Вясковыя астраномы
Вясковыя астраномы Апавяданне Аўтар: Уладзіслаў Галубок |
Крыніца: http://knihi.com/Uladzislau_Halubok/Viaskovyja_astranomy.html |
Доктар з астраномам, шукаючы спачынку душам сваім ад гарачых праменняў сонца, наважыліся на які дзень-два пакінуць горад і сцерці час у вёсцы.
Ведама, чаго шукалі, тое знайшлі. Дзве гадзіны дарогі, - і вёска Халадцы як вырасла перад імі. Ідучы вуліцай між старых хат, яны бачылі, як аглядалі іх праз вокны цікавыя бабы і як маленькія мурзатыя дзеткі, шэпчучыся адзін з адным, перабягалі праз вуліцу - і прыглядаліся ім у вочы.
Як там што ні было, але панам усё падабалася, бо яны гэта блізка што ўпершыню бачылі. Доктар, выгадаваўшыся ў багатых бацькоў, праўда, чуў пра гора мужыкоў, але, не пазнаёміўшыся з іх жыццём бліжэй, мала ведаў аб іх. Гэтак сама і астраном. Давучыўшыся да сівых валасоў, а после дабіваючыся, як і калі будзе зацьменне, дзе якія планеты, не меў часу зірнуць у вёску і, каб не шчыры яго прыяцель доктар, пэўне, што адзін не паткнуўся б туды.
Вось нашы вучоныя, агледзеўшы збольшага лес, поле, - вярнуліся ізноў у вёску і зайшліся да селяніна Гапцуля папалуднаваць. Тое-сёе, глядзіш - заварушылася гаспадынька, затрашчалі на прыпечку трэсачкі, і смачная яечня ў момант апынулася на стале.
Тыц-мыц, - глядзіш - троху зверху пазбіралі дый пакінулі. Яшчэ астраном - туды-сюды, а доктар, як відаць, і рад бы з'есці, але быццам нешта шкодзіла.
Тым часам у хату ўвайшоў сам гаспадар. Скінуўшы з сябе армяк і адгладзіўшы бараду, цішком сеў за стол, адваліў лусту хлеба, ушчаміў у таўстых пальцах ды пачаў сёрбаць капусту. Доктар, паказеліўшы вочы, глядзеў і дзівіўся, як Гапцуль маўчком спарожніў адну міску капусты, другую, ды і за трэцюю ўзяўся. Пачаў тут наш доктар шаптацца з астраномам, шырока разводзячы рукамі. А Гапцуль тым часам, толькі яшчэ пачуўшы самы смак, спаражніў яшчэ чатыры міскі крупніку.
- Гатоў аб заклад ісці, - мармытаў свайму прыяцелю доктар, - што гэты чалавек не далей, як сягоння ўначы, богу душу аддасць, - не вытрымае!
І вось, як будзе, то будзе, а доктар даў слова не ісці з хаты і чакаць бяды, каб у час памагчы чалавеку. Гапцуль, на астатку глынуўшы мерку квасу, адгладзіў бараду і як паважна садзіўся, так паважна ўстаў ды, не раўнуючы, як пан, разлёгся на ложку.
Не агледзеліся, як надышоў вечар. Гапцуль, унёсшы свежага сена, прымасціў гасцям пасцель і кажа:
- Спаць то добра будзе, але мухі на раніцы пытлююць трохі.
Але астраном на тое адказвае:
- Добра то добра, няма што; але мы лепш у садку выспімся, - бачыш, які вечар прыгожы.
- Ну, як сабе знаеце, але, па-мойму, дождж павінен быць.
Астраном ухмыльнуўся, падмігнуў на доктара, і паважна пасунуліся ў садок пад яблыню. У самай поўначы ні адсюль ні адтуль узняўся вецер ды калі ўрэзаў дождж, калі шматанула маланка, дык нашы начлежнікі як мага кінуліся ў хату і з радасцю паляглі на прыгатаваным звечара месцы.
Астраном аніяк не мог дадумацца, як мог пазнаць просты мужык, што будзе дождж, калі ён, вучоны, і то не пазнаў гэтага. Толькі настаў дзень, доктар зірк, ці жыў селянін? А той і не лыс: спіць сабе, задзёршы галаву і падхрапваючы на ўсе лады, як у жалейку! Вось толькі прачнуўся Гапцуль, доктар і пытаецца:
- Скажы, браце, як выдыхаў ты ўчарашнюю ежу, няўжо нічога?
- А не! гэта мой звычай, паночку: ем датуль, пакуль брухам стол не адсуну, а як ужо стол кранецца, тады годзе!
- А скажы, - перапыніў астраном, - адкуль ты ведаў, што дождж будзе ўночы?
- Ёсць у мяне рабенькі бычок і калі толькі ён пачне хвост лупіць, то так і спадзявайся дажджу. На тым тыдні таксама ўвечары быў дождж, то мой бычок яшчэ досвіткам хвост пачаў лупіць.
- Слаўны бычок! слаўны! - цадзіў скрозь зубы астраном, - прадай мне яго; добра было б, калі часамі маё вока не спраўдзіць, то бык да толку давёў бы...
(1912 г.)