Вялікі князь Вітаўт
Вялікі князь Вітаўт Артыкул Аўтар: Адам Кіркор 1854 (пераклад 2021) Арыгінальная назва: Великій князь Витовтъ Пераклад: Nejrust Крыніца: Адам Кіркор. Черты из истории и жизни литовского народа, стар. 21—53 |
I
[правіць]У гісторыі Літвы імя Вітаўта каласальнейшае за ўсе астатнія. Праўда, што папярэднікі ягоныя падрыхтавалі яму слаўнае валадаранне, што дагэтуль не разгаданага паходжання Літоўскі народ, пакліканы да жыцця Міндоўгам, Віценесам, Гедымінам, Альгердам, скарыўшы многія землі, распаўсюдзіўшы свае межы і абрынуўшы намаганні дзікіх Татараў заняволіць Літву, заняў яшчэ да Вітаўта самастойнае месца ў шэрагу Еўрапейскіх дзяржаў і не толькі праславіўся сваёй мужнасцю, але знакамітаю перамогай пры Шэйбак-полі (у цяперашнім Лідскім павеце) спыніў імкненне Маголаў на захадзе і ў першы раз здабыўшы перамогу над дзікімі полчышчамі Чынгіз-хана, якія дагэтуль лічылі сябе непераможнымі, магчыма, уратаваў усю Еўропу ад заняволення; але пры гэтым усім Вітаўт, сапраўдны герой свайго часу, узвёў яе да такой ступені магутнасці, мудрай сваёй палітыкай і імкненнямі ўсяго свайго жыцця падрыхтаваў ёй такую цудоўную будучыню, што калі б Лёс меў ласку працягнуць ягоныя дні, Літва з Заходняй Руссю назаўсёды захавалі б сваю самастойнасць, магутнасць і, магчыма, надоўга перавагу над суседнімі Гаспадарствамі.
Маленькая Літва, выйшаўшы на сцэну з глухіх лясоў сваіх, пад кіраўніцтвам адважных правадыроў, здолела скарыстацца няшчасным становішчам Русі, калі жалезная рука Чынгіз-хана пала на яе ўсім сваім цяжарам, і многія Княствы зазналі разгром Татарскі; Літва хутка, нечакана, як паліп, разраслася і нагнала жаху на суседзяў. Гедымін сваімі заваёвамі на поўдні ўваскрасіў адважнасць Літоўцаў; заснаваннем значных гарадоў і замкаў, як Вільні, Трокаў і інш. выклікаў да жыцця дзікі народ і праклаў шлях да грамадзянскасці; роднаснымі і сяброўскімі стасункамі з паноўнымі дамамі здабыў давер і ўплыў на справы палітычныя. Ваяўнічы Альгерд, здабыўшы славу героя крывёю шматлікага мноства людзей і попелам гарадоў, яшчэ больш узвысіў Літву ў вачах Еўропы. Імкнучыся да адзінаўладдзя, ён зацвердзіў годнасць Вялікага Князя.
Польшча з бояззю і зайздрасцю глядзела на Літву. Польшча, якая мела пры Каралі Людовіку апору ў сіле і магутнасці саюзнай Вугоршчыны, са смерцю Людовіка засталася самотнай, без усякай апоры знадворку, а ўнутры з бязладдзем, міжусобнымі разладамі, ступіла на самую хісткую і незайздросную палітычную ніву. Застаўшыся сіратою, баючыся Літвы, Русі, Татараў, Крыжакоў, яна, каб захаваць сваю самастойнасць, канечне мусіла злучыцца з магутнай Літвою, і вось чаму прадбачлівыя палітыкі Польскія ўхапіліся за Літву як адзіны сродак абароны сябе ад смут і трывог унутраных і знешніх, і амаль сілай прымусілі пекную Ядвігу выйсці за Ягайлу.
Заходняя Русь у злучэнні з уласна Літвою стварала моцнае апірышчы супраціву Маголам і нават не магла не выклікаць перасцярогі Усходняй Русі. Адным словам Літва, якая з дальнабачнасцю палітыка ўмела карыстацца бедамі суседзяў, якая паглынала ў сваё ненасытнае жэрла безупынна новыя ўдзелы, якая не баялася ні Польшчы, ні Усходняй Русі, ні Татараў, падобная была да моцнага, смелага, энергічнага юнака, у якога ёсць усё, акрамя сталасці і дасведчанасці. Але яшчэ заставаліся страшныя ворагі і для Літвы – гэта былі Крыжакі, якія не пакідалі трывожыць яе сваімі безупыннымі нападамі. Гэтага мала, уласная Літва, хаця паводле свайго аб’ёмы грала нязначную ролю ў грамадзіне скораных ёю Рускіх Княстваў; але заставалася яшчэ паганства, і таму служыла мэтаю для ненасытнай сквапнасці Крыжакоў, якія мелі нагоду да сваіх крывавых наваротаў. Манархічная ўлада была моцная ў Літве; народ быў безумоўна пакорны; у асобе Вялікага Князя, у яго розуме і мужнасці засяроджвалася ўся магутнасць краіны; але заставаліся ўдзельныя Князі, хаця заняволеныя мудрай палітыкай Альгерда, але яшчэ дастаткова моцныя, каб ладзіць унутраныя разлады і нярэдка супраціўляцца Вялікаму Князю. Не карэнны закон, але воля і звычай вызначалі пераемніка В. Князю, і таму кожная смерць уладара Літвы нараджала шукальнікаў трону і адпаведна крамолы і смуты, а Крыжакі пільным вокам глядзелі на ўсё, што адбывалася ў Літву, і радасна ўмешваліся варажнечай ці сяброўствам у яе справы. Вось па якіх прычынах Літве, каб стаць канчаткова цвёрдай нагою і стварыць самастойнае Гаспадарства, патрэбна было зрынуць магутнасць грозных Рыцараў, адмовіцца ад ідалапаклонства, паняволіць удзельных Князёў, утварыць унутраны дабрабыт краю, зліць у адно разнастайныя элементы ў Гаспадарстве, канчаткова з’яднаць іх путамі веры, мовы, законаў, грамадзянскасці. Вось столькі справаў засталося завяршыць Вітаўту, кажам Вітаўту, бо менавіта лёс яго прадвызначыў на гэты подзвіг. Паглядзім, да якой ступені выканаў ён сваё прадвызначэнне.
Многія гісторыкі, славячы мужнасць Вітаўта, ставяць яго на другім плане, высоўваючы на першы Ягайлу. Мы думаем інакш і паспрабуем даказаць, што менавіта Вітаўт быў абраннікам для зацвярджэння самабытнасці і дабрабыту Гаспадарства, і што многія дзеі ягоныя, якія гісторыкі адносяць да ягонага славалюбства, былі следствам гарачай ягонай любові да айчыны і пастаяннай ідэі, якой ён прысвяціў усё жыццё.
ІІ
[правіць]Вітаўт нарадзіўся ў Троках у 1344 годзе; бацька ягоны быў Кейстут, сын Гедыміна, брат Альгерда, адважны Князь Трокскі. Матка Бірута, дачка Баярына Відымунта, Вайдэлотка (жрыца) храма Праурмы, які знаходзіўся ў Палангене, на беразе Балтыйскага мора. Яна прысвяціла сваё юнацтва багам; але Кейстут убачыў яе, закахаўся і, нягледзячы на сваю прыналежнасць да паганства, парушыў законы веры, сілком звёз яе да Трокаў і там ажаніўся ў 1338 годзе. Бацька і маці да канца жыцця былі зацятымі і апошнімі ў Літве прыхільнікамі ідалапаклонства і ў ім узгадавалі сына свайго Вітаўта. Але Вітаўт, стыхіяй якога з ранніх год было поле бою, з дзяцінства сябра Ягайлы, рана зразумеў, што прыйшоў час зрынуць небяспечную ўладу жрацоў і вынішчыць ідалы, што вера ў сапраўднага Бога павінна ўжо быць паўсюль у Літве. Вітаўт у ранняй маладосці пабраўся шлюбам ў Марыяй-Параскевай, дачкой Князя Лукомскага і Старадубскага, пасля смерці якой, каля 1379, пабраўся шлюбам з Ганнай Святаслаўнай, Князёўнай Смаленскай. На вайсковай ніве ўпершыню чуем пра Вітаўта 18-летняга юнака ў 1363 годзе, калі ён з храбрым бацькам сваім Кейстутам, граміць Прускіх рыцараў пад Салдовай і Асцяродам. У пачатку 1370 году з сябрам сваім Ягайлам пад кіраўніцтвам дзядзькі Альгерда прыспяшае на дапамогу бацьку свайму Кейстуту, калі той спаліў крэпасць Прускіх рыцараў Артэльсбург. У наступным годзе, з бацькам дапамагае Міхаілу, Князю Цвярскому ў барацьбе ягонай з Дзімітрыем Маскоўскім. Адзін жа, як ваеначальнік, з’яўляецца ў 1376 годзе. Ён здзейсніў паход на Прускіх рыцараў і вярнуўся са здабычай, а ў наступным годзе спустошыў на берагах Нёмана стан іхны. У 1378 годзе Вітаўт, разам з Ягайлам і Кейстутам, удзельнічае ў мірным трактаце, заключаным у Троках з Магістрам ордэна. На гэтым дагаворы (які захоўваецца ў Кенігсбергскім архіве) бачым сярод іншых і пячатку Вітаўта.
Пасля смерці Альгерда, на Вялікакняжы трон узышоў, паводле запавету бацькі і згодна са стараннямі жонкі Юліяніі, Ягайла, які не меў якасцяў ні бацькі, ні дзеда. Стары Князь Кейстут добраахвотна падпарадкаваўся пляменніку, але не пакідаў яго парадамі і паводле родавага права ўмешваўся ў справы дзяржаўныя. Паводле звычаю Літоўцаў, які стаў законам, да Кейстута, як да галавы роду, адносіліся рашэнні спрэчных сямейных справаў, спрэчак членаў роду аб валоданні. Ягайла называўся Вялікім Князем і меў удзел большы ад удзелаў дзядзькі і братоў; але ўплыў на справы грамадскія, на карысць усяго краю, належыў Кейстуту, адным словам, перавага ўлады была на ягоным баку, і яна падтрымлівалася не толькі любоўю народа, але і павагай удзельных Князёў. Гэтая ўсімі прызнаваная веліч і вартасці Кейстута абцяжарвалі Ягайлу і ён шукаў толькі выпадку, каб пазбавіцца ад апекі. Выпадак лёгка трапіўся. Ягайла выдаў сястру сваю Марыю за ўлюбёнца свайго Вайдылу, чалавека нізкага паходжання, хітрага і карысталюбнага. Кейстут не мог дараваць пляменніку гэтага прыніжэння і выразна выказаў сваё незадавальненне. Вайдыла ведаў, што Кейстута не ўласкавіць і што горды старац будзе вечнай перашкодай ягоным уладалюбным задумам і таму ўжыў увесь свой уплыў на слабога Ягайлу, каб яго пасварыць з дзядзькам. З гэтай мэтай накіраваўся ён да Вялікага Магістра Ордэна Вінрыка Фон-Кніпродэ і паведаміў яму радасную вестку пра разлад Князёў. Магістр накіраваў пасольства да Ягайлы пад кіраўніцтвам Рыдыгера Фон-Эльнера. З’ехаліся каля паселішча Давідзішак нібыта на паляванне, і, каб схаваць сапраўдную мэту з’езда, запрасілі на паляванне Вітаўта з пляменнікам ягоным Іванам [1]. Тут сярод шумных піраванняў і паляванняў была заключаная таемная ўмова: пры садзейнічанні Рыцараў пазбавіць не толькі Кейстута, але і ягоных нашчадкаў спадчынных удзелаў, а Вітаўт, які не здагадваўся пра здраду і верыў сяброўству Ягайлы, нічога не ведаў пра пагрозу небяспекі, і калі бацька, атрымаўшы звестку пра задумы Вайдылы ад Камандора Астэродскага Куно Фон-Лібштэйна[2], паведаміў пра гэта Вітаўту, той супакойваў бацьку і зноў спасылаўся на сяброўства сваё з Ягайлам. Між тым апошні рыхтаваўся авалодаць Полацкам. Вітаўт знаходзіўся ў бацькоўскім удзеле Драгічыне. Кейстут атрымлівае ад свайго кума Лібштэйна перахоплены ім ліст Ягайлы да В.Магістра Кніпродэ. Сумнення больш няма, ён пасылае за сынам, а сам спешна збірае войска, нападае на Вільню, (1381) палоніць Ягайлу з маткай Юліаніяй і адсылае іх да Віцебска. Вайдыла павешаны, Кейстут абвешчаны Вялікім Князем. Ягайла, абавязаны клятваю ніколі не паўставаць супраць старэйшага ў родзе Князя, атрымаў ва ўдзел Віцебск і Крэва. Вітаўт, з горыччу даведаўшыся пра здраду свайго сябра, з’явіўся з войскам да бацькі. Кейстут выправіўся уціхамірваць Дзімітрыя Карыбута Альгердавіча, Князя Северскага. Вітаўт застаўся з невялікім войскам у Троках. Удава Вайдылы, Марыя, і В. Кн. Юліянія не маглі дараваць Кейстуту, першая смерці мужа, другая зрынання ўлюбёнца яе Ягайлы. Яны авалодалі розумам слабога Князя і падбухторылі яго да новага паўстання. Рыцары паспяшаліся з дапамогай, і Ягайла з моцнай раццю нечакана з’явіўся пад Трокамі і авалодаў імі. Вітаўт, не бачачы магчымасці выстаяць супраць моцнага саюзнага апалчэння Рыцараў і дружын Ягайлы, адышоў да Гародні, каб злучыцца з бацькам, да якога накіраваў ганцоў. Між тым Ягайла ўзяў безабаронную Вільню і абвясціў сябе В. Князем. [3] Кейстут, злучыўшыся з Вітаўтам, паспяшаўся да Трокаў і аблажыў горад. Ягайла выступіў супраць яго, але, прадчуваючы, што барацьба будзе няроўная і пакладаючыся на сяброўства Вітаўта, выслаў брата свайго Скіргайлу з мірнымі прапановамі і парукай у недатыкальнасці асобаў Кейстута і Вітаўта. Высакародны Вітаўт паверыў Ягайлу і пераканаў бацьку выправіцца да стану непрыяцельскага; але ледзь толькі яны з’явіліся, іх тут жа атачылі і прымусілі ехаць у Вільню, а між тым выслалі загад, нібыта ад імя Кейстута, каб палкі ягоныя разышліся па дамах. Войскі паверылі і склалі зброю. Ягайла і Рыцары ўзялі 5000 чалавек у палон; астатнія разбегліся. Між тым як толькі прыбылі ў Вільню і Ягайла пераканаўся, што войска Кейстута не існуе, у той жа момант загадаў 80 гадовага свайго дзядзьку абяззброіць, накласці на яго аковы і пад моцнаю вартаю выправіць да Крэўскага замка, дзе яго кінулі ў глыбокае падзямелле. Праз пяць дзён Кейстут быў задушаны пяццю клеўрэтамі Ягайлы Прокшам, Більгенам, Моштанам Готка, Кучуком і Лісіцам[4]. Разам з Кейстутам забіты быў і адданы слуга ягоны, малады Русін, Рыгор Амуліч, які рашыўся абараняць свайго Князя. Каб схаваць злачынства і запэўніць усіх, быццам Кейстут сам сябе пазбавіў жыцця [5], яго задушылі ўласнай павязкай, а потым Скіргайла прах Кейстута прывез з вялікай цырымоніяй у Вільню, дзе з урачыстымі абрадамі ён быў спалены на даліне Свінтарога.
Вітаўт затрыманы быў у Вільні; але калі даведаўся пра здрадніцкую смерць бацькі і калі з вуснаў ягоных паліліся папрокі і пракляцці, раззлаваны Ягайла загадаў і яго выправіць да Крэва, дзе ён доўга пакутаваў у зняволенні. Дарма сам В. Магістр, Князі і знатнейшыя баяры намагаліся уласкавіць Ягайлу; ён быў няўмольны і рыхтаваў Вітаўту долю бацькі. Да Вітаўта паспяшыла жонка ягоная Ганна і атрымала дазвол наведваць вязня; яна вырашыла ўратаваць мужа, пераканаўшы яго пераапрануцца ў сукенку служанкі, якая разам з ёю атрымала дазвол наведваць турму. Вітаўт пераапрануты, выйшаў за Княгіняй з вежы, у якой утрымліваўся, падмануўшы варту, а потым у самай аддаленай частцы замку, якую ніхто не наведваў, спусціўся са сцяны і збег. Ён выправіўя ў Мазовію да Князя Януша, мужа сястры сваёй Дануты; але тут яму нельга было доўга заставацца, таму што яго знаходжанне магло наклікаць пераслед Ягайлы. Вітаўт успомніў урок, дадзены Ягайлам, і вырашыўся ім скарыстацца. Ён накіраваўся да В. Магістра ордэна, які толькі што атрымаў гэтую вартасць, Конраду Цэльнеру Фон Ротэнштэйну (1382). Той прыняў яго як нельга лепш, папракаў яго, як піша Вапоўскі, ад чаго ў лепшым становішчы не прасіў у яго дапамогі, забяспечыў яго ўсім неабходным, аддаў пад яго кіраўніцтва значны атрад і выправіў да Жамойцкага Княства. Зразумелая заўсёдная палітыка Крыжакоў. Яны цешыліся кожнаму няшчасцю на зямлі Літоўскай. Ім падабаліся смуты і разлады ўдзельных князёў, таму што не дазвалялі ўзрасці адзінаўладдзю. Удзельнічаючы ў міжусобных войнах, яны рабавалі, спусташалі край, аслаблялі ягоныя маральныя і фізічныя сілы і тым хутчэй рухаліся да пастаяннай сваёй мэты заняволення краіны.
Лепшым доказам палітыкі Рыцараў паслужыць наступная абставіна: у той самы час, калі яны ўзялі пад сваё заступніцтва Вітаўта, з Ягайлам укладзены быў трактат, якім ён абавязваўся саступіць ордэну Жамойцкае Княства ад мора да р. Дубісы. Акрамя таго, Ягайла абавязаўся на працягу 4 год прыняць Р. Каталіцкую веру і пакляўся нічога не рабіць і ні з кім не ваяваць без ведама, рады і згоды Рыцараў.[6]
Нягледзячы на гэта Вітаўт з’явіўся з Крыжакамі (1383) у Жамойцкай зямлі. Тут любоў народа да няшчаснага Кейстута і яго роду прыцягнула ў хуткім часе пад ягоныя штандары мноства воінаў не толькі з Жамойці, але і з Літвы. Міжусобная вайна загарэлася. Вітаўт узяў Трокі і гаспадарыў у іх 6 тыдняў. Выгнаны адтуль, адышоў у Жамойць і не спыняўся трывожыць Ягайлу. Рыцары, карыстаючыся становішчам Вітаўта, прымусілі яго прыняць хрост. Ён адбыўся 21 кастрычніка 1383 года. Вітаўт атрымаў імя Віганда. Пераможная зброя ягоная распаўсюджвалася далей і далей. Між тым Ягайла, бачачы, што саюз з Рыцарамі не трывалы і што яму не адолець Вітаўта, зноў звярнуўся да ягонай велікадушнасці, і зноў не памыліўся.[7] Браты памірыліся, (1384) і Вітаўт задаволіўся часовым удзелам, прызначаным яму Ягайлам, менавіта часткаю Валадзіміршчыны, г.зн. Гародняй, Берасцем, Драгічыным, Мельнікам, Бельскам, Суражам. Крамянцом і некаторымі іншымі ў ваколіцах Бугу.
Пры ўсёй велікадушнасці і рыцарскім духу, цяжка меркаваць, нібыта Вітаўт, маючы ў руках усе сродкі да дасягнення Вяліка-Княскага трону і помсты за забойства бацькі, здаволіўся нязначным удзелам. Таму верагодней за ўсё, што Ягайла, які падумваў ужо пра Польскі трон, даў яму гэты ўдзел толькі часова, баючыся прыніжэння ў вачах Палякаў, але потым абяцаў або Вяліка-Княскі трон, або прынамсі увесь удзел ягонага бацькі, Кейстута. Як бы то ні было, браты жылі ў згодзе. Вял. Княгіня Юліянія, матка Ягайлы, ужыла ўвесь свой уплыў, каб Вітаўт перайшоў у Праваслаўе. У гэтым маглі быць і палітычныя разлікі, каб цалкам адцягнуць Вітаўта ад стасункаў і сяброўства з Крыжакамі. Вітаўт жа пагадзіўся тым ахвотней, што праз гэта здабываў любоў сваіх выключна Рускіх падданых, прыняў Праваслаўную веру з імем Аляксандра.[8] Ягайла далучыў да ягонага ўдзелу ўлюбёны Вітаўтам горад Луцк.
Нельга абвінавачваць Вітаўта ў легкадумстве. Трэба ўзгадаць, што ён быў узгадаваны маткаю-жрыцай. Ён не атрымаў з малаком маці насення хрысціянства, хаця не зусім паяднаўся і з паганствам. Ва ўсім ягоным жыцці бачная адна мэта: дзеля карысці і славы радзімы ахвяраваць усім. У Рыцараў ён прыняў Каталіцкую веру з дагаджэння, каб бліжэй сысціся з імі і прымусіць іх дзейнічаць на сваю карысць; цяпер прыняў Праваслаўе, каб схіліць і прывязаць да сябе падданых свайго Рускага ўдзела. Нарэшце едзе з Ягайлам у Кракаў (1386) і там, беручы прыклад з брата і спадзяючыся на хуткае ажыццяўленне ягоных абяцанняў, разам з ім прымае зноў Каталіцкую веру з тым жа імем Аляксандра.
Увесь час знаходжання Ягайлы ў Польшчы і потым па вяртанні яго ў Літву, Вітаўт пастаянна знаходзіўся пры ім і, здавалася, нішто не парушала сяброўскіх іхных зносінаў. Але ў 1387 годзе Ягайла перад ад’ездам сваім у Польшчу прызначыў Вялікім Князем Скіргайлу. Гэта было жорсткім ударам для Вітаўта; але ён яшчэ мужаўся, чакаў, спадзяваўся. Адыходзячы ў свой улюбёны Луцк, ён вельмі добра прымаў сына В. Кн. Маскоўскага Дзімітрыя, Васіля Дзімітравіча, і абручыў з ім дачку сваю Анастасію-Соф’ю. Скіргайла скарыстаўся гэтым выпадкам і данёс Каралю, што Вітаўт уваходзіць у таемныя сувязі супраць яго з Расеяй. Гэты недавер узбудзіў выразную варажнечу паміж ім і Скіргайлам, яна вырасла і змянілася нянавісцю, калі Вітаўта (1389) патрабавалі ў Люблін і тут прымусілі скласці прысягу на вернасць Скіргайлу, як Каралеўскаму намесніку. Клятвеннае абяцанне складзена было ў такім родзе, што Вітаўта адкрыта падазравалі ў непрыязні. Яму не даварялі, яго баяліся. Неахвотна ён склаў прысягу і выправіў да Польшчы ўлюбёнага свайго Баярына Курчу паразумецца і даказаць Ягайлу сваю нявінаватасць; але Кароль загадаў закаваць Курчу, кінуць у вязніцу і катаваннямі дамагчыся прызнання аб сувязях Вітаўта з Масквою. Няшчасны Курч памёр ад катаванняў у вязніцы. Гэтага мала. Скіргайла атачыў Вітаўта сваімі клеўрэтамі, што даносілі пра кожны ягоны крок В. Князю. Нарэшце его выправілі да Крэва, пад пільны сакрэтны нагляд. Адчай авалодаў вялікай душою Вітаўта. Ён выразна бачыў, што яму ўжо няма чаго спадзявацца на Ягайлу, што замест В. Княскай кароны, яго чакае лёс бацькі Кейстута. Вітаўт рашыўся лепш памерці на полі бою, чым паміраць штодзённа, у нясцерпным чаканні, гледзячы на адкіданне сваіх ідэяў і на жорсткае з сабой абыходжанне. Да таго ж, верную яму Жамойць прыцяснялі Крыжакі, на той падставе, што Вітаўт, знаходзячыся ў іх, вымушаны быў пацвердзіць дамову Ягайлы, якой той абавязаўся саступіць ім гэтае Княства. Літва стагнала пад кіраўніцтвам Скіргайлы. Вось чаму Вітаўт рашыўся зрынуць з сябе падвойны прыгнёт – Ягайлы, у прыхільнасць якога цяжка яму было нарэшце верыць, і Скіргайлы, якога абыходжанне з ім было несправядлімым і крыўдным.
Выпрасіўшы дазвол наведаць Гародню і карыстаючыся адсутнасцю Скіргайлы, які ад’ехаў да Полацку, Вітаўт рашыўся дзейнічайць. Радасная вестка праляцела ў Жамойці, якая яго абагаўляла, у Літве і нават у Вільні, дзе ў яго шмат было прыхільнікаў. Не маючы магчымасці раптам злучыць моцнае войска, ён, па прыкладзе свайго бацькі Кейстута, выправіў да Вільні мноства вазоў з рознымі прадуктамі, у якіх былі схаваныя воіны. Але задума была выкрытая і Вітаўт вымушаны бегчы да Гародні. Адсюль ён накіраваў свае крокі да родзічаў Князёў Мазавецкіх; але Ягайла ўжо даведаўся пра ўсё і патрабаваў выдачы Вітаўта. Што ж заставалася рабіць? Апошні сродак, апошні прытулак – у Рыцараў. І ён вырашыўся. Бядоты зноў прымусілі яго даць цяжкавыканальныя абяцанні. Рыцары ўсцешыліся і ў пачатку студзеня 1390 года сабраліся ў паход. Збегліся прыхільнікі Вітаўта і пад ягоныя штандары з’явілася 40 т. воінаў. Ён узяў Кернаў, Мейшаголу і падышоў да Гародні. Частка Крыжакоў вярнулася, разрабаваўшы Жамойць, дзе, згодна з выразам летапісца, на крыкі Жамойтаў, што мы ўжо хрысціяне, адказвалі, мы цябе хрысцім мячом. Вітаўт застаўся з невялікім атрадам, але паспеў аднак авалодаць Гародняй; з’явіўся Кароль з шматлікім войскам і адабраў гэты горад. Вітаўт не зажурыўся. Крыжакі патрабавалі новых ахвяраў і ён абраў сярод вядомейшых Жамойтаў Майзэбуду, Дыркетэля, Рукунда, Сквайбута, Яўшу, Эймунда, Тылена, Даўкшу, Рагеля, Скучу і інш. і выслаў іх да Рыцараў дзеля новых перамоваў. Укладзены быў новы трактат, зразумела, выгадны для Ордэна. Зладжана новая экспедыцыя і ў кастрычніку (1390) войскі Вітаўта і Крыжакоў з’явіліся пад Вільняй, і атачылі яе з усіх бакоў. Значны лік перабежчыкаў з Вільні штодзённа памнажалі сілы Вітаўта. На шосты дзень злучаныя войскі паспелі авалодаць Ніжнім замкам або Крывым-Горадам. Пажар і сярод полымя жорсткая разня зрабілі жахлівыя спустошанні. Пішуць, быццам да 14 т. народу загінула. З боку Скіргайлы загінуў Князь Кірыгайла; з боку Вітаўта – Князь Таўцівіл і адзін з правадыроў Крыжакоў Гр. Альгард Гогенштэйн. Аблажылі Верхні замак. Тут кіраваў Паляк Маскаржэўскі і прывёў замак да такога абарончага становішча, што ўсе намаганні ўзяць яго заставаліся марнымі. Аблога працягвалася да першых дзён кастрычніка. Рыцары адышлі. Маскаржэўскаму падышоў на дапамогу Кароль Ягайла. Няўсцешны Вітаўт мусіў зноў вярнуцца да Рыцараў.
У 1391 годзе, у Бартэнштэйну, дзе ён жыў з сям’ёй, прыехалі да яго паслы В. Князя Маскоўскага Васіля Дзімітравіча, баяры Маскоўскія Аляксандр Поле і Белявут Селіван за нявестаю В. Князя, маладою Анастасіяй-Сафіяй, дачкой Вітаўта. Яна выправілася ў суправаджэнні Князя Івана Альгімунтавіча Гальшанскага, морам з Данцыга. Праз Пскоў і Вялікі Ноўгарад яны прыбылі ў Маскву, дзе 21 студзеня адбыўся шлюб[9]. Ці не дзіўна падасца, што В. Князь Маскоўскі дасылае за нявестаю да выгнанніка, які жыў ненадзейнаю літасцю Рыцараў? Ці не даказвае гэты выпадак, да якой ступені Вітаўт карыстаўся павагай у суседзяў і як моцна верылі, што выгнанне ягонае не можа быць працяглым, і што сваяцтва з такім Князям, які ўславіўся сваім розумам і храбрасцю, у кожным выпадку можа быць карысна Гаспадарству. Да таго ж Васіль, не гледзячы на нешчаслівае становішча Вітаўта, хацеў стрымаць абяцанне, якое даў за пяць год перад гэтым у Луцку, а, як запэўнівае летапісец, Васіль даў гэтую клятву ў 1386 годзе з удзячнасці за вызваленне яго з палону ў нейкім горадзе, калі ён вяртаўся з Арды праз Малдову ў Расею. [10]
У гэтым жа годзе Вітаўт з Рыцарамі і адданымі яму Жамойтамі і Літоўцамі зноў пачаў вайсковыя дзеі. Узяў крэпасць Вількішкі, Мерач, Гародню, Ліду. Падышоў да Вільні, але непаспяхова. Ягайла, прыгнечаны гэтымі спусташэннямі, вырашыўся нарэшце прымірыцца з Вітаўтам. Ён выправіў да яго паслом Генрыха сына Земавіта, Князя Плоцкага, для перамоваў. Вітаўту даўно надакучыла выгнанне і ненавісная згода з Рыцарамі. Умовы былі ўкладзены. Вітаўт паспяхова збег ад Рыцараў, прыбыў у Літву, каля Ліды ў Востраве з’явіўся да Ягайлы, які ўжо яго чакаў з Ядвігаю, потым прыбыў у Вільню і ўрачыста ў Кафедральным саборы ўзведзены на Вяліка-Княскую годнасць. Скіргайла атрымаў ва ўдзел Кіеў.
Дасягнуў нарэшце даўно жаданага; але пасля якіх спустошанняў! Трон быў здабыты крывёю суродзічаў, прыніжэннем, здрадамі. Лёс Літвы быў у ягоных руках. Але яшчэ шмат чакае працы і небяспекаў, каб утрымаць за сабою ўладу, загаіць раны, уціхамірыць непакорных, пазбавіцца ад чужаземнага ўплыву і з разнастайных элементаў утварыць адно вялікае валадарства. Такія былі намеры Вітаўта, бо імкненне да іх ажыццяўлення адбіваецца ўва ўсім ягоным жыцці. Становішча Вітаўта па-за і ўнутры Гаспадарства было жахлівым. Крыжакі былі непрымірымымі ворагамі і штогадзінна трэба было чакаць іхнай помсты. Удзельныя Князі зайздросцілі і бунтавалі. Саюз з Польшчай не адпавядаў ягоным намерам. Але ў Вітаўта быў розум, была жалезная воля, рашучасць, мужнасць. Гэтыя вартасці ставілі яго вышэй за ўсе перапоны, бо роўнага яму ў гэтых якасцях тады не было ў Паўночнай Еўропе. Вышэйшая воля, абраўшы яго сваёй зброяй, паказала яму шлях як дзейнічаць, а вынікам паказала людзям, наколькі ненадзейныя чалавечыя даброты!..
Яму было 48 год ад нараджэння. Час жарсцяў сышоў. Горкія вопыты навучылі многаму. Уласнаю рукою пралітая кроў падданых, пажары і спустошанні даўно абудзілі ў душы жаль а, магчыма, згрызоты. Трыццаць год правёў ён на ратным полі; у Крыжакоў навучыўся і вышэйшаму вайсковаму майстэрству і хітрасці і палітыцы. Лёс прызначыў іх саміх настаўнікамі будучага свайго руйнавальніка. Мінулае адукавала яго, будучыня адкрывала вялікую ніву.
ІІІ.
[правіць]Атрымаўшы Вяліка-Княскую пасаду, Вітаўт у астатнім жыцці сваім прыкметны як Заваёўнік, як Кіраўнік і як Палітык. Разгледзім па чарзе кожную з гэтых ягоных вартасцяў.
Шырокім было ягонае Гаспадарства. Ён валодаў землямі ад Ноўгарада і Пскова да Малдовы, ад мяжы Польшчы да Смаленска і межаў Масквы і Разані. Гэтага было больш чым дастаткова для ягонага ўладалюбства; але, каб застацца цвёрдаю нагою на троне, перад ім найперш паўсталі тры задачы: абрынуць магутнасць Рыцараў, заняволіць Маголаў, знішчыць удзельную сістэму.
1) Войны з Рыцарамі
Рыцары дыхалі нянавісцю. З жахам даведаліся яны пра адступніцтва Вітаўта. Шматгадовыя надзеі і разлікі іхныя былі разбураны ў адно імгненне. Прага помсты закіпела, але яны зналі Вітаўта і вельмі добра разумелі, што з ім не лёгка ўправіцца. Вось чаму яны не раптоўна накінуліся на Літоўскую зямлю, але найперш дачакаліся звычайных гасцей з Францыі і Англіі і з імі выправіліся да Ёганэсбургу (1392). Адсюль, пасля пышнага банкету, ударылі на Сураж, які быў нададзены Ягайлам Князю Мазавецкаму, а цяпер знаходзіўся ў залежнасці ад Вітаўта. Тут жыў Князь Генрых (той самы, які прыязджаў да Вітаўта паслом ад Ягайлы), які нядаўна ажаніўся на сястры Вітаўта, Рынгайле. Рыцары ўзялі горад, знішчылі залогу, спалілі замак, спустошылі наваколле, выгналі больш за 200 чалавек палонных і гэтым задаволіліся на першы раз. Але гэта было толькі сігналам да далейшай барацьбы і яшчэ ў гэтым самым годзе яны ў другі раз з’явіліся ў землях Вітаўта і ўзялі Гародню.
У наступным годзе (1393) памерла Вялікая Князёўна Юліянія, маці Ягайлы. Іншы сын яе Свідрыгайла захапіў Віцебск. Вітаўт выгнаў яго адтуль. Куды было падзецца? Ягайла, калі хацеў вызваліцца ад апекі Кейстута, таемнымі зносінамі з Крыжакамі першы паказаў шлях да спусташэння роднай краіны. Свідрыгайла збег туды ж, г.зн. да Рыцараў, і разам з імі спусташыў частку Жамойці. Жамойты ў знак помсты спалілі памежную крэпасць. Між тым Вітаўт паспеў ужо завесці зносіны з Рымам. Папа даслаў свайго Легата ў Вільню; Вітаўт яго раскошна прыняў і запэўніў, што абставіны змяніліся і што папярэднія напады Рыцараў з мэтаю навяртання цяпер з’яўляюцца проста рабаўніцтвам. Рыцары суцішыліся часова. Выказалі пажаданне міру, пагадзіліся на абмен вязняў, хацелі ўсыпіць дальнабачнасць Вітаўта і толькі ў наступным годзе (1394) пад нагодай дапамогі Свідрыгайлу з’явіліся пад Вільняй са шматлікім войскам. Тут былі Рыцары з Англіі, Францыі, Фландрыі. Аблажылі горад, напружылі ўсе сілы, каб авалодаць замкамі, але ўсё было дарэмна; бо замкі мужна абараняліся, а Вітаўт з тылу не даваў ім спакою. Пасля чатырохтыднёвай аблогі Рыцары з вялікімі стратамі звярнуліся з просьбай да Вітаўта дазволіць ім вольнае вяртанне на радзіму; дазвол быў дадзены, але ў той жа час быў дадзены загад Жамойтам напасці на іх пры пераправе праз Стрэву. Рыцары, жорстка пабітыя, ледзь паспелі збегчы з ганьбай. Аблога Вільні паказала ім незвычайныя здольнасці Вітаўта, як военачальніка. Тут быў ужо не толькі храбры Князь, але глыбокі стратэг і мужны вайскавод.
Пасля гэтага паўтара гады Рыцары сядзелі спакойна, пакуль не сабраліся з духам і сіламі.
У Рызе абраны быў (1396) Архібіскупам пляменнік Вітаўта, унук Кейстута, Аляксандр, сын Пацірга. Ордэны паміж сабою пасварыліся і абодва звярнуліся да Вітаўта, просячы дапамогі. Вітаўт скарыстаўся гэтым выпадкам, каб умяшацца ў іхныя справы, шмат абяцаў, але нічога вырашальнага не зрабіў. Між тым узяў Візну, якая знаходзілася ў закладзе ў Рыцараў. Тады Крыжакі зноў узяліся дапамагаць Свідрыгайлу, паспелі авалодаць Віцебскам, Воршаю і іншымі гарадамі; але Вітаўт з’явіўся і адабраў гэтыя гарады. У 1397 г. новыя асобныя напады Крыжакоў зноў былі непаспяховыя. Бачачы рост магутнасці Вітаўта, яны вырашылі схіліць яго на свой бок іншымі сродкамі і таму звярнуліся да ягонай заўсёднай ідэі: заключыўшы з ім шчыльны саюз, цалкам адасобіцца ад Польшчы, і, трапіўшы ў патаемную, сардэчную ягоную думку, магчыма, тады ўжо прапанавалі яму ўскласці Каралеўскую карону. Ці так было, не ведаем, але пэўна, што Вітаўт раптам перамяніўся і ўклаў з імі такі дагавор, які паводле становішча Вітаўта ўжо і тады мог палічыцца ганебным для яго. Дагавор гэты заключаны быў 19 кастрычніка 1398 г. на выспе Салін пры усці Нявяжы. Вітаўт пацвярджаў правы ордэна на адданую сабе частку Жамойці, згодна дагавору, заключанаму яшчэ з Ягайлам. Усцешаныя Рыцары і паводле падбухторвання іхнага баяры Вітаўта зараз жа абвясцілі яго Каралём Літвы і Русі. Але гэтае абвяшчэнне было толькі хітрыкамі Рыцараў, якія жадалі пацешыць Вітаўта.[11] Апошні разумеў, што абставіны яшчэ не дазвалялі скарыстацца гэтым выпадкам і адасобіцца ад Польшчы; ён ведаў, што саюз з ордэнам быў нетрывалы; удзельныя Князі яшчэ бунтавалі, Польшча ўсімі сіламі супраціўлялася раз’яднанню з Літвой. Вітаўт жадаў, магчыма, мець толькі саюзнікамі Рыцараў для наступных сваіх прапановаў. Між тым Жамойты і чуць не хацелі пра падданства Рыцарам. Дарэмна В. Магістр сам прыязджаў уціхамірваць іх і ледзь сам Вітаўт угаварыў іх да няшчырай, магчыма, і толькі часовай пакоры. Вітаўту аднак хутка давялося пакаяцца ў сваіх зносінах з ордэнам. Рыцары не пакідалі трывожыць Літву набегамі, хаця і пазбавіліся Мемелю, які ўзяў Вітаўт. У 1403 г. яны спрабавалі нават зноў авалодаць Вільняй, але былі жорстка разбітыя і ўрэшце пазбавіліся яшчэ Дынабургу. У 1409 г. Жамойты рашуча паўсталі. Ягайла вырашыўся сам абараніць іх. Вітаўту гэта і было патрэбна, ён убачыў магчымасць у саюзнай вайне адпомсціць Крыжакам шматразовае прыніжэнне, знішчыць дамаганні іхныя на частку Жамойці і, абрынуўшы магутнасць Рыцараў, назаўсёды вызваліць Літву ад іхных замахаў. У тым жа годзе (1409) Кароль Ягайла і В. Кн. Вітаўт з’ехаліся ў Берасце і склалі план паходу. Вітаўт ад’ехаў рабіць вайсковыя падрыхтаванні, а Ягайла са шматлікім дваром накіраваўся на паляванне ў Белавежскую пушчу. У працягу цэлай зімы забівалі звяроў, салілі, складвалі ў бочкі і накіроўвалі Нарвай, потым Віслай у Плоцк, дзе быў зладжаны харчовы магазін для надыходзячага паходу. Вітаўт між тым збіраў палкі, ладзіў усё неабходнае і з пачаткам вясны (1410) войскі пачалі збірацца. Кароль Ягайла сам павёў Польскія палкі. Вітаўт вёў Літоўцаў, Русінаў і Татараў. Войскі сустрэліся ў Чэрвенску (у Плоцкім). Ягайла за 7 вёрст выйшаў насустрач Вітаўту. Страшная раць, палаючы мужнасцю і прагаю помсты, ступіла на непрыяцельскую зямлю. 15 ліпеня сталі лагерам пад Грунвальданам і Танэнбергам. Літоўцы занялі правы бок, Палякі левы. У Ягайлы была 51 харугва з асаблівымі атрадамі, з якіх кожны меў асаблівага начальніка. У Вітаўта было 40 атрадаў, складзеных з Літоўцаў, Жамойтаў, Русінаў, Татараў. Тут былі палкі: Віленскі, Трокскі, Гродзенскі, Ковенскі, Лідскі, Меднікскі, Полацкі, Віцебскі, Кіеўскі, Пінскі, Наваградскі, Берасцейскі, Ваўкавыскі, Драгічынскі, Мельнікскі, Крамянецкі, Старадубскі і Смаленскі. Татарамі Кіпчакскімі камандаваў Султан Саладзін, які прыйшоў з Вітаўтам. Усяго агулам было 103,000 Літоўцаў, Русінаў, Багемцаў, Мараўлян і Татараў і 60 т. Палякаў. У Рыцараў была 51 харугва і столькі ж атрадаў. Тут, акрамя Рыцараў, былі злучаныя войскі Імператара Жыгімонта, Вугорскія, Ангельскія, Шатландскія, Багемскія і Шведскія. Галоўнымі правадырамі былі В.Кн. Вітаўт, а з боку Рыцараў В. Магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон-Юнгінген. Калі ўсё было падрыхтавана да бою, Ягайла адышоў у паходную капліцу маліцца. Нясцерпны Вітаўт, бачачы, што ўсякае прамаруджванне можа быць згубным, прыбег да Караля і сказаў: “чаго марудзіш, Кароль! Ты замкнуўся, нібыта сярод міру, а між тым непрыяцелі ўжо гатовыя да бою. Загадвай пачынаць”. Але і гэта не падзейнічала. На шчасце, В. Магістр, нібыта прадчуваючы сваю згубу, прыйшоў у нейкі сум і, як пішуць сучаснікі, нават горка плакаў. Ён выправіў у падарунак Ягайлу два мячы. Ягайла, скончыўшы малітву, з пакорай прыняў адзін меч, а іншы падаў Вітаўту. Потым Ягайлу ўрачыста правадзілі падалей ад стану на ўзвышанае месца і атачылі 60 кірасірамі. Адтуль ён мог бачыць поле бітвы і ў выпадку патрэбы рэціравацца. Ён быў увесь у жалезных даспехах. Вітаўт, забяспечыўшы Караля ад небяспекі, падаў сігнал і бой закіпеў. Спачатку цяжка было адгадаць, на чыім баку перавага. Пры самым пачатку бітвы 300 Багемцаў з каралеўскіх атрадаў пачалі былі адступаць, кажучы, што ім не заплацілі жалаванне, але абвінавачаныя ў баязліўстве і прысаромленыя, зноў пайшлі на бой. Вітаўт паспяваў паўсюль. Аднаго ягонага з’яўлення было дастаткова, каб аднавіць мужнасць, спыніць адступленне. Ён кіраваў усімі дзеямі бітвы і яму адзінаму належыць гонар знакамітай перамогі. Літоўцы і Русіны паказвалі цуды адвагі, але болей за ўсіх у гэтай векапомнай бітве праславіўся Смаленскі атрад.[12] Калі некаторыя войскі пачалі адступаць і перамога, здавалася, хілілася на бок Тэўтонцаў, Смаляне не зрушылі з месца, не гледзячы на моцны націск непрыяцеля, утрымалі яго за сабою і тым шмат садзейнічалі канчатковаму поспеху бою. З надыходам ночы бітва скончылася. Тэўтонцы былі разбітыя ўшчэнт. В. Магістр Юнінген, 60 Рыцараў і 40,000 воінаў загінулі на полі бітвы.[13] У палон трапіла 15 т. чал., забраныя ўсе харугвы, лікам 51. Дзень гэты, піша Прускі гісторык Фохт: “быў апошнім днём славы і велічы ордэна. Наступны ранак рыхтаваў яму ганьбу, прыніжэнне і вечную нікчэмнасць”. Кацэбу ж кажа: “Гэты бліскучы калос, барбарскай мужнасцю, нявер’ем і бессаромнасцю ўзведзены на руінах папраных народаў, узбагачаны нарабаваным золатам, упрыгожаны Княскімі гербамі, быў скінуты, нібыта ўдарам грому і ніколі ўжо не паўстаў са свайго прыніжэння!” У непрыяцельскім стане знайшлі мноства ланцугоў і іншых прыладаў пакутаў і няволі, верагодна, прыгатаваных для Літоўцаў і Палякаў, мноства палотнаў, змочаных у смале для падпалаў, цэлыя сотні бочак з віном. Ягайла загадаў усе гэтыя бочкі разбіць, баючыся, каб воіны не ап’янелі. Забрана было больш 1,000 вазоў з нагрувашчанымі скарбамі і рознымі прыпасамі, перавезенымі ў Вільню і Кракаў. Надышла ноч, і пры святле паходняў, адкрылася страшнае відовішча! Віно выцекла з разбітых бочак, змяшалася з чалавечай крывёю і заліло вялізную прастору, утварыўшы жахлівае крывавае мора, у якім плавалі трупы, паміраючыя, скалечаныя… Гучныя песні Багародзіца дзева, радуйся! змешваліся са стогнамі параненых, тупатам капытаў Рыцараў, што ўцякалі. Вітаўт трыўмфаваў, і, не губляючы ні хвіліны, рыхтаваўся кінуцца на Марыенбург, сталіцу ордэна, але Ягайла маліўся ўсю ноч, і потым, на працягу трох дзён, не зрушыўшы з месца, прыносіў урачыстае, удзячлівае набажэнства за атрыманую перамогу. Акрамя гэтага Ягайла стаяў на адным месцы тры дні яшчэ для таго, каб усіх пераканаць у сапраўднасці атрыманай перамогі. Марнымі былі ўсе перакананні і просьбы Вітаўта. Віноўнік трыўмфу, які найлепш разумеў, што ўвесь поспех справы залежыць цяпер ад хуткасці, пакуль Рыцары не збяруць новых сілаў і не абяруць сабе Магістра, прыходзіў у адчай. І сапраўды пуста і глуха было ў Марыенбургу. У адзін дзень гордаму гораду было наканавана пазбавіцца В. Магістра, Камандораў, Рыцараў, войска, скарбаў, усяго, нават самай надзеі на будучыню… уратавання няма адкуль было чакаць, ды і няма каму было і думаць пра гэта. З гадзіны на гадзіну чакалі прыбыцця саюзных войскаў, каб аддаць ключы ад гарадской брамы і маліць аб літасці. Але калі прайшла ноч, прайшоў дзень, а да таго лазутчыкі прынеслі радасную вестку пра Ягайлу, тады і Марыенбург прынёс падзяку Богу і ажыўлены напружыў апошнія сілы, каб умацавацца, абраць начальніка і сабраць войска. Ягайлавыя войскі ледзь на чацвёрты дзень рушылі з месца, і ледзь 24 ліпеня, г. зн. на 8 дзень пасля атрыманай перамогі, спыніліся пад Марыенбургам, узяўшы на шляху некалькі Прускіх замкаў. Негледзячы на гэта, Ягайла ішоў з цвёрдым намерам узяць сталіцу, знішчыць назаўсёды ордэн і далучыць усе ягоныя валоданні да Польшчы. Але было ўжо позна. Марыенбург быў мацнейшаю крэпасцю ў той час. Камандор Генрых Фон Плаўэн сабраў Рыцараў, якія засталіся жывыя, паспеў умацаваць замак і, з 5,000 воінаў вырашыўся абараняцца да апошняга. Усе жыхары сабраліся ў замку. Горад спалілі самі. Засталіся толькі Ратуша і адзін Касцёл. Доўга працягвалася аблога. Між тым, большая частка замкаў і гарадоў здаліся добраахвотна Ягайлу або былі ўзяты зброяй. Абложаныя думалі ўжо пра капітуляцыю, як раптам прыйшла звестка, што Лівонскі Магістр Герман ідзе з войскам у накірунку Марыенбурга. Вітаўт са значным атрадам паспяшаўся да яго насустрач. Герман ведаў сардэчныя думкі Вітаўта. Ён выслаў парламентэра, просячы патаемнай сустрэчы. Вітаўт пагадзіўся. Герман разумна абдуманым планам абяцаў Вітаўту вяртанне Жамойці і вечны саюз і згоду з Літвою, а галоўнае, яскравымі фарбамі размаляваў, якім небяспечным для ягоных планаў і надзеяў будзе ўзрост магутнасці Польшчы, калі яна далучыць да сябе Прускія ўладанні. Вітаўт прызадумаўся. Ён успомніў, што Ягайла заваяваныя замкі ўжо раздаў Палякам, а яму, віноўніку трыумфу, даў толькі два нікчэмныя замкі. Абдумаўшы справу, ён пераканаўся, што Тэўтонцам не паўстаць больш, але што сапраўды здзейсненае знішчэнне ордэна надзвычайна ўзмоцніць Польшчу і, адпаведна, разбурыць усе ягоныя надзеі: аднавіць і засцерагчы ад небяспекі самастойнасць улюбёнай ягонай радзімы. Таму Вітаўт адразу ж пачаў таемна дзейнічаць на карысць Рыцараў. З’явіўшыся ў стане, ён паказаў Магістра Ягайлу і выпрасіў дазвол упусціць яго да абложаных, а калі Магістр выйшаў адтуль, абложаныя і чуць больш не хацелі пра здачу. Вітаўт дзейнічаў неахвотна; няма каму было ўзбуджаць мужнасць і камандаваць войскам. Нарэшце, не гледзячы на просьбы і заклінанні Ягайлы, Вітаўт з усімі сваімі палкамі пайшоў дадому. Марная аблога цягнулася да 19 верасня. Ягайла адышоў, добраахвотна знішчыўшы плады слаўнай перамогі, не маючы здольнасцяў ні вайскаводы, ні палітыка, каб ёю скарыстацца. Як дзейнічаў Вітаўт, мы бачылі. Палаючы помстаю і спадзяючыся на плады перамогі ўласна для Літвы, а не для Польшчы, ён паказаў цуды. Потым, калі ўбачыў, што вырашальнае вынішчэнне ордэна, узвялічваючы магутнасць Польшчы, можа быць згубным для Літвы, кінуў усё і сышоў. Як бы то ні было, слава гэтай знакамітай перамогі, якая здзівіла ўсю Еўропу, выключна належыць Вітаўту.
У наступным годзе (1411) заключаны быў мірны дагавор з Крыжакамі. Жамойць вярнулася ва ўлонне Літвы. Вітаўт здабыў пастаянных сяброў і саюзнікаў у асобе Рыцараў.
2) Войны з Маголамі
Здаецца, дастаткова было Вітаўту адолець адных Рыцараў. Але якраз тут і бачная геніяльнасць гэтага вялікага чалавека і мы яшчэ не раз здзівімся, - калі ён знаходзіў час і адкуль браў сілы ваяваць амаль адначасова з рознымі народамі і ў розных краінах? Распавядзем цяпер пра справы ягоныя з Маголамі.
У Залатой Ардзе справы былі ў незайздросным становішчы. Унутраныя смуты знясілілі яе. Унук Тамерлана, Цімур-Кутлук зрынуў з трону Тахтамыша і абвясціў сябе Вялікім Ханам. Вітаўт не зводзіў вачэй з Арды і думаў ужыць яе зброяй для сваіх задумаў. Зрынуты Тахтамыш хаваўся ў Крыме. Вітаўт, спусташаючы берагі Азова, узбудзіў ягоныя надзеі авалодаць Сараем. Тахтамыш паўстаў, але войскі слаўнага Эдыгея разбілі яго ўшчэнт. Тахтамыш збег у Літву да Вітаўта. Той прыняў яго з пашанаю і пасяліў у Лідзе (1394). В. Князю Літвы і Русі, які імкнуўся да авалодання не толькі Заходняй, але і Усходняй Расеяй і ўтварэнню такім чынам магутнай Дзяржавы, асобнай і цалкам незалежнай ад Польшчы, здавалася, што менавіта Маголы могуць быць ужытыя зброяй для ажыццяўлення ягоных намераў. Яму хацелася абрынуць магутнаць Эдыгея і пасадзіць Тахтамыша ў Сараі ў якасці свайго данніка. З гэтай мэтай ён заключыў таемны дагавор з Тахтамышам, умовай якога было: “пасаджу цябе ў Ардзе з тым, што ты пасадзіш мяне на Маскве Вялікім Князем”.[14] У 1397 годзе разам з Тахтамышам вырушыў ён да Азова, разбіў Маголаў, прагнаў іх да Волгі, нарабаваў шмат скарбаў, узяў у палон некалькі ўлусаў Татарў і прыгнаў іх у Літву. Разам з Татарамі перасяліў ён і каля 400 сем’яў Караімаў з Крыму. Частку Татараў выправіў да Ягайлы, дзе іх зараз жа ахрысцілі. Тахтамыш не вярнуўся з Вітаўтам. Апошні ўбачыў, што сілаю яшчэ не час знішчаць полчышчы Эдыгея. Паселеным Татарам ён надаў права грамадзянства, поўную волю веравызнання і ўтварыў з іх калоніі на берагах Вакі каля Вільні, а таксама ў цяперашніх паветах Лідскім, Трокскім, Ашмянскім, Наваградскім, Берасцейскім, на Валыні і ў цяперашняй Аўгустоўскай губерні. Даўшы ім розныя прывілеі і ашчаслівіўшы іх, ён здабыў верных падданых, гатовых ахвяраваць за яго ўсім. Ваяўнічае гэта племя і дагэтуль вызнае Магаметанскую веру і пастаянна адрозніваецца вернасцю законным уладам. Усе Гаспадары Літвы бралі прыклад з Вітаўта. Вялікая Кацярына ў 1794 годзе пацвердзіла ўсе ранейшыя іхныя прывілеі і перавагі[15] і яны ўсёй душою аддаліся Ёй і спадкаемцам Яе. У шэрагах Расейскага воінства не раз вылучаліся Татары; большая іх частка служыла ў палках б. Літоўскага корпуса, калоніі іхныя і цяпер заселены адстаўнымі Расейскімі воінамі, з якіх многія ў вышэйшых чынах і ўпрыгожаны ордэнамі. У апошні час некаторыя сталі служыць і па Грамадзянскай частцы.
Праз два гады (1399) Вітаўт зноў сабраўся на Маголаў. Войскі ягоныя складалі Літоўцы, дружыны з усіх падуладных Княстваў Русі, Смаляне, аддзел Тэўтонскіх Рыцараў з 500 чалавек і знатнейшыя юнакі з Польшчы, прысланыя Ягайлам са значным атрадам. Адных Князёў з Літоўска-Рускіх земляў лічаць да 50. Польшча страшылася гэтага паходу таму, што была ўпэўнена ў перамозе, якая магла паскорыць разрыў Літвы з ёю. Вітаўт запрасіў зяця свайго В. Князя Маскоўскага да ўдзелу ў вайне; але Васіль, верагодна, ведаючы пра ягоную ранейшую дамоўленасць з Тахтамышам, не давяраў Вітаўту і не хацеў дапамагаць у вайне, якая магла быць шкоднай для Усходняй Расеі. Ён выслаў да яго насустрач у Смаленск жонку сваю, а сам між тым, асобна ад войскаў Вітаўта, пайшоў супраць Татараў да берагоў Волгі і да Разані. Вітаўт, аблашчыўшы дачку і асыпаўшы яе багатымі падарункамі, рушыў з шматлікай раццю і спыніўся на берагах Ворсклы. Тут ужо стаялі Ардынцы, гатовыя да бою. З’явіліся паслы Цімур-Кутлука і гаварылі Вітаўту ад імя Хана: ” За што ідзеш на мяне? Я не ступаў ніколі ў тваю зямлю са зброяй” . Вітаўт адказваў: “Бог падрыхтаваў мне валадарства над усімі землямі; будзь маім сынам і даннікам, або будзеш рабом” . Цімур згаджаўся плаціць даніну Вітаўту і прызнаваць яго бацькам, г.зн. старэйшым; але Вітаўта захапіла самаўпэўненасць, ён патрабаваў, каб Маголы на грошах сваіх чаканілі ягоную выяву і герб Літоўскі, а гэта не адпавядала іхным рэлігійным паняццям. Час сыходзіў на перагаворы, як раптам падышоў на дапамогу Цімур-Кутлуку дзядзька ягоны, Эдыгей, з моцным войскам. Гэты дасведчаны стары патрабаваў асабістай сустрэчы і сказаў Вітаўту: “Цімур-Кутлук малады, ён мог прызнаць цябе сваім бацькам; але мне сорамна; я старэйшы за цябе ўзростам і так, Князь Літоўскі, лепей ты скарыся мне, будзь мне сынам і пастаў маю тамгу на сваіх грошах” . Можна ўявіць гнеў Вітаўта! Замест адказу, ён рушыў войскі ў бітву. Бой закіпеў, люты, жахлівы. Вітаўт спадзяваўся на свае сілы, сваё шчасце, сваю мужнасць; але сілы Эдыгея былі нашмат больш значныя, і сам Эдыгей быў вучань грознага Тамерлана. Бітва гэтая адбылася 12 жніўня 1399 г. Наступствы яе былі самыя згубныя для Вітаўта. Войскі ягоныя разбітыя, многія Князі, як Глеб Святаславіч Смаленскі, Міхаіл і Дзімітры Данілавіч Валынскія, Андрэй Кейстутавіч Гарбаты Полацкі, Дзімітрый Альгердавіч Карэцкі і многія іншыя былі забітыя. Летапісы кажуць, што з адных Княскіх родаў загінула 74 чалавекі. Усіх забітых з абодвух бакоў лічаць да 100 т. У Эдыгея было 200 т. у справе, у Вітаўта толькі 70 т. Барацьба няроўная.
Жорсткая параза ненавіснага і страшнага Князя Літоўскага[16] зрабілі ўсеагульную радасць ва Усходняй Расеі і Польшчы, хаця многія знакамітыя Палякі загінулі ў гэтай бітве. Здавалася, што Вітаўт назаўжды сціхне і назаўсёды адмовіцца ад сваіх славалюбных, як тады думалі, задумаў. Ды дзе там. Бачачы яшчэ немагчымасць паняволіць Маголаў сілаю зброі, ён вырашыўся сілаю розума, хітрасцю і палітыкай прымусіць іх быць сабе пакорнымі. А што ён дасягнуў поспехаў у гэтым, гэта даказваецца пастаянным ягоным і моцным уплывам ва ўвесь астатні час ягонага жыцця на справы Маголаў і ўмяшальніцтвам ва ўсе іхныя разлады і сваркі. Гэты самы Эдыгей неаднакроць потым дасылаў паслоў да Вітаўта ў Вільню з паклонам і багатымі дарункамі.
У 1412 г. Вітаўт падмацаваў дзяцей Тахтамыша і старэйшага ягонага сына Зеляні-Султана зацвердзіў на троне Залатой Арды. Эдыгей на знак помсты за гэты ў 1416 годзе разрабаваў Кіеў, але тут жа прыслаў да Вітаўта паслоў і ў падарунак трох вярблюдаў, пакрытых чырвонай сукняй і 27 коней, загадаўшы сказаць Вітаўту: “Князь слаўны! у працах і славе надышла нашая старасць. Памірыся на рэшту нашага веку. Кроў, пралітая намі ў бітвах, ужо высахла; зняважлівыя словы нашыя разагнаныя ўжо вятрамі; злосць нашая згарэла ў полымі вайны!” [17] Арда ў гэты час уяўляе бесперапынны шэраг унутраных сумятняў, уступленняў на трон і падзенняў Ханскіх. Не толькі дзеці Тахтамыша, але і ўнукі ягоныя, дзеці Зеляні-Султана, прэтэндэнты на Ханства, дазвалялі Вітаўту безупынна ўмешвацца ў іхныя справы.
У 1420 г. ён у Віленскім замку назваў Кіпчакскімі Ханамі Татарскіх Князёў Бетсабулу і Герамфердэна і ўсклаў на іх Княскія кароны і багатыя Ханскія футры.
Адным словам, ён і без вайны, не толькі абараніў сябе ад нявольніцтва Магольскага, але і наадварот граў ролю кшталту апекуна і міратворцы іхнага і меў заўсёды гатовымі саюзнікамі на выпадак вайны.
3) Імкненне да адзінаўладдзя
Мы бачылі, што само заступленне Вітаўта на Вяліка-Княскі трон узброіла супраць яго ўсіх удзельных Князёў. А Князёў гэтых было нямала. Акрамя родных братоў Ягайлы, якія лічылі сябе натуральнымі прэтэндэнтамі на Вял. Княскую годнасць, былі яшчэ і родныя браты Вітаўта, пляменнікі ягоныя, і іншыя, і кожны меў нагоду быць незадаволеным Вял. Князем. З самага пачатку ён наклаў на іх сваю жалезную руку і прымусіў прыціхнуць, а потым на працягу ўсяго свайго кіравання імкнуўся да зацвярджэння адзінаўладдзя. Мы ўжо сказалі пра далучэнне Віцебскага Княства і выгнанні Свідрыгайлы, якому дапамагаў Тэўтонскі ордэн. У 1395 годзе Смаленскія Князі сварыліся за ўдзелы. Старэйшы з іх Юрый Святаславіч быў у цесця свайго Алега ў Разані. Вітаўт з’явіўся пад Смаленскам. Князі прыйшлі да яго з паклонам; ён абвясціў, што хоча прымірыць іх, і адразу ж загадаў схапіць іх і выслаць да Вільні, даўшы ўдзел аднаму толькі Глебу, менавіта, мястэчка Палоннае. Потым увайшоў у горад і абвясціў сябе Князем Смаленскім. У наступным годзе (1396), пад час сустрэчы з зяцем сваім В. Кн. Маскоўскім у Смаленску яны зацвердзілі межы сваіх уладанняў. З боку Русі тады амаль уся зямля Вяцічаў, г.зн. цяперашняя губерня Арлоўская з часткаю Калужскай і Тульскай належыла ўжо Вітаўту. Карачаў, Мцэнск, Болхаў, Белеў, з іншымі ўдзеламі Князёў Чарнігаўскіх, воляй ці няволяй паддаліся Вітаўту. Ржэў і Вялікія Лукі таксама былі захоплены. Такім чынам уладанні Вітаўта распасціраліся ад межаў Пскоўскіх з аднаго боку да Галіцыі і Малдовы, а з іншага боку да берагоў Акі (да Курска), Сулы і Дняпра. Яшчэ раней, па смерці Альгердавых сыноў Вігунта, Нарымунда і Скіргайлы, ён далучыў да сябе іхныя ўдзелы. У брата іхнага Карыбута забраў Северскае Княства і, прача родавых удзелаў Скіргайлы, перайшло ва ўладу Вітаўта і дадзенае Скіргайлу Кіеўскае Княства. Далучыў таксама Падольскую зямлю, якой валодаў Фёдар, унук Фёдара Карыятавіча.
Пасля нешчаслівай паразы на берагах Ворсклы, Алег Разанскі (у 1401) паспеў вярнуць Смаленск зяцю свайму Юрыю Святаславічу. У 1403 годзе Вітаўт узяў Вязьму і рушыў на Смаленск. Пасля сямітыднёвай аблогі ён вымушаны быў адысці, але ў наступным годзе з’явіўся зноў і тады баяры Смаленскія, раззлаваныя на Юрыя, самі ўпусцілі Вітаўта і ён зацвердзіў усе Княствы за Літвою, спустошыўшы Разанскія вобласці.
Сястра Вітаўта Марыя была замужам за Цвярскім Князем Іаанам Міхайлавічам. Вітаўт жыў з ім спачатку ў згодзе; але ў 1404 годзе Марыя памерла і мінулае сяброўства з Іаанам скончылася; Вітаўт стаў яго адціскаць.
Ноўгарад і Пскоў увесь час звярталі на сябе ўвагу Вітаўта. Не падабаліся яму іхныя вольніца, багацце, сувязі з Немцамі. У 1391 годзе Ноўгарад уклаў саюз з Ганзаю. Адмыслова з’язджаліся дзеля гэтага ў Ізбраску паслы з Ноўгараду, Пскову, Любеку, Готланду, Дэрпту, Рэвелю, Рыгі. З Вітаўтам яны заключылі дагавор у 1393 г., задаволіўшы ўсе ягоныя патрабаванні, але ён не задаволіўся і шукаў нагоды для вайны. Згаварыўшыся з Васілём, яны накіравалі паслоў да Ноўгарада і патрабавалі разрыву з Немцамі. Здзіўленае Веча адказала паслам Вял. Кн. Маскоў.: ”Гаспадар Князь Вялікі! у нас з табою свой мір, з Вітаўтам іншы, а з Немцам іншы!” Васіль пачаў вайну. Гэтага і хацелася Вітаўту, яму патрэбна было знясіліць Ноўгарад і потым кіраваць справамі яго паводле сваёй волі.
Пскоў не раз трывожылі ягоныя войскі. У 1426 годзе Пскавічы аблажылі Дэрпт; тамтэйшы біскуп Дзідрых прасіў дапамогі Вітаўта. Адно з’яўленне ягонае ў Пскоўскай зямлі ўратавала біскупа. Ён аблажыў Апочку, а потым Варанос. Пскавіцяне абараняліся адчайна, але пасля прасілі міра і Вітаўт пагадзіўся, узяўшы вялікі водкуп (1000 р.).
У наступным годзе ён пайшоў на Ноўгарад, патрабуючы абавязковага разрыву яго з Ганзаю. Прайшоўшы небяспечныя зыбы Чорнага леса, ён аблажыў Порхаў. Вялізную гармату ягоную (яе называлі беданоснаю галкаю), наведзеную на горад, разарвала і забіла майстра, які яе адліваў (Немца). Наўгародцы бачылі ў гэтым цуд, але пасаднік Ісаакій Барэцкі з уладыкам Яўфімам баяліся Вітаўта, з’явіліся ў стан ягоны і прасілі міру. Вітаўт патрабаваў празмернага водкупу: 15,000 тагачасных руб. (на цяперашнія грошы 250,000 руб.с.). Наўгародцы мусілі згадзіцца і ўкласці мір.
У 1425 годзе Цвярское Княства перайшло ва ўладанне Барыса Аляксандравіча (унука Іаана Міхайлавіча). У Разані княжыў Іаан Фёдаравіч. У гэтым жа годзе памёр Вял. Князь Маскоўскі Васіль Дзімітравіч. Ягоным спадкаемцам быў малады сын ягоны Васіль Васільевіч Цёмны. Усе яны шукалі згоды і заступніцтва Вітаўта, тым больш, што Разанскаму Князю пагражалі Татары, а Маскоўскі меў патрэбу ў ягонай дапамозе па прычыне спрэчак пра трон з дзядзькам сваім Юрыем Дзімітравічам. Вітаўт умеў усім гэтым скарыстацца, падтрымліваў унука (Васіля), спрыяў пляменніку (Барысу), абараняў уплывам сваім Іаана. Але за гэты заключыў з гэтымі трыма Князямі (г.зн. Маскоўскім, Цвярскім і Разанскім) дагавор ва ўсім згодны з ягонымі намерамі і воляю. Маскоўскі Князь даў яму слова не дапамагаць Ноўгараду і Пскову, а Цвярскі і Разанскі пакляліся быць заўсёднымі саюзнікамі Літвы і ворагаў Вітаўтавых лічыць сваімі. У дагаварных граматах завуць яны Вітаўта сваім Гаспадаром (Осподаромъ)[18]. Нарэшце гордыя Ноўгарад і Пскоў сталі сталымі ягонымі даннікамі, хаця і захавалі сваю вольнасць.
IV.
[правіць]Не адны воінскія подзвігі займалі вялікі розум Вітаўта. Уяўленне мярцвее пры выглядзе гэтай незвычайнай дзейнасці, гэтага сталага напружання і ўражлівых клопатаў для карысці краю. Вітаўт, калі ўзгадаць час, у які ён жыў, уяўляецца нам выдатным кіраўніком. Не было ніводнай галіны дзяржаўнага кіравання, якой ён бы не датыкнуўся. З дзіўнай тонкасцю ўмеў карыстацца ўсімі выпадкамі, якія маглі прынесці істотную карысць ягоным падданым. Ён не цураўся новаўвядзенняў; але не забываўся нічога добрага, што засталося ва ўдзел ад продкаў. Новыя ўстанаўленні толькі тады ён уводзіў, калі яны не парушалі карэнных звычаяў народа, ягоных абычаяў, нават традыцый. З Руіснамі ён быў Русінам; з Літоўцамі Літоўцам. Умеў прыстасавацца да характару і разуменняў кожнага.
Стаўшы цвёрдай нагою на трон, ён і сярод войнаў з Рыцарамі, Маголамі, удзельнымі князямі, знаходзіў час на розныя мудрыя ўстанаўленні, пра якія ўспаміны дагэтуль захаваліся ў паданнях народа. Пры Вітаўце пачаўся шырокі гандаль Літоўскай Русі. Усякае замірэнне з Ордэнам, кожны дагавор з Ноўгарадам і Псковам, або з Маскоўскімі Княствамі, давалі нагоду да пашырэння кола гандлёвых зваротаў. Гандаль лесам даваў вялікія выгоды ў ягоны час. Літоўскія судны пастаянна напаўнялі Нёман і сплаўлялі лес, хлеб і іншыя прадукты. З усходам вёўся значны гандаль праз Феадосію (Кафу), з Вугоршчынай – праз Польшчу; з гарадамі Усходняй Расеі і асабліва з Ноўгарадам і Псковам былі бесперапынныя гандлёвыя зносіны; апошнія спрашчалі звароты і з іншымі Ганзейскімі гарадамі, хаця Вітаўт для іншых мэтаў і патрабаваў, каб яны спынілі з імі саюз. На Дняпроўскім востраве Тавані была закладзеная мытня, званая Вітаўтава лазня. Усталяваная пошліна на ўвоз тавараў. Разам з тым прызначаны былі штрафы і спагнанні за таемныя правозы тавараў і ўсталяваны над гэтым пільны нагляд. Кіеў граў важную тады ролю ў гандлёвых адносінах. Тут было месца складавання тавараў, якія дастаўлялі праз абмен і куплю з Усходу, і потым перавозілі з Кіева ва ўсе гарады шырокага Гаспадарства. Каб засцерагчы ад небяспекі гандаль знадворку, ён заснаваў крэпасці з моцнымі залогамі над Дняпром, Бугам, Днестрам і ў памежных месцах Падолля. Вельмі добрыя крэпасці былі: Крамянчук, Упек, Гербедэеў-Рог, Мірусын, Бендэр, Дашаў (цяперашні Ачакаў), Качкос-баргун, Цягіня і інш. З прыстаняў галоўныя былі Паланген на Балтыйскім моры, Хаджыбай або Качыбай (дзе цяпер Адэса) на Чорным. Пры ўмацаванні берагоў Чорнага мора кіраўніком Вітаўта быў дасведчаны Кіпчакскі хан Хаджы-Гірэй, які доўга жыў у Літве[19]. Галоўныя намаганні Вітаўта былі звернуты на тое, каб пашырыць прамысловую дзейнасць унутры Гаспадарства паміж Княствамі. З гэтай мэтай ён як у Літве, так і на Русі праводзіў ваенныя дарогі па розных накірунках, скарачаючы адлегласць і спрыяючы збыту тавараў. Будаваў вялікія масты на Бугу, і на іншых рэках. Засноўваў зручныя пераправы, расчышчаў непраходныя лясы, пракладваючы праз іх шляхі. Усё жыццё ў вечным руху, усім мусіў сам кіраваць, усё асабіста уладкоўваць. Паняволіўшы ганарыстых удзельных князёў, скарыўшы свавольства фанабэрыстых баяраў, ён даваў розныя перавагі дробным уладальнікам земляў (зямяне гаспадарскія). Вольныя людзі і прыгонныя сяляне былі пад сталым ягоным заступніцтвам і былі абароненыя ад гнёту. У гарадах ён уводзіў Магдэбургскія законы, мяшчанам даваў многія прывілеі. Галоўныя яго клопат і апека звернуты былі пераважны на ніжэйшы стан як земляробчы, так і гарадскі. Ён унікаў у іхныя патрэбы і знаходзіў спосабы аблягчэння іхнай долі. Пільным вокам адсочваючы кожны крок князёў, збагачаючы скарб вайной і гандлем, ён быў шчодры да марнатраўства, але заўсёды з карысцю або для падтрымання сваёй годнасці ці для выгод народа. І пасля ўсяго гэтага некаторыя гісторыкі хочуць запэўніць, што Вітаўт не ведаў чалавекалюбства, што быў тыранам, што нібыта аднойчы, калі ён загадаў павесіць двух воінаў за разрабаванне храма, яны адзін перад другім самі спяшаліся ўлезці на шыбеніцу, каб болей не злаваць Князя. Гэта пустая выдумка Тэўтонаў[20]. Але не час быў быць паблажлівым і мілаваць, калі патрэбна было ўсё граміць, разбураць і ўсё новае ствараць, і сярод смут і крамолаў хуткім крокам ісці наперад да пазначанай мэты, а што ж такое была гэтая мэта, калі не дабро народа? Заўсёды і ўсюды ён быў горды і высакамерны з князямі, але спагадлівы да ніжэйшага стану, суворы для ваенных і грамадзянскіх чыноўнікаў, ён жорстка глядзеў за выкананнем правасуддзя і гора таму, хто яго парушыў! – літасці не было. Кожны ж просты воін, кожны селянін прыходзіў да яго без страху і заўсёды меў вольны доступ. Любячы вайсковую дысцыпліну і правасуддзе ў справах грамадзянскіх, ён быў грозным бізуном для ўсіх тых, хто ўзбагачаліся за кошт скарбу або ніжэйшага стану.
Мы няшмат маем пісьмовых доказаў аб усталяваннях Вітаўта[21]. Але што яны былі, у тым няма сумнення, бо памяць аб ягоных мудрых учынках доўга снавала ў народзе і калі ў 1492 годзе Літоўцы і Русіны без удзелу Польшчы ўрачыста ўзводзілі на Вялікакняскі трон Аляксандра, Маршал Храптовіч, падаючы яму жазло і меч, прасіў, каб ён кіраваў Гаспадарствам і судзіў народ, не па Багемскіх, Італьянскіх ці Нямецкіх звычаях, але па Літоўскіх і Вітаўскіх усталяваннях. На Жамойці былі ў абычаі з’езды народныя для разбору спраў. Вітаўт скасаваў іх. Сам жа нярэдка склікаў Князёў для нарадаў, а пасля запрашаў і баяр, а таксама знатнейшае дваранства.
V.
[правіць]Не менш выдатныя справы Вітаўта як глыбокага ў сваім часе палітыка. Мы не раз бачылі, як ён умеў хітраваць з падступнымі Рыцарамі. Справы Магольскія, сувязі з гордым Ноўгарадам, Псковам, узяццё Смаленска даказваюць розум гнуткі, рашучы і смелы. Ягоны дэвіз быў – усе шляхі добрыя для дасягнення мэты; але калі дасягаў яе, тады абдумваў сродкі як загладзіць мінулае. Такім чынам, авалодаўшы ў 1404 годзе Смаленскай вобласцю, пры дапамозе тамтэйшых баяраў, якія здрадзілі свайму князю, у надзеі самім кіраваць краем і збіраць даходы, ён зараз жа змяніў іх і вызначыў іншых добранадзейных чыноўнікаў, а грамадзянам і сялянам даў асаблівую ільготу, аблашчыў іх, абараніў ад уціскаў і тым канчаткова адвярнуў народ ад Юрыя і прывязаў да сябе. Гэтаксама, пасяліўшы Татараў і Караімаў у Літве, у той час, калі першых Ягайла навяртаў, воляй ці няволяй, у каталіцкую веру, Вітаўт даў ім поўную волю набажэнства; яны карысталіся ўсімі правамі грамадзянства і жылі ў калоніях сваіх, як быццам на радзіме са сваёй верай, мовай, звычаямі. Дабрадзействамі сваімі Вітаўт зрабіў тое, што многія Татары кідалі свае ўлусы і добраахвотна прыходзілі ў Літву шукаць прытулку пад ягонай моцнай дзяржавай. Яшчэ ў 1388 годзе ён даў у Луцку прывілей Габрэям, якія жылі ў ягоным ўдзеле, абараніўшы іх ад пераследу. “Еслибы жида забито, - піша Вітаўт у сваёй жалаванай грамаце, - а через свидетство не мог довести, своим приятелем, который бы его забил: естли бы мог, в пытанью, некоторого подозреннаго мети, мы жидом на противку подозреннаго хочем обронцою быти. И теж, естли бы хрестьянин некоторый жидовце рукою кгвалтовною мел што вчинити, абы вдарил, маеть быть каран, подлуг права нашое земли”.[22]
У землях Русі і ў самой Літве ён спрыяў Праваслаўю, не парушаў карэнных законаў Русі, паважаў самі звычаі асобных абласцей, зусім не навязваючы ім іншаземных паняццяў. Вітаўт меў уплыў і на тагачасную Еўрапейскую палітыку. Гэта даказваецца ягонымі сталымі, пераважна таемнымі зносінамі з Імператарам Жыгімонтам, які разумеў Вітаўта, нават ліслівіў яму і сам садзейнічаў ажыццяўленню ягоных ідэй. Багемцы да такой ступені паважалі Вітаўта, што тры разы (1422) прысылалі паслоў да Вільні, прапануючы яму карону Багемскую; але Вітаўт, імкнучыся да іншай мэты, не ўзяў карону, а паслаў да іх пляменніка свайго Жыгімонта-Карыбута. Вітаўт, як мы бачылі не раз, увесь час думаў пра разрыў з Польшчай. Соймы Віленскі (1401) і Гарадзельскі (1413), якія з’ядналі Літву з Польшчай і надалі вышэйшаму стану ў Літве правы Польскага дваранства, засмучалі Вітаўта. Ён падумваў і імкнуўся да поўнага адрыву Літвы ад Польшчы, утварэння моцнага Гаспадарства з уласнай Літвы і падуладных яму княстваў Русі, жадаючы ўвесці яго ў кола Еўрапейскіх Дзяржаў, пад імем Каралеўства. Раней задумы ягоныя былі яшчэ больш шырокія. Падуладных княстваў, здавалася, яшчэ мала было Вітаўту. Мы бачылі, што ён яшчэ ў 1397 годзе падумваў пры ўдзеле Маголаў зрынуць цесця свайго з Маскоўскага трону і такім чынам, злучыўшы Усходнюю Расею з Заходняй Руссю, утварыць магутнае Рускае Царства; але пасля паразы на берагах Ворсклы (1399) ён пераканаўся, што заняволіць гвалтам Маголаў пакуль нельга, што зліццё Усходняй Расеі з Заходняй яшчэ немагчымае, і вось чаму ён звярнуўся да ідэі ўтварэння асобнага Каралеўства.
Вітаўт, узгадаваны паганскай жрыцай, тройчы змяніўшы веру, не мог быць, здаецца, надта цвёрдым у справах веры. Але ён паважаў хрысціянства, якое вызваліла ягоны і ўлюбёны ім народ з цемры ідалапаклонства, праясніла розум, працягнула шлях да далейшых дзеяў, паказала замагільную будучыню[23]. Вітаўт аднолькава спрыяў каталікам і праваслаўным; але каталікоў, прыродных Літвінаў, хрышчаных Ягайлам, была ў яго чатырнаццатая частка агульнага ліку ягоных падданых[24]. Вось чаму, натуральна, яго клапацілі больш справы праваслаўя. Ён вельмі разумеў ўсю важнасць уплыву на справы Літоўскай Русі мітрапаліта Маскоўскага. Падчас з’езду Вітаўта з В.Кн. Маскоў. Васілём у Смаленску быў там і мітрапаліт Маскоўскі Кіпрыян. Вітаўт пацвердзіў недатыкальнасць правоў ягоных на праваслаўных хрысціян у Кіеве, Валыні і ва ўсіх землях яму падуладных. Кіпрыян дагаджаў Вітаўту, часта наведваў Кіеў, дбаў пра заходнюю сваю паству і В. Князь Заходняй Русі яго любіў і паважаў.[25] Інакш дзейнічаў пераемнік ягоны Фоцій (1409). Просты, палымяны абаронца Царквы не думаў пра Вітаўта, жыў увесь час у Маскве, а паўднёва-заходнюю сваю паству аддаў намеснікам. У розуме Вітаўта даўно саспела думка, згодныя ягоным палітычным ідэям і памкненням. Бачачы немагчымасць зліцця Усходняй Расеі з Заходняй Руссю, ён захацеў мець уласную апору ў мітрапаліце, у ягонай моцнай уладзе над народам. Мітрапаліт валодаў шырокімі маёнткамі ў паўднёва-заходнім краі; даходы з іх і царкоўныя зборы ішлі ў мітрапалітавы маскоўскі скарб. Думаючы ўтварыць асобнае Гаспадарства, ён адчуваў неабходнасць мець мітрапалітам чалавека, цалкам сабе адданага і не адпускаць значных сумаў за межы свайго Гаспадарства.
Вітаўт прымусіў біскупаў сваіх япархій зрабіць данос на Фоція. Данос гэты біскупаў Чарнігаўскага, Полацкага, Луцкага, Уладзімірскага, Галіцкага, Смаленскага, Холмскага, Чэрвенскага і Тураўскага (1414) змяшчаў скаргу на Фоція ў тым, што ён не дбае пра паству, не наведвае яе, збірае даходы ў чужую зямлю і шмат яшчэ іншых дамаганняў, сапраўдных або выдуманых. Вітаўт пагадзіўся з абвінавачаннем і адабраў усе маёнткі Фоція. Апошні, даведаўшыся пра тое, што адбылося, і атрымаўшы сам ліст ад тых жа біскупаў, верагодна, таксама паводле загаду Вітаўта, у якім яны пісалі Фоцію: “многа чиниш не по правилам апостольским и отеческим; и мы по правилам трьпехом, яко своего Митрополита и ждахом твое исправленіе: егда же слышахом о тебе истинно уверении быхом о некоторой вещи (?)[26], яже нетокмо есть не по правилам, но и под изверженіем и под проклятіем, яже и сам, свою съвесть, испытав, познаеши. Мы бо ту не пишем, не хотящее посрамити тя; глаголем же к тобе, яко не имамы тя епископа по правилам»[27] - паспяшаўся ў Смаленск і адтуль пісаў Вітаўту ў Гародню; але Вітаўт быў няўхільны. Ён загадаў сваім біскупам абраць новага мітрапаліта Кіеву, Валыні і ўсёй Літоўскай Русі. Біскупы спужаліся і адказвалі, што не маюць на тое права. Тады Вітаўт выправіў да Царгораду абранага ім самім манаха Рыгора Семіхвала або Цамблака, паслаў праз яго данос біскупаў на Фоція і прасіў Грэцкага Патрыярха уганараваць гэтага манаха санам мітрапаліта. Патрыярх адказваў, што Фоцій ёсць мітрапаліт Літвы і Русі. Вітаўта і гэта не спыніла. Ён склікаў Сабор усіх сваіх біскупаў і іншых духоўных у Навагрудку (15 лістапада 1415 г.). Біскупы пастанавілі: “Он же (Вітаўт) с нами съветовася, истинно и праведно, яко правый истинный великій Князь; и собра вси Князя Литовскых и Русскых Земель и иных стран, елико суть ему покорении Богом, нашеа Церкве, и бояр и вельмож, архимандрыты же и игумени и благовейные иконы, и попы. И сих всех светом и волею, и нашим избраніем и хотеніем, сшедшеся в Новем-граду Литовском, в святей церкви Пречистыя Богородица, по благодати даней нам от святаго Духа поставихом Митрополитом святей нашей церкви Кіевской и всеи Руси, Именем Григорія”[28]. У той жа час выдаў Вітаўт Акруговую Грамату аб аддзяленні Кіеўскай мітраполіі ад Маскоўскай, і пра пастаўленне на сан Кіеўскага мітрапаліта Рыгора Цамблака, у якой сярод іншага гавора: “Но мы хотячи, штобы ваша вера не меншала, ни угыбала, и Церквам вашим бы строеніе было, учинили есмо так Митрополита, збором, на Кіевскую Митрополію, штобы Русская честь вся стояла на своей земли» - і далей… “Мы учинили, штобы пространнее Митрополит седел на своем столе, в Кіеве, как то пошло из давна; за неже то было не давно ся учинило, што почали Митрополиты житии на Москве, а изде церковь Кіевская Митрополья схудела и пуста учинилася”[29].
Біскупы на Саборы кляліся, што абраннем мітрапаліта, грунтуючыся на правілах Св. Апосталаў, на абранні Мітрапаліта Клімента пры Ізяславе, не адступаюць ад праваслаўя і ад пакорнасці Усяленскім Патрыярхам. Новы мітрапаліт адрозніваўся глыбокім розумам, руплівасцю ў праваслаўі. Месцазнаходжаннем ягоным прызначаны Кіеў, Наваградак і Вільня; але як ён, так і ягоныя пераемнікі пераважна жылі ў Вільні, дзе быў асаблівы мітрапалітальны палац і храм Прэсвятыя Багародзіцы стаў мітрапалітальным.[30] Такім чынам адбыўся падзел мітраполіі на Усходнюю або Маскоўскую, і Заходнюю або Кіеўскую. Рыгор не толькі не перашкаджаў планам і намерам Вітаўта, але наадварот быў старанным ягоным памочнікам і сябрам да самой смерці, якая адбылася ў 1419 годзе (ад маравой пошасці). Фоцій, праз сяброўскія і сваяцкія зносіны Вітаўта з унукам ягоным Васілём Васільевічам Цёмным, памірыўся з Вітаўтам, некалькі разоў прыязджаў у Літву, але ўплыў ягоны на справы Вітаўта зніклі і падзел мітраполіі не спыніў існаванне, а пасля смерці Вітаўта, з 1474 года, пачынаецца пастаянны шэраг мітрапалітаў Кіеўскіх.[31]
VI.
[правіць]Мы бачылі, у якім становішчы Вітаўт заспеў Літву. Бачылі, чаго дамагаўся ён шматгадовым кіраваннем. Паглядзім цяпер, да чаго ён давёў сваю краіну і ці дасягнуў пастаўленай мэты.
Межы ягонага Гаспадарства былі ад Балтыйскага да Чорнага мора; ад Бугу да Белага мора[32]. Варожыя Рыцары, разбітыя пад Грунвальдэнам і абавязаныя сваім існаваннем толькі Вітаўту, сціхлі, шукалі згоды з ім і былі ў сталых сувязях, садзейнічаючы яму для дасягнення ягонай мэты. Разумная палітыка Вітаўта зрабіла тое, што Маголы лічылі яго сваім пасярэднікам у справах спадчынных, і не адна ханская шапа была ўздзета воляю Вітаўта. Гордыя Ноўгарад і Пскоў кланяліся і плацілі даніну. Адмовіўшыся ад ідэі зліцця Усходняй Расеі з Заходняй, Вітаўт шчыра любіў свайго ўнука Васіля і захоўваў з ім самыя сяброўскія зносіны. Князі Разанскі і Цвярскі называлі Вітаўта сваім Гаспадаром (Осподаремъ). Імкненні Вітаўта да адзінаўладдзя ўвянчаліся поўным поспехам. Папа ў знак сваёй прыхільнасці зрабіў яго апекуном архібіскупства Рыжскага. Імператар Жыгімонт шукаў згоды з Вітаўтам. Багемія просіць ад яго, як ласкі, быць яе каралём. Уся Еўропа паважае Вітаўта. Унутры – дакладна выконваецца правасуддзе, ніжэйшыя станы абаронены ад уціскаў станаў вышэйшых. Вайсковая дысцыпліна захоўвае парадак, пакорнасць. Гандаль квітнее. Земляробства пашырыла сваё кола і забяспечвае хлебам Балтыйскія і Чарнаморскія парты. Гарады з магдэбурскімі законамі жывуць у дастатку. Перасяленцы і іншаземцы, Татары, Караімы, Габрэі, Немцы карыстаюцца верацярпімасцю і правамі грамадзянства. Каталікі з праваслаўнымі жывуць у згодзе, будуюць і ўпрыгожваюць свае храмы і ўзносяць малебны да Цара Цароў за пасланы дабрабыт. Праваслаўныя бяруць шлюбы з каталічкамі, каталічкі выходзяць за праваслаўных. Між імі братэрства, згода; яны і знаць не хочуць законаў Ягайлы, які прымушаў праваслаўных прымаць каталіцкую веру пры шлюбаванні з каталікамі.[33] Край стаў магутным, шырокім, багатым. А Вітаўт? – Яму было 84 гады! (1429). Ён бачыў здзяйсненне сваіх мараў, дасягнуў даўно жаданай мэты; яшчэ толькі адзін крок і ён спакойна мог легчы ў магілу. Якімі шляхамі дасягнуў усяго гэтага Вітаўт? Шмат палёў паліта крывёю суайчыннікаў, шмат было здрадаў і вераломства, але затое шлях завершаны, мэта дасягнута; каб умацаваь дабрабыт краю і захаваць ягоную будучую самастойнасць, заставалася толькі ўскласці Каралеўскую карону, ужо такую блізкую да яго, і перадаць яе абранаму ім спадкаемцу. Вітаўт быў бадзёры і моцны і пэўна спадзяваўся яшчэ жыць доўга; але пад пастаяннай сваёй апекай ён, не маючы сыноў, гадаваў пры сабе ў Вільні Фрыдэрыка, сына Фрыдэрыка Маркграфа Брандэрбургскага, рыхтуючы яму трон Літоўскай Русі.[34]
Ягайла быў стары, слабы і яшчэ больш чым раней нерашучы. Як прыродны Літовец, ён не мог не цешыцца дабрабыту Літвы і Русі, амаль штогод прыязджаў да Вітаўта і шчыра любіў і паважаў яго. Але польскія дыпламаты іначай думалі. Чым больш узрастала магутнаць Вітаўта, тым больш яны пужаліся яго і напружвалі ўсе сілы, каб узмацаваць саюз Літвы з Польшчай. На падставе Гарадзельскага дагавору (1413)[35], якім Літва была зроблена саюзніцай Польшчы, калі б Вітаўт памёр без нашчадкаў, Літоўца не маглі абіраць сабе Князя без волі Ягайлы і польскіх вяльмож. Наадварот і палякі, у выпадку такой жа смерці караля, не маглі абіраць сабе караля без волі Вітаўта. Але з таго часу абставіны цалкам змяніліся; Вітаўт неахвотна, але мусіў тады згадзіцца на гэтае аб’яднанне і ўмовы аб пераходзе ў спадчыну прастола; бо для дабра краіны ён знайшоў патрэбным трымацца Польшчы да часу, пакуль праб’е гадзіна. Спяшацца нельга было, ён чакаў, і, дзейнічаючы згодна з палякамі, спачатку імкнуўся выдаліць многія іншыя прычыны, якія перашкаджалі канчатковаму ўтварэнню самастойнага, цалкам незалежнага Гаспадарства. І вось усе перашкоды прыбраныя, прызначаная гадзіна прабіла, але на старасці год яму не хацелася вайны з братам і сябрам дзяцінства. Ён хацеў давесці справу да таго, каб палякі самі згадзіліся каранаваць яго. Перашкодаў не было. Сам Папа згадзіўся. Жыгімонт і Рыцары даўно пра гэта думалі і садзейнічалі Вітаўту; заставалася толькі пераадолець упартасць польскіх дыпламатаў.
Канчатковыя перагаворы пра гэта прызначаны былі ў Луцку ў 1429 годзе. На Хрышчэнне з’ехаліся ў Луцк унук Вітаўта, В.Кн. Маскоўскі Васіль Васільевіч; пляменнік ягоны Барыс Князь Цвярскі; Алег Князь Разанскі; Князі Адоеўскія; Кароль Ягайла з жонкай і князямі Мазавецкімі, Лігніцкімі, Берасцейскімі, Паморскімі; Эрык Кароль Дацкі; Ханы Магольскія Перакопскай, Прыдонскай і Прыволжскай ордаў; Ілля, Гаспадар Валошскі; Андрэй Дамініканец, лягат Папы; мітрапаліт Маскоўскі Фоцій; паслы Імператара Грэцкага Іаана Палеалога; В. Магістр Лівонскага ордэна Зігфрыд; пасол ад В. Магістра Тэўтонскага ордэна. Апошнім прыехаў Імператар Рымскі Жыгімонт з жонкай сваёй Барбарай, аточаны нямецкімі, вугорскімі, багемскімі, кроацкімі і рагузскімі герцагамі, князямі і графамі. Бачыце, якая сабралася супольнасць? Што ж гэта даказвае? Хіба не жадалі гэтыя прадстаўнікі ўсёй магутнасці Еўропы бачыць каранаваным Вітаўта? Яны жадалі; але не жадалі польскія чыны: Алясніцкі, Ястржэмбец-біскуп Гнезненскі, Міхалоўскія, Астрарогі, Шаматульскія і іншыя, якія прыехалі з Ягайлам, і з той жа запальчывасцю, як Вітаўт жадаў кароны, умелі палітыкай адхіліць здзяйсненне згубнага для Польшчы адасаблення Літвы.
Гасцінны гаспадар прымаў царственных гасцей сваіх годным чынам з усходняй раскошай. Летапісцы адзінагалосна пішуць, што штодзённа на ласункі ўжывалася па 700 бочак віна, мёду, піва, рамансі, мальвазіі, па 700 быкоў і кароў, па 1400 баранаў, па 100 лосяў. па 100 зуброў, па 100 кабаноў. І такі банкет цягнуўся роўна 7 тыдняў! Такая ж пышнасць і раскоша паказваліся ва ўсім, ва ўбранні палацавых пакояў, ва ўпрыгожанні сталоў, якія ледзь стрымлівалі пудовыя пасудзіны з чыстага срэбра і золата. Загадзя прыдуманы былі розныя забавы, гульні, танцы, паляванне з сакаламі і сабакамі. Былі і дамавыя блазны, згодна тагачаснага звычаю, з якіх, як пра самага прыкметнага, згадваюць пра нейкага Генэ. З ліку дыпламатаў польскіх, якія прыехалі з Ягайлам, галоўнымі праціўнікамі Вітаўта, горача адданымі сваёй радзіме, з’яўляюцца Алясніцкі і Тарноўскі, асабліва першы, які яшчэ ў бітве пад Танэнбергам уратаваў жыццё Ягайлу, калі на яго напаў атрад Рыцараў, потым, узведзены на годнасць кракаўскага біскупа, меў моцны на яго ўплыў і не раз пагражаў нават слабому і набожнаму каралю анафемай. Імператар Жыгімонт з жонкай сваёй першыя сталі ўгаворваць Ягайлу пра згоду на каранацыю Вітаўта. Ягайла адказваў, што ён без рашэння польскіх чыноў ні на што не вырашыцца. Чыны сабраліся, доўга разважалі і скончылі тым, што справу Вітаўта немагчыма выканаць, што Польшча ўсімі сіламі павінна захоўваць саюз з Літвой. Калі ўвайшоў Вітаўт, Алясніцкі агучыў яму прамову, скончыўшы яе наступнымі словамі: “Гады і слава павінны былі насыціць цябе, князь! Ты ўжо стаў вышэй за ўсю зямную веліч і таму павінен памятаць клятву, якая аб’ядноўвае цябе з Польшчай”. Вітаўт раззлаваўся і абвясціў, што ён і без іхняй згоды адасобіць Літву ад Польшчы. Пакрыўджаныя чыны ў тую ж ноч раз’ехаліся, але адкланяўшыся нават Вітаўту, а Алясніцкі прымусіў Ягайлу зараз жа ад’ехаць з Луцка. Вітаўт вырашыў дзейнічаць таемна супраць Польшчы. Ён выправіў паслоў да Папы, пагадзіўся з каранаванымі сваімі гасцямі, атрымаў іхнае абяцанне садзейнічаць і развітаўся.
Алясніцкі прыйшоў у жах. Ён сам накіраваўся да Вітаўта ўпрошваць яго адмовіцца ад намеру, але вярнуўся ні з чым. Тады Ягайла прыслаў абвясціць Вітаўту, што ён саступае яму карону Польшчы[36]. Але Вітаўт, горача любячы сваю ўласную бацькаўшчыну, адхіліў прапанову і не прыняў польскую карону.
Хіба не лепшы гэта доказ, што Вітаўт не пра сябе думаў, быў не славалюбцам, але айцом народа?
Новы з’езд прызначаны быў у 1430 годзе ў Троках. Усе папярэднія госці прыехалі зноў. Прыбыў і Ягайла са шматлікім дваром. Тая ж пышнасць, той жа бляск, той жа гасцінны прыём. Усё было гатова да каранацыі. Чакалі толькі Жыгімонта з каронай. Не ведаем, што перашкодзіла яму самому прыехаць, але ён даслаў карону, зробленую ў Вугоршчыне, праз сваіх пасланцоў. Госці ў чаканні кароны балявалі. Алясніцкі ўжыў новую, апошнюю хітрасць: “и Ляхове нежичивши коруны Литве, и коруну в них (пасланцоў Жыгімонта) тую отняли, и розсекши ее на полы, и приложили к коруне бискупа Краковскаго, которая и теперь при Замку Краковском и Костеле Св. Станислава есть”.[37] Адным словам Алясніцкі паспеў перахапіць пасланую Жыгімонтам карону.
Гэтая новая хітрасць была нечаканым ударам для Вітаўта. 86 гадовы стары не вытрымаў у гэты раз – ён моцна занядужаў і 27 кастрычніка 1430 года памёр у Троках. Апошняе слова ягонае было: “Радзіма!” Апошняя просьба да Ягайлы не парушаць статутаў Літвы і Русі. Ложак канаючага атачалі жонка яго Юліянія, унук ягоны Васіль, Ягайла, Мітрапаліт Фоцій і многія з гасцей, што яшчэ засталіся. Урачыстае пахаванне ягоных парэшткаў у Віленскім Кафедральным Саборы Св. Станіслава адбылося 7 лістапада.
Смерці гэтага вялікага чалавека, паводле падання, папярэднічалі незвычайныя з’явы. Народ верыў, што вада ў Троцкім возеры на працягу сямі дзён была крывавага колеру, што ў ваколіцах Смаленска з’явіўся страшны воўк, без шкуры, які жэр людзей, на Жамойці падаў каменны град, у Берасці-Літоўскім быў землятрус, каля Трокаў з’явілася нейкая пачвара, што таксама вынішчала людзей. Гэтае народнае паданне гаворыць грамчэй за гісторыю, як Літва разумела і шанавала Вітаўта. Лёсу не было пажадана працянуць дні Вітаўта, каб зацвердзіць канчатковую самабытнасць Літвы. Шляхі Ягоныя нязведаныя!
Дзень смерці Вітаўта быў апошнім днём магутнасці і славы самастойнай Літоўскай Русі.
VII.
[правіць]Вітаўт быў сярэдняга росту, моцнага складу цела. У апошнія гады жыцця крыху распаўнеў. Барады і вусоў не насіў.
Адрозніваўся незвычайнай цвярозасцю і памяркоўнасцю ў ежы. Нічога не піў, акрамя вады. Гучных баляванняў не любіў. Грэбаваў п’янымі і да людзей, што аддаюцца п’янству, не меў ніякага даверу. Уставаў вельмі рана. Абедаў у 3 гадзіны, а пасля абеду да змроку атачаў сябе прыдворнымі, слухаў музыку, спевы, часам багаслоўскія дыспуты, у якіх нярэдка і сам браў удзел; але гэтыя забавы былі нядоўгія: вечарам зноў запаноўвала мёртвае маўчанне. За сталом, у палацы, на паляванні, заўсёды і ўсюды займаўся справамі. Купцы, з якімі ён для заахвочвання гандлю ўваходзіў у кампанію, воіны, земляробцы, усякага звання і становішча людзі мелі да яго заўжды вольны доступ. Ён іх выслухоўваў і зараз жа ўчыняў расправу. На справы ён быў не хуткі, але калі вырашаўся, дзейнічаў з упартасцю, не знаў ні сну, ні адпачынку, пакуль не ажыццявіў намеру. Кожную суботу прысвячаў выключна замежнай вельмі багатай карэспандэнцыі.
Вітаўт ведаў дасканала мовы Літоўскую, Славянскую, Рускую, Лацінскую і Нямецкую. Прыдворнай і ўрадавай мовай была Руская, але ў хатнім побыце з братамі, сваякамі, нават з каралём Ягайлам гаварыў не іначай як па-літоўску.[38]
Як сем’янін, Вітаўт з’яўляецца ўзорным сынам, мужам, бацькам. Як чалавек, быў адданым сябрам, шчодрым для незаможных, спагадлівым да палонных і ўсіх перасяленцаў. Як кіраўнік, слаўнейшы з усіх сучасных яму Гаспадароў у Паўн. Еўропе, умеў кіраваць народамі і князямі, узнагароджваць і караць. Спачування не ведаў, калі патрэбна было караць для карысці грамадскай. Да невялікіх правінаў быў строгім не менш; але не забываўся пра пакараных і калі заўважаў выпраўленне, зараз жа дараваў. Цвёрдасць характару ягонага да канца жыцця надзвычайная! Ніхто і нішто не маглі перамяніць жалезнай волі гэтага чалавека.
Сучасныя летапісцы знаходзяць у ім толькі адну слабасць – празмерную прывязанасць да жанчынаў.
У Вітаўта было тры жонкі: Марыя-Праскоўя, дачка князя Лукомскага і Старадубскага, Ганна Святаслаўна, князёўна Смаленская і Юліянія (якая яго перажыла), князёўна Альшанская. Не ведаем, ад першай ці ад другой жонкі нарадзілася дачка ягоная Анастасія-Сафія, Вял. Князёўна Маскоўская. Ад другой жонкі Ганны былі яшчэ два сыны Іван і Юрый, якія заставаліся некаторы час закладнікамі у Рыцараў і былі атручаныя імі ў Кенігсбергу. Была яшчэ дачка, па імені Рака[39], жонка літоўскага вяльможы Кармульта.
Ганна была прыкладам рахманасці і дабрадзейнасці. Памяць яе існуе дагэталь у Вільні ў прыгожым і адзіным гатычным касцёле, збудаваным ёю ў імя Св. Ганны. Яна памерла 1 жніўня 1418 года ў Троках, пахаваная ў Віленскім кафедральным Саборы Св. Станіслава, іншыя ж думаюць, што ў Касцёле Св. Ганны; але помніка цяпер нідзе няма. Юліянія памерла ў 1448 годзе, 70 год, у Дамбровіцах пад Львовам, пахаваная ў Вільні ў Касцёле Св. Ганны. В. Кн. Маскоў. Анастасія-Сафія сканала ў Маскве ў глыбокай старасці.
Зноскі
[правіць]- ↑ Іван быў унукам Кейстута, сын старэйшага сына ягонага (ад першай жонкі невядомага імя) Пацірга. Гл. Дамову, заключаную Ягайлам у Kodexie dyplomatycznym litewskim, изд. Гр. Рачинскаго стр. 53
- ↑ Хросны айцец ягонай дачкі
- ↑ Юліяніі ўжо не было з Ягайлам. Але потым яна зноў з’яўляецца ў Літве і, здаецца, заставалася тут да жаніцьбы Ягайлы і перахросту ў Каталіцкую веру. Пасля чаго пастрыглася ў Манахіні з імем Марыі (вось чаму, верагодна, летапісцы так часта змешвалі яе з Марыяй, Княжной Віцебскай, першай жонкай Альгерда), пасялілася ў нейкім манастыры паміж Магілёвам і Рагачовам (павятовы горад Магілёўскай губерні), памерла ў 1392 г. і пахаваная ў Кіеве, у Пячэрскай лаўры. Гл. Степенная книга І., 512: “Въ л. 6900 (1392) преставися въ Литвѣ Княгиня Ольгердова Ульяна, въ мнишескомъ чину Марина, и положена въ Кіевѣ, въ перечи». У Карамзіна 254. Прим. Къ V. Т. Нарбут V., 502. Прызнаемся ў памылцы нашай у Хронологическомъ показаніи достопримѣч. соб. отеч. ист. стр. 25., дзе мы сказалі, што Юліянія пахавана ў Вільні ў Саборы Прасв. Багародзіцы. Мы захапіліся довадамі гістарычных артыкулаў пра Вільню шаноўнага ўсімі аматарамі Літоўскай даўніны. М.Г. ў Wiz. i Roz. Nauk. (Т. 60, ст. 36-37), які грунтаваўся на вядомай падзеі 1815 года, калі пры пераробцы б. Мітрапалічага Сабора ў анатамічны тэатр знойдлзена была срэбная дошка са славянскім надпісам, якая даказвае, што тут пахаваная Юліянія (Wiz. i Roz. Nauk. (XXIII.,44). Але відавочца гэтай падзеі, чалавек вучоны і варты даверу, які дагэтуль жыве ў Вільні, пераканаў нас, што ён бачыў гэтую дошку ўласнымі вачамі і што на ёй быў надпіс не Юліяніі, але Алены Іаанаўны, жонкі Аляксандра, які спачыў у Вільні ў 1513 годзе.
- ↑ Voigt. Hist. Pr. V. 372
- ↑ У Польшчы стараліся не верыць гэтаму падступнаму і жорсткаму ўчынку Ягайлы; але факт гэты не падлягае ніякаму сумніву. Не толькі Кейстут быў забіты па загаду Ягайлы; але ён вынішчыў нават увесь род жаны Кейстута, Біруты. Дзядзька ейны Відымунт і ўнук Бутрым былі пасаджаны на кол. Іншыя пакараныя смерцю. Маёнткі іхныя былі забраныя да скарбу. Бірута была асуджана на ўтапленне; але невядома, якім чынам пазбегла смерці; яна жыла ў Берасці, ў Палангене і ў іншых месцах. Памерла ў 1416 г. Народ шанаваў яе, як багіню і стварыў пад яе імем асаблівага ідала
- ↑ Рачинскій – Cod. dipl. Lith, (1845) Стр. 56, 57 и 59
- ↑ Длугаш, Hist, Pol, p. 126
- ↑ Нарбут, V., 381. Ondyna Drusk. wod ч. І, 16-20
- ↑ Карамзинъ, V., изд. 1842, стр. 73 и прим. 141
- ↑ Тамсама
- ↑ Зрэшты Рыцары ва ўсіх зносінах сваіх з Літоўскімі Князьмі часта называлі іх Каралямі, нават Кейстута, хаця ён быў толькі ўдзельным Князем Трокскім.
- ↑ Вановскій, 1, 235. Зубрицкій, 231.
- ↑ Вановскій. Італьянскі пісьменнік Габелін мяркуе лік забітых з абодвух бакоў да 94 т.
- ↑ Словы летапісаў. Гл. Полевой, V., 223.
- ↑ Высочайшій указъ 30 октября 1794 г. Полное Собр. Зак. Т. XXIII. N. 17, 418
- ↑ Так Наўгародцы і ва Усходняй Расеі называлі Вітаўта
- ↑ Длугаш кн. XI
- ↑ Гл. дагаварную грамату Цвярскога Князя Барыса Аляксандравіча з Вітаўтам, 3 жніўня 1427 года, у Актах, относящихся к Исторіи Зап. Россіи Т. I. N. 33 стр. 46
- ↑ У 1446 годзе ён атрымаў Ханскую годнасць у Крыме і вельмі спрыяў гандлю Літоўскай Русі
- ↑ Паўтораная зрэшты і Вапоўскім
- ↑ Даніловіч мяркуе, што такія могуць яшчэ быць дзесьці адшуканыя. Гл. Статут Казіміра Ягелона ў прадмове X. XI. З пісьмовых граматаў і прывілеяў змешчаны некаторыя ў Актахъ, относящихся къ исторіи Западной Россіи, Т. I. отъ N. 6-35.; а таксама ў Паўночным Архіве за 1824 г. №1, 14, 17. Дыпламатычныя ягоныя зносіны з Рыцарамі і розныя прывілеі змешчаны ў зборы Законаў Літоўскіх, выданых у 1841 г. у Пазнані Графам Дзялынскім і ў Дыпламатычным Кодэксе Літвы выд. у 1845 Графам Эдуардам Рачынскім, у 2-м томе Кодэкса выд. у 1852 г. у Варшаве Ржышчаўскім і Мучкоўскім, і ў Зборніку Wiz. i Boz. Nauk. T. 14 стар. 127 (1840)
- ↑ Акты изд. Археол. Ком. 1., №9., 24.
- ↑ Вітаўт ахвотна выконваў усе абрады веры, але ў багаслоўскіх спрэчках, для якіх запрашаў да сябе навукоўцаў, ахвотна іх слухаючы і часам беручы сам удзел, заўсёды выказваў пэўнае сумненне пра будучае жыццё; такія моцныя былі ў ім паганскія паняцці, атрыманыя ў маленстве. Перад смерцю ж перакананы біскупам Мацеем рашуча адмовіўся ад гэтага нявер’я і пакаяўся ў ім. Нарбут 6, 549.
- ↑ Гл. у канцы артыкула ўказанне межаў яго Гаспадарства.
- ↑ Кіпрыян памёр у 1406
- ↑ Гэтая некаторая рэч – пэўна выдумка. Біскупы пісалі празмерна адкрыта, і таму не маўчалі б, калі маглі штосьці сказаць
- ↑ Акты, изд. Арх. Ком. Т. I., № 23, 33
- ↑ Акты, изд. Арх. Ком. Т. I., № 24, 33
- ↑ Тамсама № 25
- ↑ Ист. Рус. Церкви Е. Р. Ф. III., 1-9. Словарь Ист. I., 99. Карамзин, V. (изд. 1842), 133 и прим. 238. Полевой, V. 254
- ↑ Першы пасля Рыгора быў Місаіл (з роду князёў Пятруцкіх). Ён зваўся мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі
- ↑ Ва ўладанні Вітаўта было 14 цяперашніх губерань: 1, Віленская, 2, Ковенская, 3, Гарадзенская, 4, Мінская, 5, Магілёўская, 6, Віцебская, 7, Кіеўская, 8, Чарнігаўская, 9, Кацярынаслаўская, 10, Херсонская, 11, Падольская, 12, Валынская, 13, Смаленская і 14, Аўгустоўская (у Царстве Польскім). Нарбут. VI., 566
- ↑ 1387 г. Гл. мой артыкул Хрон. пок. дост. Соб. Отеч. Ист. стр. 33
- ↑ Дзякуючы клопатам Вітаўта, Ягайла, нягледзячы на супраціў жонкі сваёй, аддаў за яго сваю дачку Ядвігу. Фрыдэрык быў годным вучнем слаўнага Вітаўта. Ён кіраваў Брандэнбургшчынай з 1440-1471 і атрымаў мянушку Жалезнага. Падобна свайму настаўніку, ён граміў сваіх буяных васалаў і разбураў іхныя замкі, адмыслова зробленай для гэтага гарматаю, якая велічынёю сваёй здзіўляла ўсю Еўропу
- ↑ Burzynski, Zeb. Ws. Sey y Pr. Pol. стр. 12 (1765)
- ↑ Справядліва адзначае знакаміты гісторык Літвы Крашэўскі (стр. 357), што верагодна, самі сенатары польскія параілі гэта Ягайлу, спадзяючыся пагадзіць такім чынам абодва бакі
- ↑ Літоўская кроніка, выд. Нарбутам. Стр. 44
- ↑ У апошні час некаторыя пісьменнікі імкнуцца даказаць, нібыта ў Літве ў XIV стагоддзі ўжо амаль не існавала літоўская мова. Якім жа чынам мова гэтая ўзнікла ў наш час? Безумоўна Руская мова, як урадавая і прыдворная, рознымі шляхамі трапляла і ў хібары Літоўцаў, і пераважна шляхам гандлю з княствамі Русі; літоўскай жа мовы не ўціскаў і не імкнуўся знішчыць ніводны з Вялікіх Князёў Літоўскай Русі за выключэннем хіба Скіргайлы; але ягонае кіраванне было непрацяглым. Цяпер у адной Віленскай губерні гаворыць па-літоўску 388,697 чалавек абодвух полаў, а ўвогуле літоўскага племені, якое гаворыць па-літоўску, разам з жамойтамі і латышамі, Булгарын налічвае да 2,000,000 (Россія, І., 299 (Статистика)
- ↑ Рака – літоўскае імя. Кармульт – продак роду Валадковічаў
Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты.