Перайсці да зместу

Відагоршч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Відагоршч
Легенда
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.org/legenda/item/legenda/legenda-103.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вакол Відагоршч і цяпер лясоў няма — адны ўзгоркі. Дарога так і «куляецца»: за пад'ёмам — спуск, а за спускам — пад'ём. Такое чаргаванне ўзгоркаў і далін тут называюць калыскамі. Вельмі цяжка араць, урабляць гэтую зямлю. За прыгонам сюды прыганялі мужыкоў і прымушалі працаваць не разгінаючы спіны, ад цямна да цямна. Бывала, вол стоміцца, прыстане, а цівун, нядоўга думаючы, мужыкоў у ярмо запражэ. Ваду на панскую кухню таксама на людзях вазілі...

Каб было адкуль пільна сачыць за прыгоннымі, якія працавалі на палях, у парку, на гародах, пан і загадаў прыбудаваць да палаца высокую мураваную вежу, дзе ўвесь час сядзеў з падзорнай трубою галоўны аканом. Прыпыніўся араты дзе-небудзь на далёкай гары, каб дух перавесці, а галоўны аканом з вежы бачыць і на заметку бярэ. Бачыць, і як скаціна, адбіўшыся ад статка, у шкоду пайшла, і хто ў садзе яблык у кішэнь паклаў... Так за дзень набіралася шмат парушальнікаў, якіх увечары чакалі розныя пакаранні: адных вячэры ці сняданка пазбаўлялі, а іншых бязлітасна секлі бізунамі на стайні... Дык вось месца, дзе стаяў палац з той праклятай вежай, адкуль усё наваколле відаць было — палеткі і даліны, горы і ўзгоркі,— празвалі людзі Віжгорамі. Пазней ужо — Відагоршч...