул нейкія ламы, што давалі туды тачыць... І размашыста расчыркнуўся. Такая запіска, ды з такім росчыркам — лепш за ўсякі пропуск!
- * *
Тое месца па Вялікай Пагулянцы, дзе была майстэрня і кватэра майго дзядзькі Антонія Плахінскага, я добра ведаў і памятаваў, а цяпер не мог знайсці. Нумар жа забыўся.
Прайшоў раз, прайшоў два — няма ніякае майстэрні. І дзе раней былі, здаецца, магазіны, цяпер зрабіліся нейкія склады, ці што, вісяць паржавелыя замкі, вітрыны забіты дошкамі.
Каля брамы стаяў, абапёршыся па абмызганую мятлу, худы і жоўты, як шкілет, з сіваю шчацінаю на падбародку і ў шабадраным балахончыку, просты чалавек — як відаць, стораж. Я — да яго. Аж гэта — адзін з былых майстроў майго дзядзькі, а цяпер тут — дворнік.
Ад яго я даведаўся, што майстэрня даўным-даўно зачынілася. Рабэйка, малады гаспадар, папрадаваў усе калодкі і ўвесь інструмент: пажы, і рашпілі, і шыльцы, і вільцы... А сам потым з’ехаў некуды, — кажуць, у легіёны да Пілсудскага, ці што... Жонка яго, з дзіцянём і з сястрою, перайшла па новую кватэру, на Вастрабрамскую вуліцу.
Нумару дома ён не ведаў, але бываў там — хадзіў да Рабэйчыхі, калі Рабэйка звёз яму пару марак. І стары, усё гэтак жа абапершыся на мятлу, як змучаны салдат на стрэльбу ці жабрак па кастыль, падрабязна, не спяшаючыся, апісаў мне, як ісці, які дом, а жывуць у сутарэнні, ад брамы направа, у адным пакоі з нейкаю бабуляю, цёткаю іхняю, ці што... Я падумаў: «Якая ж там яшчэ бабуля? Хіба гэта ён пра маю матку?»
- * *
Усё так, як ён казаў, я і знайшоў. Пакой займалі даволі вялікі, і быў ён чысценькі, толькі з такою вільгаццю ў двух задніх кутах, што нават тынкаванне (штукатурка) там размякла і абсыпалася. І паветра, як увойдзеш з вуліцы, было цяжкое, вільготнае, бо даўно ўжо стаялі халады, а яны палілі ў грубцы праз дзень-два і то трэсачкамі і хварастком — дроў не было. Хадзілі збіраць ламаччо ў бор аж за Антокаль, з мяшкамі. Часам прыцягвалі адтуль якую дошку з пакіненых дач.
Стаялі тры ложкі. Юзін — у сушэйшым кутку, ля печы. Пры яе ложку стаяла зыбка, а ў зыбцы ляжаў яе першародны, але, здалося мне, даволі жалкі — Напалеонусь, названы імем Юзінага брата, што памёр гадоў дзесяці. Юзя таго свайго брата, хлопчыка, вельмі любіла. Громкае імя спадабалася і Рабэйку.
Матчын ложак стаяў налева ад уваходу, каля вільготнай сценкі. Калі я прыйшоў, яна сядзела на ім згорбіўшыся, і жахнула мяне сваім выглядам — да таго змізарнела і пастарэла — зусім бабуля... Жыла яна цяпер з таго, што ўвайшла ў хаўрус з дворнічыхай. Дворнічыха пякла «бабку» — такі хлеб часоў нямецкае акупацыі, чорны, як цэгла, з бульбянога шалупіння, асевак, ільняных жмакаў... А маці тую яе «бабку» прадавала пад «Галяй», каля вакзала.
Юзя брала работу дадому — шыла мяшкі на нямецкае інтэнданцтва. І яна значна пастарэла, збялела, вочы ўваліліся, але зрабіліся большыя і чысцейшыя. Яна, такою, стала мне нібы падабацца, бо варушыла ўва мне пачуццё жалю і спагады. Калі я прыйшоў, яна карміла дзіця. Усхапілася, радасна абняла мяне і пацалавала, як роднага.
Янін ложак стаяў направа ад уваходу, пры сцяне, што на падворак, да брамы. З акна на вуліцу тут было святлей, і недалёка стаяў стол. Янінка служыла падавальшчыцаю ў нямецкай вайсковая парыкмахерскай, аж у самым канцы Кальварыйскай вуліцы, страшэнна далёка, і прыходзіла позна.
З прычыны свята сёння яе адпусцілі раней, і калі яна прыйшла, я быў і надта рад ёй, вясёлай, маладзенькай, і прост залюбаваўся на яе... Вырасла за год многа, была худзенькая, але наогул нішто, здаровенькая дзяўчынка. І прыгожая — залюбавацца: стройненькая, гібкая бландзінка, з багатаю белакураю касою, з сінімі васільковымі вачыма. Усміхнецца, як сама радасць...
Ёй цяпер жылося лепей за ўсіх, бо хаця зарабляла яна вельмі мала, як і ўсе, але атрымлівала ў парыкмахерскай вайсковы абед, ела, як салдат. Апрача таго, давалі ёй там часам павідла, часам маргарыну і нават, — праўда, зрэдку, — галеты! Большага шчасця звычайнаму чалавеку нельга было і жадаць сабе тады ў Вільні...
За ўвесь час мае адсутнасці, гэта з канца 1915 і да лістапада 1916 года, не было з Расіі ніводнага ліста ні ад майго бацькі, ні ад дзядзькі Антонія.
Аказваецца, і ад мяне маці не атрымала ні разу нічога, ні лістоў, ні адкрытак. Таму і не пісала мне, бо не ведала, куды пісаць. Не ведалі яны, куды мяне вывезлі. Думалі, што ў Нямеччыну, у капальні.
Х. НАПАЛЕОН
[правіць]- Мы все глядим в Наполеоны...
- А. Пушкін
Як жа ж была маці рада, калі я неспадзявана з’явіўся! Жахі на лясных разработках не здаліся ёй жахамі. «Там жа вас кармілі, і ў бараках цёпла было», — сказала яна нібы з зайздрасцю і пачаставала мяне кавалкам свае «бабкі» і настоем ліпавага цвету, без цукру і без сахарыны.
Смак быў невялікі. «Каб наеўся гэтага хлеба без прывычкі, дык напэўна здох бы»,— думаў я, хвалячы «бабку» маці ў вочы без усякага сораму. Ёй было прыемна, што я не грэбую. І яна здаволена ўсміхнулася, і адламіла і сабе крошачку пакаштаваць, нібы хацела яшчэ раз праканацца, што «бабка» смачная.
Аднак яе пачастунак толькі раздражніў мяне. Есці мне захацелася страшэнна. Жаданне есці падобна да зубнога болю: ные і ные... Тады лепей чым заняцца, каб адхіліць думкі ў другі бок. Адхіліць іх не так-то лёгка...
Яны ў мяне троху адхіліліся, калі маці дастала з-пад ложка мой кошык з рэчамі, сказаўшы: «Потым разбярэшся, сынку. Пашпарт ляжыць згары». Калі мяне вывезлі, яна схадзіла па маю кватэру і ўсё маё забрала.
Свайму нямецкаму пашпарту я быў цяпер бясконца рад. Добра, што не было яго тады пры мне, калі яны мяне затрымалі перад вітрынаю з каўбасамі. А чаму яна сказала: «Потым разбярэш», — я вельмі лёгка зразумеў, адамкнуўшы кошык і прыадчыніўшы крышку...
Разбіраць там не было чаго. Амаль усё было ўжо мною разабрана яшчэ летась, калі нам пачалі затрымліваць зарплату ў Тышкевіча. Але акуратненька ляжала, завінутая ў паперу, тая важная, прыгожая вышываная кашуля, што мне падаравала Юзя, а ў кашулі, у другой паперачцы, ляжала залатое пяро «Самапіс», яшчэ лепшы яе падарунак...
Мяне брала спакуса зараз надзець кашулю, сесці за стол, узяць пяро ў рукі — і пасядзець з хвілінку, каб Юзя хоць раз пабачыла свае дары ў належным прыстасаванні. Бо калі заўтра занясу на барахолку, — ніколі ўжо не ўбачыць. Насілу я ўтрымаўся. І павесялеў, нават есці хацець забыўся.
Калі я адлажыў, што хацеў узяць, і маці лёгенька падсунула кошык назад пад ложак, Юзя сарамліва запрасіла мяне паглядзець бліжэй на яе Напалеона. Мне тады было яшчэ незнаёма гэтае матчынае жаданне паказаць сваё дзіця блізкаму чалавеку. «Што там яго глядзець», — думаў я, але з ветлівасці падышоў да зыбкі, як вол на ўбогі. Яна, заззяўшы радасцю і трывогаю, разгарнула лахманы...
І здалёку, пад безуважным поглядам, здаваўся мне яе Напалеон даволі жалкім, а цяпер — сэрца ў мяне перавярнулася ад жалю... Дохленькі паўтрупік, худы-худы, вочы сумныя, і зморшчыўся, як ідыёт, хацеў, мусіць, заплакаць — і голасу не сабраў. Юзя казала, што радзіўся ён вельмі здаровы, важыў каля чатырох кіло, але потым захірэў, жывоцікам усё мучыцца...
Янінка паказала мне альбом для вершаў, што падараваў ёй, казала, адзін вельмі сімпатычны немец з Берліна. Яшчэ троху пасядзелі, пагаманілі, і пайшоў я зноў да дзядзькі Туркевіча, узяўшы пашпарт, пяро і кашулю.
- * *
Пражыў я з ім, у яго на кватэры, дні тры, і без прапіскі. Усё думаў, за што мне цяпер узяцца. Ён раіў мне ісці настаўнікам у беларускую школу па вёсцы або наогул як-небудзь зачапіцца на вёсцы, бо ў горадзе жыць — пагібель.
Галодныя картачныя чэргі на вуліцах у Вільні былі цяпер, і ўжо даўно, звычайнаю з’яваю. Цярпліва стаялі людзі пры кожнай прадуктовай крамцы, пры кожнай сталоўцы грамадскага харчавання. Калі я праходзіў міма адной такой сталоўкі каля вакзала, прадаўшы свае рэчы пад «Галяй», дык ад смуроду нельга было прадыхнуць, нягледзячы па сцюдзёную пару. Гэта варылі касцяную муку. Як густа замяшае, дык страшэнна смярдзіць дахляцінай. А людзі ўжо прынюхаліся, пахла ім талеркаю смачнае зупы...
Рэчы свае прадаў я, можна сказаць, за бясцэн. Бо ўвесь горад прадаваў усё, што меў, а купцоў трэба было лавіць за прыпол. Пяро купіў у мяне даволі скора немец-салдат з параю нашывак, а з кашуляю настаяўся я доўга, шкода ж было аддаваць дарма. Нарэшце, так акалеў, так захацеў есці і так мне ўсё абрыдла, што аддаў яе за кавалак троху чысцейшага хлеба, таксама, як відаць, немцу, хоць быў ён у вольнай вопратцы і гаварыў па-польску.
Хлеб занёс сваім, троху адрэзаў маці, а то аддаў Юзі, каб давала сусолку Напалеону не з «бабкі», а з гэтага хлеба, пакуль яго хопіць... Ды ці надоўга ж магло яго хапіць? На грошы за пяро купіў дзесятак таблетак сахарыны — падмешваць у сусолку. Засталося ў мяне — схадзіць пару разоў у сталоўку па Варонюю вуліцу. Бо трэба ж было і мпе есці... Не еўшы — чалавек хутка слабне і ногі не ідуць...
Пайсці настаўнікам у беларускую школу я не захацеў. Досыць з мяне было і таго, што пабыў я польскім «дарэктарам» у Брудзянішках. І наогул, пасля майго быцця ў Белавежы фізічная праца больш мне падабалася, чым умысловая: адрабіў сваё — і гуляй без ніякага клопату,— так мне тады здавалася...
На падворку, дзе жыў дзядзька Туркевіч, разгаварыўся я з селянінам, што прыязджаў з вёскі да свайго брата-дворніка. Ён параіў мне пайсці на работу ў маёнтак графа Хлусніцкага — Ключык, пад Вільняю. Я туды і накіраваўся.
Пасля даведаўся, што, як толькі выбраўся я з Вільні, немцы прыходзілі на маю старую кватэру шукаць мяне. Там сабралі весткі, хто ў мяне з радні, знайшлі адрас маці і прыйшлі да яе.
Яна адмовілася, што нічога аба мне ведаць не ведае...
Адзін немец-салдацюга, сволач, піхнуў яе карабінам у грудзі так, што яна аж завалілася наўзнак. Добра, што галавою не ўдарылася, затрымалася за ложак.
Прыходзілі яны позна ўвечары ці начою. Юзя і Яня паднялі лямант, і яны-ткі адчапіліся, пайшлі. Казалі, што са дна мора мяне дастануць, не схаваюся. Аднак жа на тым і скончылася. Болей яны мяне, мусіць, і не шукалі.
- * *
У Ключыку ўстроіўся я батраком. Пашпарт мой нямецкі быў у парадку, даведкі з апошняга месца працы ў мяне тут, на маё шчасце, не спыталіся, і я скора зусім легалізаваўся.
А немцаў і ў Ключыку хапала, бо там месціўся рэквізіцыйны пункт. Але быў я на рабоце не ў іх, а ў графа, і дачыненне маё з імі было невялікае. Адно што, колькі ні ідзеш міма, то ўсё кажы: «Гут моргеп!» Яны адказвалі каротка і ў нос: «Моо’н». Часам забудзешся, то тады толькі і пачуеш: «Польнішэн швайн».
Жылося мне там добра. І хоць жыру вялікага не нагуляў, не паспеў, дык прынамсі паправіўся, памацнеў, паздаравеў. Кармілі там батракоў нішто, паёк быў добры — можа таму, што граф Хлусніцкі, рэквізуючы для немцаў, адкладаў трошку і для сваіх патрэб.
Рэквізавалі ў сялян коней, кароў, свіней, кур. А што пакідалі, тое бралі на самы правільны вучот. Ад кожнай жывой каровы бралі столькі-то малака. Ад кожнае забітае свінні — столькі-то сала. Ад курыцы трэба было здаваць, памятаю, па два яйкі ў тыдзень. Крапівы бралі па пуду з двара.
А не здаў што-небудзь, дык плаці штраф. Стараста павінен быў сачыць, каб крыўды нікому не было, каб здаваў кожны не менш, чым другія. Наогул рабілі немцы ўсё вельмі культурна. І калі і псаваў хто справу, дык толькі такі іх найміт, як сам галоўны рэквізітар — граф Хлусніцкі. Так казалі.
Ну, за гэта, як прыйшла Польшча, у 1919—1920 годзе, пасядзеў ён трошку і ў турме. Сяляне падалі на яго столькі скаргаў, што і вазамі не павезці. Але ж скора яго выпусцілі. Мусіць, не так ужо быў ён вінаваты.
Краў не адзін ён. Але гэта ўжо заўсёды — найбольшым злодзеем мужык лічыць пана, як пан, ізноў жа, мужыка. Я ў гэтым праканаўся, калі сябры мае — возчыкі, прадзіраючы ў мяшэчках дзірачкі, казалі: «Наш пан — вялікі злодзей!» А пан Хлусніцкі ўпёк іх за зладзейства пад нямецкі палявы суд. Ледзь не расстралялі.
Завялася такая склока, што пацярпеў і я, паслужыўшы ўсяго два месяцы, да Новага года. І работа была мне не цяжкая: ездзіў з канём, вазіў збожжа з Ключыка на станцыю. І ахвотна служыў бы там хоць да канца вайны. Але ж звольнілі. І балазе пусцілі...
Звольнілі мяне за тое, што гуляў з возчыкамі ў карты. Выйграў я ўсяго толькі паўпуда гароху. І добра, што своечасова адаслаў у Вільню, а то напэўна б адабралі. Стараўся ж я для Напалеона, для Рабэйкавага сына, бо ўвесь час стаяў ён мне ўваччу жалкім дзіцячым трупікам, з сумнымі вачыма і з старэнькім, зморшчаным, ідыёцкім тварыкам.
І вось, вярнуўся-ткі я ў Вільню, шчасліва выскачыў сухім з вады, — аж Напалеона занеслі ўжо на ручніках на Росу, і зыбачку яго пашчапалі, бо выгадней было яе пусціць на трэскі, чым прадаць.
Юзя была страшэнна прыгнечана. Маці мая спакойна яе суцяшала:
— Хвала пану богу, што прыняў пан бог душачку яго нявінную такім трудным часам...
Дзядзька Язэп (Туркевіч) раздабыў мне пару козлікаў і тры дошкі. Прынёс я іх і паставіў сабе ложак — амаль што на тым самым месцы, дзе стаяла зыбка. Толькі трошку адсунуўся далей ад Юзі, бо не спаць жа мне пры самай сценцы, калі яна ўся мокрая ад вільгаці.
І жалка-жалка было мне цяпер Юзі. Бачыў ногі, як яны ў яе схуднелі, патанчэлі, бачыў грудзі, як яны ў яе апалі і сцямнелі, пад такім бедным, падраным ліфчыкам...
Была яна цяпер чалавек чалавекам. Ад яе даўнейшай мяшчанскай ганарыстасці нічога не засталося. Пра свайго Ромуся гаварыць не любіла, раз ён з’ехаў, кінуўшы яе ў такім стане. На лісты яго адказу не пасылала.
Матку маю дужа шанавала і любіла. І са мною была цяпер ласкава і нават нежна, як з любым братам.
ХІ. «ПЕРАВАРОТ У РАСІІ!..»
[правіць]Вярнуўшыся з Ключыка ў Вільню, паступіў я, з дапамогаю дзядзькі Туркевіча, ізноў на лесапільню графа Тышкевіча, і зноў табельшчыкам. Той старэнькі інвалід, што быў па маім месцы, якраз надумаўся пад гэты час памерці з голаду і аслабаніў мне дарогу.
Увесь студзень і амаль да канца лютага 1917 года стаялі ў Вільні надта вялікія марозы. Усе казалі, што такіх марозаў і самыя старыя людзі не запомняць. Хоць я заўважыў, што так заўсёды кажуць, калі мароз троху прыцісне, а ў хаце дроў ні палена.
Сярод рабочых быў тады агульны ўпадак духу. Так мне здавалася. Тым больш што востра адчуў гэты ўпадак і я сам, і з маткаю і з Юзяю, а часткова і з Янінкаю, калі ў палове лютага запасы нашы скончыліся.
Скончыліся, хоць пад канец, з агульнай рады і пастановы, гарох маці замкнула і выдавала ўсім па саменькай маленькай грудцы, толькі да гарбаты, ці тое ліпавага настою, замест хлеба і сахарыны.
Сама маці жыла цяпер, можна сказаць, аднэю «бабкаю». І «бабкі» свае ніколі не замыкала, а вешала ў торбачцы на сценку, чым уводзіла мяне ў вялікую спакусу адламіць кавалачак і з’есці. Спакуса — прыемная рэч...
Часам я так і рабіў. І толькі вялікім напружаннем волі прымушаў сябе ўстрымацца, каб не ачысціць усю яе торбачку. Спакуса — і страшная рэч...
Каб не пасці канчаткова, уцякаў я тады з хаты, далей ад торбы, далей ад «бабкі», далей ад спакусы. Часам разважаў: ці зламіў бы я замочак, каб яна «бабку» замыкала?
А яна тады ледзьве ўжо валачыла ногі. Суп у грамадскай сталоўцы ела яна, можа, раз у тыдзень. Есці стала нечага, і на рынку ні да чаго не дакупішся... Хоць воўкам вый, хоць кладзіся на лаву ды сашчэплівай рукі.
Аднак сашчэпліваць рукі не дужа каму хацелася. Найчасцей знаходзілі выхад у тым, што ішлі з горада ў вёску, каб прынесці мяшэчак бульбы. І гэта кіламетраў за трыццаць і болей, і на сваім гарбу. Голад — не цётка...
А па дарозе немцы лавілі і ўсё адбіралі. Дый у вёсцы цяжка ўжо было што-небудзь дастаць. І там многія сядзелі ўжо без хлеба, на аднэй бульбе.
Адным святочным днём пайшлі і мы з Янінкаю з мяшэчкамі пад пахай. І ў вёсцы Чарнулішках, кіламетраў усяго за пятнаццаць ад горада, пашчасціла нам раздабыць трошку буракоў і трошку бульбы.
Аддалі мы ўсе свае грошы. А каб сабраць гэтыя грошы, прадаў я свой кошык, Янінка — свой альбом, Юзя дала пяць марак, што зарабіла шыццём мяшкоў, і маці схадзіла да Будзіловічаў, пазычыла марку, хоць я, калі даведаўся, дык гневаўся на яе за гэта.
Назад мы з Янінкаю не ішлі, а ляцелі з радасці. Дзень быў досыць марозны, але было нам цёпла. І вось, амаль што перад самым горадам, наляцелі мы на нямецкую заставу, і сэрца ў мяне апала...
Аж убачыў я тут надзею — рыжага вусатага немца Рудольфа, што хадзіў да аднэй жанчыны па нашым падворку. «Пане Рудольф! пане Рудольф!..» — А ён толькі засмяяўся. І, як і ўсе яны, карабінам нас адпіхаў, калі мы за мяшэчкі трымаліся.
Заплацілі нам пяць остаў. І было ў мяне вялікае жаданне падраць гэтыя осты на дробныя шматочкі і кінуць Рудольфу ў яго морду з яго кайзераўскімі вусамі. Мусіць, так бы і зрабіў, каб не было Янінкі. А то ўспомніў, што грошы — агульныя...
Пацягнуліся дамоў з пустымі рукамі. Увайшлі ў горад, як у зачумленае месца. Цямнела. Ціснуў мароз. Панура было на вуліцах. Аж падыходзім да Вострай Брамы, — бяжыць адзін хлапчук-газетчык...
Бяжыць з пакам вячэрніх лістовак, вынырнуў з Брамы і як загалосіць:
— Пераварот у Расіі! Сканчэнне вайны! Мір!
Сэрца ў мяне скаланулася і забухала, як молат. Па нагах пабегла млявасць. Ад радасці ўсміхнуўся. І баюся верыць, каб не ашукацца... А Янінка заскакала, кінулася да мяне, за кажушок мяне тармошыць...
Глядзім: набеглі з дамоў людзі, газетчыка абступілі, хапаюць у яго лістоўкі з бою... Праўда: тэлеграма з Берліна, вялізнымі чорнымі літарамі надрукавана: «Пераварот у Расіі».
Думкі мае завіліся далёка, наперад... І ўспомніўся мне мой ссыльны татуля. І хацелася мне і плакаць і смяяцца. Так прыняў я першыя весці аб рэвалюцыі ў Расіі.
Аднак жа потым аказалася, што цара ў Расіі, праўда, скінулі, але што будзе далей — яшчэ нікому невядома. Гаварыць пра блізкае сканчэнне страшнай бойні, пра заключэнне міру — ізноў было яшчэ рана.
Ізноў стала ўсё глуха. Весткі аб Расіі былі няясныя, незразумелыя. Усе газеты былі ў руках у немцаў, газетам ніхто дужа і не верыў. Весткі праз фронт да нас не даходзілі. Сувязі з рэвалюцыйным пралетарыятам Расіі не было ніякай.
Немцы гнялі нас па-даўнейшаму. Настрой у рабочых, што спачатку быў падняўся, хутка ізноў пачаў ападаць, як жывое срэбра ў тэрмометры ад сцюжы. А шмат у каго тэрмометр і зусім пабіўся...
Якраз гэтым часам адзін рабочы з нашай лесапільні павесіўся. Адна работніца з мармеладнай фабрыкі, якую калісьці і мая маці добра ведала як бойкую, вясёлую дзяўчынку, цяпер атруціла чадам — сябе і сваіх траіх дзяцей. Находзілі і на мяне хвіліны, што не было ахвоты жыць. Думалася: чым гэтак мучыцца, ці не лепей адразу скончыць усе свае пакуты? А перад тым як скончыць, хацелася мне бразнуць мацней дзвярыма.
Як жа бразнуць? А кальнуць нажом якога-небудзь нямецкага генерала ці хоць пайсці набіць рыжаму Рудольфу морду...
Гэта азначала, што канчаць мне не хацелася. Толькі разважаў, — выпушчаў з сябе сваю брыдкую злосць. І гэта ж азначала, наколькі думкі мае тады закарэлі, плесняю зацвілі.
Голад усушаў усякую думку, рабіў вялым усякі чын. Хацелася многа спаць і ўва сне бачыць салодкія рэчы, есці смачныя стравы, — ці хоць проста ляжаць атупеўшы...
Галодная смерць навісла над людзьмі, як страшная здань, распасцерла свае кіпці над кожным слабеючым арганізмам... І толькі такі Рудольф мог і гэтым часам хадзіць з сваім заўсёдным спакойна-насмешлівым гумарам, смокчучы смярдзючую цыгарку або мурлыкаючы паганую песню:
Пацучок у склепе жыў,
Качаўся ў масле, ў тлушчы,
Аж і брушка адрасціў...
XII. ГРАКІ
— Радуйцеся, немец, і весяліцеся, — кажу я яму, а ён не слухае,
прысмактаўся да курыцы, як пасля посту . — Ешце на здароўе! — кажу я яму яшчэ раз,
а ён сабе глытае, хоць бы слова сказаў, хоць бы падзякаваў — дзе там!
«Грубы чалавек , — думаю я , — і вялікі нахал!»
Шолам-Алейхем
Вяспою гэтага, 1917 года, як і кожную вясну, былі надзеі на ўраджай. Уродзіць многа хлеба, і ўсім будзе лягчэй....
Між іншым, немцы загадвалі і ў горадзе не пакідаць пустым ніводнага кавалачка зямлі. Трэба было рабіць градкі на пустырах, у садзіках, на падворках. Нават усе канаўкі ўздоўж вуліцы былі абкопаны і засаджаны — найбольш бручкаю і буракамі.
З гэтага боку нямецкая практычнасць і настойлівасць была годна нашага мяккацелага віленскага здзіўлення. Хоць голад наўчыў ужо і нас быць больш руплівымі...
Не было ўжо выпадкаў, каб плаціў хто-небудзь штраф за пусты кавалак на сваім падворку. Наадварот, спрачаліся, сварыліся, каб на кожную кватэру прыйшоўся лішні метр градкі.
Немцы давалі і насенне, зусім дарма, — толькі сей. Нямаш лапаты, жалезных грабляў — даюць пакарыстацца з вайсковых часцей або з цыркулаў, — толькі ідзі, бяры.
Дарма даюць з вайсковых стайняў і абозаў гною. За самыя малыя грошы прадаюць у кожнай краме — штучнае ўгнаенне. Засыпаюць лістоўкамі на ўсіх тутэйшых мовах — як пасыпаць градкі попелам і дзе што сеяць: што на сонейку, што і ў цяньку, — толькі чытай, вучыся.
О, немцы!
Праўда, потым з таго нашага ўраджаю забіралі япы сабе львіную долю. На ўсё ў іх быў заведзены самы правільны і самы строгі вучот як у вёсцы, так і ў горадзе...
На падворку, дзе я цяпер са сваімі жыў, расло вялізнае, высокае і з вельмі шырокаю кронаю дрэва, — здаецца, такі ясакар. Яго любілі гракі. Гэтаю вясною наляцела іх да нас шмат. Працоўны дзень канчаўся ў іх рана, гадзіны за дзве да заходу сонца. Але ж і паднімаліся яны яшчэ да сонца, гадзіны а трэцяй раніцы. І калі чалавеку сама што спаць, яны сваім шумным, раздзірлівым граканнем спаць не давалі. Ранейшым, мірным, нармальным часам даў бы гаспадар дома па капейцы, ну, па дзве бедным хлапчукам, і яны паспаролі б усіх гракоў к чорту, каб можна было спаць культурна, і пад дрэвам не было б ад іх гэтага белага паскудства. А цяпер — ого! — сам гаспадар не чапаў іх,— мусіць, і ён, скупярдзяга буржуазная, спадзяваўся паесці грачанят. Але я згаварыўся з дворнікам, яшчэ як толькі гракі прыляцелі, што хай толькі выведуць дзяцей, мы ўсіх дастанем і паямо.
Важдзяленны час паволі набліжаўся... Аж прыходзіць адным прыгожым днём немец з нашага цыркула і прыносіць загад: у яго прысутнасці пералічыць усе грачыныя гнёзды і даць яму падпіску, што гаспадар і дворнік адказваюць, калі жыхары паловяць ці пабяруць грачанят.
Што рабіць? Цяпер дворніку красці не выпадала. Згаварыліся мы, што красці буду я, а ён будзе нічога не ведаць, і будзем дзяліць і есці. Добра!
Аднойчы, раніцою, калі лісцё на дрэве было ўжо вялікае, зялёнае, густое, раскрычаліся гракі так, што адно грачанё вывалілася з гнязда, перавярнулася праз сучча і шпякнулася на зямлю. Дворнік мёў вуліцу, а маці мая выходзіла на падворак, падхапіла і прынясла.
Было ўжо яно вялікае, з аграмаднаю дзюбкаю, але лётаць яшчэ не ўмела. Я ціханька адцюкаў яму галаву сякеркаю, папрасіўшы ў дворніка' паправіць ложак, і пайшоў на работу.
Маці зварыла, і ўвечары з’елі, і костачкі абрыдалі. Я і чарнаватую скурку яго з’еў. Нічога — як курацінка, толькі трошку прыпахвае птушыным гняздом, і мяса худаватае.
Значыцца — пара... Прычакаў я ночы. Усе паснулі, ночка была ціхая, пайшоў я да дворніка, прынеслі драбінку, ён стаў у браме на варце, а я палез... Далез да гнёздаў, а высока, і сучча крохкае, і наогул нязручна... А гракі сядзяць, спяць.
Што такое? Памацаў у адным бліжэйшым гняздзе — пуста. Дабраўся да другога, запусціў руку — і ў ім пуста... Мусіць, ад неспадзяванай няўдачы зрабіўся я неасцярожны, цап рукою аднаго старога грака...
А ён як закрычыць! А за ім і ўсе гракі паднялі страшэнны грай. Спусціўся я скарэй уніз з пустымі рукамі, драбінку пад сценку, а сам у хату.
Дворнік потым казаў мне, што грачанят з гэтых гнёздаў дастаў, пэўна, рыжы Рудольф. Ён і цяпер хадзіў на наш падворак, толькі ўжо да другой бабы, і часам заставаўся ў яе нанач. Дык ён, пэўна, узлез калі ціхенька і пабраў. А можа і сам дворнік мне здрадзіў.
Праз колькі дзён прыйшлі немцы-салдаты з папераю ад цыркула, дасталі ўсіх нашых грачанят і пару старых гракоў з карабінаў улёт застрэлілі. Казалі, панясуць сваім лейтэнантам на абед. А можа сабе забіралі, для закрасы ў салдацкую зупу.
За два гнязды гаспадар мусіў заплаціць штраф. І вельмі гневаўся на дворніка і дзівіўся, куды маглі дзецца грачаняты. Дворнік баяўся сказаць па Рудольфа, кляўся-бажыўся, што сам не лазіў, і выказаў здогад, што грачаняты з гэтых гнёздаў паспелі вылецець.
У сувязі з гракамі ўспамінаецца мпе і пара маіх харошых дымчастых трусікаў. Каб іх купіць, патраціў я свае апошнія рэсурсы: занёс на барахолку і прадаў долата, старыя цвікі і кавалак абояў, што выпараў на вышках, у нечыіх старых, кінутых рэчах.
І сваіх, заробленых, марак далажыў, дзеля чаго дзён колькі сядзеў на аднэй «бабцы», есці зупу на Варонюю не хадзіў.
Ну, думаў, развяду трусоў поўны дрывянік. І самі іх будзем есці, а трудным часам і прадамо пару-другую. Я ж не ведаў, што яны такія жарлівыя і карміць іх трэба ўмеючы.
Давай ім моркаўку, давай ім якую нежную націнку... І ўсё-ткі абое, спярша самка, а потым і самец, запархацелі і здохлі. І з’елі мы іх дохлых.
Улетку хадзіў я вольным часам лавіць рыбу. Рыба, як на злосць, не лавілася. Але аднойчы пашчасціла выцягнуць добрага шчупака, вагою кіло на два. Нёс я яго дамоў — як бясцэнны скарб. Нёс — не завінуўшы, думаў: можа хто ўбачыць і купіць, дык лепей пушчу грошы на «бабку». І каб не смяяцца ад радасці, навёў сабе на твар сур’ёзную міну.
Ля самай брамы спаткаўся з рыжым Рудольфам. Паглядзеў ён на мяне, усміхнуўся. А мая сур’ёзная міна звязала мяне путамі.
Кажа: «Я куплю ў цябе фіш». — «Купі». Не сцяміў я, чым гэта скончыцца. Забраў ён «фіш», а грошы потым... Адаслаў маю рыбіну жонцы і дзецям ў Нямеччыну, а мне і дагэтуль плаціць...
Бялізна ў мяне падралася, хадзіў у лахманах. І шмат траціў часу на зашыванне сваіх дзірак сам, і шмат трацілі часу, абшываючы мяне, маці і Юзя.
Мыла не было, мылі бялізну без мыла. І ўмываліся даўно ўжо без мыла. Нават стрыгся я раз у месяцаў пяць, каб не патраціцца.
У лазню ішоў толькі тады, калі ўжо галава свярбець пачынала несцярпіма ці заводзіліся вошы.
Вось такое было жыццё...
XIII. КАНЕЦ МАЦІ
Канец!.. Як многа разважання
І засмучонага пытання
У гэтым простым, страшным слове...
Якуб Колас
Ураджай 1917 года быў у Віленшчыне надта кепскі. У некаторых месцах быў нават недарод. У пачатку восені, калі звычайна прадуктаў па рынку з’яўляецца болей і цэны на іх зніжаюцца, — у гэтым годзе, наадварот, голад пачаў даходзіць да таго, што бедната ела ўжо сабак, кошак і нават пацукоў.
Пакаштаваў і я пацучага мяса.
Спачатку пайшоў да спеца па гэтай часці, таго дворніка на Пагулянцы, што некалі быў майстрам у майго дзядзькі. Юзя казала, што неяк сустрэла яго і ён хваліўся, што пацукамі толькі і жыве.
Пайшоў я да яго, ды яго ўжо не было, памёр з тыдзень таму... Свежаваў пацука яго сын, таксама шавец, а цяпер — асенізатар (бочкі вазіў начою ў гарадскім абозе). Калісьці былі мы з ім троху знаёмы.
Сканфузіўся ён, паласуючы пацука, потым расказаў пра бацьку, што пахавалі, дзякуй пану богу, не будзе болей мучыцца. І з наўмысным бесклапоццем катка, навучаючы мяне, як гэтая аперацыя робіцца:
— Нічога! Добра вымачыўшы і пасалёмшы, есці можна нават без хлеба... Любовае мяса!
Пагаварылі мы пра палітыку, пра рэвалюцыю ў Расіі. Ёп упэўнена дадаў, канчаючы работу:
— Пацярпім яшчэ троху. Яны прыйдуць сюды. Будзем есці і свінінку, і цяляцінку, і курацінку...
Наўчыўшыся ў яго, як трэба абдзіраць і гатаваць, прыйшоў я дамоў, расставіў пасткі. Дзён пяць ніводзін не ўлез. Нарэшце, злавіў старога, лысага, аблезлага дурня капканчыкам у пустым дрывяніку, прывабіўшы па падсмажаную ў аліве «бабку».
Калі ўсе нашы разышліся, абадраў я свайго звера і зварыў. Не паспеў паднесці да губы, як ужо ўзяло мяне на ваніты... І есці хочацца, — і становіцца калом у горле, выварочвае назад ад думкі, што гэта — паскудства... Яшчэ і не з’еў, а ўжо здаецца, што сядзіць ува мне, у брусе, жывы пацук, распірае мяне... І спалохаўся, што будзе цяпер смярдзець у мяне з рота пацуком па цэлы кіламетр...
Але потым пераадолеў я свае прыраджоныя прыхамаці разважаннямі: ці не ўсё роўна, якое мяса? Разважанні падмацоўваліся нецярпімым жаданнем есці. Такая была корць на яду, што жор бы і жор, здаецца, бясконца, што ні пападзіся ў рот.
І патрошку прызвычаіў я сябе да гэтае новае стравы.
І Юзя ела. Толькі маці і Яня не маглі прымусіць сябе нават пакаштаваць, хоць і не ведалі напэўна, якое гэта мяса.
Нават і булёну не елі. Дармо я прысягаўся ім, што гэта я дастаю ў аднаго добрага знаёмага трусяціну, што застаецца ў яго, не дужа свежая, ад прадажны. Бачылі яны, што я няўдала маню.
Дык мы з Юзяю стараліся есці пацука, калі маці і Яні не было ўдому. Наеўшыся, клаліся мы адпачыць, — нібы мяса пацучае збліжала нас. Ласкі нашы звычайна перапыняліся ціхімі гутаркамі і спакойнымі разважаннямі на злобу дня.
Юзя ўсё менш успамінала свайго няшчаснага Напалеона, прымірылася патрошку, суцяшала сябе тым, што дзеці цяпер паміраюць з голаду ўва ўсіх. Яна ўжо, гэтым часам, пасля яго смерці трошку ачуняла, павесялела, і мне здавалася, што нават грудзі ў яе папаўнелі.
Я пакорна слухаў, калі яна апавядала мне, у каго цяпер з нашых знаёмых скора памрэ чарговае дзіця, а ў каго стары бацька або маці. Толькі ўсё часцей Юзя трывожна казала:
— Глядзі, Мацей, і ў цёці ногі, па-мойму, похнуць...
Цёцяю называла яна маю маці. А што ж я мог параіць? Чым мы лепшыя за другіх? Бедната памірала цяпер у Вільні прост на вуліцах. Цягнецца галодны чалавек, зачэпіцца нагою за гладкае месца і заваліцца... Калі ўстане, а калі тут жа і кончыцца.
Асабліва многа перамёрла гэтым часам яўрэйскае віленскае беднаты. І чамусьці асабліва любілі яны паміраць на вуліцы, жабруючы, з працягнутаю рукою, каля сценкі.
Памятаю, як убачыў я труп галоднага першы раз, у ліпені ці ў жніўні месяцы 1917 года, у яўрэйскім квартале, на вузенькай-вузенькай Рудніцкай вуліцы, дзе два фурманы насілу маглі раз’ехацца.
Ішоў я раненька, горад яшчэ спаў, на вуліцах было пуста, і ў паветры стаяла ранішняя свежасць. Іду, бачу: ляжыць каля сценкі, скорчыўшыся, мёртвы чалавек, яўрэй, у лахманах, барадаты, жоўты, апохлы...
Вочы мае прыкаваліся да яго. Я спыніўся, глядзеў... Дыхаць мне зрабілася цяжка. Сэрца сціснулася... Але — пастаяў і пайшоў сваёю дарогаю, думаючы: ці гэта ён усю ноч тут ляжаў, ці сёння ўжо выпаўз на сонейка? Між іншым, яўрэйская дэлегацыя, здаецца — па ініцыятыве доктара-сіяніста Махлярчыка, энергічнага, дзябёлага чалавечка, вельмі разумнага, хадзіла тады да нямецкага камандавання прасіць дапамогі яўрэйскай беднаце.
Нямецкі генерал, таксама чалавек тоўсты і таксама не дурань, прыняў іх надта ласкава, у крэслы іх усадзіў, цыгарамі частаваў. І напісаў запіску ў пажарны абоз: «Даць яшчэ аднаго каня падбіраць трупы на вуліцах».
Раней я думаў, што чалавек можа памерці з голаду толькі ў тым выпадку, калі шмат дзён узапар нічога не есць і макавае расінкі ў рот не бярэ — напрыклад, які-небудзь нешчаслівы падарожнік у пустэльні ці палітзняволены ў турме, абвясціўшы галадоўку. Чалавек жа, які ўсё ж ткі, хаця праз дзень, з’есць крошку «бабкі» ці бульбяную шалупіну з памыйніцы, — думаў я, — з чыстага голаду, пахадзя, на вуліцы, не памрэ, а яго павінна даканаць якая-небудзь пошасць.
У часы нямецкае акупацыі ў Вільні я праканаўся, што чалавек можа памерці з голаду проста ад слабасці, на хаду. І гэта мяне напалохала. Я пачаў баяцца, каб не здарылася так і з маёю маткаю.
Ногі ў яе пачалі похнуць даўно. Але яна ўсё крапілася, маўчала. І мы спачатку думалі, што можа ў яе гэта ад слабога сэрца ці што доўга прастойвае ў касцёле.
Усё ж ела яна, хоць патрошку, «бабку», а зрэдку і зупу на Вароняй. «Бабку» яна цяпер не прадавала, бо кампаньёнка яе збанкрутавала. Дык мы ж усе, чым маглі, яе падтрымлівалі: давалі грошы на зупу, а Яня, хоць і сама цяпер, апрача абеду, нічога, ніякага пайка ад парыкмахерскай ужо не мела, але часам прыносіла, дзесьці даставала і давала ёй то кавалачак галеты, то лыжачку павідла.
Дык жа маці не брала. Цяжка было ўгаварыць. Кожны дзень цягалася па касцёлах, хацела быць святою, прост жывою лезла ў неба...
На жаль, мы з Юзяю слаба ёй у гэтым пярэчылі. Разважалі, што маленне для яе цяпер тое самае, што для нас — пацучае мяса або доўгі сон. Усё ж хоць нейкая пацеха ці салодкасць у жыцці. Ну дык маліся сабе.
Як цяпер разважаю, дык гэта была памылка з майго боку... Па-першае, калі пачаць так рабіць уступачкі то пабожнай маці, то пабожнаму бацьку, то пабожнай жонцы, то яшчэ каму пабожнаму ў сям’і, дык гэта ўжо не работа...
А па-другое, каб разбіў я тады яе веру ў неба, дык мацней бы трымалася яна за зямлю, і можа б яшчэ і дагэтуль па зямлі хадзіла...
А яна ўсё маўчала. Аж неяк у верасні, калі вясёлая нямецкая музыка ў Батанічным садзе ўсё яшчэ грымела да поўначы, але ясакар наш на падворку зашумеў ужо на восень цяжкім сумам, яна аднойчы ўвечары, разуваючыся нанач, сказала:
— Ах, дзетачкі, похнуць у мяне ногі.
Сказала — як быццам зусім спакойным, толькі троху сумным голасам. Але ад слоў яе зрабілася мне колка і сцюдзёна. А Юзя і Яня зірнулі на мяне палахліва.
Ад голаду набракаў твар. Таксама — похлі ногі. І калі ногі пачынаюць вельмі похнуць — значыцца, канец недалёка.
Гэта ў дарослых. Бо дарослыя похлі, а дзеці — сохлі. Дзіця ходзіць-ходзіць, сохне-сохне, сінее. Потым толькі сядзіць, як слабенькі дзядок. Потым не можа ўжо і сядзець — ляжыць, скорчыўшыся жалкім шкілецікам, у лахманах. І — кончана...
Я памятаю, гэтак уміралі і ўсе перамерлі дзеці ў сталяра Дручка, што жыў на Сніпішках. Мы з ім разам працавалі ў Тышкевіча, і я часам бываў у яго на кватэры.
Цяпер маці часцей пачала ўспамінаць бацьку. Казала:
— Вось не ўгадаеш... Высылалі яго, думалі — на пагібель. А цяпер ён там, можа, хоць хлеба мае...
Працягнула яна яшчэ з месяц. І-ткі тое, чаго я баяўся, здарылася. Яшчэ раніцою хадзіла, была на нагах, як звычайна. І нават паплялася ў Літоўскую паліклініку, паказацца дактарам, што ногі надта апохлі, наліліся вадою, як мяшкі. І нават яшчэ так-сяк дапаўзла.
А ўвечары, калі прыйшоў я з работы, плача Юзя над ёю. Падскочыў і я:
— Мама! Мама!..
Маўчыць мама. І змоўкла назаўсёды. Не заўважылі, калі перастала дыхаць. Нічога і не сказала мне перад смерцю. Дый што б яна сказала? Усё і так было ў нашым жыцці вельмі ясна...
Назаўтрае занеслі на Росу, паклалі побач з Напалеонам, на новым пустыры.
XIV. ТАРЫБА
[правіць]- Старому миру, миру национального угнетения,
- национальной грызни или национального обособления,
- рабочие противопоставляют новый мир единства трудящихся всех наций,
- в котором нет места ни для одной привилегии, ни для малейшего угнетения человека человеком.
- У. І. Ленін
Якраз гэтым часам прыйшлі да нас весткі аб Кастрычніку ў Расіі. Прыйшлі яны позна, у перакручаным выглядзе, і я тады зусім не разумеў усяго каласальнага значэння першай вялікай пралетарскай рэвалюцыі.
Дый ці я адзін? Нават у многіх перадавых, зусім свядомых віленскіх рабочых не было яснага ўяўлення аб падзеях у Расіі. І ім тады здавалася, што ўсё гэта адна і тая самая расійская рэвалюцыя — кіпіць, бурліць і вылівае — то правей, то лявей.
Віленскія рабочыя ў масе сваёй, пэўна ж, вельмі радаваліся і цешыліся, калі чулі, што рабочыя ў Расіі бяруць верх. Але глыбей над справамі яшчэ мала хто задумваўся.
І дзейнасць партыі бальшавікоў у Расіі віленская рабочая маса, як і дробная віленская буржуазія розных нацыянальнасцей, больш звязвала тады з абыватальскімі надзеямі на блізкі мір, на блізкае сканчэнне сваіх пакут.
А можа я і памыляюся, бо сам хадзіў гэтым часам у найгоршай пакуце ад смерці маці, хоць спачатку смерць яе прыняў быццам зусім спакойна, думаў: лепей ёй, не будзе мучыцца...
Але ўсё часцей шавялілася ў мяне думка: што гэта? Няўжо я радуюся, што пазбавіўся маці, як лішняе абузы? І брала мяне такая злосць на ўсіх людзей, на ўсё жыццё, што я баяўся, каб не нажыць хваробы сэрца. Нервы папсаваліся.
Находзіў на мяне часам смутак страшэнны, невынасімы. Юзя і Яня стараліся падтрымаць мяне. Ды і самі яны нібы асірацелі, нібы збіліся з тропу жыцця. Часта плакалі.
І хоць быў я заняты самім сабою, аднак заўважыў, што Яня пачала аддаляцца ад Юзі і ад мяне, даўжэй заставалася на рабоце, больш замыкалася ў сабе.
Цяпер жа часцей успамінаў я свайго бацьку. Думаў:
як прыме ён вестку аб смерці маці, калі можна будзе напісаць яму?
Успаміны аб ім, аб дзядулю, аб жыцці і смерці бабулі, лёс якой так сходзіўся з лёсам мае маці, наогул агляд усяго нашага мінулага жыцця, і думкі і вывады, звязаныя з
гэтым аглядам,— падтрымлівалі мяне.
Бачыў я, што трэба мне не хныкаць, а змагацца, што трэба мне многа чаго перамагчы і ў сваёй натуры, бо занадта ўжо я хліпяслівы, слабавольны і бяздзейны, не годны ні свайго бацькі, ні нават дзеда.
- * *
Тым часам адбыліся мірныя перагаворы ў Брэст-Літоўску. Бальшавікі выраслі ў вялікую рэальную сілу. І гэта падмацоўвала мае крытычныя адносіны як да немцаў-акупантаў, так і да нашых віленскіх нацыяналістаў...
А нашы віленскія нацыяналісты цяпер адны найбольш і шавяліліся пад нямецкаю апекаю.
Немцы заігрывалі з нацыянальнымі меншасцямі былой царскай Расіі праз увесь час акупацыі. Яны патуралі імкненням да аддзялення ад Расіі. Яны сеялі надзеі па стварэнне «самастойных» дзяржаў пад пратэктаратам Нямеччыны. А рабілі яны гэта розным спосабам...
З палякамі вялі яны больш паважныя гутаркі, аднак асабліва дапамагаць ім не хацелі, бо гэта былі іх спрадвечныя і даволі моцныя ворагі. Хто ж будзе сам садзіць сабе скулу на шыю?
З беларусамі яны няньчыліся, і праз сваю газету ў беларускай мове «Гоман» яны ўбівалі беларусам у галаву, што ім будзе добра толькі ў сваёй асобнай дзяржаве — пэўна ж, пад нямецкай зверхнасцю... Праводзілі яны гэтую работу рукамі мясцовых беларускіх нацыяналістаў пад кіраўніцтвам нейкага Зюземіля, былога выкладчыка нямецкае мовы ў гімназіі ў Пінску.
У пачатку 1918 года немцы ўзяліся зусім ужо акрэслена ствараць Літоўскую «дзяржаву». Паводле іх праекту, у іх руках павінны былі знаходзіцца літоўская армія, літоўскія фінансы, літоўскія шляхі зносін і ўся літоўская народная гаспадарка... А справы «самакіравання» яны перададуць «тарыбе» — літоўскай дзяржаўнай радзе.
Спаміж літоўскіх нацыяналістаў першую скрыпку граў тады пан Смэтона, гэта значыць — Смятана, як усе і звалі яго тады ў Вільні на сваіх мовах.
Гэты пан Смятана, а за ім і ўсе літоўскія нацыяналісты ахвотна згаджаліся на нямецкія прапановы, абы як-небудзь замясіць сваё, спачатку хоць рэдзенькае, але сваё літоўскае дзяржаўнае цеста.
Аднак яны прымушаны былі лічыцца не толькі з немцамі, а і з рознымі тутэйшымі нацыянальнымі і палітычнымі арганізацыямі і групамі.
Палякі, вядома, не хацелі прызнаваць у Вільні ніякае тарыбы, раз яны лічылі гэты горад — сваім, польскім. Слабенькія беларусы рады былі, пакуль не ўзмацуюцца, падзяліцца і Вільняю, хоць таксама лічылі, што правы іх на гэты горад — не меншыя, калі не большыя, чым літоўскія. Яўрэям выгадней было ісці са слабейшымі літоўцамі, чым з мацнейшымі палякамі.
Дык з нацыянальнымі арганізацыямі пан Смятана скора прывёў усе свае справы ў яснасць і парадак. Значна цяжэй было яму дайсці ладу з палітычнымі партыямі і групоўкамі... Бо спаміж саміх правадыроў гэтых партый і груповак не было ладу.
- * *
Я памятаю, як адбываўся нелегальны ці напаўлегальны сход па пытаннях: ісці ў тарыбу ці не ісці? На сход трапіў я выпадкова і пабыў — як у тэатры без білета.
Бо лідэры «Сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы» зрабілі там тады цэлую камедыю...
Кейрыс і Эйдукевіч (эсдэкі-ліцвіны) былі за тое, каб ісці. Асабліва ўгрунтована выказваўся Кейрыс, што трэба, канечне, ісці, каб змагацца там з панам Смятанаю і з немцамі. І, мусіць, наогул вельмі хацелася яму сесці ў сваёй літоўскай тарыбе.
Годвад і Заштаўт (эсдэкі-палякі) былі катэгарычна супраць. Асабліва ўгрунтована выказваўся Годвад, што нельга ісці ні пад якім відам, каб «не запэцкацца ў смятане»...
І надта лоўка пускаў ён туман у вочы, але было відаць нават і мне, хоць чалавек я і не надта хітры, што проста не хочацца яму сесці ў польскім горадзе ў літоўскую тарыбу.
А найбольш мне засталося ў памяці, як пасварыліся Эйдукевіч з Зантаўтам.
Заштаўт, чысценькі, прыгладжаны, у пенснэ, наскочыў на Эйдукевіча, як задзірлівы пеўнічак:
— Ты стары осел!
Эйдукевіч, тоўсты, прысадзісты, у акулярах, упёрся, як вол, крутнуў галавою:
— Ты млоды дурань!
Наогул — дайшло ледзь не да бойкі...
Найболей калаціліся за Вільню. Чыя яна — польская ці літоўская.
Бунд рашуча адмовіўся пасылаць сваіх прадстаўнікоў у тарыбу. Прадстаўнік бундаўцаў нібы трагічна, але трошку і насмешліва заявіў:
— Рана дзеліце вялікую Расію!
Члены РСДРП, якія «зрабілі гонар» сходу, што прыйшлі сюды, зацягнулі даволі нудную песню — аб мемарандуме, голасе народа, устаноўчым сейме... Песня была невыразная, але ўсё ж нарэшце можна было зразумець, што ім тарыба таксама не да смаку.
Ужо канчаўся сход нічым, як і ўсякая камедыя. Але ж была гэта не толькі камедыя, але троху — і драма, для рабочых, якія слухалі-слухалі, маўчалі-маўчалі дый не ўцерпелі.
Падняўся Ліцкевіч, падхапіўся потым і Туркевіч, і пачалі абурана казаць, што калі так пойдзе далей, дык яны пачнуць шукаць сабе другіх дарог...
Не памятаю, хто падкалоў Ліцкевіча, крыкнуў з іроніяй:
— Можа ты хочаш зрабіць тое, што ў Расіі?
— Зробім! Пачакайце! — са злосцю адказаў Ліцкевіч, хоць і быў заўсёды такім вясёлым і прыветным чалавекам.
- * *
Праз нейкі час спіс прадстаўнікоў для выбараў тарыбы быў панам Смятанаю, нарэшце, складзены. Генерал Гофман таго-сяго выкрасліў, спіс зацвердзіў і даў дазвол з’ехацца. Прадстаўнікі з'ехаліся і выбралі тарыбу. Ад літоўскае сацыял-дэмакратыі ў яе трапілі Кейрыс, Эйдукевіч, Янулайціс і іншыя.
Тарыба перш за ўсё паслала тэлеграму кайзеру Вільгельму з падзякаю і прывітаннем. Потым занялася меркаваннем наконт формы праўлення ў новай «дзяржаве». Літоўскія клерыкалы высунулі праект манархіі з нямецкім прынцам Ульрыхам, Вільгельмавым пляменнікам, на чале...
Скора пасля гэтага адбылася канферэнцыя «Сацыял-дэмакратыі Польшчы і Літвы» з удзелам прадстаўнікоў з правінцыі. Кейрыс рабіў інфармацыю. І зрабіў паведамленне аб пасылцы тарыбаю тэлеграмы кайзеру...
Дэлегаты-рабочыя — Карповіч, Ліцкевіч і іншыя —пачалі страшэнна абурацца супроць паводзін сваіх лідэраў у тарыбе. Зноў паўстала пытанне рубам: ці варта ўваходзіць у тарыбу?
Лідэры абараняліся. Хтосьці з іх даводзіў: «Літоўскія сацыял-дэмакраты павінны былі ўвайсці ў тарыбу хоць бы ўжо для таго, каб мець магчымасць вольна раз’язджаць па краі».
Пасля канферэнцыі Эйдукевіч парваў з групаю Кейрыса, і з тарыбы выйшаў. Кейрыс застаўся ў тарыбе. Яго выключылі з партыі. Ён не прызнаў выключэння правільным і заявіў, што яго можа выключыць толькі з’езд.
Годвад і Заштаўт хацелі арганізаваць новую партыю. Але ніхто за імі не пайшоў. Рабочыя страцілі веру да лідэраў. І не ведалі, што ім рабіць. Зайшлі ў тупік... Ну, потым, і скора — выйшлі з яго...
ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
[правіць]І. ТАВАРЫШЫ З МАСКВЫ
[правіць]- Здань блукае па Еўропе — здань камунізма.
- Маніфест Камуністычнай партыі
Цяпер, каб прыехаць з Масквы ў Вільню, трэба было перабрацца праз два франты: новы каля Оршы і стары каля Маладзечна.
Перабрацца без нямецкага дазволу было цяжка, асабліва праз стары фронт. Гэта было ўсё роўна што ўзяць цытадэль. «Але няма ў свеце такіх цытадэляў, якіх не ўзялі б бальшавікі...»
І першая з Масквы ў Вільню прыехала, у месяцы сакавіку, гэтага 1918 года, таварыш Ганна Драбовіч, бальшавічка, жанарганізатарка.
Ехала яна праз Мінск. Перабрацца праз стары фронт дапамог ён таварыш Ясюнас, літоўскі камуніст, незвычайна адважны і энергічны чалавек. Пагінуў ён на Латвійскім фронце ў 1919 годзе смерцю героя...
Ганна Драбовіч таксама літоўская камуністка. Родам знедкуль з-пад горада Тэльшаў. Прыехала яна тады ў Вільню арганізоўваць камуністычны рух у Літве.
- * *
Скора пасля яе прыезду, у месяцы красавіку, адбыўся нелегальны сход, на якім давялося быць і мне. Адбыўся ён на Антокалі, за вайсковым шпіталем, у дачнай мясцовасці.
Збіраліся туды і па адзіночцы і невялічкімі групкамі. Наша групка, хоць усе былі галодныя, ішла вясёла. Кобак іграў на гармоніку, — ішлі быццам на маёўку...
Мясцовасць там прыгожая. На ўзгорках і на склонах растуць высокія старыя сосны, пад соснамі раскінуты дачы, а вакол — малады лісцвяны лес, дужа густы.
У той час, праўда, дачы стаялі пустыя, і за вайну многа было кінутых, забітых, а нават троху і разломаных ваколічнаю беднатою на дровы ўзімку.
І хоць ішла вясна, і прабівалася зялёная травіца — было там пустынна. А таму, хто жыў тут раней, п’ючы салодкае жыццё, было б тут цяпер, пэўна, вельмі сумна сярод гэтых руін і запусцення.
Калі сабралася чалавек з паўсотні, пачала Гапна Драбовіч гаварыць... Гаварыла яна проста, без усякіх красамоўных выкрунтасаў, не так, як тыя нашы лідэры, якіх наслухаліся мы ўжо досыць.
Гаварыла яна, як гаворыць свой блізкі са сваімі блізкімі. Вось быццам прыехала са свету дамоў дзяўчына — і апавядае, як там дзе людзям жывецца. Не хавала яна ад нас, што там і цяжка, але, здаецца, з радасцю паляцеў бы туды, на гэтае «цяжкае»...
Там рабочым было цяжка, таму што змагаліся яны з сваімі ворагамі за вялікую ідэю. У нас тут людзі мерлі з голаду як мухі, а за што... Цяжка нам было і фізічна і маральна.
Яна старалася як найлепей растлумачыць нам вялікі сэнс вялікай пралетарскай рэвалюцыі. А было ўжо ўсё так ясна, што, здаецца, і сам раней якраз вось гэтак думаў, толькі не ўмеў акрэсліць...
Зрабілі простае галасаванне. Дваццаць два чалавекі падалі голас за кампартыю. І ўсе да аднаго — рабочыя. А ў большасці — актывісты з Вароняй вуліцы: Кярновіч, Карнецкі, Ліцкевіч з трыма сынамі, тры браты Кобакі, Туркевіч і другія.
- * *
Недалёчка было Першае мая. Не было ўжо часу падрыхтавацца да яго як мае быць. І святкавалі мы яго, можна сказаць, яшчэ ў шэрагах сацыял-дэмакратыі, толькі з сваімі думкамі...
З нашых даўнейшых лідэраў у групу спачатку не ўвайшоў ніхто. Ні аб Годвадзе, ні аб Заштаўце, вядома, няма што і гаварыць. А Эйдукевіч усё вагаўся. Потым чуем: з намі ён! Паправіў-ткі сваю памылку.
Скора ізноў прыехаў з Расіі таварыш Ясюнас. Казаў, каб мы адразу назваліся камуністамі. Але чамусьці, пакуль што, была прынята назва: «Сацыял-дэмакратычная партыя (бальшавікоў) Літвы». Выбралі бюро. Пачалася арганізацыйная работа.
Паехалі таварышы ў правінцыю, каб там рабіць раскол сацыял-дэмакратычных арганізацый і ствараць бальшавіцкія ячэйкі. Наладзілася сувязь з Мінскам, Смаленскам і Масквою.
Весці работу было цяжка. Бо нічога тады немцы так не баяліся, як «камуністычнае заразы».
І Ганну Драбовіч, калі паехала ў правінцыю, яны скора арыштавалі і пасадзілі ў турму. Сядзела яна доўга,аж да нямецкай рэвалюцыі.
- * *
Але цяпер усё чагосьці прыязджаў хто-небудзь новы з Масквы.
У маі прыехаў таварыш Ром. Быў ён тады яшчэ зусім малады чалавек, юнак, прыблізна мой равеснік, але адразу па прыездзе ўвайшоў у самы асяродак работы і зрабіўся нашым правадыром.
Мушу прызнацца, што спачатку было мне троху дзіўна, што правадыр наш — сын багатых бацькоў. Праўда, пра бацькоў яго казалі мне, што людзі яны вельмі інтэлігентныя і ліберальныя. Іх многія ведалі, бо жылі яны ў Вільні, былі тутэйшыя палякі. Але ўсё ж штосьці мне рупіла — прабрацца ў самую сутнасць таварыша Рома...
Яго выступленняў перад вялікім сходам мне не прыйшлося пачуць ні разу. Я зрэдку бачыў яго ў невялічкім пакойчыку на Вароняй вуліцы і там жа зрэдку чуў ад яго пару слоў па якой-небудзь справе. I так, мімаходам, да яго прыглядаўся...
Сярэдняга росту, не буйны, але складаны, моцны. І ходзіць трошачку ўразвалку, ды ўжо і ў гэтай яго хадзе чуецца схаваная энергія і нясходаная, толькі нібы замаскаваная ўпорлівасць.
Твар белы, лоб вялікі, і бровы расходзяцца канцамі ўгару. Нос круглы, але з энергічнымі і троху нервовымі рысамі. Губы тонкія і таксама троху нервовыя, асабліва куткі іх.
Шэрыя разумныя вочы. Слухае — быццам не вельмі ўважна, быццам думае ў гэты час нешта сваё... А паглядзіць — і ў поглядзе праніклівасць: усяго ён цябе ведае...
І я думаў: цвёрдая, асцярожная, але, мусіць, захаванастрасная натура; захаваная рашучасць на ўсё; гэты чалавек не пабаіцца рашучых учынкаў... І было мне гэта ў ім прыемна. Ён мне падабаўся.
Трымаўся ён з усімі незвычайна проста і скромна, па-таварыску, па-кампанейску. Чалавек быў у абыходзінах самы сардэчны. І толькі ўвесь час адчувалася ў ім далікатнае захаванне свае асабістае годнасці. І гэта мне ў ім падабалася: відаць, што чалавек культурны і інтэлігентны.
Усе рабочыя яго палюбілі. Патрошку і я забыўся цікавіцца яго панскім паходжаннем. Бачыў у ім толькі добрага партыйнага кіраўніка і слаўнага таварыша.
Камуністычная арганізацыя ў Вільні хутка расла. Улетку камуністы пачынаюць ужо мець большасць у некаторых масавых рабочых арганізацыях. Яны ўжо выцясняюць прадстаўнікоў іншых партый з праўленняў рабочых кааператываў, з праўленняў розных культурна-бытавых устаноў.
ІІ. ГІБЕЛЬ ЯНІ
[правіць]Улетку гэтага, 1918, года голад у Вільні зрабіўся меншы. Па-першае, немцы забралі Украіну і вывозілі адтуль прадукты. А па-другое, пачаўся маральны расклад нямецкае арміі.
Немцаў ужо можна купіць,— пачалі казаць у Вільні. І праўда — многія нямецкія салдаты займаліся цяпер не столькі вайною, колькі гандлем. Крамнікі куплялі ў іх крадзеныя казённыя прадукты. У прыватным продажы з'явіліся мука, крупы, сала, цукар-рафінад, розная бакалея. Пад восень з’явіліся прывозныя фрукты, памідоры, віно, усё, відаць, з нямецкіх рук. Гэтым часам ужо адчыняюцца ў Вільні рэстаранчыкі...
Шаўцы і краўцы куплялі ў немцаў салдацкія боты, брызенты, сёдлы, вайсковае сукно. І ў прыватным продажы з’явіўся абутак, зроблены з гэтых ботаў і сёдлаў ці нават з фабрычнага рамення, а таксама — плашчы з брызентаў, гарнітуры з сукна, перафарбаванага з абароннага колеру ў чорны ці сіні колер. На вуліцах ужо з’яўляюцца франты і франціхі ваеннага часу...
Патрошку адчыняліся крамкі з розным металічным ломам ды вырабамі з яго. Завялася хоць нейкая работа ў рамесніцкіх цэхах. З вёсак вярталіся ў Вільню раскінутыя страшным голадам гарадскія пралетарыі.
З рук немцаў шмат перападала цяпер у рукі мірных жыхароў, але, пэўна ж, у рукі тых, хто мог купіць.
І хоць, наогул, было цяпер не так ужо цяжка, як у 1916—1917 гадах, але рабочая бедната і цяпер цярпела голад. Голад жа асабліва прыкра адчуваецца тады, калі нехта жарэ, а ты глядзіш яму ў вочы ды глытаеш сліну...
Гэтым карысталася цяпер віленская хадэцыя (хрысціянская дэмакратыя). Яна таксама арганізавала сваю эканамічную базу. Спачатку развяла гняздо пры касцёле святога Міхала і святой Ганны, а потым перанеслася да касцёла святога Яна, на Святаянскую вуліцу.
Падкормліваннем ды падачкамі, салодка-хітрымі казаннямі ды арганнай музыкай са спевамі патрыятычных песень стараліся ксяндзы адцягнуць галоднага рабочага ад Вароняй вуліцы пад свой уплыў.
Каб атрымаць раз-два ў месяц сушаную рыбіну ці шклянку таннага пракіслага павідла, ішлі да іх цёмныя хатнія прыслугі, убогія пабожныя дворнікі, няшчасныя саматужнікі-адзіночкі... Але зараза ўсё ж расла.
І што дзіўнага, калі нават наша Юзя аднаго разу была зусім здурнела... — «Пайду запішуся!» І гэта ўжо тады, калі мы кожны дзень абедалі на Вароняй вуліцы. Праўда, пасля тых абедаў зараз ізноў хацелася есці, і з’еў бы не адзін такі абед, а пяць такіх абедаў. Але ж голадам мы ўжо не сядзелі. І першы раз палаяўся я з Юзяю вельмі сур’ёзна. Аселася.
- * *
І цяпер яшчэ, напрыклад, нярэдка трапляліся выпадкі, што за кавалак хлеба, за фунт павідла ці мармеладу немец-салдат купляў цела беднай галоднай жанчыны.
Прастытуцыя ў гэты час у Вільні квітнела. Немцы, вядома, змагаліся з ёю. Змагаліся на свой культурны лад. Мне прыпамінаецца, як апавядаў мне аб гэтым той праваднік-кум, з якім я ехаў, уцякаючы з Белавежы ў Вільню. Каб салдаты не заражаліся венерычнымі хваробамі, нямецкае вайсковае камандаванне адчыняла для іх спецыяльныя вайсковыя публічныя дамы, пад наглядам дактароў-спецыялістаў. На станцыі Кашадары быў нямецкі перасыльны салдацкі пункт, і вось там, якраз супроць школы, праз вуліцу ад яе, стаяла аж восем такіх домікаў.
— Як толькі прыходзіць вайсковы эшалон, — казаў ён, — немцы-салдаты, з ранцамі на плячах, з амуніцыяй, бягуць туды... Зробіцца чарга, дык некаторыя, чакаючы, сядуць у чарзе на ранцы, чытаюць газеты.
У Вільні таксама былі такія домікі і цэлыя дамы. І былі спецыяльныя шпіталі, дзе лячылі жанчын, хворых на венерычныя хваробы. У горадзе хадзілі нядобрыя чуткі аб шпіталі для прастытутак, што быў у Звярынцы. Апавядалі, што немцы трымаюць там хворых жанчын у палатах пад замком і пад вайсковаю вартаю. [...]
Апавядалі, што хворых на пранцы ў моцнай ступені адтуль ужо зусім не выпушчаюць: даюць ім «соннага» (морфію ці чаго), пакуль бедная спіць-спіць і так і засне навекі...
Усе гэтыя чуткі перадавала мне Юзя. Думаю, што Яня таксама ведала пра іх ад Юзі, хоць сёстры штосьці мала дружылі і не асабліва часта аб чым-небудзь па сакрэту размаўлялі.
- * *
Пасля смерці мае маці Яня яксьці аддалілася і ад Юзі і ад мяне. Мы ўсе былі вечна заняты работаю і думкамі аб кавалку хлеба. Яня тоіла сваё жыццё ад нас, нічога нам не казала. Зарабляла яна сабе на жыццё сама. У пачатку нямецкае акупацыі, хоць была яшчэ малая — спрабавала ўсякую работу. Нарэшце папала ў гэтую вайсковую парыкмахерскую.
Яна старалася трымацца там, хоць трымалі яе, пэўна ж, не столькі за спраўнасць у рабоце, колькі за хараство. Дзяўчынка была вельмі прыгожая і маладзенькая. Такіх жа ўсё і падбіралі ў парыкмахерскія, кандытарскія ды модныя магазіны.
Парыкмахерская была на Кальварыйскай, недалёчка ад артылерыйскіх казармаў. А мы жылі на Вастрабрамскай. Хадзіць ёй было вельмі далёка. Работу канчала а шостай, і бачылі мы яе толькі ўвечары. А было ўжо ёй гадоў шаснаццаць-семнаццаць.
Аднойчы, у канцы жніўня месяца, Яня доўга не прыходзіла. Мы чакалі-чакалі, занепакоіліся. Я лёг, задрамаў, прачнуўся — усё яе няма. Юзя кажа: «Трэба ісці шукаць», — і ўжо плача.
Пропуску ў мяне не было, але я пачаў напранацца, каб ісці ў парыкмахерскую. Парыкмахерская, пэўна ж, была ўночы зачынена, але куды ж мне было яшчэ ісці? Усё — тая дарога.
Раптам — яна з’яўляецца. Гадзіне а дванаццатай... Уся заплаканая, усхваляваная. І як мы ні дабіваліся ад яе, каб сказала, у чым справа, нічога не дабіліся.
Казала, што ці то звольнілі са службы, ці то хочуць звольніць, дык сядзела ў садзе, не хацела дамоў ісці. Наіўна маніла, бо да маны не прызвычаілася, была надта праўдзівая дзяўчынка. А калі хацела ад нас што-небудзь скрыць, дык проста маўчала.
Юзя пачала была на яе сварыцца, а яна — ізноў плакаць. Я стрымаў Юзю, ды было ўжо і позна, ляглі спаць.
Назаўтрае раніцою, калі мы яшчэ толькі ўсталі, — прыходзіць да нас немец-салдат. Яня — за дзверы, а ён загарадзіў ёй дарогу і загадвае сабрацца і ісці з ім...
Я страшэнна ўсхваляваўся, голас у мяне рвецца, і пытаюся па магчымасці спакойна: што такое? за што арышт? куды ён хоча яе весці?
А ён і кажа, хоць і самому, відаць, прыкра: учора, пасля медыцынскага агляду, накіравалі яе для лячэння ў шпіталь на вуліцы Бакшце, а яна адтуль, з канцылярыі, уцякла...
Шпіталь на Бакшце! Шпіталь для такіх хворых! О, гора, гора! Як жа гэта? Што ж гэта? Гром на ясным небе... І чаму ж яна нам нічога не сказала? І цяпер — плача, маўчыць...
Калі ён павёў яе, я таксама зараз хацеў ісці следам. Але Юзя затрымала, што мне ісці на работу, а то яшчэ звольняць за прагул, а лепей яна пойдзе, а там ужо будзем ведаць, што нам цяпер рабіць. І пабегла...
Цяжка мне працавалася той дзень. А яшчэ цяжэй зрабілася, калі прыйшоў я з працы па кватэру. Юзя ляжала на ложку, і твар у яе апох ад слёз. Ішла яна следам за Яняю праз увесь горад. Завёў гэты салдат Яню ў страшны шпіталь у Звярынцы, а яе там і на парог не пусцілі. Вярнулася і ўсё ляжала ды плакала.
- * *
У наступны дзень быў я прагульшчыкам. Найперш накіраваўся ў тую парыкмахерскую. Там спаткалі мяне насмешкамі, здзекамі. Самае брыдкае гаварылі па-нямецку, каб я не зразумеў. А з ламанай нямецка-польскай гутаркі зразумеў я, што адзін плюгавенькі, лысы, раіць мне схадзіць да лейтэнанта — атрымаць фунт мармеладу... Другі, маладзейшы, белакуры, заўважыў, што лейтэнант хоць каго можа наўчыць прыгожаму каханню...
Я гатоў быў кінуцца на гэтых людзей-сволачаў самым лютым зверам, зубамі разарваць іх. Але досыць было мне трошку падняць голас, як адзін з іх, мусіць, загадчык ці старшы майстар, унтэр з нашыўкамі, схапіў мяне за локаць і выпіхнуў на вуліцу.
З Кальварыйскай пайшоў я ў шпіталь у Звярынец. Прыйшоў туды а гадзіне адзінаццатай. Там мяне, як і Юзю, пусціць не хацелі. Стаяў салдат са стрэльбаю каля чыгуннае каліткі — не пушчае...
Я пачаў скандаліць, ён свіснуў у свісток — выбег другі салдат. Я лезу, скандалю, каб пусцілі ў канцылярыю. Выклікалі каменданта. Спачатку хацеў арыштаваць мяне.
Я кажу: «За што арыштаваць? За тое, што прыйшоў прасіць дазволу пабачыцца з хвораю?» — «У нас няма ніякіх пабачанняў. Вылечым, тады пабачышся». — «Не, мне трэба зараз пабачыцца, каб высветліць справу, за якую нехта павінен даць адказ перад судом...»
Скрывіў ён морду, але дастаў блакнот, запісаў імя і прозвішча, і маё і Яніна, і мой адрас. Сказаў прыйсці заўтра. Што мне было рабіць? Пайшоў дамоў. І, можа, калі я троху адышоў — якраз тады і здарылася непапраўнае...
Па дарозе я абдумаўся, успомніў — і кінуўся на Варонка, да таварыша Рома. А яго не было. Прыняў мяне Кунігас-Ляўданскі, таксама адзін з кіраўнікоў і добры таварыш. Ён, як мог, супакоіў мяне. Байкам, якія хадзілі аб Звярынецкім шпіталі, ён не верыў. Але ўсю гісторыю прыняў блізка да сэрца, страшэнна абураўся і сказаў, што Яню трэба перавесці ў шпіталь на Бакшце, а наконт лейтэнанта і адміністрацыі парыкмахерскай трэба паведаміць нямецкаму камандаванню. Дакляраваў, што зараз жа яны ўсю справу высветляць і ўсё, што можна, зробяць. Мне палягчэла: цяпер ужо мы маем сваю абарону! На кватэру прыйшоў я больш-менш супакоены, хоць неадчэпная думка аб такім здарэнні з Яняю гняла мяне гнётам.
Прыйшоўшы, стараўся супакоіць Юзю. На заўтрашні дзень якраз прыпадала свята, на работу не трэба было ісці. І мы пастанавілі ўвесь дзень аддаць на Яню, каб пабачыцца з ёю, супакоіць яе, і каб дабіцца пераводу яе з страшнага месца.
- * *
Ці маглі ж мы ведаць, што страшнае, непапраўнае ўжо адбылося і што, калі мы меркавалі з Юзяю, што рабіць, каб яе вызваліць, — яе ўжо апускалі ў магілу...
Назаўтра раніцою, калі збіраліся мы ісці да яе на пабачэнне,— неспадзявана з’яўляецца салдат-рассыльны з пакетам ад шпітальнага каменданта. «Што гэта яшчэ?» — думаю... Чытаю... І ўваччу ў мяне замітусілася.
Камендант быў ласкаў паведаміць на польскай мове, што хворая Яніна Плахінская каля дванаццатай гадзіны дня выкінулася з акна трэцяга паверха на брук і разбілася насмерць. І нават выказаў свой жаль. Пахаванне прызначаў на шостую гадзіну пасля паўдня, калі родныя і могуць з'явіцца ў канцылярыю шпіталя з гэтым пакетам замест пропуска...
Як апісаць увесь наш стан пасля гэтага паведамлення?..
Мы не чакалі шостай гадзіны. Мы пабеглі ў шпіталь зараз, каб дазволілі пабачыцца з ёю мёртваю, у нябожчыцкай. Напісана было ясна, беспаваротна. І, пэўна, разбілася яна жудасна, не да глядзення... Але невядомая сіла гнала нас да яе — скарэй, скарэй...
Прыбягаем у канцылярыю, і што ж аказваецца? Чытаючы паведамленне, я не разгледзеў, якое пастаўлена чысло. Аказваецца, Яню пахавалі ўжо — учора, а шостай гадзіне пасля паўдня.
Хвалёная нямецкая акуратнасць! Пакет мусілі даставіць нам учора, а даставілі толькі сёння. Што з таго, што камендант быў такі ласкавы, што ў нашай прысутнасці даваў, камусьці там, самую суровую вымову з папярэджаннем.
З пахаваннем чамусьці паспяшылі, а з пакетам спозніліся. Дый ці не ўсё ўжо роўна? Ну, расказалі нам, як знайсці яе магілу на новым Звярынецкім могільніку...
Маці з Напалеонам на Росе, Яня — тут. Ізноў — нядаўні пустыр, пассечаныя сосны. Толькі тут ён — ужо ўвесь густа застаўлены новенькімі сасновымі крыжыкамі.
I ёй ужо паставілі, — адразу, як закапалі. І хімічным алоўкам на дошчачцы акуратна напісалі.
Юзя кінулася на жоўтыя камкі гліны, а я стаяў акамянелы, разбіты. Цёплае жнівеньскае сонейка ласкава прыгравала. Жоўценькія мятлушкі спакойна мітусіліся між крыжоў. Дзесьці здалёк вясёла іграла вайсковая музыка, духавы аркестр — мусіць, ішлі салдаты. У Знаменскай цэркві зазванілі...
ІІІ. ПРЫЕЗД БАЦЬКІ
[правіць]- Шануй бацьку твайго...
- Біблія
Юзя ўсё плакала. Я хадзіў у самым чорным настроі, з самымі цяжкімі думкамі аб нікчэмнасці ўсяго людскога жыцця. І толькі злосць ды жаданне зрабіць па-свойму варочалі мяне да рэчаіснасці... Але нідзе больш не паднімаў я пытання ні аб тых паганых парыкмахерах, ні аб тым агідніку лейтэнанце.
На працы знаходзіў я патроху сваю душэўную раўнавагу.
Потым, у верасні, з’ехалася першая агульналітоўская камуністычная канферэнцыя. У падрыхтоўчай да яе рабоце, з даручэннем таварыша Рома, меў некаторы ўдзел і я. І гэта яшчэ больш павярнула мае думкі на здаровы шлях.
Узняўся дух, павесялеў настрой ува ўсіх рабочых, а ў тым ліку і ў мяне.
Канферэнцыя з’ехалася нелегальна. На ёй выбралі Цэнтральны Камітэт. Увайшлі ў яго: Ром, Эйдукевіч, Якшэвіч, Ліцкевіч, Кярновіч і другія.
Да гэтага ж часу належыць маё большае знаёмства з таварышам Кунігасам-Ляўданскім.
З Масквы ў Вільню, у гэтым годзе, прыехаў ён адным з першых, але раней мне з ім неяк не прыходзілася бліжэй спаткацца.
Перад канферэнцыяй трапілася мне быць з ім разам у дарозе, ездзілі мы па справе, і сваімі простымі і задушэўнымі гутаркамі ён вельмі падтрымаў мяне ў маім заняпадзе пасля смерці Яні.
Было яму тады гадоў 22—23. Быў ён сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, худашчавы бландзін з блакітнымі вачыма, з прадаўгаватым нежным, тыпова літоўскім тварам, крыху як бы сялянскім. Родам быў знедкуль з-пад г[орада] Тэльшаў, як і Ганна Драбовіч. Раней працаваў у рэвалюцыйных гуртках моладзі. У рэвалюцыю акунуўся з усім пылам маладосці і свае гарачае натуры. Чалавек быў вельмі дзейны, і — «гарачая галава», як казалі пра яго рабочыя, каторыя блізка яго ведалі.
Сваімі гутаркамі на розныя тэмы зрабіў ён на мяне ўражанне чалавека — вельмі начытанага для такіх маладых гадоў. Ён добра ведаў палітэканомію, гісторыю культуры, філасофію. Шмат апавядаў мне пра Карла Маркса, як быццам спецыяльна займаўся раней вывучэннем яго біяграфіі.
Ён казаў мне, якія ўдары сыпаліся на гэтага вялікага чалавека, у якой беднасці жыў ён у Лондане... І асабліва засталося мне ў памяці, што ў яго памёрла, амаль што ад голаду, дачка-дзяўчынка, калі пісаў ён «Капітал».
Патроху пачаў я глядзець на жыццё і смерць больш спакойна і здарова. Знайшоў апраўданне, прымірэнне і — нават новы імпэт да змагання за лепшае жыццё чалавецтва.
- * *
Цяпер жа я чакаў, што хутка павінен прыехаць і мой бацька, бо шмат ужо людзей папрыязджала з Расіі, перабрацца праз фронт цяпер было не так ужо цяжка.
Аднойчы ў нядзелю схадзілі мы з Юзяю на Яніну магілку, пасядзелі там, назбіралі пучок палявых красак, на яе пасохлыя, жоўтыя камы гліны паклалі...
І прыйшлі дамоў — з такім пачуццём, нібы ўсё ўжо больш-менш добра, усё так-сяк абляглося, стала на сваё месца. І прыйшоўшы — гаманілі, што вось можа скора ўжо прыедзе і яе бацька і мой, і колькі горкіх навін прыйдзецца нам сказаць ім...
Аж якраз, амаль што пад час гэтых нашых гутарак, яны, неспадзявана, і з’яўляюцца, і абодва разам... Юзя кінулася да бацькі на шыю, горка заплакаўшы, загаласіўшы. І ён застагнаў і зубамі скрыгнуў. Я пазнаў бацьку па чорнай павязцы на воку, і на яго пытанне: «Ты, Мацей?» — павітаўся з ім хоць і засмучона трошку, але наогул спакойна і радасна. Цалавацца я не асабліва люблю, але той наш пацалунак застаўся мне ў памяці, як нешта прыемнадарагое.
З выгляду ўяўляў я сабе свайго бацьку зусім іншым. Я чамусьці думаў, што і ён вернецца гэткім самым сівым, друзлым і нервовым, як некалі дзядуля. Аж бацька быў яшчэ ў поўным здароўі мужчына. Ніжэй сярэдняга росту, але моцны, здаровы, і нават не дужа худы з дарогі.
Валасы стрыг кругом, як і дзядуля, ды былі яны ў яго яшчэ чорныя, густыя. Вусы падстрыгаў па-ангельску.
Вопратка была даволі чыстая. І гаварыў густа і салідна, як чалавек сыты. Часта ўсміхаўся і паказваў белыя, роўныя, здаровыя зубы. Толькі чорная павязка на левым воку псавала яму, як прыехаў, выгляд. Дзесьці ў дарозе, на начлезе ў сялянскай хаце, ён дастаў сваё шкляное вока і паклаў у шклянку з вадою, бо вачніца ад пылу, казаў, загнаілася. А дзеці, калі ён заснуў, пачалі цікавіцца, дасталі з шклянкі і пабілі.
Дзядзька Антоні Плахінскі, наадварот, — зусім апусціўся. Бурыя вусы ў яго пасівелі і яшчэ болей абвіслі. Сам ён увесь сагнуўся, згорбіўся. Погляд меў пануры, прыбіты. А можа гэта яго так прыціснула вестка аб смерці Яні.
З бацькам маім з’ехаліся яны ў дарозе выпадкова, — здаецца, у Оршы, на нямецкім каранціне. Ехалі да Вільні разам. А ў Вільні з вакзала пайшлі проста па Пагулянку... Бацька не ведаў, дзе нас з маткаю шукаць, і дзядзька смела павёў яго ў «сваю майстэрню»... І там, без нас і не ад нас, даведаліся яны пра ўсе горкія навіны. Нам лягчэй было апавядаць ім.
Дзядзька прыехаў страшэнна худы, брудны, абарваны. Бацька мой, калі загаварылі мы пра смерць маці, толькі праслязіўся, папрасіў, каб заўтра я звадзіў яго на магілку, мы схадзілі, і ён скора прымірыўся з фактам. А дзядзька ад гора, што Яня памёрла, і так наогул — зусім расхварэўся.
На тым месцы, дзе стаяў ложак мае маці, мы паставілі яму Янін ложак, і ён увесь час па прыездзе ляжаў на ім у роспачлівым атупенні. Не хацеў нічога есці. Толькі стагнаў ды калі варочаўся — то скрыгаў зубамі.
Бацька мой купіў сабе тапчан і паставіў на тым месцы, дзе спала Яня, пры акне, бліжэй да святла, бо ўсё чытаў газеты. Ён прывёз з сабою бохан хлеба, кіло цукру і вялікі кавалак сала. А дзядзька з прадуктаў не прывёз нічога, — пэўна, дзеля свае нясходанае скупасці (бо, як потым мы даведаліся, прывёз ён грошай, і ўсё царскімі бумажкамі).
Свае адносіны мы з Юзяю спачатку ад іх хавалі. Але потым яны здагадаліся (ці ім суседзі сказалі). Дзядзька Плахінскі аднёсся да гэтага, здаецца, зусім безуважна.
Бацька ж мой быў з Юзяю надта ветлівы, паслужлівы, далікатны. Яна яму спадабалася. Ён прабаваў дапамагаць ёй «весці гаспадарку»: вучыў, як што трэба зрабіць, купіць, каб выгадней, каб танней... Але «весці» не было чаго...
Пасля Лютаўскае рэвалюцыі быў ён упаўнаважаным ад рабочых па пытаннях працы на Ленскіх залатых прыісках. Калі пачаліся выступленні бальшавікоў, ён праявіў сябе ярым іх праціўнікам і заядлым меншавіком, у выніку чаго прымушаны быў пакінуць сваю работу на прыісках.
Такім жа прыехаў ён і ў Вільню. І было гэта для мяне нечаканым агарчэннем... Спачатку было незразумела, — думаў я, што гэта як бы нейкія жарты, што скора ён пераменіцца, загаворыць па-сур’ёзнаму. А потым зрабілася мне вельмі прыкра.
Мая радасць ад яго прыезду, мая даўнейшая тайная гордасць, што бацька ў мяне — стары рэвалюцыянер, падпольнік царскага рэжыму, увесь мой настрой, звязаны з ім, — цяпер, з кожным днём, спадаў усё ніжэй.
Апрача таго, ён адразу ўзяў манеру — з усяго майго іранічна падсмейвацца, пра ўсё маё гаварыць сваімі бясспрэчнымі ісцінамі, усякую маю думку загадзя прымаць з паказною знісходлівасцю, як недарэчнасць.
Зараз па прыездзе ён звязаўся з віленскімі меншавікамі-інтэрнацыяналістамі і прыстроіўся там у іх загадчыкам сталоўкі (пры «Інтэрнацыянальным клубе» на Віленскай вуліцы, 20).
Мне зрабілася цяжка хадзіць дамоў. Кожны вечар — яго іронія над усёю нашаю работаю і амаль што лаянка па адрасу Вароняе вуліцы. Толькі меншавікі-інтэрнацыяналісты былі ў яго ідэальнымі людзьмі, ад якіх заззяе шчаслівае святло над усім светам.
А Плахінскі ўсё ляжаў, маўчаў. Крыху палепшаўшы, ён пачаў хадзіць, маўчаў-маўчаў — і раптам у адзін прыгожы дзень, нікому ні слова не сказаўшы, пацягнуўся на Варонюю... Там, як я потым даведаўся, з’явіўся ён да таварыша Рома і папрасіў «запісаць яго ў бальшавіцкую партыю». І прасіў даць яму якую-небудзь работку і — «талоны на атрыманне бясплатных абедаў у бальшавіцкай сталоўцы»...
Калі нічога ў яго там не выйшла, падаўся быў на Віленскую, да майго бацькі. Але і там яго завярнулі. Тады асеўся дома. Пазычыў у некага з шаўцоў пары са дзве калодак, дзесьці раздабыў троху тавару, з браку і стар'я. Сам намаляваў на кавалку старой газеціны мужчынскі бот і дамскі боцік і прыляпіў да шыбы. Узяўся рапараваць абутак.
Да Юзі адносіўся ён цяпер пакорна-ласкава, але грошай сваіх, царскіх паперак, ён усё ж ткі не адкрыў, — мусіць, яшчэ разлічваў з часам ізноў разжыцца. І сабе самому ўсяго шкадаваў, карміўся надта скупа, хадзіў худы, як шкілет.
Я і бацька давалі яму талоны на атрыманне танных абедаў (бо ён прасіў). Дык спярша ішоў разглядацца ў абедзвюх сталоўках: што там і як там сёння зварылі,— дзе выгадней. І тады — вінегрэт еў на Віленскай, а кашу на Вароняй ці наадварот. Зупу браў рэдка, бо жыдкае — невыгодна. І порцыю хлеба заўсёды прасіў прыкінуць на вачах, каб было поўных сто ці пяцьдзесят грамаў. Прасіў ласкава, але настойліва, пакуль не прыкідалі...
IV. НЯМЕЦКІ ПЕРАВАРОТ
[правіць]Віленская камуністычная арганізацыя вяла гэтым часам сярод нямецкіх салдатаў рэвалюцыйную агітацыю — колькі толькі можна было яе весці ўва ўмовах акупацыі.
Выпускалі пракламацыі на нямецкай мове, друкаваныя ў віленскіх друкарнях. У пракламацыях, як казалі мне таварышы, што добра ўмелі па-нямецку, было шмат памылак, часам вельмі камічных.
Набор рабілі галоўным чынам рабочыя-яўрэі, што хоць і ўмелі па-нямецку, але слаба. Дык яны перакручвалі на яўрэйскі лад. Самі ж былі і карэктарамі...
Дый гэта нішто: можа, каторыя немцы рагаталі, а чыталі! Работа ішла, пракламацыі пашыраліся добра — толькі друкуй ды ўмела пашырай.
Рабочыя казалі нямецкім салдатам:
— Калі ж вы нарэшце зробіце так, як зрабілі рускія салдаты?
Цяпер ужо можна было так казаць, не рызыкуючы зараз апынуцца ў турме. Хоць усяк яшчэ траплялася...
Нямецкая рэвалюцыя набухала, але ніхто з нас не чакаў такога хуткага тэмпу падзей, які зараз наступіў.
Не чакалі, мусіць, таму, што за часы акупацыі занадта ўпэўніліся ў моцы палачнае нямецкае дысцыпліны і тупога нямецкага патрыятызму.
І для ўсіх было вялікаю радаснаю неспадзяванкаю пачуць у канцы кастрычніка, якраз праз год пасля Кастрычніка ў Расіі, што ў Вене і ў Берліне адбыліся масавыя дэманстрацыі.
Потым мы пачулі, што Турцыя зрабіла ўжо з Антантаю перамір’е. Потым пачалі насіцца чуткі, што Нямеччына хоча заключыць мір ува што б там ні стала.
— Ну, скора канец нашым пакутам! — казалі ў Вільні.
Я гэтымі днямі хварэў на іспанку. А працаваў я той час ужо не ў Вільні, а ў вёсцы каля мястэчка Еўя, кіламетраў за 35 ад Вільні, на лесапільні Гроўбарда. Там тады працаваў і дзядзька Туркевіч. Ён быў як бы механікам, а я — як бы ў яго памочнікам. Усё ён цягнуў мяне ўгару.
Прыехаў я ў Вільню прастуджаны і тыдні два пралежаў у ложку, з вельмі цяжкою формаю іспанкі. Адну ноч так мяне схапіла, што думаў — капаю... Але потым скора пачаў лепшаць, вось ужо выходзіў на вуліцу.
Рэвалюцыя ў Нямеччыне пачалася 9 лістапада. Весткі аб ёй даляцелі ў Вільню на другі дзень, 10 лістапада, — здаецца, у нядзелю, бо памятаю, што дзень быў нерабочы.
Бацька прыйшоў з вуліцы і кажа:
— У горадзе дэманстрацыя! У Берліне пераварот!
Каб скрыць ад яго сваю вялікую радасць, я наўмысля сцюдзёна і са схаванаю падкуслівасцю ў тоне сказаў яму:
— Ну?! Шмат хто не верыў, падсмейваўся... А вось табе і нямецкая рэвалюцыя!
Ён схапіўся быў спрачацца, але я ў тым жа наўмысным тоне паказаў, што мне спрачацца з ім няма аб чым, — напрануўся і пайшоў на вуліцу.
Было мне сцюдзёна пасля хваробы, аднак я пайшоў, і хадзіў доўга, і на хваробу сваю забыўся.
Па вуліцах ішлі рабочыя з чырвонымі сцягамі і смела крычалі:
— Далоў акупацыю!
Да іх пачалі далучацца нямецкія салдаты. І яны смела крычалі:
— Хай жыве рэвалюцыя!
Між іншым, убачыў я рыжага Рудольфа. І ў яго на грудзях была чырвоная стужачка. І калі я наўмысля спытаўся ў яго: «Што гэта робіцца?» — ён наўмысля голасна закрычаў мне па-польску: «Кайзера нема! Рэвалюцыя! Гох!» — і затрос кулакамі. Ну, калі ўжо так, — значыцца, рэвалюцыя.
Нямецкія часці сабраліся на Лукіскім пляцы. Там, у будынку, дзе за рускімі быў акружны суд, змяшчалася нямецкая камендатура. Ад салдатаў нельга было прайсці. Многія прывязалі сабе на штыхі самаробныя чырвоныя сцяжкі ці які-небудзь шматок чырвонае матэрыі. У многіх на грудзях — чырвоныя разеткі. І ўва ўсіх на тварах — радасць...
Глыбей на пляцы, перад строем, куды я не прабіўся, штосьці чыталі, штосьці абвяшчалі. Чуліся дружныя радасныя крыкі. І ў натоўпе крычалі. І кідалі ўгару шапкі і лоўка лавілі іх, калі яны ляцелі ўніз.
А над пляцам кружыў аэраплан. Ён моцна затарахцеў, загудзеў і пачаў зніжацца над будынкам камендатуры. Усе задралі галовы на яго. Ён праляцеў блізка-блізка каля чырвона-бела-чорнага нацыянальнага кайзераўскага сцяга з вялікім чорным арлом, што вісеў на высачэннай мачце на даху. Усе глядзяць. Лётчык хоча сарваць яго.
Пасля некалькіх кругоў яму ўдаецца нарэшце смаргануць яго, і кій са сцягам амаль што зваліўся на дах. Усе крычаць:
— Гох! Віват! Брава! Ура!
Але аэраплан ад штуршка страціў раўнавагу, заварочаўся з боку на бок, паехаў крута ўніз і заскакаў па горцы над абрывам за камендатураю. Добра, што хоць лётчык не забіўся.
Гадзіны тры цягнулася лікаванне...
Разышліся — і зноў як быццам нічога і не было, усе і ўсё ізноў на сваім месцы...
Аднак жа потым скора былі выбраны салдатэнраты — гэта нямецкія салдацкія саветы. Толькі шмат дзе пралезлі ў іх і спачатку кіравалі імі, галоўным чынам, лейтэнанты і унтэр-афіцэры, адданыя свайму скінутаму кайзеру.
Палітычныя арыштаваныя не былі вызвалены. І, напрыклад, Ганна Драбовіч і пасля нямецкага перавароту ўсё яшчэ сядзела ў турме — у горадзе Тэльшах, здаецца.
Аднойчы Ром і Якшэвіч, ідучы па вуліцы ў Вільні, зусім выпадкова ўбачылі, як яе вялі пад вартаю ў турму на Лукішкі, мусіць, перавозілі з Тэльшаў.
І яны потым паклалі шмат энергіі і патрацілі шмат часу, каб вырваць яе з рук акупантаў. Толькі пасля доўгіх і настойлівых старанняў перад віленскім салдатэнратам удалося яе вызваліць з турмы.
V. «ЦЯПЕР, БРАЦЦЯ, МЫ З ГРАНІТУ!»
[правіць]- Цяпер, брацця, мы з граніту, Душа наша — з дынаміту...
- Цётка
Аправіўшыся ад іспанкі, я сабраўся ехаць працаваць на лесапільню, аж якраз прыехаў адтуль на адзін дзень у Вільню дзядзька Туркевіч, і зайшоўся да мяне, — даведацца, якоў я.
Я — ужо нічога, магу ехаць. Пастанавілі выехаць заўтра разам.
Назаўтрае, перад ад’ездам, пабылі на Вароняй. Дзядзька Туркевіч атрымаў у таварыша Рома інструкцыі. Набралі літаратуры.
Мы ўжо і раней бралі на Вароняй літаратуру і як мага пашыралі. Літаратуры было шмат і на розных мовах: рускай, польскай, літоўскай, яўрэйскай, нямецкай.
Дзядзька Туркевіч заўсёды радасна дзівіўся:
— І адкуль толькі бяруць?
Адно што — на беларускай гутарцы камуністычнай літаратуры тады яшчэ не было, і гэта яго агарчала.
— Ну нічога! Будзе, братка, будзе з часам і па-беларуску! — суцяшаў ён мяне. [...]
Таварыш Ром даручыў дзядзьку Туркевічу зрабіць на лесапільні рэвалюцыю, арганізавацца і не даць немцам вывезці матэрыял.
І вось, увечары мы прыехалі, а на другі дзень раніцою сабраў дзядзька Туркевіч рабочых лесапільні і сялян-возчыкаў і абвясціў катэгарычна:
— Больш не работаем! Забірайце дошкі!
Лесапільня належала фірме Гроўбарда ў Варшаве.
І рабочыя былі з Варшавы. Яны кінулі работу, пачалі строіцца ехаць дамоў. А сяляне — давай развозіць дошкі па сваіх дварах.
Зрабіўшы гэтую справу, накіраваўся дзядзька Туркевіч у ваколічныя вёскі арганізоўваць там мясцовыя Саветы. І мяне з сабою ўзяў. Ён пасылаў мяне асобна, але я сказаў, што спярша, дзянькі са два, са тры, пахаджу з ім разам, паўчуся ад яго. Ён згадзіўся.
І вось былі мы ў вёсцы Александрышках, рабілі мітынг...
Тым часам прыехаў на лесапільню пан Энгельман, упаўнаважаны фірмы. Глядзіць: завод не працуе, рабочыя сядзяць, і дошак няма, усе развезены...
— Дзе механік Туркевіч?
— Пайшоў на вёску рабіць рэвалюцыю, — кажуць яму.
Ён, доўга не думаўшы, — да немцаў. Паслалі лавіць бальшавіка Туркевіча, а заадно — і яго памочніка.
Прыйшлі паліцыянты ў Александрышкі...
А мы там ужо мітынг распачалі. Поўная хата людзей. Душна, цесна, накурана... Дзядзька Туркевіч прамову гаворыць. Я сяджу з алоўкам.
Гаварыў ён прамовы дасканала. І рэвалюцыйныя вершы ўстаўляў, часцей за ўсё — беларускія, і дэкламаваў іх, як артыст.
І вось, толькі дайшоў ён да найвышэйшага пункту, напружыў усю хату да адказу, махае рукамі, то сціскаючы іх, то расціскаючы, малоціць сябе кулакамі ў худыя грудзі, зычным, звонкім голасам дэкламуе:
Цяпер, брацця, мы з граніту,
Душа наша — з дынаміту,
Рука моцна, грудзь акута , —
Пара, брацця, парваць пута!.. —
шасць у хату немцы-жандары... Было іх усяго двох, толькі што з карабінамі і бомбамі, а мы — з голымі рукамі.
Дык мітынг нам сарвалі, сялян разагналі, дзядзьку Туркевіча і мяне арыштавалі і павялі...
Давялі да вёскі Аўсянішак. Там загадалі старасту запрэгчы каня, прывязалі дзядзьку Туркевіча да правай аглоблі, мяне — да левай, самі селі, старасту пасадзілі за фурмана — і паехалі...
У поле выбраліся крокам. А ў полі таўстаморды жандар сеў па месца старасты і пагнаў кабылу. Кабыла бяжыць, і мы павінны бегчы — па восеньскай дарозе, дзядзька Туркевіч з слабым сэрцам, а я пасля іспанкі.
Мы прабавалі спыняцца, пратэставаць, крычаць. Але дарэмна... Жандары з нахабнымі мордамі здзекваліся з нас. Гэты, каторы кіраваў канём, нават падсцёбваў і кабылу і нас, то дзядзьку Туркевіча, то мяне.
Дзядзька Туркевіч, задыхаючыся, крычаў:
— Нічога! Яшчэ і мы на вас паездзім!
Я ў адным месцы падхапіў з зямлі ком гразі, павярнуўся — і на хаду махануў у тоўстую морду...
Але прамахнуўся і заляпіў усяго старасту. А стараста маўчаў, баяўся слова пікнуць у нашу абарону. Тады другі жандар пераняў лейцы, трохі прыцішыў кабылу.
Сустрэўся нам селянін з возам, — от, так сабе чалавек, дзядзька сярэдняга веку. І здзеў шапку перад нашымі немцамі, пакланіўся ім па прывычцы...
Потым ішлі хлопчыкі з кніжкамі ў торбачках цераз плячо, — вучні. Адзін закрычаў: «Адвяжыце іх!»
І нарэшце ішла нейкая бабуля, спынілася і сказала: «Што вы, паганцы, робіце? Як вам не сорам людзей мець за жывёлу?»
А яны гналі нас да самага Еўя, то шыбчэй, то цішэй, і толькі на вуліцах у Еўі ізноў паехалі крокам. Там завялі нас у камендатуру.
Выйшаў камендант.
— А! Бандыты! Бальшавікі! Расстраляць!
Напісаў запіску — адправіць нас у Радзівілішкі і там расстраляць... І паслаў запіску ў салдатэнрат — зацвердзіць.
Я спярша думаў, што ён строіць з намі дурня. Але потым, мушу прызнацца, апаў быў духам, бо страшэнна змучыўся, пакуль яны нас сюды прыгналі. Годнасці свае чалавечае ўсё ж не страціў, трымаўся цвёрда.
А дзядзька Туркевіч падняў скандал, пачаў крычаць, лаяцца, пагражаць, што за гэты здзек пад намі і камендант і жандары дадуць адказ перад віленскімі салдатамі.
Не ведаю, ці на яго крык і гвалт, ці самі на сабе прыйшлі члены салдатэнрата. На наша шчасце, тут, у салдатэнраце, былі двох познанцаў-палякаў і адзін немец — усе трое спартакаўцы.
Яны прыйшлі і пытаюцца:
— У чым справа?
Дзядзька Туркевіч усхвалявана, але ўжо трохі спакойней, кажа:
— Мы камуністы. Рыхтавалі перадачу ўлады Саветам. А кайзераўскі камендант хоча нас за гэта расстраляць...
Раптам адзін пазнанец як закрычыць:
— Кайзера няма! Каменданта няма! Каго расстраляць?
Схапіў з кута вінтоўку і павёў на каменданта. Камендант зачырванеўся, але запіску падраў.
Нас адпусцілі...
Прыйшлі мы назад на лесапільню. Глядзім: сяляне тым часам ужо ўсё разабралі. Рабочыя на работу стаць адмовіліся, патрабуюць у Энгельмана, каб разлічаў іх.
Мы сабралі свае манаткі і паехалі ў Вільню.
Прыйшлі на Варонюю, а там яшчэ шумней, чым было дзён колькі таму пазад. Узбройваюцца...
Дзядзьку Туркевіча таварыш Ром накіраваў на работу ў Гродню. Кінуўся дзядзька Туркевіч туды.
Далей паехаў у вёскі.
VI. БАЛБАТНЯ
[правіць]А я пакуль што застаўся ў Вільні, бо ізноў пачуў сябе кепска, застудзіўся. Думаў, што скора мая хвароба мінецца, аж яна мяне цяпер так схапіла, што ўжо не адну ноч, а некалькі начэй быў блізак да канання.
Іспанка мая аскладнілася, бо рана тады падняўся. Замучыў кашаль, а вуха балела так, што я скрыгаў зубамі ад невынасімага болю. Пачаў харкаць крывёю, і нават доктар спалохаўся, што ў мяне сухоты. Дактары ў той час яшчэ не ўмелі добра разбірацца ў іспанцы.
Юзя выхадзіла мяне. Бацька яе і цяпер у грашах сваіх не прызнаўся. Дык яна з дзвюх апошніх спадніц адну занесла на барахолку, каб напаіць мяне гарачым малаком з рэшткамі цукру, што прывёз мой бацька.
Мой бацька таксама спалохаўся, і на спрэчкі нашы забыўся. Прывалок мне таго доктара, акулярыстага, чорнавалосага, і высачэннага, як жэрдзь, свайго ж меншавіка-інтэрнацыяналіста, таварыша Ш. Прыносіў мне булёну са сталоўкі. Купіў хлеба.
Ачуняў я. А так аслабеў, што першыя дні, устаўшы, ледзь трымаўся на нагах, хоць і ляжаў, ізноў жа, і цяпер нядоўга. Іспанка — страшная хвароба. Яна многіх тады прыкончыла.
Нейкі час не мог нізавошта ўзяцца, быў без работы. І наслухаўся балбатні Болеся Будзіловіча, з якім цяпер спаткаўся. Так прайшоў у мяне час да канца лістапада.
З Болесем Будзіловічам спаткаўся я выпадкова, па Вароняй вуліцы, калі пайшоў туды першы раз пасля гэтай сваёй другой хваробы.
Аказваецца, прыехаў ён з Расіі яшчэ ў жніўні і таксама часта, казаў, хадзіў на Варонюю. Не ведаю, чаму не трапілася мне дагэтуль яго там убачыць. Ён вырас, быў ужо студэнт. Казаў, што спачувае камунізму і думае ўвайсці ў партыю, хоць родныя яго, асабліва маці, вельмі супроць гэтага.
Матка яго і сястра Стася, пасля смерці пана Будзіловіча, перабраліся на Кальварыйскую вуліцу да брата пані Будзіловіч, доктара Корсака, адзінокага чалавека. Туды ж да іх зусім пераехала з Варшавы і Адэля Ёдка, застаўшыся пасля смерці маткі круглаю сіратою. Стася ў гэтым годзе канчала ўжо гімназію. Адэля скончыла гады два таму, працавала ў нейкай польскай ахронцы кіраўніцаю і рыхтавалася паступаць у кансерваторыю. Час бяжыць хутка!
Болесь запрасіў мяне да сябе. Наогул стараўся ён цяпер трымацца са мною — як таварыш і «друг дзіцячых год», хоць я-то не асабліва гарнуўся да яго, чаго і не хаваў. Я ніяк не мог забыцца на нашы старыя адносіны, калі быў ён паніч, а я — сын іхняе кухаркі. Маці маю, у гутарцы са мною, ён ні разу і не ўспомніў, хоць пра сваіх увесь час трашчаў на ўсе лады.
Аднак, маючы шмат вольнага часу і спадзеючыся, што нап’юся ў іх салодкае гарбаты з хлебам, а можа і з каўбасою, пайшоў я да яго. Тым часам — троху ашукаўся...
Сядзець у іх за сталом мне не прыйшлося. Болесь завёў мяне ў свой пакой, пачаў паказваць мне свае кнігі, фатаграфіі і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных.
- * *
Апавядаў ён мне, як ён прыехаў, як яго спаткалі, колькі было слёз і які смачны абед, з яго ўлюбёнымі курачымі катлеткамі і салодзенькімі «снежкамі», быў у іх у чэсць яго прыезду, і як ён еў пасля расійскае галадухі, і як па абедзе селі яны ўсе ў гасціным пакоі — успаміналі бацьку, і маці заплакала, і ўсе заплакалі, і яна дастала ліст, што пакінуў бацька яму, Болесю, у запячатаным канверце, і сказала:
— Польшча ўваскрасае... Не дачакаўся...
І як ён, Болесь, чытаў, а яны ўсе сумна слухалі — нібы голас з таго свету...
Бацька яго хварэў на рак печані, дні яго былі злічаны, і ліст яго быў развітаннем з сынам. Болесь прачытаў той бацькаў ліст і мне, і ў самых чулых месцах вочы ў яго засцілаліся слязою...
Бацька называў яго ў лісце самымі нежнымі імёнамі, сумаваў, што не прытуліць ужо свайго дарагога Болеся да сваіх збалелых грудзей...
Наракаў на цяжкое жыццё пад акупацыяй, на тое, што яму ў хваробе патрэбна добрая страва і ўсё такое, а ў іх, пісаў, «не кожны дзень ёсць нават шклянка малака»...
Успамінаў аб сваім браце-рэвалюцыянеры, што памёр на рускай катарзе за вызваленне Польшчы. Скромна адзначаў і сваю дзейнасць. І навучаў сына, каб і сын любіў свой народ, свой край, каб жалеў усіх абяздоленых і нешчаслівых і змагаўся б за светлую будучыню...
Схаваўшы ліст і абцёршы слёзы, апавядаў мне Болесь, як маці, калі ён прыехаў, успамінала свае сны: сніліся ёй страхі чырвонага тэрору, скляпенні чразвычайкі, кроў на сценах і ён, Болесь, як нявінная ахвяра...
— І вось, як нельга верыць снам! — казаў ён, павесялеўшы. — Сын прыехаў цалютэнькі і нават — сам чырвоны!
І мусіў ён «агарчыць мамачку» ў той жа першы дзень прыезду, бо хацеў схадзіць увечары ў Рабочы клуб на Варонюю — «да сваіх»...
—Да сваіх? А хіба ж мы табе, Болю, чужыя? — з крыўдаю і з трывогаю сказала яму тады маці.
А ён ёй адказаў:
— І вы свае і там свае...
- * *
Odi profanum vulgus!
(Ненавіджу цёмную чэрнь!)
Гарацый
Больш мяне Болесь да сябе не запрашаў, але кожны раз, спаткаўшыся са мною на Вароняй, падыходзіў да мяне, браў пад ручку, вёў у клубную сталоўку ці ў якую гарбацярню ў горадзе, заказваў на сябе і на мяне па шклянцы гарбаты з цукрам упрыкуску і скібачкаю хлеба з маргарынам як кот наплакаў — і зноў разліваўся перада мною ў сваіх перадавых, чырвоных, слаўных пачуццях.
Між іншым, даведаўся я тады ад яго і тое-сёе цікавае.
Аднойчы, напрыклад, расказаў ён мне пра сваю спрэчку з дзядзькам.
Дзядзька яго, доктар Карнелі Корсак, быў даволі вядомаю ў горадзе асобаю, як вельмі добры стары доктар. Аднак дастукацца да яго мог далёка не ўсякі хворы, бо ганарары браў ён непамерна высокія. І звалі яго нават чамусьці «прафесарам», хоць ніколі ён, паколькі мне вядома, ні ў якім універсітэце лекцый не чытаў.
Дзядзька мой, — казаў Болесь, — заяўляе, што ніякае палітыкі не прызнае і верыць, што толькі навука зменіць жыццё чалавецтва. Аднак жа я добра ведаю, што каб я хадзіў да пана палкоўніка Вэйткі ці да пана капітана Віктара Ёдкі, дык яму б падабалася, а тое, што я хаджу на Варонкаю, ён цярпець не можа, хоць і не кажа мне гэтага адкрыта ў вочы... Кажа, што масы нашы яшчэ не выраслі, не дараслі. А я яму кажу: «Вось паглядзелі б вы, дзядзечка, якія ў нас на Вароняй ёсць масы...» (Тут Болесь па-сяброўску пахлопаў мяне па плячы.) А ён мне пярэчыць: «Адзіночкі — можа сабе. Але падумай, — кажа,— цёмныя рабочыя будуць намі кіраваць? Недарэчнасць!» Нарэшце пытаецца ў мяне: «Ты любіш Польшчу?» — «Люблю», — кажу. А ён кажа: «А ве даеш — што рабочым Польшча? За місу поліўкі яны трыкраты адракуцца ад яе»... — «Э, — кажу яму, — дзядзечка! Ад вашае буржуазнае Польшчы, калі ў ёй збракуе для іх місы гэтае поліўкі, яны, можа сабе, і адракуцца, але ад свае, рабочае, пралетарскае Польшчы, у якой усяго ўсім будзе ўволю, ніколі не адракуцца». — Як жа ён загневаўся на гэтыя мае словы, аёй! — засмяяўся Болесь. «Выдумкі маскоўскіх бальшавікоў! — крычыць. — Выдумкі, за якія трэба гнаць іх ад нас, — крычыць, — гэтых гунаў, гэтых дзікіх варвараў, як шалёных псоў! Каб, — крычыць, — не заразілі сваёю атрутнаю слінаю здаровага польскага духу!» Вось ён які, мой вучоны, мой апалітычны дзядзечка! — казаў Болесь. — Хоць як чалавек ён вельмі добры, я яго ўсё ж люблю, трэба дараваць старому яго палітычнае невуцтва і слепату, — казаў ён і паглядаў на мяне: як я адношуся да яго апавядання.
- * *
Другім заядлым ворагам Вароняй вуліцы была ў іх цяперашняй сям'і, паводле яго слоў, Адэля Ёдка.
На жаль, ён не столькі апавядаў мне аб яе палітычных поглядах (калі яны ў яе былі), колькі аб тым, як яна міла пяе, як яна добра іграе на раялі і як яна да яго, Болеся, заляцаецца...
А я слухаў яго і думаў: гэта ж тая самая дзяўчынка, што ў белай сукеначцы, з чырвоным бантам у папялёвых кудзерках, дэкламавала некалі, у 1906 годзе, рэвалюцыйныя вершы на першамайскім рабочым мітынгу ў Закрэце і так паланіла тады маё дзіцячае сэрца!
Цяпер гэта была дарослая паненка, праўда, нізенькая, і з тымі ж папялястымі валасамі, толькі нос у яе зрабіўся непрыгожы, выцягнуўся лапатачкаю, як у качкі. І цяпер ужо яна — «заядлы вораг» тых рабочых, перад якімі некалі па-дзіцячы дэкламавала рэвалюцыйныя вершы. Як усё мяняецца ў жыцці!
А яе брат, Віктар Ёдка, што некалі, быўшы студэнтам, вучыў мяне цэлае лета, — цяпер ужо капітан, паспеў здацца з рускае арміі ў палон аўстрыйцам, паступіў у легіёны Пілсудскага і прыкаціў з Варшавы ў Вільню рабіць тут, у нас, Польшчу.
Жыў ён асобна, сястра ў доктара Корсіка, разам з Будзіловічамі, а ён — асобна. Усё быў заняты сваімі важнымі справамі і вадзіўся толькі з самымі важнымі людзьмі.
З жоўтавалосага, вясёлага студэнта-юнака зрабіўся рыжым, злым армейцам-афіцэрам. І наогул, калі ішоў па вуліцы ў сваёй форме польскага легіянера-капітана, дык і зямлі пад сабою, здаецца, не бачыў — такая важная палітычная персона!
Адэлька, яго сястрыца, таксама хадзіла задраўшы свой вуцячы носік угару. А былі ж яны дзеці ўсяго толькі нейкага п’янага забулдыгі каморніка, невялікага панка знедкуль з-пад Полацка.
- * *
Прыслаў капітана Ёдку ў Вільню сам пан Пілсудскі. Аб гэтым мы даведаліся з ліста нашага другога ваякі-патрыёта, былога шаўца Ромуся Рабэйкі.
Калі я ляжаў хворы, Рабэйка прыслаў Юзі ліст з Варшавы. Юзя ліст гэты скамечыла, але не падрала і не кінула, як ранейшыя яго лісты. Не ведаю — чаму. Хто згадае жаночае сэрца, асабліва такое, як у Юзі?
Можа таму, што ляжаў я хворы, дык не хацела хваляваць мяне, даўшы мне чытаць ліст майго супраціўніка зараз, — скамечыцца, але прыхавала, пакуль ачуняю, збяруся з сіламі прымаць жыццё ў сваёй поўнай баявой гатоўнасці.
А можа таму, што ў лісце гэтым Ромусь яе з ёю мірыўся, прасіў яе забыцца на ўсе мінулыя сваркі і звадкі і скора чакаць яго да сябе ў госці... І пытаўся, як гадуецца яго мілы сынок Напалеон...
Тон ліста быў прыўзняты, урачысты. Дый як жа? — паведамляў патрыёт, што Польшча ўваскрасае з мёртвых, што пан Пілсудскі з нямецкае няволі, з Магдэбургскае цытадэлі, вызваліўся і 11 лістапада прыехаў у Варшаву, узяўся там за вялікую работу...
У Вільню пасылае пан Пілсудскі, — пісаў Рабэйка, — адборных людзей: пана палкоўніка Вэйтку, двох братоў афіцэраў Дамброўскіх, капітана Віктара Ёдку, паручніка Хвастуноўскага...
«Усе гэтыя людзі, — пісаў Рабэйка, — родам з нашых крэсаў усходніх, як і сам пан Пілсудскі, як і я...— (гэта, значыцца, ён — Рабэйка.) — Усе мы, — пісаў ён, — аддамо жыццё сваё, каб зрабіць Польшчу аж да Полацка і Смаленска...»
А я, чытаючы яго ліст, падумаў: «Паручнік Хвастуноўскі... Ці не з тых гэта, часам, паноў Хвастуноўскіх пад Брудзянішкамі, якім мае дзяды-прадзеды прыгон служылі?»
VII. ХАДЭЦКІ МІТЫНГ
[правіць]- Dominus vobiscum!
- (Пан бог з намі!)
- Ксяндзоўскае
Праз нейкі час меў я такі гонар — пабачыў пана паручніка Хвастуноўскага, на хадэцкім мітынгу ў гарадской зале на Вастрабрамскай, куды пайшоў, каб паслухаць, што там будуць гаварыць ксяндзы, паручнікі і звар'яцелыя дэвоткі.
Віленская хадэцыя развівала цяпер узмоцненую дзейнасць праз арганізаваную ёю «Лігу работнічу». У «лізе» гэтай, я ўжо казаў, былі найбольш цёмныя хатнія прыслугі, калекі-дворнікі, патрыёты-халупнікі ды розны зброд. Але ксяндзы выстаўлялі сваю гвардыю як цвет віленскіх рабочых, як найлепшых прадстаўнікоў польскага пралетарыяту. З помпаю рабілі розныя «рабоча-хрысціянскія» працэсіі і вось такія мітынгі...
Паручнік Хвастуноўскі сядзеў у прэзідыуме. Я не звярнуў бы на яго ніякае ўвагі, каб і ён не выступіў з прамоваю. Быў ён тоўсты, высокі, з чырвоным прышчаватым тварам, у форме афіцэра «доўбарчыка». Гэта значыць, што служыў ён у корпусе генерала Доўбар-Мусніцкага і цяпер, разам з другімі недабіткамі, калі немцы іх пад Бабруйскам раззброілі і разагналі, пакаціў у Варшаву, а стуль з’явіўся ў Вільню.
І чаго толькі не плёў ён на Савецкую Расію і на бальшавікоў! Але гаварыць перад вялікім сходам ён не ўмеў — сапеў, пыхцеў, мармытаў сабе нешта пад нос, абціраў хустачкаю пот з вялікага чырвонага твару, што быў у яго ўвесь у прышчах ці ў якім скуллі...
Спачатку яго троху слухалі, што афіцэр і такі аграмадны, як мядзведзь. А потым кінулі слухаць і чакалі, каб ён хутчэй скончыў. Цягнуў ён, аднак, доўга. Галоўнае, на што ён напіраў у канцы свае прамовы, — гэта што ўсё роўна бальшавізм у Расіі скончыцца агульнаю разнёю, тады ўмяшаюцца іншыя дзяржавы і навядуць парадак, а рускі мужык і рабочы павінен будзе заплаціць ім за тую «дапамогу» вялікую кантрыбуцыю.
З іншых прамоўцаў вызначыўся нейкі хударлявы панок, што быў, казаў, родам з-пад Оршы. Ён апавядаў, што мае ўсяго гектараў пяцьдзесят зямлі, і на гаспадарцы не жыў, а служыў дзесьці ў горадзе. І вось за тое, што ён паляк, — казаў ён, — яго арыштавалі, мучылі ў чразвычайцы, а калі яму ўдалося ўцячы і ён прыехаў у свой дварок пад Оршаю, дык там знайшоў толькі галавешкі. Асабліва жаліўся, што калі бальшавікі разбівалі яго двор, дык перапалохалі дужа яго дачку-дзяўчынку, і яна захварэла, зрабілася — як памяшаная... Усе свае пакуты прыпісваў ён таму, што ён — паляк і заўсёды, колькі дазваляў яго дастатак, падтрымліваў польскі рэвалюцыйны рух...
Нейкі прыезджы з Варшавы рэдактар нейкага хадэцкага «рабочага» журнальчыка, востранькі, як спіца, гаварыў па-вучонаму і найбольш даводзіў, што бальшавікі зусім не інтэрнацыяналісты, а тыя ж маскалі, кацапы, і — што пад іх уладаю можна будзе гаварыць толькі па-руску «Як-то можа быць! — верашчаў ён пісклявым, але рэзкім, чутным голасам: — Цэлы век маскаль быў маскалём.а то раптам абвесціўся збаўчаю чалавецтва!..»
Яго дапоўніў ксёндз Цыбулька, яшчэ малады і вельмі прыгожы, з бледным тварам, у строгай чорнай сутане. Быў ён доктар тэалогіі, вучыўся ў Рыме, меў славу ледзь не святога і вельмі падабаўся Юзі. А бацька яго — толькі што багаты, а то зусім мужык, беларус — жыў у вёсцы каля старой Вілейкі і нават гаварыць па-польску не ўмеў. Ксёндз Цыбулька гаварыў як найлепшы прамоўца... Ён намаляваў чалавецтва вялікім лугам, а народы на ім — рознакалёрнымі кветкамі. Найлепшая кветка на лузе — польская нацыя, так стварыў пап бог... А бальшавікі хочуць, каб усе кветкі страцілі свой прыгожы прыродны колер, каб пабляклі ўсе ў адзін шэры, нудны, аднастайны тон...
— Пан бог таго не дапусціць... Нацыя — вечная рэч, прамудры твор самога пана бога, — гаварыў пан ксёндз Цыбулька і складаў рукі далонямі, як на малітву, і ўвазводзіў вочы на самае неба...
Прайшло па трыбуне яшчэ колькі ксяндзоў і розных хадэцкіх прамоўцаў. Усе яны найбольш палохалі голадам, чразвычайкаю і ігралі на нацыянальным пытанні. Сухая, чорная пані-дэвотка палохала, што ўсюды засядуць «жыдзі», скасуюць хрысціянскія святы і будзе вялікая распуста...
І ўсе яны заклікалі «братоў-рабочых» не верыць «Анцыхрысту», не ісці ў марксісцкія партыі, трымацца толькі «Лігі работнічай» і праз яе будаваць «мацер Польшчу» і сваё «рабочае шчасце». А галоўнае — абходзіць, як чуму, бальшавікоў і іх гняздо на Вароняй вуліцы... І байкатаваць выбары ў «саўдэп», калі б бальшавікі надумаліся рабіць іх і ў «польскай» Вільні...
VIIІ. ВЫБАРЬІ Ў САВЕТ
[правіць]А тым часам, па ініцыятыве Вароняе вуліцы, была ўжо створана спецыяльная камісія з прадстаўнікоў розных сацыялістычных рабочых партый для падрыхтоўкі і правядзення выбараў у Віленскі Савет Рабочых Дэпутатаў.
А ў пачатку снежня пачалася перадвыбарная агітацыя...
Вядома, з усіх партый, што бралі ўдзел у выбарах,— у самым нераўнапраўным становішчы была віленская камуністычная арганізацыя. Немцы не давалі дазволу на камуністычныя мітынгі, арыштоўвалі камуністычных агітатараў, зрабілі палёт на друкарню, у якой друкаваліся камуністычныя адозвы, арыштавалі друкароў.
Камуністы вялі агітацыю на фабрыках, у майстэрнях, на дварах, на вуліцах і ішлі з сваім рэвалюцыйным словам на адчыненыя прафсаюзныя сходы і на мітынгі іншых партый. Нялёгка было дабіцца ім там да трыбуны. Асабліва левы Бунд стараўся не дапусціць выступленняў камуністаў перад рабочымі-яўрэямі. Прадлог быў той, што кампартыя ў Вільні не была яшчэ прызнана афіцыйна легальнай партыяй. А сапраўды — баяліся бундаўцы страціць свае ўплывы на яўрэйскае вуліцы. І вельмі ж іх граміў сваімі прамовамі Юліус Шымілевіч. Ён пабіваў самых лепшых бундаўскіх аратараў, у тым ліку і Вайнштэйна, і нават самога Ізбіцкага, не гаворачы ўжо аб вядомай тады ў Вільні бундаўцы Рахілі.
У Вільню прыехаў ён з Масквы месяцы за два да выбараў, і яго часта можна было ўбачыць у клубе на Вароняй, а працаваў ён, здаецца, у партыйнай рэдакцыі. Быў высокі, тонкі, але даволі стройны малады чалавек, з выгляду зусім яшчэ хлопец, хоць было яму тады, як я пазней даведаўся, гадоў пад дваццаць восем. І з невялічкім, чысценькім як у дзіцяці, тварам. А вочы — чорныя, бліскучыя і вельмі выразлівыя.
Стаяла ўжо сцюдзёнае надвор’е, а ён усё хадзіў у сваім лёгенькім пальцечку рудаватага колеру, даволі зношаным і памятым. І насіў чорны шыракаполы капялюш, краі якога пазагіналіся дзе ўніз, дзе ўгару. Пальцечка не зашпілена, ці зашпілена абы-як, на адзін-два гузікі. Капялюш то троху на патыліцы, то троху пабаку, а то — насунуты на самыя вочы. Аднак жа і пры гэтай апошняй пасадцы капелюша на твары Шымілевіча — вечна вясёлая юнацкая ўсмешка. Паглядзіш на яго — вясёлы і бесклапотны дзяцюк! А пачне гаварыць... усё нутро ўва ўсіх пераверне, да буйнай радасці і да слёз. Вось і пазнай ты чалавека.
Я думаў, што ён прыродны вілянчук, вучоны, сын якога-небудзь беднага бляхара з Рудніцкай вуліцы. А пазней казалі, што быў ён родам з Рыгі, сын рабіна ці кантара, і вучыўся у хедэры і ешыбоце, але потым экстэрнам скончыў гімназію і пайшоў у рэвалюцыю.
Выступаў ён на сходах і на яўрэйскай і на рускай мовах. І гаварыў з незвычайным красамоўствам і страснасцю. І захопліваў і напружваў усіх, усіх... І зрабіўся ўлюбёнцам віленскай рабочай масы.
Выступаў тады на мітынгах ад партыі меншавікоў-інтэрпацыяналістаў і мой родненькі бацюта. Выступаў супроць бальшавікоў...
Яго партыя купіла яму гэтым часам новае вока, добрай нямецкай работы. Ён вельмі цешыўся, што не ўсякі адразу распазнаваў, што ў яго адно вока шкляное. І выступаў, і быў у добрым гуморы...
А мне было так брыдка, што я нават меркаваў з’ехаць з Юзяю на другую кватэру.
Аж вось аднаго разу на адчыненым прафсаюзным сходзе ў клубе на былым Губернатарскім завулку яго моцна асвісталі за крытыку Савецкае Расіі. Ён пакрыўдзіўся, асекся і потым значна пацішэў.
А мяне тым часам паслалі ў мястэчка Брудзянішкі і ў Брудзяніскую воласць правесці арганізацыйную работу і азнаёміцца з настроямі сялянства.
- * *
Справы там нашы наогул былі нішто сабе. У Брудзянішках ужо вёў актыўную работу рэвалюцыйны камітэт. На чале яго стаяў мой даўны прыяцель каваль Арон, Абрамаў сын, Зэлікаў унук — цяпер член падпольнай местачковай камуністычнай арганізацыі. Ад Арона я даведаўся, што паручнік Хвастуноўскі, які пакручваецца ў Вільні — з брудзяніскіх Хвастуноўскіх, і што ў Брудзянішках таксама шырыцца прапаганда польскіх нацыяналістаў, прыезджыя з Вільні пэовякі запісваюць каталіцкую моладзь у легіёны. Пачуў я ад яго, што і абодва мае былыя «недаросткі», сыны пана Пстрычкі, паспелі ўжо, як відаць, запісацца і праяўляюць сваю актыўнасць пакуль што ў тым, што дружаць з немцамі і лаюць бальшавікоў.
Кепска ты іх некалі вучыў,— пажартаваў Арон; — мы іх цяпер лепш навучым!
Што да настрояў у ваколічных вёсках, дык жылі тут, галоўным чынам, сяляне-беларусы праваслаўнай веры, палякаў яны спрадвеку не любілі; сяляне ж католікі хоць можа і хацелі б быць у Польшчы, але пісацца ў легіёны і не думалі, і яны чакалі адыходу немцаў і прыходу Чырвонай Арміі.
Але ж і толькі таго... Усе сяляне нічога не рабілі, сядзелі збоку ад падзей, каб нікуды ім не ўлезці, каб ні ў чым не замяшацца. От, хай сабе там нехта нешта робіць а наша дзела — старана.
Згуртаваў-ткі я так-сяк у вёсках чатырох на колькі чалавек з былых салдатаў, што паварочаліся дамоў з Расіі. Падбодрыў іх, даў ім план работы.
Мушу сказаць, што калі ехаў я з апошняй вёскі на станцыю, дык настрой у мяне быў далёка не вясёлы. Па-першае, раз’ела мяне мая асабістая рэфлексія: здавалася мне цяпер, што агітатар з мяне — ні пса не варты. А па-другое, і гэта ж, вядома, галоўнае, — усё думаў я аб настроях тутэйшых сялян...
З гутарак у клубе на Вароняй было мне ўжо тады вядома аб тых паўстаннях супроць немцаў цэлых вёсак, што адбыліся ўлетку гэтага, 1918 года, каля Барысава, Бабруйска і ў іншых мясцовасцях усходняй Беларусі, дзе да прыходу немцаў сяляне пабывалі пад уладаю Саветаў. Тут жа, за старым фронтам, у межах бесперапыннай трохгадовай нямецкай акупацыі, — не толькі да паўстанняў, але нават да хоць троху смялейшых сялянскіх выступленняў, як мне здавалася, было яшчэ далёка...
Асабліва зрабілася мне сумна, калі ехалі мы міма Жабракоўкі.
Упершыню ў сваім жыцці ўбачыў я гэтую вёску, адкуль мой род, — гэтую ўбогую кучачку шэрых хат і дзіравых хлевушкоў, што прыткнуліся так-сяк пры глухой дарозе, у дзікім сумным полі, сярод балот і лесу, і паніклі безвыходна...
Фурман мой быў — хлапчук-яўрэй з Брудзянішак. А вёз ён мяне на высокай, буйнакостай, даўганогай, але такой худой, няшчаснай клячы, што моцна-моцна я дзівіўся, якім чынам не трапіла яна дагэтуль на нашу віленскую утыль-фабрыку: на мыла, касцяную муку і кансервы.
Ехалі ж мы яшчэ на калёсах, па замёрзлай грудзе І дыбала яна, гэтая калека, як сонная. Ехалі доўга, акалелі, — асабліва ён, у сваім старым дзіравым халатоне з махрастымі рукавамі. Разоў сем ці болей напамінаў ён мне, што без надбаўкі супроць умоўленае платы ніяк мне ад яго не вывернуцца. Я столькі ж разоў ці болей казаў яму, што дам жа, дам, ну дам... І пачынаў быў гутарыць з ім на тыя тэмы, дзеля якіх сюды прыехаў.
Дарэмна!
Апрача надбаўкі, нішто ў свеце, як быццам, зусім яго не цікавіла. Сморгаў носам, цмокаў на калеку, трос лахманамі і маўчаў.
І захацелася мне — хутчэй, хутчэй назад у Вільню.
ІХ. АДКРЫЦЦЁ САВЕТА
[правіць]Прыехаў я ў Вільню — выбары ў Савет ужо адбыліся. Бацька пахваліўся, што яго выбралі членам. Я пытаюся:
— А калі ж адкрыццё?
— А, — кажа, — спазніўся ты на адкрыццё: учора адкрылі, у нейкай бундаўскай сталоўцы, нелегальна.
— Хіба ж ты не быў?
— Не, не меў часу.
Пытаюся:
— Якія ж вынікі выбараў?
Ён крывіцца, марудзіць мне з адказам.
— Нічога, — кажа, — з гэтага Савета не будзе...
— Чаму?
— Вашых прайшло многа. Чалавек трыццаць, а можа і болей.
Прыехаў я позна ўвечары. Троху падзакусіў хлеба з салам, што прывёз з вёскі, і зараз лёг спаць. Нягледзячы на прыкрую размову з бацькам, настрой у мяне быў някепскі: трыццаць чалавек — гэта нямала.
Назаўтрае раніцою пайшоў я на Варонюю. Там я даведаўся, што дакладных даных аб выніках выбараў у Савет яшчэ не сабралі, але камуністаў прайшло не трыццаць, як казаў мне бацька, а чалавек семдзесят, калі не болей.
Што да адкрыцця Савета, дык таварыш Якшэвіч мне сказаў, што ўчарашні напаўлегальны сход у глухой сталоўцы, скліканы бундаўцамі, кампартыя не лічыць адкрыццём Савета і прызначае ўрачыстае адкрыццё на заўтрашні дзень, 15 снежня, у нядзелю, калі большасць рабочых усіх нацыянальнасцей у горадзе вольна ад работы.
Месцам адкрыцця кампартыя прызначыла самую лепшую залу ў горадзе. Мескую (гарадскую) залу на Вастрабрамскай вуліцы (у гэтай зале быў я на хадэцкім мітынгу). Цяпер праз салдатэнрат 10-й нямецкай арміі ішлі перагаворы з вышэйшым нямецкім камандаваннем, каб зала была дадзена. У выпадку адмовы камуністы пагражалі немцам арганізаваць усеагульную забастоўку.
Потым пайшоў я да таварыша Рома, зрабіў падрабязную справаздачу. Таварыш Ром, неспадзявана для мяне, хоць, праўда, асцярожна і ўмеркавана, але пахваліў мяне.
І я акрылеў, вырас сам у сваіх вачах. І мне ўжо здавалася, што ўсё мы зможам, усё сходаем і што калі б я ізноў паехаў на тую работу, дык ужо зрабіў бы яе ў сто разоў разумней і лепей.
На другі дзень, 15 снежня 1018 года, пайшлі мы з Юзяю на Варонюю, у сталоўку клуба. І сёння нядоўга стаяў я там перад дошкаю са спісам страў і мала меркаваў, і амаль што не вагаўся... Дый сталоўка для такога дня таксама падцягнулася.
Узялі мы па талерцы супу, па талерачцы вінегрэту і па 150 грамаў хлеба. Суп быў на касцях, з бульбаю і крупкамі, вельмі спажыўны і смачны. А вінегрэт быў з чырвоных салодкіх бурачкоў, кавалачкаў бульбы, морквы і з цыбулькаю, абліты алеем і цёпленькі, падагрэты. Хлеб быў — добры, з праўдзівае жытняе мукі, добры хлеб. Наеліся — ой як! Троху затрымаліся, падумалі — і ўзялі яшчэ па порцыі прасянае кашы з малаком! Наеліся смачна і дзе наша ні прападала! — купілі бутэльку сітра і напіліся смагла...
Паабедалі, прыйшлі дамоў. Юзінага бацькі не было — пайшоў па вёску купіць па сходнай цане бульбы, а мой быў ужо дома і прынёс з свае меншавіцкае сталоўкі некалькі таблетак сахарыны. Юзя згатавала на лучыначках імбрычак, і селі мы ўтраіх піць гарбату.
Юзя сцяснялася класці цэлую таблетку ў шклянку, хоць і любіла салодзенькае, а бацька мой заўсёды надта гжэчна частаваў яе. А я паклаў сабе дзве таблеціны адразу, співаў яго сахарыну і спрачаўся з ім найбольш удала, чым калі раней. Бо чуў у гэты ўрачысты дзень сваю моц і быў у добрым настроі.
А ён яшчэ петушыўся, але ўжо не так, як бывала...
Юзя ніколі ў нашы спрэчкі не мяшалася і толькі моўчкі слухала. Ёй тады было ўсё роўна: бальшавікі, меншавікі...
- * *
У гэтую пару года дні вельмі кароткія. Пакуль тое ды сёе — ужо і сутонела. Але сёння дзень цягнуўся для мяне даўжэй, бо я чакаў вечара.
Ну вось, напіліся мы гарбаты, Юзя мые кубкі, а я напранаюся ісці па дэманстрацыю. І пытаюся ў бацюты:
— Пойдзеш?
— Потым, — кажа, — падыду на адкрыццё, а хадзіць на дэманстрацыю не мае гады, — і паглядае на Юзю, ці не скажа яна, што ён яшчэ малады. А яна не здагадалася і нічога не сказала.
Выйшаў я — надвор’е такое прыемнае, падмарозіла, і лётае лёгкі сняжок. Па галоўных вуліцах з усіх канцоў горада на Вастрабрамскую ўжо рынулі рабочыя калоны з чырвонымі сцягамі. Ігралі аркестры музыкі.
Вось ідзе саюз краўцоў. Падыходжу я да Вячаслава Кобака.
— Ну, — кажу яму, — здароў, кравецкі дэпутат! Віншую!
Ён, як заўсёды, вясёлы, чырвоны, прыгожы. Не хлопец, а карцінка! Кажа: немцы рабілі спробу разганяць іх, але скора адчапіліся, бо, па-першае, далі ім добранькі адпор, а па-другое, яны скора самі ўбачылі, што ўся рабочая Вільня выходзіць сёння на вуліцу.
Дайшоў я з ім, у іх калоне, назад да Вастрабрамскай, а там, якраз супроць нізкіх акон нашае «кватэры» ці тое пакоя ў сутарэнні, і спыніліся, сталі, далей і не прайсці, так мнагалюдна... Усё запруджана!
Але парадак добры. Стаяць, гамоняць, кураць, чакаюць, калі Савет адчыніцца і выйдуць на балкон прамоўцы адказваць на прывітанні. Аркестры іграюць напераменку.
Каля самых дзвярэй залы спаткаў я дзядзьку Туркевіча.
— Віншую, — кажа, — браток, віншую! — і сам міла смяецца ад радаснага ўздыму. Ён ужо быў у зале, некуды бегаў, ізноў бяжыць назад — ён жа таксама дэпутат. Кажа — зараз Савет адчыніцца, усе дэпутаты сабраліся.
Разам з ім увайшоў я ў залу. Светла, прыбрана, мнагалюдна...
— Прыбіраў Ракоўскі, — кажа мне дзядзька Туркевіч, — вось ён пахаджае, наш гаспадар.
А таварыш Ракоўскі (стораж клуба на Вароняй), сапраўды, ходзіць задраўшы галаву, аглядае, ці ўсё ў парадку, і сам любуецца на сваю работу.
— Добра? — пытаецца ў мяне.
Я не ведаю, што «добра»: ці наогул справы нашы добрыя, ці зала добра прыбраная. Кажу:
— Добра, добра, дзядзька Ракоўскі! Вельмі добра!
Ён, здаволены, усміхаецца. Ізноў задзірае галаву, абводзіць вачыма ўсю залу.
А зала заліта электрычнасцю, зацягнута чырванню. Маса плакатаў з лозунгамі. Лозунг: «Уся ўлада — Саветам!» — паўтораны на ўсіх мясцовых мовах і на нямецкай. Каля рампы — два вялікія, у натуральную велічыню, партрэты: з аднаго боку Карл Маркс, з другога боку Фрыдрых Энгельс.
Настрой ува ўсіх прыўзняты. Шумныя гутаркі, сяброўскія спатканні, таварыскія прывітанні, радасныя воклічы... Зараз адкрыццё. Я лезу на хоры.
- * *
Пасля нарады фракцый аказалася, што ўсяго выбрана ў Савет звыш 200 дэпутатаў. У тым ліку — 96 камуністаў і яшчэ некалькі спачуваючых ім. З іншых партый найбольш галасоў сабраў Бунд. Потым ішлі сацыял-дэмакраты Літвы, эсэры, сацыял-дэмакраты-інтэрнацыяналісты, літоўскія народнікі, поалей-цыяністы.
Адразу ж пачаўся бой за месцы ў прэзідыуме. Неўспадзеўкі для мяне, камфракцыя не згаджалася дапусціць у прэзідыум прадстаўнікоў іншых партый, — апрача прадстаўнікоў Бунда і с[ацыял]-д[эмакратаў]-інтэрнацыяналістаў...
Мушу прызнацца, што пазіцыя камфракцыі здалася мне спярша як бы крыху нейкім гвалтам над правамі іншых партый, — настолькі яшчэ быў я тады наіўны і палітычна слабаразвіты.
Бунд і іншыя партыі стаялі на прынцыпе прапарцыянальнасці. Але пасля доўгіх і вельмі гарачых спрэчак прадстаўнік камфракцыі катэгарычна заявіў:
Або нам большасць у прэзідыуме, або мы зусім не ўваходзім у прэзідыум!
Тут жа, у мяне і ва ўсіх на вачах, Бунд спалохаўся і згадзіўся на ўмовы камфракцыі. Ён баяўся немцаў і польскай буржуазіі і таму не хацеў браць на сябе адказнасці за работу Савета.
І я падумаў: «Ну, раз вы баіцёся, няхай жа большасць будзе таму, хто не баіцца», — і супакоіўся. І быў рад, калі ў прэзідыум прайшло ажно пяць камуністаў. Ад іншых жа партый у прэзідыум былі выбраны тры бундаўцы і адзін с[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. Пяць на чатыры. Старшынёю і сакратаром Савета былі выбраны з членаў прэзідыума таксама камуністы. Старшынёю — стары літоўскі рэвалюцыянер, паліткатаржанін Антановіч. Сакратаром — Юліус Шымкевіч.
Антановіча я бачыў і чуў тады першы раз, і з хораў, далёка на сцэне, за сталом у прэзідыуме. Пазней давялося мне спаткацца з ім блізка, і нават гаварыць з ім разы два ці тры. Мужчына — высокі, складны, з мяккімі, асцярожнымі, але спрытнымі і рашучымі рухамі. Твар — тонкі, пагляд быстры і востры. Ува ўсім ім было штосьці ад старога бывалага ваўка і ад гордага моцнага арла... Гаварыў ён гучным голасам, у якім толькі на самых высокіх нотах зрэдку чуваць была стрыманая рэзкасць — след перажытых моцным чалавекам вялікіх пакут...
І сядзеў за сталом у прэзідыуме ён Антановіч, і сядзеў там, побач з ім, з сваёй вечнаю, прыветнаю і бесклапотнаю ўсмешкаю, малады ястрабок, сакратар Савета Юліус Шымілевіч, і сядзеў там, побач з імі, на маю радасць і гордасць, член прэзідыума Савета ад камфракцыі — таварыш Баніфацы Вяржбіцкі, дзядзька Баніфацы, шавец з Вароняе вуліцы... Быў ён сёння ў сваім чыстым святочным касцюме, карым у палоску, але быў ён і сёння, як заўсёды, задумлівы...
І хацелася мне крыкнуць яму з хораў праз залу, праз галовы дэпутатаў, спаміж якіх была дзесьці там і галава майго бацькі, хацелася вясёла і радасна крыкнуць:
— Усміхніся ж ты, усміхніся, дзядзька Вяржбіцкі!
Х. «УСЯ ЎЛАДА САВЕТУ!»
[правіць]- Смело мы в бой пойдем
- За власть Советов!..
Гарачымі воплескамі спаткала рабочая маса, і на дэпутацкіх месцах і на хорах, абранне прэзідыума. Ну вось... Прэзідыум на сваім месцы. Старшыня Антановіч вядзе сход.
Пачынаюцца прывітанні...
Іх шмат: ад Віленскага камітэта кампартыі, ад Камуністычнае партыі Польшчы, ад ЦК РКП (б), ад нямецкіх салдатэнратаў, ад ЦК Бунда, ад сялян, і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ...
Усе прывітанні святочныя, урачыстыя. Але не ўсе яны ідэалагічна аднолькавыя...
Доўга і шумна апладзіруюць усе ў зале прадстаўнікам нямецкіх салдатэнратаў, першаму і другому, спартакаўцу і незалежніку. Бо і той і той, ад імя нямецкіх салдацкіх мас, урачыста заяўляюць, што будзе Нямеччына дастойнай паслядоўніцай рэвалюцыйнае Расіі...
І як жа тут не радавацца, як не плёскаць да жару ў далонях, калі перад вачыма дзіва дзіўнае: здаецца, тыя ж самыя немцы, што душылі нас тры з паловаю гады, і ў той самай нямецкай вайсковай форме, што прывучыла нас да інстынктыўнае трывогі, што страшыла нас тры з паловаю гады на кожным кроку, — і вось прыйшлі сюды як свае, блізкія людзі, і гавораць такія незвычайныя рэчы!..
Выступае пасланец бундаўскага ЦК і ў сваім гарачым вітанні ўрачыста заяўляе: Савецкую ўладу Бунд рашуча падтрымае! І ўсе ў зале дружна плешчуць...
— Але, — кажа пасланец і лысую галаву ўгару падкідае, упарта, ды як быццам не дужа смела, — але трэба склікаць учрадзіцельнае сабранне!.. — І на лавах бундаўцаў і на лавах каля іх — плешчуць, а на другіх лавах не плешчуць... І нават там-сям смяюцца, сусед з суседам гамоняць, і адзін жартліва ў бок бундаўцаў рукою махае, а другі яму ў тахт галавою ківае...
А вось выступае валасаты эсэр, малады чалавек у шэрай расейскай шынельцы нараспашку, з вараною грываю аж да гарба, — здаецца, на прозвішча Грыбазвон, — і пачынае з тэатральнымі жэстамі крычаць на беларускай мове, што яны, эсэры, вітаючы вось тут Савет, яны гэтым самым, вось, ад узброенага змагання з Савецкаю ўладаю, яны тут зусім афіцыйна, такім чынам, вось, гэтым самым, вось, адмаўляюцца, але ж, але ж... І пасыпаў гэтымі «але ж» і «восямі», як з мяшка. І яму на эсэраўскіх лавах плешчуць, аж вочы па лоб. Гэткім спосабам аб моцы сваёй заяўляюць. І на суседніх лавах ім троху падмагаюць. А па лавах камуністаў — маўчаць, упарта, падазрона.
Ды ўсё яшчэ ішло тым часам гладка.
Аж вось скончыліся прывітанні Савету, і камуністы агаласілі спіс прывітальных тэлеграм, якія трэба паслаць ад Савета. На першым месцы былі пастаўлены тэлеграмы ЦВК і СНК РСФСР як кіруючым органам расійскай рэвалюцыі і Чырвонай Арміі як выразніцы баявой магутнасці пралетарыяту.
І тады выступіў ад фракцыі эсэраў эсэр з літоўскім акцэнтам у вымове, і крыху падстрыжаны, і крыху паважнейшы, чым той яго валасаты калега-беларус. І менш казаў ён «але», аднак жа сказаў ён зусім неспадзяваную для мяне рэч: эсэры катэгарычна пратэстуюць супроць пасылкі прывітальных тэлеграм ЦВК і СНК РСФСР і Чырвонай Арміі... А потым крычыць: «Чырвоная Армія — руская акупацыйная армія!..»
На лавах камфракцыі і спаміж рабочых на хорах узнялася цэлая бура пратэстаў супроць яго выступлення. Ён жа і па каліва не збянтэжыўся. І ў тым шуме і крыках з усіх бакоў усё нешта заядла лепятаў, тлумачыў свае прычыны, вылічаў свае эсэраўскія крыўды на РСФСР і даводзіў штосьці аб незалежнасці Літвы.
А за ім выступілі бундавец і поалей-цыяніст, і с[ацыял]д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст. І ўсе яны былі таксама або зусім супроць пасылкі тэлеграм у Савецкую Расію, або згаджаліся паслаць іх з сваімі папраўкамі.
С[ацыял]-д[эмакрат]-інтэрнацыяналіст унёс ад свае фракцыі ў тэкст тэлеграмы такую папраўку-ўставачку: «Руская рэвалюцыя павінна стварыць адзіны рэвалюцыйны фронт усяе дэмакратычнае Расіі...» Слова ў слова тое, што кожны дзень спяваў мне мой бацька.
І пакуль шукаў я вачыма ўнізе бацькаву галаву, каб паглядзець, як ён цяпер там ёю круціць, — пачалося галасаванне. За папраўку былі ўсе, апрача камуністаў. Некалькі чалавек устрымалася. І самаю нязначнаю большасцю галасоў прынята была тэлеграма з тою папраўкаю.
Тады ўзяў сабе слова старшыня Савета Антановіч і гнеўным і сумным голасам сказаў:
Віленскія пралетарыі пад уплывам згодніцкіх партый зрабілі тут аграмадную палітычную памылку, якую ўсвядомяць яны сабе толькі ўпаследку...
І заявіў, што камфракцыя пашле тэлеграму без папраўкі. Палова залы воплескамі яго падтрымала. Палова залы маўчала — хто вінавата, а хто можа і зларадна...
Цяжка зрабілася ў зале. Ну, ненадоўга.
- * *
Камфракцыя прапануе Савету абвясціць сябе ўладаю...
Аграмаднае ўражанне ў зале. Рабочыя радасна ўсміхаюцца, пераглядваюцца. Усе ўсхваляваны...
А лідэры Бунда перапалашыліся. Яны супроць прапановы. Яны не хочуць абвастраць адносін з немцамі і польскай буржуазіяй. Аднак не хочуць і страціць уплыву на масы. Таму яны просяць абвясціць перапынак, каб зрабіць нараду фракцыі.
Абвяшчаецца перапынак.
Бундаўцы-рабочыя нападаюць на сваіх лідараў. У другіх партыях, апрача камуністаў, таксама гарачыя спрэчкі між лідарамі і рабочымі-масавікамі.
Шумна ў зале, шумна на хорах, шумна ў калідорах. Сыходжу ўніз і на шырокіх сходах бачу: таварыш Шэшкас сварыцца з маім бацькам. Сварацца так, што вось-вось зараз кінуцца біцца. І патрошку сунуцца на вуліцу. І я за імі.
На вуліцы дэманстрацыі ўжо прайшлі. Дэпутаты Савета, якіх на тое ў часе пасяджэння выбралі, — прамовы з балкона дэманстрантам сказалі. Прывітальныя крыкі і музыка аркестраў сціхлі. Але каля залы і па ўсёй Вастрабрамскай яшчэ поўна рабочых. Не хочуць расходзіцца. Пасяджэнне ў зале як бы працягваецца на вуліцы.
Шэшкас крычыць. Бацька мой упарта адбіваецца. Рабочыя налятаюць на майго бацьку ў дапамогу Шэшкасу:
— І які ж ты дэпутат? І хто ж цябе такога выбраў?
Думаю сабе: хоць бы яго тут не пабілі. Пасварацца — няхай. Але біць яго не дам. І чакаю, пакуль пойдуць яны з Шэшкасам назад.
Згары бясшумна сыплецца то нявідзімы, то бліскучы на электрычным святле, мяккі, пушысты сняжок.
Перапынак канчаецца. Трэба ісці ў залу.
Пасля перапынку Бунд заяўляе: ён згодзен галасаваць за абвяшчэнне Савета ўладаю! Хутка праходзіць галасаванне. Да камуністаў і бундаўцаў далучаюцца асобныя галасы з іншых фракцый. Падаўляючая большасць! Савет абвясціў сябе ўладаю! На хвіліну ўсё сцішаецца, замірае... І ўся зала ўстае, і ўся зала многагалоса, урачыста, і радасна, і драматычна зліваецца ў вялізарны хор:
Паўстань, пракляццем катаваны!..
ХI. АРЫШТ
[правіць]На другі дзень, 16 снежня, у панядзелак, па загаду Савета ў горадзе была ўсеагульная забастоўка-маніфестацыя. Усе рабочыя спынілі работу і выйшлі на вуліцу, каб паказаць, што Савет абвясціў сябе ўладаю і што ўсе рабочыя выконваюць яго загады.
Маніфестантаў было тысяч пятнаццаць. Яшчэ ніколі дагэтуль не бачыла іх столькі старая Вільня. Гэта было штосьці грандыёзнае! Па ўсіх вуліцах бясконца ішлі калоны за калонамі, усё зачырванелася ад сцягаў. Горад адчуў моц і арганізаванасць пралетарыяту. Нямецкія салдаты і нават афіцэры па-вайсковаму аддавалі чэсць сцягам маніфестантаў. На сцягах было шмат рэвалюцыйных лозунгаў, а найчасцей: «Уся ўлада Саветам!» і «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!»
Апрача сцягаў, маніфестанты неслі плакаты з рознымі патрабаваннямі: «Трэбуем 8-гадзінны працоўны дзень!», «Трэбуем рабочы кантроль!» У чыгуначнікаў было напісана: «Чыгуначная маёмасць застаецца на месцы!», «Забраць паравозы і вагоны не дамо!»
Маніфестацыя прайшла ў поўным парадку. Ні немцы, ні палякі не адважыліся рабіць ніякіх перашкод.
І агульны настрой у горадзе ў гэты дзень быў такі, што вось немцы хутка выйдуць, а гэта вырасла новая сіла, якая забірае ўладу ў свае рукі.
Не толькі пра тарыбу ці пра якую там беларускую раду ніхто і пе ўспамінаў, але нават і польская буржуазія нібы сцерлася, зліняла перад магутнасцю рабочае сілы. Польскія вайсковыя прапалі з вуліцы.
Агульнае ўражанне яшчэ болей узмацнілася, калі ў гэты ж дзень, у самы разгар маніфестацыі, па ўсім горадзе быў разлеплены і разданы рабочым па руках Маніфест Часовага Рэвалюцыйнага Рабоча-Сялянскага Урада Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі.
Праўда, яшчэ ніхто нічога добра не ведаў, і многія пыталіся адзін у аднаго:
— Чытаў, што абвешчана Рэспубліка?
— Дык Вільня — сталіца?
— А ўрад ужо прыехаў?
Паспрыяла і надвор’е, як і ўчора. Снегу было яшчэ мала, але падмарозіла, паветра было чыстае, яснае, здаровае цэлы дзень.
- * *
І прыйшоў я дамоў у радасным, прыўзнятым настроі, з такім пачуццём, што, ну, вось ужо ўсё нешчаслівае і цяжкое засталося ў мінулым, адышло, адсунулася, уляглося, а пачалося новае, светлае, лёгкае для сэрца, добрае для думак жыццё...
А калі адчыніў я дзверы і пераступіў парог свае кватэры, — дык яно, тое мінулае, як прыкрая здань, адразу кінулася мне ля стала ў вочы...
Польскі легіянер у мундзіры з кручанымі пагонамі і белымі нашыўкамі тырчаў на табурэце, расставіўшы ногі ў шпорах і адкінуўшы набок доўгую шаблю ў бліскучай жалезнай похве.
Важна павярнуў да мяне сваю круглую прылізаную галоўку з чарнамазым тварам і бачкамі... ён, Ромусь Рабэйка! Цьфу! Выбраў час прыехаць і прыйсці!..
Павіталіся мы сцюдзёна і смешна: ён, як падпечаны, усхапіўся з табурэткі, стукнуў абцасамі, шпоры зазвінелі... І спярша — «рукі па швам», мусіць, каб першаму не прывітацца са мною за руку ці ад неспадзяванкі. Потым, на кракавяцкі ці які ўжо там варшаўскі лад, у нос і сюсюючы:
— Муе сяноване...
А я спярша гатоў быў біцца, сэрца затыхала, а потым адразу спакойным голасам і мімаволі ўсміхнуўшыся паўторыў, чамусьці пераймаючы яго:
— Муе шанованне...
І ледзь не тыцнуліся насамі, падаўшыся абодва тулавам наперад.
А тады я безуважна падаў яму руку і безуважна сказаў яшчэ раз, сцюдзёна, але з сваім натуральным вымаўленнем: «Маё шанаванне...»
Юзя апрытомнела і забегала, як спалоханая курыца ля пеўняў.
І бацькі сядзелі па сваіх ложках. Моўчкі пазіралі. А я, прыйшоўшы, і не ўбачыў, што яны тут.
- * *
Das ist eine alte Geschichte..
(Гэта старая гісторыя...)
Нямецкая прыказка
На маё шчасце, не прыйшлося мне ў бліжэйшыя дні ні гаварыць з Юзяю, ні паразумявацца з Рабэйкам.
На другі дзень увечары (гэта было 17 снежня, за тыдзень да каляд), калі вярнуўся я з вакзала, прыйшлі немцы і арыштавалі мяне. Вобыску ў кватэры ніякага не рабілі. Прост прыйшло двох немцаў-жандараў, паказалі ордэр ад камендатуры і сказалі напранацца. Завялі ў турму на Лукішкі.
Я не ведаў і дагэтуль не ведаю, па якой прычыне мяне арыштавалі. Тады я думаў, што за тое, што я быў ў Савецкай міліцыі і браў удзел у кантраляванні на вакзале, або па заяве каго-небудзь з добранькіх суседцаў. Падумаць на Рабэйку, што ён мог даказаць на мяне, мне і ў голаў не прыйшло.
Ды ў той дзень немцы шмат каго арыштавалі ў горадзе, а найболей — рабочых і служачых з Віленскага чыгуначнага вузла.
Гэтымі днямі пачалася ўжо нямецкая эвакуацыя. Немцы вывозілі не толькі сваю вайсковую, але і гарадскую, грамадскую маёмасць. Пачалі яны таксама патрошку заганяць у Нямеччыну паравозы і вагоны з нашых чыгунак.
«Рабочая міліцыя» даўно ўжо была арганізавана на Вароняй, — спярша, праўда, у нязначнай колькасці. З яе цяпер вырасла Міліцыя Савета (сапраўды — гэта была Чырвоная Гвардыя).
Савет загадаў устанавіць на вакзале рабочы кантроль. Спачатку Міліцыя Савета кантралявала і лавіла толькі спекулянтаў, а потым так неяк само сабою зрабілася, што ўзялася яна кантраляваць і нямецкія вайсковыя цягнікі. Немцам гэта, вядома, страшэнна не спадабалася.
У гэтыя ж дні, пад відам нямецкіх вайсковых фурманак, перавозілі сваё дабро з двароў у горад паны, а з Вільні ў Варшаву і другія польскія гарады, далей ад наступаючай Чырвонай Арміі, вывозіла сваё дабро і сама выязджала капіталістычная польская і яўрэйская буржуазія.
На вуліцах з’явілася шмат фурманак. Прост не прайсці... Рабочыя дзівіліся: «Няўжо гэта ўсё нямецкія?» — і там-сям пачалі затрымліваць іх і аглядаць.
Было таксама некалькі выпадкаў, што натоўп парасцягваў мэблю з кватэр, пакінутых выехаўшай буржуазіяй.
І вось немцы зрабілі шмат арыштаў — пад прадлогам змагання з бандытызмам і самаўпраўствам.
Я ў той дзень, калі мяне арыштавалі, быў на вакзале, стаяў на варце каля дроў. Немцы пачалі распрадаваць дровы, і Савецкая міліцыя ўмяшалася, забараніла прадаваць.
Я тады і думаў, што мяне арыштавалі за тое, што не даваў вывозіць дровы і за дзень падраў шмат нямецкіх квіткоў, з якімі з’яўляліся па дровы спекулянты.
XII. ТУРЭМНАЯ АЗБУКА
Павялі нас аж на гору Па якомусь калідору...
Дзверы! Дзверы! Ў дзвярах дзюрка...
Мацей Бурачок
Апынуўся я ў турме першы раз у сваім жыцці.
Прывялі мяне на Лукішкі, і ў канцылярыі ўбачыў я рыжага Рудольфа, — ён ужо, аказваецца, працаваў тут. Калі анкета была запоўнена, калі запісалі мяне ўва ўсе кнігі, Рудольф павёў мяне ў асобны, пусты пакой і загадаў раздзявацца дагала.
— Нашто? — здзівіўся я. — Мыцца тут сцюдзёна і няма вады.
—Вось я цябе зараз памыю! — жартліва пагразіўся ён і лагадней дадаў: — Такія парадкі.
Калі я раздзеўся, ёы пачаў пераглядаць маё адзенне, мацаць па рубцах.
— У мяне ў кватэры рэвізіі не рабілі і самога не аглядалі, а ты тут порашся, — не ўцерпеў я.
— Вось, тым больш, мушу я абмацаць цябе да костачак, — спакойна адказаў Рудольф. — Такія парадкі, і ты не брыкайся. Ты тут не першы і не апошні і сваіх парадкаў не ўводзь.
Параскідаў мае штаны і сарочкі і зараз загадаў адзявацца. Штаны і сарочкі мае былі ў дзірках, сам я быў вельмі худы, і ён, падла, адышоўся ўбок і закурыў люлечку, стаяў і глядзеў на мяне, пасміхаючыся, а потым скрозь зубы заўважыў:
— Ох, які ты пралетарый!
Я паслаў яго к чорту. Ён не пакрыўдзіўся. Але аловак і запісную кніжку ў мяне адабраў.
Ён жа завёў мяне па жалезнай драбіне на другі ці трэці паверх, да дзвярэй «цэлі» (камеры) нумар 40, і здаў наглядачу.
Наглядач быў стары, сівавусы турэмны служака, віленскі паляк. Служыў ён тут за рускімі, служыў і цяпер. Апушчанае бруха яго ў турэмным мундзіры было падцягнута кушаком. На кушаку, з аднаго боку, абвіс рэвальвер, вялікі, як карабін, а з другога боку бразгалі ключы.
Калі я пачаў быў у яго нешта пытацца, ён хрыпла гыркнуў на мяне: «Не размаўляць!» Ашчэрыў, як бы ў вялікай злосці, гнілыя зубы пад пракуранымі сіва-жоўтымі вусамі і моцна бразнуў за мною дзвярмі.
Дзверы зроблены так, што самі замыкаюцца. Нанач ён яшчэ навешваў вялізарны, цяжкі замок.
Адзіночка была цесненькая, але даволі чыстая, толькі паветра мне не спадабалася: смярдзела ад парашы.
Не ведаючы што рабіць і прыйшоўшы ў незразумелую вясёласць, я зараз запяяў «Інтэрнацыянал». Наглядач мой, гад, стаяў, мусіць, пад дзвярмі і толькі таго і чакаў...
Моцна бразнуўшы акенцам, адчыніў яго і гыркнуў на мяне вельмі злосна:
— Парадкаў не ведаеш? У карцар захацеў?
— А што? — здзівіўся я.
Не па вяселле прыйшоў спяваць!
І зноў страшэнна люта бразнуў жалезным акенцам у жалезных дзвярах.
- * *
Пасядзеў я ўсяго да паўдня 22 снежня, пяць дзён. Аднак жа паспеў дайсці даследчым шляхам, што калі прыкласці рот да дзірачкі ў сцяне, дзе прымыкаецца нанач ложак, і гаварыць, дык у суседа чуваць. Калі ён адтуль гаварыў, мне трэба было прыкладваць вуха. А сцяна тоўстая, цэглы ў дзве ці ў дзве з паловаю. Дзірачка ж неглыбокая, сантыметраў пяць — сем, не болей.
Калі каму яшчэ трапіцца сядзець на Душніках, хай гэта возьме пад увагу. Толькі размаўляць трэба ціханька, каб не пачуў наглядач.
Сядзеў са мною побач нейкі немец-камуніст. Умеў ён толькі па-нямецку, а таму і разгаварыцца мы з ім не маглі. А з другога боку — не ведаю, хто сядзеў. Ён не дадумаўся размаўляць праз дзірачку, і толькі адстукваўся кулакамі. Турэмнае азбукі ён не ведаў. І я яшчэ тады не ведаў яе — па нядбаласці сваёй.
А ведаць яе ў нашы часы павінен кожны, як і ўсякую грамату. Тым больш, што рэч вельмі простая. Азбука, якую я пераняў, пасля свайго першага сядзення, ад свайго бацькі такая: увесь рускі альфабэт разбіваецца на шэсць радкоў, па пяць літар у радку:
[[тут павінна быць табліца з шыфрам]]
Спярша выстукваецца лічба радка, потым лічба літары ў радку. Паміж лічбамі трэба рабіць невялічкую паўзу. Каб выстукаць, скажам, «Мацей Мышка» па гэтай азбуцы, трэба стукаць так:
3-2 1-1 5-2 2-1 2-4 3-2 6-1 5-4 2-5 1.1
М а ц е і М ы ш к а
Не ведаю, хто яе выдумаў. Але трэба было б паставіць яму помнік як вялікаму чалавеку, што наўчыў усіх людзей размаўляць праз глухія мураваныя сцены.
У свой час, сеўшы другі раз, меў я ад гэтае азбукі больш радасці, чым ад радыё, калі першы раз пачуў яго...
Той раз стукаць я не ўмеў і разгаварыцца з суседам па-нямецку не мог. Зрабілася мне нудна, і я спаў дзень і ноч, бо ложак у мяне, на маё шчасце, на дзень да сценкі не прымыкалі. Але потым, як добра выспаўся і спаць мне, асабліва пры электрычным святле праз усю ноч, ужо не хацелася, дык зрабілася яшчэ нудней. І кармілі страшэнна кепска: на абед давалі місачку памыек пад відам зупы, а раніцою і ўвечары — тую ж місачку маркоўнае кавы, такой нясмачнай бурды, што горш за тых памыек. І на ўвесь дзень — маленечкі кавалачак цэглы з бульбянога шалупіння і льняных жмакаў — гэта пад відам хлеба ці «бабкі». І больш нічога.
Як жа павінны былі мучыцца людзі, якія сядзелі на гэтых харчах, пакуль не ўміралі! А сядзела ж у немцаў многа людзей: камуністы, рускія ваеннапалонныя, дэзерціры. Нямала іх і перамёрла ў жудасных нямецкіх турмах ваеннага часу...
Ні чытаць, пі пісаць мне не давалі, гуляць не вадзілі і наогул нікуды за парог камеры не выпускалі, нават і ў уборную — раніцою выставіш парашу за дзверы і зноў сядзі пад замком.
На допыт не выклікалі; напісаць сваім, Юзі і бацьку, ці на Варонюю, каб прынеслі чаго есці, таксама не дазвалялі...
Аж на пяты дзень — да следчага! Прыняў ён мяне тут жа, у турме, у пакоі для допытаў. Следчы, як мне здалося, быў някепскі белабрысы немец ці паляк з Пазнані. Гаварыў добра па-польску. Называў сябе сацыял-дэмакратам. Можа — брахаў...
Ён толькі распытаўся ў мяне, хто я і што я, і толькі ўзяў падпіску, што не буду шкодзіць нямецкай эвакуацыі.
Не паспеў я вярнуцца ў камеру, як барбос мой, наглядач, захрыпеў:
— Забірай рэчы!
Ізноў у тым самым пакоі рыжы Рудольф усяго мяне абмацаў, каб я чаго не вынес, аддаў мне маю запісную кніжку і вывеў да брамы:
— Каціся! Больш не пападайся...
XIII. МРОІ НА ВАРЦЕ
Ні бог, ні цар і ні герой...
«Інтэрнацыянал»
Пакаціўся я найперш на Варонюю. І за адзін прысядак з’еў пяць абедаў. Еў бы і болей, ды баяўся, што захварэю. Пуза раздулося, як барабан, а есці ўсё хочацца...
Потым збегаў на хвіліну дамоў сказаць, што мяне ўжо выпусцілі, і перамяніцца, хоць без лазні, бо ў лазню ісці не было часу: зараз пабег назад у клуб.
Было гэта 22 снежня, у нядзелю. Паступілі весткі, што палякі-легіянеры рыхтуюцца напасці на Савет. З гэтае прычыны сённяшняе пасяджэнне Савета мелася адбыцца не ў Мескай зале, а ў Рабочым клубе на Вароняй, пад рабочаю ахранаю.
У ахране быў і я. Калі сцямнела, мы размясціліся і на вуліцы, і на падворку, і ў памяшканні. Зрабілі засады, каб ударыць легіянерам у тыл, калі яны рызыкнуць напасці. Каля кожных дзвярэй, каля акон, на балконах — стаялі ўзброеныя рабочыя.
Мне далі бомбу і карабін. На падворку, наспех, таварышы Высоцкі і Ляўданскі паказалі мне і яшчэ некалькім такім, як я, правілы кідання бомбаў і страляння з з карабінаў.
Але такіх няўмек, як мы, набралася няшмат. Усе ўмелі і кідаць і страляць. І во калі пашкадаваў я, што не хадзіў з Ромусем Рабэйкам да пэовякаў на практыкаванне ў лес. Цяпер бы выкарыстаў.
Потым бомбу ў мяне ўсё-ткі адабралі, каб не парваў сам сябе і тых, хто будзе блізка стаяць ля мяне. І я стаяў толькі з карабінам у бібліятэцы клуба, на другім паверсе, ля акна.
На вуліцах усё было ціха. Легіянеры, мусіць, даведаліся, што мы іх чакаем «у госці», і не прыйшлі. Нязначная групка нейкіх п’яных хуліганаў пачала была скандаліць на вуліцы, хацела прайсці ў клуб, але іх зараз пратурылі.
Я пазіраў у акно на цёмныя аграмадзіны дамоў, на вярхушкі веж касцёла святога Якуба, на сіняе зорнае неба,— і думаў... Думаў я, што вось можа і там, на гэтай далёкай зорачцы, назвы якой я не ведаю, таксама стаіць нейкая жывая істота, кшталтам мяне, і пазірае сюды, на зорачку-Зямлю.
А можа быць, там, у іх, — думаў я, — ёсць ужо такія дасканалыя прылады, што бачаць яны на нашай зорачцы-Зямлі не толькі вялікія сінія акіяны, чорныя плямы мацерыкоў, але і трубы фабрык і пасяджэнні Саветаў... Хто ведае?
І можа быць — даўно ўжо прайшлі яны наш шлях. І даўно ўжо няма ў іх ні бедных, ні багатых, ні эксплуатаваных, ні эксплуататараў, ні нацый, ні рэлігій, ні войнаў і турмаў, ні голаду і ўсіх нашых пакут...
Я зірнуў праз акно ўніз, на вуліцу, згары на дол, і ўспомніў няшчасную Яню... Зрабілася мне сумна і страшна...
І можа быць, — думалася мне, — усімі сіламі хочуць яны нам дапамагчы. Пасылаюць нам адтуль свае веды і свой дослед. Але мы не ўмеем прыняць ад іх тых вясцей. І сваімі сіламі робім тое, што вядзе чалавецтва да шчасця...
А потым, калі даляцеў да мяне шум з залы, дзе адбывалася пасяджэнне Савета, я абдумаўся і сказаў сам сабе:
«Эге, Мацей Мышка! Гэта ж ты займаешся індывідуалізмам і на свой манер шукаеш там дапамогі ад бога... Дарэмныя і шкодныя мроі! Не залятай на неба, трымайся за зямлю. Дапамога наша — у нас саміх»...
І я нават усміхнуўся: «З гэтымі сваімі мроямі яшчэ каго-небудзь і правароніш на вуліцы. Цьфу, цьфу, цьфу! Прачніся!»
І калі я прачнуўся, прыйшоў таварыш Высоцкі і сказаў, што можна ўжо ісці дамоў.
Дэпутаты ўжо расходзіліся, і па дарозе я ад іх даведаўся, што пасяджэнне было вельмі бурнае. Эсэры ярундзілі супроць Часовага Рабоча-Сялянскага Урада Літвы, заяўлялі, што не прызнаюць яго. А с[ацыял]-д[эмакраты]-інтэрнацыяналісты ўносілі свае папраўкі, і гэтак далей, і гэтак яшчэ далей... Старая песня!..
Адно мяне ўзрадавала: па прапанове Камфракцыі Савет прыняў пастанову — абвясціць другую забастоўку, калі немцы заўтра, да дзесятай гадзіны вечара, не выпусцяць усіх палітычных зняволеных, а ў першую чаргу арыштаваных чыгуначнікаў, спаміж якіх шмат членаў Савета.
Немцы адмовіліся выпусціць арыштаваных палітычных, і 23 снежня, а дзесятай гадзіне ўвечары, у горадзе пачалася забастоўка. Першыя пакінулі работу чыгуначнікі. Аб гэтым я даведаўся, калі быў яшчэ на Вароняй. А калі я ішоў адтуль дамоў, прыблізна а палове адзінаццатай, раптам па ўсіх вуліцах пагасла электрычнасць. Адразу зрабілася ўсюды цёмна і глуха. У чорнай цямноце патонулі дамы. Рэдкі прахожы, падазрона пазіраючы па баках, спяшаўся сваёю дарогаю, з тратуару пераходзіў па сяродак вуліцы і скрыпаў там снегам, як у вёсцы.
Значыцца, забаставала і электрычная станцыя.
На другі дзень, 24 снежня, была каталіцкая куцця, але ўсё жыццё ў горадзе з самае раніцы замёрла. Крамы, магазіны, рэстарацыі былі зачынены. Цягнікі не хадзілі, паравозы на вакзале не гудзелі.
Увечары зазванілі ў касцёлах, але на вуліцах — цёмна і пустынна. Ежце, панове, куццю пры лямпах і яшчэ не ў сваёй Вільні!
Бо перад тым у Вільні насіліся ўпартыя чуткі, што палякі выступяць яшчэ да адыходу немцаў. Польскія патрыёты называлі тэрмін: за дзень, за два перад ражством, каб узрадавацца к вялікаму святу «божага нараджэння» і разгавецца «ў сваёй Вільні»...
Аднак жа гэтым разам яны не выступілі, — магчыма, што яшчэ не падрыхтаваліся, а можа быць і з прычыны таго, што ў горадзе гэтыя дні была забастоўка.
Жартлівыя ж людзі пасля смяяліся, што палкоўнік Вэйтка еў куццю ў свае каханкі, а «ў каханкі — смаляныя лаўкі», дык ён прыліп там, заседзеўся і спазніўся пачаць выступленне...
Не ведаю, у якой каханкі сядзеў палкоўнік Вэйтка. А паручнік Хвастуноўскі быў на куццю за сталом у кватэры пана доктара Корсака, еў «свіныя вушкі» разам з паннаю Адэляю Ёдка. Яна яму падабалася, ён да яе заляцаўся.
Гэта мне казаў Болесь Будзіловіч, каб пахваліцца, што Адэлька «з гэтага дурнога мядзведзя з скулястаю мордаю толькі смяецца...». Паненскае сэрца яе належала Болесю, калі верыць самому Болесю. У іх жа быў тады і капітан Ёдка. Час прайшоў цікава і вясёла, — казаў Болесь, — хоць і пры свечках...
Я пакуль яны там сядзелі, пілі і елі, уночы з 24 на 25 снежня, — немцы мусілі здацца на выстаўленыя Саветам умовы і павядомілі па Варонюю, што зараз, яшчэ да раніцы, усіх арыштаваных чыгуначнікаў выпусцяць, а потым, паступова, будуць выпускаць і ўсіх палітычных.
Прасілі даць святло.
Прэзідыум Савета, мусіць, не спаў начэй. Бо тут жа паслаў сваіх прадстаўнікоў у турму для праверкі, а па электрычную станцыю даў загад — пусціць святло.
Электрычнасць загарэлася, горад вынырнуў з цямноты, адразу адшыўся, павесялеў... Толькі куцця была ўжо з’едзена пры лямпах ці пры свечках, і шмат хто заснуў у кепскім гуморы.
Тым часам немцам нельга было верыць ні на грош. У дзень 25 снежня, на ражство, яны патрошку вызвалялі палітычных, па чалавеку ў гадзіну, а ўвечары ізноў прыпынілі вызваленне, — змарыліся...
Прэзідыум Савета зараз жа загадаў станцыі ізноў выключыць святло!
Цяпер немцы доўга не ўпіраліся і мусілі выканаць усе патрабаванні.
Позна ўвечары электрычнасць ізноў разлілася па горадзе, апавяшчаючы рабочых, што перамога дасягну та. Забастоўка была спынена. Цягнулася яна з дзесятае гадзіны вечара 23 снежня да познага вечара 25 снежня, двое сутак.
Забастоўка асабліва яскрава паказала, што абвяшчэнне Савета ўладаю не было пустым словам. І быў ён уладаю не толькі для рабочых, як па наіўнасці хацелі тады прадставіць сабе справу віленскія абываталі. Ён быў уладаю, перад якою пасавалі ўжо ўсемагутныя акупанты. Улада яго з кожным днём расла і пачынала ахопліваць усё жыццё горада.
А Чырвоная Армія падыходзіла ўсё бліжэй да Вільні...
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
[правіць]І. БЕЛАЕ І ЧЫРВОНАЕ
[правіць]- Пралетарыі ў сіх краін, яднайцеся!
- Маніфест Камуністычнай партыі
- О Літво! Ойчызна моя!
- Адам Міцкевіч
Па віленскіх вуліцах у гэты час ужо пагульвала шмат афіцэраў у польскай вайсковай форме. Спаміж вайсковых былі легіянеры-«пілсудчыкі», што папрыязджалі з аўстрыйскае арміі, як капітан Ёдка ці Ромусь Рабэйка. Але больш было «доўбарчыкаў» — з корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, як паручнік Хвастуноўскі. У нямецкіх часцях, што стаялі ў Вільні, таксама былі палякі, «пазнанчыкі», ураджэнцы Пазнанскай правінцыі. Можна было чакаць, што і яны не выйдуць з немцамі, а застануцца ў Вільні і ўвальюцца ў польскія ўзброеныя сілы.
Апрача таго, палякі ўзбройвалі сваю дробнабуржуазную моладзь, вучняў, гімназістаў і розны гарадскі зброд, люмпен-пралетарыяў, патрыётаў, п’яніц і хуліганаў з Паплаваў, Сніпішак і іншых акраін горада.
- * *
У гэты час польская нацыяналістычная агітацыя развінулася на ўсю моц...
Афіцэр частаваў сваіх «пілсудчыкаў», ці «доўбарчыкаў», ці «пазнанчыкаў» папяросамі і казаў:
— Прыйшоў, панове-брацця, час біцца за айчыну!
Ксёндз ягомасць пан Цыбулька сам прыходзіў у галодную сям’ю якога-небудзь няшчаснага дворніка. Прыносіў трошку мукі, трошку павідла:
— Жэбы было чым споткаць польскей семі новы рок у польскем мясьце... Але для тэго тшэба ісьць выпэндзаць з мяста польскего агентув Москвы, пшэклентых большэвікув...
Настаўнік гімназіі ўсю лекцыю гаварыў аб вялікім гістарычным моманце, што вось ужо наступае... Горад вешча Адама Міцкевіча ізноў будзе ў польскіх руках... Але дзеля гэтага трэба ісці ў легіянеры — як, бывала, «млодзеж польска» ішла ў легіёны абараняць айчыну...
Пані-шляхцянка з-пад Вільні прыводзіла сыночка-шляхцючочка да краўца (на гэты раз да яўрэя, бо «свае» святкавалі), прыводзіла шыць вайсковы касцюм — «спатыкаць новы рок у польскім горадзе ў польскім адзенні...».
Кавалак хлеба, бутэлька «вудкі», папяроса паддавалі духу «барацьбітам за польскую незалежнасць», калі ідэі бракавала...
У касцёлах — службы, казанні, благаславенствы...
На мітынгах — гарачыя прамовы, заклікі, істэрыкі, слёзы...
У «Польскім камітэце нацыянальным», у «Стражы крэсув» (ахрана акраін) — грошы, пайкі, інструкцыі, зброя...
- * *
Штаб польскіх узброеных сіл знаходзіўся на Зарэччы, у доме Ганесці, № 5. Ромусь Рабэйка быў там. Два братцы, два слаўных Пстрычкі, прыкацілі туды з Брудзянішак. Быў там і нейкі сержант Халяўскі, — можа з свянцянскіх Халяўскіх, можа ўнук таго пана Халяўскага, у якога ў майстэрні бацька мой быў вучнем.
Прабаваў цягацца туды, цішком ад усіх нас, і дзядзька мой Антоні Плахінскі. Але калі нам стала гэта выпадкова вядома, дык спалохаўся... І кляўся-прысягаўся, што хадзіў туды толькі адзін раз, да Ромуся Рабэйкі.
Сказаць паганцу, каб болей не дакучаў Юзі... — апраўдваўся ён, — каб, гэта, у нашу кватэру болей ні на парог, такі псяюха, гад!
Маніў стары дурань. Хадзіў, пэўна, не раз. І няйначай, як для таго, каб «паразведаць», ці не знойдзецца там якой «ваканцыі» і для яго...
Але спалохаўся так, што мы з бацькам аж не маглі ўтрымацца ад смеху, калі пачаў ён апраўдвацца, хоць і брыдка было нам за яго ўчынкі.
І кляўся-прысягаўся, што больш туды яго ніхто і на вяроўцы не зацягне.
— Што я там лепшае знайду? — казаў ён нібы прастадушна, — што я там лепшае знайду, раз я ўжо маю за сваю работу кавалак хлеба на Вароняй... ( А яго ўзялі на Вароняй у пачыначную шавецкую майстэрню клуба.)
Зброю польскія арганізацыі даставалі ад немцаў, у
вялікай колькасці, па ўмове — за тое, што згадзіліся не перашкаджаць немцам вывезці шмат маёмасці як вайсковай, так і грамадскай.
У рабочых справа з узбраеннем стаяла іначай... Нямецкае камандаванне адмовілася выдаць зброю нават для Савецкае міліцыі. Пэўна ж, было яно не сляпое і добра ведала, што пад відам Савецкае міліцыі расце Чырвоная гвардыя...
Рабочыя мусілі ўзбройвацца самі. Яны скуплівалі зброю ў нямецкіх салдатаў, нелегальна, і хавалі яе ў сябе на кватэрах.
З восені віленская камуністычная арганізацыя пачала ствараць сваю Чырвоную гвардыю. Спярша, як я ўжо адзначаў, чырвонагвардзейцаў было мала, і былі яны пад відам Рабочай міліцыі пры клубе на Вароняй. Былі там рускія з былых нямецкіх ваеннапалонных, і некалькі чалавек немцаў-спартакаўцаў, і віленскія рабочыя: палякі, літоўцы, беларусы, яўрэі.
Калі адчыніўся Савет, з Рабочай міліцыі вырасла, ужо значна большая па колькасці, Міліцыя Савета, ці Савецкая міліцыя.
Пакуль што, пакуль не ўвабраліся добра ў сілу, дык ужывалі цішэйшыя назвы, каб не вельмі калола ў вочы немцам і палякам. Але сапраўды — была гэта Чырвоная Гвардыя.
Адзін атрад яе пастаянна стаяў цяпер пры клубе на Вароняй. Хадзілі чырвонагвардзейцы, вядома, без вайсковай формы, з чырвонымі павязкамі на левай руцэ ці без усякіх адзнак.
Пазней былі арганізаваны яшчэ два атрады: на Парубанку і ў Звярынцы. Людзей было мала... Немцы выкачалі віленскую рабочую сілу ў Нямеччыну, у капальні. Моцных рабочых мала і было ў той час у горадзе.
Зброю ў немцаў, перад самым іх адходам, скупліваў для Вароняй таварыш Высоцкі, наш «фельдмаршал». Быў ён на імперыялістычнай вайне ў чыне паручніка ці прапаршчыка, дык добра ведаў вайсковую справу. Цяпер нам яго веды вельмі спатрэбіліся.
Чалавек быў наогул энергічны, з вайсковаю выпраўкаю, з рашучымі рухамі, са смелаю, шыбкаю хадою. Было яму тады гадоў 28. Быў высокі, худашчавы, цемнаваты шатэн...
Вось і ўсё, што я ведаў, ды што і цяпер ведаю, пра свайго тагачаснага «фельдмаршала»...
Ён купляў у немцаў нават кулямёты, купіў у іх нават адзін бранявік! На жаль, не перавёз адразу па Варонюю. Але хто ж гэта ведаў, як справа павернецца...
Быў таварыш Высоцкі на чале Парубанскага атрада.
Камендантам на Вароняй быў таварыш Тарас.
Горад быў разбіты на раёны.
Адным словам, рыхтаваліся, бо немцы вось-вось павінны былі выйсці...
ІІ. «НАПЯРЭДАДНІ ЧАГОСЬЦІ»
[правіць]Немцы, узмацняючы палякаў, стараліся аддаліць момант канчатковага захопу ўлады ў горадзе камуністамі да свайго адыходу і прыцішыць набліжэнне Чырвонае Арміі, якой трэба было лічыцца з ростам польскіх узброеных сіл.
Але як яны ні зацягвалі свой адыход, а ў апошнія дні снежня мусілі эвакуіравацца ў Коўню. З імі ўцяклі і літоўская тарыба і беларуская рада.
31 снежня, перад Новым годам, на вуліцах у Вільні быў разлеплены загад ужо польскага вайсковага камандавання. У загадзе абвяшчалася, што ўлада перайшла да палякаў і што ўсе ваеннаабавязаныя грамадзяне павінны з’явіцца на мабілізацыю, для залічэння ў польскае войска, бо «трэба бараніць бацькаўшчыну...».
Прачытаў я і пайшоў. Думаў: «Пішыце сабе, панове, што хочаце, калі фактычная ўлада ў руках Савета, а праз дзён колькі будзе тут Чырвоная Армія».
На Вароняй, у сталоўцы, спаткаўся я з дзядзькам Туркевічам. Ён толькі што вярнуўся з вёсак пад Гродняю. Абедалі мы з ім за адным столікам, ён быў у вельмі добрым гуморы, апавядаў, што вёска настроена для нас надта добра, сяляне спачуваюць бальшавікам, чакаюць загадаў.
Паабедаўшы, пайшлі мы з ім разам па сваіх хатах... Дарогаю спыніліся каля польскага загаду, наляпёнага на плоце, яшчэ раз прачыталі яго.
— Як думаеш, дзядзька Язэп, — спытаўся я, — рызыкнуць яны разганяць Варонюю ці не?
— Чорт ім даў, — адказаў дзядзька Туркевіч, — пабаяцца!
І мы развіталіся. Наступаў вечар. Цямнела. Сыпаўся сняжок. Заўтра — Новы год. На вуліцах, аднак, даволі ціха. Ажыўлення, як заўсёды перад Новым годам, сёння не заўважалася. Нібы ўсе прытаіліся перад чым...
Прыйшоў я дамоў.
Плахінскага няма, пайшоў да касцёла богу маліцца. Бацька мой сядзіць, напрануўшыся, каля акна, чытае сваю меншавіцкую «Новую эру». А Юзя ляжыць на ложку, і відаць па вачах, што плакала.
Такія здарэнні, каб яна вельмі чаго засмуцілася, трапляліся ў яе рэдка. Ужо і пасля смерці Яні яна паспакайнела, часам і смяялася. Бо час, асабліва для такіх натур, — вялікае лякарства: усё праходзіць, усё забываецца...
Падсеў я, пытаюся: у чым справа? ці не захварэла яна? ці не нарабілі мы, праз неасцярожнасць, якой бяды? Не дзіва: жывём у такой завірусе, што няма калі добра абдумацца ці правесці якую справу гладка... А тут яшчэ Ромусь Рабэйка паддаў жару...
Аж яна і кажа, што сапраўды — спаткалася на вуліцы з ім, і ён пагражаў і ёй і мне.
— Ах, такі ўжо «ён»! — кажу ёй, гладзячы яе рукою па валасах, а сам думаю: «Маніш, галубка! Не такая ты, каб ад гэтага плакаць. Пэўна, таму ты плачаш, што ў пакоі сцюжа і няма чым спаткаць Новы рок... Буржуазка!»
А потым яна дастае з-пад падушкі запіску і кажа: «Быў Болесь Будзіловіч. Пакінуў табе...»
У запісцы было напісана:
«Мацей! Прыйдзі да мяне сёння, без асаблівага шуму, як сцямнее, пагаварыць аб вельмі важнай для цябе справе».
Ён казаў, — дадала Юзя, — каб ты гэтыя дні пасядзеў у хаце, а вечарамі на Варонюю зусім бы не хадзіў...
Я са злосцю падраў запіску, а потым, усё-ткі, пастанавіў схадзіць даведацца: што там за такая важная для мяне справа? Напрануўся, пайшоў.
І дайшоў аж да Зялёнага моста. Перайсці мост, зараз і ў іх... І спыніўся, падумаў, плюнуў і завярнуўся назад.
«Ну яго да ўсіх д’яблаў з яго важнымі справамі! Няйначай, як хоча папярэдзіць, што палякі маняцца напасці на Варонюю», — упэўніўся я і пайшоў дамоў.
У каўбаснай купіў паўкіло гарохавае каўбасы, а ў пякарні — кіло даволі добрага хлеба, схаваў і ў адну кішэню і ў другую. Усё роўна — разарацца дык разарацца! Калі можаш з’есці, дык з’еш. Бо хто ведае, калі і як прыйдзецца табе ласавацца ў тваім жыцці...
На Віленскай завярнуў на падворак, дзе змяшчалася сталоўка майго бацькі. Сталоўка была ўжо на замку, і вакол — ні душы, але фортка ў браме — толькі на ланцугу, можна пралезці, і дворніка няма, — мусіць, таксама пайшоў да касцёла богу маліцца.
Я праціскаўся ў самы канец падворка, дзе ляжалі ў штабелях двухметровыя дровы, выбраў круглячок па сваёй сіле, паціхеньку выбраўся на вуліцу і спакойна пацягнуўся дадому.
Круглячок мы з бацькам зараз парэзалі і пабілі. Ён усё пытаўся, дзе гэта мне «пашчасціла».
— Пэўна, — кажа,— сцягнуў у якога буржуя. Ой, Мацей, нядобра бальшавіку займацца такімі індывідуальнымі справамі...
— Сам, — кажу, — не ведаю, як гэта здарылася: ішоў па вуліцы, ляжыць бервянцо без прыгляду, я і панёс. Мусіць, — кажу, — гэта ўва мне спадчына буржуазных ці бацькоўскіх парокаў...
Ну, ну, ну! — агрызаецца бацька.— Можа гэта спадчына выхавання на Вароняй вуліцы...
А Плахінскі (ён ужо прыйшоў з касцёла) і Юзя, як відаць, нічога не зразумелі з нашае гаворкі і проста былі здаволены, што ў хаце пацяплела.
Юзя падсмажыла каўбасу, з’елі мы яе з хлебцам, запілі гарбатаю. Усім павесялела. Плахінскі, пагладжваючы свае бура-сівыя вусы, далікатна пажадаў усім добра спаткаць і добра пражыць Новы рок — «у шчасці, у радасці, у дастатку» — і лёг спаць.
А калі і мы пачалі класціся, бацька мой даволі лагодна мне кажа:
— А ты, Мацейка, усё ж ткі, калі палякі пачнуць разганяць вас, не дужа лезь там на ражон... Усё роўна — бескарысна.
Я толькі фыркнуў, завярнуўся. Зараз заснуў.
- * *
На другі дзень, 1 студня 1919 года, хадзіў я з Юзяю абедаць на Варонюю, і жыццё ішло там сваім звычайным торам.
Праўда, як пачаў ужо я «куціць», дык пачаў... Каб дагадзіць Юзі, пад’елі мы ў гэты дзень троху смачней. А нават і не троху, а добра-ткі пасілкаваліся: з’елі па талерцы расольніку, узялі адну порцыю на дваіх гуляшу з каніны, з падсмажанаю бульбачкаю, а паверх — па талерцы пярловае кашы з малаком.
Я думаў: досыць! Нават сказаў: «Хоць бы так і да веку кожнаму добраму чалавеку», — і па пузу сябе, жартуючы, пагладзіў. А яна: «Вып’ем яшчэ — гарбаты па шклянцы».
Справа была не ў гарбаце, а ў тым, што да гарбаты можна было купіць па цукерцы. Пайшоў я да буфета, а там падсунуўся да мяне ціханька адзін наш харыст, мурлаты Падлеўскі: «Дзень добры, товажышу Мышко! З Новым рокем!» — І кажа, што мяне на вуліцы чакае Болесь Будзіловіч.
Хай пачакае! П’ём мы гарбату, я не спяшаюся, а Юзя ледзь не абпяклася: «Ну як так можна?.. Пан Болесь чакае!»
Калі мы выйшлі і трошку адышліся ад клуба пад Юраўскі праспект, знедкуль вынырнулі і нагналі нас Болесь і Падлеўскі.
Болесь прывітаўся са мною, як заўсёды, вельмі радасна, нібы я яму таварыш дарагі. А перад Юзяю замуляўся. Падлеўскі сказаў:
— Жона товажыша Мышкі...
Я падумаў: «Адкуль ён, свалата, ужо ведае, хто яна мне, жона ці не жона». А Болесь выгнуўся па-кавалерску, узяў Юзіну ручку, як дарагую святыню, плаўна апісаў галавою дугу і цмокнуў з благагавеннем, як ксёндз у абраз.
Юзя ручку выставіла і ледзь не прысела ад шчасця, зачырванелася ўся і разлілася маслам... За Болесем прылажыўся і Падлеўскі. Быў ён электраманцёр, але ж пнуўся ў інтэлігенцікі.
Пайшлі разам, загаманілі пра пагоду. Потым, хоць Юзя больш цягнулася да Болеся, пайшоў з ёю Падлеўскі, а мяне апанаваў Болесь. Зараз пачаў сваю балбатню...
Спатыкаў ён «Новы рок» дома, з мамаю і з усімі сваімі, нікуды не хадзіў. Пілі, елі і весяліліся. Адэлька так віртуозна іграла. Яе музыка гучала яму, як гімны нашых дзён. Наогул, музыка заўсёды яго нервуе страшэнна. Яму ад музыкі хочацца і жыць і плакаць...
У музыцы было шмат засмучонага, але рашучага і прыгожага імкнення да жыцця і змагання. І яму хацелася, хацелася вырвацца з будзёншчыны на вялікія, нязнаныя прасторы... Адэлька іграла і ласкава назірала на яго...
А яго думкі былі далёка ад яе... Ён намаляваў сабе абраз... Калі легіянеры пачнуць разганяць Варонюю, ён будзе там... Ён будзе абараняць вялікую ідэю, вялікую справу...
І калі ён падзе там ахвяраю, яна, даведаўшыся аб непапраўным, выйдзе, бязмоўная, з свайго пакоя, трагічна адкіне крышку раяля, сядзе, маленькая, але вялічаственная, і будзе іграць урачыстыя гімны Бетховена...
У гэтым будзе сінтэз жыцця і смерці... Толькі шкода бедную маму... Шкода і Стасю...
— А! Між іншым... — перапыніў ён сам сваю балбатню, успомніўшы Стасю, — сястрычка мая да цябе нераўнадушна... Гэта яна мне падказала, а то я сам можа б і не здагадаўся... Ну, напісаць табе запіску, — патлумачыў ён, калі я паглядзеў на яго з неразуменнем, — каб ты не хадзіў гэтымі днямі на Варонюю...
— У запісцы аб гэтым нічога не было. Мне Юзя на словах перадавала, — сказаў я даволі суха. — А нарэшце, Болесь, у чым тая важная справа, дзеля якой ты хацеў мяне бачыць?
— Хіба ж ты яшчэ не зразумеў, Мацей? Не прыкідвайся... Вядома, я напэўна нічога не ведаю. Гэта ж такія сакрэты! Але Адэлька тое-сёе апавядала, яна чула ад брата ці можа ад паручніка Хвастуноўскага. І наогул усе ў горадзе гавораць, што мы напярэдадні чагосьці..
— Ну дык што?
— А мы ж яшчэ маладыя, Мацей... Калі я слухаў учора яе музыку, мне так хацелася жыць! Слухай, Мацей: чаму ты калі да мяне не зойдзеш?..
І зноў — і панёс і панёс...
«Не такі ты, аказваецца, прасцячок, якім я ўяўляў цябе дагэтуль», — падумаў я тады пра Болеся.
І зрабілася мне брыдка ісці з ім, слухаць яго. А да Падлеўскага хацелася [падысці] адзаду і грымнуць яму кулаком па карку, каб адляцеў аж на тры крокі.
Калі Болесь і ён нарэшце пакінулі нас і мы з Юзяю падыходзілі да дому ўдваіх, я, памятаю, не ўцерпеў і спытаўся ў яе, што казаў ёй Падлеўскі.
— А табе цікава? Ну аб чым можа гаварыць з жанчынаю такі гжэчны мужчына? Рассыпаўся ў кампліментах...
— А пра палітыку нічога не казаў?
— Ну-ну... пра палітыку! А, не, казаў... Казаў, што мы напярэдадні чагосьці.
— Ах, свалата! — вырвалася ў мяне.
— Хто? — не зразумела Юзя.
— Хто... твой гжэчны кавалер!
— Самы сімпатычны хлопец! — узялася абараняць ад мяне Юзя Падлеўскага. — І калі са мною прайшоўся, дык ужо ён у цябе свалата... — І надзьмулася.
Я ж бачыў, што яна ахвотна паспрачалася б са мною і болей, — на такую прыемную для яе тэму. І таму змоўк. Толькі думаў: «Юзя, Юзя! Звязаў мяне з табою чорт вяровачкаю»...
- * *
Так дайшлі мы дадому, і там знайшоў я нечаканага госця: Арон прыехаў з Брудзянішак, зайшоўся па дарозе да мяне на кватэру. Быў ён, як заўсёды, здаровы, вясёлы. Тупаў вялізнымі падкаванымі ботамі, як конь, і паварочваўся, як мядзведзь. А гаварыў голасна, як у полі. Я вельмі яму ўсцешыўся і хутка забыўся на ўсе свае прыкрасці.
Казаў Арон, што ад іх немцы таксама ўжо выходзяць і ён прыехаў на Варонюю прасіць інструкцый: ці абвясціць сябе ўладаю і ўсё ўзяць у свае рукі, ці пачакаць да прыходу Чырвонае Арміі.
Чырвоная Армія, паводле яго слоў, была ўжо недалёка: на дарозе з Мінска па Вільню — на станцыі Кена.
Ён пабыў трошку, развітаўся і пайшоў — з тым, што ўвечары мы яшчэ спаткаемся па Вароняй і пагамонім.
А я, калі ён пайшоў, лёг трошку адпачыць. Пасля сытнага абеду размарыў мяне смачны сон, заснуў я моцна і салодка...
ІІІ. НАРАДА
[правіць]Каля шостай-сёмай гадзіны вечара, калі я яшчэ спаў, ішлі на Варонюю шавец Лахінскі і шавец Плахінскі. Сышліся дзесь па вуліцы, пайшлі разам і дарогаю гаманілі сабе памаленьку.
Аб чым яны тады, у апошнія хвіліны жыцця свайго, гаманілі — як мне ўгадаць?
Дзядзька мой, Плахінскі, пахілы, з бура-сівымі павіслымі вусамі, пануры чалавек, пэўна, апавядаў Лахінскаму, маладзейшаму і здаравейшаму за яго, як хацеў ён некалі змяніць шыльду на сваёй майстэрні на Пагулянцы, таму што прозвішчы іх вельмі сходныя. І, пэўна, хітруючы, не вельмі шчыра дадаваў, што ўсё гэта, як на цяперашні яго розум, было пустое дзела, бо ўсё пайшло прахам...
Лахінскага я ведаў мала. Але стаяў ён да Вароняй вуліцы без параўнання бліжэй, чым мой дзядзька, дык, пэўна, смяяўся ён з разважанняў майго дзядзькі.
А мой дзядзька, мусіць, яшчэ яму казаў:
— Але ж трэба мець надзею, таварышу Лахінскі, што ўсё яшчэ, дасць бог, ацішыцца, асталіцца і зноў усё будзе па-даўнейшаму...
— Надзея — матка дурных, кажа старая прыказка, пане Плахінскі! — пэўна, заўважыў яму, смеючыся, таварыш Лахінскі.
І так, гамонячы, прыйшлі яны ў клуб.
У той жа час, — можа крыху раней, можа крыху пазней, — другімі вуліцамі, другімі шляхамі, ішлі на Варонюю: член прэзідыума і адказны сакратар Гарсавета — камуніст Юліус Шымкевіч, высокі, тонкі, у сваім рудым дэмісезонным паліцечку і ў сваім шыракаполым, чорным, усесезонным капелюшы, і з ім — звычайны член Гарсавета, але бундаўскі лідэр, вядомы бундавец Вайнштэйн, таўсцейшы за Шымілевіча, здаравейшы за яго і цяплей напрануты.
Ішлі і гаманілі...
Аб чым яны тады, — у такія важныя хвіліны жыцця свайго, для аднаго — апошнія, для другога... для другога, мусіць, паваротныя, — аб чым яны тады маглі гаманіць — як мне ўгадаць?
Шымілевіч, пэўна, жартаваў, смяяўся і праконваў друга свайго, таварыша Вайнштэйна, кінуць контррэвалюцыйны Бунд і перайсці ў кампартыю.
А Вайнштэйн, магчыма, у тым жа вясёла-жартлівым тоне, а магчыма, і ў якім іншым, больш уласцівым яму тоне, адбіваўся, можа, ад яго трапных падколаў і казаў, можа, што «яшчэ паспее з казамі на торг»...
І так, гамонячы, прыйшлі яны ў клуб.
У гэты ж дзень дзядзьку Туркевічу было нудна сядзець аднаму ў хаце. Бо ўсё-ткі ж — свята, Новы год. Сям’я яго і цяпер была яшчэ на вёсцы. Жыў адзін.
Схадзіў ён на Варонюю, там паабедаў. Прыйшоў дамоў, лёг адпачыць, думаў заснуць. Але ніяк не спалася, бо добра выспаўся, лёгшы ўчора звечара і спаўшы сёння ледзь не да абеду.
Дык, каб не быць у адзіноце цэлы вечар, надумаўся схадзіць да прыяцеля, з якім даўно не бачыўся, — сталяра Дручка. Пайшоў на Сніпішкі.
Ён прыходзіць, а Дручок якраз выходзіць, навешвае на дзверы замочак. І белы клуначак у яго ў руках. Сабраўся, бач, у паліклініку літоўскую, да жонкі. Сёння раніцою паклаў радзіць, — можа, тым часам, апрасталася.
Дзядзька Туркевіч завярнуўся, пайшлі да цэнтра разам. Дарогаю ішлі, гаманілі...
Дручок жаласна пералічаў на пальцах усіх сваіх дзетак, хлопчыкаў і дзяўчатак, што паўміралі ад розных пошасцяў за гэтыя гады, пад немцамі. Адной рукою трымаў клунак, а на другой, вольнай, загінаў палец і ўспамінаў, чаго і як каторае сканала... І казаў, што цяжка такім часам гадаваць дзеці, але ж ізноў, вось, жонка не ўтрымалася. І радзіць выбрала пару вельмі нязручную: святкі, прадукты даражэйшыя, ды і «бескаралеўе», у горадзе не зусім спакойна.
Дзядзька Туркевіч яму заўважыў, што нельга ж вінаваціць толькі жонку, што палову той віны мусіць прыняць і сам Дручок. Гэта — па-першае. А па-другое, можна пацешыць сябе тым, што абавязкова павінен бальшавік радзіцца!
Дручок адказаў, што ўсё ж ткі гэта больш па бабскай лініі, каб дзеці не радзіліся. Цяпер гэтыя фокусы шмат хто ведае, наўчыліся... Дык хай бы ад каго пераняла. Не яму ж, мужчыну, займацца такімі справамі...
— Ну, а каб жа бальшавік радзіўся, дык нічагусенькі супроць не маю, няхай на свет здаровенькі прыходзіць, — згадзіўся Дручок і наддаў ходу: — Можа ён там ужо і прыйшоў...
На рагу Віленскай і Юраўскага развіталіся. Дручок засігаў далей па Віленскай, у паліклініку. Дзядзька Язэп спыніўся — сам не ведаў, куды цяпер накіравацца. Аж успомніў, што недалёчка, на Юраўскім, ёсць кіно, і не вельмі дарагое. Прыйшоў — адчынена. Узяў білет і якраз трапіў на пачатак. У зале было амаль пуста, нягледзячы на свята. Дык хоць білет меў на трэцяе месца, а сеў — спярша на другое, а потым нават на першае перасеў.
Было гэта таксама каля гадзіны сёмай вечара.
- * *
Лахінскі і Плахінскі прыйшлі ў сталоўку ранавата. Каша на вячэру яшчэ не згатавалася, нядаўна засыпалі, трэба было чакаць. Яны селі гуляць у шашкі.
Шымілевіч і Вайнштэйн прыйшлі, калі у пакоі нумар 20 ішла нарада. Шымілевіч адразу сеў там сам. А Вайнштэйна паклікалі з чытальні.
Спярша паслалі па яго Ракоўскага, стоража клуба. А потым, наўздагон, прыйшоў і сам Тарас, клубны камендант, — каб ішоў Вайнштэйн канечне, нарада вельмі важная.
На нарадзе былі члены Віленскага камітэта Кампартыі, члены прэзідыума Гарсавета і радавыя камуністы і рабочыя.
Быў там таварыш Ром, Вяржбіцкі, Кунігас-Ляўданскі, Тарас, Шэшкас, Ракоўскі, потым падышоў Шымілевіч, паклікалі Вайнштэйна, запрасілі і Арона, і склікалі наогул усіх, хто быў тут і быў свой, клікалі кожнага таварыша.
Былі там два немцы-спартакаўцы, быў адзін таварыш з Масквы — чорны, у кажушку, былі таварышы-чырвонагвардзейцы з атрада, што стаяў на Вароняй, у большасці — з былых ваеннапалонных, што ішлі з Нямеччыны дамоў і засталіся ў Вільні дапамагаць Савету, былі бундаўцы.
Сабралася нарада экстрана. Паставілі пытанне: што рабіць, калі палезуць палякі «разганяць» Варонюю ўзброенаю сілаю: даць адпор ці разысціся да прыходу Чырвонай Арміі? Бо паступілі такія весткі, што пытанне трэба развязаць зараз, безадкладна, каб потым дзейнічаць паводле прынятай пастановы...
Камуністы, спартакаўцы, чорны таварыш з Масквы, у кажушку, і ўсе чырвонагвардзейцы былі за тое, што трэба даць адпор у кожным разе! Бо як жа так — узяць дый разысціся? Разбегчыся? Трэба змагацца, трэба іх праўчыць! Паднімуцца рабочыя, шмат хто выйдзе са зброяю ў руках, а забастуе цэлы горад! Чырвоная Армія паспяшыць на выручку... Да яе прыходу можна пратрымацца...
Так мне казаў пасля Арон аб выступленнях, якія там былі ў яго прысутнасці.
— Але, — казаў ён, — Вайнштэйн і ўсе бундаўцы, што выступалі ўслед за ім, былі за здачу, лічылі і даводзілі, што гэтак будзе разумней, што лезці на ражон няма чаго, што нельга рызыкаваць жыццём без пільнай патрэбы, што сілы вельмі няроўныя, што ў нас вельмі мала зброі і што наогул — які сэнс гінуць тут горсці людзей, калі праз пару дзён палякі самі разбягуцца ад Чырвонай Арміі.
Праз бундаўцаў, казаў Арон, сядзелі доўга, гадзіны дзве ці болей, усё спрачаліся, хоць пастанову прынялі, вядома ўжо якую: бараніцца ў кожным разе!
Потым сталі расхадзіцца...
Некаторыя паспелі выйсці ў пару. Шымілевіч і Вайнштэйн спазніліся, іх ужо не прапусцілі, завярнулі іх назад. І Лахінскі і Плахінскі — заняліся кашаю, таксама не паспелі...
Дзядзька Туркевіч апавядаў, што фільм ішоў не асабліва цікавы, нешта нуднае з даваеннага жыцця расійскай інтэлігенцыі, але так-сяк даседзеў ён да канца, а каля гадзіны восьмай з паловай выйшаў з кіно і памаленьку пацягнуўся на Варонюю, вячэраць.
Прайшоў троху і вельмі здзівіўся: нейкі новы патруль ходзіць па вуліцы, з белымі павязкамі на рукаве. Дзівіўся нядоўга, бо зараз крычаць яму па-польску:
— Стуй! Рэнцы до гуры!
Падняў рукі. (Ён мне не казаў, але я ўяўляю сабе, як ён ашчэрыўся, калі сваю мілую дзіцячую лагодную ўсмешку скрывіў на вялікую злосць.)
Падыходзяць да яго:
— Сконд? Доконд?
Паглядзелі дакументы. Быў у яго нямецкі пашпарт. Памуляліся, — пусцілі... Толькі сказалі — зараз ісці дамоў і да раніцы нікуды з хаты не паказваць носу.
Дваццаць крокаў прайшоў — ізноў патруль. Ізноў тое самае. Так-сяк прабіўся да Вароняе бліжэй, а на Варонюю не прапускаюць: і тут нельга прайсці, і там нельга прайсці. Абкружана Вароняя!
Ужо яго чуць не арыштавалі. Насілу вывернуўся. Пабег назад. Спяшаецца да таварыша А., што жыў тут недалёка...
Аж сам таварыш А. едзе на легкавым, зварочвае ў завулак. І вязе нешта цяжкое... (Зброю вёз.) Завярнулі яго каля Вароняй, не паглядзеўшы, што вязе.
— Быў ты на Вароняй? — пытаецца дзядзька Туркевіч.
А ён увесь трасецца ад нервацыі:
— Усюдых, — кажа, — абкружана: клуб, сталоўка, цэлыя гнёзды...
IV. НАПАД
[правіць]Спаў я аж да восьмай вечара. Прачнуўся — думаў, што ўжо раніца. Айцоў нашых няма, толькі Юзя сядзіць кніжку чытае. Гэта мой бацька прынёс «93-ці год» В. Гюго.
Сам чытаў і ёй падсунуў.
Прачнуўся я, убачыў, што яна сядзіць, чытае, і думаю: «Вось за гэта бацька маладзец, што і сам часта чытае і Юзі кніжку падсунуў. А я і сам цяпер амаль што нічога не чытаю, а галоўнае — у голаў мне не прыйшло прывучаць да добрай кніжкі Юзю». Зрабілася мне сорамна.
Юзя мне сказала, што мой бацька пайшоў на меншавіцкі мітынг, а яе бацька — у сталоўку на Варонюю. І кажа, што ўжо позна, па вежы празванілі тры чвэрці восьмае. Я хутчэй падняўся, каб ісці.
— Чаму ж ты, — кажу, — мяне не будзіла? На Варонюю са мной пойдзеш? — А сам думаю: «Хоць бы ты лепей не пайшла, а то перашкодзіш мне пагаварыць з Аронам».
— Не, — кажа, — не пайду. І цябе сёння не пушчу туды. Кніжка дужа цікавая, давай чытаць разам... — Дый пажартавала: — Лепей, — кажа, — чытаць пра другіх, як яны галовамі наклалі, чым накладаць сваёю... — І ўстала, абвіла мяне за шыю рукамі і пачала цалаваць. — Не ідзі, — кажа, — Мацей, паслухай мяне, пабудзем удваіх дома...
— Ой, не, Юзічка... — і хацеў што-небудзь зманіць, ды не ведаў як. Мне хацелася пагутарыць з Аронам, а тут яна прычапілася з сваімі пяшчотамі. — Ой, не, — кажу, — абавязкова мушу схадзіць да папа Болеся, я даў яму слова...
— Маніш!
— Слова гонару, што не маню! — і зрабіў самы сур’ёзны выгляд, а маніў як найлепей, каб ашукаць яе.
— Ну, добра, да яго збегай, — паверыла яна, што не маню, дый «панам Болесем» кранулася. — Збегай, але зараз,— кажа, — назад. І глядзі, на Варонюю ні кроку... Бо ўжо і позна, цёмна... Чуеш? Дай мне слова!
— Даю, даю! — што мне значыць даць ёй слова, калі мне для маіх спраў патрэбна. — Але ж вось бацька твой, — кажу, — пайшоў туды.
— Ну, бацька... Бацька мой — іншая справа. Што ён каму? З есць сваю кашу і вернецца. А ты — не ідзі... Прашу цябе. Ты ж даў слова...
— Добра!
Вырваўся-ткі я з-пад яе апекі і хутчэй памчаўся. Да самага Юраўскага не заўважыў, ці на вуліцах стаялі паліцыянты-немцы ці ўжо палякі... Магчыма, што нікога не было.
І на Юраўскім, да Віленскай, здаецца, нікога не было. А там ужо, на рагу, супроць дома, дзе да апошніх дзён была тарыба, убачыў я першы польскі патруль. Ён мяне далей у бок Вароняй не прапусціў. І зразумеў я, што на Вароняй штосьці дзеецца...
Пачаў я кружыць. Забег ад Пагулянкі — патрулі... Кінуўся назад, бег-бег, праслізнуў-ткі на Газавы завулак, каб прабрацца ад Віллі, — і там патруль на патрулі, і бачу: залёг цэлы ланцуг пазнанцаў у нямецкай вайсковай форме...
Бегаў я, можа, з гадзіну. Нарэшце ўдалося падысці з боку Звярынца да самага Лукіскага пляца, і тут я выпадкова трапіў на патруль, у якім былі абодва браты Пстрычкі. Хоць было цёмна, але яны мяне пазналі і вельмі ўсцешыліся мне, свайму былому «дарэктару».
Я ж быў вельмі ўсхваляваны і прычыну вытлумачыў тым, што на Вароняй, у доме Антановіча, жыве мой добры прыяцель, да яго жонкі пайшла ў госці мая жонка, дык вось бягу ратаваць, каб там не заначавала, трывожны час...
Яны горача ўзяліся дапамагаць мне. Спярша, праўда, суцяшалі, што праз гадзіны дзве ўсё будзе скончана, спакойна, можна будзе прайсці туды і назад. А калі я не мог суцешыцца, яны параіліся між сабою, потым пагаварылі з некім з сваіх кіраўнікоў, і вось большы Пстрычка ўзяўся мяне туды падвесці.
Падвёў — аж за касцёл Якуба. (І там залёг ланцуг пазнанцаў.) Далей ісці ён пабаяўся. Я горача яму падзякаваў — і рынуўся адзін... Толькі падбег да клуба — адзаду, з боку палякаў, пачалася страляніна...
Перад гэтым, каля дзевятае гадзіны, з’явіўся ў клуб, як мне тут зараз расказалі, нейкі студэнт, што раней хадзіў сюды як свой, а цяпер начапіў па шапку польскага арла, а на рукаў — белую павязку.
Прыйшоў, пытаецца:
— Гдзе комэндант?
І ўбачыў Тараса.
— А, прошэн пана, пане комэнданце! Естэм парлямэнтар!.. — І падае запіску.
Адрасавана яна была проста «ў пакой № 20». Пісаў яе палкоўнік Вэйтка. Прапанаваў палкоўнік: каб не было дарэмнага крыверазліцця з таго і з таго боку, няхай Вароняя здаецца да адзінаццатае гадзіны. Дзве гадзіны на размысленне...
Наўпрэкі ўсякай далікатнасці, ніякага адказу палкоўніку не далі. Наўпрэкі ўсякім раней пісаным законам, «парлямэнтара» арыштавалі і нават зняважылі словам... Бо Тарас, у злосці, назваў яго «не парлямэнтарам, а сабачым сынам».
— Як жа! — крычаў на яго Тарас. — Лічыўся ты бальшавіком, дзён колькі ў нашай казарме цёрся, па дзесяць рублёў у дзень браў, а цяпер — на табе: парламэнтар! Сабачы ты сын, а не парламэнтар!
Можа троху і штурхнуў бы, але не было часу ім займацца. Загадаў тушыць агні, займаць свае месцы, сядзець, чакаць нападу!..
Між іншым, я спярша падумаў: ці не Болеся часам з яго доўгім языком і сэрдабольнасцю прынясло сюды з запіскаю? Аж не. Як апісалі мне, які ён, гэты студэнт, дык быў не Болесь. А потым, як пачуў, што гэты і ў казарме цёрся, дык упэўніўся, што сядзіць цяпер «пан Болесь» у сваім цёплым пакойчыку.
Першымі ахвярамі з нашага боку ляглі: Лахінскі і Плахінскі...
Пачулі трывогу і не даеўшы кашы кінуліся ўцякаць з клуба. Але прарвацца ўжо не маглі. Тады яны пабеглі да плоту на Газавы завулак, палезлі там праз плот. І ў гэты момант насціглі іх абодвух бязлітасныя белыя кулі...
Лахінскі дык і завіс на плоце, і вісеў так, перавесіўшыся галавою на Газавы завулак, а нагамі на падворак клуба, цэлую ноч і другі дзень з раніцы да вечара. А дзядзька мой, па старасці, можа, і на плот не ўзглабаўся, прашылі праз дошкі, а можа, адваліўся і шмякнуўся па дол трупам.
Убачылі іх там толькі раніцою, калі развіднела. Але прыбраць іх не было як. Лахінскага, здаецца, нехта пазнаў ці неяк здагадаўся, што гэта ён. А хто ляжыць пад плотам, ніхто і не ведаў. І я даведаўся аб яго гібелі — толькі выйшаўшы на волю.
На свае перажыванні таго часу я ўжо забыўся. Даўно было. Патроху ўсякая вострасць прытупляецца. Усё патроху з памяці вылятае... Помню, абуяла мяне радасць, што вось, не думаўшы, не гадаўшы, трапіў я, крыварукі, на вайну... І на такую, дзе і галавы не шкода: калі трэба, дык і трэба!
А самае-то важнае, калі жыцця свайго для справы не шкадуеш. Тады нічога і не баішся. Тады і змагацца лёгка, і нават ісці па смерць — прыемна!
Пэўна ж, не было мне тады часу разважаць, як разважаю гэта... Трэба было рабіць, і я стараўся рабіць так, каб было добра. Спачатку ўся наша «работа» была ў тым, што мы сядзелі ды чакалі напагатове. Першыя пачалі страляць яны, спярша са стрэльбаў, а потым і з кулямётаў. Мы не адказвалі, пакуль яны не лезлі блізка.
І ўсё, помню, чакалі мы прыбыцця нашых атрадаў з Парубанка і з Звярынца. А іх — няма і няма...
Перад самым нападам палякаў атрад на Парубанку быў занят перавозкаю зброі на Варонюю. Пачуўшы, што Вароняя абкружана, яны паехалі адбіваць.
Парубанак знаходзіцца ў паўднёвай частцы горада, за вакзалам, і далёка за вакзалам. Там спярша Каміны, Радунскі тракт, потым Парубанак, аэрадром.
Яны ўехалі ў горад. А на Шпалернай ці на Радунскай вуліцы на іх папалі з засады немцы і палякі... Галоўнае, што адразу ранілі шафёра. Здаецца, ён потым і памёр ад ран. Грузавік адабралі. Атрад разбегся...
Атрад жа, што стаяў у Звярынцы, нават і сабрацца не паспеў...
Я быў у заставе ў доме Антановіча. Начальнікам заставы быў Кунігас-Ляўданскі. Жыхароў мы з кватэр павыганялі, загадалі ім ісці схавацца ў сутарэнні.
V. АБАРОНА
[правіць]Скора палякі палезлі на заставу. Мы далі залп і закідалі іх бомбамі. Бачыць іх добра не бачылі, цёмна было, а толькі чулі, як яны там заякаталі: «Ясек! Стасек! Болі! Ой, болі! (баліць, ой баліць!) Значыцца, кагосьці троху падранілі...
Аб раненні па Вароняй пана Ромуся Рабэйкі і двух маіх былых «недаросткаў», братоў Пстрычак, даведаўся я толькі пазней, калі польскія патрыятычныя газеты прайзвялі іх у «героі».
Можа якраз куля з майго карабіна трапіла ў іхняе цела. Мне ад гэтага дапушчэння няма ніякае прыемнасці.
І нават калі ўяўляю, дык непрыемна, бо цела іхнае было мне заўсёды непрыемна.
Пэўна ж я чалавек значна культурнейшы, чым тыя князькі, што з чарапоў сваіх ворагаў рабілі сабе кубкі піць віно на ўрачыстасцях. Мне ўжо цяжка зразумець, як іх не вярнула ад гэтых кубкаў, хоць пацукоў, напрыклад, я прымусіў сябе есці.
Страляў я таму, што трэба было страляць. І можа, якраз, нікуды добра кулі мае і не трапілі, бо стралец быў з мяне ніякі... Навяду, злажуся, чакаю каманды ці прыслухаюся да суседаў, што яны робяць... І раптам, сам сабою, пацягну сабачку: бух! А карабін мне ў плячо: дзуг! Падхаплю санкі, каб не ўдарыла... І нібы задумаюся: ну, вось, разрадзіўся... што цяпер далей? І зноў хутчэй бяруся за справу.
Цяпер самому з сябе самога смешна, які я быў стралец. А вывад: вучыся страляць загадзя, каб не карміць сабак, едучы на паляванне...
Наступалі палякі з перадышкамі. Перадышкі ў іх цягнуліся часам па паўгадзіне, — абрыдла чакаць, калі яны ізноў пачнуць. Але наступу не спынялі яны праз усю ноч, — увесь час атака за атакаю.
Мы іх адбівалі. У нас былі гранаты і вінтоўкі. Але нават не ўва ўсіх!.. Вінтовак на ўсіх не хапіла. І як цяпер успомню, дык і дзіўлюся нашай бесклапотнай смеласці, а троху і абураюся, што не даставілі вінтовак і патронаў на Варонюю ў дастатковай колькасці загадзя да нападу.
Запасаў ежы было ў нас досыць па колькі дзён, аб гэтым не бедавалі. Бо сталоўка ж была пад бокам. Там на складзе досыць было поўных мяшкоў.
І ўсё чакалі дапамогі. А яе ўсё не было. Не ведалі, чаму.
- * *
Дзядзька Туркевіч пабег на кватэру да таварыша Эйдукевіча. Адчыніла жонка яго, таварыш Бурба.
— Дзе Францішак?
— Няма ўдому...
Сама охае, ахае.
— Што рабіць?
— Да Чырвонай Арміі, прандзэй!
Пабег ёп на вакзал. А ўжо позна. Ноч. Адклаў да рання.
А мой знаёмы Р., шавец, тады яшчэ зусім малады, нядаўна жанаты, у той дзень перад вечарам толькі вярнуўся ў Вільню (выязджаў разам з іншымі таварышамі на спатканне Чырвонай Арміі, для разведкі).
З’явіўся на Варонюю, з дакладам да таварыша Тараса. Зрабіў даклад. Схадзіў да касіра, атрымаў грошы. Прыйшоў дамоў, лёг адпачыць, паспаць.
Толькі лёг, прыходзяць жонка і маці.
— Вароняя абкружана!
— Не можа быць, я ж толькі адтуль...
З шваграм-манцёрам пайшоў па манцёрству, каб гэтым замаскіравацца, схавацца...
Так сам ён мне апавядаў праз колькі год пасля здарэння.
Мой знаёмы Х., добры слесар і гарачы чалавек, быў у гэты вечар, дзеля свята, выпіўшы. Пра яго казалі, што як учуў, што Вароняя абкружана, дык зараз кінуўся напранацца, схапіў жалезны ломік.
— Пайду біцца з панамі!
— Не пушчу! — загаласіла жонка і так учапілася, што рукаў адарвала.
Пакуль прышывалі ды лаяліся, ён троху астыў. Пакрычаў-пакрычаў, але абдумаўся ісці з голымі рукамі.
А мой знаёмы А. (той асенізатар з Пагулянкі, што наўчыў мяне абходзіцца з пацукамі), хоць і не быў выпіўшы, але, казалі, доўга цягаўся ад аднаго таварыша да другога, усё намаўляў ісці вызваляць Варонюю:
— Сабярэмся, нападзем з тылу.
А калі ніхто яго пе паслухаў, кажучы:
— Зброі няма... Як палезеш з голымі рукамі? — дык ён адзін, з нейкім ножыкам, папёрся на вуліцу, хацеў прабіцца на Варонюю, да клуба.
Завёў скандал з першым патрулём, пачаў лаяцца, у гарачцы загрэў поўху патрыёта...
Арыштавалі, вядома... Ножык адабралі і ў канаўку кінулі, як барахло.
Усё гэта потым, пазней, успаміналі, апавядалі з рознымі жартамі і прымасамі.
А начаваць па Вароняй, тым часам, засталіся мы адны. Усё чакалі з волі падмогі, а яна так і не з’явілася. Не ведалі, чаму.
- * *
Самыя моцныя атакі былі дзве. Першая а трэцяй гадзіне начы. Другая — пад раніцу. Цяпер у палякаў было больш забітых і раненых. І хоць атакі мы адбілі, але прасунуліся яны значна бліжэй. За намі заставаўся, апрача клубнага будынка, толькі дом Памарнацкіх і дом Антановіча.
Ну, усё ж ноч мы пратрымаліся.
Перад світаннем палякі троху аціхлі, і мы мелі даўжэйшы адпачынак. Але ўсякая надзея па падмогу з Парубанка была ўжо намі згублена. Мы ўпэўніліся, што таварышы пагінулі, не дабраўшыся да Вароняе.
Калі на дварэ пасвятлела, ізноў пачалася перастрэлка, і нам цяпер стала відаць наступаючых. Большасць іх была ў нямецкай вайсковай форме. І скажу пра сябе: хоць і ведаў, што гэта ж палякі, а не немцы, але форма нямецкая нібы палохала мяне...
Мы бачылі, як яны прабіраюцца, падбягаюць, тулячыся каля сценак, паўзуць канаўкамі... Мы па іх стралялі без промаху. Але, ізноў жа, скажу я пра сябе: было мне троху жудка, што іх многа, а нас мала.
Так прайшло гадзіны дзве, а можа тры, а можа і болей. Пачуццё часу нібы згубіла сваю яснасць. І не ведаю, хто першы заўважыў, хто першы сказаў, ад каго я першага пачуў — што ў нас мала патронаў...
Потым кажуць: «Выйшлі патроны...» Добрая рэч! Значыцца, засталіся толькі гранаты і рэвальверы...
Настрой адразу апаў...
Гэта быў самы крытычны момант.
«І чаму ж так неэканомна стралялі? Хто гэта мусіў за гэтым сачыць? Хто вінават? Пэўна, Тарас», — лезлі мне ў галаву прыкрыя думкі.
І забірала злосць.
«Вось, каб былі патроны, мы б яшчэ доўга не падпусцілі б іх да сябе блізка... А што цяпер будзе?» — Так думаў я, і вяласць апанавала мяне.
Патронаў няма ні ў кога. Кобак схаваў сабе адзін патрон і жартуе:
Гэта недатыкальны запас: або для самога пана Вэйткі, або для самога таварыша Кобака...
Дом Памарнацкіх аддалі...
Па-першае, не было патронаў. А па-другое, калі б яны і былі, дык падносіць іх туды ўсё роўна было ўжо немагчыма.
Трымаліся толькі ў клубе, а дом Антановіча быў ужо як бы нічый... Усе сцягнуліся бліжэй адзін да аднаго, людзей нібы пабольшала, але што ж, калі без патронаў — як без рук...
Мусіць, каля гэтага, прыблізна, часу дзядзька Туркевіч, таварыш К. і таварыш А. пабеглі глядзець, што на Вароняй робіцца. Польская застава іх затрымала. Пазналі К. — арыштавалі. І А. арыштавалі.
Дзядзька Туркевіч быў адзеты так, што не пазналі. Каўнер падняў, шапку насунуў... І калі ён бег адтуль, дык якаясьці дзяўчына з Вароняе вырвалася. Кажа, што там — страшэнная паніка...
Нашы не хочуць здавацца. Бундаўцы і другія хочуць здацца...
Дзядзька Туркевіч пабег шукаць Чырвоную Армію. Пайшоў ён Ашмянскім трактам.
Бацька мой выйшаў раней, гадзіне а 9-й раніцы. І пайшоў Свянцянскім трактам, на Немянчын.
Мусіць, усю дарогу лаяў ён бальшавікоў, што заселі на Вароняй, а ў тым ліку і мяне. І мяне лаяў, пэўна, больш чым каго, што нарабіў я яму столькі клопатаў.
Лаяў, але паддаваў ходу, каб хутчэй прывесці Чырвоную Армію.
На жаль, было ўжо позна...
Гадзіне аб адзінаццатай бундаўцы пачалі шушукацца. Сабралася іх цэлая група, — аб нечым гамоняць, раяцца...
Гляджу: прыцягнулі знедкуль кій і прывязваюць на яго белую шмаціну...
Ніхто іх не спыніў. Ніхто ім нічога не сказаў. І яны пайшлі — не азіраючыся... Затопалі ўніз, адчыняюць дзверы, нясмела вытыркаюцца на вуліцу...
З акна з-за вушака відаць было, як палякі ім нешта крычаць, махаюць рукамі, але ўстаць баяцца.
Бундаўцы, чалавек трыццаць, панурыўшыся, сагнуўшыся, плятуцца па вуліцы бліжэй да іх, і пярэдні нясе на кійку белую шмаціну...
VI. БАКОВАЧКА
[правіць]- Левинсон глубоко верил в то, что движет этими людьми не только чувство самосохранения, но и другой не менее важный инстинкт, скрытый от поверхностного глаза, неосознанный даже большинством из них, по которому все, что приходится им переносить, даже смерть, оправдано своей конечной целью и без которого никто из них не пошел бы добровольно умирать в Улахинской тайге.
- А. Фадзееў
І калі яны пайшлі і здаліся, ніхто ў пас нічога не сказаў, усе маўчалі, быццам і не заўважылі.
Каля мяне былі два мала знаёмыя мне таварышы — рускія, з былых нямецкіх ваеннапалонных. Яны не размаўлялі, стаялі моўчкі і ўвесь час пільна сачылі ў акно за ворагам з гранатамі напагатове.
Я пайшоў паглядзець, што робіцца ў другіх пакоях. У першым пакоі ўбачыў Ракоўскага. Некалькі гранат ляжала перад ім у кутку. Ён уважна пераглядаў іх, адну па аднэй. Агледзіць і адложыць, агледзіць і адложыць... І тут каля акна стаяла двох былых ваеннапалонных.
У другім пакоі, каля балконных дзвярэй, стаялі Арон і Шэшкас. Яны стаялі з двух бакоў пабітых шкляных дзвярэй і прыглядаліся з-за вушакоў на вуліцу.
— Арон! — аклікнуў я свайго брудзяніскага друга.
— А, Мацей! Ну як, братка, маешся? — зусім спакойна адгукнуўся ён і падышоў да мяне. Але ў вачах у яго быў сум. Ён паклаў сваю вялікую руку мне на плячо і як бы не ведаў, што сказаць.
— Нічога, — кажу, — як ты?
— А таксама, тым часам, нічога, — усміхнуўся ён.— Ваюем не кепска... Бывае горш.
— Бундаўцы здаліся, — сказаў я ціха.
— Ну, мы яшчэ патрымаемся! Ты куды ідзеш?
— Так... Хачу пахадзіць, паглядзець...
— А! Ну добра, добра! Нічога, Мацей! Яшчэ вывернемся!
І мне здалося, што нам абодвум павесялела.
Ідучы па калідоры, я ўбачыў Рома, Вяржбіцкага, Шымілевіча, Кунігас-Ляўданскага. Яны ціха размаўлялі, сабраўшыся ў кутку ў пакоі нумар 20. Там жа падышоў да мяне Кобак і кажа мне такім сваім заўсёдным тонам, нібы радасць якую паведамляе:
— Ачышчаем першы паверх. Хадзі загароджваць дзверы.
Я пайшоў за ім. Тут ужо некалькі таварышаў, пад камандаю Тараса, валачылі сталы, крэслы, табурэткі, — рабілі барыкаду каля ўваходу...
І я прыцягнуў нейкае ламаччо, кінуў у груд. Калі работа была скончана, зрабілася мне раптам цяжка. Ішоў я назад, валочачы ногі. Нагнаў мяне Кобак.
— Ты што цягнешся, як сонная муха? Есці хочаш? Давай з’ямо троху чаго.
— Давай... — прамовіў я такім слабым голасам, што мне аж самому зрабілася брыдка. — Давай, будзем есці! — крыкнуў я наўмысля голасна і дужа.
Мы зайшлі ў невялічкі пакойчык, дзе, мусіць, была яго пазіцыя, і ён зараз некуды збегаў і прынёс цэлы бохан хлеба і дзве бляшанкі кансерваў. Селі мы на падлогу пад акном, разаслаўшы між сабою газеціну.
Пачаў ёп адчыняць сваім добрым складанчыкам і зараз зламіў яго. Мне было вельмі шкода такога добрага складанчыка. І ён пачырванеў, але жартліва буркнуў: «Ну, глупства... Тут не такое ламаецца...»
Тады пачаў адчыняць я гэтым яго зламаным ножыкам. Скрэмсаў усю крышку,— толькі сок пацёк, папэцкаў я сабе рукі і штаны.
— Ты не адчыніш, — кажа ён, — дай-ка я зноў. — Бярэ і лоўка і хутка адразае перада мною пакрыўленую крышку. — Во як трэба! — кажа.
А ў гэты момант некалькі куль у наша акно — дзынг! дзынг! дзынг! — І ў столь, у штукатурку. Зазвінелі, пасыпаліся шыбы; паляцела нам на галовы вапна са столі, і ў кансервы...
— Чаго іх там халера хапае? — насцеражыўся Кобак. Але ізноў усё сціхла. Толькі зрэдку дзесьці шпокне стрэл, і зноў ціха.
Пачалі мы спакойна сілкавацца. А які смак! Мяса кавалачкамі, з белым застыглым тлушчыкам, і лаўровыя лісткі. З’елі адну банку, ён адчыніў другую. Мне сорамна, што я накладаю болей, чым ён.
І я еў і разважаў, што, мусіць, ён заўсёды есць патрошку, і вось — такі здаровы, чырвоны. А я заўсёды з’ем усё датла, што пападзецца, і мне заўсёды хочацца есці, і я худы і бледны. Чаму гэта так? Прырода такая ці ў страўніку што-небудзь не ў парадку?
— Аб чым задумаўся? — кажа ён. — Кінь журыцца. Справы нашы не кепскія. Па-першае, мы іх усё ж ткі добра праўчылі. А па-другое, «пралетарыям няма чаго губіць, апрача сваіх ланцугоў».
— Аднак жа лепей жыць, чым паміраць, — запярэчыў я, от так сабе, дзеля свае прывычкі казаць «але» або «аднак» наўпроціў сказанага.
— Чаго нам паміраць? Вось пакуль што не забілі. А прыйдзецца памерці — дык што такое? Дзвюм смерцям не бываць, аднэй не мінаваць! — прамовіў ён прыказкаю і засмяяўся.
З’елі мы і другую банку. Прынёс яшчэ дзве. З’еў я і тыя. Тады прынёс ён адразу іх штук дзесяць. «Бяры, — кажа, — у запас. Ты, як відаць, любіш кансервы». А сам ужо стаў пры акне.
Напіхаў я сабе банак у кішэні. Хлеба адшматаў добры кавалак і таксама пайшоў на сваё месца. І хрыпкі ў горле ў мяне ўжо не было, з’явіўся сыты голас. І быў я вельмі здаволены, што так наеўся.
- * *
Я не ведаю, каму з іх першаму прыйшла думка скончыць самагубствам. Яны ж нам нічога не сказалі. Сабраліся кучачкаю і пастанавілі. Якія матывы былі ў іх, мне таксама невядома.
Хтосьці пазней успамінаў, што Шымілевіч нібыта казаў:
— Не дамося жывымі, бо яны скуру будуць з нас здзіраць.
А Ром нібыта заўважыў:
— Гэтае самае лепшае, што мы можам цяпер зрабіць.
Я не ведаю, хто, што і як тады казаў з іх, але думаю, што калі што і было імі казана, дык, мусіць, для другіх, для тых, для каго ім трэба было так казаць.
А імі самімі кіравала толькі тая лінія, якая была ім уласціва, якая праяўлялася ў некаторых з іх можа толькі падсвядома, але здавалася самай правільнай лініяй.
Тарас пазней апавядаў, што ён рукі ў Шымілевіча цалаваў, прасіў, каб не рабілі самагубства. Аднак жа яны стаялі на сваім. Ром сказаў яму:
— Кінь, Тарас, умаўляць. Мы павінны гэтак зрабіць, калі прарвацца нам не ўдасца.
Згаварыліся: Ром, Шымілевіч, Кунігас-Ляўданскі і Вяржбіцкі. Ведаў Тарас. Як даведаўся Кобак, мне невядома.
Калі яны пайшлі да ўмывальніка, мыліся, абціраліся і гутарылі, да іх падышоў і гутарку іхную пачуў таварыш Аз.
Яго я ведаў вельмі мала. Быў ён нізенькі, шчупленькі, непрыгожы, з рыжымі калматымі навіслымі вусікамі, рабочы-яўрэй, гадоў сарака.
Казалі мне потым, што быў ён раней анархіст, у кампартыю перайшоў улетку 1918 года.
Быў ціхі, непрыкметны. Жыў дзесьці ў Звярынцы. Там у яго была сям’я.
Ён пачуў іхную гутарку і сказаў:
— І я з вамі пайду...
Яны ж умаўлялі яго, каб не ішоў. Казалі:
— Не ідзі. Табе нічога не будзе.
А ён пайшоў.
На падворку прыгнуліся і шыбка перабеглі каля дроў да дашчатага плоту, што адгараджаў падворак Антановіча ад клубнага падворка. Выламалі дошку, пралезлі ў дзірку і кінуліся на кватэру да Вяржбіцкага.
Наперадзе быў, пэўна, Вяржбіцкі як гаспадар. За ім — Ром, Шымілевіч, Кунігас-Ляўданскі. Адзаду, але не астаючыся, — Аз. А ля дзвярэй кватэры нагнаў іх яшчэ Кобак. Усяго шэсць чалавек. Ішлі на смерць...
Цётка Зося, пэўна, усцешылася мужу і ўсім ім, што жывы-здаровы прыйшлі з клуба. Ні яна, ні дзеці не ведалі, чаго яны прыйшлі. І Вяржбіцкі нічога ім не сказаў. Думалі, што прыйшлі схавацца.
Зачыніліся ў невялікай баковачцы. Сядзелі. Чакалі. Высылалі дзяцей глядзець. Дзяцей у Вяржбіцкага было тады чатыры: дзве дзяўчынкі і два хлопчыкі. Большай дзяўчынцы было тады ўжо гадоў трынаццаць.
Час цягнуўся... Яшчэ і яшчэ раз высылалі большага хлопчыка глядзець, каб улучыць момант і прарвацца. Прарвацца нельга было... На вуліцах было ўжо нібы спакойна, але ўсюды былі палякі.
VII. «БЭНДЗЕ СПЕВАЛ»
[правіць]- Когда подоспевшие казаки тащили Метелицу за ноги, он еще цеплялся за траву, скрипел зубами, стараясь поднять голову, но она бессильно падала и волочилась по земле...
- А. Фадзееў
Вайнштэйн і Новікаў, як мне пасля апавядалі, залезлі на вышкі і схаваліся там. І схаваліся, нібыта, у дымаходах.
Не ўяўляю, як ім удалося разламаць дымаходы, і як яны ў іх улезлі, і на чым там селі. Хіба ляглі дзе пад ворагам?
Сядзелі яны там, схаваўшыся, ноч ці нават дзве, а потым вылезлі і неяк уцяклі. Ці праўда гэта?
Рэшта людзей адчынілі дзверы на вуліцу і выйшлі з белым флагам — здаліся. Палякі далучылі іх да бундаўцаў, якія ўсё яшчэ стаялі, абкружаныя вартаю, недалёка ад клуба.
Пайшоў быў і я ўслед за Аронам, але ўбачыў, што Тарас пабег па падворак. Дык і я завярнуўся назад, пабег за ім...
Прыбеглі мы да плота, што на Газавы завулак, і палезлі праз яго... Толькі не ў тым месцы, дзе адзін труп вісеў па дошках, а другі валяўся на зямлі. Мы палезлі троху правей, — бліжэй да флігеляў і дроў.
Мы і ўзлезці не паспелі, як над намі засвісталі з усіх бакоў кулі, і так блізка, што Тарасу здалося, быццам яму і вус адсеклі і твар абсмалілі... Мне здалося, што кулі ляцелі над самаю галавою — не прыгніся, дык і шапку саб’юць...
Тарас — назад... І я адарваўся і шмякнуўся на зямлю. Кінуліся назад. Тарас наперадзе, я за ім. І так уляцелі на кватэру да пані Кандрацкай, што была касіркаю клуба.
Кандрацкая, здаецца, прабавала плакаць і ўсё тулілася да мураваных сцен, каб кулі не дасталі. А Тарас з ёю жартуе, просіць люстэрка — паглядзецца.
— Мне, — кажа, — на плоце кончык вуса куля адсекла і абпаліла...
— Здаецца, вус як вус, — кажу я. А ў горле ў мяне суха, і голас запаў.
Прасядзелі мы там, у Кандрацкай, з добрую гадзіну. Ніхто не ішоў забіраць нас... Нарэшце мы не ўцерпелі і папаўзлі назад у клуб... Там пуста... Адчынена...
Ужо цямнела... Не ведаю і не разумею, што намі кіравала, але накіравала нас на вуліцу. А толькі мы высунулі нос за дзверы,— адразу пасыпаліся стрэлы з-пад касцёла святога Якуба. Па сценах, па вокнах: пук! пук! пук! дзынг!..
Мы — назад. Стаімо... Сэрца ў мяне калоціцца. Тарас дастаў з кішэні белую хустачку, выйшаў, памахаў. Я — за ім. Ідзём да ворага ў палон...
Да нас падскочыў паручнік Хвастуноўскі.
— Хто там яшчэ ёсць? — крыкнуў ён злым, хрыпатым голасам.
— Нікога ўжо там няма, — спакойна адказаў Тарас.
Тараса завярнулі, каб вёў іх у клуб, а мяне пагналі па вуліцы. Бачу: стаяць усе нашы кучкаю, мерзнуць... А палякі — на тратуары, навёўшы на іх карабіны, сцерагуць...
- * *
Тарас апавядаў пасля, што палякі гналі яго перад сабою, а самі ішлі за ім з карабінамі напагатове. І паручнік Хвастуноўскі загадаў:
— Страляйце ў яго (гэта, значыцца, у Тараса), калі яшчэ там каго знойдзеце.
Убачыўшы, што дзверы адчынены і ўсё вакол пуста, пакінута, яны рынуліся, як дзікі ў шкоду... Рассыпаліся па пакоях, усё ламалі, разбівалі, раскідалі паперы, кнігі, ірвалі партрэты, тапталі іх нагамі...
Яго прывялі ў пакой нумар 20.
Калі паручнік Хвастуноўскі некуды адлучыўся, адзін легіянер схапіў штаны з кручка, што віселі ў кутку на сценцы, і круціцца, не ведае, як яму іх на сабе схаваць...
Другія таксама разбягаліся вачыма па рэчах, і кожны хапаўся ўсунуць сабе што-небудзь у кішэню. І на яго зусім забыліся. Ён стаіць ля дзвярэй...
Раптам усе выбеглі... Ён паціхеньку пачаў прабірацца ізноў на кватэру да Кандрацкай. Аж убачыў зводдаль Падлеўскага і зараз схіснуўся ў пакой, за дзверы. А Падлеўскі ў гэты пакой і ўскочыў. Кінуўся хапаць рэчы: цапне, памацае, ножычак са стала схапіў ды ў кішэню, шуфлядку адчыняе...
— А што ж ты гэта робіш? — сказаў Тарас.
Падлеўскі ўбачыў яго, засаромеўся. Кажа, як быццам апраўдваючыся:
— Усё роўна бальшавікі, як прыйдуць,— забяруць...
Набеглі і другія. І паручнік Хвастуноўскі з’явіўся.
— Дзе схаваўся Рэўваенсавет?
— А што?.. Няма? Уцёк? — усміхнуўся Тарас.
Зараз яго пагналі назад, да нас, а самі ўсе там рассыпаліся, мусіць, шукаць правадыроў.
- * *
Кобак жа мне апавядаў, што сядзелі яны ў баковачцы доўга — можа, гадзіны дзве ці нават болей.
Перакідаліся кароткімі сказамі:
— Чаму рабочыя не выручалі?
— Чаму ў горадзе спакойна?
— А з Парубанка так чамусьці і не прыехалі...
Раптам — ідуць... Увайшла ў дом група з капітанам Дамброўскім на чале. Прыйшлі з вобыскам.
— Ёсць хто? — пытаюцца.
— Не, не, няма нікога! — адказалі жонка і дзеці Вяржбіцкага.
Яны ў бакоўцы замёрлі. Ляглі на падлогу. Зрыхтаваліся даць залп у дзверы, а потым канчаць з сабою.
Ідуць... Прайшлі міма, у бакоўку не паглядзелі... Пайшлі назад... Выйшлі з кватэры...
Праз хвілін пяць ідзе ізноў група, большая, больш людзей. Ізноў з вобыскам... Ідуць з кухні ў пакой, падходзяць да бакоўкі, бяруцца за дзверы...
Што думаў і перажываў у гэты момант дзядзька Баніфацы Вяржбіцкі? Пэўна, прымірыўся ён з тым, што жонка і дзеці будуць жыць без яго. Але ці мог ён прымірыцца з тым, што справа павярнулася так няўдала? І, мусіць, пацяшаў сябе тым, што смерцю сваёю завершыць усё як належыць...
А Юліус Шымілевіч? Можа, усміхнуўся ён апошні раз — і цвёрда і ўпарта зрабіў па-свойму...
Кунігас-Ляўданскі... Можа, успомніў ён апошні раз сваю бедную літоўскую вёску, вечных труджэльнікаў бацьку і маці і сурова і назаўсёды замкнуў у сабе ўсё...
Таварыш Аз... Ці не да канца пазнаў ён усе глыбіні, каб прыняць смерць як патрэбу? Праца цяжкая, нястаткі, голад, хваробы, паніжэнні, знявагі, і вечны пратэст у думках, і вечны агонь змагання ў сэрцы... ці не яны далі яму нязмерную моц?
Усе чатыры: і Вяржбіцкі, і Шымілевіч, і Кунігас-Ляўданскі, і Аз — усе чатыры праз хвіліну назаўсёды выйшлі з той вялікай, з той прыгожай лабараторыі, дзе дослед свой рабілі, з той фабрыкі шумнай, той фабрыкі няўмоўчнай, дзе яго рэалізавалі... Ламаюць дзверы... Выламалі... Шэсць рэвальвераў спаткалі іх з падлогі залпам. Яны адхінуліся назад... Хто лез наперад, той упаў...
Тады ў бакоўцы пачалі страляцца. Ром і Кобак ляжалі побач. У Рома засталося ў памяці: ляжаў на левай руцэ, навёў сабе рэвальвер у сэрца, кароткі міг мільгануў, стрэліў... У гэты момант Кобак усхапіўся... У грудзях стукнула, абпаліла, усё закруцілася іскрамі, і страціў прытомнасць...
Кобак, калі трэба было страляцца, усхапіўся на ногі і рынуўся на ворага, як люты звер... Некаму паспеў-ткі даць кулаком з шалёнай сілай... Схапілі, пацягнулі... Ірваўся, адбіваўся ў ярасці і ўжо ў бяссіллі...
- * *
Вяржбіцкая ўварвалася ў бакоўку і пала на грудзі мёртваму мужу. Ён страляў сабе ў горла, кроў заліла яго з шырокае раны. Дзеці загаласілі страшэнна. Іх адкідалі прэч.
Легіянеры заўважылі, што адзін бальшавік яшчэ дыхае — гэта быў Ром. Хтосьці з іх навёў на яго карабін, каб прыкончыць...
Дамброўскі затрымаў за руку:
— Bedzie spiewal!
«Бэндзе спевал», значыцца — яшчэ заспявае, дасць паказанні.
Выклікалі вазок, каб адвезці яго ў шпіталь. Выцягнулі за рукі на двор і ўкінулі ў вазок галавою ўніз. Легіянер сеў на яго. Павезлі ў шпіталь святога Якуба.
Трупы забралі ў морг пры шпіталі.
VIII. РАСПРАВА
[правіць]- Vае vісtіs.
- (Гора пераможаным.)
- Лацінская прыказка
Бундаўцы стаялі на вуліцы, недалёка ад клуба, з адзінаццатае гадзіны раніцы, калі здаліся. Яны адубелі, стоячы на марозе, без руху, галодныя, прыгнечаныя.
Ні рухацца, ні размаўляць ім не дазвалялі. Здзекваліся з іх. Штурхалі. І ўсё дапытваліся: «Хто там яшчэ ёсць? Многа яшчэ там засталося?»
Але ніхто не прагаварыўся.
Нарэшце, калі было ўжо цёмна і зноў прывялі Тараса, нас усіх пагналі па Вароняй на Юраўскі праспект. Завярнулі налева і пагналі па Юраўскім. Куды нас гоняць, мы не ведалі і не маглі зразумець. Гналі, абняўшы з усіх бакоў, навёўшы на нас карабіны, як на самых страшных злачынцаў. Працэсія расцягнулася... На тратуарах стаялі з злараднымі ўсмешкамі патрыёты, трыумфавалі перамогу... Так мне здавалася, і было прыкра, і брала злосць.
Але давялі нас па Юраўскім толькі да дома нумар 8, дзе раней змяшчаўся Зямельны банк. Гэта — вялікая белая камяніца.
Пагналі ў дом...
- * *
Гналі па сходах знізу ўгару, потым ізноў згары ўніз, то туды, то сюды,— некалькі разоў. Быццам звар’яцелі і не ведалі, куды нас, нарэшце, пагнаць.
І, прапускаючы міма сябе — штурхалі, білі і лаялі: «Большэвіцы! Жыдзі! Пся крэў! Холера!»
Кроў ліла ў мяне з носа, у галаве ў мяне гудзела, але прытомнасці я не страціў. А некаторыя таварышы самі ўжо ісці не маглі...
Але ж і самы лепшы спорт, і спартсмену самаму тупому, калі ж небудзь, а дакучыць. Відаць, і ім дакучыла вучыць нас гэтай простай маршыроўцы. Загналі-ткі ўсіх нас, чалавек сто, у залу. І тут зараз перайшлі на фізкультуру фігурнага характару: загадалі стаць на калені і рукі падняць угару, а трымаць проста і без руху: замры!..
Галоўным «фізкультурнікам» быў у іх тут нейкі чалавечак у цывільным, але, відаць, вайсковы, бо называлі яны яго «пане капітане».
Ён усімі камандаваў. З выгляду быў злы, крываморды.
Капітан Ёдка і паручнік Хвастуноўскі і з выгляду і па спосабу трымання ў параўнанні з ім былі — як херувімчыкі ў параўнанні з д’яблам.
Яны абодва нядоўга тут і пакруціліся. Ён нават і на іх разоў колькі гыркнуў так, што скора змыліся і больш не паказалі носа.
Усе трасліся перад ім. Вядома, апрача нас. Ён напусціўся быў на Тараса, што кепска трымае рукі. А Тарас і зусім іх апусціў. За Тарасам і ўсе мы. І ўсе селі, а некаторыя ляглі. І нічога нам не ўскурыў, як ні скакаў.
Па яго загаду ў зале паставілі доўгі стол, накрылі чорным жалобным сукном з кутасамі. За стол, усе з аднаго боку, селі: пасярод сам гэты д’ябал, а з ім побач, па правай руцэ і па левай, па тры д’яблы меншага рангу.
Выклікалі нас да гэтага сямісвечнага свяцільніка — па адным. Казалі здзець з сябе ўсё дагала, застацца у чым матка на свет нарадзіла. І потым пачыналі споведзь...
Пакуль паны спавядалі, легіянеры-чорнарабочыя шворыліся ў бруднай бялізне грэшніка. І ўсякую рэч, якую ў кішэні знаходзілі, клалі на стол, запісвалі ў свае кнігі і ў пакеты хавалі.
Каля голага грэшніка стаяў кат, вярзіла, у вольным адзенні і з кольтам у руцэ. І калі агледжанаму казалі ўзяць адзенне і ён нахіляўся, — кат паддаваў яму адзаду нагою.
Мы ўсе, вядома, не сядзелі пры гэтым моўчкі, актыўна выконвалі ролю «масы»: шумелі, крычалі, пратэставалі... Абрыдла нам, аднак. Бо тэатр быў нецікавы — поўны прымітыўнай чалавечай пошласці з боку гэтых нашых малакультурных і ў большасці толькі яшчэ пачынаючых пастаноўшчыкаў... Чым маглі яны здзівіць нас — людзей вышэйшае культуры?
Мяне загрэлі па твары так, што кроў хлынула з носа... Гэта яшчэ — калі вялі па лесвіцы ўгару. Шчасце яго і маё, што я не бачыў, хто: бо хоць бы ён мяне забіў на месцы, а я даў бы яму, у роўнай меры, назад у морду.
Характар у мяне раздвоены: з аднаго боку я маю спакойны розум і без адуму на ражон ніколі не папру; з другога боку — у мяне заходлівае сэрца, і ўпопыху, з гарачкі, магу я нарабіць такога гвалту, што потым салі не рад...
Тарасу надавалі аплявух. Але добра, што выйшаў ён з усяе гісторыі з душою ў целе: яго маглі і расстраляць.
Арон нешта буркнуў каля столу, па-кавальску, з простым сэрцам, а яны, дурні, наваліліся на яго за грубіянства, адразу колькі чалавек, на падлозе пакацілі...
Гэта быў момант, калі ўсе мы дружна і грозна зарычэлі і пасунуліся з месца — ратаваць яго. І пасля гэтага д’ябал наш пачаў троху асядаць у сваёй зверскасці. Бо такі звер — заўсёды трус.
А таго таварыша з Масквы, яўрэя, бальшавіка, у кажушку, некуды вывелі...
Быў ён з выгляду чорны, суровы, у падраным кажушку страшны. І вось той панок, родам з-пад Оршы, што некалі выступаў на хадэцкім мітынгу, апынуўся нейкімчынам цяпер тут. І паказаў на маскоўскага таварыша:
— Ён у мяне ў маёнтку прамовы казаў, рабаваў, дачку маю, дзяўчынку дзесяці год, спалохаў. Я, — кажа, — мог бы яе прывезці, каб паказала, што гэта той самы, але баюся, што ізноў захварэе.
Прынеслі маскоўскага таварыша назад у залу на руках, ісці ўжо не мог...
«Усеначная» скончылася толькі а гадзіне сёмай раніцы.
Гэта была ноч!..
Думкі нашы ляцелі цяпер да аднаго ратунку — Чырвонай Арміі.
ІХ. ВЫВЕДКА
[правіць]Бацька мой выйшаў з Вільні а дзевятай гадзіне раніцы 2 студня, калі мы яшчэ трымаліся на Вароняй, і ўвечары прыйшоў у Немянчын. Там ён спаткаў 33-ці Сібірскі полк. Наўперадзе палка, як казаў бацька, ішоў палкавы камандзір таварыш Махначоў. Бацька і падляцеў да яго...
Хацеў за адну хвіліну расказаць яму, што Вароняя абкружана, заселі там такія дурні, як яго сын Мацей, і перастраляюць іх там, як курапатак, калі не падысці хутчэй на дапамогу...
Так ён мне пазней апавядаў, але я думаю, што не назваў ён тады нас дурнямі і аб тым, што сам ён меншавік, напэўна, не пахваліўся, далікатненька памаўчаў.
— Хутчэй на дапамогу! Усяго ж 25 кіламетраў! Пад раніцу будзем там! — стараўся ён, казаў, «расшавяліць» таварыша Махначова.
Але яго спачатку павялі ў штаб. Там папрасілі расказаць ім падрабязна ўсё, што ён ведае аб становішчы ў Вільні. Потым яшчэ доўга ўдаваліся ў розныя драбніцы, Нарэшце адзін з чырвоных камандзіраў сказаў:
— Ну што ж... Зусім магчыма, што заўтра надвечар мы будзем наступаць на Вільню.
Толькі «заўтра надвечар»... Збянтэжыўся бацька. А потым з далейшых гутарак зразумеў ён, што ваююць не так хутка, як яму здавалася, і што наступ павядуць, як відаць, нават не ад Немянчына, а з другога боку, з Ві’лейкі , ад Бяздан. Нашто трэба так кружыць, калі там, на Вароняй, гінуць, не мог узяць ён сабе ў толк...
- * *
У Немянчыне начавалі (гэта — калі ўжо мы былі першую ноч на Юраўскім).
На другі дзень, 3 студня, ішоў бацька разам з палком да Бяздан (прыблізна 20 кіламетраў).
Прыйшлі ў Бязданы толькі каля паўдня. Паходным парадкам, цэлым палком, пакуль жа дайшлі... У Бязданах зрабілі прывал на абед.
Ад Бяздан да Вільні таксама яшчэ кіламетраў 20.
Бацьку не цярпелася. А камандзір палка, таварыш Махначоў, яму і кажа: «Пойдзеш з чырвонаармейцам у разведку?» — Бацька ахвотна згадзіўся: яму хацелася хутчэй даведацца, што там цяпер у Вільні.
Выйшлі яны (бацька мой і чырвонаармеец) з Бяздан пасля прывалу. Бацька быў у «вольным», а спадарожнік яго надзеўся як нямецкі палонны: на рукаве шынелькі — жоўтая перапаясачка нашыта. Вось, як быццам, брыдзе сабе чалавек з нямецкага палону да сябе на радзіму, кудысьці ў глуш Палесся.
Троху прайшоўшы, зайшлі яны ў вёску, каб напяць фурманку. Ішлі міма аднаго двара, глядзяць, а на падворку — селянін з запрэжаным канём. Падышлі да яго.
— Пахвалёны! — кажа бацька.
— На векі, амэн! — адказвае селянін, але і неахвотна і падазрона...
— Трэба нам да Вільні. Дай каня.
А ён толькі прыехаў з лесу, дровы прывёз, яшчэ не ўсе і скінуў.
— Не магу, — кажа. — У мяне ўжо, — кажа, — аднаго каня ў лесе бальшавікі забралі... (Маніў ці праўду казаў, хто яго ведае.)
— Бальшавікі ту-у-ут? — запытаўся бацька, удаючы спалох.
— А як жа ж!
— Напэвно веш? — раптам перайшоў бацька з беларускае на польскую мову. І ціха дадаў: — Я польскі шпіён. Ратуй мяне.
Том зараз скінуў рэшту дроў, пераапрануўся цяплей, паклаў на сані шмат саломы, каб польскім шпіёнам было мякчэй сядзець, і сена наваліў для каня, пасадзіў іх, павёз...
Каля вёскі Паспешак, здалёк, у вечаровым змроку заўважылі яны якуюсь конніцу... Паехалі гуськом, крокам на ўзлессе...
Бліжэй да хат вёз селянін на саначках дровы. Мусіць, быў бедны, не меў каня, што ўпрогся сам. Бацька пытаецца ў яго:
— Яке там вуйско?
— Ото ж наша, — кажа, — польска кавалерыя!
А селянін-фурман пачуў і ціханька пытаецца:
— Можа да іх? — і паказвае ў той бок, куды накіравалася конніца.
— О, не, не! — зашаптаў бацька.— Што ты! Мае справы сакрэтныя...
А каб не ўляцець з ім, заплаціў яму дзесяць рублёў і адпусціў дамоў. Той завінуў грошы ў анучку, схаваў у кішэню, пераклаў у другую, разоў колькі памацаў, ці добра схаваў, і завярнуўся-ткі і паехаў сваёю дарогаю назад.
Дайшлі яны да вёскі Тур.
Вёска Туры, потым Дварчаны, праз лясок — ужо і дачы, Антокаль. Але — цёмна, ноч, у горадзе ваенны стан, дык параіліся і пастанавілі заначаваць у Турах. І там, кіламетры за тры-чатыры ад Вільні, яны і заначавалі.
У вёсцы знайшліся ў бацькі даўныя знаёмыя — сваякі дзядзькі Туркевіча. Да іх і зайшліся. Свята, каляды, у хатах яшчэ гуляюць. А пра Вільню ведаюць мала... Кажуць, што нейкіх бальшавікоў палавілі, пастралялі... У бацькі ёкнула сэрца...
А ці здалася Вароняя, ці трымаецца яшчэ, так-такі нічога і не чулі нават. О, цямнота! Пытаюцца, ці далёка Чырвоная Армія, ці праўда, што яна ўсіх гоніць у камуну? Бацька маніць, што ён працаваў у лесе на пільні, адкуль яму што ведаць...
- * *
На другі дзень (4 студня) раніцою, гадзіне а дзевятай-дзесятай, прыйшлі яны на Антокаль. Бачаць: польскія патрулі стаяць. Усё больш — моладзь, вучні, панкі.
Зайшлі ў гарбацярню. Селі. За розныя столікі. Бацька за адзін, чырвонаармеец — за другі. Як быццам і не ведаюць адзін аднаго.
Скора — заходзіць легіянер з польскаю павязкаю на рукаве: белае з малінавым.
— Колего! А цо слыхаць? — незвычайна ласкава і прыветна загаварыў бацька. І запрашае яго выпіць гарбаткі.
— Ох, цала ноц на варце...
— То можэ вудкі?
Гаспадыня падала.
Развязалася ў легіянера губа. Быў ён сержант ці плютановы, меў свой аддзельчык.
— Ну, як жэ наша оброна? — пытаецца бацька. — Большэвіцы, пся крэв, блізко... Тшэба броніцься. Ці вялікую сілу маем?
Легіянер супакоіў яго, што сілы досыць і яшчэ падходзіць. Але бацька выказаў клопат, што аднымі стрэльбамі — не абараніцца: ці ёсць гарматы?
— О, юж цала батарэя пшыехала і стоі на Кальварыйскей уліцэ: тшы тшэхцалювкі і една шэсціцалювка!
Пра Варонюю спытацца бацька не адважыўся. Ішоў з вёскі, адкуль яму ведаць, што робіцца ў горадзе. А сэрца, казаў, замірала: трымаюцца яшчэ, жыве Мацей — ці ўжо?..
Развітаўся бацька з зюклівым ваякам, і хутчэй засігалі на кватэру: бацька наперадзе, а ззаду, воддаль, але не астаючыся, чырвонаармеец.
Дарогаю купіў бацька ў кіёску газету. Разгарнуў — і на першай старонцы прачытаў пра Варонюю... Не ўсё зразумеў, бо ўжо, відаць, пісалі аб галоўным раней, а гэта — толькі дадаткі. Але папікнуў духам:
«Спазнілася Чырвоная Армія... Мусіць, пагінулі там усе...»
- * *
Вось і кватэра. Замок вісіць, няма нікога. Бацька да дворніка:
— А дзе мае? Юзя, Антоні?..
Дворнік сумна паківаў галавою:
— Дзе ж ты, браце, бываў, што нічога ты не ведаеш? Антонія, бедалаку, без цябе ўчора пахавалі, занеслі на Росу...
— Як пахавалі?!
Дворнік расказаў яму, што чуў ад Юзі, як пагінуў яе бацька. Пахавала Юзя бацьку, а цяпер, казаў, сама ўсё дзесьці бегае ды плача-галосіць...
— А дзе ж ты, гэта, — кажа, — бываў, што дагэтуль нічога не ведаеш? І дзе твой Мацеій? Ці не папаўся, часам, з тымі, на Вароняй?
— А што з тымі, на Вароняй? — пытаецца бацька, а ў самога, казаў, — і сэрца замлела, і ногі падагнуліся: шкода яму стала і мяне і ўжо і ўсіх нас...
— Ды чалавек колькі, галоўных, самі, — кажа, — пастраляліся з роспачы, а рэшту пабралі жывымі, трымаюць на Юраўскім пад замком, судзіць, — кажа, — будуць, на расстрэл, пэўна, засудзяць...
Аж тут прыбягае Юзя. Сплаканая ўся... Паглядзела на бацьку як непрытомная... Кватэру адамкнула. Бацька выйшаў на вуліцу, падаў знак чырвонаармейцу, што досыць яму прагульвацца каля брамы, можна зайсці.
Юзя ўсё расказала лепш, чым дворнік. І напалохала бацьку, што ўсіх нас, узятых жывымі, напэўна, расстраляюць, — так усе ў горадзе кажуць...
Бацька доўга не сядзеў. Хацеў зараз бегчы назад да Чырвонай Арміі. Але чырвонаармеец затрымаў яго, сказаў, што трэба пахадзіць па горадзе, больш чаго разведаць.
І як пачаў бацька бегаць, дык прабегаў цэлы дзень, каб што разведаць і каб чым дапамагчы. Нідзе не знайшоў рады... А ў камітэце сваім нават палаяўся.
- * *
Выходзіць увечары было ўжо позна. Выйшлі толькі на другі дзень, 5 студня, раніцою. Пакінуў ён Юзі троху грошай, бо, пахаваўшы бацьку — не мела за што і паабедаць, і зноў з сваім дружком неразлучным засігаў назад, на Нова-Вілейку.
Цяпер Туры абмінулі, прайшлі полем.
За кіламетр ад Нова-Вілейкі накіраваліся ў вёску, хацелі напіцца. Аж спаткалася дзяўчына.
— Куды вы? — пытаецца.
— У Нова-Вілейку.
Не дойдзеце! Бальшавікі! Застава!
Прыйшлі на заставу. Павялі іх у штаб. Махначоў тут. Кажа:
— Мы ўжо ведаем, што таварышы ў Вільні пастраляліся...
— А тых, што жывых пабралі, хочуць расстраляць,— кажа бацька.
— Ну, расстраляць! Пабаяцца. Пачнуць расстрэльваць яны, пачнём расстрэльваць і мы. Дый не паспеюць: увечары будзем у Вільні.
— У палякоў, — кажа бацька, — батарэя, і кавалерыя, і шмат пяхоты пад’ехала...
— Ведаем, ведаем, — усміхаецца Махначоў. — Але ўсё роўна ўвечары будзем у Вільні.
І пайшоў бацька разам з палком назад, наступаць на Вільню.
Х. ВЫЗВАЛЕННЕ
[правіць]Чатыры трупы пагінуўшых бальшавікоў ляжалі ў цёмнай вільготнай трупярні шпіталя святога Якуба.
Хвалі ракі біліся аб бераг, але не маглі абудзіць іх. Пацукі бегалі па іх, паабгрызалі ім твары і рукі, але яны не чулі. Трупярня была замкнута, нікога з родных не дапускалі.
Вяржбіцкі, Шымілевіч, Ляўданскі, Аз...
- * *
Таварыш Ром ляжаў у гэтым жа шпіталі, у палаце. Каля яго паставілі жандара. Лячылі, каб потым дапытваць, спадзяваліся шмат выведаць. І сцераглі, каб не было ў яго цяпер ні з кім ніякіх зносін.
А ён прыйшоў да памяці толькі ўвечары З студня, больш як праз суткі пасля ранення. Але куля прабіла грудзі на некалькі міліметраў міма сэрца, дык мусіў жыць...
Успомніў, зразумеў... Адно жаданне было: памерці... Адчуваў цяпер сябе — горш, чым тады, калі ішоў на смерць.
Злы быў на Кобака, нашто ён «падвёў» яго: усхапіўся, падштурхнуў руку. І думаў: «Падніму пытанне, каб яго выключылі за гэта з партыі...»
Ляжаў ён у агульнай палаце з раненымі палякамі. Былі тут, можа, раненыя яго рукою. Яны глядзелі на яго з нянавісцю. Але яму цяпер было ўсё роўна...
Даведаліся родныя. Прасілі дазволу, каб яго даведацца. Дазволілі толькі матцы. Яна прыйшла, сядзела, глядзела на яго, гладзіла яго руку...
- * *
А мы павінны былі ляжаць у той сваёй зале, на падлозе, радоў у пяць.
Ляжаць трэба было без усякага руху. Кожны наш рух выклікаў у нашых вартаўнікоў незвычайную дражлівасць.
Між іншым, у ліку вартавых аказаўся рыжы Рудольф.
ўжо добра гаварыў па-польску. Прозвішча яго было Журэк. Мусіць, ён быў з палякаў родам, хоць бывала, раней, заўсёды смяяўся з усяго польскага і казаў, што ён, нягледзячы на сваё прозвішча — прыродны немец і па-польску да Вільні не ўмеў ні слова.
Тарас яго таксама ведаў, бо Рудольф прыносіў на Варонюю прадаваць зброю.
— Ты тут? — здзівіўся Тарас.
— Працую там, дзе болей плацяць, — цынічна адказаў ён Тарасу, але адказаў ціханька і папрасіў, усё ж, не гаварыць тут пра яго нічога.
А потым сеў сабе пры століку па табурэтку, паставіў карабін між ног і ў найлепшым гумары замурлыкаў сваю ўлюбёную песеньку.
Раз у дзень, а ўсяго тры разы за час нашае няволі, прысылалі пам з нейкае бальніцы супу. Суп, амаль увесь, пажырала наша верная старожа. Відаць, былі там усе людзі — як на падбор...
Трое сутак былі мы там на гэтай чэсці: з вечара 2 студня да вечара 5 студня. Усім нам абвясцілі: «Бэндзе вырок!» — значыцца, будуць судзіць нас, будзе прыгавор. Мы і чакалі. Я ж думаў, па наіўнасці, што суд будзе як суд: выведуць мяне наперад, будуць слухаць, а я там закачу гарачую прамову і кіну ім у твар:
— Гэй вы, каты! Не прызнаю вашага класавага суду! І прыйдзе час, калі мы самі будзем вас судзіць!..
Аж дарэмна чакаў я такога прыгожага суду. Судзілі нас без нас. Першую партыю: Тараса, маскоўскага таварыша, Арона і яшчэ некалькіх, хто быў, на іх погляд, больш выдатным, судзілі ўночы з 4 на 5 студня...
Не ведаю, дзе тыя суддзі збіраліся і хто яны былі. Прыйшлі якіясь чэрці, паднялі нас усіх на ногі, дзеля пашаны перад судом, і прачыталі прыгавор, што «імем Польскай рэспублікі» такія-то, тады-то, за збройнае паўстанне супроць гэтай рэспублікі засуджаны на кару смерці праз расстрэл...
Хацелася мне думаць, што можа гэта ізноў жарцікі... Дзе там! Усё па форме і ўсур’ёз. Пытаюцца: можа ксяндза прывесці, рабіна? Абвяшчаюць: час кароткі, да наступнае начы...
Якая талеранцыя!
- * *
5 студня быў дзень чакання: цяжкога, панурага і поўнага надзей... Або прыйдуць і выведуць, або прыйдзе, падаспее вызваленне — Чырвоная Армія...
Наступіў вечар. Хвіліны цягнуцца бясконца і пралятаюць, як незваротны міг... Раптам — зашумеў аўтамабіль... Мусіць, пад’ехаў грузавік. Глядзім адзін аднаму ў вочы, слухаем... Ну чаму ж не ідуць?..
— Не, — пастаяў, папыхцеў, падрыжаў, ізноў зашумеў моцна, і завыў, паехаў!
І, быццам з яго шуму, даляцелі, далёкія, глухія — стрэлы! Няўжо, няўжо? Страляюць: тах, тах, тах! О, радасць, радасць! Ужо няма памылкі: ідзе бой за Вільню! Чырвоная Армія наступае!..
І радасць, і страшная трывога: што ж яны, усё-ткі, зробяць з намі? Можа, вывезуць з сабою? А можа... можа, прыйдуць і пастраляюць тут, на месцы?
Ні ўстаць, ні падысці аднаму да аднаго, ні прамовіць слова, хоць бы шэптам — нельга. У мяне мільгае думка: «Калі што — не трэба выходзіць адгэтуль... Не давацца да апошняе магчымасці... Калі што — можна кінуцца на варту хоць з голымі рукамі... Нас многа. Каб толькі дружна...»
З’яўляюцца шэсць новых легіянераў, з патранташамі, у паходным знараджэнні. Усе — пазнанцы. З гутаркі чуваць, што яны некага чакаюць. Каго? Як быццам — віленскіх легіянераў.
Думка рэжа нажом: няўжо прыйшлі браць? У чым жа затрыманне? Стаяць, чакаюць... А шум бою далятае ўсё мацней. Тах-тах-тах! — стукаюць вінтоўкі. Та-та-та!.. — стракоча кулямёт. І раптам, першы раз: бу-у-ух! — гармата! А чыя? Шыбы ў вокнах трасуцца, хоць зіма. І яшчэ раз: бу-у-ух! і бу-у-ух!
Нас, нікога, усё яшчэ не бяруць. Пазнанцы ўсё стаяць. Вось пачынаюць ціханька змаўляцца... І пайшлі за дзверы. Былі — і няма іх. «Чаго яны прыходзілі?» — думаю і не магу ўгадаць.
Хвіліны — і бягуць шыбка і цягнуцца страшэнна марудна. «Дзе мой спакойны розум? Трэба ляжаць і слухаць шум бою...» Спачатку было ў нас шэсць вартавых, потым тры, цяпер астаўся адзін. «Можа кінуцца на яго, прыдушыць, і разбегчыся? Чакай, яшчэ троху чакай... » — так разважаю сам з сабою.
Вартавы трымаецца неспакойна. І ён — чакае. Азіраецца — на вокны, на дзверы, на нас... Падыходзіць да дзвярэй.
— Можна ўстаць вады напіцца? — пытаецца ў яго Тарас.
Можна...
Тарас напіўся, вярнуўся на сваё месца і не лёг, сядзіць.
У горадзе кіпіць бой. А вакол нас усюды ўсё ціха. «Дакуль мы будзем ляжаць?» — думаю.
Гляджу: таварышы сядзяць. Ракоўскі з сваім суседам размаўляе. Я адразу ўстаю на ногі...
Вартаўнік нічога не кажа. Дзе ж ён? А, некуды выходзіць... Мы — адны. Усе заварушыліся. Большасць па нагах... Ракоўскі смела ідзе да дзвярэй і піхае. Не замкнута! Выйшаў і бяжыць назад:
— Таварышы, выходзьце!..
На вуліцы цёмна, і нічога не разабраць, дзе што дзеецца. Страляюць дзесьці далей. Мы тулімся кучкамі да сцен, пакуль не разгледзімся.
Бачым: сунецца ад катэдры нейкая чорная маса людзей. Не ведаем, хто.
— Кто идет? — крычаць адтуль па-руску.
— Свае, свае!! — адгукаецца Тарас зычным голасам.
— Гэта, здаецца, Тарасаў голас... каменданта з Вароняй, — гаворыць там хтосьці, як быццам бы мой бацька.
Яны ідуць, мы ідзём... Сходзімся... Наперадзе ў іх адзін вайсковы, другі — у «вольным».
— Кто здесь у вас Тарас? — пытаецца вайсковы.
— Я, браце! Я, я! — крычыць Тарас. І аблапіў, і цалуе чырвонаармейца.
А ў «вольным» — мой бацька.
— Ты, Мацей? — пытаецца, прыглядаючыся.
— Я, бацька, я! — і хоць не люблю, калі мужчыны цалуюцца, але так і быць, давай пацалуемся і мы — з радасці...
- * *
Перадавыя чырвоныя часці пачалі з боем займаць Вільню гадзіне а дзевятай вечара. Першым увайшоў 33-ці Сібірскі полк пад камандай таварыша Махначова. Другім — 5-ы Віленскі полк (гадзіне а дванаццатай уночы). А пад раніцу ўвайшлі і другія чырвоныя часці, па дарозе ад Ліпуўкі.
Сталяр Дручок ішоў з Сніпішак на Віленскую вуліцу, у Літоўскую паліклініку, каля паўночы. Мусіў ісці, бо нёс лёд жонцы на жывот — у паліклініцы не было лёду. А жонка памірала...
Пераходзіў Зялёны мост — яшчэ стаялі палякі. Па канцах моста — кулямёты. Але страляюць у той частцы горада, а тут — ціха, жудка. Яго прапусцілі, паказаў запіску ад доктара, з пячаткаю. Перавялі, загадаўшы падняць угару рукі...
Прыйшоў ён у паліклініку, — жонка сына радзіла... Ледзь не пяць сутак, бедная, прамучылася, не магла разрадзіцца. Дактары думалі — не вытрымае, памрэ...
Аж яна-ткі разрадзілася! Рад ён. Успомніў, як Туркевіч казаў, што бальшавіка павінна радзіць. Вось і праўда... Ішоў ён раненька назад, — ужо бальшавікі на вуліцах... (Так, жартуючы, апавядаў пасля.)
- * *
У гэты дзень, б студня, з самае раніцы прыбраўся горад у чырвоныя сцягі. Па вуліцах ішлі чырвонаармейскія часці. Рабочыя выйшлі іх спатыкаць. Грымелі аркестры. Выступалі прамоўцы. Работніцы падносілі чырвонаармейцам падарункі, — падарункі небагатыя, але ад шчырага сэрца...
А ўвечары, на апошнім пасяджэнні Гарсавета старога складу, усе фракцыі віталі Чырвоную Армію і дзякавалі ёй за вызваленне... Памяць пагінуўшых таварышаў ушанавалі сумным, жалобным уставаннем.
На другі дзень, 7 студня, было ўрачыстае пахаванне.
Хавалі на скверы, у цэнтры горада. Зрабілі мураваны склеп. На пахаванне выйшаў увесь віленскі пралетарыят. Провады з Вароняе да сквера былі вялізарныя, грандыёзныя.
І бачыў я, за апошняю труною і потым каля склепа, калі казалі пахавальныя прамовы, старэнькую яўрэйку...
Худая, зморшчаная, у бедным адзенні. І павязала чорны шаль зношаны-зношаны, у дзірачках. Шаль быў лёгкі, летні, а яна завязала яго ўзімку. Чорны шаль, і ў руках белая хустачка. Хустачку трымала, слёз не абцірала. І плакала маўкліва, толькі часам, сама не прыкмячаючы, то адмахвалася галавою ад думак, то ківала ёю згары ўніз у роспачы, і ўся панікала...
Мусіць, была гэта — маці таварыша Аза.
Восьмага ўвечары на Вароняй варылі ўжо кашу...
ХІ. ДНІ БЯГУЦЬ
[правіць]- Дні бягуць, нібы хто іх гоніць , —
- Паляцелі стагоддзі тарчма...
- Міхась Чарот
Таварыша Рома перанеслі са шпіталя святога Якуба ў Літоўскую паліклініку. У яго зрабілася кровазліянне. Куля прайшла праз грудзі навылёт, але была прастрэлена артэрыя, кроў згусцілася і закупарылася.
У паліклініцы яго аперыравалі. Аперацыю рабіў доктар — прафесар з Юр’ева, знамяніты хірург Мантэйфель. Ён вылечыў. А то, каб не ён, можа, і памёр бы таварыш Ром.
Устаў наш віленскі правадыр на ногі, — і зараз на работу...
19 красавіка, у ноч перад каталіцкім вялікаднем, ізноў папалі па Вільню польскія легіёны, раптоўна пад’ехаўшы ў вялікай колькасці. Пасля трохдзённага бою па вуліцах адышлі чырвоныя байцы ад Вільні да лета 1920 года. Таварыш Ром застаўся працаваць у падполлі.
Праз месяцы два арыштавалі яго. Сядзеў ён на Лукішках доўга. Потым яго выменялі.
Цяпер працуе дзесьці ў СССР, і як чутно — на вельмі адказнай пасадзе. Далей робіць камуністычную работу...
- * *
Таварыш Кобак быў камісарам 8-га Чырвонага палка, і калі 19 красавіка папалі на Вільню белапалякі, ён касіў іх кулямётам у Звярынцы, каля Зпаменскае цэрквы, да апошняе хвіліны. Ужо трэба было яму адступаць ад Вільні, вярнуўся б назад улетку 1920 года. А ён не адступіў... Наскочылі на яго легіянеры адзаду. І там была яго смерць.
Быў прыгожы хлопец. Адменны танцор. Дзяўчаты і маладушкі за ім прападалі. Быў вельмі добры кравец. І выдатны прафсаюзны работнік. І адважны ваяка.
І ў самым сваім росквіце слаўна адтанцаваў ён мазурку свайго кароткага жыцця...
Слава герою!
Улетку 1920 года, калі чырвоная конніца наляцела на Вільню як стыхія і на высокай Замковай гары, на старыннай вежы, ізноў узвіўся пераможны чырвоны сцяг, — прыязджаў Тарас, заходзіў да Вяржбіцкай.
— Нашто ты прыехаў? Успамінаю мужа... Чаму ён страляўся? Быў бы жывы, як ты...
Вусы ў Тараса пасля падзей на Вароняй доўгі час былі няроўныя: адзін чорны, другі сівы... Потым зраўняліся, абодва ізноў сталі чорныя.
Цяпер працуе Тарас дзесьці ў СССР, здаецца, у Мінску. Далей робіць камуністычную работу.
- * *
Дзядзька Туркевіч сядзеў на Лукішках з красавіка 1919 года да пачатку 1920 года — вясну, лета, восень і палову зімы — у вельмі цяжкіх умовах, і за гэты час значна падупаў на здароўі. Бо марылі яго ў турме голадам, а перадач ніхто не насіў.
Узімку 1919—1920 гадоў яго таксама выменялі, і калі ехаў ён у Савецкую Расію, трапілася мне з ім бачыцца. На дарогу не прасіў ён у мяне хлеба, а папрасіў даць яму, калі маю, «Жалейку» Янкі Купалы. Здзівіўся я, але схадзіў у беларускую кнігарню на Занальную вуліцу, купіў яму гэтую кніжку, занёс, перадаў.
І з’ездзіла з ім «Жалейка» ў Оршу. Там ён працаваў да лета 1920 года, а як толькі Чырвоная Армія забрала Вільню, зараз вярнуўся на сваю старую, вельмі ўбогую, кватэру на Пагулянцы.
Жыла там без яго толькі жонка, а дзеці былі ў прытулку «Беларускага таварыства помачы ахвярам вайны». [...]
Праз колькі год эміграваў дзядзька Туркевіч у СССР. Жыў у Мінску. Вельмі стараўся аднавіць сябе ў кампартыі, нават ездзіў, казалі, у Маскву, да таварыша Антановіча. Але так і застаўся па-за партыяй. Прычына: яго нейкія былыя каншахцікі з беларускімі нацыяналістамі ў Вільні. Як той казаў: «Коготок увяз — всей птпчке пропасть...» Сям'я яго цяпер таксама ў Мінску. Толькі не ўся. Старшую дачушку яго, Стасю Туркевіч, засудзілі ў Вільні на катаргу. Хоць і расла Стася нейкі час пад апекаю ксяндза Адама, але вырасла камуністкаю.
- * *
Бацька мой перайшоў у кампартыю і добраю работаю загладзіў свае памылкі. У 1922 годзе пад час выбараў у сейм агітаваў ён за спіс № 5 («Саюза пралетарыяту гарадоў і вёсак») і быў арыштаваны. Каля года праседзеў у розных польскіх турмах, — нарэшце, выпусцілі без суду... Увосень 1923 года эміграваў у СССР і жыве ў Мінску. Спярша працаваў на гарбарні, а потым перавялі яго на пенсію.
Піша, каб мы ехалі да яго. А я думаю: «Не ўсім жа туды ехаць. Трэба ж некаму і тут заставацца, пакуль можна...»
І ўсё жаліцца, што рэдка яму пішам.
А мне ж часу бракуе, бацька ты мой мілы! «Віленскіх камунараў» пісаў я пяць гадоў. І вось мушу скончыць хоць так ужо, як ёсць...
Канец. 31. XII. 32 г.
Дый хіба ж у лістах напішаш тое, што думаеш? Каб нейкі пан прачытаў ды згроб за шкірку... Дудкі! Мы ўжо троху вучаны...
- * *
А Ромусь Рабэйка даслужыўся да афіцэрскага чыну. Усё ваяваў на Савецкім фронце, за тую Польшчу, якая цяпер ёсць... Надавалі яму чыноў, ардэноў. А калі вайна скончылася і легіянерам давалі зямлю, ён таксама атрымаў надзел — як на малога афіцэра, гектараў пяцьдзесят, дзесьці каля мястэчка Брудзянішак.
Зрабіўся асаднікам, зажыў панком. З Юзяю, з дазволу найсвяцейшага папы, развёўся. І пабраўся з польскаю патрыёткаю з Варшавы. Ды не доўга потым пракрасаваўся на свеце...
У 1926 годзе беларускія сяляне спалілі яго двор. Ён навёў карную экспедыцыю і ў блізкім часе быў забіты невядомымі ў дарозе, калі ехаў з свайго дварка ў Брудзянішкі.
Арон цяпер дзесьці па Урале, дырэктарам завода. І Ева з дзяцьмі даўно ўжо паехала туды да яго. А Брудзянішкі за гэты час ні каліва не змяніліся. Як і ў гады майго маленства, так і цяпер там — крывыя вулачкі з пылішчаю і смуродам улетку, з гразёю па калена ўвосень і вясною, пакрыўленыя набок хаткі, сарваныя з крукоў вароты, паломаныя тратуарчыкі ў адну-дзве дошкі. І сохленькія дрэўцы, што яшчэ ў гады майго маленства тырчэлі ўздоўж гэтых тратуарчыкаў там-сям пры хатках, — за ўвесь час не падраслі, тырчаць, як і бывала, нікім ніколі не абгароджаны і вечна абгрызены табуном галодных местачковых коз.
Уся змена — што замест аднаго царскага ўрадніка цяпер — шмат паліцыянтаў і шпікоў, а замест адной царскай манаполькі — дзесяткі «рэстарацый» з моцнымі трункамі, «распівачна і на вынас»... Але ж пільнуюць — не ўпільнуюць, спойваюць — не спояць...
- * *
Не змянілася і вёска маіх продкаў Жабракоўка, трапіўшы ў кіпцюры панскае Польшчы. І тыя даўныя паны, як Хвастуноўскія, і тыя новыя панкі, як Ромусі Рабэйкі — усю яе абселі, абкружылі і смокчуць з яе сокі...
Гібее Жабракоўка і цяпер таксама, як гібела і пяцьдзесят, і сто, і хто ведае колькі год таму назад. Але ж не сядзіць ужо так ціха, як бывала, не сядзіць...
- * *
У Вільні крызіс, безрабоцце, фашысцкая рэакцыя. Усё болей робіцца наша жыццё пад польскімі папамі вельмі падобным да нашага мінулага жыцця пад нямецкай акупацыяй.
Толькі ёсць і розніца: цяпер-то мы ўжо троху вучаны, і Прыклад, Вялікі Прыклад, стаіць у нас перад вачыма, ад нас недалёка...
- * *
Юзя радзіла сына Баніфацыя і дачку Яніну. Яны ўжо вучацца і ўжо ўмеюць пяяць «Інтэрнацыянал». І ўжо просяць мяне як ветэрана:
— Тата! Раскажы, як была ў Вільні Камуна...
А які ж я «ветэран»? Я яшчэ ў поўнай сіле і здароўі.
І мне яшчэ толькі чатыры дзесяткі.
Прыблізна столькі было і Вяржбіцкаму і Азу, калі змагаліся яны за нашу Першую Камуну... тады, там на Вароняй...