Перайсці да зместу

Вялікія чаканні (1940)/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка другая Вялікія чаканні. Частка трэцяя
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1940 год
Арыгінальная назва: Great Expectations (1865)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ


РАЗДЗЕЛ XXXVI

На мне ляжаў важны клопат: трэба было падумаць аб мерах перасцярогі, якімі я мог-бы захаваць ад небяспекі майго страшнага госця.

Таіць яго прысутнасць у маёй кватэры было нямысліма; я ясна ўсведамляў, што ўсякая спроба зрабіць гэта абавязкова павінна была выклікаць падазрэнне. Праўда, лакея ўжо больш не было, але мне прыслужвала яхіднейшая бабулька разам з сваёю пляменніцаю, і калі-б я забараніў гэтым асобам уваходзіць у адзін з маіх пакояў, гэта-б толькі яшчэ больш зацікавіла іх. Каб не выклікаць уражання, быццам у з‘яўленні незнаёмца ў маёй кватэры ёсць нейкая тайна, я рашыў абвясціць ім, што напярэдадні да мяне нечакана прыехаў дзядзя з правінцыі.

Гэтае рашэнне было прынята мною, калі я вобмацкам шукаў запалкі, — было яшчэ зусім цёмна. Доўга я шнарыў па пакоі, але без поспеху, і нарэшце вымушан быў пайсці ў прыбрамную вартоўню папрасіць вартаўніка запаліць мне свечку. Спускаючыся з лесніцы, я наткнуўся ўпацёмку на нейкі прадмет, — то быў чалавек, які прытуліўся ў кутку.

Я запытаўся ў яго, што ён тут робіць. Ён не даў мне ніякага адказу і выслізнуў з маіх рук. Я вопрамеццю кінуўся ў каморку вартаўніка, загадаў яму ісці за сабою і пабег назад, расказваючы на хаду, што эдарылася са мною на лесніцы.

Вецер бушаваў па-ранейшаму. Мы вельмі ўважліва агледзелі ўсю лесніцу зверху данізу, але нікога не знайшлі.

Мяне вельмі непакоіла, што іменна ў гэтую ноч на лесніцы аказаўся нейкі саглядатай. Спадзеючыся атрымаць якое-небудзь тлумачэнне ад вартаўніка, я вынес яму на лесніцу шклянку гарэлкі і запытаўся, ці не ўпускаў ён сёння ўвечары ў Тэмпль якога-небудзь падгуляўшага пана. Вартаўнік адказаў, што ў розны час упусціў трох паноў, якія былі падвыпіўшы; адзін з іх жыве ў двары з фантанам, астатнія два ў завулку, ён кожнага з іх давёў да самага дому. Джэнтльмен, што займаў другую палавіну флігеля, у якім я жыў, некалькі тыдняў таму назад выехаў з горада, і, падымаючыся па лесніцы, мы бачылі замок на яго дзвярах, — значыцца, ён яшчэ не вярнуўся.

— Ніколі яшчэ не здарался мне ўпускаць так мала народу, як сёння, — сказаў нарэшце вартаўнік, вяртаючы мне шклянку, — вельмі ўжо дрэннае было надвор’е, сэр. Пасля вось гэтых трох, аб якіх я вам зараз дакладваў, не магу прыпомніць нікога, апрача незнаёмага джэнтльмена, што гадзін гэтак каля адзінаццаці пытаўся пра вас.

— Гэта мой дзядзя, — прамармытаў я.

— Вы бачылі яго, сэр?

— Так… О, так!

— І таго чалавека, што быў з ім?

— А з ім быў чалавек? — паўтарыў я.

— Мне здалося, што яны прышлі разам. Калі ён спыніўся, каб запытацца ў мяне, дзе вы жывеце, і той спыніўся, а потым, калі ён пайшоў, пайшоў услед за ім.

— Што гэта быў за чалавек?

Яму здалося, што гэта быў просты рабочы, — ён памятае, што на ім была вопратка шэрая, пад колер пылу, а зверху цёмнае паліто, але, па праўдзе сказаць, ён не звярнуў на яго асаблівай увагі.

Распытваць далей было-б неразважліва, і я паспяшыўся адпусціць вартаўніка. Страшэнны непакой ахапіў мяне.

Я расклаў у каміне агонь, — бледным, цмяным полымем гарэў ён у гэты ранні час, — і задрамаў перад ім. Мне здавалася, я праспаў цэлую ноч, калі гадзіннік прабіў усяго шэсць: цэлых паўтары гадзіны заставалася яшчэ да світання.

Я адчыніў акяніцы, паглядзеў на сырую, сумную раніцу, на свінцовае неба, пахадзіў па пакою, прысеў, дрыжучы ад холаду, да каміна і пачаў чакаць прыходу маёй служанкі.

Нарэшце з‘явілася старая з пляменніцаю. Яны вельмі здзівіліся, убачыўшы мяне перад затопленым камінам. Я паведаміў ім, што ў суседнім пакоі спіць мой дзядзя, які прыехаў сёння ўночы, і загадаў ім зрабіць некаторыя дабаўленні да снедання. Пакуль яны перастаўлялі мэблю і падымалі пыл слупам, я памыўся, адзеўся і ў нейкім поўдрымотным стане апынуўся зноў перад камінам, чакаючы, што к снеданню з‘явіцца ён. Праз некаторы час дзверы адчыніліся, і ён увайшоў; я не мог прымусіць сябе зірнуць на яго: пры дзённым асвятленні ён здаўся мне яшчэ горшым.

— Я не ведаю нават, якім імем мне вас зваць, — сказаў я, калі ён сеў за стол. — Я сказаў прыслузе, што вы мой дзядзя.

— Вельмі добра, любы хлопчык, заві мяне дзядзем.

— У часе свайго знаходжання на караблі вы-ж узялі якое-небудзь імя?

— Так, любы хлопчык, я назваў сябе Провісам.

— Вы маеце намер пакінуць за сабой гэтае прозвішча?

— Так, любы хлопчык, яно нічым не горш за іншыя, але, зразумела, калі другое табе больш падабаецца, я гатоў яго перамяніць на другое.

— А як ваша сапраўднае імя? — запытаў я шэптам.

— Мегвіч, — адказаў ён таксама шэптам, — а імя Авель.

— Да чаго вас з дзяцінства прызначалі?

— Мяне прызначалі быць нягоднікам, любы хлопчык, — адказаў ён зусім сур‘ёзна і вымавіў слова «нягоднік» так, як быццам яно азначала якую-небудзь прафесію.

— Калі вы прышлі ў Тэмпль учора ўвечары… — пачаў я і раптам спыніўся, здзіўлены тым, што гэта здарылася толькі ўчора; мне здавалася, што гэта было бог ведае як даўно.

— Дык што-ж, мой любы?

— Калі вы ўчора прышлі ў Тэмпль і пыталіся ў вартаўніка, як прайсці, быў хто-небудзь з вамі?

— Са мною? Не, нікога не было, любы хлопчык.

— Але ў вароты ўвайшоў хто-небудзь разам з вамі?

— Я не звярнуў увагі, — вымавіў ён з некаторым сумненнем. — Здаецца, нехта ўвайшоў са мною.

— Ці ведаюць, што вы ў Лондане?

— Спадзяюся, што не, — адказаў ён, праводзячы пальцам кругом шыі.

Ад гэтага жэсту мяне кінула ў жар і холад.

— Раней вы былі вядомы ў Лондане?

— Тут мяне мала ведалі, я больш бываў у правінцыі.

— А судзілі вас… у Лондане?..

Ён запытаўся, хітра паглядзеўшы:

— Каторы раз?

— Апошні?

Ён пацвярджальна кіўнуў галавою.

— Так, у Лондане. Тады я і пазнаёміўся з Джагерсам. Ён мяне абараняў.

У мяне на языку круцілася пытанне, за што яго судзілі, алё ён узяў са стала нож і, апісаўшы ім у паветры круг, накінуўся на снеданне, кажучы:

— Што-б я ні зрабіў, з мяне спагнана, і мы квіты.

Ён еў з такою прагнасцю, што непрыемна было глядзець.

Калі-б у мяне быў хоць які-небудзь апетыт, у той час як я садзіўся за стол, цяпер ён прапаў-бы канчаткова: я сядзеў, з агідаю адвярнуўшыся ад свайго жахлівага суседа і панура ўзіраючыся на абрус.

— Я вельмі шмат ем, любы хлопчык, — сказаў ён пасля снедання, нібы просячы прабачэння. — Я заўсёды быў такі; калі-б я еў менш, мне было-б куды лягчэй. Вось і без люлечкі таксама не магу абыйсціся. Калі я ўпершыню наняўся за пастуха на тым паўшар‘і, я ад нуды сам-бы ператварыўся ў дурнога барана, калі-б пры мне не было люлькі.

З гэтымі словамі ён устаў з-за стала і, запусціўшы руку ў бакавую кішэню свайго гарохавага сурдута, дастаў адтуль кароценькую пракопчаную люльку і жменю таннага табаку, так званага негрыцянскага. Набіўшы люльку, ён высыпаў астатні табак назад у кішэню, нібы ў скрынку, выцягнуў шчыпцамі з агню палаючы вугаль, раскурыў люльку і, стаўшы на каўры спіною да каміна, па сваёй улюбёнай прывычцы схапіў абедзве мае рукі ў свае.

— Дык вось ён, джэнтльмен, якога я стварыў, — праказаў ён, гойдаючы сваімі рукамі ўверх і ўніз і папыхваючы люлькаю. — Сапраўдны джэнтльмен, першы сорт. Калі-б ты ведаў, якая для мяне прыемнасць глядзець на цябе, Піп! Усё жыццё стаяў-бы так і глядзеў на цябе, любы хлопчык, больш мне нічога не трэба.

Як толькі з‘явілася магчымасць, я вызваліў свае рукі.

— Не хочу я, каб мой джэнтльмен хадзіў пехатою па брудных вуліцах. На яго ботах не павінна быць гразі. Мой джэнтльмен, Піп, павінен завесці коней, у яго павінны быць і верхавыя, і ўпражныя, для яго самога і для прыслугі. Каланісты трымаюць коней — і яшчэ якіх: чыстакроўных! — а каб у майго лонданскага джэнтльмена іх не было? Як-жа, чакайце! Мы пакажам ім сябе, Піп, ці не так, дружа мой?

Ён дастаў з кішэні вялізны, туга набіты бумажнік і кінуў яго на стол.

— Спыніцеся, мне трэба пагаварыць з вамі! — усклікнуў я, ледзь не трацячы прытомнасці ад страху і агіды. — Я хочу ведаць, што мне трэба зрабіць, каб папярэдзіць пагражаючую вам небяспеку.

— Любы хлопчык, небяспека зусім не такая вялікая, каб варта было аб ёй непакоіцца. А пакуль на мяне не данясуць, і зусім няма ніякай небяспекі. Джагерс, Вемік ды ты — вось усе, каму вядома. Хто-ж пачне даносіць.

— Хіба няма такіх асоб, якія могуць вас пазнаць на вуліцы?

— Ну, іх-то нямнога. Я-ж не маю намеру аб‘яўляць у газетах, што ў Англію прыбыў Авель Мегвіч з Батані Бея. З таго часу прайшло шмат гадоў, ды і каму якая карысць выкрываць мяне? І вось што яшчэ я скажу табе, Піп: калі-б небяспека была ў пяцьдзесят разоў большая, я ўсё-такі прыехаў-бы пабачыць цябе. Так, Піп. Зарубі гэта сабе на носе.

— А ці надоўга вы сюды прыехалі?

— Ці надоўга?

Ён выняў люльку і паглядзеў на мяне, разявіўшы рот.

— Ды я зусім не збіраюся адсюль выязджаць. Я прыехаў назаўсёды.

— Дзе-ж вы будзеце жыць? Што мне з вамі рабіць? Як уладзіць вас так, каб вам не пагражала небяспека?

— Любы хлопчык, за грошы можна дастаць парыкі, якія змяняюць чалавека да непазнавальнасці. А накладныя бароды, а акуляры, а розныя касцюмы? Ды ці мала яшчэ што! Удаваліся-ж такія ператварэнні шмат каму раней за мяне, а што ўдалося адзін раз, можа ўдасца і другі. А дзе і як мне жыць, гэта ўжо ты сам вырашай, мой любы.

— Сёння вы вельмі лёгка адносіцеся да гэтага пытання, учора вы надавалі яму больш сур‘ёзнае значэнне; вы казалі, што, вярнуўшыся сюды, вы ставіце сваё жыццё ў небяспечнае становішча.

— Яно так і ёсць, і цяпер скажу, — праказаў ён, засоўваючы зноў люльку ў рот. — Мне пагражае смерць, мяне павесяць на суседняй плошчы. Але што-ж з таго? Справа зроблена, я тут. Варочацца назад цяпер не лепш, чым заставацца тут, нават, бадай што яшчэ гарш. Аднак даволі, дай мне яшчэ разок паглядзець на майго джэнтльмена.

Зноў ён схапіў мае рукі ў свае і спыніў свой позірк на мне з выглядам чалавека, які любуецца належачай яму рэччу, і ў той-жа час не пакідаў з асалодаю смактаць сваю люльку.

Самае лепшае, што, па-мойму, я мог для яго зрабіць, гэта падшукаць непадалёку якое-небудзь ціхае жыллё, дзе-б ён мог пасяліцца, пакуль Герберт вернецца, — я чакаў яго прыезду праз два-тры дні. У тым, што майму прыяцелю прыдзецца адкрыць таямніцу, я ніколькі не сумняваўся: гэта было неабходна і немінуча, не кажучы ўжо аб той палёгцы, якую я атрымаў-бы, раздзяліўшы з ім маё гора. Але містэру Провісу (я рашыў называць яго так) ніяк нельга было гэтага растлумачыць. Ён упёрся на тым, што не згодзіцца зрабіць майго друга ўдзельнікам таямніцы, пакуль не ўбачыць яго ўласнымі вачыма; і толькі ў тым выпадку, калі фізіяномія Герберта яму спадабаецца, зробіць ласку даць сваю згоду.

— Але і тады, мой любы, мы прымусім яго прысягнуць, — заключыў ён, дастаючы з кішэні маленькую зашмальцаваную біблію ў чорным пераплёце з меднымі засцёжкамі.

Убачыўшы яе, я ўспомніў, як шмат гадоў таму назад ён прымусіў мяне паклясціся ў вернасці на могілках і як учора ён расказваў, што ў ссылцы безупынна кляўся выканаць задуманы план.

Я ведаў у Эсекс-Стрыт вельмі прыстойны дом з мэбліраванымі кватэрамі; заднім фасадам ён быў звернут да Тэмпля і знаходзіўся так блізка ад майго жылля, што можна было перагаварвацца з акна ў акно. Перш за ўсё я пайшоў у гэты дом; на шчасце, на другім паверсе аказалася свабодная кватэра, і мне ўдалося наняць яе для майго дзядзі Провіса; потым я купіў у крамах усё неабходнае для яго туалета і, пакончыўшы з гэтымі клопатамі, завярнуў у Літль-Брытэн па сваёй ужо асабістай справе. Містэр Джагерс сядзеў за пісьмовым сталом, калі я ўвайшоў, але, убачыўшы мяне, зараз-жа ўстаў і падышоў да каміна.

— Ну, Піп, — праказаў ён, — трымайце вуха востра.

— Пастараюся, сэр, — адказаў я (ідучы да яго, я абдумаў, як весці з ім гутарку).

— Не падвядзіце ні сябе, ні другіх, — казаў далей містэр Джагерс. — Ні другіх — разумееце? Не гаварыце мне ні аб чым. Мне нічога не трэба ведаць, я не з цікаўных.

Вядома, я зразумеў, што містэр Джагерс ужо ведае аб прыбыцці Мегвіча.

— Містэр Джагерс, я хацеў-бы мець толькі пацверджанне. Ці праўда тое, што мне сказалі? У тым, што гэта праўда, я амаль не сумняваюся, але мне хацелася-б ведаць напэўна.

— Дазвольце, як вы выразіліся: мне сказалі, ці мяне паведамілі? — запытаўся містэр Джагерс, не гледзячы на мяне, а апусціўшы вочы і схіляючы галаву набок з такім выглядам, быццам да чагосьці прыслухоўваўся. — Слова «сказалі» мае на ўвазе вуснае паведамленне, а вы, разумеецца, не маглі мець гутаркі з чалавекам, які пражывае ў Новым Паўднёвым Валісе.

— Містэр Джагерс, мне трэба было сказаць: мяне паведамілі.

— Добра.

— Мяне паведаміў нехта па імені Авель Мегвіч, што ён і ёсць той дабрадзей, які так доўга заставаўся мне невядомы.

— Так, ваш дабрадзей іменна названая асоба, якая пражывае ў Новым Паўднёвым Валісе. Вемік паведаміў мне, — казаў далей містэр Джагерс, усё яшчэ пільна гледзячы на мяне, — што ён атрымаў пісьмо з Портсмута ад нейкага каланіста, па прозвішчу, як яго — Парвіса…

— Провіса, — падказаў я.

— Дзякую вам. Так, ад Провіса. Ён атрымаў пісьмо з Портсмута ад каланіста, па прозвішчу Провіс, які даведваўся аб вашым адрасе для Мегвіча. Вемік, наколькі мне вядома, паслаў гэтаму Провісу ваш адрас з наступнай поштай. Напэўна, ад гэтага Провіса вы і атрымалі вестку пра Мегвіча, які знаходзіцца ў Новым Паўднёвым Валісе?

— Так, я атрымаў вестку аб ім ад Провіса, — адказаў я.

— Да пабачэння, Піп, — сказаў містэр Джагерс, працягваючы мне руку. — Вельмі рад быў бачыцца з вамі. Калі будзеце пісаць Мегвічу ў Новы Паўднёвы Валіс ці зносіцца з ім праз Провіса, калі ласка, перадайце яму, што падрабязную справаздачу і ўсе распіскі па вашых рахунках будуць прысланы вам разам з сумай, якая засталася, — бо пры балансе яшчэ ёсць у астатку некаторая сума. Да пабачэння, Піп.

Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Ён не зводзіў з мяне вачэй; нават падыходзячы да дзвярэй, я адчуваў на сабе яго пільны погляд.

Веміка не было на яго звычайным месцы, ды, калі-б ён і быў, ён не змог нічым-бы мне дапамагчы. Ад Джагерса я пайшоў проста да сябе ў Тэмпль і застаў свайго госця зусім спакойна распіваючым грог і сасучым сваю насагрэйку.

На наступны дзень былі прынесены заказаныя мною плацці, і ён прыбраўся ў новае. Але, што-б ён на сябе ні надзяваў, усё ішло да яго як да каравы сядло, ва ўсякім новым плацці ён быў яшчэ горш, чым у ранейшым, прынамсі так мне здавалася.

Калі ён не спаў, ён вымаў з кішэні зашмальцаваныя карты, раскладваў нейкі складаны пасьянс (такога пасьянса я ні раней, ні пасля не бачыў) і ўсякі раз, як ён выходзіў, рабіў на стале адзнаку сваім складным нажом. Ці, калі карты не выцягваліся, ён прасіў мяне пачытаць «з чужаземнай кніжкі». Ён не разумеў ні слова з таго, што я чытаў, але станавіўся ля каміна і глядзеў на мяне з выразам трымацеля музея рэдкасцей, паказваючага публіцы якое-небудзь незвычайнае дзіва. Паглядаючы зрэдку на яго скрозь пальцы рукі, якою я прыкрываў твар, я бачыў, як ён звяртаўся з рознымі жэстамі да сталоў і крэслаў, запрашаючы іх звярнуць увагу на маё майстэрства.

З хвіліны на хвіліну я чакаў Герберта і не адважваўся выходзіць з дому; толькі цёмнымі вечарамі я выводзіў Провіса падыхаць чыстым паветрам.

Аднаго разу ўвечары, змучаны бяссонніцаю, якая перамешвалася са снамі, я задрамаў у крэсле. Раптам мяне разбудзілі знаёмыя крокі на лесніцы. Провіс, які таксама спаў, пачуўшы шум, умомант ускочыў, і я ўбачыў, як у яго руцэ бліснуў складны нож.

— Супакойцеся, гэта Герберт! — ускрыкнуў я, і ў тую-ж хвіліну ў пакой уварваўся Герберт, уносячы з сабою струмень свежасці і весялосці пасля свайго падарожжа па Францыі.

— Любы Гендзель! Добры вечар, добры вечар і яшчэ раз добры вечар! Мне здаецца, што цэлы год мінуў з таго часу, як мы з табою рассталіся. Ды, як відаць, так было і сапраўды, таму што ты паспеў пахудзець і пабляднець. Што з табою, Гендзель мой?.. Выбачайце!

Ён змоўк і выпусціў маю руку, заўважыўшы Провіса. Провіс, які разглядаў яго з прагнаю ўвагаю, павольна апусціў нож у адну з сваіх кішэняў і пачаў шарыць у другой.

Герберт стаяў, раскрыўшы вочы і нічога не разумеючы. Я шчыльней замкнуў дзверы і сказаў:

— Любы дружа, здарыліся дзіўныя рэчы. Гэта… мой госць.

— Усё як нельга лепш, любы хлопчык, — перапыніў мяне Провіс, выходзячы ўперад з маленькаю чорнаю бібліяй у руках і, звярнуўшыся да Герберта, сказаў:

— Вазьміце яе ў правую руку. Няхай заб‘е вас госпад бог раптоўнай смерцю, калі вы як-небудзь прагаворыцеся. Пацалуйце.

— Выканай яго просьбу, — сказаў я Герберту.

Герберт, які глядзеў на мяне з некатораю трывогай і здзіўленнем, пацалаваў біблію. Провіс моцна паціснуў яму руку, кажучы:

— Памятайце, вы цяпер звязаны клятваю. І верце майму слову: Піп з вас таксама зробіць джэнтльмена!


РАЗДЗЕЛ XXXVII

Цяжка апісаць, як здзівіўся і занепакоіўся Герберт, калі, пасадзіўшы яго побач з намі ля каміна, я расказаў яму, у чым справа. Скажу толькі, што я бачыў на яго твары адлюстраванне маіх уласных пачуццяў аж да агіднасці, якую я адчуваў да свайго дабрадзея.

Пакуль Провіс быў з намі, мы ўвесь час сядзелі як на іголках, а ён як знарок не ўходзіў да позняй ночы, яму, відавочна, не хацелася пакідаць нас удвух, — рэўнаваў ён мяне да Герберта, ці што! Было ўжо а першай гадзіне ночы, калі я адвёў яго ў Эсекс- Стрыт і развітаўся з ім на парозе яго кватэры.

Убачыўшы, як за ім зачыніліся дзверы, я ў першы раз пасля яго паяўлення з палёгкаю ўздыхнуў.

Непрыемная сустрэча з падазроным чалавекам на лесніцы не выходзіла ў мяне з галавы; вось чаму, калі вечарамі я выводзіў свайго госця на прагулку ці вяртаўся з ім назад, я ўсякі раз трывожна азіраўся навокал; цяпер я зрабіў тое-ж самае.

У вялікім горадзе цяжка пазбавіцца ад падазрэння, што за табою сочаць, калі ведаеш, што табе можа пагражаць гэтая небяспека, але напэўна сцвярджаць, што за мною хто-небудзь сочыць, я не меў ніякіх падстаў; з рэдкіх прахожых, якія з намі сустракаліся, як відаць, ніхто не звяртаў на нас ніякай увагі, кожны быў заняты сваёй справаю і ішоў сваёю дарогаю: калі-ж я вяртаўся назад у Тэмпль, вуліца была зусім пустая. Ніхто не выходзіў за намі ўслед з варот Тэмпля, ніхто не ўваходзіў цяпер са мною. Праходзячы міма фантана, я кінуў погляд на кватэру Провіса, — вокны ў яго свяціліся ясным, спакойным святлом.

Перш чым падняцца да сябе, я некалькі хвілін прыслухоўваўся: ва ўсім Гардэн-Корце была такая-ж мёртвая цішыня, як і ў доме.

Герберт кінуўся мне насустрач і моцна абняў мяне, цяпер толькі я цалкам ацаніў, якое шчасце мець друга. Ён паспачуваў мне, затым прымусіў мяне сесці, і мы пачалі абмяркоўваць важнае пытанне: што рабіць?

— Што-ж рабіць, што рабіць? — сказаў я Герберту, калі ён нарэшце сеў побач са мною.

— Мілы, бедны Гендзель! — праказаў ён, хапаючыся за галаву. — Я не магу ні аб чым думаць ад празмернага ўражання.

— Тое-ж было і са мною, калі на мяне абрушыўся гэты ўдар. Аднак трэба-ж прыняць якія-небудзь меры: у яго ў галаве цяпер коні, экіпажы і іншыя безразважныя траты; трэба-ж як-небудзь яго спыніць.

— Ты лічыш немагчымым прымаць…

— Сам памяркуй, ці магу я? — вырвалася ў мяне. — Падумай аб ім, зірні на яго!

Мы абодва здрыгануліся ад агіды.

— Адно мяне пужае, Герберт: гэта яго моцная прыхільнасць да мяне. Якая насмешка лёсу!

— Мілы, бедны Гендзель, — паўтарыў Герберт. — Пакуль ён знаходзіцца ў Англіі, ты ў яго руках: калі ты яго кінеш, ён абавязкова аддасца ў рукі паліцыі.

Гэтая-ж думка мучыла мяне, як толькі я сустрэўся з ім; калі яна прыходзіла мне ў галаву, я пачынаў глядзець на сябе як на яго забойцу. У жаху ўскочыў я з крэсла і забегаў па пакою.

Я адказаў Герберту, што нават у тым выпадку, калі Провіс не сам сябе выдасць, а яго знойдуць і арыштуюць, я ўсё-такі буду ў роспачы, паколькі прычынаю катастрофы буду ўсё-такі я, хоць адбудзецца яна і не па маёй віне.

— Так, калі гэта здарыцца, я буду адчуваць сябе страшэнна няшчасным, — заключыў я, — хоць я няшчасны і цяпер, калі ён на волі, калі ён каля мяне. Ах, лепш-бы мне ўсё жыццё аставацца работнікам у кузні Джо, чым перажываць такія хвіліны!

Але, як-бы там ні было, а пытанне, што рабіць, усё-ж не было вырашана.

— Першае, самае галоўнае, што трэба зрабіць, гэта вывезці яго з Англіі, — сказаў Герберт. Калі ты згодзішся паехаць разам з ім, яго лёгка можна будзе ўгаварыць.

— Але, куды-б я яго ні завёз, я не здолею перашкодзіць яго звароту, у выпадку калі ёй пажадае вярнуцца.

Герберт узяў мяне пад руку і пачаў павольна хадзіць са мною па пакою. Мы хадзілі, не падымаючы вачэй; можна было падумаць, што мы ўважліва вывучаем малюнак каўра.

— Гендзель, — сказаў ён, раптоўна спыняючыся, — ты зусім упэўнен, што не можаш далей карыстацца яго шчодрасцю?

— Зусім упэўнен. І ты, вядома, рашыў-бы таксама, калі-б быў на маім месцы.

— Ты канчаткова ўпэўнен, што павінен парваць з ім ранейшыя адносіны?

— Герберт, ці можаш ты сумнявацца ў гэтым?

— Але ты даражыш і, вядома, абавязан даражыць яго жыццём, якім ён рыскаваў дзеля цябе, і лічыш абавязкам утрымліваць яго ад усякага небяспечнага кроку. Значыцца, няма чаго і думаць аб сваім вызваленні, раней чым ты не ўдаліш яго з Англіі. Але як толькі ты яго сплавіш, дзеля бога, выпутвайся хутчэй сам, і тады ўжо мы разам абмяркуем, за што табе ўзяцца.

Пасля гэтых слоў мы паціснулі адзін аднаму рукі і моўчкі прайшліся некалькі разоў па пакою; але якім уцяшэннем быў для мяне гэты сяброўскі поціск рукі!

— Цяпер, Герберт, на чарзе стаіць другое пытанне: як нам зрабіць, каб даведацца пра яго гісторыю? Я ведаю ўсяго адзін спосаб: проста папрасіць яго расказаць нам сваё жыццё.

— Добра, — сказаў Герберт. — Папрасі яго аб гэтым заўтра-ж, за снеданнем. (Провіс сказаў на развітанне, што прыдзе да нас на другі дзень снедаць.)

Провіс прышоў у назначаную гадзіну, дастаў свой складаны нож і ўзяўся за яду. Ён паведаміў нам мноства планаў адносна свайго джэнтльмена, які павінен неадкладна «развярнуцца на ўсю», як належыць сапраўднаму джэнтльмену, і настойваў, каб я хутчэй «трасянуў» бумажнікам, пакінутым у маім распараджэнні. Ён глядзеў на маю тэмпльскую кватэру і на сваю цяперашнюю як на часовае месцазнаходжанне і раіў мне неадкладна «прыгледзець» каля Гайд-парка «які-цебудзь панскі палац», дзе-б не сорамна было жыць джэнтльмену і дзе-б і для яго знайшлося месцейка. Калі, паснедаўшы, ён выціраў нож аб калена, я сказаў без усякай прадмовы:

— Учора, пасля вашага ўходу, я расказаў майму прыяцелю пра бойку, сведкамі якой мы былі там, на балоце, калі вас знайшлі салдаты. Памятаеце?

— Як не памятаць!

— Нам хацелася-б ведаць што-небудзь пра таго чалавека і пра вас; дзіўна, што я да гэтага часу так мала ведаю пра вас абодвух, і асабліва гэта дзіўна ў адносінах да вас. Бо тое, што я расказаў учора — гэта ўсё, што мне пра вас вядома, а не шкодзіла-б ведаць нам і больш. Хвіліна цяпер самая падыходзячая.

— Добра, — праказаў Провіс, падумаўшы. — Таварыш Піпа, памятайце, што вы знаходзіцеся пад прысягаю.

— Памятаю, — адказаў Герберт.

— Гэта прысяга адносіцца да ўсяго, што вы зараз пачуеце, — упарта дадаў Провіс. — Да ўсяго. Разумееце?

— Разумею.

— І памятайце: што-б я ні зрабіў, я за ўсё разлічыўся, усё з мяне спагнана.

— Буду памятаць.

Абапёршыся рукамі аб калені, Провіс з хвіліну насупіўшыся глядзеў на агонь, потым павярнуўся да нас і пачаў.


РАЗДЗЕЛ XXXVIII

«Любы мой хлопчык і вы, таварыш Піпа! Не буду расказваць вам маё жыццё з рознымі там прыкрасамі, нібы казку якую-небудзь. Яго можна змясціць у двух словах: з турмы ў турму, у турму з турмы, — коратка і ясна.

«Я ведаю, што мяне завуць Мегвіч, а пры хрышчэнні далі імя Авеля. Як я аб гэтым даведаўся? Ды таксама, як ведаў, што адну птушку завуць зяблікам, другую вераб‘ём, трэцюю драздом; магло здарыцца, што ўсё гэта хлусня, але птушкі і сапраўды так зваліся, значыць, рашыў я, і маё імя сапраўднае.

«Я рос, бадзяючыся, жабруючы, крадучы, працуючы, калі набяжыць якая-небудзь работа, — хоць гэта і не так часта бывала, як вы, можа быць, думаеце, ды і вы самі, сазнайцеся ад шчырага сэрца, ці ахвотна-б далі мне работу? Перабываў я і браканьерам, і чорнарабочым, рамізнікам, касцом, разносчыкам, перапрабаваў усякія заняткі, якія заработку даюць мала, а працы патрабуюць шмат, і вось паступова зрабіўся дарослым мужчынам. Салдат-дэзертыр, які хаваўся ля прыдарожнага шынка ў бульбянай кучы, навучыў мяне чытаць, велікан з кірмашовага балагана, які атрымліваў ад публікі пені за кожны свой подпіс, навучыў мяне пісаць. Цяпер мяне трымалі на замку ўжо не так часта, як раней, але ўсё-ж здаралася часам і цяпер турэмным замкам на мяне папрацаваць.

«Гадоў дваццаць таму назад, на Эпсомскіх скачках я пазнаёміўся з адным чалавекам, якому праламаў-бы чэрап, як арэхавую шкарлупу, вось гэтаю качаргою, каб ён быў зараз тут перада мною. Сапраўднае яго імя было Кампісон; яго вось, мой любы, я і душыў тады ў канаве, калі ты нас бачыў.

«Ён корчыў з сябе джэнтльмена, Кампісон гэты атрымаў адукацыю ў благародным пансіёне; гаворка ў яго была мядовая, манеры панскія, па гэтай часці ён быў вялікі майстар і выгляд меў таксама не дрэнны. Я з ім упершыню сустрэўся ўвечары, напярэдадні галоўных скачак, на плошчы за іпадромам, у адным бараку, які мне быў добра вядомы, Калі я ўвайшоў, ён з вялікай кампаніяй сядзеў за сталом; гаспадар паклікаў яго і сказаў, паказваючы на мяне: «Мне здаецца, гэты чалавек для вас падыйдзе».

«Кампісон уважліва агледзеў мяне, я таксама агледзеў яго: на ім быў гадзіннік з ланцужком, пярсцёнак, залатая шпілька, плацце дарагое і з іголачкі.

«— Мяркуючы па знадворнаму выгляду, вам не шанцуе ў жыцці, — сказаў мне Кампісон.

«— Мне ніколі не шанцавала, судар. (Сапраўды, я тады толькі што вышаў з Кінгстонскай турмы, дзе адседжваў за брадзяжніцтва: мяне маглі-б упячы туды і за што-небудзь горшае, але на гэты раз я, апрача брадзяжніцтва, ні ў чым не правініўся.)

«— Шчасце мяняецца, — праказаў Кампісон, — быць можа, ваш лёс зменіцца к лепшаму.

«— Будзем спадзявацца, — сказаў я. — Пара-б ужо.

«— Што вы ўмееце рабіць? — запытаўся Кампісон.

«— Есці і піць, — адказаў я, — калі вы будзеце пастаўляць матэрыял.

«Кампісон засмяяўся, яшчэ раз акінуў мяне ўважалівым позіркам, даў мне пяць шылінгаў і назначыў з‘явіцца заўтра ўвечары ва ўмоўленае месца; на другі дзень я з‘явіўся, куды трэба было, і Кампісон узяў мяне да сябе ў памочнікі і кампаньёны. Што-ж гэта былі за справы ў Кампісона, у якіх ён узяў мяне ўдзельнікам, запытаеце вы. А справы гэтыя былі: машэнніцтвы, падробкі вексялёў і розных подпісаў, збыт крадзеных асігнацый і таму падобнае. У яго столькі-ж было падобнае. У яго столькі-ж было пачуцця, як у жалезнай пілы, ён быў халодны, як смерць, а разумны, як д‘ябал, аб якім мне стоькі нацвярдзілі набожныя людзі.

«У Кампісона быў другі таварыш, па імені Артур: не думайце, што гэта было яго сапраўднае імя, не, гэта была мянушка. У яго былі сухоты, і ўвесь ён быў скура ды косці. За некалькі гадоў перад тым яны з Кампісонам змайстравалі адну дрэнную справу, пажывіліся каля нейкай багатай лэдзі і загрэблі кучу грошай, але Кампісон быў карцёжнік, гуляў з размахам і спусціў усё чыста. Артур паміраў у галечы і перад смерцю мучыўся жахлівымі зданямі; жонка Кампісона — як-жа Кампісон біў яе! — шкадавала яго, наколькі магла, але ў Кампісона не было жалю ні да каго.

«Прыклад Артура мог-бы перасцерагчы мяне, але я яго не скарыстаў; запэўніваць вас, што сумленне ва мне загаварыла, не буду, — якая карысць? Такім чынам, я пачаў дапамагаць Кампісону, але я быў толькі нікчэмнай зброяй у яго руках. Артур жыў на чардаку ў доме Кампісона; гэты дом быў недалёка ад Брэнтфорда. Кампісон запісваў акуратна, колькі ён яму вінават за стол і кватэру, каб вылічыць з заработнай платы, калі ён паправіцца. Але Артур вельмі хутка зусім расквітаўся з жыццём.

«Кампісон быў задаволены, што смерць іх развязала. Неўзабаве мы з ім узяліся за справы. Хітрая бестыя! Перш за ўсё ён прымусіў мяне прысягнуць у вернасці над маёю ўласнай бібляй, вось над маленькай чорнаю кніжкай, над якою прысягнуў твой таварыш, мой любы хлопчык.

«Час, пражыты мною з Кампісонам, быў самым цяжкім у маім жыцці — гэтым усё сказана. Ці расказваць вам, як мяне аднаго цягалі ў суд за злачынствы, у якіх удзельнічалі мы абодва.

«Запомніце толькі, што мяне судзілі і прыгавор прыводзілі ў выкананне. Нарэшце нас абодвух аддалі пад суд за крымінальнае злачынства. Абвінавачваліся мы ў тым, што збывалі крадзеныя банкавыя білеты, і, апрача таго, яшчэ ў іншых злачынствах. Кампісон і кажа мне: будзем абараняцца кожны паасобку, каб утаіць усякі хаўрус паміж намі. Сказана — зроблена. Гэтай парадаю ён і абмежаваўся, а я быў у такім убогім становішчы, што прышлося распрадаць усё плацце, што насіў, каб узяць Джагерса; на плячах толькі засталася сякая-такая вопратка.

«Калі нас абодвух пасадзілі на лаву падсудных, я зараз-жа заўважыў, што Кампісон са сваімі кучаравымі валасамі, франтоўскаю чорнаю параю і белаю хустачкай здаваўся сапраўдным джэнтльменам, а я побач з ім меў выгляд сапраўднага жуліка.

«Прачыталі абвінаваўчы акт, выклікалі сведак. Тут я заўважыў, што зноў увесь цяжар абвінавачання кладзецца на мяне, а яго датычыць вельмі мала.

«Ну, і прызначылі Кампісону сем гадоў, а мяне закацілі на цэлых чатырнаццаць, ды прытым яшчэ суддзя выказаў жаль, таму што з яго мог-бы выйсці добры чалавек, а ва мне бачылі закаранелага, непапраўнага злачынца, які, напэўна, кепска скончыць.

«Я паабяцаў Кампісону збіць яму морду і даў сабе слова абавязкова гэта зрабіць. Толькі як ні стараўся, ніяк не мог да яго дабрацца, хоць мы з ім і былі на адным пантоне. Нарэшце мне ўдалося падкрасціся да яго ззаду і ўдарыць яго ў шчаку, так што ён павярнуўся, а потым я як належыць расквасіў яму морду. Мяне заўважылі і пасадзілі ў карцэр. Пантонны карцэр не вельмі страшны для чалавека, які прызвычаіўся да арыштанцкіх, ды прытым умее плаваць і ныраць. Я ўцёк і хаваўся на беразе, паміж магіламі, зайздросцячы тым, хто ў іх ляжыць і для каго ўсё ў жыцці скончана. Тут вось упершыню я і ўбачыў майго любага хлопчыка». — Ён паглядзеў на мяне з такім замілаваннем, што ўся мая агіда ўваскрэсла з ранейшай сілаю, хоць расказ яго і выклікаў ва мне спачуванне.

«Ад майго любага хлопчыка я даведаўся, што Кампісон таксама хаваецца ў балотах. Я амаль упэўнен, што ён уцёк выключна са страху, каб пазбавіцца ад мяне, — ён не ведаў, што я знаходжуся на беразе. Я знайшоў яго і расквасіў яму морду. «А цяпер, каб табе зрабіць поўную ласку, сказаў я, — я дастаўлю цябе зноў у турму. За сябе я не баюся, мне ўсёроўна, што са мною будзе». І калі-б патрэбна было, я за валасы пацягнуў-бы яго ўплаў і прадставіў у турму без дапамогі салдат.

«Зразумела, нарэшце ён і тут удачліва выкруціўся — ён-жа карыстаўся добраю рэпутацыяй! Ён рашыўся ўцячы ў поўвар‘яцкім стане, напалоханы маімі замахамі на яго жыццё, — так растлумачылі яго ўцёкі; і яго лёгка пакаралі, мяне-ж закавалі ў кайданы, другі раз судзілі і прыгаварылі да пажыццёвай ссылкі. Але я не астаўся там на ўсё жыццё, любы хлопчык і таварыш Піпа, вось я цяпер тут».

Ён абцёр пот з твара, галавы, шыі і рук, павольна дастаў шчапотку тытуну з кішэні, выняў люльку з пятліцы сурдута, павольна набіў яе і закурыў.

— Памёр ён? — запытаўся я.

— Хто, мой любы?

— Кампісон.

— Ён ад усяе душы мне гэтага жадае, у гэтым можаце быць упэўнены, — праказаў Провіс з раз‘юшаным выглядам. — Мусіць, ён яшчэ жыве; але з таго часу я ніколі больш аб ім не чуў. Герберт напісаў нешта алоўкам на вокладцы кнігі, якая ляжала на стале. Калі Провіс са сваёю люлькаю адышоў да каміна і накіраваў вочы на агонь, Герберт падсунуў да мяне гэтую кнігу, і я прачытаў:

«Маладога Гевішама звалі Артур. Кампісон — прозвішча таго чалавека, які прыкінуўся закаханым у міс Гевішам».

Я ў адказ на гэта лёгка кіўнуў галавою і, захлопнуўшы кнігу, адклаў яе ўбок.


РАЗДЗЕЛ XXXIX

Расказ Провіса прабудзіў ва мне новую трывогу, або, дакладней, зрабіў больш яснымі мае ранейшыя трывогі; цяпер я амаль не сумняваўся, чаго можна чакаць, калі Кампісон яшчэ жыве і даведаецца аб яго звароце. Што Кампісон яго да смерці баяўся, аб гэтым, вядома, ніхто не ведаў лепш за мяне; што такі чалавек, якім, па апісанню, быў Кампісон, не задумаецца пусціць у ход такі лёгкі і пэўны сродак, як данос, каб назаўсёды пазбавіцца ад свайго смяртэльнага ворага, у гэтым я ні хвіліны не сумняваўся.

Само сабою зразумела, я ні слова не гаварыў Провісу пра Эстэлу і рашыў ніколі не гаварыць, але Герберту, калі мы з ім асталіся ўвечары адны, я сказаў, што перад ад‘ездам за граніцу я хачу абавязкова пабачыць Эстэлу і міс Гевішам. Я рашыў на наступны-ж дзень ехаць у Рычмонд. Так я і зрабіў.

Калі я з‘явіўся да міс Брэндлі, да мяне вышла служанка Эстэлы і далажыла, што яе пані паехала ў вёску.

— Куды?

— У Сатыс-гауз, як звычайна.

— Не, не як звычайна, — сказаў я, — таму што раней яна ніколі не ездзіла туды адна, без мяне. Калі яна павінна вярнуцца?

Мая трывога яшчэ павялічылася, калі я заўважыў, што служанка чагосьці не дагаварвае; яна меркавала, што Эстэла вернецца на вельмі кароткі час. З гэтага адказу я зразумеў, што мне нічога не жадаюць растлумачваць, і вярнуўся дадому зусім расстроеным.

Увечары, пасля таго як Провіс прайшоў да сябе (я заўсёды сам праводзіў яго да дому і глядзеў, ці не сочыць хто-небудзь за ім), мы з Гербертам параіліся і рашылі не пачынаць гутаркі аб маім ад‘ездзе з Англіі, пакуль я не пабываю ў міс Гевішам. За гэты час я і Герберт павінны былі абдумаць, у якой форме зручней прапанаваць Провісу паехаць за граніцу: ці выдумаць, быццам у нас ёсць апасенне, што за ім сочаць, ці паставіць на від, што я ніколі яшчэ не бываў у чужых краях. Мы ведалі, што ён згодзіцца на такую прапанову, і абодва сышліся на думцы, што доўгі час пакідаць яго ў цяперашнім небяспечным становішчы немагчыма.

На наступную раніцу я самым нізкім чынам схлусіў, быццам павінен выканаць данае Джо абяцанне і паехаць да яго. Провіс даў слова захоўваць найвялікшую асцярожнасць увесь час, пакуль я буду ў адлучцы, а Герберт павінен быў узяць на сябе мае абавязкі. Я меў намер прабыць у адсутнасці не больш сутак, і Провіс прымусіў мяне паабяцаць, што, вярнуўшыся ў Лондан, я пачну жыць на шырокую нагу, як належыць багатаму джэнтльмену. У мяне, — і ў Герберта, як я пасля даведаўся, — тады яшчэ мільгнула думка: завезці яго на кантынент быццам для таго, каб зрабіць закупкі, неабходныя для раскошнага абсталявання маёй будучай кватэры.

Падрыхтаваўшы такім чынам глебу, я мог бесперашкодна паехаць да міс Гевішам. Я выехаў першым ранішнім дыліжансам задоўга да світання. Калі мы пад‘ехалі да «Блакітнага Вепра» пад дробным дажджом, які праследаваў нас усю дарогу, як-бы вы думалі, які джэнтльмен, з зубачысткаю ў руках вышаў на ганак гасцініцы паглядзець на прыехаўшы дыліжанс? Не хто іншы, як Бентлі Дрэмль! Ён зрабіў выгляд, быццам не заўважыў мяне, я зрабіў выгляд, быццам не заўважыў яго; прыкідваліся мы абодва надзвычай няўдала, тым больш, што потым разам увайшлі ў агульную залу гасцініцы, дзе ён толькі што скончыў снедаць і куды я загадаў падаць мне чаю. Седзячы за сваім сталом і чакаючы пакуль пададуць снеданне, я зрабіў выгляд, быццам чытаю старую зашмальцаваную газету, у якой немагчыма было разабраць змест пад слоем плям ад кофе, пікулёў, соусаў, падлівак, топленага масла і віна, надаваўшых газетнаму лісту такі выгляд, нібы ў яго быў моцны кор.

Такім чынам, я ўткнуўся ў газету, а Дрэмль грэўся ля каміна. Раптам мне чамусьці здалося страшэнна крыўдным, што ён адзін заўладаў цяплом ад агню. Рашыўшыся пастаяць за свае правы, я ўстаў з месца, падышоў да каміна, працягнуў руку за качаргою, каб паправіць агонь, прычым чуць не зачапіў за ногі Дрэмля, але ўсё-такі яшчэ рабіў выгляд, быццам яго не пазнаю.

— Вы не хочаце са мною здаровацца? — буркнуў Дрэмль.

— А! гэта вы, — прамармытаў я, не выпускаючы з рук качаргі. — Добры дзець. А я вось гляджу, хто загараджвае мне агонь.

З гэтымі словамі я пачаў шалёна мяшаць у каміне; скончыўшы гэтую аперацыю, я стаў побач з Дрэмлем на кавёр, спіною да агню, у самай ваяўнічай позе.

— Вы толькі што прыехалі? — запытаўся Дрэмль, злёгку адсоўваючы мяне плячом.

— Так, — адказаў я, у сваю чаргу злёгку адсоўваючы яго плячом.

— Ну, старонка: адна брыдота, — праказаў Дрэмль. — Здаецца, вы адсюль родам?

— Мне казалі што яна вельмі падобна на ваш Шропшыр, — адказаў я.

— Ні малейшага падабенства! — запярэчыў Дрэмль.

Ён памаўчаў, паглядзеў на свае боты, я паглядзеў на мае, потым ён агледзеў мае боты, а я яго.

— Вы даўно ўжо тут? — запытаўся я, рашыўшы ў глыбіні душы не ўступаць яму ні вяршка з занятага мною месца.

— Так, парадкам паспела ўжо надакучыць, — адказаў ён, робячы выгляд, нібы пазяхае. Я заўважыў, што ён у сваю чаргу прыняў такое самае рашэнне і мае намер грудзьмі адстойваць сваю пазіцыю.

— Вы доўга тут прабудзеце?

— Дапраўды, не ведаю. А вы доўга тут прабудзеце?

— Дапраўды, не ведаю.

Уся кроў у мне кіпела; я адчуваў, што калі містэр Дрэмль зробіць замер адсунуць мяне хоць на волас убок, я выкіну яго з акна, і разам з тым я ясна ўсведамляў, што, калі з майго боку будзе такая спроба, містэр Дрэмль выкіне мяне за дзверы.

Ён пачаў нешта насвістваць, я таксама пачаў насвістваць.

— Тут, здаецца, шмат балот? — запытаўся нарэшце Дрэмль.

— Ну, і што-ж з таго?

Дрэмль зірнуў на мяне, потым на мае боты, неяк весела ўсклікнуў і зарагатаў.

— Вам весела, містэр Дрэмль?

— Не, не асабліва, — адказаў ён. — Зараз я еду катацца конна. Жадаю, для забавы, аглядзець гэтыя балоты. Мне казалі, што ў ваколіцы ёсць цікавыя вёскі, цікавыя шынкі і кузні… і ўсё такое. Чалавек!

— Сэр?

— Гатоў мой конь?

— Ля ганку, сэр.

— Лэдзі не паедзе сёння конна, надвор‘е дрэннае.

— Слухаю, сэр.

— К абеду мяне не чакаць, я абедаю ў лэдзі.

— Слухаю, сэр.

Дрэмль зірнуў на мяне. Яго тоўстая фізіяномія свяцілася такою нахабнаю пераможнасцю, што мяне кальнула ў самае сэрца. Я быў так раз‘юшаны, што гатоў быў схапіць яго ў ахапак і кінуць у гарачае полымя.

Нам абодвум было ясна, што без пабочнага ўмяшання ніхто з нас ні за што на свеце не адыйдзе ад каміна. І вось мы стаялі тут у аднолькавых позах, плячом к плячу, нагой к назе, заклаўшы за спіну рукі, ні на волас не саступаючы з месца. Праз туманную сетку шэрані відаць быў конь, які стаяў ля ганку; маё снеданне стыла на стале; лакей, які прыняў снеданне Дрэмля, не раз напамінаў мне, што есці падана; я ў адказ толькі ківаў галавою яму, і ні Дрэмль, ні я не краналіся з месца.

Не ведаю, як доўга мы прабылі-б у гэтым камічным становішчы, калі-б у залу не ўваліліся трое вясёлых фермераў. Яны ўвайшлі, расшпільваючы на хаду паліто і паціраючы змерзшыя рукі, і зараз-жа кінуліся да агню; воляй-няволяй мы вымушаны былі ўступіць ім свае месцы.

Я бачыў з акна, як Дрэмль, учапіўшыся за грыву каня, палез на сядло са сваёю звычайнаю нязграбнасцю, як ён выехаў з двара, перавальваючыся з боку на бок, гойдаючыся ва ўсе бакі. Я думаў, што ён ужо далёка, як раптам ён зноў з‘явіўся ля ганку, пытаючыся агню для сігары, якую так і забыўся закурыць. Нейкі чалавек у вопратцы пыльнага колеру выканаў яго загад.

Я не ведаў, адкуль узяўся гэты чалавек: ці ён вышаў з двара гасцініцы, ці ён праходзіў проста па вуліцы, ці з‘явіўся яшчэ адкуль-небудзь, але, калі Дрэмль нахіліўся да яго з сядла, каб закурыць сігару, і са смехам кіўнуў на вокны таго пакоя, дзе я знаходзіўся, мне здалося, што чалавек, які стаяў да мяне спіною, нагадвае Орліка сваімі ўскалмачанымі валасамі і ўздрыгваючымі плячыма.

У тую хвіліну я быў надта расстроены і заклапочаны, каб звярнуць увагу на гэтае падабенства, і не пастараўся дазнацца, ці сапраўды гэта быў Орлік.


РАЗДЗЕЛ XL

Я знайшоў міс Гевішам і Эстэлу ў тым пакоі, дзе стаяў туалет і гарэлі васковыя свечкі. Міс Гевішам поўляжала на канапе перад камінам, Эстэла сядзела ля яе ног на мяккай лаўцы. Эстэла вязала, міс Гевішам глядзела на яе. Калі я ўвайшоў, абедзве павярнуліся да мяне і, як відаць, заўважылі ва мне вялікую перамену. Я здагадаўся аб гэтым па погляду, якім яны абмяняліся.

— Якім ветрам занесла цябе сюды, Піп? — усклікнула міс Гевішам.

Хоць яна глядзела мне проста ў вочы, я бачыў, што яна была ў некаторым замяшанні. Эстэла на хвіліну перастала працаваць, пільна зірнула на мяне і зноў узялася за вязанне.

— Учора я ездзіў у Рычмонд, міс Гевішам, каб перагаварыць з Эстэлаю, і, даведаўшыся, што нейкім ветрам яе занесла да вас, прыехаў сюды.

Міс Гевішам трэці ці чацверты раз паказала мне рукою на стул; я сеў, але не на стул, а на крэсла, што стаяла перад туалетам, дзе яна сама так часта сядзела. Мне здавалася, што сёння для мяне гэта самае падыходзячае месца: ля маіх ног і вакол мяне відаць былі тлен і разбурэнне.

— Тое, што я хацеў сказаць Эстэле, я скажу ёй пры вас, міс Гевішам. Гэта не зробіць вам непрыемнасці; я так нешчаслівы, як толькі маглі-б вы пажадаць.

Міс Гевішам не пакідала глядзець на мяне ва ўпор; па руху рук я мог здагадвацца, што Эстэла ўважліва слухае, але яна на мяне не глядзела.

— Мне стала вядома, хто мой дабрадзей. Нельга сказаць, каб гэта адкрыццё ашчаслівіла мяне; яно не ўзвысіць майго грамадскага становішча, не ўзбагаціць мяне, не дасць мне ніякіх пераваг. Ёсць прычыны, якія не дазваляюць мне сказаць аб гэтым нічога больш, апрача ўжо сказанага мною; гэта не мая таямніца, а чужая.

Я спыніўся на хвіліну, гледзячы на Эстэлу і думаючы, што мне сказаць далей; міс Гевішам паўтарыла:

— Добра, гэта чужая таямніца, але што-ж далей?

— Калі ўпершыню мяне прывялі сюды, міс Гевішам, я жыў яшчэ ў вёсцы, ад якой, на няшчасце, мяне пасля адарвалі, — я думаў, што трапіў сюды выпадкова, як мог трапіць усякі іншы хлопчык у якасці слугі, нанятага за плату выконваць пэўную работу ці задавальняць капрызы сваіх паноў.

— Гэта так і было, Піп, — сказала міс Гевішам, рашуча і спакойна ківаючы галавою.

— А містэр Джагерс…

— Містэр Джагерс, — перапыніла мяне міс Гевішам самым спакойным тонам, — не прымаў тут ніякага ўдзелу, і яму нічога не было вядома. Гэта простая выпадковасць, што ён быў адвакатам і пры мне і пры тваім дабрадзею. Такое супадзенне лёгка магло здарыцца, таму што ён вядзе справы незлічонага мноства асоб. Але як-бы то ні было, запэўняю цябе, гэта не было падстроена загадзя.

Па яе расстроенаму твару кожнаму было-б ясна, што яна гаворыць шчырую праўду.

— Але калі я зрабіў памылковыя вывады з гэтага, вы мяне не пераконвалі ў адваротным.

— Так, я цябе не пераконвала ў адваротным, — адказала яна, яшчэ раз энергічна схіляючы галаву.

— Ці было гэта велікадушна з вашага боку?

— Хто я такая, — закрычала міс Гевішам, стукнуўшы аб падлогу кастылём і нечакана так разгневаўшыся, што Эстэла са здзіўленнем зірнула на яе. — Скажыце дзеля бога, хто я такая, што ад мяне патрабуюць велікадушша?

У мяне не было ні ценю дакору, ды я і не хацеў яе папракаць; я ўказаў ёй на гэта, калі яна крыху супакоілася пасля сваёй ўспышкі.

— Выпадкова я трапіў у сям‘ю вашых сваякоў, міс Гевішам, і з таго часу, як пераехаў у Лондан, не пакідаю падтрымліваць з ёю пастаянныя зносіны. Мне ўсёроўна, ці спадабаюцца вам мае словы, ці паверыце вы ім ці не, але маўчаць было-б нізка і подла, і я павінен вам сказаць, што вы наносіце цяжкую знявагу містэру Мацью Покету і яго сыну Герберту, калі думаеце што-небудзь дрэннае аб гэтых прамых, сумленных, благародных людзях, няздольных крывіць душою і подлічаць.

— Ты з імі ў дружбе, — праказала міс Гевішам.

— Яны зрабіліся маімі прыяцелямі, калі лічылі, што я заўладаў іх месцам і адцясніў іх, калі ні Сара Покет, ні міс Джорджыяна, ні місіс Каміла, вядома, не былі маімі прыяцелямі.

Я з радасцю заўважыў, што процістаўленне маіх прыяцеляў іх сваякам зрабіла на міс Гевішам добрае ўражанне. Яна дапытліва зірнула на мяне, потым спакойна запыталася:

— Чаго-ж табе для іх трэба?

— Я прасіў-бы вас аб адным: не змешваць іх з іншымі вашымі сваякамі. У іх адна кроў, але не адна прырода.

Не зводзячы з мяне свайго дапытлівага позірку, міс Гевішам паўтарыла:

— Чаго-ж табе для іх трэба?

Я адказаў, адчуваючы, што чырванею.

— Вы бачыце, у мяне нехапіла-б хітрасці ад вас утаіць, калі-б нават я і хацеў гэтага, што мне для іх сёе-тое трэба. Міс Гевішам, калі вы вырашыце патраціць пэўную суму грошай, каб ашчаслівіць Герберта, — акалічнасці патрабуюць, каб ён нічога не ведаў аб гэтым, — я магу ўказаць вам, якім чынам гэта зрабіць.

— Чаму гэта павінна быць зроблена без яго ведама? — запыталася яна і, каб уважліва сачыць за выразам майго твара, абапёрлася абодвума рукамі на кастыль.

— Таму што пачатак гэтай справе пакладзены мною больш двух год таму назад, уся аперацыя ўладжана без яго ведама, і я не хочу, каб да яго дайшло, што тут замешаны я. Чаму я не маю магчымасці дакончыць пачатага, — я не магу вам растлумачыць; гэта зноў-такі чужая таямніца, а не мая.

Калі я скончыў, яе вочы былі накірованы не на мяне, а на полымя, гарэўшае ў каміне. Яна глядзела на яго, — мне гэты час паказаўся доўгім у маўклівасці пакоя пры міглівым святле павольна аплываючых свечак, — яна глядзела на агонь, пакуль трэск галавешкі не прабудзіў яе ад задумення. Тады яна зноў глянула на мяне, спачатку даволі няўважліва, потым пільна, нарэшце з самай напружанай увагай. Між тым Эстэла ўсё вязала. Пранізваючы мяне наскрозь сваім позіркам, міс Гевішам запыталася, як быццам наша гутарка не перапынялася:

— Яшчэ што?

— Эстэла! — праказаў я, звяртаючыся цяпер да яе і дарэмна стараючыся, каб голас мой не дрыжэў. — Эстэла! вы ведаеце, што я кахаю вас. Вы ведаеце, як даўно, як горача я кахаю вас.

Пры гуках майго голасу Эстэла падняла на мяне вочы, але не пакідала працаваць. Яе твар захоўваў поўную нерухомасць. Я бачыў, што міс Гевішам пераводзіць вочы з яе на мяне.

— Я прызнаўся-б вам у гэтым ужо даўно, калі-б не маё сумнае заблуджэнне: я так доўга спадзяваўся, што міс Гевішам прызначае нас адзін для аднаго, і, думаючы, што вы не можаце самі распараджацца сваімі пачуццямі, я прымушаў сябе маўчаць. Але цяпер я павінен выказацца.

— Мне здаецца, — праказала Эстэла з поўным спакоем, — што бываюць пачуцці, фантазіі, капрызы, — не ведаю, як іх назваць, — якіх я зусім не здольна разумець. Калі вы гаворыце, што кахаеце мяне, я разумею значэнне гэтага слова, але для мяне яно застаецца пустым гукам. Вы нічога не ўзбуджаеце ў маім сэрцы… Мяне ніколькі не кранае ўсё, што вы гаворыце, я застаюся зусім раўнадушнай. Я рабіла спробу вас перасцерагчы. Рабіла-ж, ці не праўда?

— Так, — адказаў я жаласна.

— Але вы не захацелі звяртаць увагі на мае перасцярогі, вы не верылі, што я сапраўды так думаю, як кажу. Не верылі-ж?

— Не верыў. Я спадзяваўся, што вы не можаце так думаць. Вы — такая юная, неспрактыкаваная, прыгожая! Эстэла, гэта ненатуральна!

— Для мяне натуральна, — запярэчыла яна і дадала з моцным націскам: — такую натуру ва мне стварылі. Я раблю вялікую розніцу паміж вамі і іншымі, кажучы вам тое, што цяпер кажу. Больш я для вас нічога не магу зрабіць.

— Ці праўда, што Бентлі Дрэмль з‘явіўся за вамі сюды і праследуе вас сваім ухажваннем?

— Безумоўная праўда, — адказала яна тым раўнадушным тонам, калі гавораць аб чалавеку, да якога адчуваюць поўную пагарду.

— Ці праўда, што вы заахвочваеце яго, ездзіце з ім конна; ці праўда, што ён нават абедае ў вас сёння?

Здавалася, яна была злёгку здзіўлена тым, што мне гэта вядома, але зноў адказала:

— Безумоўная праўда.

— Эстэла, вы не можаце яго кахаць!

Цяпер, у першы раз яе пальцы спыніліся, і яна з гневам вымавіла:

— Што я вам толькі што казала?! Ці вы ўсё-такі ўпарта трымаецеся свайго погляду, быцам я не думаю таго, што кажу?

— Але вы не выйдзіце за яго замуж, Эстэла?

Яна паглядзела на міс Гевішам, падумала крыху, — работа ўсё яшчэ была ў яе ў руках, — нарэшце праказала:

— Чаму не сказаць вам праўды? Я выходжу за яго замуж.

Я закрыў твар рукамі; у першую хвіліну мне здавалася, што ў мяне не хопіць сілы справіцца з сабою, так цяжка было тое, што я пачуў; але мне ўдалося вытрымаць гэты ўдар лепш, чым я чакаў. Калі я падняў галаву, твар міс Гевішам меў такі страшны выраз, што, не гледзячы на ўсё маё хваляванне і гора, гэта прыцягнула маю ўвагу.

— Эстэла, дарагая Эстэла, о! не рабіце гэтага згубнага кроку, на які штурхае вас міс Гевішам! Няхай я буду адвергнуты назаўсёды, — я ўжо і так адвергнуты, — але аддайце-ж сваю руку чалавеку больш вартаму, чым Дрэмль. Аддаючы вас яму, міс Гевішам як быццам жадае даказаць сваю глыбокую пагарду, нанесці найвялікшую знявагу незлічонаму мноству больш вартых людзей, якія вамі захапляюцца, і тым нямногім, якія вас шчыра кахаюць. Паміж гэтымі нямногімі, можа быць, ёсць чалавек, які кахае вас таксама аддана, як я, — хоць і не так даўно, як я, — вазьміце яго. Мне лягчэй будзе гэта перанесці!.

Яна, як відаць, была здзіўлена маёй гарачнасцю, і мне здалося нават, што яна расчулена і як быццам пачынае крыху разумець мяне.

— Я выходжу за яга замуж, — паўтарыла яна голасам больш мяккім. — Падрыхтаванні да вяселля зроблены, і шлюб будзе заключан у недалёкім будучым. Вам не трэба так зняважліва адзывацца аб маёй названай мацеры: я сама хацела гэтага шлюбу.

— О, Эстэла! — усклікнуў я, абліваючы яе руку горкімі слязмі; не гледзячы на мае намаганні, я не мог іх стрымаць. — Да канца дзён сваіх я не ў сілах буду бачыць вас жонкаю Дрэмля!

— Глупства гэта, дзяцінства! — адказала яна. — Гэта хутка пройдзе.

— Ніколі, Эстэла, ніколі!

— Праз тыдзень вы мяне забудзеце.

— Забыць вас! Вы частка майго жыцця, частка мяне самога. Вечна вы будзеце ўладаць мною, Эстэла! Да апошняй гадзіны майго жыцця вы будзеце часткаю мяне самога, часткаю таго дабра і таго зла, якія ёсць у маёй натуры. Але, клянуся вам, памінаць я вас буду заўсёды дабром, таму што вы зрабілі мне нязмерна больш дабра, чым зла, хоць цяпер мне і балюча, і цяжка.

Я прыціснуў руку Эстэлы да сваіх губ і накіраваўся да выхаду. Але потым я ўспомніў, — успомніць аб гэтым мне прышлося вельмі хутка па вельмі важнай прычыне, — што ў той час, як Эстэла глядзела на мяне толькі з недаверлівым здзіўленнем, мярцвяна-бледная, падобная на здань, міс Гевішам, не пераставаўшая прыціскаць руку да сэрца, накіравала на мяне жахлівы позірк, — здавалася, яна ўсю душу ўлажыла ў гэты позірк, ён быў повен спачування і вялікай скрухі.

Усё скончана, усё загінула! Так, усё скончана: калі я пераступаў цераз парог дома, мне здалося нават, што дзённае святло пацямнела, і сонца свяціла не так ярка, як тады, калі я ўваходзіў у Сатыс-гауз.

Дадому мяне чакалі толькі на наступны дзень, але ключ ад кватэры быў у мяне, так што, калі Герберт ужо лёг спаць, я мог, не турбуючы яго, прайсці да сябе.

Я вельмі рэдка праходзіў праз Вайтфрайерс у начны час, прытым-жа я быў так змучаны, так запэцканы ў гразі, што мяне лёгка маглі не пазнаць, таму я і не здзівіўся, калі вартаўнік, адпіраючы мне вароты, уважліва аглядзеў мяне. Каб ён лягчэй мог мяне ўспомніць, я назваў сябе:

— Мне і здалося, што гэта вы, сэр, але я не зусім быў упэўнены. Вось вам запіска, сэр. Чалавек, які яе прынёс, сказаў, каб вы патурбаваліся прачытаць яе тут-жа пры святле ліхтара.

Вельмі здзівіўшыся такой просьбаю, я ўзяў запіску. Яна была адрасавана Філіпу Піпу, эсквайру, і наверсе канверта над адрасам было напісана: «Просяць прачытаць тут-жа».

Я распячатаў запіску. Вартаўнік свяціў мне. Там было ўсяго тры словы, напісаныя рукою Веміка:

«Не хадзіце дадому».


РАЗДЗЕЛ XLI

Прачытаўшы гэтую дзіўную перасцярогу, я паспяшыўся адыйсці ад варот Тэмпля і накіраваўся да Фліт-стрыта; неўзабаве мне папаўся запазнелы рамізнік, і я загадаў везці сябе ў Кавент-Гардэн у нумары Гемомс. Слуга, які ўпусціў мяне, запаліў адну з свечак, чакаўшых сваёй чаргі на паліцы, і павёў у першую спальню па яго спіску.

Гэта было нешта накшталт склепа ў падвальным паверсе, у задняй частцы дома, з страшэнным ложкам з чатырма калонамі, падобным на катафалк. Гэтае страшыдла заўладала ўсёю вольнаю прастораю: з выглядам поўнапраўнага гаспадара ўперла адну нагу ў камін, другую ў дзверы, адціснуўшы няшчасны ўмывальнік у самы дальні куток.

Што за жахлівая ноч? Трывожная, страшная, нясцерпна доўгая!

Я загадаў прыслужніку разбудзіць мяне а сёмай гадзіне. Мне было ясна, што першы, каго я павінен убачыць, гэта Вемік і што пры цяперашніх акалічнасцях мне неабходна ўбачыць яго так, каб даведацца пра яго неафіцыяльную думку.

Умацаванні замка сталі перад маімі вачыма а восьмай гадзіне. Праз адчыненыя насцеж дзверы можна было бачыць у аддаленні састарэлага бацьку ў пасцелі.

— А, Містэр Піп! — усклікнуў Вемік. — Дык вы вярнуліся?

— Так, але дадому не заходзіў.

— І вельмі добра зрабілі, — заўважыў ён, паціраючы рукі. — Я пакінуў для вас на ўсякі выпадак па запісцы ля кожных варот Тэмпля. У якія вы ўвайшлі?

Я адказаў:

— Сёння-ж абыйду ўсе астатнія і знішчу тыя запіскі, што засталіся. — Учора раніцою я выпадкова пачуў у адным месцы, куды аднойчы вадзіў вас, — нават і паміж сабою нам лепш пазбягаць уласных імён, калі ёсць магчымасць абыйсціся без іх…

— Куды лепш, — пацвердзіў я. — Я вас зразумеў.

— Там я ўчора выпадкова пачуў, што адна асоба, здаецца, крыху звязаная з калоніямі і не пазбаўленая некаторай рухомай маемасці, — хто гэтая асоба — я не ведаю, і называць яе мы не будзем…

— Няма ніякай неабходнасці, — перапыяніў я.

— Ну, дык вось, гэтая асоба нарабіла шмат шуму, знікшы раптоўна з вышэйпамянёнага месца, знікшы так, што аб ёй ні слуху, ні духу. З гэтай акалічнасці ўзніклі розныя меркаванні і заключэнні. У вышэйпамянёным месцы я пачуў, што за вамі і за вашаю кватэрай у Тэмплі сачылі і, мабыць, яшчэ будуць сачыць.

— Хто?

— Не стану ўваходзіць у падрабязнасці, бо тут лёгка можна сутыкнуцца са сваімі службовымі адносінамі, — ухілліва адказаў Вемік. — Я пачуў гэта таксама, як часам чую ў тым-жа месцы розныя цікавыя рэчы. Я-ж не казаў вам, што мяне паведамілі, — не, я проста чуў.

— Гэты нагляд за мною і за маёю каатэраю мае, як відаць, блізкае дачыненне да асобы, на якую вы намякалі?

Вемік прыняў вельмі сур‘ёзны выгляд.

— На аснове таго, што мне вядома, я не магу гэтага станоўча пацвярджаць. Я хачу сказаць, што пацвярджаць, быццам так было з самага пачатку, — я не магу, але, можа быць, гэта і так, або будзе так, або пагражае небяспека, што будзе так.

Я бачыў, што вернасць Літль-Брытэну перашкаджала яму сказаць усё, што яму было вядома. Я быў удзячны яму і за тое, што ён адхіліўся ад сваіх правіл і паведаміў мне так многа, што патрабаваць ад яго большага я не адважваўся. Але, падумаўшы крыху, я сказаў, што мне хацелася-б задаць яму некалькі пытанняў, на якія ён можа адказваць ці не адказваць, як яму пажадаецца, я-ж з свайго боку загадзя ўхвалю ўсякае яго рашэнне. Містэр Вемік кіўнуў мне, каб я задаваў свае пытайні.

— Ці чулі вы пра аднаго чалавека, маючага дрэнную рэпутацыю, якога завуць Кампісон?

Вемік пацвярджальна кіўнуў галавою.

— Ён жыве?

Другі ківок.

— Ён у Лондане?

Вемік зноў кіўнуў, шчыльна сціснуў губы, кіўнуў яшчэ адзін раз — апошні.

— Цяпер допыт скончаны, — сказаў ён з моцным націскам і вымавіў гэтую фразу двойчы, каб я прыняў яе да ведама. — Пераходжу да расказу аб тым, што было мною зроблена пасля таго, як я пачуў тое, што мне ўдалося пачуць. Я зараз-жа пайшоў да вас у Гардэн-Корт; не застаўшы вас дома, я пайшоў да Клерыкера адшукаць містэра Герберта.

— І вы знайшлі яго? — запытаўся я з трывогаю.

— Яго я знайшоў. Не называючы ніякіх імён і не ўваходзячы ў падрабязнасці, я даў яму зразумець, што, калі яму вядома аб прабыванні каго-небудзь — Тома, Джэка ці Рычарда — у Гардэн-Корце або ў суседстве з ім, то лепш будзе ўдаліць Тома, Джэка ці Рычарда, пакуль вы знаходзіцеся ў адсутнасці. Містэр Герберт каля поўгадзіны не мог апамятацца ад здзіўлення, але потым прыдумаў, як дапамагчы бядзе. Пад вялікім сакрэтам ён паведаміў мне, што заручан з нейкаю маладою дзяўчынаю, у якой ёсць разбіты паралічом татка. Гэты татка, які служыў раней камісарам на суднах, праводзіць цяпер сваё жыццё ў пасцелі ля поўкруглага акна, адкуль ён можа бачыць усе караблі, праходзячыя па Темзе. Дом з поўкруглым акном знаходзіцца ля самага вусця Темзы, паміж Лімгаузам і Грынічам; гаспадыня яго, вельмі шаноўная ўдава, аддае ўнаймы мэбліраваную кватэру ў верхнім паверсе. Паведаміўшы мне ўсе гэтыя падрабязнасці, містэр Герберт запытаўся маёй думкі аб такім прытулку на час для Тома, Джэка ці Рычарда. Я аднёсся да яго плана з поўнай згодай па трох прычынах, аб якіх зараз вам і далажу. Вось яны. Першае: вашай нагі ніколі там не было, і, апрача таго, гэтае месца аддалена ад бойкіх, людных вуліц. Другое: вы можаце, не наведваючы той мясцовасці, у любую хвіліну, атрымліваць праз містэра Герберта самыя дакладныя звесткі аб Томе, Джэку або Рычарду. Трэцяе: калі вы захочаце, вядома, праз некаторы час, калі разважлівасць гэта дазволіць, сплавіць Тома, Джэка ці Рычарда на які-небудзь замежны пакетбот, — яны ў вас пад рукою.

— Ну, містэр Піп, я, здаецца, зрабіў усё, што мог, — праказаў ён. — Але калі я здолею зрабіць яшчэ што-небудзь з вальворцкага пункту гледжання, у якасці прыватнага чалавека, не выходзячы з межаў асабістых адносін, — я зраблю гэта з радасцю. Вось вам адрас. Сёння ўвечары вы можаце, перад тым як ісці дадому, бязбоязна наведацца туды і ўпэўніцца сваімі вачамі, што з Томам, Джэкам ці Рычардам усё добра. Вось яшчэ прычына, чаму вам учора не трэба было вяртацца да сябе ў Тэмпль. Пасля таго, як вы з‘явіцеся дадому, вам ужо нельга будзе хадзіць туды. У заключэнне дазвольце звярнуць вашу ўвагу на адзін важны пункт. — Вемік урачыста паклаў абедзве рукі мне на плечы і ўрачыста прашаптаў: — Пастарайцеся сёння ўвечары захапіць у свае рукі яго рухомую маёмасць. Хто ведае, што можа здарыцца? Няхай-жа будзе выратавана рухомая маёмасць.

Будучы зусім упэўнены, што Вемік не зразумее, калі я пачну растлумачваць яму свой погляд на гэты прадмет, я і не прабаваў рабіць гэтага.

— Мне пара ісці, — сказаў Вемік. — Калі ў вас няма ніякай неадкладнай справы, я раіў-бы вам дачакацца вечара тут. У вас вельмі стомлены выгляд, і вам карысна будзе правесці сёнешні дзень у поўным спакоі з маім старым — ён зараз устане — і падмацаваць свае сілы кавалачкам… памятаеце свінню?

— А як-жа.

— Дык вы пакаштуйце яе.

Я хуіка задрамаў ля каміна, а затым амаль увесь дзень мы з старым правялі ў тым, што мірна спачывалі ля цёплага агеньчыка. На абед нам была падана свініна і гародніна са свайго агарода. Час ад часу я ківаў састарэламу бацьку, часам мімаволі, калі пачынаў кляваць носам.

Калі зусім сцямнела, я развітаўся з старым і пакінуў яго папраўляць агонь у каміне: скора павінна было пачацца падсмажванне грэнкаў для вячэрняга чаю. Па ліку падрыхтаваных кубкаў і тых позірках, якія стары кідаў на двор, я здагадаўся, што на чай чакалася міс Скіфінс.


РАЗДЗЕЛ XLII

Была ўжо дзевятая гадзіна, калі я ўвайшоў у насычаную пахам апілак, трэсак і стружак атмасферу, акружаючую суднабудаўнічыя заводы і майстэрні, што размясціліся па беразе Темзы і выраблялі мачты, блокі, вёслы і іншыя карабельныя снасці. Уся частка берагу ніжэй мастоў была для мяне зусім невядома, і чым далей я ішоў, тым больш пераконваўся, што месца, якое я шукаю, зусім не там, дзе я меркаваў, і што знайсці яго мне будзе не лёгка. Мне быў дан адрас: Млынарная грэбля ля Заштатнага басейна, а дарогу да Заштатнага басейна мне павінен быў указаць скасаваны канатны завод.

Некалькі разоў я ледзь было не трапляў на месца прызначэння і ўсякі раз памыляўся; нарэшце, выпадкова павярнуўшы за вугал, я зусім нечакана апынуўся на Млынарнай грэблі.

З нешматлікіх будынкаў, размешчаных на Млынарнай грэблі, я аблюбаваў адзін трохпавярховы домік з драўляным фасадам і поўкруглымі вокнамі. Паглядзеўшы на дошчачку ля дзвярэй, я прачытаў на ёй: «Місіс Вімпль» — якраз тое, што мне было патрэбна. На мой стук вышла тоўстая бабуля вельмі прыемнага выгляду, услед за ёю з‘явіўся Герберт; ён моўчкі ўвёў мяне ў гасціны пакой і шчыльна запёр дзверы.

Мне было дзіўна бачыць такога знаёмага мне чалавека сярод зусім незнаёмай абстаноўкі, у незнаёмым пакоі, дзе ён гаспадарыў як у ся бе дома.

— Усё добра, Гендзель, ён усім задаволены, але гарыць нецярпеннем цябе бачыць. Мая любая дзяўчынка цяпер у бацькі наверсе. Дачакаемся яе тут, я цябе з ёю пазнаёмлю, і тады пойдзем ужо да яго. Гэта шуміць яе бацька.

Я пачуў страшнае бурчэнне, якое чулася з пакоя на другім паверсе, размешчанага над гасціным пакоем, і, напэўна, на маім твары з‘явілася здзіўленне.

— Гэта яе бацька. Відаць, ён горкі п‘яніца, — гаварыў Герберт усміхаючыся. — Аднак, я ніколі яго не бачыў. Чуеш пах рому? Ён з ім не расстаецца.

— З ромам?

— Так, і можаш сабе ўявіць, як супакойліва дзейнічае ром на яго падагру. І ўяві сабе, ён патрабуе, каб усе харчы хаваліся ў яго ў пакоі, і сам іх выдае; ён трымае іх на паліцах, прыбітых над ложкам, і адважвае ўласнаручна ўсе прыпасы. Яго пакой павінен быць падобны на бакалейную краму.

Пакуль Герберт упоўголаса паведамляў мне гэтыя падрабязнасці, а стары Барлей сатрасаў сваім зычным рыкам бэлькі столі, раптам дзверы адчыніліся, і на парозе з‘явілася прыгожанькая чарнавокая стройная дзяўчына гадоў дваццаці, з кошыкам у руках. Герберт пяшчотна прыняў у яе кошык і, зачырванеўшыся, як макаў цвет, пазнаёміў мяне з сваёю Клараю. Дзяўчына сапраўды была чароўная.

Пакуль я любаваўся ёю, наверсе бурчанне зноў змянілася раз‘юшаным рыкам, і ўслед за тым пачуўся гучны стук у столь, нібы які-небудзь волат-інвалід прабаваў прабіць яе драўлянаю нагою, каб зваліцца нам па галаву. Пачуўшы гэты стук, Клара сказала: «Любы, тата заве мяне», і шпарка пабегла наверх.

Герберт расказаў мне, што нябачны Барлей забаўляе сябе такім чынам дзень і ноч. У яснае надвор‘е ён меў звычай пры гэтым глядзець яшчэ адным вокам у падзорную трубу, якая была прымайстравана да яго пасцелі, каб ён мог зручней аглядаць раку.

Провіса я знайшоў у светлай кватэры верхняга паверха: пакояў тут было ўсяго два, але яны былі надзіва чыстыя, паветра было шмат, містэра Барлея не так было чуваць, як унізе. Провіс не выяўляў аніякага страху, відаць, ніколькі не быў устрывожаны, але мне здалося, што ён стаў нейкім мякчэйшым; тады я не мог дакладна вызначыць, у чым іменна гэта выражалася, і пазней ніколі не мог растлумачыць гэтай перамены, але яна мне тады-ж адразу кінулася ў вочы.

Калі мы ўтраіх селі ля каміна, я перш за ўсё задаў пытанне: ці пакладаецца ён на заключэнні Веміка і ці давярае атрыманым ад яго звесткам?

— О, любы хлопчык, Джагерс мастак, а ён у Джагерса, — адказаў Провіс, глыбокадумна ківаючы галавою.

— У такім выпадку я перакажу вам, якая гутарка была ў мяне з Вемікам, якую перасцярогу я ад яго атрымаў і што ён мне раіў.

Я самым акуратным чынам пераказаў яму ўсё, што дайшло да мяне. Я расказаў яму, што Вемік чуў у Н‘югеце (не ведаю ўжо — ад турэмшчыкаў ці ад зняволеных) пра падазрэнні, узнікшыя наконт яго, пра нагляд, устаноўлены за маёю кватэраю, і што з прычыны гэтага Вемік раіў яму знікнуць на час куды-небудзь далей і не зносіцца са мною. Нарэшце я перадаў, што думае Вемік наконт яго паездкі за граніцу, і дадаў, што, калі ён паедзе, я, зразумела, паеду разам з ім або ўслед за ім праз некаторы час, у залежнасці ад таго, што будзе для яго найменш небяспена, думку Веміка.

Я не ўздымаў пытання, што будзе пасля таго, як мы апынімся па-за Англіяй, ды я і сам не меў аб гэтым яснага ўяўлення; цяпер, калі я бачыў перамену, якая адбылася ў ім, калі яму з-за мяне пагражала смяртэльная небяспека, я далёка не быў упэўнен, ці хопіць у мяне духу пакінуць яго.

Адносна-ж перамены майго вобраза жыцця цяпер не можа быць і гутаркі, казаў я; ён сам павінен зразумець, што пачаць жыць на шырокую ногу цяпер, пры сучасных цяжкіх акалічнасцях, калі не ведаеш сёння, што будзе заўтра, з майго боку будзе проста смешна, каб не сказаць горш.

Провіс і тут згадзіўся са мною і наогул трымаўся на гэты раз вельмі разважліва. Ён усведамляў, што яго зварот у Англію быў, вядома, рыскоўным крокам і, зразумела, ён не зробіць нічога такога, што магло-б канчаткова загубіць яго справу, але ніколькі за сябе не баіцца, маючы такіх добрых памочнікаў.

Тут Герберт, які задуменна глядзеў на агонь, выказаў выкліканую парадамі Веміка думку, якую, на яго погляд, нам не шкодзіла-б як мага хутчэй ажыццявіць.

— Мы з табою, Гендзель, добрыя грабцы і змаглі-б, калі прыдзе пара, адвезці яго самі ўніз па цячэнню; тады не трэба будзе наймаць ні лодкі, ні лодачнікаў, і лягчэй будзе выратавацца ад праследавання, а тут нічым не трэба грэбаваць. Мне здаецца, што лепш за ўсё было-б цяпер-жа набыць уласную шлюпку, паставіць яе ля Тэмпльскай прыстані і часцей катацца на ёй уверх і ўніз па рацэ. Калі-б ты ўвёў гэта ў звычай, твае рачныя прагулкі не звярталі-б на сябе ўвагі: калі цябе ўбачаць дваццаць ці пяцьдзесят разоў, то не ўбачаць нічога асаблівага ў тым, што ты выедзеш дваццаць першы або пяцьдзесят першы раз.

Мне гэты план спадабаўся, а Провіс быў ад яго ў захапленні. Было вырашана неадкладна прыступіць да яго выканання. Спачатку мы з Гербертам настойвалі на тым, што Провіс не павінен пазнаваць нас, калі мы будзем праязджаць міма Млынарнай грэблі, але потым рашылі, што ён будзе спускаць штору на ўсходнім акне, калі нас заўважыць.

Нашу нараду можна было лічыць закончанай, усё ўжо было перагаворана, і я збіраўся выходзіць, заўважыўшы Герберту, што лепш нам вярнуцца паасобна, і што з прычыны гэтага я выйду на поўгадзіны раней.

— Не хацелася-б мне пакідаць вас тут аднаго, хоць я і ўпэўнен, што тут вам менш небяспечна, чым каля мяне, — сказаў я Провісу. — Бывайце.

— Любы хлопчык, — праказаў ён, моцна паціскаючы мне рукі, — невядома, калі мы ўбачымся зноў, ды і люблю я гэтага слова «бывайце». Скажы лепш: добры вечар.

— Добры вечар! Герберт акуратна будзе паведамляць нам звесткі адзін ад аднаго, а калі надыйдзе час, я буду гатоў, будзьце ўпэўнены. Добры вечар, добры вечар!

Мы рашылі, што лепш яму не праводзіць нас па лесніцы, і я расстаўся з ім на пляцоўцы, перад дзвярыма яго пакоя. Кінуўшы апошні позірк на яго, калі ён зверху, нахіліўшыся над поручнямі лесніцы, асвятляў нам дарогу, я ўспомніў той вечар, калі ён да мяне з‘явіўся; тады наша становішча было зусім адваротнае: я стаяў на версе лесніцы, ён глядзеў на мяне знізу. Як далёка быў я ў той вечар ад думкі, што калі-небудзь у часе разлукі з ім у мяне будзе так балюча сціскацца сэрца, як гэта было цяпер.

На наступны-ж дзень я пачаў шукаць лодку. Я хутка яе знайшоў, і яна была пастаўлена ля Тэмпльскай прыстані, адтуль да маёй кватэры было не больш двух хвілін хады; з таго часу я штодзённа пачаў рабіць на ёй прагулкі, часам адзін, часам удвух з Гербертам, нібы для практыкавання ў грэблі. Часта я выязджаў катацца ў холад, дождж, слоту, і хутка да гэтага так прызвычаіліся, што мае катанні ўжо не звярталі на сябе ўвагу.

Міма Млынарнай грэблі ўпершыню я праехаў удвух з Гербертам і бачыў, як штора на ўсходнім акне апусцілася два разы: калі мы плылі ўніз па цячэнню і калі варочаліся назад.

Герберт казаў мне неяк, што яму прыемна стаяць увечары ў часе адліву ля нашых акон і глядзець на раку, таму што ў такія хвіліны ён думае аб тым, што ўзбягаючыя хвалі разам з лодкамі і караблямі нясуцца да Клары. Я-ж, гледзячы на раку, са страхам думаў, што гэтыя хвалі нясуцца да Мегвіча, і ў кожнай чорнай кропцы на паверхні вод мне здаваліся яго праследавацелі, якія потайкам падкрадаюцца да яго ў начной цішы, каб з большай пэўнасцю яго схапіць.


РАЗДЗЕЛ XLIII

Неяк раз я вышаў з лодкі ля тамажні, не даязджаючы Лонданскага маста; мяркуючы, дзе-б мне паабедаць, я зайшоў у Чыпсайд і павольна плёўся за натоўпам, адчуваючы сябе самым бяздзейным чалавекам у гэтым дзелавым натоўпе.

Раптам нечая вялізная рука лягла мне на плячо, і я ўбачыў за сабою містэра Джагерса. Ён узяў мяне пад руку і пайшоў разам са мною.

— Мы ідзем у адзін бок, Піп, значыцца можам ісці разам. Куды вы накіроўваецеся?

— Здаецца, у Тэмпль, — адказваў я.

— Здаецца? Хіба вы не ведаеце напэўна?

— Не, — адказваў я, задаволены, што хоць раз удалося пры допыце паставіць яго ўтупік. — Не, не ведаю, таму што яшчэ не рашыў, куды ісці.

— Вы ідзеце абедаць? — запытаўся містэр Джагерс. — У гэтым-то, я думаю, вы можаце прызнацца.

— Так, у гэтым я магу прызнацца.

— Вы нікуды не запрошаны?

— У гэтым таксама магу прызнацца; не, нікуды не запрошан.

— У такім выпадку пойдзем абедаць да мяне.

Я ўжо збіраўся папрасіць прабачэння, калі ён дадаў:

— І Вемік будзе.

У Літль-Брытэне была па звычаю зроблена разборка карэспандэнцыі, учынена абмыванне рук, загашаны свечкі, замкнута незгараемая шафа, і такім чынам прыкончана дзённая праца.

Мы паехалі ў Джэрард-стрыт усе разам, у наёмным кэбе. Не паспелі мы ўвайсці ў кватэру містэра Джагерса, як ужо быў паданы абед. Вядома, у гэтым доме мне і ў галаву не магло прыйсці намякнуць, хоць-бы толькі позіркам, на вальворцкія пачуцці Веміка, але ўсё-ж мне было-б прыемна, калі-б за абедам яго вочы хоць раз спыніліся на мне з таварыскім пачуццём. Не тут-то было. Як толькі ён пакідаў глядзець на талерку, ён накіроўваў свой позірк да містэра Джагерса і так суха, так цырамонна абыходзіўся са мною, нібы гэта быў двайнік Веміка, вельмі на яго падобны, але шмат горшы за яго.

— Вемік, ці пераслалі вы містэру Піпу запіску міс Гевішам? — запытаўся Джагерс неўзабаве пасля таго, як мы селі за стол.

— Не, сэр. Толькі што я сабраўся адаслаць яе на пошту, як вы прывялі містэра Піпа ў кантору. Вось яна.

З гэтымі словамі Вемік уручыў запіску не мне, а свайму патрону.

— У запісцы ўсяго два радкі, Піп, — праказаў містэр Джагерс. — Міс Гевішам прыслала яе мне, таму што не ведала дакладна вашага адраса. Яна піша, што ёй трэба вас бачыць з поваду адной справы, аб якой вы з ёю гаварылі. Вы паедзёце да яе?

— Так, — адказаў я, зірнуўшы ў запіску, дзе прачытаў літаральна тое, што было мне перадана.

— Калі-ж вы думаеце паехаць?

— У мяне ёсць адна справа, таму я не магу цалкам распаралжацца сваім часам, — сказаў я, кідаючы позірк на Веміка. — Аднак, гэтымі днямі я ўсё-ж такі з‘езджу да яе.

— Калі містэр Піп мае намер ехаць туды гэтымі днямі, то, я лічу, яму няма патрэбы адказваць на запіску, — сказаў Вемік містэру Джагерсу.

Прыняўшы гэтыя словы за параду не марудзіць з ад‘ездам, я рашыў ехаць заўтра-ж і паведаміў аб гэтым. Вемік праглынуў чарку віна і паглядзеў з задаволеным выглядам, але зусім не на мяне, а на містэра Джагерса.

— Піп, а павук аднак-жа спрытна распарадзіўся сваімі картамі, выйграў партыю, — сказаў містэр Джагерс.

Я мог толькі пацвярджальна нахіліць галаву.

— О, гэты юнак шмат абяцае! Толькі яму не ўдасца паставіць на сваім. Урэшце пераможа, вядома, мацнейшы. Але хто з іх мацнейшы — гэта яшчэ бабулька надвое варажыла. Калі ён пусціць у ход фізічную сілу і пачне яе біць…

— Няўжо вы сур‘ёзна гаворыце, містэр Джагерс? — перапыніў яго я, увесь успыхнуўшы. — Няўжо, па-вашаму, ён такі нягоднік, што здолен нават на такую нізасць?

— Я нічога не сцвярджаю, Піп, я раблю, дапушчэнне. Калі ён пачне яе біць, сіла, напэўна, будзе на яго баку, але, калі справа дойдзе да розуму, тут, вядома, верх возьме не ён. Які спосаб дзеяння пусціць у ход пры такіх акалічнасцях чалавек яго характару, наперад сказаць вельмі цяжка. І той і другі зыход мае шмат шансаў.

— Ці магу запытацца, пра якія два зыходы вы гаворыце?

— Чалавек такога характару, як наш агульны знаёмы, ці б‘е, ці поўзае ля ног. Ён можа поўзаць з нараканнем ці поўзаць без наракання, але абавязкова адно з двух: ці ён б‘е, ці поўзае. Запытайце ў Веміка, якой ён аб гэтым думкі.

— Ці б‘е, ці поўзае, — пацвердзіў Вемік, звяртаючыся не да мяне, а да містэра Джагерса.

— Вып‘ем-жа за здароўе місіс Бентлі Дрэмль, — абвясціў Джагерс, дастаючы з буфета бутэльку самага дарагога віна, і, напоўніўшы нашы чаркі, наліў і сабе, — і пажадаем, каб пытанне аб пяршынстве вырашылася на поўнае задаволенне гэтай лэдзі! Да ўзаемнага задаволення і лэдзі і джэнтльмена гэтае пытанне не можа вырашыцца. Молі, Молі, куды вы дзеліся? Як вы сёння капаецеся.

Не паспеў ён гэта сказаць, як Молі ўжо стаяла за яго спіною з наступнаю стравай. Паставіўшы яе на стол, яна адступіла крокі на два і ўсхвалявана прамармытала нейкае прабачэнне, нервова перабіраючы пальцамі. Гэты рух яе рук мімаволі звярнуў на сябе маю ўвагу.

— Што з вамі? — запытаўся ў мяне містэр Джагерс.

— Са мною? Нічога, толькі гутарка, якую мы вядзем, мне не зусім прыемна.

Рукі эканомкі рухаліся так, як быццам яна вязала. Позірк яе быў накіраваны на Джагерса; яна па яго вачах старалася адгадаць, ці можна ёй пайсці, ці яна яшчэ будзе патрэбна, і глядзела на яго з напружанай увагай. Так, вядома, я бачыў у адзін памятны дзень, вельмі нядаўна, такія-ж вочы, такія-ж рукі.

Джагерс дазволіў ёй пайсці, і яна знікла з пакоя, але вобраз яе як жывы стаяў у мяне перад вачыма. Я ўглядаўся ў гэтыя вочы, у гэтыя рукі, у гэтыя распушчаныя валасы і параўноўваў іх з другімі, так знаёмымі мне вачыма, валасамі, рукамі, якія як дзве кроплі вады будуць падобны на гэтыя праз дваццаць гадоў катаржнага жыцця з гэтай жывёлай, якая сталася яе мужам.

Калі, зараз-жа пасля размовы аб Эстэле я ўбачыў гэтыя рукі, якія рухаліся як у часе вязання, і гэтыя пільна глядзеўшыя рочы, у маёй галаве злучыліся два ўяўленні, паміж якімі да гэтага часу не было нічога агульнага. Цяпер я быў упэўнены, што эканомка містэра Джагерса — маці Эстэлы.

Містэр Джагерс бачыў не раз мяне разам з Эстэлаю, і, зразумела, яму было вядома, якое пачуццё я да яе маю, тым больш, што я і не стараўся яго таіць. Калі я сказаў, што гутарка пра Эстэлу мне непрыемна, ён кіўнуў галавою, хлопнуў мяне па плячу, падліў віна ў нашы чаркі і прадаўжаў абед.

Эканомка паявілася ў сталовай яшчэ толькі два разы і то на кароткі час, але, калі-б я сто раз яшчэ глядзеў на яе, мая ўпэўненасць не пахіснулася-б: яе рукі былі рукамі Эстэлы, яе вочы — вачыма Эстэлы.

Вемік і я даволі рана развіталіся з нашым гасцінным гаспадаром і вышлі на вуліцу разам. Не паспелі мы прайсці некалькі крокаў у напрамку да Вальворта, як я ўжо адчуў, што пад руку са мною ідзе сапраўдны Вемік, а гадкі двайнік кудысьці знік.

— Памятаеце, Вемік, калі я ў першы раз ішоў абедаць да містэра Джагерса, вы раілі мне звярнуць увагу на яго эканомку.

— Няўжо? Можа быць, і раіў, — сказаў Вемік і раптам дадаў: — Ах, чорт вазьмі! Вядома, раіў.

— Вы яе назвалі тады ўціхаміраным зверам.

— А вы як яе назавеце?

— Таксама. Але ці вядома вам, Вемік, якім спосабам містэр Джагерс яе ўціхамірыў?

— Гэта яго тайна. Эканомка жыве ў яго ўжо даўно.

— Мне хацелася-б ведаць яе гісторыю, у мяне ёсць на гэта асобыя прычыны. Калі ласка, раскажыце; вы-ж ведаеце: усё, што мы гаворым, застанецца паміж намі.

— Я і сам не ведаю добра яе гісторыі, — адказаў Вемік. — Калі ласка, я паведамлю вам, што мне самому аб ёй вядома. Само сабою зразумела, мы цяпер гутарым неафіцыяльна, у якасці прыватных асоб.

— О, вядома.

— Гадоў дваццаць таму назад гэтую жанчыну судзілі за забойства і апраўдалі. Тады яна была вельмі прыгожаю і зусім маладою. Здаецца, у яе ў жылах ёсць кропля цыганскай крыві. Як-бы там ні было, але нораву яна была гарачага, і кроў у яе ўскіпала шпарка.

— Але яе апраўдалі?

— Яе абараняў містэр Джагерс, — адказаў Вемік, многазначна зірнуўшы на мяне. — Абцяпаў ён гэтую справу надзіва лоўка. А справа была амаль безнадзейная. Ён тады толькі што пачынаў сваю практыку і ўжо набываў сабе славу; па праўдзе сказаць, гэтая справа і стварыла яму рэпутацыю. Ён працаваў над ёю, як вол; пакуль ішло следства, ён амаль не выходзіў з паліцэйскага ўпраўлення, паказаў цуды спрытнасці і знаходчывасці. А на судовым разглядзе, дзе асабіста ён не мог выступаць, ён сядзеў побач з адвакатам, і ўсім было вядома, што ўся абарона падрыхтавана ім.

Повадам да забойства была рэўнасць, афяра — жанчына, гадоў на дзесяць старэйшая за падсудную, значна буйнейшая і дужэйшая за яе. Абедзве яны былі брадзягі; тая, што цяпер знаходзіцца ў Джэрард-стрыце, яшчэ ў ранняй маладосці была павянчана, як кажуць, вакол ракітавага куста з такім-жа брадзягам, як яна сама, і рэўнавала яго, як ведзьма. Забітая была знойдзена мёртваю ў пустым хлеве за Гаунсоўскай пусткаю. Было відавочна, што барацьба вялася не на жыццё, а на смерць; можа быць, гэта быў умоўлены паядынак паміж двума жанчынамі. Забітая была знявечана, падрапана, збіта і нарэшце задушана. Апрача гэтай жанчыны падазрэнне ні на каго не падала, не было нават ніякіх падстаў падазраваць каго-небудзь іншага. Містэр Джагерс асноўваў сваю абарону галоўным чынам на тым, што яго кліентка не мела фізічнай магчымасці зрабіць гэтае забойства. Вядома, — дадаў Вемік, дакранаючыся да майго рукава, — вядома, тады ён не надта многа гаварыў аб сіле яе рук, хоць цяпер ён любіць часам пагаварыць на гэтую тэму.

На целе ў яе знайшліся два ці тры сінякі — рэч самая звычайная для жанчыны яе класа, — але рукі яе з надворнага боку былі падраны да крыві, і было важна ўстанавіць, ці зроблены гэтыя драпіны ногцямі. Містэр Джагерс растлумачыў, што яго кліентцы прышлося прабірацца праз гушчар цярноўніка, і рукі яе падрапаны калючкамі. На яе руках сапраўды знайшліся стрэмкі ад калючак, яны былі прадстаўлены на суд у якасці рэчавых доказаў, устаноўлен таксама быў факт, што пры аглядзе цярновых кустоў яны аказаліся паломанымі і памятымі, сям-там на іх знойдзены былі шматкі яе плацця і плямы крыві. Але галоўны трук, зроблены містарам Джагерсам, заключаўся ў наступным. У доказ яе рэўнасці спасылаліся на тую акалічнасць, што якраз каля таго часу, калі было зроблена забойства, на яе пала падазрэнне, што ў прыпадку шаленства яна ўмярцвіла сваё трохгадовае дзіця, прыжытае з гэтым-жа чалавекам, каб адпомсціць яму за здраду. Містэр Джагерс прыдумаў павесці абарону такім чынам. Мы сцвярджаем, казаў ён, шт гэтыя драпіны зроблены не ногцямі, а калючкамі, і паказваем вам гэтыя калючкі. Вы сцвярджаеце, што яна ўмярцвіла сваё дзіця: у такім выпадку вы павінны прыняць усе вынікі, якія выцякаюць з гэтага дапушчэння. Вядома, яна магла забіць дзіця, і дзіця, чапляючыся за яе, магло падрапаць ёй рукі: але што-ж з гэтага вынікае? Вы-ж цяпер судзіце яе не за забойства дзіцяці! Калі-ж вы так настайваеце на драпінах, мы гаворым вам, што такое тлумачэнне ім даць магчыма, асноўваючыся на вашых дапушчэннях, — калі зноў-такі дапусціць, што гэта драпіны ад ногцяў, хоць гэта зусім непраўдападобна. Адным словам, — заключыў Вемік, — прысяжным было не пад сілу змагацца з містэрам Джаагерсам, і яны прызналі сябе пераможанымі.

— Ці не памятаеце вы, якога полу было дзіця?

— Здаецца, казалі, дзяўчынка.

— Сёння вы больш нічога не маеце мне сказаць?

— Нічога. Ваша пісьмо я атрымаў і знішчыў яго. Больш нічога.

Мы развіталіся вельмі сардэчна і рассталіся.

Цяжка было ў мяне на сэрцы, калі я ішоў дадому. Да ўсіх ранейшых маіх клопатаў цяпер далучыўся яшчэ новы.


РАЗДЗЕЛ XLIV

На другі-ж дзень я паехаў у дыліжансе ў Сатыс-гауз, захапіўшы з сабою ў якасці тлумачэння запіску міс Гевішам, на выпадак, калі капрызная старая ўздумае выказаць здзіўленне, чаго я прыехаў.

Дзень ужо схіляўся да вечара, калі я дайшоў гарадскіх ускраін і пайшоў па завулках, куды даносіўся толькі слабы водгалас шуму з Вялікай вуліцы.

Калітку мне адчыніла пажылая жанчына, якую я і раней бачыў.

Па-ранейшаму ў цёмным карыдоры стаяла запаленая свечка. Я ўзяў яе і падняўся наверх адзін. У пакоі, дзе звычайна сядзела міс Гевішам, яе не было; яна была ў вялікай сталовай, якая знаходзілася на другі бок лесніцы. Пастукаўшы некалькі разоў іне атрымаўшы адказу, я зірнуў у дзверы. Міс Гевішам сядзела ў абадраным крэсле, прысунутым блізка да каміна, уставіўшы нерухомы позірк на пакрытае попелам вуголле.

Я, як і раней нярэдка здаралася, ціхенька ўвайшоў у пакой і стаў ля каміна так, каб міс Гевішам, падняўшы вочы, магла мяне ўбачыць. Яна здавалася такою адзінокаю, такою няшчаснай, што я дараваў ёй за ўсё гора, якое яна мімаволі мне прычыніла.

Загледзеўшыся на яе, я задумаўся над тым, як лёс злучыў мяне са злашчасным лёсам гэтага дома, і не заваўважыў, як позірк міс Гевішам спыніўся на мне. Яна ўпілася ў мяне вачыма і праказала ціхім голасам:

— Што гэта? ці наяве я?

— Гэта я, Піп. Учора містэр Джагерс перадаў мне вашу запіску, і я зараз-жа паехаў сюды.

— Дзякую.

Я прысунуў да каміна другое абадранае крэсла і, сеўшы побач з міс Гевішам, заўважыў у яе на твары новы выраз: яна як быццам баялася мяне.

— Я хачу пагаварыць з табою аб справе, аб якой ты казаў мне, калі быў тут у апошні раз, і паказаць табе, што я не такая каменная, якою ты мяне лічыш. Ці можа ты цяпер ужо не паверыш, што маё сэрца даступна якім-бы то ні было чалавечым пачуццям?

Я паспяшыўся яе пераканаць у адваротным. Яна працягнула было мне сваю дрыготную руку, але зараз-жа рванула яе назад, перш чым я паспеў зразумець яе рух і ўцяміць, як мне да яго аднесціся.

— Ты казаў, што можаш навучыць мяне, як для твайго прыяцеля зрабіць добрую і карысную справу, якую табе самому хацелася для яго зрабіць. Так, здаецца?

— О, вельмі, вельмі-б хацелася!

— Што-ж гэта такое?

Я пачаў растлумачваць таемную падкладку гісторыі кампаньёнства Герберта, але хутка па яе вачах заўважыў, што думкі яе заняты мною, а не маімі расказамі. Як відаць, гэта так і было, таму, што калі я раптоўна змоўк, яна доўга гэтага не заўважала.

— Ты спыніўся таму, што табе агідна гаварыць са мною, такая вялікая твая нянавісць да мяне, — праказала яна, і яе твар прыняў ранейшы спалоханы выраз.

— О, міс Гевішам, як вы маглі гэта падумаць! — ускрыкяўў я. — Спыніўся я, таму што мне здалося, што вы мяне не слухаеце.

— Можа быць, я і, дапраўды, не слухала, — праказала яна, прыкладаючы руку да ілба. — Пачні з пачатку; я буду глядзець куды-небудзь убок. Ну, вось так, цяпер раскажы яшчэ раз.

Яна абаперлася на кастыль з уласцівым ёй у вядомыя хвіліны рашучым выглядам і з напружанай увагаю пачала глядзець на агонь, нібы сілаю прымушала сябе сканцэнтраваць увагу і слухаць. Я яшчэ раз расказаў ёй усё з пачатку і скончыў тым, што цяпер мне ўжо не ўдасца паставіць Герберта на ногі, як я спадзяваўся раней. Мне нельга растлумачыць ёй, чаму я не магу давесці пачатую справу да канца, таму што тут замешана чужая, вельмі важная тайна.

— Добра, — вымавіла яна, ківаючы галавою, але ўсё яшчэ не гледзячы на мяне. — Колькі грошай засталося ўнесці?

Я са страхам вымавіў (паколькі сума была даволі буйная):

— Дзевяцьсот фунтаў.

— Калі я дам гэтыя грошы — ці захаваеш ты маю тайну таксама свята, як захоўваеш сваю?

— Абяцаю вам захоўваць яе таксама свята.

— І, калі гэтая справа скончыцца, на душы ў цябе будзе спакайней?

— О, так.

— Ты вельмі нешчаслівы?

Яна задала гэтае пытанне, усё яшчэ не гледзячы на мяне і тонам спачування, да якога я не прывык. Я не змог зараз-жа адказаць ёй: у мяне нехапала голасу. Яна склала накрыж рукі на набалдашніку палкі і ціха прытулілася да іх галавою.

— Я вельмі нешчаслівы, міс Гевішам, але, апрача вядомых вам непрыемнасцей, у мяне ёсць і іншыя: яны датычаць той тайны, аб якой я ўжо казаў вам.

Прайшло некалькі хвілін. Яна прыўзняла галаву і зноў уставілася на агонь.

— З твайго боку вельмі благародна запэўняць мяне, што ў цябе ёсць і іншыя непрыемнасці, але ці праўду ты кажаш?

— Шчырую праўду.

— Што яшчэ я магу для цябе зрабіць, апрача гэтай паслугі твайму прыяцелю, — гэтую справу лічы вырашанай; але ці не магу я зрабіць чаго-небудзь для цябе самога?

— Нічога. Дзякую вам за прапанову і яшчэ больш за тон, якім вы яе зрабілі, але для мяне асабіста вы нічога не можаце зрабіць.

Міс Гевішам устала з крэсла, пашукала вачыма пісьмовых прылад, але ў гэтым закінутым пакоі іх не аказалася. Тады яна дастала з кішэні апраўленыя ў пацямнеўшае золата зусім пажоўклыя дошчачкі з слановай косці і пачала пісаць на іх пацямнеўшым залатым алоўкам, што вісеў у яе на шыі.

— З Джагерсам ты па-ранейшаму ў сяброўсіх адносінах?

— Так, не далей як учора я абедаў у яго.

— Па гэтай запісцы ты атрымаеш ад яго дзевяцьсот фунтаў у сваё поўнае распараджэнне з тым, каб скарыстаць іх на патрэбы твайго прыяцеля. У сябе я грошай не трымаю, але калі ты хочаш, каб і Джагерс аб гэтым не ведаў, я магу табе іх сама прыслаць.

— Дзякую вам, міс Гевішам. Я не пасаромлюся атрымаць іх ад Джагерса.

Яна прачытала голасна тое, што напісала. Запіска была складзена ў дакладных і ясных выразах і пранікнута яўным жаданнем зняць з мяне ўсякае падазрэнне ў карыслівых намерах. Рука ў яе зноў дроггнула, калі я браў ад яе дошчачкі, і дрыжала ўвесь час, пакуль яна здымала з шыі ланцужок, на якім вісеў аловак, і перадавала яго мне. Яна ўсё яшчэ ўнікала глядзець на мяне.

— Наверсе стаіць маё імя. Калі ты зможаш калі-небудзь падпісаць пад ім: «Я ёй дарую» — хоць-бы гэта было не скора, хоць-бы к таму часу маё разбітае сэрца ўжо даўно сатлела ў магіле, — калі ласка, зрабі гэта.

— О, міс Гевішам, я магу гэта зрабіць зараз. Я быў сляпы, няўдзячны. Мне самому вельмі патрэбна дараванне і добрыя парады. Як-жа мне мець злабу на вас!

Яе твар павярнуўся да мяне ў першы раз з той хвіліны, як яна рашыла больш не глядзець на мяне, і, на маё найвялікшае здзіўленне і нават жах, яна ўпала перада мною на калені і падняла да мяне складзеныя рукі.

Калі я ўбачыў ля сваіх ног гэтыя сівыя валасы, гэты стары змучаны твар, я ўвесь затросся. Я ўпрашваў яе ўстаць, стараўся падняць яе з падлогі, але яна ўчапілася за маю руку, прытулілася да яе галавою і горка плакала. Я ніколі не бачыў, каб яна праліла хоць-бы адну слязу, і, спадзеючыся, што слёзы дадуць ёй палёгку, моўчкі нахіліўся да яе. Яна ўжо не стаяла на каленях, а распасцёрлася на падлозе, усклікаючы:

— Ах, што я нарабіла, што я нарабіла!..

— Калі вы з-за мяне бядуеце, міс Гевішам, ведайце, што не вы вінаваты ў маім няшчасці. Я пакахаў-бы Эстэлу пры ўсякіх акалічнасцях. Яе вяселле ўжо адбылося?

— Так.

Навошта я задаў гэтае пытанне? Хіба запусценне і адзінота, выступаўшыя цяпер яшчэ больш выразна ў гэтым доме, не гаварылі мне пра гэта ўжо даўно!

Міс Гевішам ламала рукі, рвала свае сівыя валасы і не пакідала цвярдзіць:

— Што я нарабіла, што я нарабіла!..

— Міс Гевішам, — сказаў я, калі яе рыданні крыху сціхлі. — Не думайце больш пра мяне, няхай мой лёс не ляжыць на вашым сумленні. Іншая справа Эстэла. Калі вам у далейшым здарыцца магчымасць загладзіць хоць часткова тое зло, якое вы ёй прычынілі, вытруціўшы ў ёй лепшыя пабуджэнні яе натуры, зрабіце гэта. Гэта будзе лепш, чым плакаць і бедаваць. Мінулага не вернеш.

— Так, ведаю, ведаю. Але, Піп, дарагі мой Піп!.. — Раптам успыхнуўшая ў ёй сімпатыя да мяне была пранікнута гарачым, чыста жаночым жалем. — О, дарагі мой! Павер, калі я ўзяла яе да сябе, яшчэ малюткаю, я думала толькі аб тым, як-бы ахаваць яе ад такога-ж няшчасця, якое здарылася са мною. Спачатку ў мяне ў думках больш нічога не было.

— Я веру вам.

— Але па меры таго, як яна падрастала і прыгажэла з кожным днём, абяцаючы зрабіцца сапраўднаю красуняй, я паступова псавала яе пахваламі, дарагімі ўборамі, сваімі навучаннямі, усёй сваёю асобаю, якая заўсёды была ў яе перад вачыма, як наглядны прыклад і перасцярога. Скончылася тым, што я ўкрала ў яе сэрца і паклала на месца яго кусок лёду.

Я не ўтрымаўся і заўважыў:

— Лепш было-б пакінуць ёй сэрца, данае ад прыроды, хоць-бы яго чакала доля быць змучаным і разбітым.

Міс Гевішам кінула на мяне дзікі погляд і зноў, пачала лемантаваць:

— Што я нарабіла, што я нарабіла!

— Калі-б ты толькі ведаў маю гісторыю, — апраўдвалася яна, — у цябе было-б больш спачування, і ты лепш-бы зразумеў мяне.

— Да некаторай ступені я ведаю вашу гісторыю, міс Гевішам, — сказаў я як мага асцярожней. — Яна зрабілася мне вядомай з таго часу, як я выехаў з тутэйшых месц. Яна выклікала ва мне глыбокі жаль да вас, і, верце, я разумею, які ўплыў яна павінна была зрабіць на вас. Пасля таго, што адбылося зараз паміж намі, спадзяюся, вы дазволіце мне задаць вам адно пытанне адносна Эстэлы. Гэтае пытанне адносіцца не да цяперашняга часу, а да той пары, калі вы яе толькі што ўзялі да сябе.

Міс Гевішам сядзела цяпер на падлозе, абапіраючыся рукамі на падзёртую абіўку крэсла і схіліўшы галаву. Пачуўшы маё пытанне, яна спачатку ўважліва паглядзела на мяне, потым адказала:

— Пытайся.

— Чыя дачка Эстэла?

Міс Гевішам адмоўна паківала галавою.

— Вы не ведаеце?

Яна зноў паківала галавою.

— Яе прывёў ці прыслаў містэр Джагерс?

— Так, ён яе прывёў.

— Ці не раскажаце вы мне, пры якіх акалічнасцях гэта здарылася?

Яна зашаптала, баязліва азіраючыся:

— Я жыла ўжо даволі доўга бязвылазна ў гэтых пакоях (колькі іменна — не магу сказаць, ты ведаеш, гадзіннікі тут не паказваюць часу), калі аднойчы сказала містэру Джагерсу, што хочу ўзяць да сябе дзяўчынку, да якой магла-б прывязацца, якую магла-б выхаваць так, каб засцерагчы ад майго няшчаснага лёсу. Упершыню я бачыла Джагерса, калі даручала яму прывесці мой дом у яго цяперашні выгляд: я паслала за ім, таму што сустракала імя яго ў газетах раней, калі яшчэ не пакідала свету. Ён абяцаў падшукаць мне такую сіротку і аднойчы ўвечары прынёс сонную дзяўчынку; я назвала яе Эстэлай.

— Можна запытаць, якіх гадоў яна тады была?

— Ёй было два ці тры гады. Ёй самой вядома толькі адно, што яна сірата, усыноўленая мною.

Я і раней не сумняваўся, што тая жанчына была маці Эстэлы, і мне асабіста не трэба было далейшых доказаў, але пасля таго, што я цяпер пачуў, іх кроўная сувязь — так прынамсі мне здавалася — стала ясней дня.

Навошта мне было яшчэ цягнуць гэтае спатканне? Маё хадатайніцтва за Герберта мела поўны поспех, міс Гевішам паведаміла мне ўсё, што ёй было вядома аб Эстэле; я зрабіў усё, што мог, для заспакаення беднай старой жанчыны. Не варта шмат затрымлівацца на тым, што гаварылася паміж намі на развітанне.

Змяркалася, калі я зышоў з лесніцы і апынуўся на свежым паветры. Упусціўшай мяне служанцы я сказаў, што пакуль не маю патрэбы ў яе паслугах і перад уходам пагуляю па Сатыс-гаузу.

Я прабраўся ў запушчаны сад цераз кучу парожніх бочак, па якіх хадзіў калісьці ў дзяцінстве. Цяпер гэтыя бочкі, прастаяўшы столькі гадоў пад дажджом, у шмат якіх месцах прагнілі, а на донцах у тых, якія стаялі стойма, утварыліся мініятурныя лужынкі і балоты. Я абышоў увесь сад і забраўся ў той куток, дзе мы з Гербертам біліся на кулачках, наведаў дарожкі, дзе прагульваўся з Эстэлаю. Усюды холадна, пустынна, сумна!

Апынуўшыся на галоўным двары, я затрымаўся, не ведаючы, ці клікнуць мне старую, у якой знаходзіцца ключ ад варот, і папрасіць яе выпусціць мяне, або яшчэ раз наведацца да міс Гевішам і паглядзець, ці ў тым-жа стане здароўя і спакою знаходзіцца яна, у якім я яе пакінуў. Спыніўшыся на апошнім рашэнні, я зноў пайшоў наверх.

Зірнуўшы ў дзверы, я ўбачыў, што міс Гевішам сядзіць спіною да мяне на абдзёртым крэсле зусім блізка да каміна. Я адступіў ад дзвярэй і са спакойным сэрцам збіраўся спусціцца ўніз, як раптам убачыў у пакоі велізарны слуп полымя, і ў тую-ж хвіліну да мяне са страшным лямантам кінулася міс Гевішам, ахопленая вогненным віхрам, які высока падымаўся над яе галавою.

На мне было паліто з двайным капюшонам, на руцэ ў мяне вісеў плашч з тоўстай матэрыі. Я сарваў з сябе гэтыя рэчы, накінуў іх на яе, паваліў на падлогу і пачаў ухутваць яе. Для гэтай-жа мэты я сарваў са стала вялікі абрус, сцягнуў заадно кучу гнілі, якая ўзвышалася пасярод стала, і ўсіх агідных стварэнняў, якія там гняздзіліся. Нейкім чынам я і сам апынуўся на падлозе, і паміж мною і міс Гевішам завязалася зацятая барацьба: чым мацней я яе ўхутваў, тым больш яна крычала і мацней білася. Пра ўсё гэта я ўжо даведаўся пазней; у тую-ж хвіліну я не ўсведамляў, што я раблю, што я адчуваю, што я думаю. Калі я апамятаўся, мы абодва барахталіся на падлозе ля вялікага стала, а ў клубах дыму над намі насілася гарэўшае клочча, якое за хвіліну перад тым было паблекшым шлюбным плаццем міс Гевішам.

Паглядзеўшы навокал, я ўбачыў на падлозе патурбаваных тараканаў і павукоў, якія разбягаліся ў розныя бакі, а ў дзвярах — засопшыхся слуг, якія крычалі. Я з усёй сілы абнімаў абодвума рукамі міс Гевішам, нібы палонніка, які прабуе ўцячы, але наўрад ці ўсведамляў, каго трымаю і чаму мы змагаемся.

Толькі, калі я ўбачыў падаўшае на нас чорным дажджом перагарэлае клочча, якое некалісь было яе плаццем, я зразумеў, што міс Гевішам загарэлася і што агонь пагашаны. Яна была ў непрытомнасці, мне страшна было крануць яе з месца, я і другім не дазваляў да яе дакранацца. Паслалі за ўрачом, і да яго прыходу я трымаў яе, баючыся, што агонь зноў успыхне, калі я пакіну яе. Толькі калі з‘явіўся лекар, я падняўся з падлогі і, на вялікае здзіўленне, заўважыў, што абедзве рукі ў мяне апечаны: пакуль што я гэтага не адчуваў.

Агледзеўшы міс Гевішам, доктар абвясціў, што апёкі сур‘ёзныя, але не смяртэльныя; галоўная-ж небяспека, на яго думку, заключалася ў атрыманым ёю нервовым узрушэнні. Па яго ўказаннях паслалі пасцель на вялікім абедзенным стале, бо тут было зручней рабіць перавязкі. Калі я ўбачыў яе праз гадзіну, яна ляжала на тым месцы, на якое некалі паказвала кастылём, кажучы, што калі-небудзь яе сюды пакладуць.

Хоць, як мне сказалі, плацце яе згарэла датла, яна ўсё яшчэ здавалася адзетаю ў шлюбнае ўбранне, яе абклалі ватаю да самага горла, зверху пакрылі белаю прастынёю, так што яна па-ранейшаму мела выгляд зданнёвай нявесты.

Ад слуг я даведаўся, што Эстэла ў Парыжы і прасіў доктара паслаць ёй пісьмо з наступнаю-ж поштай. Паведаміць сваякоў міс Гевішам я ўзяўся сам; аднак, я меў намер наказаць толькі містэру Мацью Покет, каб ён на свой погляд паведамляў ці не паведамляў астатніх сваякоў. Да містэра Мацью з сумнай весткаю я паслаў Герберта на другі-ж дзень, зараз-жа пасля звароту ў Лондан.

Праз некаторы час міс Гевішам прышла да памяці і зусім складна, хоць з нейкім ліхарадачным ажыўленнем, расказала аб тым, што здарылася. К поўначы яе язык пачаў заплятацца, і паступова яе гаворка звялася да трох фраз, якія яна паўтарала павольным, урачыстым тонам незлічонае мноства разоў. Спачатку: «Што я нарабіла!». Потым: «Калі я брала яе да сябе, я думала толькі аб тым, як-бы ахаваць яе ад маёй няшчаснай долі». І нарэшце: «Вазьмі аловак і пад маім імем падпішы: «Я ёй дарую». Фразы гэтыя яна вымаўляла ў адным і тым-жа парадку, часам прапускала ў іх якое-небудзь слова, але ніколі не замяшчала яго другім, а непасрэдна пераходзіла да наступнага.

Я нічым не мог быць ёй карысным, а дома мяне чакалі іншыя клопаты, іншыя трывогі, якіх нават яе брэд не мог выгнаць з маёй памяці; таму ноччу я вырашыў вярнуцца ў Лондан з першым ранішнім дыліжансам. Але я хацеў выбрацца з горада пехатою і сесці ў дыліжанс на дарозе, і для гэтага павінен быў раней выйсці з Сатыс-гауза. Было каля шасці гадзін раніцы, калі я нахіліўся да міс Гевішам і дакрануўся губамі да яе вуснаў якраз у той момант, калі яна вымавіла:

— Вазьмі аловак і падпішы пад маім імем: «Я ёй дарую».


РАЗДЗЕЛ XLV

За ноч мне было зроблена дзве ці тры перавязкі, а раніцою рукі мне зноў перавязалі. Уся левая рука была апечана і моцна балела, асабліва пясць і локаць, к плячу апёк быў меншы; але я быў удзячны лёсу, што агонь толькі гэтым і абмежаваўся і не пайшоў далей. На правай руцэ не было такіх сур‘ёзных пашкоджанняў, я мог нават варушыць пальцамі, але, зразумела, яна таксама была забінтавана, а левую я вымушан быў насіць на павязцы. Сурдута ў рукавы мне нельга было надзець, і я павінен быў апранацца ім, як тальмай, унакідку, толькі зашпіліўшы ля горла. Валасы былі зусім абсмалены, але галавы і твара агонь не крануў.

Збегаўшы ў Гамерсміт паведаміць бацьку, Герберт вярнуўся дадому і прысвяціў увесь дзень мне. Ён даглядаў мяне як самая далікатная, самая ўважлівая сядзелка: у пэўныя гадзіны здымаў з мяне бінты, змачваў іх у загадзя падрыхтаванай прымочцы, накладваў іх зноў і рабіў усё гэта з такою ласкаю і цярплівасцю, што я быў расчулены да глыбіні душы.

Ні адзін з нас не загаварыў аб шлюпцы, але мы абодва аб ёй думалі; гэта відаць было з таго, што мы ўсяляк абыходзілі гэтае шчакатлівае пытанне і, нібы згаварыўшыся, запэўнялі адзін аднаго, што мае рукі загояцца не праз некалькі тыдняў, а праз некалькі гадзін.

Само сабою зразумела, што, як толькі я ўбачыў Герберта, маім першым пытаннем было: ці ўсё добра на Малынарнай грэблі? Ён так весела і ўпэўнена даў мне пацвярджальны адказ, што я зусім супакоіўся і да самага вечара мы аб гэтым прадмеце не загаварвалі. Але Герберт нечакана звярнуўся да яго ў канцы дня, калі заняўся перавязкаю пры святле агню, гарэўшага ў каміне, — на двары ўжо змяркалася.

— Учора, Гендзель, я прабыў у Провіса бітых дзве гадзіны. Ведаеш, ён стаў непараўнальна лепшым.

— Я казаў табе, што ў наша апошняе спатканне ён здаваўся мне значна мякчэйшым.

— Так, ты казаў, і гэта так і ёсць. Учора ён быў вельмі гаварлівым, расказваў мне шмат што з свайго жыцця. Памятаеш, ён тады загаварыў аб адной жанчыне, якая прынесла яму шмат гора? Што, я табе зрабіў балюча?

Я здрыгануўся не ад болю: яго словы прымусілі мяне здрыгануцца.

— Я пра гэта зусім забыўся, але цяпер штосьці прыпамінаю.

— Дык вось учора ён шмат гаварыў пра гэтую эпоху свайго жыцця. Гэта жанчына была маладая, рэўнівая і мсцівая, мсцівая да апошняй ступені.

— Гэта значыць?

— Гэта значыць гатова была нават на забойства. Табе, мусіць, вельмі холадна?

— Ніколькі. Як-жа яна забіла і каго?

— Тое, што яна зрабіла, можа і не заслугоўвае такой страшнай назвы, але яе судзілі за забойства; містэр Джагерс яе абараняў і гэтай абаронаю набыў сабе вялікую рэпутацыю.

— Але што-ж далей?

— У апраўданай было дзіця ад Провіса, і Провіс яго страшэнна любіў. У той самы вечар, калі была задушана тая, да якой яго рэўнавалі, гэтая маладая жанчына на хвілінку з‘явілася да Провіса і паклялася яму, што ўмярцвіць сваё дзіця (дзіця знаходзілася не ў яго, а жыло пры ёй), што ён больш яго не ўбачыць, і ўслед затым знікла. Не гледзячы на тое, што смерць дзіцяці была для яго страшным ударам, ён схаваўся з баязні, што яго выклічуць на суд даваць паказанні аб дзіцяці і што ён зробіцца віноўнікам яе пагібелі. Пакуль ішоў суд, ён хаваўся, ці, як ён кажа, трымаўся ў ценю, і суд не меў аб ім ніякіх пэўных звестак. Ведалі толькі, што прычынаю рэўнасці быў нейкі чалавек, па імені Авель. Пасля таго, як падсуднай вынеслі апраўдальны прыгавор, яна знікла, нібы скрозь зямлю правалілася. Так Провіс страціў і сваё дзіця, і матку дзіцяці.

— Хацелася-б мне ведаць…

— Пацярпі крыху, любы прыяцель, зараз скончу. Яго злы геній, Кампісон, найгоршы з усіх нягоднікаў, ведаючы, што ён адзін час хаваўся і чаму ён хаваўся, вядома, не прамінуў пазней выкарыстаць тое, што яму было вядома, каб трымаць Провіса пад страхам. Я ўчора пераканаўся, што з-за гэтага страху і ўзнікла нянавісць Провіса да яго.

— Жадаў-бы я ведаць, дакладна ведаць, Герберт, калі адбылося гэтае здарэнне.

— Ты хочаш ведаць дакладна? Пачакай, я прыпомню ўсё, што ён казаў з гэтага поваду. Вось яго ўласныя словы: «было гэта гадоў дваццаць таму назад, неўзабаве пасля таго, як пачалося маё знаёмства з Кампісонам». Колькі было табе гадоў, калі вы сустрэліся на могілках?

— Здаецца, — сёмы год.

— Ну так! Ён казаў, што сустрэўся з табою праз тры ці чатыры гады пасля гэтага здарэння і ты напомніў яму загінуўшую так трагічна маленькую дачку, якая, калі-б засталася жывою, была-б амаль тваёю равесніцаю.

— Герберт! — пасля кароткага маўчання вымавіў я задыхаючыся. — Паглядзі на мяне. Дзе табе лепш мяне відаць: тут, пры святле каміна, ці падыйсці да акна?

— Тут святлей, — адказаў Герберт, нахіляючыся да мяне яшчэ бліжэй.

— Глядзі-ж на мяне добра.

— Гляджу, любы дружа.

— Вазьмі мяне за руку.

— Калі ласка, любы дружа,

— Ты не думаеш, што ў мяне гарачка, ці што я звар‘яцеў пасля ўчарашняй катастрофы?

— Не, любы дружа, — адказаў Герберт праз некаторы час, паглядзеўшы на мяне дапытлівым позіркам. — Ты крыху ўсхваляваны, алеты ў сваім розуме.

— Так, я ў сваім розуме. Слухай-жа, што я табе скажу: чалавек, якога мы хаваем на нізоўі Темзы, — бацька Эстэлы.


РАЗДЗЕЛ XLVI

Якой мэты я дамагаўся, парываючыся з такім запалам выкрыць і даказаць паходжанне Эстэлы? На гэта я нічога не магу сказаць.

Пасля кароткай, але многазначнай гутаркі з Гербертам мною аўладала ліхарадачнае перакананне, што я абавязкова павінен давесці да канца расследаванне аб паходжанні Эстэлы, і я хацеў зараз-жа бегчы да містэра Джагерса і ўзнаць нарэшце ўсю праўду.

Я ледзь было ў той-жа вечар не пайшоў у Джэрард-стрыт; на шчасце, Герберт адгаварыў мяне, даказаўшы, што я рыскую захварэць і злегчы ў пасцель якраз у той час, калі ад мяне будзе залежыць выратаванне нашага бегляца. Толькі гэты довад мог стрымаць мой настрой. Назаўтра мы вельмі рана вышлі з дому, разам дайшлі да Смітфільда і тут на скрыжаванні рассталіся: Герберт пайшоў у Сіці, я — у Літль-Брытэн.

Маё паяўленне з падвязанаю рукою, у накінутым на плечы сурдуце спрыяла маёй мэце. Хоць пасля прыезду ў горад я паслаў містэру Джагерсу кароткую справаздачу аб тым, што здарылася, але цяпер мяне прымусілі зноў расказаць аб усіх падрабязнасцях.

Скончыўшы свой расказ, адказаўшы на ўсе пытанні, заданыя містэрам Джагерсам і Вемікам, я дастаў запіску міс Гевішам аб выдачы мне дзевяцісот фунтаў для Герберта. Калі я падаў дошчачкі, вочы містэўра Джагерса адразу запалі, але ён зараз-жа перадаў дошчачкі Веміку з загадам напісаць чэк. Пакуль цягнулася гэтая працэдура, я глядзеў на пісаўшага Веміка, а містэр Джагерс глядзеў на мяне, гойдаючыся на насках сваіх лакіраваных ботаў.

— Мне вельмі шкада, Піп, што мы нічога не робім для вас, — сказаў ён, калі я хаваў у кішэню чэк, на якім ён паставіў свой подпіс.

— Міс Гевішам прапанавала што-небудзь зрабіць для мяне, але я адмовіўся, — адказаў я.

— Каб я быў на вашым месцы, я не адмовіўся-б, — сказаў містэр Джагерс. — Але, вядома, кожны сам лепш ведае, што яму рабіць.

— Я звярнуўся да міс Гевішам з другою просьбаю. Я папрасіў яе даць мне некаторыя звесткі наконт яе прыёмнай дачкі, і яна паведаміла мне ўсё, што ёй самой вядома.

— Вось як? — працадзіў містэр Джагерс, нахіляючыся наперад, каб кінуць погляд на свае бліскучыя боты, і затым зноў выпрастаўся і вымавіў: — Гм! Калі-б я быў на месцы Гевішам, я, напэўна, гэтага не зрабіў-бы, але, вядома, усякі сам лепш ведае, што яму рабіць.

— Аб гадаванцы міс Гевішам мне вядома нават больш, чым самой міс Гевішам. Я ведаю, хто яе маці.

Містэр Джагерс дапытліва паглядзеў на мяне і паўтарыў:

— Маці?

— Я бачыў яе маці не далей, як тры дні таму назад.

— Так? — паўтарыў містэр Джагерс.

— Адносна Эстэлы мне вядома, мусіць, нават больш, чым вам, сэр. Я ведаю, хто яе бацька.

— Гм! Дык вы ведаеце, хто бацька маладой лэдзі, Піп?

— Так, — адказаў я. — Завуць яго Провіс з Новага Паўднёвага Валіса.

Пры гэтых словах нават містэр Джагерс здрыгануўся. Праўда, гэта быў ледзь прыкметны рух; ён зараз-жа справіўся з сабою і спрытна яго замаскіраваў, зрабіўшы выгляд, нібы лезе ў кішэню за насавой хусткаю, але, безумоўна, ён здрыгануўся.

— А якімі доказамі падмацоўвае Провіс свае правы? — раўнадушна запытаўся містэр Джагерс, разгортваючы сваю славутую хустку і падносячы яе да носа.

— Провіс ніякіх правоў не прад‘яўляе і не прад‘яўляў; ён не ведае, нават не падазрае, што дачка яго жывая.

Адзіны раз у жыцці ўсемагутная хустка аказалася бяссільнай: мой адказ быў такім нечаканым, што містэр Джагерс, не выканаўшы звычайнай цырамоніі, схаваў хустку зноў у кішэню, склаў накрыж рукі на грудзях і накіраваў на мяне строгі, пранізваючы погляд. Ні адзін мускул на твары ў яго не зварухнуўся.

Я коратка перадаў яму ўсё, што мне было вядома, растлумачыўшы, як гісторыя Эстэлы дайшла да майго ведама, але расказаў гэта так, каб ён падумаў, быццам я даведаўся ад міс Гевішам пра ўсё тое, што ў сапраўднасці было мне паведамлена Вемікам.

— Ну, — вымавіў нарэшце містэр Джагерс, падыходзячы да свайго бюро, — на чым мы спыніліся, Вемік, калі ўвайшоў містэр Піп?

Чаша майго цярпення перапоўнілася: я не мог прымірыцца з тым, каб ад мяне аддзелваліся такім бесцырамонным спосабам. Я звярнуўся да містэра Джагерса са страшным, нават абураным заклікам; заклінаў яго быць са мною больш шчырым, аднесціся да мяне з большаю сардэчнасцю.

Містэр Джагерс, здавалася, назаўсёды замкнуўся ў ледзяным спакоі і, як відаць, аставаўся зусім глухім да маіх маленняў. Я адвярнуўся ад яго і звярнуўся да Веміка:

— Вемік! Я ведаю, вы чалавек добры; я бачыў ваш мілы домік, старога бацьку, тыя нявінныя забавы, якімі вы ўпрыгожваеце сваё дзелавое жыццё. Умаляю вас, закіньце за мяне слоўца перад містэрам Джагерсам, пераканайце яго, што я маю права на большую шчырасць з яго боку.

Ніколі я не бачыў, каб два чалавекі абменьваліся такім дзіўным позіркам, якім пасля майго закліку абмяняліся містэр Джагерс і Вемік!

Калі я паглядзеў на іх, у мяне спачатку з‘явілася боязнь, што Вемік зараз-жа будзе зволены з пасады, але боязнь гэтая рассеялася, калі я заўважыў, што на твары містэра Джагерса мільгнула нешта падобнае на ўсмешку, а Вемік прыасаніўся.

— Што я чую! — вымавіў містэр Джагерс. — Стары бацька, нявінныя забавы?..

— Дык што-ж такое? Я-ж не цягаю іх разам з сабою сюды! — расхрабрыўся Вемік.

— Піп, — павольна праказаў містэр Джагерс. — Гэты чалавек, як мне здаецца, першы круцель ва ўсім Лондане.

— Ну, думаю, што вы мне не ўступіце, — адказаў Вемік, яшчэ больш набраўшыся храбрасці.

Зноў гэтыя два чалавекі па- дзіўнаму паглядзелі адзін на аднаго: відавочна, кожны з іх баяўся, як-бы не знізіць перад другім сваёй годнасці.

— У вас мілы домік, — праказаў нарэшце містэр Джагерс.

— Калі ён не перашкаджае мне займацца справаю, дык чаму-б яму і не быць? — адрэзаў Вемік. — Як пагляджу на вас, мне, дапраўды, здаецца, што і вы падумаеце завесці сабе ў хуткім часе свой мілы домік, дзе-б вы маглі адпачываць ад працы.

Містэр Джагерс некалькі разоў задуменна паківаў галавою і, — запэўняю вас, як ні дзіўна гэта здасца, — уздыхнуў.

— Піп, — звярнуўся ён да мяне. — Не будзем гаварыць пра пустыя «лятуценні», вы больш за мяне ведаеце ў такіх рэчах: ваша спрактыкаванасць больш свежая. Што-ж датычыць другога пытання, я папрабую выкласці яго вам у выглядзе дапушчэння. Толькі памятайце, што я нічога не сцвярджаю, я выказваю дапушчэнне.

Ён спыніўся, даб даць мне магчымасць пацвердзіць, што я, вядома, разумею, што ён хоча сказаць.

— Такім чынам, Піп, уявіце сабе такога роду выпадак. Уявіце сабе, што жанчына, якая знаходзілася ў такіх абставінах, як вы расказвалі, схавала дзіця і вымушана была прызнацца ў гэтым свайму судоваму хадайніку, бо ён абвясціў, што яму для вядзення справы неабходна ведаць, што сталася з дзіцём. Дапусціце таксама, што ў той-жа час адна багатая сумазбродная лэдзі даручыла той-жа асобе адшукаць дзіця, якое яна магла-б выхоўваць і ўсынавіць. Вы сочыце за мною?

— Так, сэр.

— Дапусціце, што з масы абяздоленых яму пападаецца прыгожая малютка, якую ёсць магчымасць выратаваць, — бацька лічыцца памёршым, а матку судовы хадатайнік трымае ў руках, паколькі ў яго ўладзе сказаць ёй; я ведаю, што вы зрабілі, вы дзейнічалі такім вось чынам, вы зрабілі тое і тое, каб адвесці ад сябе падазрэнне; я вас прасачыў і магу расказаць як па пальцах усё з пачатку да канца. Расстаньцеся з дзіцём. Калі яно спатрэбіцца для вашага выратавання, яго прадставяць. Аддайце яго мне, я ўжыву ўсе намаганні, каб вас апраўдалі. Будзеце вы выратаваны, — і ваша дзіця будзе выратавана; загінеце, — яно ўсё-такі будзе выратавана. Дапусціце цяпер, што ўсё гэта было зроблена, і жанчыну суд апраўдаў.

— Разумею, сэр.

— Але памятайце: я нічога не сцвярджаю.

— Вы нічога не сцвярджаеце.

І Вемік, як рэха, паўтарыў:

— Нічога не сцвярджаеце.

— Дапусцім, што бурныя страсці, жах перад страшнаю смерцю парушылі рассудак абвінавачваемай, і, калі яе выпусцілі на волю, жыццё ў людзях выклікала ў ёй такі страх, што яна прышла да свайго абаронцы прасіць падшукаць ёй ціхі прытулак. Дапусціце, што ён узяў яе, уціхамірыў яе дзікі нораў, пускаючы ў ход кожны раз, як прарывалася яе ранейшая нястрымная дзікая натура, ранейшы прыём. Вы можаце сабе ўявіць такі ўвабражаемы выпадак?

— О, так.

— Дапусціце, што дзяўчынка вырасла і вышла замуж па разліку, што маці яшчэ жывая, што бацька таксама жывы, і што абодва не ведаюць аб існаванні адзін аднаго, хоць і жывуць адзін ад аднаго на адлегласці некалькіх міляў, ці некалькіх сажняў, дапусцім нават, некалькі футаў. Дапусціце, што тайна да гэтага часу не адкрыта і вы адзін ведаеце аб ёй. Я прашу вас уявіць сабе гэты апошні пункт як мага ясней.

— Уяўляю.

— І Веміка таксама прашу гэта сабе ўявіць.

Вемік у сваю чаргу адклікнуўся:

— Уяўляю.

— Дзеля каго будзеце вы выкрываць тайну? Дзеля бацькі? Мне здаецца, што лепш не раздражняць яго старых ран. Дзеля мацеры? Але пасля такой справы, якую яна зрабіла, мне здаецца, ёй найбольш бяспечна заставацца там, дзе яна цяпер знаходзіцца. Дзеля дачкі? Але, здаецца, вы зробіце ёй дрэнную паслугу, выкрыўшы яе паходжанне, накінуўшы на яе ганебную пляму, ад якой удалося яе пазбавіць дваццаць гадоў таму назад, ад якой цяпер яна на ўсё жыццё свабодная.

Я зірнуў на Веміка: яго твар быў сур‘ёзны. Ён многазначна прыклаў палец да вуснаў, я зрабіў тое самае, услед за мною і містэр Джагерс паўтарыў той самы жэст.

— Ну, Вемік, — праказаў ён, прымаючы свой звычайны выгляд, — на чым мы спыніліся, калі ўвайшоў містэр Піп?

Работа зноў закіпела; але я заўважыў, што сярод сваіх заняткаў яны не-не ды і зірнуць адзін на аднаго такім-жа дзіўным позіркам, як і раней, з тою толькі розніцаю, што цяпер яны, здавалася, усведамлялі, што выявілі свае слабыя бакі і знізілі сваю прафесіянальную годнасць.


РАЗДЗЕЛ XLVII

З чэкам у кішэні я з Літль-Брытэна пайшоў проста да брата міс Скінфінс, гандлёвага агента; брат міс Скінфінс зараз-жа пайшоў па Клерыкера, прывёў яго да мяне, і, на маю вялікую радасць, мы з ім скончылі нашу здзелку. Гэта была адзіная добрая справа, адзіная даведзеная да канца справа, якую я зрабіў з таго часу, як мне стала вядома, што перада мною «вялікія чаканні».

Надышоў сакавік месяц. Мая левая рука загойвалася вельмі марудна, так што я ўсё яшчэ не мог надзець сурдута, з другой рукою справа была лепш: праўда, яна была моцна знявечана, але служыла спраўна.

У панядзелак раніцою, калі мы з Гербертам сядзелі за снеданнем, я атрымаў па пошце ад Веміка наступную запіску.

«Вальворт».

«Спаліце гэтае пісьмо зараз-жа пасля прачытання. У пачатку тыдня, скажам, у сераду, вы можаце зрабіць тое, што вам вядома, калі не раздумалі. Спаліце-ж».

Я паказаў гэтае пасланне Герберту, спаліў яго, — вядома пасля таго, як вывучыў змест яго напамяць, — і мы ўдвух пачалі абдумваць, як нам зрабіць. Разумеецца, цяпер ужо нам было ясна, што я з маёй хвораю рукою нікуды не варт.

— Я шмат аб гэтым думаў, — сказаў Герберт, — і, здаецца, натрапіў на шчаслівую думку. Гэта будзе лепш, чым наймаць лодачніка з Темзы. Возьмем Стартопа; ён добры хлопец, найлепшы грабец, любіць нас, чалавек вельмі чулы, проста ўвасабленне благародства.

Мне самому не раз прыходзіла думка аб Стартопе.

— Але як-жа ты яму растлумачыш, Герберт?

— О, ён задаволіцца нямногім! Няхай думае, што гэта проста наш капрыз, які пакуль што трэба трымаць у сакрэце, а раніцою ў дзень выканання скажам яму, што ў нас ёсць важныя прычыны сплавіць Провіса на замежны параход і вывезці з Англіі.

— Ты таксама з ім паедзеш?

— Абавязкова.

— Куды?

Мае доўгія, пакутлівыя размышленні па гэтаму поваду прымусілі мяне прыйсці да заключэння, што ўсёроўна, які выбраць порт, — Гамбург, Ротэрдам, Антверпен, месца тут не мела ніякага значэння, абы яно знаходзілася па-за Англіяй; для нашай мэты можна скарыстаць першы сустрэчны замежны параход, які згадзіцца нас узяць.

Герберт быў ва ўсім згодзен са мною, і зараз-жа пасля снедання мы пайшлі на разведкі. Па наведзеных спраўках аказалася, што больш за ўсё нам падыходзіць гамбурскі параход, і мы спыніліся на ім; адначасова з ім і іншыя параходы выходзілі з Лондана, і, на шчасце, нам былі вядомы прыметы кожнага з іх. Затым я пайшоў здабываць пашпарт, а Герберт накіраваўся да Стартопа; а першай гадзіне папоўдні мы сышліся ва ўмоўленым месцы і паведамілі адзін аднаму, што ўдачна, без усякіх перашкод, выканалі ўзяты на сябе абавязак: я запасся пашпартам, а Герберт пабачыўся са Стартопам, і той ахвотна згадзіўся на прапанову.

Было ўмоўлена, што кожны будзе грэбці двума вёсламі, я сяду на руль, а Провіс будзе сядзець спакойна ў якасці пасажыра. Паколькі мы не гналіся за шпаркасцю, то грабцы нашы не маглі асабліва стаміцца.

Умовіўшыся аб усім гэтым, мы рассталіся, і я пайшоў дадому.

Адамкнуўшы ўваходныя дзверы ключом, які ў мяне заўсёды быў пры сабе, я знайшоў у скрынцы для пісем пісьмо, адрасаванае да мяне, пісьмо вельмі бруднае, але напісана граматна і добрым почыркам: паштовага штэмпеля на ім не было, і прынеслі яго, вядома, пасля таго, як я вышаў з дому. Вось што ў ім змяшчалася:

«Раю вам, калі не палохаецеся, прыйсці на старое балота сёння ці заўтра ўвечары, а дзевятай гадзіне, к маленькаму доміку ля шлюзаў, каля абжыгальнай печы. Калі жадаеце атрымаць некаторыя звесткі, якія датычаць вашага дзядзі Провіса, прыходзьце не марнуючы часу і не кажыце аб гэтым нікому. Вы павінны прыйсці адзін. Прынясіце з сабою гэтую запіску».

У мяне і без таго было цяжка на душы; я зусім не ведаў, што мне цяпер рабіць. Горш за ўсё было тое, што я павінен быў як мага хутчэй рашацца, інакш я прапусціў-бы апошні дыліжанс і не папаў-бы к доміку ля шлюзаў у назначаны час. Не было чаго і думаць ехаць на наступны дзень: вечар аўторка быў надта блізка да ўмоўленага дня, у які павінны былі адбыцца ўцёкі, і, апроч таго, адкуль мне ведаць, можа быць, абяцаныя звесткі маюць адносіны іменна да ўцёкаў і вельмі важна атрымаць іх як мага хутчэй.

Мы прыехалі пад вечар; пераезд мне паказаўся доўгім і стамляючым, асабліва таму, што я сядзеў у сваім купэ як у няволі і не адважваўся высунуць носа на двор. Я спыніўся не ў «Блакітным Вепры», а ў другой, больш скромнай гасцініцы, якая стаяла на выездзе з горада, і заказаў сабе абед. Чакаючы яго, я зайшоў да міс Гевішам даведацца пра яе здароўе; мне сказалі, што яна не зусім паправілася, хоць ёй крыху лепш.

Пасля абеду я ўстаў, накінуў шынель і вышаў. Перад гэтым яшчэ я шукаў у кішэнях пісьмо, каб яшчэ раз зірнуць на яго, але так і не знайшоў. Мяне вельмі непакоіла, што я згубіў яго: мусіць, ад трасяніны ў часе язды яно выпала і папала ў салому, пасланую ў дыліжансе. Аднак, я добра памятаў, што месца, куды трэба мне з‘явіцца, — шлюзны домік ля абжыгальнай печы, а час — дзевяць гадзін. Марудзіць не было калі, я шпаркім крокам рушыў да балот.


РАЗДЗЕЛ XLVIII

Ноч была цёмная, хоць узышоў поўны месяц, калі, абмінуўшы загароджаныя сады і палі, я выбраўся на балоты. Над чорным гарызонтам вылучалася вузкая палоска яснага неба, на якой ледзь змяшчаўся вялізны чырвоны месяц; праз некалькі хвілін ён прайшоў праз гэту светлую прастору і схаваўся за грамадамі хмараў. Вецер сумна завываў, балоты мелі самы злавесны выгляд.

Дарога ішла не ў тым напрамку, дзе знаходзіўся мой ранейшы дом, і не ў тым, якім мы калісьці праследвалі катаржнікаў. Арыштанцкія пантоны асталіся за мною; я мог-бы адрозніць іх агні ўдалечы за пясчанаю мялінаю, калі-б павярнуўся назад. Я ведаў абжыгальную печ таксама добра, як і старую батарэю, але паміж імі была адлегласць у некалькі міляў, і, калі-б у абодвух пунктах былі запалены цяпер кастры, гэтыя дзве светлыя кропкі раздзяліліся-б доўгаю паласою цёмнага гарызонта.

Праз поўгадзіны я падышоў да печы; з яе ішла цяжкая, удушлівая пара ад паленай вапны, агонь ужо патухаў, аб ім, мусіць, забыліся, паколькі блізка нікога не было відаць. Недалёка была маленькая каменаломня. Дарога ішла якраз праз яе. Па пакінутых інструментах і тачках я здагадаўся, што тут працавалі не далей як сёння. Выбраўшыся з калдобіны зноў на паверхню балота, я ўбачыў святло ў старым шлюзным доміку. Я паскорыў крокі і праз хвіліну ўжо стукаў у дзверы.

З прычыны таго, што мне не адчынялі, я пастукаў яшчэ раз, — зноў ніякага адказу. Я націснуў засаўку, яна падалася, і дзверы адчыніліся. Заглянуўшы ўсярэдзіну, я убачыў запаленую свечку на стале, лаўку, ложак з сянніком. Заўважыўшы ход на чардак, я гучна крыкнуў: «Ёсць тут хто-небудзь?» але мне ніхто не адказаў. Зірпуўшы на гадзіннік і ўбачыўшы, што дзевяць гадзін мінула, я крыкнуў зноў: «Ёсць тут хто-небудзь?» і зноў не атрымаў адказу.

Я павярнуўся і адышоў да дзвярэй, не ведаючы, як мне цяпер быць. Пачаўся вялікі дождж. Навокал былі ўсё тая-ж цішыня і маўклівасць. Я зноў вярнуўся да доміка і спыніўся ў дзвярах пад паветкай, углядаючыся ў начную імглу. «Хто-небудзь нядаўна быў тут і, мабыць хутка вернецца, бо пакінуў запаленую свечку», меркаваў я, і мне ўздумалася паглядзець, ці надоўга хопіць свечкі. Я падышоў да стала, але толькі што ўзяў падсвечнік, як свечка пагасла, — яе нехта пагасіў. У тую-ж хвіліну я адчуў, што на мяне накінулі ззаду, цераз галаву аркан.

— Ага! — папаўся! — вымавіў з лаянкаю хрыплы голас.

— Што гэта?— крычаў я, вырываючыся з пятлі. — Хто тут? Памажыце, памажыце!

Я адчуваў жахлівыя мучэнні ад таго, што мае рукі былі моцна прыціснуты да бакоў і апечаная рука нясцерпна балела. Каб я не крычаў, мне заціскала рот то чыясьці мускулістая рука, то здаравенныя грудзі, я адчуваў каля сябе нейчае гарачае дыханне, адчуваў, што мяне да нечага моцна прывязваюць, і дарэмна прабаваў вырвацца.

— А ну, папрабуй цяпер крычаць! — праказаў з новаю лаянкай той-жа голас. — Папрабуй, — я з табою ўмомант пакончу.

Я адчуваў такія пакуты, што ў мяне муцілася ў галаве. Аслабеўшы ад болю, аглушаны нечаканым нападам, я адчуваў, што прывесці ў выкананне гэтую пагрозу вельмі лёгка. Таму я перастаў крычаць і пачаў прабаваць хоць крыху вызваліць сваю хворую руку; але вяроўкі сцягвалі яе надта моцна. Раней я адчуваў боль ад апёку, цяпер-жа мне здавалася, быццам мая рука кіпіць у агні.

Навокал быў поўзмрок, але раптам настуліла поўная цемра, я здагадаўся, што чалавек, які знаходзіўся ў пакоі, зачыніў акяніцы. Пашарыўшы некаторы час у цемры, ён адшукаў крэмень і крэсіва і пачаў высякаць агонь. З напружанаю ўвагаю глядзеў я на іскры, падаўшыя на трут, на які ён дзьмухаў з усёй сілы. Але я бачыў, і то толькі хвілінамі, толькі яго губы і блакітны кончык запалкі, якую ён трымаў напагатове. Трут адсырэў, што пры такой вільготнасці было і не дзіўна, іскры гаслі адна за адною, але ён не спяшаўся і па-ранейшаму метадычна пастукваў крэмнем аб сталь.

Іскры падалі часцей і ярчэй. Я цяпер мог адрозніць ужо яго рукі, абрысы яго твара, мог здагадацца, што ён сядзіць, нагнуўшыся над сталом, толькі і ўсяго. Сінія губы ўсё таксама ўпарта раздувалі трут, нарэшце ўспыхнула полымя і асвяціла… Орліка!

Не ведаю, дапраўды, каго я гатоў быў убачыць, але ніяк не яго. Убачыўшы яго я зразумеў, што маё становішча сапраўды небяспечнае, і я глядзеў на яго, не адрываючы вачэй.

Ён не спяшаючыся паднёс запалку да свечкі, запаліў яе, кінуў запалку на падлогу і затаптаў нагою. Потым адсунуў свечку на другі канец стала, каб лепш мяне асвяціць, сеў на стол, злажыў накрыж рукі і накіраваў вочы на мяне.

Цяпер я заўважыў, што быў прывязаны да масіўнай драўлянай лесніцы, якая спускалася з чардака і была пастаўлена амаль вертыкальна вельмі блізка ад сцяны.

— Ага! папаўся! — праказаў Орлік праз некалькі секунд, на працягу якіх мы моўчкі глядзелі адзін на аднаго.

— Развяжы мяне, выпусці мяне!

— Пачакай, не спяшайся, я цябе выпушчу, адпраўлю прагуляцца. На ўсё свой час.

— Навошта ты мяне сюды заманіў?

— А ты не ведаеш? — праказаў ён, кідаючы на мяне забойчы позірк.

— Навошта ты накінуўся на мяне ўпоцемку?

— Таму што хачу ўладзіць усё адзін. Аднаму лягчэй захаваць тайну, чым двум. О, ненавісны вораг мой!

Ён так злосна радаваўся, гледзячы на мае пакуты, што мяне пранялі дрыжыкі. Я моўчкі глядзеў на яго; ён сядзеў на стале, ківаючы галавою. Працягнуўшы руку да бліжэйшага кутка, ён узяў адтуль стрэльбу ў меднай аправе.

— Знаёма табе гэтая штучка? — запытаўся ён, робячы выгляд, што нацэльваецца ў мяне. — Памятаеш, дзе ты яе раней бачыў? Адказвай-жа, ваўчанё!

— Памятаю.

— Ты сагнаў мяне з гэтага месца. Гавары: сагнаў?

— Я не мог інакш паступіць.

— Так, сагнаў. Даволі было-б і гэтага аднаго, апрача ўсяго іншага. Як смеў ты стаць паміж мною і жанчынаю, якую я пакахаў?

— Калі-ж я гэта зрабіў?

— Калі! Ды ты заўсёды чарніў у яе вачах старога Орліка.

— Ты сам сябе чарніў, ты заслужыў дрэнную славу. Я не мог-бы табе пашкодзіць у яе вачах, калі-б ты быў чалавек добры. Ты сам ва ўсім вінават.

— Хлусіш! Нябось, ты не пашкадаваў-бы ніякіх грошай, ніякіх клопатаў, каб выправадзіць мяне адсюль? Слухай-жа, што я табе скажу. Ніколі яшчэ табе не было так важна выправадзіць мяне адсюль, як іменна сёння. О, ты аддаў-бы ўсе свае грошы да апошняга шэлега, і яшчэ ў дваццаць разоў больш, толькі каб справадзіць мяне к чорту на кулічкі!

З таго, як ён патрос у мой бок сваёю цяжкою ручышчаю і зарыкаў, як звер, я зразумеў, што ён кажа праўду.

— Што табе ад мяне трэба?

— Што трэба? — перапытаў Орлік, стукнуўшы кулаком па стале. — Мне трэба тваё жыццё!

Ён нахіліўся наперад, утаропіўся на мяне, павольна абцёр рукою рот, нібы ў яго пацякла сліна гледзячы на мяне, потым прыняў ранейшую позу.

— Ты заўсёды стаяў упоперак дарогі старому Орліку, яшчэ калі быў дзіцём. Вось сёння ён і скіне цябе з яе. Ён з табою пакончыць. Ты памрэш.

Я адчуваў, што стаю на краю магілы, і збянтэжаным позіркам акінуў пастку, з дарэмнай надзеяй знайсці які-небудзь сродак да выратавання. Не, выратавання не было.

— І гэта яшчэ не ўсё, — казаў далей ён, склаўшы накрыж рукі. — Я хачу, каб ад цябе не засталося ні адной костачкі, каб ты з усімі патрахамі знік з твару зямлі. Я апушчу тваё цела ў абжыгальную печ: у мяне хопіць сілы давалачы на сваіх плячах двух такіх, як ты. Няхай людзі думаюць, што хочуць, ніхто не даведаецца, які лёс цябе спаткаў. Я рашыў зчішчыць цябе з таго самага часу, калі ты быў на пахаванні сястры. Не знайшоў толькі выпадку, а сачыў я за кожным тваім крокам, бо парашыў падпільнаваць цябе што-б там ні стала! Гэта на старога Орліка наткнуўся ты ў тую ноч у сябе на лесніцы. Ну! Шукаю цябе, ды і наткнуўся на твайго дзядзечку Провіса.

Орлік быў п‘яны, вочы ў яго пачырванелі і наліліся крывёю. На шыі ў яго боўталася бляшаная фляжка, як раней, бывала, вісеў клунак з абедам. Ён паднёс фляжку да губ і зрабіў вялікі глыток; да мяне данёсся пах моцнага спірту, ад якога пачырванелі яго шчокі.

— У цябе аказаўся раптам дзядзечка. Я ведаў цябе ў Гарджэры, калі ты быў яшчэ такім маленькім ваўчанём, што мне нічога не варта было прыдушыць цябе двума пальцамі. Тады ў цябе і ў паміне не было ніякіх дзядзечак. І раптам стары Орлік даведваецца, што твой дзядзя Провіс, напэўна, насіў тыя самыя кайданы, якія стары Орлік знайшоў распілаванымі на балоце шмат гадоў назад. Ён тады схаваў іх, пакуль яны не спатрэбіліся яму, каб як быка трэснуць па галаве тваю сястру, — ён і цябе гэтак пачастуе. Гм! Дык вось якія рэчы вызнаў Орлік пра твайго дзядзечку. Цікава, што ты на гэта скажаш, а? — здзекваўся Орлік і ў нейкім дзікім захапленні паднёс свечку да самага майго твара. Я павінен быў адвярнуцца, каб не апячыся.

— А! — закрычаў Орлік, заліваючыся гучным смехам і яшчэ раз прарабляючы тое-ж, — апяклося, дзіцятка, баіцца цяпер агню! Стары Орлік ведае, як ты чуць не згарэў. Стары Орлік ведае, як ты збіраешся потайкам звезці свайго дзядзечку Провіса. Але не ашукаць табе старога Орліка: ён ведаў, што ты з‘явішся сюды сёння! Скажу я табе, ваўчанё, яшчэ адно, напаследак. Ёсць людзі, якія за пояс заткнуць твайго дзядзечку Провіса, як стары Орлік цябе. Не вам з імі цягацца! Дадуцца яны яму ў знакі, калі пляменнік знікне з твару зямлі з усімі сваімі вантробамі, і ад яго не застанецца ні адной костачкі.

Раптам ён спыніўся, адаткнуў фляжку і адшпурнуў корак прэч. Як ні быў ён лёгкі, мне здалося, што ён упаў, нібы свінцовая гіра. Ён павольна глытаў, усё больш і больш нахіляючы фляжку, ужо не гледзячы на мяне. Нарэшце перавярнуў яе сабе на далонь і вылізаў апошнія кроплі. Тут ім авалодаў раптоўны прыпадак лютасці: з страшнаю лаянкай адкінуў ён ад сябе фляжку, нагнуўся, і я ўбачыў, як у яго руцэ з‘явіўся цяжкі молат з доўгай рукаяткаю, якім разбіваюць каменне. Я не стаў прасіць яго аб літасці, але закрычаў з усёй сілы і пачаў абараняцца, наколькі магчыма; вольнымі ў мяне былі толькі ногі ды галава, але я адбіваўся ад яго з такою сілаю, якой раней у сабе і не падазраваў. У тую-ж хвіліну мне ў адказ пачуліся другія крыкі, я ўбачыў чалавечыя фігуры і святло ў дзвярах, пачуў галасы, шум барацьбы, убачыў, як Орлік вырваўся з рук нейкіх людзей, адным скачком пераляцеў цераз стол і знік у начной цемры.

Ачнуўся я праз некаторы час на падлозе ў тым-жа пакоі. Вяроўкі з мяне былі зняты, галава мая ляжала на нечых каленях. Вочы мае былі накіраваны на вертыкальную лесніцу, да якой нядаўна я быў прывязаны, — убачыўшы яе, я зразумеў, што знаходжуся ўсё ў тым-жа самым месцы, дзе страціў прытомнасць. Спачатку я быў у такім здрантвенні, што не пацікавіўся нават даведацца, хто падтрымлівае маю галаву, і, хоць прышоў да памяці, але ўсё яшчэ ляжаў нерухома і, нічога не разумеючы, глядзеў на стаяўшую перада мною лесніцу.

— Герберт! Вялікі божа!

— Цішэй, — сказаў Герберт, — цішэй, Гендзель. Не хвалюйся.

— І стары дружа Стартоп! — ускрыкнуў я, калі той нахіліўся да мяне.

— Успомні, у якой справе ён абяцаў дапамагаць нам і супакойся, — праказаў Герберт.

Ад гэтага напаміну я прабаваў ускочыць, але зараз-жа зноў упаў ад страшнага болю ў руцэ.

— Часу хопіць яшчэ, Герберт? Які сёння дзень? Як доўга прабыў я тут? — пытаўся я, бо ў мяне з‘явілася падазрэнне, што я праляжаў тут вельмі доўга, можа быць, дні два.

— Часу яшчэ хопіць. Цяпер усё яшчэ ноч з панядзелка на аўторак.

— Божа, дзякую табе!

— У цябе наперадзе яшчэ цэлы дзень для адпачынку. Але ты стогнеш, небарака Гендзель! Што ў цябе баліць? Ці можаш ты ўстаць?

— Так, я магу трымацца на нагах. Боль толькі ў руцэ.

Рука страшэнна ўздулася і гарэла: да яе немагчыма было дакрануцца. Сябры мае разарвалі свае насавыя хусткі, зрабілі перавязку, асцярожна падвязалі мне руку, каб я мог як-небудзь дабрацца да горада, дзе мелася магчымасць дастаць прымочку для паніжэння жару. Праз некалькі хвілін мы заперлі за сабою дзверы апусцелага шлюзнага доміка і накіраваліся да каменаломні.

Месяц стаяў ужо значна вышэй, чым раней; мяркуючы па ім, мусіць, прайшло дзве гадзіны з таго часу, як я бачыў яго ў першы раз. Хоць усё яшчэ імжыў дожджык, але было значна святлей.

Герберт доўга адмаўляўся расказаць, якім чынам ён з‘явіўся да мяне на выручку, доўга ўгаварваў мяне супакоіцца, але нарэшце здаўся на мае просьбы, і я даведаўся, што, выходзячы з дому, я, спяшаючыся, упусціў пісьмо, і Герберт знайшоў яго. З Стартопам ён сустрэўся на вуліцы. Пісьмо паказалася яму падазроным, тым больш, што яно супярэчыла пакінутай мною запісцы. Чым больш ён думаў аб гэтым дзіўным пісьме, тым больш павялічваўся яго непакой. Скончылася тым, што праз чвэрць гадзіны ён удвух са Стартопам, які вызваўся суправаджаць яго, пабег у кантору дыліжансаў даведацца аб адыходзе наступнага дыліжанса і даведаўся, што апошні дыліжанс пайшоў. Па меры таго, як уставалі новыя перашкоды, непакой Герберта павялічваўся, нарэшце ён рашыў наняць паштовых і ехаць шукаць мяне. Такім чынам яны са Стартопам апынуліся ў «Блакітным Вепры», дзе спадзяваліся знайсці мяне або атрымаць якія-небудзь звесткі пра мяне. Калі-ж ім і там не ўдалося нічога даведацца, яны пайшлі да міс Гевішам, дзе канчаткова згубілі мой след. Тады яны накіраваліся назад у гасцініцу, разлічваючы там паабедаць і падшукаць каго-небудзь, хто мог-бы ім паказаць дарогу да шлюзнага доміка.

Дарогаю Герберту прышло ў галаву, што мяне маглі выклікаць сюды па якой-небудзь справе, маючай значэнне для аховы Провіса ад небяспекі. Лічачы, што ў такім выпадку іх паяўленне можа аказацца вельмі недарэчы, ён пакінуў важатага і Стартопа ля каменаломні, а сам ціхенька абышоў два ці тры разы шлюзны домік, прыслухоўваючыся, што там робіцца. Яму ўдалося пачуць толькі невыразныя гукі нейкага грубога хрыпатага голасу, і ў яго з‘явілася ўжо сумненне, ці тут я, як раптам я моцна закрычаў. Ён крыкнуў мне ў адказ і разам са сваімі спадарожнікамі ўварваўся ў дом.

Калі я расказаў Герберту, што адбывалася ўнутры шлюзнага доміка, ён хацеў, не гледзячы на познюю пару, зараз-жа бегчы да гарадскога суддзі і дабіцца загаду аб арышце Орліка. Але я ўжо раней уцяміў, што падача скаргі затрымае нас у горадзе або прымусіць у хуткім часе зноў сюды вярнуцца, так што падобны крок акажацца згубным у адносінах да Провіса.

Да серады заставалася так мала часу, што мы не захацелі чакаць дыліжанса, а рашылі ў тую-ж ноч вярнуцца ў Лондан у паштовай карэце; мы рашыліся на гэта яшчэ і таму, што такім чынам маглі выехаць з горада раней, чым распаўсюдзяцца чуткі аб начным здарэнні.

Сябры мае даглядалі мяне цэлы дзень, безупынна мяняючы кампрэс і даючы мне жарапаніжаючае піццё. Але ўсякі раз, як я засынаў, я прачынаўся з усведамленнем, што я ўсё яшчэ знаходжуся ў доміку ля шлюза, што я хворы ўжо шмат дзён і што выпадак выратаваць Провіса ўпушчан назаўсёды.

Раніца толькі яшчэ пачыналася, калі я выглянуў у акно. Агеньчыкі ліхтароў на мастах пабляднелі ўжо, узыходзячае сонца ўтварыла на гарызонце вогненнае возера.

Герберт і Стартоп яшчэ спалі, адзін на сваім ложку, другі на канапе. Без іх дапамогі я не мог адзецца, затое я паправіў агонь, які патухаў ужо ў каміне, і зварыў для іх кофе. Неўзабаве падняліся і мае сябры, здаровыя і бадзёрыя. Мы расчынілі вокны, упусцілі да сябе свежае ранішняе паветра і заглядзеліся на раку, на якой усё яшчэ падымаўся прыліў.

— Калі праб‘е дзевяць гадзін, будзьце гатовы і чакайце нас там, на Млынарнай грэблі! — весела крыкнуў Герберт.


РАЗДЗЕЛ XLIX

Гэта было ў адзін з сакавіцкіх дзён, калі адначасова і сонца прыпякае і дзьме халодны вецер, калі ў ценю зіма, а на сонцы лета. Мы ўзялі с сабою непрамакальныя плашчы, а я, звыш таго, захапіў яшчэ дарожны мяшок, у якім знаходзіліся самыя неабходныя рэчы.

Чынна, паважна спусціліся мы па ступеньках Тэмпльскай прыстані, некаторы час яшчэ прамарудзілі ўнізе, як быццам не рашылі, паедзем мы катацца, ці не. Герберт памясціўся на носе, а я на рулі. Вада паднялася ўжо высока, была палова дзевятай.

План наш заключаўся ў наступным: адліў павінен быў пачацца а дзевятай гадзіне, да трох гадзін мы павінны былі плысці па цячэнню, а з пачаткам прыліву мелі намер патроху рухацца супроць цячэння і ісці наперад, да прыцемкаў. К гэтаму часу мы спадзяваліся дабрацца да тых месц Темзы, якія знаходзяцца ніжэй Грэўзенда, паміж Эсексам і Кентам.

Я адчуваў велізарную палёгку ад таго, што мы ўзяліся нарэшце за выкананне даўно задуманага плана, і пачаў ужо забываць аб тым становішчы, у якім знаходзіўся ўсяго толькі некалькі гадзін таму назад. Свежае паветра, сонечнае святло, рух па рацэ, нават сама рака, якая рухалася заадно з намі і, здавалася… натхняла і падбадзёрвала нас, зноў абнадзеілі мяне. Мяне страшэнна засмучала, што я прыносіў так мала карысці, але сябры мае былі вельмі добрымі грабцамі і так роўна, так спрытна працавалі вёсламі, што без асаблівай стомленасці маглі грабці цэлы дзень.

Вось на якары стаіць параход, што адпраўляецца заўтра ў Ротэрдам, — мы яго ўважліва агледзелі; далей другі, што ідзе ў Гамбург, — мы праехалі пад самым яго бугшпрытам. Але вось я, седзячы ля руля тварам да носа лодкі, з хваляваннем заўважаю прыстань Заштатнай грэблі.

— Ён там? — пытаецца Герберт.

— Няма яшчэ.

— Вельмі добра. Ён не павінен выходзіць з дому, пакуль не ўбачыць нас. Ці бачыш ты яго сігнал у акне?

— Адсюль цяжка разглядзець. Здаецца, бачу… Так, бачу, а вось і ён сам. Наваліся! Цішэй, Герберт. Вёслы.

На адзін міг мы спыніліся ля прыстані; ён у лодцы, і мы зноў адчальваем. На ім ранейшы матроскі шынель, у руках чорны парусінавы мяшок. У яго від лоцмана.

— Любы хлопчык! — кажа ён, сядаючы на лаўку і паклаўшы руку мне на плячо. — Верны мой хлопчык! Надзвычай добра ўсё ўладзіў. Дзякую, дзякую.

Зноў імчымся мы паміж радамі караблёў, стараючыся не наткнуцца на іржавыя якары, сцёртыя пяньковыя канаты, баканы і буйкі, топячы паламаныя кошыкі, што пападаліся нам насустрач, распіхваючы сплыўшыя па рацэ трэскі, паленне і вуглі. Нарэшце мы апынуліся ў адкрытай прасторы, тут вецер гуляў на волі і разгортваліся складзеныя парусы.

Ля прыстані, калі мы бралі Провіса, і потым некалькі разоў я асцярожна азіраўся, ці не заўважу чаго падазронага. Але ўсё здавалася ідзе добра.

Провіс, як я ўжо сказаў, быў адзеты ў матроскі шынель і выглядам сваім цалкам адпавядаў вакольнай абстаноўцы. Ён быў усхваляваны менш за нас усіх. Нельга сказаць, каб ён трымаўся абыякава: ён казаў мне, што яму вельмі хочацца дажыць да таго часу, калі ён убачыць свайго джэнтльмена адным з самых першых людзей на чужыне. Але вяласць не ў яго характары, яго не трывожыла небяспека, пакуль яе не было ў наяўнасці. Няхай прыдзе яна — і ён сустрэне яе тварам у твар, але да таго часу не будзе турбавацца.

— Калі-б ты ведаў, як мне прыемна, пакурваючы люлечку, сядзець побач з табою, дарагі мой хлопчык, пасля таго, як я прабыў цэлую вечнасць у чатырох сценах, — далібог, ты пазайздросціў-бы мне! Але табе гэтага не зразумець.

— Не, я разумею, якую асалоду дастаўляе воля, — сказаў я.

— Бачыш, мой любы, калі я быў там, далёка, мяне ўсё цягнула сюды. Нудна мне там было, хоць я і багацеў не па днях, а па гадзінах. Там усе ведалі Мегвіча, Мегвіч мог бываць, дзе хацеў, і ніхто аб ім не турбаваўся. Тут да мяне не так лёгка адносяцца, дакладней сказаць не так лёгка адносіліся-б, калі-б ведалі, дзе я.

— Калі ўсё пойдзе добра, вы праз некалькі гадзін будзеце зусім вольнымі і па-за ўсякай небяспекай.

— Так, — адказаў ён з доўгім уздыхам. — Вельмі магчыма.

— Хіба вы ў гэта не верыце?

Ён апусціў руку за борт лодкі, пагрузіў яе ў ваду і праказаў з кароткай усмешкаю, якую я заўважаў у яго ўжо не ў першы раз:

— Здаецца, веру, любы хлопчык. Цяжка ўявіць хвіліну больш спакойную і прывольную, чым цяпер вось, але… можа быць, ціхі пяшчотны прыліў навявае на мяне такія думкі… Заглядзеўшыся на дым сваёй люлечкі, я думаў зараз, што нам так-жа цяжка ведаць, што чакае нас праз некалькі гадзін, як бачыць, што хаваецца на дне, пад гэтай вадою, якая цяпер бяжыць у мяне паміж пальцамі. Спыніць гэтыя гадзіны таксама немагчыма, як і цячэнне ракі. Вось я зачарпнуў поўную жменю вады, і бачыш, — яе ўжо няма, — закончыў ён, вымаючы руку з вады.

— Па вашаму твару я сказаў-бы, што вы крыху страцілі бадзёрасць, — заўважыў я.

— О не, ніколькі! На мяне нагнаў такія думкі гэты ціхі, пяшчотны прыліў, гэта цурчанне вады пад гальюнам шлюпкі. А, можа быць, я проста пачынаю старэць.

Ён зноў сунуў люльку ў рот. Яго твар быў такі бесклапотны, ён сядзеў так спакойна, з такім задаволеным выглядам, як быццам мы пакінулі ўжо межы Англіі.

Нашы грабцы захоўвалі яшчэ свежасць і бадзёрасць, бо на працягу дня мы некалькі разоў пускалі шлюпку ўніз па цячэнню, і гэтага кароткага адпачынку было ім дастаткова, каб аднавіць сілы. Мы прысталі да слізкіх узбярэжных каменняў, падмацаваліся ежаю і піццём і правялі ўважлівы агляд вакольнай мясцовасці. Яна нагадвала маю радзіму — такая-ж балоцістая, нізінная, плоская, з такім-жа туманным, сумным гарызонтам.

Мы зноў адплылі і патроху пачалі рухацца наперад: грабці было цяпер значна цяжэй, але Герберт і Стартоп нястомна працавалі вёсламі да самага захаду сонца.

Цямнела хутка, месяц, які быў у апошняй чвэрці, павінен быў паказацца позна, і мы пачалі раіцца, як нам быць. Раіліся мы нядоўга, — было відавочна, што нам трэба высадзіцца ля першай глухой гасцініцы, якую мы ўбачым. Грабцы зноў наваліліся на вёслы, а я пачаў пільна аглядаць бераг. Так мы праехалі амаль у поўным маўчанні яшчэ некалькі міляў, якія здаліся нам вельмі доўгімі.

Жудасна было на душы ў гэтыя хвіліны, думка аб пагоні не пакідала нас. Кожны раз, як чуўся глухі рокат прыліву, які праз няправільныя прамежкі часу цяжка ўдараўся аб бераг, хто-небудзь з нас уздрыгваў і паварачваўся ў той бок.

Нарэшце мы заўважылі святло, нейкі будынак на беразе, і хутка пад‘ехалі да маленькай прыстані, да якой ішла дарожка з рачных валуноў. Я адзін вышаў на бераг, і, зрабіўшы маленькую разведку, пераканаўся, што агонь свяціўся ў акне харчэўні. Гэта была даволі брудная харчэўня, як відаць, добра вядомая кантрабандыстам; затое на кухні гарэў яркі агонь, у буфеце былі яйкі і вяндліна, не лічачы розных напіткаў, і, апрача таго, у распараджэнні праязджаючых было два нумары і ў кожным па два ложкі — «якія ўжо ёсць, не прагневайцеся» — як папярэдзіў гаспадар. Апрача яго самога і жонкі, у доме пражывала яшчэ адна сівая істота мужчынскага полу, па імені Джэк. Джэк глядзеў за прыстанню і быў так вымазаны граззю і такі мокры, нібы сам з‘яўляўся вехаю.

Пакуль мы пасля вячэры грэліся ля ачага, Джэк, які сядзеў у куточку ў набракшых ад вады ботах, запытаўся, ці не сустракаўся нам чатырохвёсельны катэр, які падымаўся па цячэнню разам з прылівам.

Я адказаў, што не сустракаўся, тады Джэк заўважыў:

— Значыцца, у такім выпадку, ён пасля спусціўся ўніз, хоць я вельмі добра бачыў, што адсюль ён накіраваўся ўверх па рацэ. Як відаць, перадумалі па якой-небудзь прычыне.

— Чатырохвёсельны катэр, кажаце вы?

— Так, чацвёра грабцоў і два пасажыры.

— Яны высаджваліся тут?

— Так, яны прыходзілі сюды за півам з вялізным гліняным збанам. З прыемнасцю ўсыпаў-бы ім у гэтае піва атруты ці якога-небудзь зелля, каб іх добра прыкруціла.

— Чаму так?

— А пра тое ўжо мне ведаць, — прамовіў Джэк такім сіплым голасам, нібы ў яго ў горле захрасла твань.

— Хлопец думае, што яны не тое, чым прыкідваюцца, — растлумачыў шынкар, слабагруды чалавек з бясколернымі вачыма і глыбокадумным выглядам, які не асабліва давяраў, відавочна, свайму работніку.

— Я ўжо ведаю, што думаю, — прабурчэў Джэк.

— Ты думаеш, Джэк, што гэтыя малайцы з таможні?

— Так.

— Памыляешся, хлопча. Куды-ж, па-твойму, яны дзелі форменныя гузікі? — запытаў гаспадар, — пачынаючы некалькі злавацца.

— Куды дзелі гузікі? — адгукнуўся Джэк, зачэплены за жывое. — Выкінулі за борт, праглынулі, пасеялі. Ды ці мала яшчэ што яны маглі зрабіць са сваімі гузікамі!

— Ну, пачаў ужо! — праказаў жаласна шынкар.

— Таможнікі, нябось, ведаюць, куды дзяваць гузікі, калі яны ім замінаюць, — казаў далей Джэк, з найвялікшаю пагардай паўтараючы ненавіснае слова. — Чатырохвёсельны катэр з двума пасажырамі не пачне разгульваць уверх і ўніз па рацэ, калі тут не пахне таможняй.

Джэк з абурэннем вышаў, і шынкар, страціўшы субяседніка, мімаволі замоўк.

Гэтая гутарка ўстрывожыла ўсіх нас, мяне ў асаблівасці. Паклаўшы Провіса спаць, я разам з таварышамі вышаў на двор, і мы ўтрох (паколькі Стартоп ужо быў знаёмы з тайнаю) пачалі радзіцца: ці заставацца нам у гасцініцы пакуль прыдзе параход, які павінен быў падыйсці а першай гадзіне папоўдні, ці выехаць з самага рання. Пасля доўгіх спрэчак мы рашылі як найбольш прабыць там, дзе былі, а гадзіны за дзве да паяўлення парахода выйсці на фарватэр і паціхеньку рухацца наперад разам з прылівам, пакуль параход нас не дагоніць. Спыніўшыся на такім рашэнні, мы вярнуліся ў пакоі.

Усталі мы рана і неўзабаве пасля снедання вышлі з гасцініцы, не сказаўшы ні слова аб тым, што ўходзім.

Да першай гадзіны заставалася не больш дзесяці хвілін; можна было чакаць, што вось-вось пакажацца дымок на гарызонце. Мы ўбачылі яго толькі праз дваццаць хвілін, а затым убачылі дым і ад другога парахода, яны ішлі поўным ходам. Мы дасталі дарожныя мяшкі і пачалі развітвацца з сябрамі. Я горача паціснуў руку Герберту, у абодвух на вачах былі слёзы. У гэты момант я ўбачыў чатырохвёсельны катэр, які выехаў з-за выступа берагу, што знаходзіўся на невялікай адлегласці перад намі, і накіроўваўся ў наш бок. Параход, да гэтага часу скрыты звілінамі ракі, нарэшце паказаўся ўсім корпусам. Ён ішоў прама на нас; я паставіў шлюпку так, каб з парахода заўважылі, што мы яго чакаем, і ўпрашваў Провіса спакойна сядзець і больш захутацца ў плашч. Ён весела, супакоіў мяне: «Не бойся, любы хлопчык», і застыў у нерухомай позе.

Між тым, катэр перасёк нам дарогу і стаў каля нашай шлюпкі, пакінуўшы паміж сабою і ёю якраз такую адлегласць, каб нашы вёслы не чапляліся адно за адно.

Пакуль мы стаялі нерухома, і ён не рухаўся; калі-ж мы рабілі некалькі ўзмахаў вёсламі, і ён рабіў тое-ж самае. Адзін з пасажыраў катэра, які кіраваў рулём, пільна глядзеў на нас, грабцы таксама глядзелі на нас; другі пасажыр, захутаны ў плашч яшчэ больш старанна, чым Провіс, як мне здалося, дрыжэў усім целам і час ад часу шаптаў на вуха рулявому нейкія ўказанні. Ні ў катэры ні ў лодцы не было вымаўлена ніводнага слова.

Прайшло некалькі секунд. Стартопу, які сядзеў супроць мяне, удалося разгледзець, які параход ішоў першым, і ён шапнуў мне: «Гамбургскі». Параход шпарка набліжаўся, лопасці яго калёс усё гучней і гучней плюхалі па вадзе; мне здавалася, што яго цень ужо насоўваецца на нашу шлюпку. У гэтую хвіліну з катэра да нас загаварылі. Я адазваўся.

— У вас у шлюпцы беглы катаржнік, — крыкнуў мне рулявы. — Вось той, што хутаецца ў плашч, яго завуць Авель Мегвіч, інакш Провіс. Я яго арыштую. Я патрабую, каб ён здаўся без супраціўлення і каб вы аказалі мне дапамогу.

З гэтымі словамі рулявы, не даючы ўголас ніякага загаду сваёй камандзе, накіраваў катэр прама на нас. Адным узмахам вёслаў грабцы паставілі катэр нам упоперак дарогі і, перш, чым мы зразумелі, у чым справа, яны ўжо кінулі вёслы і ўчапіліся за нос нашай шлюпкі.

На параходзе пачалася мітусня. Я чуў, як адтуль нам крычалі, як капітан скамандаваў: «Стоп машына!», як замоўклі калёсы, адчуў, што параход усё-такі нясецца прама на нас. Я бачыў, як чалавек, што сядзеў на рулі, паклаў руку на плячо арыштаванаму, як цячэнне закруціла нашы абедзве лодкі, як матросы забегалі на палубе парахода. Я бачыў, як Провіс ускочыў, падаўся наперад, адкінуў трымаўшую яго руку і сарваў плашч з захутанага чалавека: маім вачам адкрыўся твар, які быў даўно мне знаёмы, — твар другога катаржніка. Гэты твар памярцвеў ад страху і адсхіснуўся; жахлівы крык прагучэў на палубе парахода, я пачуў гучны плеск вады і адчуў, што наша шлюпка ідзе на дно. Усё гэта адбылося ў адзін момант. Я не паспеў апамятацца, як апынуўся ў вадзе, мне здалося, што я трапіў у тысячу млынарных калёс, што мяне абкружыла тысяча маланак; у наступны момант я ўжо ляжаў на палубе катэра. Герберт і Стартоп былі тут-жа, але наша шлюпка знікла, зніклі і абодва качаржнікі.

У першыя хвіліны я не мог адрозніць неба ад зямлі, аднаго берага ад другога, так мяне аглушылі крыкі, якія даносіліся з параходнай палубы, прарэзлівы свіст пары, мітусня пры адчальванні катэра. Пасля некалькіх удараў вёсламі каманда катэра перастала грабці, усе маўкліва і прагна пачалі глядзець на паверхню. вады за кармою катэра. Неўзабаве там паказаўся нейкі цёмны прадмет, які несла да нас цячэннем.

Ніхто не прараніў ні слова. Рулявы моўчкі падняў руку, грабцы пачалі табаніць вёсламі і падалі катэр назад, бліжэй да цёмнага прадмета. Калі мы падышлі да яго ўсутыч, я ўбачыў, што гэта быў Мегвіч, які плыў з вялікім намаганнем. Яго выцягнулі на катэр і зараз-жа надзелі кайданы на рукі і на ногі.

Катэр зноў спыніўся, зноў усе позіркі накіраваліся на ваду. У гэты час да нас падышоў поўным ходам ротэрдамскі параход; відавочна, там не падазравалі аб тым, што здарылася. Яму гукнулі, ён зменшыў ход, потым пайшоў услед за гамбургскім. Катэр закалываўся на ўзнятых імі хвалях.

Яшчэ доўга пасля таго, як усё сціхла, і абодва параходы зніклі з вачэй, мы глядзелі на ваду, хоць у глыбіні душы кожны ведаў, што цяпер ужо нічога не ўбачым. Нарэшце мы кінулі гэта бескарыснае чаканне і накіраваліся да толькі што пакінутай намі гасцініцы, дзе нас сустрэлі з вялікім здзіўленнем. Тут я мог аказаць першую дапамогу Мегвічу, — цяпер ужо не Провісу; аказалася, што ён разбіў сабе грудзі і атрымаў сур‘ёзную рану ў галаву.

Па яго словах, ён трапіў пад кіль парахода і, падымаючыся, стукнуўся аб яго галавою, а грудзі ўдарыў, стукнуўшыся аб борт катэра, адчаго яму было вельмі цяжка дыхаць. Як сам ён прызнаваўся, ён гатоў быў зрабіць з Кампісонам усё, што хочаш, ні перад чым-бы не спыніўся, але, тым не менш, катастрофа адбылася зусім выпадкова: у тую хвіліну, калі ён ухапіўся за яго плашч, каб упэўніцца, ці сапраўды гэта Кампісон, той адхіснуўся, і абодва паляцелі за борт. Ад штуршка, калі ён, Мегвіч, падаў, і ў выніку намаганняў паліцэйскага ўцягнуць яго як-бы там ні сталася назад, наша лодка перавярнулася.

Ён дасказаў мне шэптам, што на дно яны ішлі, раз‘юшана ахапіўшы адзін аднаго рукамі, што пад вадою паміж імі распачалася барацьба не на жыццё, а на смерць, але што яму ўдалося вырвацца з чапляўшыхся за яго рук і выплыць на паверхню. У мяне не было падстаў сумнявацца ў праўдзівасці яго расказа; паліцэйскі, што кіраваў рулём, дакладна таксама расказаў гісторыю, як яны ўпалі за борт.

Калі я звярнуўся да гэтага паліцэйскага з просьбаю дазволіць арыштаванаму зняць мокрае плацце і надзець сухое, якое я купіў у гасцініцы, ён ахвотна даў згоду на маю просьбу, але абвясціў, што ўсё быўшае на арыштанце павінна паступіць у яго рукі. Такім чынам да яго перайшоў і бумажнік, які калісці захоўваўся ў мяне. Мне было дазволена суправаджаць Мегвіча ў Лондан, але маім прыяцелям было ў гэтым адмоўлена.

Мы прабылі ў гасцініцы даволі доўга, чакаючы прыліву. Калі вада паднялася, Мегвіча вынеслі на руках і паклалі на палубу катэра. Герберт са Стартопам адправіліся ў Лондан сухім шляхам і павінны былі пастарацца прыбыць туды як мага хутчэй. Сумнае было наша развітанне! Заняўшы сваё месца каля Мегвіча, я даў сабе слова, што з гэтай хвіліны да самай яго смерці гэтае месца будзе маім. Уся мая ранейшая агіда да яго цяпер знікла без следу. У зацкаванай, параненай, скаванай істоце, якая трымала мяне за руку, я бачыў цяпер толькі чалавека, які хацеў быць маім дабрадзеем, які на працягу шмат гадоў са здзіўляючым пастаянствам меў да мяне самыя пяшчотныя, удзячныя, велікадушныя пачуцці. Я бачыў у ім чалавека непараўнальна лепшага, чым быў я сам у адносінах да Джо.

Пад канец дня дыханне яго рабілася ўсё больш цяжкім і пакутлівым, часта ў яго вырываўся мімавольны стогн; я падтрымліваў яго, наколькі мог, сваёй здароваю рукою, стараючыся надаць яму больш спакойнае становішча. Як ні жахліва ў гэтым прызнацца, але ў глыбіні душы я не шкадаваў аб тым, што ён небяспечна паранены, таму што для яго лепш за ўсё было цяпер-жа памерці. Цяжка было дапускаць, што не знойдзецца нікога, хто пажадаў-бы і мог-бы даказаць, што ён сапраўды Мегвіч; не было ніякіх падстаў спадзявацца, што да яго аднясуцца спагадліва: ён яшчэ тады, калі ўпершыню трапіў на лаву падсудных, быў прадстаўлен суддзям у самым дрэнным святле; уцёк з турмы, другі раз быў суджаны; не гледзячы на небяспеку атрымаць законнае пакаранне, вярнуўся самавольна з ссылкі і ў дадатак да ўсяго быў віноўнікам смерці чалавека, які садзейнічаў яго арышту.

Мы паплылі назад тым-жа шляхам. Я гаварыў з Мегвічам аб тым, як цяжка мне думаць, што ён з-за мяне вярнуўся на радзіму сабе на пагібель.

— Любы хлопчык, я не наракаю на лёс, — адказаў ён. — Я бачыўся з сваім хлопчыкам, цяпер ён і без мяне можа падтрымліваць сваё джэнтльменства.

Не, — гэтая думка ўжо прыходзіла мне ў галаву, — не. Цяпер, калі-б нават я хацеў, гэта ўжо не ад мяне залежыць: я зразумеў нарэшце намёк Веміка. Я ведаў, што, калі яму вынесуць прыгавор, яго маёмасць будзе канфіскавана казною.

— Слухай, мой любы, — казаў ён далей. Лепш няхай яны не ведаюць, што мой джэнтльмен мне блізкі. Прыходзь калі-ні-калі наведаць мяне, як быццам-бы выпадкова, разам з Вемікам. А калі мяне ў апошні раз будуць прыводзіць да прысягі, сядзь так, каб я мог цябе бачыць, больш мне нічога не трэба.

— Не, я ні за што не пакіну вас, — сказаў я. — Я выклапачу сабе дазвол быць каля вас і спадзяюся быць вам такім самым верным другам, якім вы былі для мяне.

Яго рука, трымаўшая маю руку, дрогнула, ён адвярнуўся, і я пачуў, што ў яго горле, як у даўно мінулыя дні, штосьці захрыпела; але цяпер, калі ўсё ў ім змякчылася, і гэтыя хрыплыя гукі былі не такія рэзкія, як у мінулы час.

Добра, што ён закрануў гэтае пытанне; сам я, мабыць, здагадаўся-б надта позна; яго словы напомнілі мне, што ён ніколі не павінен ведаць аб тым, што яго надзеі зрабіць мяне багачом навекі рухнулі.


РАЗДЗЕЛ L

На наступны дзень Мегвіч быў выкліканы на допыт і, напэўна, зараз-жа і пастанавілі-б перадаць яго крымінальнаму суду, калі-б не аказалася неабходным выклікаць даглядчыка плывучай турмы, адкуль ён калісьці ўцёк, які мог-бы засведчыць, што ён іменна тая асоба, за якую яго лічаць.

На працягу трох дзён справы заставаліся ў ранейшым становішчы: чакалі прыбыцця сведкі з плывучай турмы. Нарэшце ён з‘явіўся і дапоўніў сваім паказаннем абвінаваўчы акт. Мегвіча перадалі крымінальнаму суду, справу яго назначылі на наступную сесію, да якой заставаўся ўсяго адзін месяц.

У гэтую цяжкую пару майго жыцця аднойчы ўвечары Герберт вярнуўся дадому ў вялікім смутку і сказаў мне:

— Мілы Гендзель, здаецца, я хутка павінен буду з табою расстацца.

Клерыкер даўно падрыхтаваў ужо мяне да гэтай непрыемнай навіны, і яна не была для мяне такою нечаканасцю, як думаў Герберт.

— Па справах нашай фірмы я неадкладна павінен ехаць у Каір, інакш мы можам мець вялікія страты. Баюся, што мне прыдзецца пакінуць цябе іменна цяпер, у такую хвіліну, калі я быў-бы табе асабліва патрэбен, мой бедны друг.

— Мілы Герберт, ты мне заўсёды патрэбен, я так люблю цябе, так прызвычаіўся да цябе… Але цяпер мне патрэбен не больш, чым ва ўсякі другі час.

— Ты застанешся такім адзінокім.

— Мне не будзе калі аб гэтым думаць. Ты ведаеш, што я праводжу каля яго ўвесь дазволены час і сядзеў-бы з ім цэлыя дні, калі-б мне гэта дазволілі. Калі-ж я пакідаю яго, мае думкі зноў-такі поўны ім.

— Дарагі таварыш, — пачаў Герберт, — з прычыны нашай блізкай разлукі я асмельваюся задаць табе пытанне: ці падумаў ты аб будучым?

— Не! Я баюся думаць аб будучым.

— Але трэба-ж аб ім падумаць. Мілы Гендзель, гэта пытанне надта важнае. Я жадаў-бы пагутарыць з табою аб ім… калі ты згодзішся на таварыскую просьбу.

— Калі ласка.

— У новым аддзяленні нашай канторы, Гендзель, нам патрэбен…

Бачачы, што ён з далікатнасці не адважваецца вымавіць сапраўднае слова, я падказаў:

— Клерк.

— Так, клерк. Я ўпэўнен, што з часам гэты клерк можа стаць (як ужо было з адным тваім знаёмым) кампаньёнам фірмы. Такім чынам, Гендзель… Будзем гаварыць прама, дарагі таварыш, ці не згодзішся ты паступіць пад маё начальства?

Было нешта вельмі мілае і сардэчнае ў гэтым раптоўным пераходзе на школьніцкі тон пасля ўрачыстага ўступу, пасля слоў: «Такім чынам, Гендзель», вымаўленых так, як быццам за імі павінна была ісці сухая, дзелавая рэч. Герберт казаў далей, моцна сціснуўшы мне руку.

— Мы з Клараю не раз размаўлялі аб гэтым, і сёння яшчэ мая любая крошка са слязмі на вачах прасіла перадаць табе, што калі ты згодзішся пасяліцца ў нас і калі мы будзем жыць разам, яна ўсімі сіламі будзе старацца, каб зрабіць цябе шчаслівым і даказаць табе, што друг яе мужа і ёй друг. Убачыш, Гендзель, як добра мы зажывем!

Я ад шчырага сэрца падзякаваў яго і яе за велікадушную прапанову, але дадаў, што пакуль нічога не магу абяцаць. Па-першае, у мяне было надта шмат клопатаў, каб спакойна абмеркаваць іх прапанову, а па-другое… Так! Мяне ўтрымала яшчэ адна прычына, якая высвеліцца ў канцы гэтай скромнай аповесці.

— Але калі ты думаеш, Гербет, што без вялікай шкоды для вашых спраў можна адкласці на некаторы час вырашэнне гэтага пытання…

— На колькі хочаш! — усклікнуў Герберт. — На шэсць месяцаў, на год!

— Не, не на такі доўгі тэрмін, а на два-тры месяцы, самае большае.

Мы змацавалі наш дагавор поціскам рук, і радасны Герберт абвясціў, што ў яго цяпер хопіць храбрасці паведаміць мне, што, хутчэй за ўсё, ён павінен будзе паехаць у канцы гэтага тыдня.


РАЗДЗЕЛ LI

Зусім хворы, Мегвіч праляжаў у турме ўсё папярэдняе следства аж да адкрыцця судовай сесіі. У яго аказаліся зламанымі дзве рабрыны, моцна пашкоджана лёгкае, так што дыханне яго рабілася ўсё больш цяжкім і хваравітым. У выніку гэтага самага ён стаў гаварыць так ціха, што ледзь можна было пачуць словы, і гаварыў, вядома, мала, але слухаў мяне заўсёды з прыемнасцю, так што я ўвесь час стараўся расказваць ці чытаць яму аб такіх прадметах, якія ў цяперашні час маглі зацікавіць і суцешыць яго.

Ён быў надта сурёзна хворы, каб застацца ў агульнай камеры, а таму праз два ці тры дні яго перавялі ў турэмны лазарэт. Дзякуючы гэтай акалічнасці я меў магчымасць часта наведваць яго, што было-б зусім немагчыма пры іншых умовах.

Калі адкрылася сесія, містэр Джагерс падаў прашэнне, каб справу Мегвіча адклалі да наступнай сесіі, у душы спадзеючыся, што ён не дажыве да яе; але яму адмовілі ў гэтай просьбе. Дзень суда настаў, і Мегвіча ўвялі ў зал паседжанняў і пасадзілі на крэсла. Мне дазволілі сесці каля яго і трымаць яго за руку.

Справа была кароткая і ясная. Было сказана ўсё, што толькі можна было сказаць ў яго карысць, і суду зрабілася вядома, як ён разбагацеў дзякуючы ўпартай і чэснай працы. Але нішто не магло абвергнуць таго, што ён уцёк з ссылкі і павінен адказваць цяпер за гэта перад законам і прысяжнымі. Вызваліць яго ад законнай адказнасці было немагчыма, раз факт быў устаноўлены.

У той час звычайна абвяшчэнне прыгавораў адкладвалася да апошняга дня сесіі, каб смертныя прыгаворы рабілі большае ўражанне. Нават, цяпер, калі я пішу гэтыя радкі, мне неяк не верыцца, хоць у маёй памяці так і ўстае ўся гэтая карціна, — што я сапраўды бачыў, як разам увялі ў суд натоўп асуджаных, які складаўся з трыццаці двух чалавек мужчыя і жанчын, каб абвясціць ім прыгаворы. З усіх трыццаці двух адзін Мегвіч слухаў седзячы, бо толькі ў такім стане ён мог яшчэ сяк-так дыхаць.

Нават цяпер мне як жывая ўяўляецца ўся гэтая сцэна з усімі найдрабнейшымі дэталямі: вось на вокнах павіслі кроплі красавіцкага дажджу, і ў іх пераліваюцца праменні толькі што праглянуўшага сонца; вось усе асуджаныя стоўпіліся на лаве падсудных, за якою сяджу і я, трымаючы Мегвіча за руку; некаторыя з задзірыстым выглядам чакаюць прыгавора, другія ахоплены жахам, трэція гучна ўсхліпваюць, чацвертыя закрываюць твар рукамі, а большасць сумна азіраецца вакол. Некаторыя жанчыны прабуюць галасіць, і надыходзіць мёртвая цішыня. Суддзя ўрачыста займае сваё месца. Ён звяртаецца да асуджаных. Ён лічыць сваім абавязкам звярнуць асаблівую ўвагу на аднаго з іх, які з самага дзяцінства стаў у варожыя адносіны да закона, шмат разоў судзіўся, сядзеў у турме, потым быў прыгаворан да ссылкі, але меў дзёрзкасць уцячы, быў зноў злоўлены і асуджаны на вечную ссылку. Паколькі закон накладае кару смерцю за ўцёкі з ссылкі і за зварот у краіну, з якой злачынца быў выгнаны, і паколькі ў яго справе прызнаны акалічнасці, якія робяць яго віну яшчэ больш цяжкай, то ён павінен падрыхтавацца да смерці.

Сонца пранікала ў зал праз высокія вокны суда, на іх шыбах блішчэлі яшчэ буйныя кроплі дажджу, і шырокія палосы святла падалі на суддзяў і асуджавых.

Падняўшыся на хвіліну і вылучаючыся ў гэтай светлай паласе, нібы цёмная пляма, Мегвіч вымавіў:

— Мілорд, я ўжо асуджан на смерць лёсам, але пракланяюся і перад вашым прыгаворам.

Затым ён зноў сеў, і суддзя вёў далей сваю прамову, звяртаючыся ўжо да другіх асуджаных. Усе яны былі асуджаны з захаваннем усіх неабходных фармальнасцей. Адны не маглі пасля гэтага самі выйсці з зала, а другія, наадварот, ішлі смела, акідваючы публіку пагардлівымі поглядамі. Некаторыя ківалі знаёмым на галерэі; двое ці трое паціскалі адзін аднаму рукі. Мегвіч вышаў апошнім. Прышлося дапамагчы яму падняцца, і рухаўся ён вельмі павольна. Пакуль астатнія выходзілі і пакуль публіка ўставала з месц, папраўляючыся, як пры выхадзе з тэатра, ён увесь час трымаў мяне за руку і паказваў пальцам то на таго, то на другога злачынца.

Мае штодзённыя спатканні з Мегвічам сталі менш працяглымі, бо за ім устанавілі больш строгі нагляд.

Час ішоў, і я заўважаў, што ён з кожным днём робіцца ўсё больш безудзельным; звычайна ён ляжаў, гледзячы на белую столь, з зусім безжыццёвым выразам твара. Мой голас як быццам на хвіліну ажыўляў яго, але зараз-жа ён зноў упадаў у ранейшы стан. Часам ён не мог вымавіць ні слова і тады адказваў на мае словы толькі лёгкім поціскам рукі, і я вельмі добра разумеў яго.

На адзінаццаты дзень я заўважыў у ім такую значную перамену, якой не бачыў да гэтага часу. Ён глядзеў на дзверы і прасвятлеў ад радасці пры маім паяўленні.

— Любы хлопчык, — сказаў ён, калі я сеў да яго на пасцель, — я думаў, што ты спазніўся; але ў той-жа час быў упэўнены, што гэтага не можа здарыцца.

— Не, — адказаў я, — цяпер самая пара. Я чакаў ля варот.

— Ты-ж заўсёды чакаеш ля варот, мой любы? Так?

— Так, заўсёды, каб не прапусціць ні хвіліны.

— Дзякую, мой хлопчык, дзякую. Няхай благаславіць цябе бог! Ты не кінуў мяне! Дзякую!

Я моўчкі паціснуў яму руку, таму што помніў, што ў мяне раней з‘яўлялася думка кінуць яго.

— А даражэй за ўсё, — казаў далей ён, — што ты больш сардэчна аднёсся да мяне цяпер, калі нада мною навіслі чорныя хмары, чым тады, калі яшчэ свяціла сонца. Гэта даражэй за ўсё!

Ён ляжаў на спіне і цяжка дыхаў. Не гледзячы на ўсе яго старанні, не гледзячы на ўсю любоў да мяне, твар яго прымаў усё больш і больш безудзельны і безжыццёвы выраз, і ўсё больш цмяным рабіўся яго позірк, накіраваны на белую столь.

— Вам вельмі цяжка сёння?

— Я не скарджуся, дружа мой.

— Вы ніколі не скардзіцеся.

Ён усміхнуўся пры гэтых словах; па поціску яго рукі я зразумеў, што ён хоча, каб я падняў другую руку і паклаў яму на грудзі. Я зрабіў гэта, ён усміхнуўся яшчэ раз і паклаў абедзве свае рукі на маю.

Між тым назначаны для спаткання час праходзіў, і, азірнуўшыся назад, я ўбачыў загадчыка турмою. Ён шапнуў мне: «Вы можаце яшчэ застацца». Я падзякаваў яму і запытаўся, ці не можна мне сказаць Мегвічу некалькі слоў сам-на-сам, калі ён здолее мяне чуць.

Загадчык вышаў сам і выслаў наглядчыка. Мегвіч заўважыў гэта, хоць усё адбылося зусім бесшумна, і з любоўю глянуў на мяне.

— Мегвіч, галубочак, я павінен сказаць вам нарэшце… Вы-ж чуеце мяне?

Я адчуў слабы поціск рукі.

— У вас была дачка… Вы любілі яе і страцілі яе.

Ён крыху мацней паціснуў маю руку.

— Яна жывая і нашла моцных заступнікаў. Яна сапраўдная лэдзі… красуня… Я кахаю яе!..

Апошнім слабым намаганнем, такім слабым, што я павінен быў яму дапамагчы, Мегвіч паднёс маю руку да губ, затым адпусціў яе так, што яна ўпала да яго на грудзі, і зноў паклаў на яе абедзве рукі. Ён яшчэ раз глянуў на столь, і галава яго павольна схілілася на грудзі.


РАЗДЗЕЛ LII

Я застаўся зусім адзін і рашыў пераехаць са сваёй кватэры ў Тэмплі зараз-жа па сканчэнні тэрміну, а пакуль падшукаць жыльцоў, бо я меў адны толькі даўгі і ні граша наяўных грошай. Я нават пачаў сур‘ёзна непакоіцца наконт становішча сваіх спраў, дакладней сказаць, павінен быў-бы непакоіцца, калі-б у мяне было дастаткова энергіі і волі, каб прымусіць сябе зразумець што-небудзь, апрача таго, што ў мяне пачынаецца сур‘ёзная хвароба, — а гэта я ўсведамляў выразна. Я адчуваў, што хутка звалюся, а аб астатнім нават не турбаваўся.

Я злёг і два дні праваляўся дзе папала, на канапе або на падлозе. Галава мая налілася свінцом, ногі падгіналіся, сілы мяне пакінулі, сазнанне памуцілася. Мінула яшчэ адна жахлівая ноч, якая здалася мне бясконцай, а калі раніцою я падняўся з пасцелі і папрабаваў сабрацца з думкамі, з гэтага нічога не вышла. Нарэшце я заўважыў нейкіх двух паноў, якія глядзелі на мяне.

— Што вам трэба? — запытаў я, задрыжэўшы ўсім целам. — Я вас не ведаю!

— Спадзяюся, сэр, — адказаў адзін з іх, нахіляючыся і дакранаючыся да майго пляча, — справа хутка ўладзіцца, але ўсё-такі вы арыштаваны.

— Ці вялікі доўг?

— Сто дваццать тры фунты пятнаццаць шылінгаў шэсць пенсаў.

— Што-ж мне рабіць?

— Самае лепшае, ідзіце за мною, — адказваў незнаёмец, — у мяне нядрэнныя кватэры.

Я прабаваў устаць і адзецца, але, зірнуўшы на іх, убачыў, што яны стаяць на некаторай адлегласці ад маёй пасцелі і глядзяць на мяне. Устаць я ніяк не мог.

— Вы бачыце, у якім я становішчы, — сказаў я. — Я пайшоў-бы з вамі, калі-б мог; але, дальбог, не магу. Калі вы возьміце мяне адсюль, па дарозе я памру.

Не ведаю, ці адказалі яны мне і ці пярэчылі на мае словы. Наколькі я магу прыпомніць, яны стараліся падбадзёрыць мяне, лічачы, мабыць, што я не такі хворы, як уяўляю, але ва ўсякім выпадку не сталі цягнуць мяне сілаю.

Несумненна, у мяне была гарачка, і ўсе мяне закінулі. Я цяжка пакутваў, часта ўпадаў у бяспамяцтва; час, здавалася, цягнуўся страшэнна марудна, і я, брэдзячы, уяўляў сябе ў самых немагчымых становішчах: то мне здавалася, што я цагліна ў сцяне, і я ўмаляў вызваліць мяне з цеснага гнязда, у якое мяне ўмуравалі, то я, здаецца, быў стальным рычагом вялізнай машыны, якая з жахлівым трэскам круцілася над бяздоннем, і я зноў умаляў, каб яе спынілі і аддзялілі мяне ад іншых частак. Аба ўсім гэтым у мяне захаваўся няясны ўспамін, таму што нават і ў той час невыразнае сазнанне не пакідала мяне. Памятаю таксама, што я ваяваў з сапраўднымі людзьмі, уяўляючы, што абараняюся ад разбойнікаў, а потым неяк адразу разумеў, што яны жадаюць мне дабра, падаў у знесіленні ім на рукі і дазваляў класці сябе ў пасцель. Усё гэта я таксама невыразна ўсведамляў і ў часе самой хваробы. Але ў што-б ні ператвараліся акружаўшыя мяне ў часе хваробы людзі, якія набывалі самыя дзівосныя вобразы, разрастаючыся часам да бясконцых размераў, мне ўсё здаваўся, як гэта ні дзіўна, нехта, падобны да Джо.

Калі мінуў самы цяжкі час, я пачаў заўважаць, што ўсё вакол мяне змянялася, толькі вобраз Джо мільгаў усё больш выразна і часта. Да Джо быў падобен кожны, хто набліжаўся да мяне. Раскрываючы ноччу вочы, я бачыў Джо ў вялікім крэсле ля майго ложка. Варта было мне адкрыць вочы ўдзень, і зноў я бачыў яго-ж на падаконніку ля адчыненага акна, з нязменнаю люлькаю ў зубах. Варта было мне папрасіць піцця, яго мне падавала ўслужлівая рука таго-ж Джо. А калі я, напіўшыся, падаў на падушку, усё ён-жа з пяшчотнасцю і надзеяй глядзеў на мяне.

Нарэшце, аднойчы я сабраўся з духам і запытаўся:

— Гэта ты, Джо?

І любы, незабыўны голас адказаў:

— Я асабіста, стары дружа мой!

— О, Джо!.. Ты надрываеш мне душу! Чаму ты злуешся на мяне!? Бі мяне, Джо!.. Лай за маю няўдзячснасць!.. Я не варты тваёй увагі!..

Ад радасці, што я пазнаў яго, Джо паклаў сваю галаву да мяне на падушку і абняў мяне рукамі за шыю.

— Так, родны Піп, стары дружа, — сказаў Джо, — мы-ж заўсёды былі сябрамі. Калі вы ачуняеце і мы пойдзем гуляць… вось добра будзе!..

Джо падышоў да акна і павярнуўся да мяне спіною, каб выцерці вочы. Я застаўся на месцы, бо страшэнная слабасць не дазваляла мне падыйсці да яго.

Вочы Джо былі яшчэ чырвоныя, калі ён павярнуўся да мяне. Я ўзяў яго за руку, і абодва мы былі зусім шчаслівыя.

— А колькі часу?

— Гэта значыць, дружа мой, вы пытаецеся, колькі часу прахварэлі, Піп?

— Так, Джо.

— Цяпер канец мая; заўтра першае чэрвеня, Піп.

— І ты ўвесь час быў тут, Джо?

— Накшталт таго, дружа мой. Я і кажу Бідзі, калі прышло пісьмо з паведамленнем аб вашай хваробе… Прынёс паштальён. Ён быў нежанаты, а цяпер ажаніўся. Жалавання яму пры такой беганіне і на боты нехапае. Пра гэта ён не думаў, калі жаніўся… Даўно збіраўся…

— Як прыемна зноў слухаць цябе, Джо! Але я цябе перапыню. Што-ж ты сказаў Бідзі?

— А вось, — казаў далей Джо, — што каля вас, можа быць, цяпер чужыя; а як мы былі заўсёды з вамі сябрамі, дык, мабыць, вам цяпер і не будзе непрыемна, калі я прыеду. А Бідзі і кажа: «Едзь не марудзячы». Адным словам, — дадаў ён, хвілінку падумаўшы, — так будзе праўдзівей: яна сказала літаральна: «Едзь, не марудзячы ні хвіліны!»

Тут Джо раптам спыніўся і абвясціў, што мяне нельга стамляць гутаркаю, што мне трэба есці часта, але патроху, хоць-бы цераз сілу, і ва ўсім падпарадкавацца яго распараджэнням.

Хоць я адчуваў сябе дастаткова моцным для гутаркі, але я маўчаў, каб не злаваць Джо, і адклаў да заўтра роспыты аб міс Гевішам. Калі я потым запытаўся ў яго, ці выздаравела яна, ён толькі паківаў гадавою.

— Дык яна памёрла, Джо?

— Не, дружа, — сказаў Джо, нібы апраўдваючыся і жадаючы падыйсці да справы паступова, — не то каб памёрла, — жарты сказаць, — але яе ўжо няма!..

— Няма ў жывых, Джо?

— Іменна… бадай, што так… няма ў жывых…

— Доўга яна пакутвала, Джо?

— Так каля тыдня будзе пасля таго, як вы зваліліся… прыблізна так, — сказаў Джо, які рашыў да ўсяго падыходзіць паступова.

— А ці не чуў ты, любы Джо, што сталася з яе маёмасцю?

— Значыцца, мне здаецца, дружа мой, — адказаў Джо, — што я чуў, быццам яна распарадзілася ёю, гэта значыць завяшчала большую частку міс Эстэле; але за дзень ці за два да смерці яна ўласнаручна зрабіла прыпіску, у якой пакінула суму ў чатыры тысячы фунтаў містэру Мацью Покету. А чаму-б, вы думалі, пакінула яна яму чатыры тысячы фунтаў? Па водзыву Піпа аб вышэйуказаным містэры Мацью. Бідзі мне казала, што так і напісана, — сказаў Джо, паўтараючы словы завяшчання: — «па водзыву Піпа аб вышэйуказаным містэры Мацью». Чатыры тысячы фунтаў, Піп!

Апошняя навіна вельмі парадавала мяне, паколькі гэтым завяршалася адзіная добрая справа, якую я зрабіў.

Мы з нецярплівасцю чакалі дня, калі я нарэшце буду мець сілы зрабіць першую прагулку; так калісьці чакалі мы часу, калі я паступлю да Джо ў падмайстры. Нарэшце гэты дзень прышоў. Была нанята адкрытая каляска, Джо захутаў мяне, узяў на рукі, вынес і пасадзіў у яе, нібы я быў слабым дзіцём, якому патрэбны былі клопаты гэтага дужага чалавека.

Джо сеў побач са мною, і мы паехалі за горад, дзе ўсё ўжо зелянела, а паветра было поўна пахучым дыханнем вясны. Я мімаволі падумаў, як цудоўна перамянілася ўсё ў прыродзе на працягу гэтых дзён і начэй, як усё расцвіло, як паявіліся гэтыя палявыя кветкі, як ажывіліся галасы птушак, пакуль я ляжаў у гарачцы. Я прыпаў галавою да грудзей Джо, як бывала, калі ён браў мяне на рукі, стомленага занадта моцнымі для маёй дзіцячай душы ўражаннямі ад кірмашовых гулянняў.

Праз некаторы час я супакоіўся, і мы пачалі гутарыць, як гутарылі даўней, лежачы на батарэі. Джо з таго часу ніколькі не змяніўся. У маіх вачах ён быў тады тым-жа, чым і цяпер, — шчырым, адданым другам.

Я спачатку не зусім разумеў (хоць гэта мучыла мяне) наступнай з‘явы: па меры таго, як я выздараўліваў і папраўляўся, Джо пачынаў усё больш і больш сцясняцца са мною. Пакуль я быў яшчэ вельмі слабы і меў патрэбу ў яго доглядзе і клопатах, Джо абыходзіўся са мною па-стараму, называючы мяне па-ранейшаму і «любым маленькім Піпам», і «старым другам», і гэтыя назвы, як музыка, гучэлі ў маіх вушах. Я таксама перайшоў неўзаметку для сябе да ранейшага абыходжання з ім і быў шчаслівы і ўдзячны яму за тое, што ён не працівіўся гэтаму. Але паступова, хоць я і стараўся захаваць нашы адносіны ў рачейшым выглядзе, абыходжанне Джо стала змяняцца. Спачатку я здзівіўся, але потым зразумеў, што прычына гэтай перамены ляжыць ва мне, і вінаваты ў гэтым я.

Гэтую перамену, якая адбылася ў нашых адносінах, асабліва ясна я заўважыў, калі мы аднойчы ўжо ў другі ці трэці раз выправіліся гуляць у Тэмпельскі сквер. Я ішоў, абапіраючыся на руку Джо. Мы селі пагрэцца на сонейку і глядзелі на раку. Калі мы ўсталі, я без усякай задняй думкі сказаў яму:

— Бачыш, Джо, як добра я цяпер хаджу! Убачыш, назад я дайду сам.

— Толькі не стамляйцеся, Піп, цераз сілу, — сказаў Джо. — Аднак, мне прыемна будзе бачыць, калі вы здолееце ўжо дайсці самі без старонняй дапамогі, сэр.

На мяне зрабіла непрыемнае ўражанне апошняе слова. Але ці мог я скардзіцца!? Я дайшоў да агарожы сквера і, зрабіўшы выгляд, што я слабей, чым быў сапраўды, папрасіў Джо даць мне руку. Ён падаў мне яе, але быў у нейкім задуменні.

Я таксама задумаўся. Мне страшэнна хацелася як-небудзь адхіліць перамену, узнікаўшую ў нашых адносінах. Не буду таіць: мне было сорамна і цяжка растлумачваць Джо, у якім становішчы мае справы і да чаго я дайшоў; але, запэўняю, тады мною кіравалі зусім не нізкія пабуджэнні. Я ведаў, што Джо абавязкова захацеў-бы дапамагчы мне са сваіх скромных зберажэнняў, і я не хацеў дапускаць гэтага.

Нам абодвум было не па сабе ў гэты вечар. Я рашыў адкласці аб‘ясненне з Джо да паслязаўтра. На наступны дзець была нядзеля, і я рашыў пачаць новае жыццё з панядзелка. У панядзелак раніцою я перагавару з Джо аб нашых адносінах зусім шчыра, раскажу яму, што я прыдумаў (аднак, апошняе не было яшчэ вырашана канчаткова), і растлумачу, чаму не адважваюся звярнуцца да Герберта. Тады нашы адносіны будуць назаўсёды трывала ўстаноўлены. Па меры таго, як весялеў я, весялеў і Джо, і мне здалося, што ён прышоў да нейкага рашэння.

Нядзелю мы правялі бесклапотна, ездзілі ў калясцы за горад і гулялі пехатою па палях.

— Я удзячны лёсу за сваю хваробу, Джо, — сказаў я.

— Любы Піп, стары дружа, вы цяпер зусім паправіліся, сэр.

— Гэтага часу я ніколі не забуду, Джо!

— І я таксама, сэр, — адказаў Джо.

— Я ніколі не забуду таго, што мы разам перажылі за гэты час! Быў час, Джо, калі я забываў шмат аб чым, але гэтага я не забуду.

— Так, Піп, — сказаў збянтэжаны і расчулены Джо, — шмат мы перажылі! Што было, тое прайшло, дарагі сэр!

Увечары, калі я ўжо лёг у пасцель, Джо, як звычайна, увайшоў у мой пакой. Ён запытаўся у мяне, ці так-жа добра я сябе адчуваю, як і раніцою.

— Так, любы Джо, вельмі добра.

— І вы, стары дружа, з кожным днём адчуваеце сябе мацней?

— Так, Джо, з кожным днём.

Джо паклаў каля мяне на коўдру сваю вялікую, чэсную руку і сказаў прыглушаным голасам:

— Добрай ночы!

На наступны дзень я ўстаў бадзёрым і моцным і канчаткова рашыў неадкладна ўсё расказаць Джо. Я хацеў перагаварыць з ім да снедання. Я зараз-жа пачаў адзявацца, каб зрабіць яму сюрпрыз і прама з‘явіцца да яго ў пакой, бо да гэтага часу я звычайна доўга залежваўся ў пасцелі. Я ўвайшоў у яго пакой, але Джо там не было. Не было нават яго чамадана. Я кінуўся да стала, на якім ужо было падрыхтавана снеданне, і ўбачыў на ім пісьмо наступнага зместу:

«Не жадаючы навязвацца, я паехаў; вы цяпер паправіліся, дарагі Піп, і вам будзе лепш без Джо».

«Назаўсёды найлепшыя сябры».

У пісьмо была ўкладзена распіска аб уплаце доўгу, за які мяне хацелі арыштаваць. Я думаў да гэтага часу, што мой крэдытар сам спыніў або прынамсі адклаў спагнанне, каб даць мне магчымасць канчаткова паправіцца. Мне і ў галаву не прыходзіла, што заплаціў доўг Джо, але заплаціў, бясспрэчна, ён: распіска была напісана на яго імя.

Што-ж мне заставалася рабіць, як не ехаць услед за ім у мілую старую кузню, расказаць яму ўсё, пакаяцца перад ім і аблягчыць сваю душу?


РАЗДЗЕЛ LIII

Вестка аб крушэнні, якое пацярпелі мае вялікія чаканні, паспела апярэдзіць мяне. Аказалася, што «Блакітны Вепр» ужо даведаўся аб усім, і яго абыходжанне са мною рэзка змянілася. Наколькі ў дні майго росквіту «Вепр» стараўся заслужыць маю ласку сваёю бязмежнаю ўслужлівасцю, настолькі ён стаў халодны са мною цяпер, калі шчасце ад мяне адвярнулася.

Я прыехаў у гасцініцу пад вечар, прычым падарожжа, якое ў былыя дні не выклікала ў мяне ніякай стомленасці, цяпер мяне зусім разбіла. «Блакітны Вепр» не мог адвесці мне нумара, які я раней звычайна займаў: ён аказаўся занятым (бясспрэчна, пастаяльцам, меўшым свае «вялікія надзеі»). Мне адвялі нейкі мізэрны катух паміж галубятняю і карэтным хлявом; але я спаў у ім вельмі моцна і наўрад ці заснуў-бы лепш у самым раскошным памяшканні, якое толькі мог даць мне «Вепр».

Раніцою, перад снеданнем, я адправіўся прагуляцца ў бок Сатыс-гауза. Сумныя аб‘явы на варотах і вывешаныя на вокнах каўры, апавяшчалі аб продажу на наступным тыдні з аўкцыёна ўсёй мэблі і абсталявання. Самы дом прызначаўся ў продаж на злом.

Быў цудоўны ліпеньскі дзень. Неба ззяла блакітам; жаўранкі высока ўзвіваліся над зялёнымі палямі. Усё вакол здавалася мне цяпер шмат прывабней, чым у мінулыя часы.

Я не бачыў яшчэ школы, дзе Бідзі была настаўніцай; але мяне вывела да яе невялікая кружная сцежачка, па якой я пайшоў, каб пазбегнуць лішніх сустрэч. На жаль, гэты дзень аказаўся святочным, і ў школе не было дзяцей, а домік Бідзі быў замкнуты. Я спадзяваўся ўбачыць яе за звычайнай работаю раней, чым яна паспее заўважыць яе, але надзеі гэтыя не збыліся.

Кузня была недалёка, і я адправіўся да яе па густой ліпавай алеі. Я прыслухоўваўся, спадзеючыся пачуць, як Джо стукае молатам. Адсюль я павінен быў-бы яго чуць, і мне здавалася, што я яго чую, але гэта аказалася маім ваабражэннем: усё было ціха. Тыя-ж ліпы, тая-ж шыпшына, тыя-ж каштаны, як і даўней, стаялі па баках і ціха шапталіся, калі я спыняўся, прыслухоўваючыся, але да вясенняга шэпту прыроды не прымешваліся ўдары молата. Мяне ахапіў нейкі бессвядомы страх, калі я падышоў да кузні. Нарэшце я ўбачыў яе. Яна была замкнута: не відаць было ні агню і іскраў, не чуваць было шуму мяхоў — усё было ціха і спакойна.

Затое ў доме было прыкметна жыццё, і ў гасціным пакоі, як відаць, сядзеў нехта, на адчыненым акне развявалася белая фіранка, і з-за яе былі відаць кветкі. Я ціха падышоў да акна, каб зірнуць у яго цераз кветкі, як раптам перада мною апынуўся Джо пад руку з Бідзі.

Спачатку Бідзі ўскрыкнула, як быццам убачыла здань, але праз хвіліну яна была ў маіх абдымках. Абодва мы заплакалі. Яна заплакала таму, што я быў такі бледны і стомлены, я — таму, што яна была такая свежая і прыгожая.

— Любая Бідзі, якая ты добрая!

— Так, дарагі Піп!

— А ў цябе, Джо, які шчаслівы выгляд!

— Так, любы Піп, стары дружа!

Я глядзеў то на аднаго, то на лругую і…

— Сёння маё вяселле, — усклікнула Бідзі з вялікай радасцю, — я вышла за Джо!

Яны правялі мяне на кухню, і я прыпаў галавою да старога сасновага стала. Бідзі прыклала маю руку к сваім губам, а на плячо да мяне схіліўся Джо.

— Ён яшчэ надта слабы, любая, для такіх нечаканасцей, — сказаў Джо!

— Так, Джо, — адказала Бідзі, — трэба было-б гэта мець на ўвазе, але я такая шчаслівая!

Абодва яны былі шчаслівы і рады бачыць мяне, абодва былі расчулены маім прыходам, які як-бы дапоўніў іх шчасце.

— Бідзі, родная, — сказаў я, — лепш за твайго мужа няма ў цэлым свеце. А калі-б ты бачыла яго ля майго ложка, тады ты… аднак, не, ты і тады не магла-б кахаць яго больш, чым цяпер!

— Вядома, не магла-б, — сказала Бідзі.

— А табе, Джо, дасталася лепшая ў свеце жонка, і яна дасць табе шчасце, якога ты заслугоўваеш, любы благародны Джо!

Джо паглядзеў на мяне, губы яго задрыжэлі, і ён няўмела закрыўся рукавом.

— Цяпер скажыце мне абодва, што вы даравалі мне ўсё, хоць я ведаю, што вы гэта зрабілі ўжо ад шчырага сэрца! Я хачу чуць слова даравання, каб чуць самы яго гук. Тады я паверу, што ў вас няма адносна мяне сумненняў і што з часам вы будзеце мець лепшую аба мне думку!

— О, любы Піп, стары дружа, — сказаў Джо, — бог сведка, я дараваў табе, калі мне ёсць за што дараваць.

— Бог сведка, я таксама даравала, — паўтарыла Бідзі.

— Цяпер дайце мне глянуць на мой стары маленькі пакой і на некалькі хвілін пакіньце мяне там аднаго. Пасля абеду праводзьце мяне, родныя Джо і Бідзі, да межавога слупа, і мы развітаемся.

Я распрадаў усю сваю маёмасць, сабраў грошай, колькі мог, каб некалькі задаволіць сваіх крэдытараў і адтэрмінаваць канчатковую расплату на некаторы час, затым адправіўся да Герберта. Не прайшло і месяца, як я паехаў ўжо з Англіі. Праз два месяцы я быў ужо клеркам Клерыкера і К°, праз чатыры — атрымаў адказную пасаду. Я пачаў аднаасобна загадваць усходнім аддзелам нашай фірмы.

Прайшло не мала гадоў, пакуль я зрабіўся кампаньёнам фірмы, але я быў шчаслівы і жыў з Гербертам і яго жонкаю. Я жыў скромна, выплачваў свае даўгі і знаходзіўся ў пастаяннай перапісцы з Джо і Бідзі. Клерыкер выдаў Герберту маю тайну толькі тады, калі я ўжо зрабіўся кампаньёнам фірмы. Герберт быў здзіўлен і расчулен, але гэта адкрыццё не пахіснула нашай дружбы. Я павінен агаварыцца, што фірма наша зусім не была асабліва багатая і што мы зусім не так ужо нажываліся. Вялізных спраў мы не рабілі, але наша фірма карысталася добраю, цалкам заслужанаю рэпутацыяй, мы шмат працавалі і ўрэшце мелі ўдачу. Шмат чым мы былі абавязаны працавітасці і здольнасцям Герберта. Я часта здзіўляўся, як мог раней лічыць яго бесталанным, пакуль не прышоў да заключэння, што, можа быць, лічыў яго няўдачнікам па ўласнай бесталаннасці.


РАЗДЗЕЛ LIV

Адзінаццаць гадоў не бачыў я Джо і Бідзі, хоць на працягу ўсяго майго знаходжання на Ўсходзе часта думаў аб іх. Але вось нарэшце, у адзін снежаньскі вечар, гадзіны праз дзве пасля захаду сонца, я дакрануўся да клямкі дзвярэй іх старой кухні. Я ціха прыадчыніў дзверы, так што ніхто не чуў, і неўзаметку зірнуў усярэдзіну. Джо сядзеў на сваім звычайным месцы ля агню, з люлькаю ў зубах. Ён надзіва захаваўся, хоць крыху пасівеў, і меў надзвычай бадзёры выгляд. Тут-жа ў кутку на маёй маленькай табурэтцы сядзеў новы маленькі Піп.

— Мы назвалі яго Піпам у чэсць цябе, любы, стары дружа, — сказаў узрадаваны Джо, калі я падсеў да хлапчука на другую табурэтку, — мы спадзяваліся, што ён будзе падобен да цябе, ды, здаецца, так і вышла.

Мне і самому здавалася гэта. На наступны дзень раніцою я пайшоў з хлопчыкам гуляць, і мы шмат гутарылі паміж сабою і вельмі добра разумелі адзін аднаго. Я павёў яго на могілкі і паказаў яму магільную пліту, прысвечайую памяці «Філіпа Пірыпа, тутэйшага прыхажаніна, і Джорджыяны, жонкі вышэйпамянёнага».

— Бідзі, — сказаў я ёй пасля абеду, калі яна забаўляла сваю малодшую дачку, сядзеўшую ў яе на каленях, — вы павінны ўступіць мне Піпа або хоць на час аддаць яго мне.

— Не, не, — мякка запярэчыла Бідзі, — вы самі павінны ажаніцца.

— Тое-ж самае цвердзяць і Герберт з Клараю. Толькі я думаю, што ніколі не ажанюся. Я так прызвычаіўся да іх сям‘і, што жаніцьба мне здаецца чымсьці неймаверным. Я стаў сапраўдным старым халасцяком.

Бідзі зірнула на сваю малютку, пацалавала яе ручкі і потым падала мне сваю мілую руку, якой толькі што ласкала дзіця.

— Любы Піп, — сказала Бідзі, — ці ўпэўнены вы, што ў вашым сэрцы згас яе вобраз?

— Так. Прынамсі я не думаю больш аб ёй.

— Скажыце мне, як… старому другу, вы зусім яе забылі?

— Любая Бідзі, я нічога не забыў з таго, мела такое фатальнае значэнне ў маім жыцці; я памятаю нават шмат нязначных падрабязнасцей. Але бяссэнсныя мары, як я назывў іх, зусім рассеяліся, Бідзі.

Але, нават вымаўляючы гэтыя словы, я адчуваў, што ўпотайку я канчаткова рашыў сёння-ж увечары дзеля яе пайсці зірнуць на месца, дзе стаяў стары дом. Так, дзеля ўспаміну аб Эстэле!..

Да мяне і раней даходзілі чуткі, што жыццё яе склалася няўдала і што яна разышлася са сваім мужам, які абыходзіўся з ёю па-зверску і наогул аказаўся грубым, нізкім і саманадзейным скнараю. Затым мне перадавалі, што муж яе памёр, што яго забіў уласны конь, не вытрымаўшы лютых пабояў. Гады два таму назад яна аўдавела і, вядома, цяпер магла выйсці замуж другі раз.

У Джо абедалі рана, а таму мне хапала часу нагаварыцца з Бідзі і яшчэ да вечара схадзіць зірнуць на месца старога дома. Але, аглядаючы па дарозе знаёмыя месцы і прадметы, успамінаючы аб мінулым, я запазніўся і дабраўся да мэты свае прагулкі, калі ўжо зусім сцямнела.

Ужо ні дома не існавала, ні піваварні, ні надворных будынкаў, і ўцалела толькі сцяна старога саду. Месца было агароджана наспех збітым нізкім парканам, і, зірнуўшы цераз яго, я ўбачыў, што стары плюшч сям-там пусціў новыя карэнні і месцамі пакрываў сваімі свежымі парасткамі рэшткі падмурка. Калітка была поўадкрыта, я штурхнуў яе і ўвайшоў унутр.

Над зямлёю срабрыста рассцілаўся халодны вячэрні туман. Месяц не паспеў яшчэ ўзыйсці і рассеяць яго. Але зоркі блішчэлі ў вышыні, месяц узыходзіў на гарызонце, і было не так цёмна. Я мог яшчэ адрозніць, дзе было месца дома, піваварні, варот. Раптам, зірнуўшы ўдоўж дарожкі апусцелага саду, я ўбачыў воддаль адзінокую фігуру.

Як відаць, фігура гэтая таксама заўважыла мяне і пайшла ў напрамку да мяне, але потым раптам спынілася. Я пайшшоў ёй насустрач і распазнаў, што гэта была жанчына. Калі я падышоў яшчэ бліжэй, яна, здавалася, хацела павярнуць назад, але раптам здрыганулася ад здзіўлення і назвала мяне па імені, а я толькі ўсклікнуў:

— Эстэла!..

— Я страшна змянілася… дзіўлюся, як вы пазналі мяне.

Сапраўды, асляпляючая свежасць яе прыгожасці паблякла, але ранейшая яе веліч і непераможная прывабнасць засталіся. Мне была вядома чароўнасць яе прыгожасці; але раней я не бачыў у ёй ціхага суму ў некалісь гордым позірку, і мяне здзівіў сяброўскі поціск яе рукі, якая была раней такая нячулая.

Мы селі на бліжэйшую лаўку, і я сказаў:

— Ці не дзіўна, Эстэла, што пасля столькіх год разлукі мы сустрэліся тут, на месцы нашай першай сустрэчы? Вы часта прыязджаеце сюды?

— Я тут з таго часу не была…

— І я таксама.

Паказаўся месяц, — і мне мімаволі ўспомніўся накіраваны на белую столь спакойны погляд Мегвіча. Месяц падымаўся ўсё вышэй — і я прыпамінаў яго апошні поціск рукі ў адказ на мае словы, апошнія словы, якія ён чуў.

Эстэла першая перарвала маўчанне.

— Я часта збіралася з‘ездзіць сюды, але мяне заўсёды затрымлівалі розныя перашкоды! Бедны стары дом!..

Першыя праменні месяца прарэзалі серабрысты туман і заблішчэлі на слязах, што каціліся па яе шчаках.

Не падазраючы, што я заўважыў гэтыя слёзы, яна сказала, стараючыся здавацца спакойнаю:

— Вы, мусіць, дзівіліся, ходзячы тут, чаму ўсё прышло ў такое запусценне?

— Так, Эстэла.

— Месца належыць мне. Гэта адзіная маёмасць, якую я захавала. Усё астатняе я страціла, але гэтае месца захавала. Толькі яго я зберагала на працягу ўсяго гэтага сумнага часу.

— Вы маеце намер тут нанава будавацца?

— Так. Я прыехала сюды, каб развітацца з ім перад маючымі быць пераменамі. А вы, — запыталася яна прыязна, — заўсёды жывеце за граніцаю?

— Так, заўсёды.

— І, вядома, добра ўладзіліся?

— Так, я шмат працую, каб існаваць, і, бадай што, шчаслівы.

— Я часта думала пра вас, —сказала Эстэла.

— Дапраўды?

— Так, у апошні час вельмі часта. Я доўга адганяла ад сябе неадчэпны ўспамін аб тым, што я страціла і не ўмела ацаніць у свой час, і мне было цяжка. Але калі ўспамін гэты пакінуў перашкаджаць майму абавязку, я дазволіла яму заняць месца ў сваім сэрцы.

— А вы заўсёды жылі ў маім сэрцы, — сказаў я.

Зноў наступіла маўчанне, пакуль Эстэла не перарвала яго.

— Я ніколі не думала, што, развітваючыся з гэтым месцам, я развітваюся адначасова і з вамі. Я рада, што так вышла.

— Дык вы, Эстэла, і цяпер рады расстацца са мною? Мне гэта цяжка. Для мяне заўсёды быў цяжкім і балючым успамін пра нашу разлуку.

— Але вы сказалі мне тады, — запярэчыла Эстэла з натхненнем: — «Няхай благаславіць і даруе вам бог!» Калі вы маглі сказаць гэта тады, дык скажыце і цяпер… цяпер, калі гора прымусіла мяне зразумець, што ў вас за сэрца. Я разбіта і зламана, але, спадзяюся, зрабілася ад гэтага лепш. Адносьцеся да мяне з такою-ж дабратою, як і раней, і скажыце, што мы будзем сябрамі.

Яна паднялася з лаўкі.

— Шчырымі сябрамі, — сказаў я, таксама падымаючыся і нахіляючыся да яе.

— І расстанемся сябрамі? — запыталася Эстэла.

Я ўзяў яе за руку, і мы пашлі з гэтых развалін. І, як раней ранішні туман падымаўся перада мною, калі я пакідаў кузню, так цяпер рассцілаўся вячэрні туман; але цяпер, мне здавалася, што ў ціхім і ясным святле месяца знікла апошняя здань нашай разлукі.


Канец