Перайсці да зместу

Вялікі друг народа

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вялікі друг народа
Артыкул
Аўтар: Якуб Колас
1955
Крыніца: Адам Міцкевіч. Выбраныя творы. - 1955. - с. 3-4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адам Міцкевіч – паэт бунтарскага духу і ўсеабдымнага таленту, які па шырыні свайго ахопу ставіць яго на адну ступень з найвялікшымі геніямі свету. У палавіне жыццёвага шляху паэт быў разлучаны з зямлёй свайго нараджэння і маладосці. Ад таго часу ён становіцца вечным вандроўнікам, пілігрымам, паводле ўласнага паэтычнага азначэння. Але ні на адну хвіліну не гасне ў ім любоў да радзімы, да зняволенага народа. Каля швейцарскіх азёр бачыць ён пакалыхванне хваль роднага Свіцязя, мясцовыя горы нагадваюць яму маляўнічыя ўзгоркі Новагрудчыны, а ў шымным Парыжы ўспамінае ён… «край шчаслівы, убогі і цесны… Як там усё належала нам, як помнім мы ўсё, што абкружала нас: ад ліпы, якая сваёй цудоўнай кронай давала цень дзецям з усяе вёскі, да кожнай ручаіны і каменя».

Любоў гэтая не была вузкай і абмежаванай. Герой паэмы «Дзяды» Конрад узносіцца ў надхмарныя высі, каб здабыць у бога частку яго магутнасці і зрабіць свет шчаслівейшым. Праз вусны Конрада Міцкевіч падкрэслівае:

Я люблю, ды любоў не спачыне На якойсьці сям’і, на адным чалавеку, Як пчала на шыпшыне. Не аддам я любві нават цэламу веку: Я люблю ўвесь народ! …Зваць мяне Міліён, за людзей міліёны Цярпець катаванні мушу.

У «Імправізацыі» выяўляецца бунт супраць нябеснага ўладара і ў яшчэ большай ступені – супраць зямнога.

«Дзень падзення дэспатаў будзе першым днём міру і дружбы народаў», - піша Міцкевіч у «Адозве да рускіх». Аб якіх дэспатах ідзе размова, выразна гаворыцца ў той-жа адозве:

«Заўсёдная варожасць і вайна былі ўвесь час патрэбны толькі дэспатам нашым для таго, каб утрымаць сваё панаванне. Вайною яны адцягвалі ўвагу Расіі ад бяспраўнасці, якая чынілася імі ў краіне».

Гэтыя радкі з’явіліся неўзабаве пасля напісання паэтам маналога Конрада. Як бачым, палітычная праграма Адама Міцкевіча разгортваецца цвёрда і паслядоўна.

Нездарма вялікі Пушкін прачула гаварыў аб марах свайго польскага сабрата – убачыць час, «когда народы, распри позабыв, в великую семью соединятся».

Нашы вялікія папярэднікі Пушкін і Гогаль, Рылееў і Бестужэў, Герцэн і Чэрнышэўскі з павагай адносіліся да таленту Міцкевіча, высока цанілі яго народнасць, яго свабодалюбівыя імкненні.

Нам, сучаснікам, членам вялікай сям’і совецкіх народаў і народаў, звязаных з намі дружбай і мэтай, блізка і дорага слаўнае імя Адама Міцкевіча, яго палымянасць і трыбунная палкасць, яго любоў да чалавека працы, усё, што ўлажыў ён у свае творы, адзначаныя пячаткай высокага таленту.

Народнасць паэзіі Міцкевіча, глыбіня пранікнення паэта ў душу народа, веданне яго дум і спадзяванняў, вуснай творчасці, побыту, прыроды – сапраўды здзіўляе. Міцкевіч уладаў надзвычайным дарам імправізацыі, што сведчыць не толькі аб выключнай здольнасці, а і аб вялікім багацці яго ўнутранага свету. Гэты дар збліжае паэта з народнымі песнярамі, складальнікамі былін, дум, казак і песень. На народнай творчасці грунтуецца яго велічны эпас, - паэмы «Дзяды», «Гражына» і асабліва «Пан Тадэвуш».

Радасна ўсведамляць, што любоў да творчасці народа і веданне яе прывілі Міцкевічу ў маленстве простыя людзі нашай добрай Новагрудчыны, што яго музу многія гады натхнялі беларускія азёры і лясы. Тут ён упершыню пачуў ад жанчыны, якая працавала ў доме бацькоў, песню і казку, палюбіў і запомніў іх, і праз вялікі час, гартаючы зборнікі фальклору, гаварыў, што яму гэта ўсё знаёма, што мог-бы аднавіць усе мелодыі, і папраўляў тэксты песень так, як ведаў іх з маленства. Тут зазнаў ён першае і, можа, адзінае каханне з усімі яго смуткамі і радасцямі. Тут ён на ўсю шырыню маладое душы палюбіў народ.

Пачуццё любві да народа, імкненне да яго вызвалення паглыбіліся, узмужнелі падчас жыцця паэта ў Расіі, дзе яго кругагляд пашырыўся праз уплыў дзекабрыстаў, вялікіх пісьменнікаў, многіх перадавых людзей часу.

Любоў да Радзімы і да народа вызначыла высокія паэтычныя якасці твораў Міцкевіча. Ён пакінуў нам у спадчыну надзвычайную колькасць жывых вобразаў: паднявольных сялян у «Дзядах», дробнай шляхты ў «Пане Тадэвушу». Прырода ў яго баладах і паэмах апісваецца так выразна, так паэтычна, што, здаецца, чуеш шум лісця, гоман ручаіны, паданне снегу, бачыш усходы і захады сонца, красаванне палёў і лугоў.

Адам Міцкевіч – наш добры спадарожнік у новым часе. Бяздомнае вандроўніцтва яго скончана. Як слаўны сын народа, жыве ён у сваёй радзіме, народнай вольнай Польшчы, разам з ёю ідзе ён у новы свет і будзе доўгія вякі спадарожнічаць наступным пакаленням.