Вяселле (Сурначоў)
Вяселле Аўтар: Мікола Сурначоў 1944 |
У садах яшчэ ліст не жаўцеў,
Дацвіталі яшчэ журавіны,
І даносіўся звонкі спеў
На ячменным кліну дзяўчыны.
І дзядзькі атаву граблі,
Як у жніўні, гулі касаркі.
А сваты палямі ішлі
З жаніхом да вядомай свінаркі.
Рваў пялёсткі з рамашкі жаніх
І казаў сабе:
«Любіць, не любіць,
Ці да сэрца мяне прыгалубіць,
Ці мо к д’яблу з сватамі пашле...»
Як на свята, ў сяле,
Заліваўся заслужаны бубен.
Так ішлі яны грэчкай, праз лубін,
Пад каштанамі...
Між прысад
Ехаў карны атрад.
Што ж марудна ты рос, жаніх?
Засядзелася ў дзеўках нявеста,
Дачакаўся гасцей чужых
Ды нязваных, з-за Брэста.
Цесен стаў табе родны дом,
Непрыветлівай цешча.
— Гэй, жаніх!
— Я — жаніх.
— На паром!..
Нёс асіннікам пошчак.
Не прыйдзецца, браткі, выпіваць, — Упіліся слязамі...
А сяло?
А сяло не пазнаць:
Іскраў замець.
Дзе вяселле, шырокі круг,
Бубен дзе, дзе гармонік?
Як нявеста згубіла падруг?
Дзе стаеннікі-коні?
Запрагайце буланых, сівых,
Запрагайце!
Ад няпрошаных, ад чужых
Уцякайце!
— Гэй, жаніх!
Што ў журбе?
Ай, жаніх. Не глядзі, што не рана...
Жонкай стане вінтоўка табе,
А дружкамі сябры-партызаны.
Цешчай будзе зямлянка,
А цесць?..
І па ім сёння чарку выпіць,
Чуеш песні?
То плачуць дзесь.
А нявеста?
Вісіць на ліпе.
Чоран воран. Трава-мурава.
Ой, як гора мне сэрца цісне!
Дзе нявеста?
З пятлі галава
На дзявочыя грудзі вісне.
Цешча! Што ж ты?
Склікай музык!
З усяго, калі хочаш, свету.
Зяць, чаму ж ты не возьмеш смык,
Каб суцешыць кабету?
Хіба злая?
Не можа быць.
Мо сварлівая, кажуць людзі?
А жаніх пад ліпай стаіць,
Жаніх шэпча:
«Вяселле будзе...»
Сабірайце мужчын у сяле,
Па ваколіцах вестку шліце!
Мы вяселле зробім як след,
Збор у жыце!
І бярыце з сабой нажы,
Стрэльбы, хлопцы, не жонак бярыце… Гэй! Гэй!
Збор у жыце!
1944
Мінск