Перайсці да зместу

Вянок (1927)/Старая Беларусь/Па ляду, у глухім бары

З пляцоўкі Вікікрыніцы
∗ Ціхі вечар, зьнікнула сьпякота… ∗ Па ляду, у глухім бары
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
Уступ
Іншыя публікацыі гэтага твора: Па ляду, у глухім бары…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗        ∗

Па ляду, у глухім бары,
Дзе, ля ральлі стаяць тры хаты,
Мужык ідзе, — на сьвітцы латы,
А сам няхібкі, хоць стары,

З чупрынай, белаю, як лунь,
І з барадою сьнегавою,
Зямлёй прапахшы і сасною,
Ён пільна ўсё глядзіць на рунь.

„А каб ты здох!“ Бач, па расе
Хтось трапіў к збожжу ад крыніцы;
Дык вось і вузкі сьлед капытца:
Алені тут былі ў аўсе.

Ўсё знішчаць, падлы, хоць ня сей, —
Не дачакаеш умалота!
А тут яшчэ цераз балота
Не прабярэшся да людзей.

Снуюцца хмарай камары;
Кішмя-кішаць у зёлках гады;
Падшывам абрастаюць ляды…
Зьвядуць, зьвядуць людзей бары.

Даўно пачаў „хадзяін“ дбаць,
Каб пушча тут была нанова,
Ды толькі ведае дзед „слова“,
А то дабра-бы не зазнаць.