Перайсці да зместу

Вянок (1927)/Места/Вулкі Вільні…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Уступ ∗ Вулкі Вільні…
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
У Вільні
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗        ∗

Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць!
Вір людзкі скрозь заліў паясы тротуараў,
Блішчаць вокны, ліхтарні ўгары зіхацяць
І гараць аганьком вочы змучаных твараў!

А завернеш ў завулак — ён цесны, крывы;
Цёмны шыбы глухіх, старасьвецкіх будынкаў;
Між каменьнямі мох і сьцяблінкі травы,
І на вежы, як круглае вока савы,
Цыфэрблят — пільны сьведка мінулых учынкаў.

Ціша тут. Маўчаліва усталі — і сьняць
Ў небе копулы, брамы, байніцы і шпіцы;
Грук хады адзінокай здалёка чуваць,
Часам мерныя ўдары звана задрыжаць
І замоўкнуць, памкнуўшы ад старай званіцы.

Ўспамяні, маё сэрца, даўнейшыя дні!
Па загаду бурмістра усе, як належа,
Зачынілі ўжо вокны, згасілі агні…
Варта вулкай прайшла… І ня сьпім мы адны —
Я ды чорны кажан, што шнуруе ля вежы.