Перайсці да зместу

Вянок (1927)/Максім Багдановіч

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Максім Багдановіч
Крытыка
Аўтар: Антон Луцкевіч
1927 год
∗ Вы, хто любіце натрапіць…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Максім Багдановіч (Луцкевіч, 1927).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Максім Багдановіч.

12/25 мая 1917 году памёр у Ялце ад сухотаў вялікі пясьняр беларускі Максім Багдановіч.

Кароткі быў шлях жыцьця Поэта, ды ліхая доля судзіла Яму і жыць і памерці — на чужыне! Хоць і радзіўся на зямлі Беларускай — у Менску (у 1892 годзе), але шуканьне куска хлеба прымусіла бацьку Яго, Адама Багдановіча, беларускага этнографа і народавольца, перабрацца ў Ніжні Ноўгарад, а пасьля — ў Яраслаўль. Там—у гэтых вялікіх, ды чужых Яму местах расейскіх, сярод чужое атмасфэры, жыў, гадаваўся і вучыўся Максім. Стуль толькі ў 1912 годзе, — ужо як ведамы і прызнаны Поэт, — першы раз прыехаў у Бацькаўшчыну, адведаў старую Вільню, пабываў на вёсцы — ў Вялейшчыне (каля Краснага), сярод беларускіх ніў і гаёчкаў. Толькі пасьля сканчэньня Яраслаўскага ліцэю ў 1916 годзе Максім Багдановіч едзе ўрэшце на сталую працу ў Менск. Тут — ня гледзячы на вайну — кіпіць беларускае жыцьцё. Яно захоплівае Поэта, які ўвесь аддаецца баларускай грамадзкай працы, пакуль страшная хвароба ня валіць Яго з ног. І толькі тады, як сіл да працы не хапіла, Максім Багдановіч згадзіўся споўніць просьбы сяброў і паехаць лячыцца ў Крым.

Ды было позна: нядоўга тамака „палячыўся“…

За сваё кароткае жыцьцё Максім Багдановіч здалеў, аднак, выбіцца на адно з першых месц У беларускім адраджэнскім руху: як поэт, як пісьменьнік, Ён зьвярнуў на сябе ўвагу ўсіх сьвядомых беларусаў ужо першымі гваімі вершыкамі ў „Нашай Ніве“, а пасьля — зборнічкам выбраных самім аўтарам твораў пад назовам „Вянок“, выданым у Вільні ў 1913 годзе. З таго часу вершы, апавяданьні і крытычныя стацьці Максіма Багдановіча зьяўляліся ў розных беларускіх журналах і газэтах, пападалі і ў украінскую ды расейскую прэсу і захоплівалі ўсіх сваім асаблівым хараством і глыбокімі думкамі.

Паміраў Поэт адзін — сярод чужых. Але ня чуў сябе самотным—там над морам: Ён меў заўсёдную ўсладу ў створаннай Ім-жа красе. І калі памёр, ля ложка Ягонага была знойдзена кніжачка „Вянка“, а на ёй слабеючай ужо рукой Поэта было напісана —

У белым доме, дзе я ўміраю,
Над сінім морам, ля самай бухты,
Я несамотны: я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты…
[1].

∗          ∗

Дзесяць гадоў мінула з таго дня, калі сумная вестка аб сьмерці Максіма Багдановіча разыйшлася па ўсей Беларусі. Многа перажыў-перацярпеў наш народ за гэты час бур-навальніцаў, што зьнішчылі нашу Бацькаўшчыну, Многа яркага — і добрага, а яшчэ больш благога — бачылі мы на роднай Зямлі Ад мамэнтаў вялікай радасьці пры спаўненьні нашых найсьвяцейшых ідэалаў мы ўжо гэтулькі разоў так рэзка, так неспадзявана пераходзілі да поўнае ўтраты веры ў самы ідэал. Білі нас па нєрвах і свае і чужыя, — білі балюча, безміласэрна…

Пасьля бур, пасьля вострых перажываньняў душа шукае супакою, адпачынку. Думка кіруецца ў тыя сфэры, дзе пануе чыстая краса і гармонія. І цяпер больш, чым калі, мы адчуваем патрэбу абмыць душу ў чыстай крыніцы поэзіі, мастацтва. І цяпер лепш, чым калі, мы можам адчуць і зразумець Багдановіча і ацаніць вялізарную ўтрату ў асобе Яго.

∗          ∗

Хараство поэзіі Багдановіча ня ў сіле, ня ў тым магутным творчым размаху, які выяўляецца, напрыклад, у Купалы, ня ў красачнасьці, сакавітасьці абразоў прыроды, чым так чаруе нас Колас. Багдановіч — поэт паўтонаў. Свае фарбы ён бярэ з паблеклых старадаўніх тканін, з малюнкаў сьвятых кніг, пісаных многа сот лет таму назад на пэргамэньце, з засохшых красак родных палёў. Яго грудзі ўдыхаюць „воску з ладанам прыёмны пах“, якім пранікнуты страніцы збутвелых ад часу фоліянтаў. Прад Яго вачыма праносяцца празрыстыя, як косы месяца, разьвеўныя і маўклівыя русалкі, Яму грае ў бары лясун, — і вадзянік, пакрыты адвечным ілам, вядзе з ім разгавор. Уваскрасаюць „слуцкія ткачыхі“ і, захопленыя хараством прыроды, у пэрсідзкія ўзоры паясоў нясьведама ўплятаюць „цьвяток радзімы васілька“. А ў бруднай, ўпэцканай васьмігадовай дзяўчынцы-няньцы ён выкрывае цудоўны бліск пачуцьця мацярынства — той самы бліск, каторы вялікі Рафаэль стараўся адмаляваць на ліках сваіх Мадоннаў. Паўтоны ў фарбах, у гуках, у перажываньнях — вось асноўная рыса творчасьці Максіма Багдановіча.

У гэтым ён ня мае падобных сабе. Ён стаіць здалёк ад усіх другіх нашых песьняроў. Ён наскрозь індывідуальны, новы, беспадобны. Яго ролю ў беларускай паэзіі можна прыраўнаваць да ролі таго, хто ўвёў у музыку паўтоны, хто на іх збудаваў новую гармонію.

У аснову свае гармоніі Багдановіч паклаў лад мінорны: Ён іграе на бэмолях. І гэта зусім зразумела: гэта выплывае зь ягонае індывідуальнасьці. Ад маладых гадоў хворы на сухоты, ведаючы, што сьмерць безупынна стаіць у Яго за плячыма, Багдановіч не шукае ў жыцьці сьвету ані радасьці, ані асабістага шчасьця, а, наадварот, як быццам зачыняецца ў самым сабе, услухваецца ў музыку свае назвычайна інтэлігентнае, багатае, чуткае душы і пералівае гэту музыку ў абразы і словы. Згэтуль выплывае і агульны тон паэзіі Багдановіча, які мамэнтамі напамінае сум і тугу бясьсьмертных твораў Шапэна.

∗          ∗

Мала можна знайсьці ў нашай літаратуры прыкладаў такой поўнай, як у Багдановіча, гармоніі паміж думкай ці пачуцьцём, выяўленым у вершы, і формай яго — будовай і падборам гукаў. Сустракаем гэткую гармонію толькі ў найвялікшых нашых песьняроў, дый то не заўсёды. У Багдановіча — гэта агульнае правіла. Узгадаваны на найлепшых узорах сусьветнае літаратуры, захоплены незвычайнай музыкальнасьцю верша Вэрлена, творы якога зь піэтызмам перакладаў на беларускую мову, Багдановіч датуль працаваў над кожным сваім вершам, датуль шліфаваў яго, пакуль не даходзіў да таго, чаго жадаў. А гэты крытык, срогі для другіх, быў асабліва срогім судзьдзёй для сябе самога і вымагаў ад сябе вельмі многа! І затым-та вершы Багдановіча — гэта ідэальныя ўзоры для маладых беларускіх паэтаў. Багдановіч — вялікі вучыцель: ён паказаў, як, маючы ў душы іскру божую, можна выказаць роднай мовай усё, што перажывае, што адчувае ня толькі «народ просты», але і інтэлігент эўрапейскага тыпу. Багдановіч прысвоіў сабе ўсе формы верша, вядомыя ў літаратуры найбольш культурных народаў, даказаўшы гэтым гібкасьць і багацьце беларускае мовы. Бачым у Яго клясычныя пэнтамэтры, зграбныя трыялеты, рандо, паважную актаву, — а Ягоныя санэты з боку тэхнікі вышэй усялякай крытыкі. Ён — мастак формы: Ён зусім апанаваў тэхніку вершаў, падчыніў сабе матэрыял і карыстаўся гэтым зусім сьвядома.

∗          ∗

Праўдзівая краса прамаўляе да душы і сэрца кожнага, хто здолен яе адчуваць, незалежна ад таго, які народ творыць яе. Нацыянальнае стаецца агульналюдзкім праз укрытую ў ім чыстую красу. Вось чаму творы Багдановіча, хаця і збудаваныя з нацыянальна-беларускіх элемэнтаў, маюць агульналюдзкую цану: як пясьняр чыстае красы, Багдановіч выбірае для свае творчасьці беларускія элемэнты не затым, што яны — родныя Яму, а затым, што ў іх ёсьць запраўднае хараство. І ў гэтым вялікая заслуга Яго: бо такім чынам найлепшыя творы беларускай нацыянальнай душы ўзьнімаюцца на тую ступень, на якой стаяць такія ж творы іншых народаў, што здабылі ўжо даўно сусьветнае прызнаньне. Выкрываючы вечную, неўміраючую красу ў нашым родным, беларускім, Багдановіч уводзіць нас у сям’ю культурных народаў з большай пэўнасьцю, чымся тыя, хто піша вялікія трактаты аб нашым праве на гэта.

Пройдуць гады, зьменяцца варункі нашага жыцьця, і многа спаміж твораў тых, хто сягоньня жывым мастацкім словам змагаецца за права нашага народу на жыцьцё і волю, хто апісвае нуду і гора беларускай вёскі, хто кляйміць крыўдзіцеляў нашых за зьдзек і гвалты над Беларусамі, — многа спаміж іх будуць забыты, захаваўшы толькі гістарычнае значэньне. Але ўся творчасьць Багдановіча не затраціць свае цаны ніколі: бо краса ніколі ня ўмірае, бо Пясьняр Чыстае Красы ніколі ня можа быць забыты і будзе таксама прамаўляць да душы і сэрца нашых унукаў, як прамаўляе цяпер да нас.

Май 1927

Ант. Навіна


  1. У друкарні М. Кухты ў Вільні быў адбіты „Вянок“