Перайсці да зместу

Вялікія чаканні (1940)/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вялікія чаканні. Частка першая
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1940 год
Арыгінальная назва: Great Expectations (1865)
Частка другая

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧАСТКА ПЕРШАЯ


РАЗДЗЕЛ І

Бацькі майго прозвішча было Пірып, а мяне звалі Філіп, і са спалучэння гэтых двух назваў мая дзіцячая мова не магла скласці нічога выразней, як Піп. Дык вось, я празваў сябе Піпам, і з маёй лёгкай рукі ўсе пачалі зваць мяне «Піп». Я ніколі не бачыў сваіх бацькоў, не бачыў і іх партрэтаў (у тыя часы фатаграфій яшчэ не было і ў паміне), і маё дзіцячае ўяўленне аб іх абодвух было без асаблівых падстаў узята з выгляду каменных пліт над іх магіламі. Размяшчэнне надпісу на бацькавым помніку надало мне нечаканую думку, што ён быў шырокаплечы, плотны брунет з чорнымі кучаравымі валасамі, а з агульнага выгляду і фігуры надпісу, які гаварыў: «А таксама Джарджыана, жонка вышэйпамянёнага», я па-дзіцячаму зрабіў вывад, што мая маці была жанчына хваравітая, з жоўтым, пакрытым вяснушкамі тварам. Што-ж датычыць пяці маленькіх, футы па паўтара даўжынёю, каменных плітак, якія былі выцягнуты ў адну правільную лінію побач з магіламі бацькоў і прысвечаны памяці маіх пяці братоў, то гэтыя мініятурныя помнікі назаўсёды пакінулі ва мне цвёрдае перакананне, што мае браты нарадзіліся, лежачы на спіне і засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, адкуль так і не вымалі іх за ўвесь час свайго кароткага жыцця на гэтым свеце.

Наша мясцовасць балоцістая і знаходзіцца каля ракі, міляў за дваццаць ад мора. Мне здаецца, што першае яркае і пэўнае ўяўленне аб свеце, што акружаў мяне, склалася ў мяне ў адзін памятны непагодлівы пасляабедзены час, калі дзень падыходзіў ужо да вечара. У гэты дзень я канчаткова пераканаўся, што паросшае крапівой месца, дзе я стаяў, былі могілкі, што Філіп Пірып, мясцовы прыхажанін, «а таксама Джарджыана, жонка вышэйпамянёнага», памерлі і пахаваны, што младзенцы Александр, Варфаламей, Аўраам, Товій і Роджэр, «дзеці вышэйназваных», таксама памерлі і пахаваны, што нудная плоская пустка за могілкамі, зрэзаная канавамі, плацінамі і агарожамі, дзе пасвілася жывёла, было балота, што далёкая свінцовая палоска была рака, што шырокая пахмурая далеч, адкуль дуў вецер, было мора, што маленькая, дрыготкая фігурка, якая баялася ўсяго гэтага і нарэшце заплакала са страху, быў Піп.

— Замаўчы! — пачуўся люты голас, і з-за магіл ля царкоўнай паперці вырасла чалавечая постаць. — Замаўчы, чарцянё, а не дык я перарэжу табе горла!

Гэта быў страшны чалавек у грубай шэрай вопратцы, з калодкаю на назе, у парваных чаравіках, без шапкі; галава ў яго была абвязана нейкімі анучамі. Ён быў увесь мокры, у гразі і ў сіняках, кульгаў, дрыжаў і страшэнна лаяўся. Зубы ў яго ляскалі, калі ён схапіў мяне за падбародак.

— Не рэжце мяне, сэр! — пачаў прасіцца я, ахоплены жахам. — Калі ласка, не рэжце!

— Як цябе завуць? Гавары! — сказаў незнаёмы.

— Піп, сэр.

— Паўтары яшчэ, — загадаў ён, не зводзячы з мяне вачэй. — Ды гавары выразней!

— Піп, Піп, сэр.

— Пакажы, дзе ты жывеш! — гаварыў чалавек. — Пакажы пальцам!

Я паказаў рукою на плоскі бераг ракі, дзе сярод алешніку і тапалёў, за паўтары мілі ад царквы, раскінулася наша вёска.

З хвіліну незнаёмец глядзеў на мяне моўчкі, потым схапіў мяне за плечы, перавярнуў дагары нагамі і ачысціў мае кішэні. У іх нічога не аказалася, апрача лусты хлеба. Калі царква стала зноў на месца — незнаёмец быў настолькі імклівы ў сваіх рухах, што яна закруцілася перада мною колам, і шпіц званіцы апынуўся ў мяне пад нагамі, — калі царква, кажу я, стала зноў на сваё месца, я сядзеў на высокім надмагільным камені і дрыжаў, а ён з прагнасцю аплятаў мой хлеб.

— Цяпер слухай уважліва і адказвай толкам, — сказаў незнаёмец. — Дзе твая маці?

— Тут, сэр.

Ён здрыгануўся і кінуўся бегчы, але хутка спыніўся і зірнуў на мяне цераз плячо.

— Вось там, сэр, — растлумачыў я баязліва. — «А таксама Джарджыана». Гэта і ёсць мая маці.

— А, вось яно што! — усклікнуў ён, ідучы назад. — А побач хто? Твой бацька?

— Так, сэр.

— З кім-жа ты жывеш?

— З маёй сястрою — місіс Джо Гарджэры, сэр. Яна замужам за Джо Гарджэры, а ён каваль.

— Каваль? — перапытаў незнаёмец і паглядзеў на сваю нагу.

Потым ёй падышоў да мяне зусім блізка, схапіў мяне за плечы і, адставіўшы на даўжыню рукі, упіўся ў мой твар пільным уладным позіркам. Я дрыжаў і бездапаможна глядзеў проста яму ў вочы.

— Цяпер слухай, — сказаў ён. — Ведаеш ты, што такое падпілак?

— Так, сэр.

— А што такое яда?

— Так, сэр.

Пасля кожнага пытання ён устрасаў мяне, нібы для таго, каб я лепш усвядоміў сваю бездапаможнасць і пагражаючую мне небяспеку.

— Ты дастанеш мне падпілак. — Ён зноў страсануў мяне. — Ты дастанеш мне паесці. — Новая ўстраска. — Ты прынясеш мне адно і другое, а не, дык я вырву з цябе сэрца з пячонкай. — Устраска паўтарылася.

Я страшэнна перапалохаўся, і ў мяне так закружылася галава ад гэтых устрасак, што я ўчапіўся за яго абодвума рукамі і сказаў:

— Калі-б вы былі так ласкавы, пакінулі-б трэсці мяне, дык мне, можа, не было-б так моташна, і я лепш зразумеў-бы вас.

Тут ён задаў мне самую вялікую ўстраску, затым узяў мяне за рукі і, паставіўшы на камень, сказаў наступную страшную прамову:

— Заўтра раніцою, надосвітку, ты прынясеш мне падпілак і чаго-небудзь паесці. Усё гэта ты прынясеш вунь на тую старую батарэю. Ты выканаеш мой загад, і ніколі ні словам, ні знакам не пасмееш намякнуць ні адной жывой душы, што бачыў мяне. Зрабі ўсё як я казаў, і астанешся жывым. А папрабуеш ашукаць мяне, тады бывай тваё сэрца і печань! Так і знай: я іх вырву, спяку і з‘ем. Прытым трэба табе сказаць, я не адзін, як ты, мабыць, думаеш. У мяне тут прыхован адзін малойчык, — дык у параўнанні з ім я проста авечка.

Я сказаў, што прынясу падпілак і ўсё, што ўдасца сабраць з ежы, і абяцаў прысці на батарэю досвіткам.

Я сказаў, што прынясу падпілак і ўсё, што ўдасца сабраць з ежы, і абяцаў прысці на батарэю досвіткам.

— Кляніся! Гавары: «Няхай заб‘е мяне пярун, калі гэтага не зраблю».

Я паўтарыў клятву; ён зняў мяне з каменя і сказаў:

— Памятай-жа сваё абяцанне, памятай майго малойчыка. Цяпер можаш ісці дадому.

— Спакойнай ночы, сэр, — прашаптаў я.

— Які ўжо тут спакой! — буркнуў ён, акідаючы позіркам халодную, мокрую раўніну. — Дорага-б я даў, каб быць лягушкай або вугром.

Ён моцна абхапіў рукамі сваё дрыжачае цела, нібы баяўся, што яно рассыпецца, і зачыкіляў, прыкульгваючы, да царкоўнай агарожы, а я павярнуў к дому і кінуўся бегчы з усёй сілы. Але раз я не ўцярпеў — азірнуўся назад і ўбачыў, як ён ішоў да ракі, усё яшчэ моцна сціскаючы сябе абодвума рукамі і асцярожна ступаючы хворымі нагамі з каменя на камень.

Тут мяне апанаваў жах, і я пабег дадому, ужо не спыняючыся.


РАЗДЗЕЛ II

Сястра мая, місіс Джо Гарджэры, была на дваццаць з лішкам год старэйшая за мяне і славілася галоўным чынам тым, што выгадавала мяне, як яна сама казала, «уласнаручна». Стараючыся зразумець сэнс гэтага выразу і ведаючы, што ў сястры цяжкая рука, з якою і мне і мужу яе досыць часта прыходзілася мець справу, я прышоў да вываду, што абодва мы — і я і Джо — выхаваны ёю «ўласнаручна».

Джо быў прыгожы мужчына. Густыя светлыя валасы, твар добры, а вочы такога невыразна-блакітнага колеру, што зрэнкі іх амаль зліваліся з бялкамі.

У сястры маёй, місіс Джо, вочы і валасы былі чорныя, а скура такая чырвоная, што я часта задаваў сабе пытанне, ці не ўжывае яна замест мыла цёрку. Яна была высокая, кастлявая жанчына і хадзіла ў грубым рабочым фартуху з тасёмкамі ззаду і з квадратным нагруднікам, утыканым скрозь іголкамі і шпількамі. Гэтым фартухом яна заўсёды ганарылася і вечна папракала ім Джо. Я, праўда, ніколі не мог зразумець, нашто яна яго носіць, а калі ўжо носіць, дык чаму ніколі не здымае.

Кузня Джо прылягала да нашага дома, драўлянага, як і большасць дамоў нашай мясцовасці ў тыя часы.

Калі я прыбег дадому, кузня была ўжо зачынена, і Джо сядзеў у кухні адзін. Мы з Джо былі таварышамі па няшчасцю і нічога не таілі адзін ад аднаго. Таму як толькі я адчыніў дзверы і ўбачыў яго ў процілеглым кутку ля каміна, ён зараз-жа абвясціў:

— Місіс Джо ўжо дванаццаць разоў выходзіла шукаць цябе, Піп, і цяпер зноў вышла: гэта ўжо будзе чортава дзюжына.

— Праўда, Джо?

— Запэўняю цябе, — сказаў Джо, — і, што горш за ўсё, яна захапіла з сабою шчакаталку.

Пры тэтым жахлівым паведамленні я пачаў круціць адзівы гузік на маёй камізэльцы і з роспаччу глядзеў на агонь. «Шчакаталка» была гнуткая трасцінка з тонКім канцом, прыгожа адпаліраваным ад частага датыкання да майго няшчаснага цела.

— А даўно яна вышла, Джо?

— Як табе сказаць? — адказаў Джо, паглядзеўшы на насценны гадзіннік. — У апошні раз яна выскачыла мінут пяць таму назад. Вось яна ідзе. Схавайся за дзверы, дружа, ды накруці на сябе ручнік.

Я паслухаўся яго. Місіс Джо расчыніла дзверы і, заўважыўшы пры гэтым нейкую перашкоду, умомант здагадалася аб прычыне і зараз-жа пусціла ў ход шчакаталку. Яна скончыла тым, што моцна штурнула мяне проста ў абдымкі Джо, і апошні, узрадаваўшыся, што мог хоць чым-небудзь дапамагчы мне, схаваў мяне за камін і спакойна загарадзіў сваёю доўгай нагою.

— Дзе ты прападаў, малпа ты гэтакая? — закрычала місіс Джо, тупнуўшы нагою. — Адказвай зараз-жа, што ты рабіў? Я тут ледзь не звар‘яцела ад страху. Гавары-ж, а не дык я цябе выцягну з кутка, няхай вас будзе тут у хоць пяцьдзесят Піпаў і пяцьсот Гарджэры!

— Я быў на могілках, — адказаў я са свайго прытулку, плачучы і пачухваючыся.

— На могілкак? — паўтарыла яна. — Калі-б не я, ты-б даўно там ляжаў. Хто выхаваў цябе ўласнаручна?

— Вы, — адказаў я.

— А нашто я гэта зрабіла, хацелася-б мне ведаць?

— Не ведаю, — прахныкаў я.

— І я не ведаю! — падхапіла яна, — але затое ведаю, што ў другі раз я гэтага не зраблю. Магу шчыра сказаць, што я не скідала з плячэй гэтага фартуха з таго часу, як ты нарадзіўся. Даволі з мяне і таго, што я жонка каваля ды яшчэ Гарджэры, а тут яшчэ валаводзься з табою, будзь табе маткаю, — не, шчыра дзякую!

Нельга сказаць, каб я асабліва ўважліва сачыў за яе гаворкаю. Думкі мае былі далёка.

Пакуль яна гатавала чай, Джо вельмі ўважліва глядзеў на мяне. Потым ён пачаў ціхенька пагладжваць валасы і правую бакенбарду, назіраючы сваімі блакітнымі вачыма за рухамі місіс Джо, як ён заўсёды рабіў, калі яна бывала ў бурным настроі.

У сястры быў своеасаблівы спосаб намазваць для нас масла на хлеб, спосаб, якога яна ніколі не змяняла. Яна пачынала з таго, што брала хлеб у левую руку і з усяе сілы прыціскала яго да свайго нагрудніка; ад гэтага ў хлеб часта ўтыкаліся то шпілька, то іголка, якія потым і аказваліся ў каго-небудзь з нас у роце. Потым яна брала на нож масла (не надта шчодра) і намазвала яго на хлеб па-аптэкарску, нібы рыхтавала пластыр, пускаючы ў ход абодва бакі нажа з надзвычайнай спрытнасцю, старанна збіраючы і саскрабаючы масла з краёў. Правёўшы нарэшце нажом па ўсяму слою масла, яна адразала тоўстую лусту, якую дзяліла на дзве палавіны: адну для Джо, другую для мяне.

На гэты раз, аднак, хоць і быў я вельмі галодны, але есці не смеў. Я адчуваў, што павінен зберагчы што-небудзь для майго страшнага незнаёмца і для яго яшчэ больш страшнага саюзніка — малойчыка-невідзімкі, і я надумаўся схаваць, сваю лусту ў штаніну.

Але выканаць гэтае рашэнне было для мяне вельмі цяжка, і больш за ўсё, сам таго не ведаючы, перашкаджаў мне Джо. Я ўжо казаў, што, дзякуючы нашаму агульнаму няшчасцю, адносіны ў нас былі зусім таварыскія. Між іншым, у нас увайшло ў звычай кожны вечар есці навыперадкі: адкусіўшы па кавалку, мы моўчкі паказвалі свае лусты адзін аднаму, стараючыся выклікаць адзін аднаго на спаборніцтва. У гэты вечар Джо не раз запрашаў мяне да такой гульні, паказваючы мне сваю лусту, якая хутка змяншалася, але з майго боку не сустракаў спачування; я нерухома сядзеў, трымаючы кубак з жоўта-бурай вадкасцю на адным калене і некранутую лусту на другім. Нарэшце, скарыстаўшы мінуту, калі Джо не глядзеў на мяне, я спрытна сунуў сваю лусту ў штаніну.

Джо, відаць, непакоіўся, думаючы, што ў мяне прапаў апетыт, і задуменна, без усякага задавальнення адкусваў маленькія кавалачкі ад сваёй лусты. Ён толькі што збіраўся адкусіць новы кавалак і ўжо нахіліў галаву набок для большай зручнасці, як раптам зірнуў на мяне і ўбачыў, што ў мяне луста знікла.

Не паспеўшы адкусіць, ён спыніўся на поўдарозе і замёр у нямым аслупяненні з лустаю хлеба ў роце. Яго здзіўленне і жах выяўляліся так відавочна, што не маглі не звярнуць на сябе ўвагі маёй сястры.

— Што там у вас зноў? — кплівым тонам запыталася яна і паставіла свой кубак на стол.

— Аднак! — прамармытаў Джо, дакорліва ківаючы галавою. — Паслухай, Піп, дружа мой! Ты сабе бяду нажывеш. Ён дзе-небудзь захрасне. Ты не мог пражаваць яго, Піп.

— Ну, што яшчэ там? — паўтарыла сястра яшчэ больш рэзка.

— Выплюнь хоць кавалачак, Піп. Папрабуй, раю табе, — казаў Джо ў страшэнным спалоху. — Тут ужо не да прыстойнасці, калі справа ідзе аб здароўі.

Тут сястра канчаткова страціла цярпенне, накінулася на Джо і, схапіўшы яго за абедзве бакенбарды, прыціснула яго галаву да сцяны. Я моўчкі сядзеў у сваім кутку і вінаватымі вачыма глядзеў на гэтую сцэну.

— Ну, сыты, лупаты вяпрук, ці скажаш ты мне, нарэшце, у чым справа? — праказала сястра, задыхаючыся ад злосці.

Джо бездапаможна зірнуў на яе, з роспаччу адкусіў кавалак хлеба і зноў утаропіўся на мяне.

— Ведаеш, Піп, — прамовіў ён урачыста, з непражаваным кавалкам за шчакою і такім прыяцельскім тонам, нібы мы былі з ім толькі ўдвух, — мы з табою заўсёды былі сябрамі, і ўжо, вядома, не мне на цябе скардзіцца. Але гэта такі, — ён адсунуў сваё крэсла, паглядзеў на падлогу паміж ім і мною і зноў узняў вочы на мяне, — такі незвычайны глыток.

— Ды што, ён увесь свой хлеб праглынуў, ці што? — закрычала сястра.

— Ведаеш, галубочак, — гаварыў Джо, гледзячы па-ранейшаму на мяне, а не на місіс Джо, і па-ранейшаму з кавалкам за шчакою, — я бачыў такі едакоў на сваім вяку, але, прызнаюся, такога глытка не бачыў. Шчасце тваё, што ты не памёр, Піп.

Сястра кінулася да мяне, злавіла мяне за валасы і пацягнула за сабою, паўтараючы страшныя словы: «Пойдзем, я дам табе лякарства»,

Нейкі шэльма-доктар увёў у тыя часы ў моду дзягцярную ваду, як рашучы сродак супроць усіх хвароб, і місіс Джо заўсёды мела запас гэтага зелля ў сваім камодзе, бо была ўпэўнена, што калі лякарства такое агіднае на смак, значыць яно добра памагае. Нават калі я адчуваў сябе зусім добра, у мяне ўлівалі такую страшэнную колькасць гэтай вадкасці, у якасці ўмацавальнага сродку, што ад мяне тхнула — я сам гэта адчуваў — як ад толькі што асмоленага плота. На гэты раз асабліва сур‘ёзны характар маёй хваробы запар запатрабаваў цэлага кубка гэтага лякарства, які і ўлілі мне ў глотку для майго выратавання, прычым місіс Джо схапіла і вельмі моцна заціснула маю галаву ў сябе пад пахамі. Джо аддзелаўся поўкубкам, але поўкубка яго ўсё-ж прымусілі праглынуць, на вялікае яго здзіўленне. Місіс Джо абвясціла, што яго «нудзіць», і, мяркуючы па сабе, я смела магу сцвярджаць: калі дагэтуль яго не нудзіла, дык пасля лякарства і сапраўды занудзіла.

Сумленне — жахлівая рэч, аднолькава жахлівая і для дарослага, і для дзіцяці; але калі ў апошняга цяжар на сумленні злучаецца з цяжарам у штаніне, дык я з уласнага вопыту, магу сказаць, што становішча яго робіцца невыносным. Думка, што мне прыдзецца зрабіць пакражу ў місіс Джо, і неабходнасць заўсёды прытрымліваць рукою мой хлеб з маслам, ці хадзіў я ці сядзеў, ці ішоў на кухню па якому-небудзь даручэнню, усё гэта амаль даводзіла мяне да вар‘яцтва.

У гэты дзень, аб якім ідзе гутарка, была калядная куцця, і мне трэба было ўзброіцца меднай лапатачкай і з сямі да васьмі па насценнаму галандскаму гадзінніку мяшаць пудынг на заўтрашні дзень. Я папрабаваў было рабіць гэта з грузам у штаніне, як раптам адчуў, што мой хлеб з маслам спаўзае ўсё ніжэй і ніжэй і зараз выскачыць наповерх, калі я не прыму рашучых мер. На шчасце, мне неяк удалося выслізнуць з пакоя і выгрузіць гэты рэчыўны цяжар майго сумлення на гары, дзе я спаў.

— Чуеш, Джо? — сказаў я, калі скончыў, нарэшце, з пудынгам і грэўся каля каміна, чакаючы, пакуль мяне пашлюць спаць. — Здаецца, з гармат страляюць. Што гэта значыць?

— Мусіць, яшчэ катаржнік даў драла, — адказаў Джо.

— Як гэта — даў драла, Джо? — запытаўся я.

Місіс Джо, якая лічыла, што ўсякія тлумачэнні павінна даваць яна, прабурчэла нездаволена: «Уцёк, уцёк», падносячы мне сваё тлумачэнне з такім-жа рашучым выглядам, як дзягцярную ваду.

Пакуль місіс Джо сядзела, нахіліўшыся над работаю, я прабаваў запытацца ў Джо рухам губ, што значыць катаржнік. Джо, у сваю чаргу, заварушыў губамі, відавочна, стараючыся даць мне падрабязнае тлумачэнне, з якога я зразумеў толькі адно слова: «Піп».

— Мінулай ноччу ўцёк катаржнік, — сказаў Джо ўголас. — І ўчора таксама стралялі, каб папярэдзіць. А цяпер зноў страляюць: мусіць, другі даў драла.

— Хто страляе? — запытаўся я.

— Які нязносны хлапчук, — умяшалася сястра, хмурачыся на мяне з-за работы. — Дапытчык які знайшоўся — бач ты яго!

Тым часам Джо канчаткова раздражніў маю цікаўнасць: стараючыся разявіць рот як мага шырэй, ён тужыўся надаць сваім губам форму нейкага слова, якое я палічыў за «халеру». Натуральна пагэтаму, што я кіўнуў на місіс Джо і запытаўся аднымі губамі: «яна?» Але гэта было не тое: Джо з самым рашучым выглядам закачаў галавою і, разявіўшы рот на ўсю шырыню, выпусціў нейкае вельмі энергічнае слова. Я зноў нічога не зразумеў.

— Місіс Джо, — пачаў я, ужываючы апошні сродак, — мне хацелася-б ведаць, з вашага дазволу, адкуль страляюць?

— Што гэта за дзіця! Крый яго божа! — усклікнула сястра такім тонам, нібы хацела сказаць: «Чорт-бы яго ўзяў!» — Адкуль страляюць? Вядома, з галер.

— А-а, з галер! — праказаў я і зірнуў на Джо.

Джо дакорліва кашлянуў, што павінна было азначаць: «Ды я-ж табе казаў».

— А што такое галеры? — запытаўся я зноў.

— Ну вось і гаварыце з такім хлапчуком! — сястра з абурэннем ткнула ў мой бок сваёю іголкаю і пакачала галавою. — Адкажы яму на адно пытанне, дык ён засыпле вас цэлай дзюжынай. Галеры — гэта баржы, дзе змяшчаюцца турмы. Яны там за балотамі.

— Мне-б хацелася ведаць, каго садзяць у гэтыя турмы і за што? — заўважыў я са спакоем роспачы, не звяртаючыся, аднак, ні да каго ў асаблівасці.

Гэтага місіс Джо не вытрымала. Яна ўскочыла, як ужаленая.

— Паслухай, галубочак, што я табе скажу. Не для таго я выгадавала цябе ўласнаручна, каб ты цягнуў жылы з добрых людзей. Але калі ўжо табе не цярпіцца, дык ведай: людзей садзяць у галеры за тое, што яны забіваюць, грабяць, машэннічаюць і робяць розныя пакасці. І пачынаюць яны заўсёды з таго, што прыстаюць з пытаннямі. А цяпер, калі ласка, адпраўляйся спаць!

Мне ніколі не давалі свечкі, калі я ішоў спаць, і цяпер, падымаючыся ўпоцемку па лесніцы са страшэнным звонам у галаве, — таму што апошнюю сваю прамову місіс Джо вельмі спрытна ўбівала ўдарамі напёрстка па маёй галаве, — я са страхам усведамляў, як зручна, што галеры знаходзяцца з намі ў такім блізкім суседстве. Было зусім відавочна, што яны створаны для мяне. Я таксама пачаў з пытанняў, а цяпер збіраюся абкрасці місіс Джо. Кожны раз, як я засынаў у гэтую ноч, — калі толькі я спаў, — я бачыў у сне, што бурны вясенні паток імчыць мяне да галер. Як толькі чорны полаг ночы за маім акном пачаў святлець, я ўскочыў з пасцелі і адправіўся ўніз. У каморы, напоўненай рознымі стравамі, я сцягнуў кавалак хлеба, скарынку сыру, з поўталеркі рубленага мяса, звязаў усё гэта разам з учарашняю лустаю ў сваю насавую хустачку, потым адліў у прынесеную знарок для гэтай мэты бутэлечку трохі гарэлкі з каменнай бутэлькі, якую зараз-жа даліў вадою, і далучыў да ўсяго гэтага косць, на якой было трохі мяса, і цудоўны круглы пірог са свінінай. Я ледзь было не пайшоў без пірага, але захацелася зірнуць, што было так старанна прыкрыта на гліняным блюдзе ў куце каморкі, знайшоў пірог і захапіў яго, думаючы, што ён прызначаецца не на сёнешні дзень, і таму яго не скора хопяцца.

Адны дзверы з кухні вялі проста ў кузню. Я адсунуў засаўку, адчыніў дзверы і адшукаў падпілак паміж інструментамі Джо. Потым замкнуў дзверы на засаўку, як і было, вышаў у выхадныя дзверы і кінуўся бегчы да пакрытага туманам балота.


РАЗДЗЕЛ III

Я добра ведаў дарогу на батарэю. Неяк у нядзелю я хадзіў туды разам з Джо, і ён, сеўшы на старую гармату, сказаў мне, што, калі я паступлю да яго падручным, мы будзем часта «закачвацца» сюды. Але цяпер, з-за туману, я ўзяў занадта ўправа і мне прышлося прабірацца назад удоўж ракі па градзе камення, наваленага поверх твані і колля, абараняўшага бераг ад прыліву. Стараючыся навярстаць страчаны час, я спяшліва пералез цераз канаву, якая, я ведаў, была недалёка ад батарэі, і толькі што ўскарабкаўся на насып па той бок канавы, як убачыў перад сабою майго незнаёмца. Ён сядзеў спіною да мяне, склаўшы накрыж на грудзях рукі, і ківаўся сюды-туды, ахоплены дрыматай.

Я думаў, што ён больш узрадуецца, калі я з‘яўлюся перад ім са снеданнем зусім нечакана, і таму, падкраўшыся, крануў яго за плячо. Ён зараз-жа ўскочыў, павярнуўся да мяне і… і аказаўся зусім не тым, а другім.

Аднак і на гэтым чалавеку была такая-ж грубая, шэрая вопратка і калодка на назе, і гэтак-жа, як і той, ён кульгаў, хрыпеў і дрыжэў, — адным словам, зусім быў падобен на ўчарашняга незнаёмца, толькі твар у яго быў другі ды замест анучы на галаве тырчэў нізкі, шырокаполы капялюш. Усё гэта я разглядзеў у адну секунду; ды ён і аставаўся перада мною не больш як секунду, вылаяў мяне, няёмка замахнуўся на мяне кулаком, ад чаго сам ледзь не ўпаў, і знік у тумане, спатыкнуўшыся разы два на бягу.

«Малойчык!» падумаў я. Сэрца ў мяне так і замерла, — напэўна, забалела-б і пячонка, каб ведаў я ў той час, дзе яна змяшчаецца.

Неўзабаве я дабраўся да батарэі. Там мяне чакаў мой учарашні незнаёмец. Ён па-ранейшаму чыкіляў узад і ўперад, моцна ахапіўшы сябе абодвума рукамі, — здавалася, ён прахадзіў так усю ноч. Было відаць, што ён страшэнна змёрз. Я так і чакаў, што ён упадзе і тут-жа на месцы памрэ ад холаду. Ён глядзеў такімі гадоднымі вачыма, што, калі я падаў яму падпілак, мне здалося, што ён абавязкова папрабаваў-бы яго з‘есці, калі-б не бачыў майго клуначка. На гэты раз ён не пераварочваў мяне дагары нагамі, каб заўладаць маімі запасамі, а пакінуў мяне спакойна стаяць на нагах, развязваць клуначак і апаражняць кішэні.

— У бутэлечцы-то што ў цябе, хлапчук? — запытаўся ён.

— Гарэлка, — адказаў я.

Ён ужо набіваў сабе рот рубленым мясам, але, пачуўшы пра гарэлку, кінуў есці і пачаў піць. Увесь час ён так страшна дрыжэў, што яму каштавала незвычайных намаганняў трымаць бутэлечку між зубоў і не разгрызці яе папалам.

— Мусіць, у вас ліхарадка, — сказаў я.

— Я і сам гэта думаю, хлопча, — адказаў ён.

— Тут месца вельмі дрэннае, — казаў далей я. — Вы спалі на зямлі, а гэта вельмі шкодна: таго і глядзі, схопіш ліхарадку або рэўматызм.

— Я ўсё-ж такі з‘ем маё снеданне раней, чым яны прыкончаць мяне, — сказаў ён. — З‘ем усё да апошняй крошкі, хоць-бы зараз-жа пасля гэтага мяне ўсцягнулі на шыбеніцу. Спраўлюся са снеданнем — спраўлюся і з азнобам, — хоць на заклад.

Ён еў усё адразу: і рубленае мяса, і хлеб, і сыр, і пірог, прычым ўвесь час падазрона ўгладаўся ў вакольны туман і часта прыслухоўваўся, пакідаючы нават есці.

Раптам нейкі гук, ці яму так здалося, прымусіў яго ўздрыгануцца, і ён рэзка запытаўся:

— Ды ці не ашукваеш ты мяне, чарцянё? Ты нікога не прывёў з сабою?

— О, не, сэр. Не!

— І нікому не даручыў ісці за табою следам?

— Не.

— Добра, я табе веру. Ды і злы-ж быў-бы ты шчанюк, калі-б у твае гады мог дапамагаць цкаваць няшчаснага бегляца, які і так хутка акалее ад голаду і холаду, як які-небудзь чорны жук.

У горле ў яго нешта захрыпела, нібы ў старым гадзінніку, калі ён збіраецца біць, і ён правёў па вачах сваіх брудным, жорсткім рукавом. Шкадуючы яго ад шчырага сэрца і бачачы, як ён патроху зноў узяўся за пірог, я набраўся смеласці і сказаў:

— Вельмі рад, што ён вам спадабаўся.

— Ты, здаецца, нешта сказаў?

— Я сказаў: вельмі рад, што ён вам спадабаўся.

— Дзякую, хлопчык. Гэта праўда.

Мне часта прыходзілася назіраць, як есць наш вялікі дваровы сабака, і цяпер я бачыў здзіўляючае падабенства паміж сабакам і гэтым чалавекам. Ён хапаў і рваў ежу з ненасытнай прагнасцю, якраз як сабака, глытаў кавалкі, амаль не жуючы, і ўвесь час азіраўся па баках, нібы баяўся, што хто-небудзь прыдзе і адбярэ ў яго пірог.

— Баюся, што вы нічога яму не пакінеце, — заўважыў я боязка пасля даволі доўгага маўчання, у часе якога абмяркоўваў, ці прыстойна будзе такая заўвага. — Больш мне няма адкуль узяць.

— Не пакіну? Каму? — запытаўся ён, перастаючы есці.

— А таму малойчыку, які ў вас схаваны.

— Ах, таму! — адазваўся ён з кароткім смехам. — Так, так. Яму не трэба есці.

— А мне здалося па яго твару, што нават вельмі трэба.

Незнаёмец перастаў есці і зірнуў на мяне з найвялікшым здзіўленнем.

— Хіба ты яго бачыў?

— Бачыў.

— Калі?

— А вось зараз.

— Дзе?

— Вунь там, — і я паказаў пальцам. — Ён сядзеў і драмаў, калі я падышоў. Спачатку я падумаў, што гэта вы.

Ён схапіў мяне за шыварат і так страшна вылупіў на мяне вочы, што я падумаў, ці не збіраецца ён, як спачатку хацеў, перарэзаць мне глотку.

— Адзеты гэтак-жа, як і вы, толькі ў капялюшы, — тлумачыў я, увесь дрыжучы, — і… і… — мне хацелася сказаць больш далікатна, — і гэтак-жа, як і вы, мае патрэбу ў падпілку. Хіба вы не чулі гармату сёння ўночы?

— Значыць, гэта і сапраўды была гармата, — прагаварыў ён нібы сам сабе.

— Дзіўна, як вы маглі ў гэтым сумнявацца! Мы ў сябе дома чулі стрэл, а гэта-ж куды далей, і потым мы сядзелі запёршыся.

— Бачыш, — загаварыў ён, — калі чалавек адзін у гэтых балотах, ды ў дадатак яшчэ з цяжкою галавою і пустым страўнікам, калее ад голаду і холаду, тады яму ўсю ноч толькі і чуецца, што пальба ды галасы. Што я кажу- «чуецца!» Ён бачыць салдат у чырвоных мундзірах, з факеламі; яны падыходзяць, акружаюць яго, выклікаюць нумар, бразгаюць стрэльбамі. Ён чуе каманду: «Стройся! Вось ён! Бяры яго!» Яго ха- паюць — і усяму канец… Ды не далей як у мінулую ноч мне мярэшчыліся салдаты — цэлы ўзвод. Маршыруюць у ногу, бразгаюць стрэльбамі, каб іх чорт узяў!.. А што да пальбы! Ды мне здавалася, што туман дрыжэў ад стрэлаў, калі ўжо быў белы дзень. Але гэты чалавек… заўважыў ты, як ён выглядае?

Апошняе пытанне было звернута да мяне, усё-ж папярэдняе ён казаў нібы сам сабе.

— У яго твар моцна разбіты, — сказаў я, стараючыся прыпомніць усё, што мог заўважыць, хоць далёка не быў упэўнены, ці праўду я кажу.

— Ці не ў гэтым месцы? — падхапіў незнаёмец, лопнуўшы сябе даволі бесцырамонна далонню па левай шчацэ.

— Так, тут!

— Дзе-ж ён? — Пры гэтым мой незнаёмец пхнуў за пазуху мізэрныя рэшткі свайго снедання. — Пакажы, куды ён пайшоў? Я прыб‘ю яго як сабаку. Прападзі ты гэтая калодка! Давай сюды падпілак, хлапчына.

Я паказаў у той бок, дзе знік у тумане другі бяглец, і незнаёмец з хвіліну глядзеў туды. Затым ён кінуўся на мокрую траву і ўзяўся, як вар‘ят, пілаваць сваю калодку, не звяртаючы ўвагі ні на мяне, ні на сваю параненую і скрываўленую нагу, з якой ён абыходзіўся так бязлітасна, нібы гэта была такая самая неадушаўлёная рэч, як і падпілак. Мяне зноў агарнуў страх перад гэтым чалавекам; баяўся я і таго, што мяне могуць хапіцца дома. Я сказаў яму, што мне трэба ісці, але ён не звярнуў увагі на мае словы, і я палічыў за лепшае ўцячы цішком. Калі я зірнуў на яго ў апошні раз, ён сядзеў, прыгнуўшыся галавою да самага калена, і з усіх сіл працаваў над сваёю калодкаю, праклінаючы і калодку, і сваю нагу. І апошнім гукам, што даляцеў да мяне, калі я спыніўся ў тумане, прыслухоўваючыся, быў віск усё яшчэ працаваўшага падпілка.


РАЗДЗЕЛ IV

Я быў зусім упэўнены, што застану ў кухні паліцэйскага і што мяне зараз-жа арыштуюць. Але ва ўсім доме не толькі не было ніякага паліцэйскага, але нават і крадзежу ніхто не заўважыў. Місіс Джо была цалкам занята чысткаю дома для надыходзячага свята. Джо быў высланы на ганак, каб ён не наткнуўся на скрынку з-пад смецця, на якую ён рана ці позна заўсёды натыкаўся, калі сястра распачынала генеральную чыстку.

— Дзе ты быў, жэўжык? — так дзеля свята прывітала мяне місіс Джо, калі я з нячыстым сумленнем з‘явіўся перад ёю.

Я адказаў, што бегаў паслухаць, як Хрыста славяць.

— Ну, ну, — заўважыла місіс Джо. — Магло быць і горш.

«Вядома», падумаў я.

— Каб не была я жонкаю каваля, не працавала, як катаржная, не здымаючы фартуха, можа, і я паслухала-б, як славяць. Я-ж і сама люблю славіць, таму, напэўна, ніколі мне і не ўдаецца хоць іншых паслухаць.

Джо, які рыскнуў увайсці ўслед за мною ў кухню, пасля таго як скрынка з-пад смецця знікла, пацёр рукою пераносіцу з лагодным выглядам, сустрэўшы сярдзіты погляд місіс Джо, але не паспела яна адвярнуцца, як ён склаў указальныя пальцы крыж-накрыж і паказаў мне спадцішка гэты сімвалічаы знак, які азначаў на нашай мове, што місіс Джо ў дрэнным настроі.

Місіс Джо была вельмі ахайная гаспадыня, але мела незвычайную здольнасць рабіць так, што чыстата яе была больш нязручнай і неахайнай, чым сам бруд. Яе ахайнасць нагадвала набожнасць некаторых людзей, якія ўмеюць стаць усім упоперак горла сваёю святасцю.

У гэты дзень у нас абедалі: містэр Вопсль, дзяк нашай царквы, містэр Гебль, калёснік, з місіс Гебль і дзядзя Пембльчук (ён быў дзядзя Джо, але місіс Джо прысвоіла яго сабе), заможны гандляр хлебам з бліжэйшага горада, які ездзіў ва ўласным вазку. Абед меўся быць а палове другой. Калі мы з Джо вярнуліся дадому, стол быў ужо накрыты, місіс Джо была ў поўным парадзе, і парадныя дзверы адчынены для прыёму гасцей (чаго ніколі не здаралася ў іншыя дні). Адным словам, усё было ў поўным блеску. Аб пакражы ніхто яшчэ і не падазраваў.

Час абеду набліжаўся, не прыносячы ніякай палёгкі майму сумленню; нарэшце, з‘явіліся і госці. Я адчыніў гасцям дзверы з такім сур‘ёзным выглядам, нібы ў нас было зазвычай заўсёды адчыняць гэтыя дзверы. Раней за ўсіх з‘явіўся дзяк нашай царквы, доўганосы містэр Вопсль, за ім містэр і місіс Гебль і нарэшце дзядзя Пембльчук.

— Місіс Джо, — сказаў дзядзя Пембльчук, высокі, непаваротлівы, задыхлівы таўстун сярэдніх год, з шырокім і плоскім, як у рыбы, ротам, бязглуздымі, вылупленымі вачыма і белабрысымі валасамі, якія стаялі старчма, нібы ён заўсёды быў чымсьці спалоханы. — Місіс Джо, я прынёс вам, у выглядзе маленькага каляднага падарунка, бутэльку херэсу і я прынёс вам, мэм, бутэльку партвейну.

Кожныя Каляды ён з‘яўляўся з гэтымі-ж самымі словамі, якія вымаўляў як нешта надзвычай новае, і з двума бутэлькамі, якія трымаў на манер гімнастычных шароў. І кожныя Каляды місіс Джо адказвала яму, як адказала і цяпер:

— О, дзядзя Пем-бль-чук! Як гэта міла з вашага боку!

На што ён нязменна гаварыў, як сказаў і цяпер:

— Вашы якасці яшчэ мілейшыя. Ну-с, ці ўсе ў добрым здароўі?

Мы абедалі ў гэтых выпадках на кухні, а к дэсерту пераходзілі ў гасціны пакой, дзе нам было таксама няёмка, як Джо ў святочным убранні.

Нават калі-б я і не абкраў каморкі, я адчуваў-бы сябе няёмка ў гэтай пачэснай кампаніі — не таму, што мяне прыціснулі да рогу стала, так што ён упіраўся мне ў грудзі, а локаць містэра Пембльчука штохвіліны заязджаў мне ў вока, і не таму, што мне даставаліся толькі самыя кончыкі курыных лапак ды тыя часткі свініны, якія не рабілі гонару свінні пры яе жыцці. Не, усё гэта не мела-б для мяне ніякага значэння, каб толькі госці і гаспадары пакінулі мяне ў спакоі. Але яны, мабыць, баяліся ўпусціць такі зручны выпадак і зводзілі раз-по-раз гутарку на маю асобу.

Цкаванне пачалося як толькі селі за стол. Містэр Вопсль прачытаў або, дакладней, прадэкламаваў малітву самым тэатральным тонам і закончыў дапасаваным на гэты выпадак настаўленнем наконт удзячнасці, як першага абавязку кожнага чалавека. Тады сястра паглядзела на мяне ва ўпор і заўважыла глухім дакорлівым голасам:

— Чуеш? Будзь-жа ўдзячны.

— А ў асаблівасці, — дадаў містэр Пембльчук, — будзь удзячны тым, хто выхаваў цябе ўласнаручна.

Джо ў прысутнасці гасцей рабіўся яшчэ менш прыкметным, чым без іх. Але ён заўсёды, калі толькі мог, уцяшаў мяне па-свойму; калі справа была за абедам, ён падбаўляў мне на талерку падліўкі, абы была яна на стале. Сёння падліўкі было колькі хочаш, і Джо наліў мне яе з добрага поўкубка.

Трохі пачакаўшы, містэр Вопсль, раскрытыкаваўшы сёнешнюю пропаведзь, паведаміў нам, як-бы сказаў ён сам, калі-б быў на месцы свяшчэнніка. Пачаставаўшы прысутных выбранымі ўрыўкамі з гэтай пропаведзі, ён заўважыў, што лічыць самую тэму сёнешняга настаўлення далёка няўдалай, і гэта тым менш прабачальна, дадаў ён, у такі час, калі, куды ні азірніся, усюды можна знайсці сюжэт для настаўлення.

— Зноў правільна, — сказаў дзядзька Пембльчук. — Вы, сэр, папалі ў самую точку. Процьма сюжэтаў для таго, хто ўмее іх скарыстаць. Звярніце ўвагу хоць на свініну, вось вам і сюжэт! Калі вам патрэбен сюжэт, звярніце ўвагу на свініну!

— Правільна, сэр. Шмат навучальнага можна здабыць для моладзі з гэтага сюжэта, — сказаў містэр Вопсль. І раней, чым. ён гэта сказаў, я ўжо ведаў, што ён уцягне мяне ў гэты сюжэт.

— Прыслухайся да гэтага, — заўважыла мне ў дужках сястра з належнай суровасцю. Джо падбавіў мне падліўкі.

— Свіння, — гаварыў містэр Вопсль густым басам, — была таварышам блуднага сына. Пражорлівасць свінні выстаўляецца як навучальны прыклад для юнацтва. Што агідна ў свінні, яшчэ больш агідна ў хлопчыку.

— І ў дзяўчынцы, — дадала місіс Гебль.

— Вядома, і ў дзяўчынцы, місіс Гебль, — згадзіўся з некаторым раздражненнем містэр Вопсль. — Але-ж тут няма дзяўчынак.

— Так, брат, табе ёсць за што быць удзячным, — сказаў Пембльчук, крута павярнуўшыся да мяне. — Падумай сам: калі-б ты нарадзіўся піскуном…

— Ён быў такі піскун, што лепшага і чакаць нельга, — праказала ўрачыста сястра.

Джо зноў падбавіў мне падліўкі.

— Так, але я разумеў чацвераногага піскуна, — сказаў містэр Пембльчук. — Дык вось, каб нарадзіўся ты чацвераногім піскуном, ці быў-бы ты тут у гэтую мінуту? Наўрад.

— Хіба вось у такім выглядзе, — заўважыў містэр Вопсль, ківаючы на страву.

— Але я разумею не ў гэтым выглядзе, сэр, — запярэчыў містэр Пембльчук, які не любіў, каб яго перапынялі. — Я кажу: ці сядзеў-бы ён тут, сярод такой прыемнай яму кампаніі дарослых і паважаных людзей, карыстаючыся іх мудраю гутаркаю і акружаны ўсімі дабротамі раскошы? Не, вядома. А якім быў-бы твой лёс? — казаў далей ён, зноў звяртаючыся да мяне. — Цябе-б прадалі за столькі вось шылінгаў, у залежнасці ад таго, якая цана была-б на рынку. Потым Дунстабль, мяснік, прышоў-бы да цябе ў хлеў, дзе ты валяўся-б на саломе, заціснуў-бы цябе пад левую паху, прыпадняў-бы правай рукою фалду свайго балахона, дастаў-бы з кішэні нож, выпусціў-бы з цябе кроў, і вось табе і канец. Нябось, ён не стаў-бы гадаваць цябе ўласнаручна. І не спадзявайся!

Джо прапанаваў мне яшчэ падліўкі, але я пабаяўся ўзяць.

— Я думаю, ён даставіў вам бездань клопату, мэм, — сказала місіс Гебль, спачуваючы сястры.

— Клопату? — падхапіла сястра. — А як-жа!

І яна распачала жахлівы пералік усіх хвароб, у якіх я правініўся, усіх бяссонных начэй, прычынаю якіх быў я, усіх высокіх рэчаў, з якіх я падаў, усіх ям, у якія пападаў, усіх ушыбаў, якія я калі-небудзь атрымліваў, усіх выпадкаў, калі яна жадала бачыць мяне ў труне, ад чаго я ўпарта, адмаўляўся.

— Але ведаеце, панове, — сказаў містэр Пембльчук, стараючыся неўзаметку вярнуць кампанію да той тэмы, ад якой яна была ўхілілася. — Я лічу, што вараная свініна — найбагацейшая страва. А, як вы думаеце?

— Ці не жадаеце, дзядзя, гарэлачкі? — запыталася сястра.

Скончана! Ён заўважыць, што гарэлка разбаўлена вадою, ён скажа гэта ўсім, і я прапаў! Я моцна ўчапіўся абодвума рукамі за ножку стала і пачаў чакаць свайго лёсу.

Сястра пайшла па каменную бутлю, прынесла яе і наліла з яе дзядзю; астатнія адмовіліся.

Я не мог адвесці вачэй ад дзядзі Пембльчука. Я бачыў, як гэты няшчасны гарэзліва паказаў пальцам на чарку, падняў яе, усміхнуўся, закінуў назад галаву і выпіў усё залпам. І ў тую-ж секунду на ўсіх прысутных напаў нечаканы жах, і не дзіва: дзядзя Пембльчук ускочыў на ногі, закруціўся ў прыпадку сударажнага кашлю і выскачыў з пакоя, пасля чаго можна было бачыць праз акно, як яго страшэнна ванітавала; пры гэтым ён рабіў самыя жахлівыя грымасы і наогул вёў сябе, як вар‘ят. Сястра і Джо выбеглі да яго. Калі яго прывялі назад, ён акінуў усю кампанію такім позіркам, як быццам яна была прычынаю яго моташнасці, грузна бухнуўся ў сваё крэсла і прастагнаў:

— Дзёгаць!

Які жах! Я даліў гарэлку дзягцярнай вадою. Я ведаў, што скора яму будзе яшчэ горш.

— Дзёгаць! — здзівілася сястра. — Як мог папасці туды дзёгаць?

Але дзядзя Пембльчук і слухаць нічога не хацеў, а настойліва махаў рукою і патрабаваў гарачага джыну. Сястра, ахопленая нейкімі меркаваннямі небяспечнага для мяне характару, павінна была цяпер бегчы па джын. Часова пагібель мая адтэрмінавалася.

Гарачы Джын зрабіў добры ўплыў. Пад канец абеду містэр Пембльчук зусім прасвятлеў. Я пачынаў ужо спадзявацца, што гэты дзень пройдзе шчасліва, як раптам сястра сказала Джо: «Чыстыя талеркі»!

Я здагадваўся, што будзе далей, і адчуваў, што на гэты раз я ўжо канчаткова загінуў.

— Цяпер вы павінны пакаштаваць, — сказала сястра, звяртаючыся да гасцей з самай прыемнай са сваіх усмешак, — вы павінны пакаштаваць на закуску надзвычайную страву — падарунак дзядзі Пембльчука.

А як-жа! Няхай лепш і не спадзяюцца!

— Я вам скажу, што гэта, — гаварыла далей сястра, устаючы, — гэта пірог, надзнычай добры пірог са свінінай.

Госці выказалі поўнае задавальненне. Дзядзя Пембльчук, усведамляючы, якую паслугу ён аказаў кампаніі, сказаў з незвычайнай жывасцю:

— Давайце сюды пірог, місіс Джо, мы яго ўшануем як след.

Сястра пайшла за пірагом. Я чуў, як яна прайшла ў кладоўку. Я чуў, як Джо шапнуў мне: «І табе дадуць, Піп». Я і цяпер не ведаю напэўна, ці сапраўды я закрычаў ад жаху ці мне толькі здалося, але я адчуваў, што далей не вытрымаю і павінен уцякаць. Я выпусціў ножку стала і пабег так, быццам за мною гналася смерць.

Але я прабег толькі да выхадных дзвярэй. Тут я наткнуўся на атрад узброеных салдат, і адзін з іх сказаў, працягваючы мне кайданы:

— А, вось ты дзе! Папаўся. Хадзем-жа са мною!


РАЗДЗЕЛ V

Стук ружэйных прыкладаў аб наш ганак і паяўленне атрада салдат выклікалі агульны перапалох. Госці выскачылі з-за стала, а місіс Джо, якая варочалася ў кухню з пустымі рукамі, спынілася, як укопаная, і жаласлівы ўсклік: «Божа ты мой міласцівы! куды-ж дзеўся мой пірог?» — замёр на яе губах.

— Выбачайце мяне, лэдзі і джэнтльмены, — казаў сержант, — але, як я ўжо сказаў у дзвярах гэтаму шустраму хлапчуку, я пасланы злавіць злачынца, і мне патрэбен каваль.

— А дазвольце даведацца, навошта ён вам патрэбен? — запыталася сястра з відавочнаю злосцю.

— Сударыня, — адказаў ветлівы сержант, — гаворачы за сябе, я схазаў-бы: каб мець чэсць і прыемнасць пазнаёміцца з яго чароўнай жонкай, але, гаворачы ад імя караля, я павінен сказаць: у мяне да яго маленькая справа.

Ветлівасць сержанта ўсім спадабалася, а містэр Пембльчук нават пракрычаў: «Удала сказана!»

— Бачыце, шаноўны, — гаварыў між тым сержант, звяртаючыся проста да Джо, здагадаўшыся, што каваль — гэта ён, — у нас здарылася маленькае няшчасце: у адной калодкі замычкі не зусім у парадку, а нам яна патрэбна зараз-жа, дык ці не глянеце вы на яе?

Джо глянуў на яе і абвясціў, што для папраўкі прыдзецца развесці агонь у кузні і што яна возьме гадзіны дзве часу.

— Вось як? У такім выпадку бярыцеся за справу, шаноўны, — сказаў развязны сержант. — Кароль не любіць чакаць. І калі мае людзі могуць вам чым-небудзь дапамагчы, яны ў вашым распараджэнні.

Ён гукнуў сваіх людзей, якія ўваліліся ў кухню адзін за адным. Саставіўшы ў куток свае стрэльбы, яны размясціліся як на бівуаку.

— Колькі, лічыце вы, адсюль да балот? Не больш мілі, я мяркую? — запытаўся сержант.

— Якраз міля, — сказала місіс Джо.

— Тады паспеем: як пачне змяркацца, мы і пачнем аблаву. «Незадоўга да прыцемку» — значыцца ў маім загадзе. Паспеем.

— Катаржнікі, сержант? — запытаўся містэр Вопсль сцвярджальным тонам.

— Так, двое! — адказаў сержант. — Нам вядома, што яны знаходзяцца яшчэ ў балотах, і наўрад ці рыскцуць яны выбрацца адтуль да цемнаты. Ну, шаноўны, кароль гатоў прыняць вашу паслугу.

Джо зняў сурдут, камізэльку, гальштук і, падперазаўшы скураны фартух, прайшоў у кузню. Адзін з салдат адчыніў драўляныя акяніцы, другі расклаў агонь, трэці стаў каля меха, астатнія размясціліся вакол горна, які неўзабаве запалаў. Джо ўзяўся стукаць сваім малатком, а мы ўсё стаялі і глядзелі на яго.

Нарэшце ляск жалеза і шум меха заціхлі. Джо скончыў работу, апрануў сурдут і, набраўшыся храбрасці, прапанаваў каму-небудзь з нас пайсці разам з салдатамі, каб даведацца, чым скончыцца пагоня. Містэр Вопсль заявіў, што ён гатоў пайсці, калі пойдзе Джо. Джо сказаў, што пойдзе з прыемнасцю і возьме мяне з сабою, калі місіс Джо дазволіць. Я ўпэўнен, што нас-бы ні за што не пусцілі, калі-б цікаўнасць місіс Джо не была так моцна ўзбуджана. Але на гэты раз яна абмежавалася толькі заўвагаю:

— Май на ўвазе, што калі ты прывядзеш назад хлапчука з прастрэленай галавою, дык я папраўляць яе не бяруся.

Калі мы вышлі на свежае паветра і накіраваліся да месца прызначэння, я шапнуў Джо: «Спадзяюся, Джо, што мы іх не знойдзем». І Джо шапнуў мне ў адказ: «Я ахвотна заплаціў-бы шылінг, Піп, каб толькі яны ўцяклі ад нас».

Калі мы вышлі на нудную пустку, дзе я быў гадзін восем ці дзевяць таму назад і бачыў абодвух бегляцоў, мне ў першы раз прышла ў галаву жахлівая думка: што калі мой незнаёмец западозрыць, што гэта я выдаў яго салдатам? Ён пытаўся тады, ці не ашукваю я яго, і сказаў, што я быў бы надта злым шчанюком, калі-б далучыўся да агульнага цкавання супроць яго. Няўжо ён падумае, што я сапраўды выдаў яго?

Салдаты ішлі наперадзе, расцягнуўшыся ў даволі доўгую лінію з вялікімі прамежкамі паміж людзьмі, а мы за імі ўслед, як раптам нам прышлося спыніцца. Па ветру да нас даляцеў працяглы крык. Ён чуўся ўправа ад нас, з усходняга боку, і неўзабаве паўтарыўся, гучна і выразна. Але цяпер здавалася, што крычаў не адзін голас, а два ці больш, хоць яны амаль зліваліся ў адзін.

Сержант аддаў загад не адказваць, а ісці на голас «фарсіраваным маршам». Такім чынам мы звярнулі ўправа, г. зн. на ўсход, і Джо закрочыў так шпарка, што я павінен быў з усёй сілы ўчапіцца за яго, каб не ўпасці.

Па меры таго як мы набліжаліся да мэты, нам усё больш выразна чулася, што крычаў не адзін чалавек. Праз некалькі хвілін мы былі так блізка, што маглі пачуць, як адзін голас крычаў: «Рэжуць!» а другі: «Катаржнікі! Беглыя! Стража! Сюды! Лавіце беглых катаржнікаў!» То абодва галасы нібы прападалі з-за барацьбы, то зноў рабіліся выразнымі.

Калі галасы прагучэлі ўжо зусім блізка, сержант кінуўся наперад, а ўслед за ім двое салдат.

— Вось яны абодва! — пыхцеў сержант, барахтаючыся на дне канавы. — Здавайцеся, чорт вас вазьмі! Што вы шчапіліся, як дзікія звяры. Здавайцеся!

Пырскі вады і камякі гразі ляцелі ва ўсе бакі, і паветра дрыжэла ад праклёнаў і ўдараў, калі яшчэ некалькі чалавек спусціліся ў канаву на дапамогу сержанту і выцягнулі кожнага асобна, майго катаржніка і другага.

— Заўважце, — прагаварыў мой катаржнік, — я яго злавіў! Я выдаю яго вам. Не забудзьце гэтага!

— Гэта не асабліва важна і мала табе дапаможа, дружа мой, — сказаў сержант. — Вам з ім адну кашу расхлёбваць. Эй, падай кайданы!

— Я і не разлічваю на ўзнагароду. Я ўжо яе атрымаў, — запярэчыў мой катаржнік са зларадным смехам. — Я яго злавіў. Ён гэта ведае, і з мяне даволі.

Другі катаржнік зусім пасінеў і быў увесь пабіты і паранены. Ён не ў сілах быў нават гаварыць і, пакуль яго закоўвалі, абапіраўся на салдат, каб не ўпасці.

— Заўважце, сержант, ён хацеў забіць мяне, — былі яго першыя словы.

— Хацеў забіць яго? — паўтарыў з пагардаю мой знаёмы. — Хацеў і не забіў! Я злавіў і выдаў яго; вось што я зрабіў. Я не толькі перашкодзіў яму ўцячы з балот, я прыцягнуў яго сюды. Гэты агіднік — джэнтльмен з вашага дазволу, і галеры зноў атрымаюць свайго джэнтльмена дзякуючы мне. Я здолеў уцячы з галер адзін, без усякай дапамогі. Я ўцёк-бы і з гэтых праклятых балот, калі-б не даведаўся, што ён тут. Але пакінуць яго на волі? Дазволіць яму зноў абдурваць мяне, іграць мною, рабіць з мяне пешку? Не, не, не. Калі-б мне прышлося акалець у гэтай канаве, — і ён выразна ўзмахнуў у той бок сваімі скутымі рукамі, — я і тады-б не выпусціў яго, пакуль вы не схапілі-б нас абодвух.

Другі бяглец, які, відавочна, страшэнна баяўся свайго таварыша, сцвярджаў далей:

— Ён хацеў забіць мяне, і без вас я загінуў-бы.

— Ён хлусіць, гнеўна запярэчыў мой катаржнік.

— Бачыце вы яго? Бачыце, як бегаюць у яго вочы? Вось таксама ён глядзеў, калі нас разам судзілі. Ён ні разу не зірнуў на мяне.

— Годзе балбатаць! — сказаў сержант. — Запальвай факелы!

Пакуль адзін з салдат, што нёс кошык замест стрэльбы, пачаў адчыняць яго, стоячы на каленях, мой катаржнік у першы раз азірнуўся і ўбачыў мяне. Сустрэўшыся з ім позіркам, я зрабіў лёгкі рух рукамі і адмоўна пакруціў галавою. Я чакаў гэтага позірку, каб пастарацца пераканаць яго ў сваёй нявіннасці. Не ведаю, ці зразумеў ён мяне, бо я і сам не мог зразумець, што значыць яго позірк, ды і цягнулася гэта адзін момант. Але калі-б ён глядзеў на мяне цэлую гадзіну або нават цэлы дзень, то і тады выраз незвычайнай увагі, якая свяцілася ў яго вачах, не запомніўся-б мне з большаю сілаю. Салдат з кошыкам хутка раздабыў агню, запаліў тры ці чатыры факелы, адзін узяў сабе, а астатнія раздаў таварышам.

— Усё ў парадку, — сказаў сержант. — Марш!

Прайшоўшы з гадзіну, мы дабраліся да прыстані, дзе стаяла драўляная вартоўня. Мы ўвайшлі туды. Там пахла табаком і вапнаю, быў раскладзены агонь, стаялі: лямпа, стойка са стрэльбамі, барабан і нізкія драўляныя нары, на якіх магло змясціцца да дзюжыны салдат. Тры ці чатыры салдаты, якія ляжалі на іх у шынялях, не асабліва зацікавіліся намі; прыўзняўшы на хвіліну галовы, яны паглядзелі на нас соннымі вачыма і зараз-жа зноў захраплі. Сержант прадставіў рапарт, запісаў нешта ў кнігу, салдаты абкружылі таго арыштанта, якога я называў «другім катаржнікам», і адправіліся з ім на судно.

Мой катаржнік з таго часу ні разу не зірнуў на мяне. Раптам ён павярнуўся да сержанта і сказаў:

— Я хочу даць некаторыя тлумачэнні наконт маіх уцёкаў, каб адхіліць падазрэнне ў дапамозе мне ў гэтым з боку каго-небудзь іншага.

— Ты можаш гаварыць, што хочаш, — адказаў сержант, які стаяў, склаўшы накрыж рукі на грудзях і халодна глядзеў на яго, — але ад цябе не патрабуецца, каб ты гаварыў гэта тут. У цябе будзе яшчэ шмат выпадкаў пагаварыць, перш чым з табой расправяцца.

— Я ведаю, але там іншая справа, а гэта асобая рэч. Чалавек не можа жыць не еўшы, прынамсі, я не магу. І я ўзяў сабе пад‘есці вунь у той вёсцы, дзе царква стаіць амаль на самым балоце.

— Значыцца ўкраў, хочаш ты сказаць, — уставіў сержант.

— І нават скажу вам у каго. У каваля.

— Вось як! — усклікнуў сержант, утаропіўшыся на Джо.

— Вось як, Піп! — сказаў Джо, утаропіўшыся на мяне.

— Гэта былі розныя рэшткі, крыху гарэлкі і пірог.

— Ці не заўважылі вы, шаноўны, прапажы ў вас чаго-небудзь з ежы, напрыклад, пірага? — запытаўся сержант, звяртаючыся да Джо.

— Мая жонка заўважыла якраз у тую хвіліну, калі вы ўвайшлі. Памятаеш, Піп?

— Дык гэта вы каваль? — сказаў мой катаржнік, панура паглядзеўшы на Джо і нават не зірнуўшы на мяне. — У такім выпадку мне вельмі шкада, але я павінен вам сказаць, што я з‘еў ваш пірог.

— На здароўе. Мне пірага не шкода. Мы не ведаем, што вы там зрабілі, але, вядома, мы не хацелі-б, каб вы памерлі за гэта з голаду. Хіба не так, Піп?

У горле арыштанта зноў штосьці захрыпела, як у той раз на балоце, і ён павярнуўся да нас спіною. Лодка вярнулася, канвой быў напагатове. Мы праводзілі яго да прыстані і бачылі, як ён сеў у лодку, на якой грэблі такія самыя катаржнікі, як і ён сам. Ніхто, убачыўшы яго, не выявіў ні здзіўлення, ні радасці, ні смутку, ніхто не загаварыў з ім, толькі рулявы скамандаваў, як сабакам: «На ваду!» — і вёслы апусціліся. Пры святле факелаў мы маглі разгледзець чорнае судно, якое стаяла за некалькі сажняў ад багністага берагу. Абабітая жалезам, прымацава=ная да якараў масіўнымі іржавымі ланцугамі, гэтая плывучая турма здавалася майму дзіцячаму ўяўленню гэтакай-жа закутай, жалкай і няшчаснай, як і самі арыштанты. Мы бачылі, як лодка прычаліла: арыштанта прынялі на судно, і ён знік. Потым абгарэлыя канцы факелаў былі кінуты ў ваду, зашыпелі і згаслі, як быццам усё было скончана і з імі.


РАЗДЗЕЛ VI

Бабуня містэра Вопсля трымала вячэрнюю школу ў нашай вёсцы. Гэта была вельмі арыгінальная старая, меўшая звычай спаць кожны вечар у прысутнасці дзяцей, якія плацілі ёй па два пенсы ў тыдзень за права цешыцца гэтым навучальным відовішчам. Яна наймала невялікі домік, у якім містэр Вопсль займаў вышку, і мы, вучні, чулі звычайна, як ён дэкламаваў у сябе грозным і ўрачыстым голасам і час ад часу стукаў к нам у столь.

Апрача вышэйпамянёнай навучальнай установы, бабуня містэра Вопсля трымала ў тым-жа пакоі невялікую крамку з усялякімі таварамі. Яна не мела ніякага паняцця ні аб сваім тавары, ні аб яго цане; але ў крамцы, у адной са скрынак, ляжала маленькая зашмальцаваная запісная кніжка, якая служыла прэйскурантам, і з дапамогаю гэтага аракула Бідзі вяла ўсе гандлёвыя аперацыі. Бідзі была ўнучка бабуні містэра Вопсля. Прызнаюся, я ніколі не мог вырашыць, кім яна прыходзілася містэру Вопслю. Яна была сірата, як і я, і, як і я, выгадавана ўласнаручна. Найбольшую ўвагу звярталі на сябе — так прынамсі мне тады здавалася — яе канцовасці: валасы яе заўсёды мелі патрэбу ў грэбені, рукі — у мыле, а чаравікі — у дратве. Аднак гэтае апісанне патрабуе маленькай папраўкі. Па нядзелях яна ў царкву ішла вычышчаная і прыгладжаная. Дзякуючы часткова ўласным намаганням і яшчэ больш дзпамозе Бідзі, але ўжо ні ў якім разе не бабуні містэра Вопсля, я асіліў азбуку, чапляючыся на кожным кроку і спатыкаючыся на кожнай літары. Затым я трапіў у пераробку да гэтых разбойнікаў, дзевяці лічбаў, якія, здавалася, усякі вечар знарок пераапраналіся ў новыя касцюмы, каб я не мог іх пазнаць. Але нарэшце я сяк-так, вобмацкам, пачаў чытаць, пісаць і крыху лічыць.

Аднойчы ўвечары я сядзеў у сваім кутку ля каміна, з грыфельнаю дошкаю на каленях і пускаў у ход усе намаганні, каб напісаць пісьмо да Джо. Я думаю, гэта было прынамсі праз год пясля нашай аблавы на балотах, таму што на дварэ зноў стаяла зіма, і было вельмі марозна. З дапамогаю азбукі, якая ляжала для справак на падлозе ля маіх ног, мне ўдалося гадзіны за дзве надрапаць друкаванымі літарамі наступнае пасланне:

«мІл моІ Жо СПодзяЮс ты зДароф. СподзяЮс шТо Хутк БуДу ВучыЦ ціБе Жо І ТаДа БуДу Твоі вучаНь ТОТА БуДзе Весіла Жо. ЛуБячы цібЕ піп».

Мне не было ніякай асаблівай патрэбы пісаць пісьма для зносін з Джо, таму што ён сядзеў побач са мною, і мы былі адны. Тым не менш, я перадаў яму сваё пасланне, і Джо прыняў яго як верх вучонасці.

— Паслухай, Піп, дружа мой! — усклікнуў ён, шырока раскрываючы свае блакітныя вочы. — Ты-ж сапраўдны вучоны! Хіба не праўда?

— Мне-б хацелася быць вучоным, — сказаў я, пазіраючы на грыфельную дошку ў яго руках, з некаторым сумненнем, бо мне пачынала здавацца, што мая пісаніна як быццам ужо занадта падобна на рад узгоркаў.

— Чаго-ж табе яшчэ трэба? Вось яно Ж, а вось і О — лепш і жадаць нельга! Ж ды О, Піп, і выйдзе Джо.

Жадаючы выкарыстаць гэты выпадак, каб высветліць, ці прыдзецца мне пры навучанні Джо пачынаць з самага пачатку, я сказаў яму:

— А ну, Джо, прачытай астатняе.

— Астатняе, Піп? — адазваўся Джо, павольна, з неўразуменнем разглядаючы дошку. — Раз, два, тры; тут тры Ж і тры О, значыцца і тры Джо. Хіба не так, Піп?

Я нагнуўся цераз яго плячо, і, водзячы пальцам па дошцы, прачытаў яму ўсё пісьмо.

— Дзіва ды годзе! — усклікнуў Джо, калі я скончыў. — Ды ты-ж сапраўдны вучоны!

— А як ты складаеш «Гарджэры», Джо? — запытаўся я ў яго скромна-апякунскім тонам.

— Ды я зусім не складаю, — адказаў Джо.

— Але дапусцім, што ты пачаў-бы складаць.

— Няма чаго і дапускаць; я ведаю, што не стаў-бы, хоць я страшэнна люблю чытаць.

— Праўда, Джо?

— Страшэнна. Дай мне добрую кнігу ці добрую газету, ды пасадзі мяне каля яркага агеньчыка, — лепшага мне і не трэба. Бог ты мой, — казаў далей ён, паціраючы калені як дойдзеш да Ж, а потым да О, дык і падумаеш: «А вось і Джо». Ну, хіба-ж гэта не цікава! Цяпер, Піп, калі ты возьмеш мяне ў навуку, я павінен сказаць табе наперад, што я вельмі тупы, страшэнна тупы. Толькі, Піп, памятай адно: місіс Джо не павінна аб гэтым ведаць. Мы будзем весці справу, так сказаць, цішком. А чаму цішком? Я табе зараз скажу, Піп.

Ён узяў у рукі качаргу; без яе, бадай, ці здолеў-бы ён весці далей сваё тлумачэнне.

— Твая сястра захапляецца кіраўніцтвам.

— Захапляецца кіраўніцтвам, Джо?

— Захапляецца кіраўніцтвам, — паўтарыў Джо. — Я хочу сказаць: любіць камандаваць табою і мною.

— А-а!

— Наўрад ці спадабаецца ёй, калі яе падданыя будуць вучоныя, — казаў далей Джо, — а ў асаблівасці, калі вучоны буду я; яна будзе ўвесь час баяцца, што я ўзбунтуюся. Разумееш?

Я збіраўся адказаць яму пытаннем і пачаў ужо: «А чаму…» Але Джо мяне перапыніў:

— Пачакай хвілінку! Я ведаю, Піп, што ты хочаш сказаць. Пачакай хвілінку. Я не спрачаюся: здараецца, што твая сястра налятае на нас, нібы ўраган. Не спрачаюся: часам гаркавата нам робіцца ад яе цяжкай рукі. Не спрачаюся: у тых выпадках, калі твая сястра раскіпяціцца, — тут Джо знізіў голас да шэпту і зірнуў на дзверы, — справядлівасць патрабуе сказаць, што яна бядовая.

Джо вымавіў гэтае слова з такім пачуццём, нібы яно пачыналася па меншай меры з дванаццаці Б.

— Чаму я не ўзбунтуюся? Гэта ты хацеў запытацца, калі я перапыніў цябе?

— Так, Джо.

— Бачыш, — сказаў Джо, пераклаўшы качаргу ў левую руку, каб праваю пагладзіць свае бакенбарды, — бачыш, Піп, твая сястра — надзвычайны розум.

— Што гэта значыць, Джо? — запытаўся я, спадзеючыся прыперці яго да сцяны, але Джо астаўся як нельга больш задаволены сваім азначэннем і канчаткова абяззброіў мяне, пераставіўшы словы ў сваім сказе:

— Надзвычайны розум твая сястра, — прычым пільна зірнуў мне ў вочы.

— А ў мяне няма надзвычайнага розуму, — казаў далей ён і, вярнуўшыся да сваіх бакенбардаў, перастаў глядзець на мяне. — А галоўнае і апошняе, Піп, стары дружа мой, я столькі наглядзеўся, як мая бедная маці працавала, не разгінаючы спіны і не знала спакойнай хвіліны за ўсё сваё жыццё, што цяпер я да смерці баюся пакрыўдзіць жанчыну, і хутчэй гатоў перасаліць у другі бок. Няхай ужо лепш мяне крыўдзяць, — так я думаю, Піп. Вядома, лепш было-б цярпець мне аднаму, я хацеў-бы, каб не было «шчакаталкі» для цябе, стары дружа, але не ўсё выходзіць так, як-бы нам жадалася, і я спадзяюся, што ты не будзеш звяртаць увагі на дробныя штуршкі.

Хоць і быў я яшчэ невялікім хлопчыкам, але з гэтага вечара пачаў яшчэ больш захапляцца маім Джо. Ён абыходзіўся са мною па-ранейшаму як з раўнёю, але пасля гэтай гутаркі, калі я глядзеў на яго ў спакойныя хвіліны і думаў аб ім, у мяне з‘яўлялася новае пачуццё — усведамленне, што ў глыбіні душы я лічу яго вышэй за сябе.

— Аднак, — сказаў Джо, устаючы, каб падкінуць вугалля, — гадзіннік ужо захрыпеў: зараз праб‘е восем, а яе ўсё няма! Спадзяюся, што кабыла дзядзі Пембльчука не пераламала сабе ног.

У базарныя дні місіс Джо ездзіла часам у горад з дзядзем Пембльчукам, каб дапамагчы яму ў розных гаспадарчых закупках, дзе патрабуецца жаночае вока. Дзядзя Пембльчук быў нежанаты і не давяраў сваёй служанцы. На гэты раз дзень быў базарны, і місіс Джо выправілася ў адну з такіх паездак.

Джо паправіў агонь, падмёў ачаг, і мы вышлі на ганак паслухаць, ці не едзе вазок. Ноч была сухая і халодная, дуў рэзкі вецер, і моцны мароз серабрыў зямлю.

— А вось і кабыла! — сказаў Джо. — Звініць капытамі, нібы званочак.

Яны пад‘ехалі, захутаныя да самых броваў. Місіс Джо вышла з вазка, містэр Пембльчук пайшоў за ёю, і мы ўсёю гурбою ўвайшлі ў кухню.

— Ну, — спяшліва распранаючыся, пачала місіс Джо, — калі цяпер гэты хлопчык не будзе ўдзячны, застаецца толькі махнуць на яго рукою. Застаецца спадзявацца, што яго не надта распесцяць. Я вельмі гэтага баюся.

— Не, яна не з такіх, мэм, — сказаў містэр Пембльчук. — Яна разумее рэчы.

Яна? Я паглядзеў на Джо, стараючыся запытацца, хто гэта «яна»? Джо паглядзеў на мяне, і яго губы і бровы таксама пыталіся «яна»? Сястра злавіла яго на гэтым занятку. Джо, як ён рабіў гэта заўсёды ў такіх выпадках, пацёр рукою пераносіцу і з самым прымірлівым выглядам паглядзеў на сястру.

— Ну, у чым справа? — агрызнулася па свайму звычаю сястра. — Што ты на мяне вочы вылупляеш? Дом гарыць, ці што?

— Здаецца, — заўважыў далікатна Джо, — здаецца, тут нехта сказаў: «яна»?

— Ну так, яна і ёсць «яна». Ці, па-твойму, міс Гевішам — «ён»? Спадзяюся, што нават і ты не скажаш такога глупства.

— Міс Гевішам — тая, што ў горадзе жыве? — запытаўся Джо.

— А хіба ёсць яшчэ другая міс Гевішам за горадам? — агрызнулася сястра. — Яна хоча, каб хлопчык прыходзіў да яе гуляць. Вядома, ён пойдзе, і няхай гуляе добра, а не дык я яго так апрацую, што толькі трымайся.

Я чуў пра міс Гевішам, што яна страшэнная багачка і жанчына панурага характару. Жыла яна ў вялізным панурым доме і вяла вельмі замкнёнае жыццё.

— Усё гэта вельмі добра. — заўважыў неўразуменна Джо. — Але адкуль яна ведае Піпа? — вось што мяне здзіўляе.

— Дурань! — прыкрыкнула на яго сястра. — Ды хто-ж гэта кажа, што яна яго ведае?

— Але, здаецца, — заўважыў зноў Джо з найвялікшай далікатнасцю, — хтосьці тут спамянуў, што яна хоча, каб ён прыходзіў да яе гуляць.

— А хіба не можа дзядзя Пембльчук быць яе арандатарам і часам заходзіць да яе, каб заплаціць арэндную плату. І хіба не магла яна пры гэтым запытаць дзядзю Пембльчука, ці не ведае ён якога-небудзь хлопчыка, які мог-бы прыходзіць да яе гуляць? І хіба не мог дзядзя Пембльчук сказаць на гэтага хлапчука, які стаіць тут і фанабэрыцца і якому я ўсё жыццё была дабравольнаю рабою.

— Добра сказана! — усклікнуў дзядзя Пембльчук. — Удала! У самы раз! Цяпер, Джозеф, ты ведаеш, у чым справа?

— Не, Джозеф, — падхапіла сястра тым-жа тонам глыбокага дакору, у той час як Джо неміласэрдна цёр сабе пераносіцу, — не, ты яшчэ не ведаеш, у чым справа. Ты яшчэ не ведаеш, наколькі блізка да сэрца прымае гэтую справу дзядзя Пембльчук. Разумеючы, што, можа, уся будучыня хлопчыка залежыць ад яго знаёмства з міс Гевішам, дзядзя хоча завезці яго сёння-ж у горад у сваім уласным экіпажы, дазволіць яму пераначаваць у сябе і заўтра раніцою ўласнаручна прадставіць яго міс Гевішам… Але, божа мой! — закрычала раптам сястра, з роспаччу кідаючы свой капялюш. — Я тут стаю і балбачу з гэтымі дурнямі, а дзядзя Пембльчук чакае, кабыла мерзне і хлапчук у гразі з галавы да ног!

З гэтымі словамі яна накінулася на мяне, як каршун на ягня, у адзін момант акунула мой твар у драўляную балею і пачала паліваць маю галаву халоднаю вадою; мяне мылілі і цёрлі, драпалі, штурхалі і скрэблі, пакуль я не страціў нарэшце ўсякую чуллівасць. Потым мяне апранулі ў страшэнна вузкае плацце і ўручылі містэру Пембльчуку, які прыняў мяне надзвычай афіцыяльна, як які-небудзь гарадскі галава, і пры гэтым сказаў прамову, якая ўжо даўно прасілася ў яго на язык:

— Хлопчык, будзь удзячны прыяцелям сваім, у асаблівасці-ж тым, якія вырасцілі цябе ўласнаручна.

— Бывай, Джо!

— Сцеражы цябе божа, Піп, стары дружа мой!

Я ніколі яшчэ не разлучаўся з Джо, і ўжо не ведаю, ці гэта слёзы, ці рэшткі мыльнай вады, толькі, седзячы ў каламажцы, я даволі доўга не мог разглядзець зорак, а між іншым яны мільгалі нада мною, не даючы ніякага адказу на тое, чаму я павінен хадзіць гуляць да міс Гевішам і ў што-ж, уласна, буду я там гуляць.


РАЗДЗЕЛ VII

Жыллё містэра Пембльчука знаходзілася на Вялікай вуліцы базарнага горада. Мяне прама адправілі спаць на гару пад самы дах, які ў тым месцы, дзе стаяў мой ложак, быў такі нізкі, што чарапіцы прыходзіліся не вышэй за фут над маёй галавою.

Раніцою мы з містэрам Пембльчукам паснедалі а восьмай гадзіне ў пакоі за-прылаўкам, пакуль яго прыказчык цешыўся сваім мутным чаем і лустаю хлеба з маслам, седзячы ў краме на мяшку з гарохам.

Калі прабіла дзесяць гадзін, мы накіраваліся да міс Гевішам і праз чвэрць гадзіны падышлі да яе дома. Гэта быў стары, змрочны будынак з мноствам жалезных засавак і балтоў. Некаторыя вокны былі пазабіваны, а з тых, якія асталіся непазабіванымі, усе ў ніжнім паверсе былі забяспечаны тоўстымі рашоткамі. Перад домам быў двор, таксама агароджаны рашоткаю, так што нам прышлося пазваніць і чакаць, каб адчынілі калітку. Чакаючы, я зазірнуў у двор і заўважыў, што з бакавога фасада да дома прылягала вялікая піваварня. У ёй, відаць, ужо даўно не працавалі.

Але вось у доме адчынілася акенца, і звонкі голас запытаў: «Хто прышоў?» На гэта мой кіраўнік адказаў: «Пембльчук», Голас сказаў: «Добра», акенца зачынілася, і на дварэ паказалася маладзенькая лэдзі з кнігаю ў руках.

— Вось Піп, — сказаў містэр Пембльчук, калі яна падышла да нас.

— Дык гэта Піп? — перапытала маладая лэдзі, якая была вельмі прыгожая і, як відаць, вельмі ганарлівая. — Уваходзь, Піп.

Містэр Пембльчук таксама хацеў увайсці, але яна зачыніла калітку перад яго носам.

— Хіба вы хацелі бачыць міс Гевішам? — запыталася яна.

— Так, калі міс Гевішам жадае бачыць мяне, — адказаў сканфужаны містэр Пембльчук.

— А! — сказала дзяўчынка. — Але, ці бачыце, яна зусім гэтага не жадае.

Гэта было выказана такім рашучым, не дапускаючым пярэчання тонам, што містэр Пембльчук, не гледзячы на сваю зняважаную годнасць, не пасмеў пратэставаць. Затое ён строга зірнуў на мяне, нібы я зрабіў яму якую-небудзь непрыемнасць, і адышоў з дакорлівым навучаннем:

— Хлопчык, старайся, каб твае паводзіны зрабілі чэсць тым, хто выгадаваў цябе ўласнаручна.

Мая маладзенькая правадніца зачыніла калітку, і мы пайшлі цераз двор. Ён быў выбрукаваны і вельмі чысты, аде праз кожную трэшчынку паміж каменняў прабівалася траўка. Будынкі піваварні злучаліся з дваром вузкім завулкам; драўляныя вароты гэтага завулка былі расчынены. Усё тут мела адбітак закінутасці і запусцення.

Дзяўчынка заўважыла, што я гляджу на піваварню, і сказала:

— Ці мог-бы ты без усякай шкоды выпіць усё піва, якое тут варыцца; як ты думаеш, хлопчык?

— Па-мойму, мог-бы — адказаў я сарамліва.

— Лепш і не прабаваць варыць тут піва: яно напэўна пракісне. Ці-ж не праўда, хлопчык?

— Здаецца, што так, міс.

— Ды ніхто і не прабуе, — дадала яна, — з гэтым раз назаўсёды скончана, і ўсё гэта будзе стаяць запушчаным, пакуль не разваліцца.

Не гледзячы на тое, што яна часта звала мяне хлопчыкам, сама яна была прыблізна ў адных гадах са мною. Вядома, яна здавалася куды старэйшай, таму што была дзяўчынка, да таго-ж вельмі прыгожая і самаўпэўненая. Са мною-ж яна абыходзілася так пагардліва, нібы ёй было па меншай меры дваццаць год. Мы ўвайшлі ў дом праз бакавыя дзверы, — вялікія парадныя былі забіты і закладзены двума папярочнымі ланцугамі. Перш за ўсё мне кінулася ў вочы, што карыдоры былі зусім цёмныя, і што мая спадарожніца пакінула запаленую свечку каля ўваходу. Цяпер яна ўзяла гэтую свечку, і мы пайшлі па карыдорах, потым падняліся па лесніцы, і ўсюды было цёмна, свяціла толькі свечка.

Нарэшце мы падышлі да нейкіх дзвярэй, і яна сказала мне:

— Уваходзь.

Я адказаў хутчэй з сарамлівасці, чым з прыстойнасці:

— Спачатку вы ўвайдзіце, міс.

— Не дурыся, хлопчык! Я туды не пайду.

Яна важна прайшла міма і — што яшчэ горш — панесла свечку з сабою.

Гэта было вельмі непрыемна. Мне стала амаль страшна. Аставалася адно: пастукаць у дзверы. У адказ на мой стук нехта загадаў мне ўвайсці. Я ўвайшоў і апынуўся ў даволі вялікім пакоі, ярка асветленым васкавымі свечкамі. Ніводнага променя дзённага святла не пранікала ў гэты пакой. Мяркуючы па мэбліроўцы, гэта быў будуар, хаця прызначэнне і форма многіх прадметаў былі мне ў той час зусім невядомы. Больш за ўсё звяртаў на сябе ўвагу задрапіраваны стол з вызалачаным люстрам, і я адразу здагадаўся, што гэта, як відаць, туалетны стол важнай пані.

У мяккім крэсле, абапёршыся адной рукою на стол і нахіліўшы галаву на гэтую руку, сядзела такая незвычайная істота, якой я ніколі не бачыў, ды наўрад ці і ўбачу калі-небудзь.

Яна была адзета вельмі багата — у атлас, карункі і шоўк, усё белага колеру. Чаравікі на ёй былі таксама белыя. З галавы яе апускалася доўгая белая фата, і ў валасах былі шлюбныя кветкі, але валасы былі зусім сівыя. Велізарныя брыльянты мігцелі ў яе на шыі і на руках і былі раскіданы на стале. Плацці, менш раскошныя, чым тое, што было на ёй, і напалову ўпакаваныя чамаданы бязладна валяліся па ўсім пакоі. Яна, відаць, не зусім яшчэ скончыла свой туалет: на ёй быў толькі адзін чаравік, другі ляжаў каля яе на стале; фата была прыколата толькі напалову, гадзіннік і ланцужок яшчэ не надзеты, карункі для ліфа разам з брыльянтамі, насавою хустачкай, пальчаткамі, кветкамі і маліцвеннікам ляжалі раскіданай кучай перад люстрам.

— Хто гэта? — запыталася дама, сядзеўшая каля стала.

— Піп, мэм.

— Піп?

— Хлопчык містэра Пембльчука, мэм, прышоў сюды гуляць.

— Падыйдзі бліжэй, дай мне зірнуць на цябе. Яшчэ, яшчэ бліжэй.

Цяпер я заўважыў, што яе кішэнны гадзіннік таксама, як і другі, што вісеў на сцяне, стаяў і паказваў дзевяць гадзін без дваццаці хвілін.

— Глянь на мяне, — сказала міс Гевішам. — Ты не баішся жанчыны, якая ні разу не бачыла сонца з таго часу, як ты нарадзіўся?

З жалем павінен прызнацца, што сказаў найвялікшую ману, адказаўшы: «не».

— Ці ведаеш ты, да чаго я дакранаюся? — запытала яна, паклаўшы рукі адна на адну і прыціскаючы іх да левага боку грудзей.

— Так, сударыня.

Пры гэтым я ўспомніў малойчыка.

— Што-ж гэта?

— Ваша сэрца.

— Разбітае!

Яна сказала гэтае слова з нейкім асаблівым націскам. Вочы яе блішчэлі, а на губах мільгала горкая ўсмешка, не пазбаўленая, між іншым, нейкага самаздаволення.

— Я стамілася, — сказала міс Гевішам. — Мне патрэбна забава, а з дарослымі людзьмі — мужчынамі і жанчынамі — я пакончыла. Гуляй. У мяне бываюць часам хваравітыя фантазіі, — гаварыла яна. — Цяпер у мяне з‘явілася фантазія, каб хто-небудзь гуляў пры мне. Ну, ну! — і яна нецярпліва замахала правай рукою. — Гуляй! Гуляй! Гуляй!

Я ўсё стаяў і глядзеў на міс Гавішам. Як відаць, мае паводзіны паказаліся ёй простай упартасцю, таму што пасля таго, як мы з ёю абмяняліся даволі доўгімі позіркамі, яна сказала:

— Ты ўпарты дзікун.

— Не, міс, мне шкада вас і шкада, што я не магу зараз гуляць. Калі вы на мяне паскардзіцеся, сястра пакарае мяне, і таму я з ахвотаю пачаў-бы гуляць, калі-б мог, але ўсё тут такое новае, дзіўнае, такое прыгожае або сумнае…

Яна адвяла вочы ад майго твара, агледзела сваё плацце, туалетны столік, зірнула на сябе ў люстра і прашаптала:

— Такое новае для яго і такое старое для мяне. Так дзіўна яму, так знаёма мне і так сумна для нас абодвух! Пакліч Эстэлу.

Стаяць у цемры незнаёмага карыдора і выкрыкваць «Эстэла», звяртаючыся да ганарлівай маладзенькай лэдзі, якая не паказваецца і не думае адклікацца, і адчуваць пры гэтым усю сваю дзёрзкасць, — было для мяне амаль што не лепш, чым гуляць па заказу. Але нарэшце яна адгукнулася, і свечка яе мільгнула як зорачка ў доўгім карыдоры.

Міс Гевішам дала знак падыйсці бліжэй, узяла са стала брыльянтавую брошку, прыклала яе да белай шыйкі дзяўчынкі, а потым да яе прыгожых чорных валасоў.

— Усе гэтыя брыльянты будуць твае, мая любая, і ты здолееш іх насіць. Пагуляй цяпер у карты з гэтым хлопчыкам.

— З гэтым хлопчыкам? Ды ён-жа просты вясковы хлапчук!

Як гэта ні дзіўна, але мне здалося, што міс Гевішам сказала:

— Але-ж ты можаш разбіць яго сэрца.

— У што ты ўмееш гуляць, хлопчык? — запытала мяне Эстэла тонам найвялікшай пагарды.

— Толькі ў дурні, міс.

— Вось і пакінь яго ў дурнях, — сказала міс Гевішам, і мы ўселіся за карты.

Тут толькі я пачаў разумець, што ў гэтым пакоі не толькі кішэнны і насценны гадзіннік, але і ўсё даўно спынілася. Я заўважыў, што міс Гевішам паклала брошку на тое самае месца, адкуль узяла яе. Пакуль Эстэла здавала карты, я паглядзеў на стол і ўбачыў, што чаравік, які ляжаў на ім, калісьці белы, а цяпер зусім жоўты, ніколі не надзяваўся. Я паглядзеў на левую нагу гаспадыні, на якой не было чаравіка, і ўбачыў, што шоўкавая, калісьці белая панчоха зусім пажоўкла і знасілася. Здавалася, што калі-б не было тут гэтага спынення ва ўсім, гэтай мёртвай нерухомасці прадметаў, якія пажоўклі ад часу і разбураюцца, тады-б і гэта пабляклае шлюбнае плацце на высахшым целе не напамінала да такой ступені савана, а фата — труннага покрыва.

— Гэты хлопчык заве валетаў хлапамі, — сказала з пагардаю Эстэла ў першую-ж гульню. — І якія ў яго грубыя рукі і тоўстыя боты!

Не памятаю, каб калі-небудзь раней я сароміўся сваіх рук, але цяпер яны здаліся мне вельмі непрывабнымі: яе пагарда да мяне была такая вялікая, што і самога мяне заразіла.

Яна выйграла, і я пачаў здаваць. Я зблытаўся, і яна назвала мяне дурным, касалапым вясковым хлапчуком.

— Ты нічога не сказаў аб ёй, — заўважыла мне міс Гевішам, зірнуўшы на нас. — Яна гаварыла табе шмат непрыемнасцей, а ты маўчыш. Што ты думаеш аб ёй?

— Мне не хочацца гаварыць, — прамармытаў я.

— Скажы мне на вуха, — прапанавала міс Гевішам, нахіляючыся да мяне.

— Я думаю, што яна вельмі ганарлівая, — прашаптаў я.

— А яшчэ?

— Што яна вельмі прыгожая.

— А яшчэ?

— Што яна любіць крыўдзіць.

— А яшчэ?

— Мне хочацца дадому.

— Як? І ніколі не бачыць яе больш, не гледзячы на тое, што яна такая прыгожая?

— Не ручаюся, што мне ніколі больш не захочацца бачыць яе, але цяпер мне хочацца дадому.

— Зараз пойдзеш, — сказала гучна міс Гевішам. — А цяпер канчай гульню.

Мы дакончылі гульню, і я астаўся дурнем. Эстэла кінула на стол карты, нібы пагарджала імі за тое, што яны пабывалі ў мяне ў руках.

— Калі-ж назначыць табе прыйсці? — сказала міс Гевішам. — Пачакай, дай мне падумаць.

Я напомніў ёй, што ў нас сёння серада, але яна зноў спыніла мяне нецярплівым рухам правай рукі.

— Добра, добра! Мне няма справы да таго, якія там у вас дні ў тыдні і якія тыдні ў годзе. Прыходзь праз шэсць дзён. Чуеш?

— Чую, міс.

— Эстэла, адвядзі яго. Дай яму паесці, і няхай ён, пакуль есць, паходзіць і агледзіцца. Ідзі, Піп.

Я сышоў уніз услед за свечкаю, як раней падняўся наверх за гэтай самай свечкаю, і Эстэла пакінула яе на ранейшым месцы. Яркі бляск дзённага святла ашаламіў мяне, і мне здалося, што я правёў некалькі гадзін у гэтым дзіўным пакоі, дзе днём гарэлі свечкі.

— Табе прыдзецца пачакаць тут, хлопчык, — сказала Эстэла і знікла, зачыніўшы за сабою дзверы.

Яна вярнулася з хлебам, ялавічынай і невялікім кубкам піва. Яна паставіла кубак на адну з каменных пліт, якімі быў выбрукаваны двор, і сунула мне хлеб з мясам, нават не зірнуўшы на мяне, як якому-небудзь сабачку. Я быў так зняважаны, што на вачах маіх навярнуліся слёзы. У гэтую хвіліну дзяўчынка зірнула на мяне, і на яе твары выразілася радасць ад усведамлення таго, што яна была прычынаю гэтых слёз. Гэта прымусіла мяне стрымацца і паглядзець ёй проста ў вочы. Яна пагардліва ўстрасянула галавою і пайшла прэч.

Але калі яна пайшла, я пачаў шукаць месца, каб дзе схавацца, зайшоў за адны з дзвярэй піваварні, прыпёрся рукою да сцяны, паклаў на яе галаву і заплакаў. Я плакаў, біў нагамі аб сцяну, рваў сябе за валасы; крыўда мая была такая горкая, боль, які я не ўмею назваць, такі востры, што я адчуваў непераможную патрэбу ўчыніць сабе які-небудзь знадворны фізічны боль, каб заглушыць крыўду.

Даўшы выхад сваім зняважаным пачуццям у горкіх слязах і ў шалёных ударах па сцяне піваварні, я выцер твар рукамі і вышаў з-за дзвярэй!

Хлеб і ялавічына былі вельмі смачныя, піва прыемна сагравала, і неўзабаве я меў магчымасць спакойна агледзецца вакол. Так, усё тут было закінута. Не было ні галубоў у галубятні, ні коней у канюшні, ні свіней у хляве, ні соладу ў свірне, а ў катлах і чанах нават не пахла півам і зернем. На сумежным дворыку валяліся цэлаю кучай парожнія бачонкі, кіслы пах напамінаў аб мінуўшых лепшых днях.

У самым далёкім канцы двара піваварні быў густы сад, абгароджаны сцяною, настолькі нізкаю, што я мог учапіцца за яе і, прыўзняўшыся на руках, зірнуць у сад. Я ўбачыў, што сад далучаўся да дому і ўвесь зарос быльнікам. У гэтую хвіліну паказалася Эстэла з ключамі, каб выпусціць мяне.

Праходзячы міма, яна кінула на мяне зларадны позірк, нібы радавалася, што рукі ў мяне заскарузлыя, а боты грубыя, і, адчыніўшы калітку, чакала, каб я прайшоў. Я прайшоў, не гледзячы на яе. Раптам яна тузанула мяне за рукаў.

— Чаму-ж ты не плачаш?

— Таму, што не хочу.

— Не, хочаш. Ты плакаў так, што ледзь не аслеп, і цяпер яшчэ амаль плачаш.

Яна пагардліва засмяялася, выштурхнула мяне на вуліцу і замкнула за мною калітку. Я пайшоў проста да містэра Пембльчука і вельмі ўзрадаваўся, не застаўшы яго дома. Я сказаў прыказчыку, калі мне назначана з‘явіцца да міс Гевішам, і пайшоў за чатыры мілі да нашай кузні, абмяркоўваючы па дарозе ўсё бачанае і глыбока засмучоны тым, што я просты вясковы хлапчук, што рукі ў мяне заскарузлыя, боты грубыя, што ў мяне ганебная прывычка называць валетаў хлапамі, што я куды большы невук, чым лічыў сябе яшчэ ўчора ўвечары, і што наогул я праводжу жыццё ў такім нізкім грамадстве.


РАЗДЗЕЛ VIII

Калі я прышоў дадому, сястры было вельмі цікава даведацца пра міс Гевішам, і яна засыпала мяне пытаннямі. Скончылася тым, што я атрымаў добра ў каршэнь і ткнуўся тварам у сцяну толькі за тое, што недастаткова падрабязна адказваў на гэтыя пытанні.

Я быў упэўнены, што калі я апішу міс Гевішам такою, якою яе бачылі мае вочы, мяне не зразумеюць. Нейкае ўнутранае пачўццё гаварыла мне, што з майго боку было-б нядобра і вераломна рысаваць яе (не кажу ўжо пра Эстэлу) перад дапытлівымі вачыма місіс Джо такою, якою яна была ў сапраўднасці. У выніку гэтага я адказваў па магчымасці коратка, лічачы за лепшае атрымліваць у каршэнь і тыкацца тварам у кухонную сцяну.

Горш за ўсё было тое, што нязносны Пембльчук, апанаваны непераможнай цікаўнасцю выведаць усё, што я бачыў і чуў, прыехаў у сваім вазку якраз к чаю, жадаючы атрымаць ад мяне падрабязную справаздачу. Адзін выгляд гэтага тырана з яго рыб‘імі вачыма, разяўленым ротам і пытальна тырчэўшымі белабрысымі валасамі прымусіў мяне быць яшчэ больш упартым у сваёй скрытнасці.

— Ну, хлапчанё, — пачаў дзядзька Пембльчук, як толькі яго пасадзілі на пачэснае крэсла каля агню, — як ты правёў час у горадзе?

— Нішто сабе, сэр, — адказаў я, прычым сястра паказала мне кулак.

— Нішто сабе? — паўтарыў містэр Пембльчук. — Нішто сабе — не адказ. Скажы нам, што ты разумееш пад тваім «нішто сабе?»

Падумаўшы з хвіліну, я адказаў, нібы выказваў незвычайную новую думку:

— Я і разумею: нішто сабе.

У сястры вырваўся нецярплівы ўсклік, і яна ўжо збіралася накінуцца на мяне, але містэр Пембльчук спыніў яе, сказаўшы:

— Не псуйце сабе настрою, мэм, і пакіньце ў маім распараджэнні хлопчыка. Пакіньце яго ў маім распараджэнні.

Затым ён павярнуў мяне да сябе, нібы збіраўся стрыгчы, і сказаў:

— Ну, хлапчанё, скажы нам, якая на выгляд міс Гевішам?

— Вельмі высокая і смуглявая, — адказаў я.

— Праўда, дзядзя? — запыталася сястра.

Містэр Пембльчук кіўнуў галавою, з чаго я зрабіў вывад, што ён ніколі не бачыў міс Гевішам, таму што яна была і не высокая, і не смуглявая.

— Добра! — праказаў з гордасцю містэр Пембльчук. — Вось як трэба брацца за справу. Цяпер ён ад нас не адкруціцца. Ці-ж не праўда, мэм?

— Я ведаю толькі адно, — адказала місіс Джо: — я хацела-б, каб ён заўсёды быў пры вас. Вы так умееце абыходзіцца з ім.

— Ну, хлопчык, што-ж яна рабіла, калі ты прышоў? — запытаўся містэр Пембльчук.

— Сядзела ў чорнай аксамітнай карэце, — адказаў я.

Містэр Пембльчук і місіс Джо здзіўлена пераглянуліся — што было зусім натуральна — і абодва паўтарылі:

— У чорнай аксамітнай карэце?

— Так, — сказаў я, — а міс Эстэла, — здаецца, яна яе пляменніца, — падавала ёй у карэту пірожнае і віно на залатым падносе. І ўсім нам далі пірожнага і віна на залатых падносах, і я пайшоў есці на запяткі, — яна так загадала.

— Ці быў там яшчэ хто? — запытаўся містэр Пембльчук.

— Толькі чатыры сабакі, — адказаў я.

— Вялікія ці маленькія?

— Вялізныя, — і яны грызліся з-за цялячых катлет, а катлеты былі ў срэбраным кошыку.

Містэр Пембльчук і місіс Джо зноў пераглянуліся ў поўным неўразуменні. На мяне напала нейкае вар‘яцтва; я быў падобен на сведку ў судзе, які махнуў рукою на ўсё і гатоў хлусіць усё, што хочаш, хоць-бы нават яго катавалі.

— Божа мой, дзе-ж была карэта? — запыталася сястра.

— У пакоі міс Гевішам.

Яны зноў утаропілі на мяне вочы.

— Але без коней, — дадаў я для праўдападобнасці, хоць за хвіліну перад тым збіраўся запрэгчы ў карэту чацвёрку раскошна ўбраных коней.

— Ды хіба гэта магчыма, дзядзя? — запыталася місіс Джо. — Што хоча хлопчык гэтым сказаць?

— Я растлумачу вам, мэм, — сказаў містэр Пембльчук. — Я думаю, што гэта партшэз. Яна, бачыце, крыху не ў розуме, нават і вельмі не ў розуме, ва ўсякім выпадку зусім даволі для таго, каб знаходзіцца цэлыя дні ў партшэзе.

— Бачылі вы яе калі-небудзь у партшэзе, дзядзя? — запыталася місіс Джо.

— Як-жа я мог яе бачыць у партшэзе, — запярэчыў містэр Пембльчук, вымушаны нарэшце сазнацца. — Я-ж ніколі не бачыў яе, ні разу, ні адным вокам не зірнуў на яе.

— Божа літасцівы! Як-жа вы з ёю гаварылі?

— Ды так-жа і гаварыў, — адказаў з прыкрасцю містэр Пембльчук. — Калі я быў там, мяне падвялі да дзвярэй, дзверы былі прыадчынены, такім манерам мы і перагаварваліся. Але справа не ў тым: хлопчык-жа ходзіць туды гуляць. У што-ж вы гулялі, хлапчына?

— У флагі, — адказаў я.

— У флагі? — паўтарыла сястра.

— Так. Эстэла махала блакітным сцягам, я — чырвоным, а міс Гевішам махала з акна сваёй карэты срэбраным з залатымі зорачкамі. А потым мы ўсе махалі шаблямі і крычалі ура.

— Шаблямі? — нібы рэха паўтарыла сястра. — Ды адкуль-жа вы дасталі шаблі?

— З шафы, — сказаў я. — І я бачыў у ёй яшчэ пісталеты, варэнне і пілюлі. Акяніцы ў пакоі былі зачынены і гарэлі свечкі.

— Гэта праўда, мэм, — пацвердзіў містэр Пембльчук, важна кіўнуўшы галавою. — Безумоўна праўда — гэта я сам бачыў.

І абодва ўтаропілі на мяне вочы, я-ж з выглядам найшчырэйшай нявіннасці таксама пазіраў на іх, разгладжваючы рукою штаны на правым калене.

Увага іх была яшчэ цалкам паглынута маім расказам, калі Джо, скончыўшы сваю работу, прышоў піць чай. Хутчэй для таго, каб аблягчыць сваю душу, чым для таго, каб парадаваць яго, сястра паспяшалася пераказаць яму ўсе мае выдуманыя прыгоды.

Толькі цяпер, калі я ўбачыў, як Джо, шырока раскрыўшы свае блакітныя вочы, у нямым здзіўленні абводзіў імі кухню, я адчуў раскаянне. Мне стала сорамна перад ім, але толькі перад ім, а не перад астатнімі.

Калі містэр Пембльчук паехаў, сястра ўзялася за мыццё, а я прабраўся ў кузню да Джо і сядзеў там моўчкі, пакуль ён не скончыў работы.

Калі ён скончыў, я сказаў яму:

— Пакуль ты не загасіў агню, Джо, мне-б хацелася сказаць табе адну рэч.

— Сапраўды? — запытаўся Джо, падсоўваючы сваю табурэтку бліжэй да гарна. Ну, кажы. У чым справа, Піп?

— Джо, ты памятаеш усё, што я расказваў пра міс Гевішам?

— А як-жа не памятаць! — адказаў Джо. — Я веру табе. Проста цуды!

— Як ні жахліва, Джо, але гэта няпраўда.

— Што ты кажаш, Піп! — усклікнуў Джо, адхіснуўшыся ў найвялікшым здзіўленні. — Няўжо ты хочаш сказаць, што?..

— Так, Джо, усё гэта мана.

— Не можа быць, каб усё, Піп! Не будзеш-жа ты, спадзяюся, запэўняць, што там не было чорнай аксамітнай кар… (апошняе слова ён праглынуў, таму што я адмоўна паківаў галавою). Але прынамсі сабакі там былі, Піп? Слухай, Піп, — дадаў ён пераканаўча: — ну, дапусцім, што не было цялячых катлет, але-ж сабакі ўсё-ж такі былі?

— Не, Джо.

— Ну, хоць адзін? Хоць шчаня? Успомні, Піп.

— Не, Джо, там не было нічога падобнага.

Я безнадзейна глядзеў на Джо, а Джо збянтэжана глядзеў на мяне.

— Піп, дружа мой! Гэта нядобра, галубочак! Да чаго-ж ты так дойдзеш?

— Гэта жахліва, Джо, праўда?

— Жахліва! — усклікнуў Джо. — Страшна падумаць! Што гэта на цябе найшло?

— Не ведаю, што на мяне найшло, Джо, — адказаў я, выпускаючы яго рукаў, і ўсеўся каля яго ног, апусціўшы галаву, — але мне хацелася-б, каб ты не вучыў мяне зваць валетаў хлапамі, каб боты не былі такія грубыя, а рукі такія заскарузлыя.

Потым я сказаў Джо, што адчуваю сябе вельмі няшчасным, што я не мог расказаць усяго місіс Джо і Пембльчуку, таму што яны вельмі строгія да мяне; што ў міс Гевішам была прыгожая маладая лэдзі, вельмі гордая, і што яна назвала мяне простым, звычайным хлапчуком, і што я сам гэта адчуваю і хацеў-бы не быць такім звычайным, і што адсюль і пайшла уся гэтая хлусня, сам не ведаю як.

— Ёсць адна рэч, у якой ты можаш быць упэўнены, Піп, — сказаў Джо пасля некалькіх хвілін раздумвання, — а іменна, што хлусня ёсць хлусня. Ніколі не хлусі, Піп! Гэта дрэнны шлях стаць незвычайным, дружа мой. Ды і чаму ты такі ўжо звычайны, я, дапраўды, не разумею. У некаторых рэчах ты нават зусім незвычайны. Ты, напрыклад, незвычайна малы, потым ты незвычайна вучоны.

— Не, Джо, я невук, я ва ўсім адстаў.

— Глупства! Зірні, якое пісьмо ты ўчора накатаў, ды яшчэ па-друкаванаму. Я бачыў пісьмы на сваім вяку — джэнтльменскія! — і магу пабажыцца: далёка ім да друкаванага.

— Я амаль нічаму не вучыўся, Джо. Ты надта добрай аба мне думкі, вось і ўсё.

— Ну, добра, няхай так, — сказаў Джо, — але так ці не, ва ўсякім выпадку для таго, каб стаць незвычайным, трэба перш быць звычайным, спадзяюся.

У гэтым мудрым разважанні таіўся прамень надзеі, і яна падбадзёрыла мяне.

— Ці не лепш, — казаў далей задуменна Джо, — ці не лепш для людзей звычайных па званню і па дастатку мець знаёмства з такімі-ж звычайнымі людзьмі, а не хадзіць гуляць з незвычайнымі?.. Дарэчы, спадзяюся, флагі былі там?

— Не, Джо.

— Шкада, што не было флагаў… Лепш гэта было-б ці горш, цяпер позна ўжо вырашаць, — сястра твая разваюецца, а да гэтага не трэба дапускаць, ва ўсякім выпадку не трэба выклікаць гэтага. Слухай-жа, Піп, што табе скажа твой шчыры друг. Вось што скажа табе твой шчыры друг. Калі ты не можаш стаць незвычайным прамой дарогаю, дык не дабрацца табе да гэтага і крывым шляхам. А таму, Піп, ніколі больш не хлусі, жыві сумленна, сумленна і памрэш.

— Ты не злуеш на мяне, Джо?

— Не, дружа мой. Але, прымаючы пад увагу, які гэта быў страшэнна смелы жарт, — я кажу пра сабачую грызню і цялячыя катлеты, — я параіў-бы табе, як шчыры прыяцель, калі ты ляжаш у пасцель, падумаць аб гэтым. Вось і ўсё, стары дружа, не рабі гэтага больш, і справа скончана.

Калі я прышоў у свой маленькі пакойчык, я не забыў парады Джо; але юнацкі розум быў так няўдзячна настроены, што, лежачы ў пасцелі, я доўга яшчэ думаў аб тым, якім звычайным паказаўся-б Эстэле Джо, просты каваль, якімі заскарузлымі знайшла-б яна яго рукі і якімі грубымі яго боты. Я думаў аб тым, што Джо і мая сястра сядзяць цяпер на кухні, і аб тым, што і сам я прышоў сюды з кухні, а міс Гевішам і Эстэла ніколі не сядзяць на кухні і палічылі-б гэта за знявагу для сябе. Я заснуў, прыпамінаючы ўсё, што зрабіў у міс Гевішам, і мне здавалася, што я прабыў там цэлыя тыдні і месяцы, а не якіх-небудзь дзве-тры гадзіны, і што гэта быў прывычны, стары ўспамін, а не здарэнне, якое толькі што адбылося.


РАЗДЗЕЛ IX

У адну прыгожую раніцу, праз дні два, мне прышла ў галаву шчаслівая думка: я рашыў, што найлепшы для мяне сродак стаць незвычайным — гэта пастарацца пераняць ад Бідзі ўсё, што яна ведала сама. Праследуючы гэтую бліскучую ідэю, я ў той-жа вечар, як толькі прышоў да бабуні містэра Вопсля, сказаў Бідзі, што па асаблівых прычынах я жадаю адзначыцца ў свеце і буду ёй вельмі ўдзячны, калі яна падзеліцца са мною сваімі ведамі. Бідзі, асоба надзвычай спагадлівая, зараз-жа згадзілася і, не адкладаючы ні хвіліны, прыступіла да выканання свайго абяцання.

Праграма вучэбных заняткаў у бабуні містэра Вопсля можа быць апісана ў нямногіх словах. Вучні елі яблыкі і тыкалі адзін аднаму за шыю саломінкі, пакуль бабуня містэра Вопсля не пачынала сцябаць усіх без разбору бярозавым прутам. Атрымаўшы гэтую ўзнагароду з відавочнай насмешкай, вучні выстрайваліся ў лінію і з шумам перадавалі з рук у рукі абшарпаную кніжку. У кніжцы былі: азбука, табліца множання і склады, гэта значыць некалі былі. Як толькі кніжка пачынала хадзіць па руках, на бабуню містэра Вопсля находзіла аслупяненне: але ці быў гэта проста сон ці прыпадак рэўматызма, для нас аставалася загадкаю. Тады вучні пачыналі параўноўваць, чые боты маглі больш моцна адціснуць пальцы суседу. Гэта разумовае практыкаванне працягвалася да таго часу, пакуль не ўбягала Бідзі з трыма бібліямі. Бідзі называла цыфру старонкі, і мы пачыналі чытаць уголас усе разам, як умелі, або, вярней, як папала, так што выходзіў самы жахлівы гармідар. Пасля некалькіх хвілін аглушальнага гвалту бабуня містэра Вопсля прачыналася, накідвалася на першага трапіўшага пад рукі хлопчыка і круціла яму вушы. Гэта было знакам, што вячэрнія класы скончаны, і мы вопрамеццю выляталі на вуліцу, адзначаючы ачмурэлым гамам перамогу розуму і навукі.

Я разумеў, што пры такіх акалічнасцях не скора трапіш у незвычайныя людзі, тым не менш я адважыўся папрабаваць, і ў той-жа вечар Бідзі прыступіла да выканання нашага дагавору, паведаміўшы мне некаторыя звесткі са свайго прэйскуранта наконт цукровага пяску і ўручыўшы мне для капіравання дома старадаўнюю, фігурную літару Д, якую яна зрысавала з загалоўка газеты і якую я палічыў спачатку за малюнак пражкі.

Зразумела, у нашай вёсцы быў шынок і, зразумела, Джо любіў часам выкурыць там люльку. У гэты вечар я атрымаў ад сястры найстражэйшы загад: ідучы назад са школы, зайсці па Джо да «Трох Вясёлых Грабцоў» і даставіць яго дадому, што-б там ні сталася. Вось чаму я і накіраваўся да «Трох Вясёлых Грабцоў».

Я прайшоў у агульны пакой у канцы карыдора, дзе гарэў яркі агонь і дзе Джо пакурваў сваю люльку ў кампаніі містэра Вопсля і нейкага незнаёмца. Джо, як і заўсёды, сустрэў мяне радасным: «А, Піп! стары дружа!» і ў тую-ж секунду незнаёмец павярнуўся і зірнуў на мяне.

У гэтага чалавека быў таямнічы выгляд, і я ніколі не бачыў яго раней. Галава ў яго была зусім на бок, і адно вока напалову прыплюшчана, нібы ён нацэльваўся ў нешта з нябачнай стрэльбы. Ён дастаў з рота люльку, павольна выпусціў дым і, пільна гледзячы на мяне, кіўнуў мне галавою. Я адказаў тым-жа і сеў на процілеглай лаўцы разам з Джо. Незнаёмец паглядзеў на Джо і, заўважыўшы, што той не звяртае на яго ўвагі, кіўнуў мне яшчэ раз і пацёр сваю нагу вельмі дзіўным спосабам, прынамсі так мне здалося.

— Дык вы кажаце, — сказаў незнаёмец, звяртаючыся да Джо, — што вы каваль?

— Так, — адказаў Джо.

— Ці не жадаеце чаго-небудзь выпіць, містэр Гарджэры? На мой кошт, вядома. Я хацеў-бы з вамі чокнуцца.

— Сказаць вам па праўдзе, — адказаў на гэта Джо, — у мяне звычай заўсёды піць на свой уласны кошт.

— Звычай? Кіньце, — запярэчыў незнаёмец. — Скажыце лепш, што вы больш уважаеце, містэр Гарджэры?

— Хіба толькі за кампанію… Так і быць — рому.

— Я таксама за ром, — сказаў містэр Вопсль.

— Рому на траіх! — гукнуў незнаёмец гаспадару.

— Я не ведаю гэтай мясцовасці, — казаў ён далей, — але мне здаецца, што аж да самай ракі тут зусім пустынна.

— Большая частка балот сапраўды пустынная, — адказаў Джо.

— Так, так. А што, сустракаюцца там цыганы, брадзягі або якія-небудзь беглыя?

— Не, хіба калі-нікалі зойдзе беглы катаржны. Ды і то не лёгка натрапіць на яго.

— Мусіць, вам здаралася лавіць гэтых паноў? — запытаўся незнаёмец.

— Аднаго разу была справа, — адказаў Джо. Не то, каб нам абавязкова хацелася іх злавіць, разумееце, але мы пайшлі, як гледачы: я і Піп. Памятаеш, Піп?

— Памятаю.

Незнаёмец зноў зірнуў на мяне, прыжмурыўшы вока, нібы абраў мяне мішэнню для сваёй нябачнай стрэльбы, і сказаў:

— Гэты паджары хлопчык, здаецца, вельмі жвавы. Як вы яго назвалі?

— Піпам, — сказаў Джо.

— Гэта яго хроснае імя?

— Не, мянушка.

Увесь час незнаёмец пазіраў на мяне з такім выглядам, як быццам адважыўся нарэшце выстраліць і забіць мяне напавал. Але больш ён не вымавіў ні слова да таго часу, пакуль не прынеслі кубкі з ромам і вадою; тут ён зноў зрабіў свой стрэл і прытым вельмі ўжо незвычайным чынам.

Гэта не была якая-небудзь слоўная заўвага, з нямая пантаміма, хітра звернутая выключна да мяне. Ён размешваў свой ром не лыжкаю, якую яму падалі, а падпілкам.

Ён рабіў гэта так, што ніхто, апрача мяне, не бачыў падпілка, і, скончыўшы мяшаць, выцер яго і паклаў у бакавую кішэню. Я пазнаў падпілак Джо і зараз-жа здагадаўся, што незнаёмец ведае майго катаржніка. Я глядзеў на яго, нібы зачараваны, але цяпер ён ужо не звяртаў на мяне ўвагі і, разваліўшыся на лаўцы самым спакойным чынам гутарыў пра раку. Нарэшце Джо ўстаў, каб ісці, і ўзяў мяне за руку.

— Пачакайце хвіліначку, містэр Гарджэры, — сказаў незнаёмец.

— У мяне тут недзе ў кішэні ёсць новенькі шылінг; я хочу падарыць яго хлопчыку.

Ён адшукаў шылінг у прыгаршчах дробнай манеты, загарнуў яго ў нейкую памятую паперку і падаў мне.

— Гэта тваё, — сказаў ён. — Памятай, тваё ўласнае.

Я падзякаваў, вылупіўшы на яго вочы, наперакор усякім правілам прыстойнасці, і моцна прыціскаючыся да Джо. Ён пажадаў добрай ночы Джо і падміргнуў мне сваім страляючым вокам, гэта значыць не падміргнуў, а моцна зажмурыўся, але якіх толькі цудаў нельга выразіць вокам, зажмурваючы яго!

Калі мы з‘явіліся ў кухні, сястра была не ў асабліва дрэнным настроі, і гэтая акалічнасць надала Джо смеласці расказаць ёй зараз жа пра атрыманы мною шылінг.

— Фальшывы, напэўна фальшывы, — заўважыла місіс Джо самаўпэўченым тонам, — інакш ён не даў-бы яго хлопчыку. Пакажы-ка.

Я выняў шылінг з паперкі, і ён аказаўся сапраўдным.

— А гэта што? — сказала місіс Джо, кідаючы шылінг і хапаючыся за паперку. — Два фунтовых білеты!

Так, гэта былі дзве зашмальцаваныя асігнацыі, па фунту стэрлінгаў кожная. Джо схапіў свой капялюш і пабег да «Вясёлых Грабцоў», каб вярнуць грошы іх уласніку. Пакуль ён хадзіў, я сядзеў на сваім заўсёдным месцы, у кутку, і бяссэнсна глядзеў на сястру, з поўнай упэўненасцю, што таго чалавека ўжо не застануць у шынку.

Сапраўды, Джо хутка вярнуўся і сказаў, што незнаёмец пайшоў, але што ён, Джо, абвясціў аб гэтых білетах у «Трох Вясёлых Грабцах».

Тады сястра завярнула іх у паперку, запячатала і паклала пад сушанае ружовае лісце ў чайніцу, якая служыла ўпрыгожаннем каміна ў парадным гасціным пакоі. Тут яны ляжалі шмат дзён і начэй, праследуючы мяне як кашмар.


РАЗДЗЕЛ X

У назначаны дзень я накіраваўся да міс Гевішам, і на мой нясмелы званок ля каліткі з‘явілася Эстэла. Упусціўшы мяне, яна замкнула калітку і, як і ў першы раз, павяла мяне ў цёмны карыдор, дзе стаяла свечка. Яна ўзяла свечку ў руку, зірнула на мяне цераз плячо, і сказала са звычайнай ганарыстасцю: «Сёння ты пойдзеш сюды» і павяла мяне ў друрую частку дома.

Карыдор быў вельмі доўгі і, відаць, агібаў увесь ніжні паверх дома, але мы прайшлі ўсяго адзін бок квадрата, і тут Эстэла адчыніла нейкія дзверы. Паказалася зноў дзённае святло, і я апынуўся на маленькім выбрукаваным дворыку, які сваім процілеглым бокам прылягаў да стаяўшага асабняком жылога дома. Мы ўвайшлі ў гэты дом праз адчыненыя дзверы і апынуліся ў змрочным нізкім пакоі.

У пакоі былі тры дамы і адзін джэнтльмен.

Усе яны мелі нейкі безнадзейна сумны выгляд, нібы чакалі, каб хто-небудзь іх развесяліў, і нават самая балбатлівая з дам вымушана была гаварыць, сціскаючы губы, каб стрымаць пазяханне. Гэтая дама (яе звалі Каміла) вельмі нагадвала мне маю сястру, з той толькі розніцай, што яна была старэйшая, і рысы яе твара былі грубейшыя.

— Небарака! — сказала гэтая дама такім-жа рэзкім тонам, якім звычайна гаварыла і мая сястра. — Сам сабе вораг!

— Вядома, куды больш пахвальна быць ворагам каго-небудзь іншага, — сказаў джэнтльмен, па крайняй меры больш натуральна.

— Кузен Раймонд, — заўважыла другая дама, — мы павінны любіць бліжняга.

— Сара Покет, — запярэчыў кузен Раймонд, — хто-ж бліжэй чалавеку, як не ён сам?

Міс Покет засмяялася, і Каміла засмяялася і, стрымліваючы пазяханне, сказала: «Вось ідэя!» Але мне здалося, што гэтая «ідэя» вельмі ім спадабалася. Трэцяя дама, якая да таго часу маўчала, выразна заўважыла: «Зусім правільна».

— Небарака! — пачала зноў Каміла (я адчуваў увесь гэты час, што яны глядзелі на мяне). — Ён такі дзіўны. Ну хто паверыць, што калі памерла жонка Тома, яго нельга было пераканаць, што дзецям неабходна насіць шырокія плерэзы? «Божа мой», казаў ён, «навошта плерэзы, Каміла? Бедныя сіроткі і так у чорным!» Як гэта падобна на Мац‘ю! Такая дзікая ідэя!

— У ім ёсць добрыя рысы, дапраўды ёсць, — сказаў кузен Раймонд. — Але ў яго ніколі не было і ніколі не будзе ніякага разумення аб прыстойнасці.

Гук далёкага званочка і нейчы крык ці покліч, які пранёсся рэхам па ўсяму карыдору, перапынілі гутарку, і Эстэла сказала мне: «Пойдзем, хлопчык». Калі я павярнуўся, каб ісці, усе яны зірнулі на мяне з найвялікшаю пагардаю, і, адыходзячы, я чуў, як Сара Покет сказала: «Чаго-ж яшчэ чакаць пасля гэтага?», а Каміла далучыла з абурэннем: «Бачылі такую фантазію? Вось ідэя!»

Мы ішлі са свечкаю па цёмнаму карыдору. Раптам Эстэла спынілася і, рэзка павярнуўшыся, так што амаль дакранулася да майго твара, сказала сваім кплівым тонам:

— Ну!

— У чым справа, міс? — запытаў я, ледзь стрымліваючыся, каб не ўпасці на яе.

Яна глядзела на мяне, і я, вядома, таксама глядзеў на яе.

— Прыгожая я?

— Так, мне здаецца, што вы вельмі прыгожы.

— І дзёрзкая?

— Не так, як у мінулы раз, — сказаў я.

— Не так?

— Але.

Пры апошнім пытанні яна зачырванелася і, калі я адказаў, з усёй сілы ўдарыла мяне па твару.

— Вось табе, мужык, урода! Ну, а цяпер што ты думаеш пра мяне?

— Не скажу.

— Таму, што скажаш там, наверсе?

— Не, не таму.

— Чаму ты цяпер не плачаш, агідны хлапчук?

— Таму, што я ўжо ніколі не буду больш плакаць з-за вас.

Гэтая заява была найвялікшай маною, якую я калі-небудзь гаварыў, таму што нават і тады сэрца маё аблівалася слязмі, і адзін я ведаю, колькі слёз я праліў з-за яе потым.

Пасля гэтага мы пачалі падымацца па лесніцы і тут сустрэлі пана, які сходзіў вобмацкам уніз.

— Хто гэта з вамі? — запытаўся ён, спыняючыся і ўзіраючыся ў мяне.

— Хлопчык, — адказала Эстэла.

Ён быў рослы, вельмі смуглы чалавек з незвычайна вялікай галавой і такімі-ж рукамі. Ён узяў мяне шырокаю рукою за падбародак і прыўзняў мой твар, каб лепш разглядзець яго пры святле свечкі. На цемені ў яго была вялікая лысіна, а густыя чорныя бровы тырчалі шчацінаю. Вочы сядзелі вельмі глыбока і мелі вельмі непрыемны, востры і падазроны позірк. Ён быў мне зусім чужы, і я не мог прадбачыць, што з часам ён будзе адыгрываць ролю ў маім жыцці, а я тады-ж добра яго разгледзеў.

Ён выпусціў мой падбародак і пайшоў уніз. Я падумаў, ці не доктар ён; але не, у дактароў больш спакойная і паважная манера. Мне не было калі разважаць над гэтым, таму што мы скора прышлі ў пакой міс Гевішам, дзе і сама яна і ўсё астатняе было зусім у тым-жа выглядзе, у якім я іх пакінуў. Эстэла паставіла мяне каля дзвярэй, і я стаяў, пакуль міс Гевішам не падняла на мяне вачэй з-за свайго туалетнага століка.

— Так! — сказала яна без усякай адзнакі спалоху ці здзіўлення. — Дні ідуць, так?

— Так, мэм. Сёння…

— Не, не, не, — загаварыла яна шпарка і нецярпліва замахала рукою. — Я нічога не хачу ведаць. Ты маеш настрой гуляць?

Я з некаторым замяшаннем адказаў:

— Не вельмі, мэм!

— Ну, а ў карты? — загаварыла яна ліслівым тонам.

— Добра, мэм, у карты я магу, калі загадаеце.

— Калі гэты дом, хлопчык, робіць цябе старым і сумным, — казла далей нецярпліва міс Гевішам, — і табе не хочацца гуляць, дык, можа, ты жадаў-бы папрацаваць?

На гэтае пытанне я мог адказаць шчыра і сказаў, што ахвотна папрацую.

— Дык ідзі вось у той пакой, — сказала яна, паказваючы сваёю высахшаю рукою на дзверы ззаду ў мяне, — і пачакай там, пакуль я прыду.

Я перайшоў пляцоўку лесніцы і ўвайшоў у паказаны пакой. Тут таксама не было дзённага святла, і паветра было ўдушлівае і затхлае. Пакой быў вялікі і, як відаць, калі-небудзь быў вельмі прыгожы, але цяпер усё ў ім састарэла амаль да поўнага разбурэння і было пакрыта пылам і плесняю. Больш за ўсё кідаўся ў вочы доўгі стол, накрыты абрусам, нібы ў доме рыхтаваўся баль ў той час, калі і гадзіннік і ўсё тут спынілася. Пасярод абруса ўзвышалася нешта падобнае на велізарны чорны грыб, так густа зацягнуты павуціннем, што цяжка было пазнаць яго форму; я заўважыў толькі, як пузатыя павукі са стракатымі нагамі мітусліва ўбягалі і выбягалі з яго, нібы ў іх маленькай абшчыне адбылося здарэнне незвычайнай важнасці.

Чуваць было таксама, як мышы скрабуцца за панелямі, як быццам тое здарэнне, што ўстрывожыла павукоў, закранала і іх інтарэсы. Адны толькі тараканы не звярталі ўвагі на ўсю гэтую беганіну і поўзалі па каміну цяжкай старэчай хадою; як відаць, яны былі блізарукія, глухаватыя і не ладзілі паміж сабою.

Усё гэта поўзаючае насельніцтва зусім паглынула маю ўвагу, і я сачыў за ім здалёку, калі міс Гевішам паклала руку мне на плячо. Другою рукою яна абапіралася на кастыль і нагадвала ведзьму, гаспадыню гэтага жылля.

— Вось тут мяне паложаць, калі я памру, — сказала яна, паказваючы кастылём на доўгі стол. — І тады ўсе яны прыдуць глядзець на мяне.

Невыразны страх, што яна, чаго добрага, ляжа на стол ды і памрэ, прымусіў мяне стуліцца ад яе дакранання.

— Як ты думаеш, што гэта? — запытала яна і зноў працягнула да стала свой кастыль. — Вось тое, пад павуціннем?

— Не ведаю, мэм.

— Гэта вялікі пірог — шлюбны. Мой пірог! — Яна акінула пакой сярдзітым позіркам і сказала, моцна апіраючыся на мяне і балюча сціснуўшы маё плячо.

— Пойдзем, пойдзем, пойдзем! Вадзі, вадзі мяне!

З гэтага я зрабіў вывад, што чакаўшая мяне работа заключалася ў тым, каб вадзіць міс Гевішам вакол пакоя. Я адразу ўзяўся за справу, і мы рушылі з месца неспакойным, парывістым крокам. Яна ўвесь час падштурхвала мяне ў плячо, варушыла губамі, так што мне прышло ў галаву, што шпаркасць нашай прагулкі залежыць ад шпаркага ходу яе думак. Праз некаторы час яна сказала: «Пакліч Эстэлу». Я вышаў на пляцоўку і пачаў выгукваць гэтае імя, як і ў мінулы раз. Калі яна з‘явілася са свечкаю, я вярнуўся да міс Гевішам, і мы зноў пачалі кружыцца па пакоі.

Эстэла прывяла з сабою трох дам і джэнтльмена — тых, што бачыў я ўнізе, і я зусім не ведаў, што мне рабіць. Жадаючы быць далікатным, я спыніўся, але міс Гевішам штурхала мяне ў плячо, і мы ляцелі далей на ўвесь дух.

— Дарагая міс Гевішам! — ўсклікнула Сара Покет. — Які ў вас здаровы выгляд!

— Няпраўда, — запярэчыла міс Гевішам, — я ўся пажоўкла. Асталіся скура ды косці.

Каміла прасвятлела, калі міс Покет сустрэла адпор, і пралепятала, жаласна паглядаючы на міс Гевішам:

— Любая небарачка! З якой рацыі ў яе будзе здаровы выгляд? Вось ідэя!

— А вы здаровы? — запыталася міс Гевішам, звяртаючыся да Камілы.

У гэты час мы былі зусім блізка ад яе, і я, вядома, спыніўся-б, але міс Гевішам не жадала спыняцца. Мы праімчаліся міма, і я адчуваў, што Каміла зненавідзела мяне.

— Дзякую вам, міс Гевішам, — адказала яна, — я здарова, наколькі гэта магчыма для мяне.

— Што-ж з вамі такое? — запыталася рэзка міс Гевішам.

— Нічога асаблівага, — адказала Каміла, — я не люблю выстаўляць напаказ свае пачуцці, але я думаю пра вас па начах больш, чым гэта мне па сіле.

— Дык не думайце пра мяне, — адрэзала міс Гевішам.

— Лёгка сказаць… — заўважыла Каміла, з далікатнасці падаўляючы рыданне, але верхняя губа яе задрыжала, і слёзы паліліся з вачэй. — Раймонд сведка, колькі інбіру і нашатырнага спірту мне прыходзіцца ўжываць па начах. Але не думаць пра вас па начах — вось ідэя!

І яна залілася слязмі.

— Я не ведала, — заўважыла суровая лэдзі, — я не ведала, мая любая, што мы можам прад‘яўляць асаблівыя правы на чалавека толькі за тое, што думаем аб ім.

Міс Сара Покет, якая аказалася, як я цяпер разгледзеў, маленькай, сухой бабулькай з драбнюсенькім тварыкам, падтрымала гэтую думку, сказаўшы:

— Вядома, не можам, мая любая. Гм!

— Думаць даволі лёгка, — заўважыла суровая лэдзі.

— Вядома, што можа быць лягчэй? — згадзілася міс Сара Покет.

— О, так, так! — зарыдала Каміла, усхваляваныя пачуцці якой падняліся цяпер, як відаць, да самых грудзей. — Усё гэта безумоўная праўда: неразумна быць такою шчыраю. Але я не магу інакш. Няма сумнення, што маё здароўе было-б куды лепшае, калі-б я была менш чуллівай, але, калі-б нават я магла, я не жадала-б змяніць гэтай рысы майго характару. Яна прычыняе мне шмат пакут, але затое як прыемна ўсведамляць у сабе гэтую рысу, калі прачынаешся ноччу!

Тут слёзы зноў паліліся струменем.

Увесь гэты час мы з міс Гевішам ні разу не спыняліся і кружыліся па пакоі, то чапляючы гасцей за адзежу, то адыходзячы ад іх на ўсю даўжыню гэтага змрочнага пакоя.

— Вось, напрыклад, Мацью, — казала далей Каміла, — ён не прызнае ніякага сваяцтва; ніколі нават не зойдзе сюды, не пацікавіцца даведацца, як адчувае сябе міс Гевішам. Я ўпала на канапу і праляжала некалькі гадзін у непрытомнасці дзякуючы дзіўным і незразумелым паводзінам Мацью, і ніхто мне нават не падзякаваў.

— Я думаю! — уставіла суровая лэдзі.

— Вось бачыце, мая любая, — дадала міс Сара Покет, — вам трэба было-б запытацца ў сябе, ад каго-б уласна вы маглі чакаць падзякі.

— Не чакаючы ніякай падзякі або чаго-небудзь падобнага, — казала далей Каміла, — я заставалася ў такім стане цэлыя гадзіны, і Раймонд сведка, да чаго дайшлі мае спазмы і якім бяссільным аказаўся інбір; па другі бок вуліцы ў фортэпіяннага настройшчыка былі чуваць мае стогны, і бедныя яго дзеці думалі, што гэта галубы варкуюць воддаль. І пасля гэтага мне кажуць…

— Мацью прыдзе нарэшце глянуць на мяне, калі мяне пакладуць на гэты стол, — сурова прамовіла міс Гевішам. — Яго месца будзе тут, у маіх галавах. — І яна стукнула кастылём па сталу. — А ваша тут! А вашага мужа там. Сара Покет стане вось тут, а вось тут Джорджыяна. Цяпер вы ўсе ведаеце, куды стаць, калі з‘явіцеся піраваць нада мною. А цяпер ідзіце.

Звярнуўшыся да мяне, яна сказала:

— Хадзем, хадзем!

І мы зноў узяліся кружыцца.

— Я думаю, нам не астаецца нічога больш, як выканаць гэта патрабаванне і пайсці! — усклікнула Каміла. — Прыемна хоць не надоўга ўбачыць прадмет сваёй любві і пашаны. Я ўспомню аб гэтым з журботным задавальненнем, калі прачнуся ноччу. Я цвёрда рашыла ніколі не выстаўляць напаказ сваіх пачуццяў, але так цяжка слухаць, калі табе кажуць, быццам ты, як які-небудзь людаед, жадаеш піраваць на пахаванні сваёй радні — ды прытым яшчэ прапануюць табе выйсці вон. Вось ідэя.

Тут місіс Каміла паслала здалёк пацалунак міс Гевішам і ўрачыста вышла.

Сара Покет і Джорджыяна пачалі спрачацца, каму выйсці апошняй, але Сара была надта спрактыкаваная, каб даць сябе ашукаць, і так спрытна тупала вакол Джорджыяны, што прымусіла-такі тую выйсці першаю. Атрымаўшы такім чынам магчымасць эфектна развітацца сам-на-сам, — яна сказала:

— Няхай благаславіць вас госпад бог, дарагая міс Гевішам!

І ўсмешка ўседаруючага шкадавання аб слабасцях астатніх мільгала на яе твары.

Міс Гевішам спынілася ля каміна, паглядзела на агонь, бармочучы нешта сама сабе, і сказала:

— Сёння дзень майго нараджэння, Піп. У гэты самы дзень, задоўга да твайго нараджэння, сюды прынеслі вось гэту старую дрэнь, — і яна, не дакранаючыся, паказала сваім кастылём на зацягнуты павуціннем высокі грыб на стале. — Мы састарэліся разам. Мышы патачылі яго, але зубы вастрэй мышыных патачылі мяне. — Калі ўсё разбурыцца, — казала далей яна, пазіраючы перад сабою згаслым, мярцвяным позіркам, — і калі мяне пакладуць мёртвую ў шлюбным плацці на вясельны стол, — тады над ім збудзецца пракляцце. Як было-б добра, калі-б гэта здарылася ў гэты самы дзень!

Яна стаяла і глядзела на стол, нібы на ім ужо ляжала яе цела. Я не варушыўся. Эстэла вярнулася і таксама не рухалася. Мне здалося, што мы прастаялі так вельмі доўга.

Нарэшце міс Гевішам сказала, раптам выходзячы з свайго задумення:

— Я хочу паглядзець, як вы гуляеце ў карты. Чаму вы не пачынаеце?

Тады мы вярнуліся ў яе пакой і селі гуляць, як і ў мінулы раз. Я зноў астаўся дурнем, і зноў міс Гевішам увесь час сачыла за намі і старалася звярнуць маю ўвагу на прыгажосць Эстэлы, прыкладваючы свае брыльянты да яе грудзей і валасоў.

Калі мы згулялі разоў шэсць, мне назначылі, калі прыходзіць, і вывелі на двор, каб накарміць па-ранейшаму як сабаку. Тут мяне зноў пакінулі прагульвацца на свабодзе.

Ні на хвіліну не сумняваючыся, што дом пусты, я зазірнуў у нейкае акно і на вялікае маё здзіўленне сустрэўся вачыма з такім-жа здзіўленым позіркам бледнага маладога джэнтльмена з чырвонымі павекамі і светлымі валасамі. Бледны малады джэнтльмен быстра знік і з‘явіўся зноў, але ўжо каля мяне. Калі я ўбачыў яго ў першы раз, ён сядзеў за кнігамі, а цяпер я заўважыў, што ён быў увесь у чарніле.

— Хто цябе ўпусціў? — запытаўся ён.

— Міс Эстэла.

— Хто дазволіў табе тут бадзяцца?

— Міс Эстэла.

— Хадзем біцца, — сказаў бледны малады джэнтльмен.

Што мне заставалася рабіць, як не пайсці следам за ім? Манеры яго былі такія рашучыя, і я быў так здзіўлен, што пайшоў за ім, як зачараваны.

— Спыніся на хвіліну, — сказаў ён, павярнуўшыся, ледзь мы паспелі прайсці некалькі крокаў. — Я павінен спачатку даць табе повад да бойкі. Вось!

Пляснуўшы ў ладкі з самым задзірыстым выглядам, ён спрытна адкінуў назад адну нагу, тузануў мяне за валасы, яшчэ раз пляснуў у ладкі, нагнуўся і пнуў мяне галавою ў жывот.

Гэты бычыны манеўр, — ужо не кажучы аб тым, што я не мог не палічыць яго вялікай вольнасцю, — з‘яўляўся асабліва непрыемным пасля сытнага снедання. Я паднёс яму добрага туза і збіраўся паднесці яшчэ раз, але ён сказаў: «Ага, не адмаўляешся?» і пачаў так незвычайна прытанцоўваць на адным месцы, што я, ад недахвату спрактыкаванасці, не знаходжу нават слоў для параўнання.

Я спалохаўся ў глыбіні душы, убачыўшы яго спрытнасць, але ў той-жа час усведамляў і маральна і фізічна, што яго белабрысай галаве не было ніякай справы да майго жывата, і што, значыцца, я маю права даць ёй здачы, паколькі яна сама напрашваецца на маю ўвагу. Таму я, ні слова не кажучы, пайшоў следам за ім у дальні куток саду, адгароджаны ад цікаўных вачэй двума сценамі і кучаю смецця. Запытаўшы мяне, ці задаволены я арэнаю, і атрымаўшы сцвярджальны адказ, ён папрасіў у мяне дазволу выйсці на хвіліну і сапраўды вельмі хутка вярнуўся з бутэлькаю вады і намочанай у воцаце губкаю. «Спатрэбіцца для абодвух», заўважыў ён, паставіўшы гэтыя прыпасы да сцяны, і пачаў распранацца. Ён зняў не толькі куртку і камізэльку, але нават кашулю, і ўсё гэта з самым вясёлым, дзелавым і крывяжэрным выглядам.

У яго быў не асабліва здаровы выгляд, — на твары ў яго былі прышчы і высыпка вакол рота, — але гэтыя грозныя падрыхтаванні напалохалі мяне. Па-мойму, ён быў прыблізна ў маіх гадах, але шмат вышэйшы за мяне, і яго гімнастычныя прыёмы рабілі вялікае ўражанне. У астатнім гэта быў малады джэнтльмен у шэрым плацці (пакуль не зняў яго, рыхтуючыся да бойкі), прычым локці, калені, пясці рук і ступні гэтага джэнтльмена развіліся куды болыш як усё тулава.

Сэрца ёкнула ў мяне, калі я ўбачыў, як ён спрытна нацэльваўся, каб напасці на мяне, пільна разглядаючы маю фігуру, быццам выбіраў найбольш зручнае для гэтага месца. Ніколі праз усё маё жыццё я не быў так здзіўлен, як цяпер, калі ўбачыў, што пасля першага майго ўдару ён ляжаў урасцяжку на спіне са скрываўленым носам і недарэчна глядзеў на мяне.

Аднак, ён у адзін момант ускочыў на ногі, незвычайна жвава абцёрся губкаю і пачаў зноў нацэльвацца. Другім найвялікшым сюрпрызам у маім жыцці быў мой другі ўдар, пасля якога я ўбачыў яго зноў на спіне, ды яшчэ з падбітым вокам.

Яго смеласць выклікала ў мяне вялікую пашану. Мабыць, у яго зусім не было сілы; ён ні разу не ўдарыў мяне балюча і ўвесь час падаў, але ўсякі раз ускокваў, нібы нічога не было, абціраўся губкаю ці адпіваў вады з бутэлькі, выконваючы з найвялікшым задавальненнем ролю ўласнага памочніка, і, па выкананні ўсіх гэтых фармальнасцей, зноў налятаў на мяне з такім пераможным выглядам, што я ўсякі раз быў упэўнены, што цяпер ён ужо напэўна прыкончыць мяне. Ён быў страшэнна збіты, таму што на мой вялікі сорам я павінен прызнацца, што біў яго ўсё больш і больш балюча, але ён зноў і зноў кідаўся на мяне, пакуль нарэшце не бразнуўся патыліцаю аб сцяну. Нават і пасля гэтага ён ускочыў і закруціўся на месцы, адшукваючы мяне, але скончылася гэта тым, што ён падпоўз на каленях да губкі, падкінуў яе і сказаў:

— Гэта значыць — ты перамог.

Ён выглядаў такім храбрым і нявінным, што, хоць і не я выклікаў яго на бой, перамога не прынесла мне вялікага задавальнення. Я адзеўся, выцер пот з твара і сказаў: «Ці не магу я вам чым-небудзь дапамагчы?», на што ён адказаў: «Не, дзякуй вам». Тады я сказаў: «Добры вечар», а ён: «І вам таго-ж».

Калі я вышаў на двор, я ўбачыў Эстэлу, якая чакала мяне з ключамі. Яна не запыталася ў мяне, ні дзе я быў, ні чаму прымусіў яе чакаць; твар яе ярка зачырванеўся, нібы яна нечаму вельмі ўзрадавалася. Замест таго, каб ісці проста да варот, яна ўвайшла назад у карыдор і паклікала мяне:

— Ідзі сюды! Можаш пацалаваць мяне, калі хочаш.

Яна падставіла шчаку, і я пацалаваў яе. Я думаю, я шмат чым афяраваў-бы, каб пацалаваць яе ў шчаку. Але цяпер я адчуваў, што яна дала гэты пацалунак грубому вясковаму хлапчуку, як падала-б яму грош, і што пацалунак гэты нічога не варт.


РАЗДЗЕЛ XI

Я вельмі непакоіўся, успамінаючы бледнага маладога джэнтльмена. Чым больш я думаў пра нашу бойку і ўяўляў сабе бледнага маладога джэнтльмена, ляжачага на спіне, тым больш я пераконваўся, што гэта не можа прайсці для мяне беспакарана. Я адчуваў, што кроў бледнага маладога джэнтльмена падзе на маю галаву, і закон адпомсціць за яе.

Калі прышоў дзень, у які я павінен быў з‘явіцца на месца свайго злачыннага дзеяння, страх мой дайшоў да апошняй мяжы.

Але будзь што будзе, а я павінен быў ісці да міс Гевішам — і пайшоў. І ўявіце, мой паядынак не меў ніякіх вынікаў! Ніхто нават не загаварыў аб ім, і ў доме не было ніякіх слядоў бледнага маладога джэнтльмена.

На шырокай пляцоўцы паміж пакоем міс Гевішам і тым, дзе стаяў вялікі накрыты стол, я ўбачыў садовае крэсла на колах, з тых, якія можна рухаць, папіхаючы ззаду. Крэсла з‘явілася тут пасля майго апошняга наведвання, і з гэтага дня маім пастаянным заняткам зрабілася вазіць у ім міс Гевішам (калі яна стамлялася хадзіць, апіраючыся на маё плячо) вакол яе пакоя, па пляцоўцы і па вялікім пакоі насупроць. Кожны раз, з‘яўляючыся сюды, я браўся за гэты занятак, і часам ён цягнуўся па тры гадзіны без перапынку. З таго дня было вырашана, што я буду хадзіць праз дзень, і так прадаўжалася, прынамсі, восем або дзевяць месяцаў.

Аднойчы міс Гевішам, апіраючыся на маё плячо ў часе адной з нашых прагулак, раптам спынілася і сказала мне з некаторай нездаволенасцю:

— Піп, ты робішся залішне вялікім.

Яна паглядзела на мяне, потым яшчэ раз і яшчэ; нарэшце нахмурыла бровы і задумалася.

У наступны мой прыход, калі наша звычайная прагулка скончылася і я павёў яе да туалета, яна спыніла мяне нецярплівым рухам пальцаў:

— Як завуць твайго каваля?

— Джо Гарджэры, мэм.

— Ты маеш ва ўвазе таго майстра, да якога павінен быў паступіць у вучні?

— Так, міс Гевішам.

— Дык табе лепш паступіць да яго цяпер-жа. Можа гэты Гарджэры прысці сюды з табою і прынесці твае дакументы?

Я сказаў, што ён, бясспрэчна, палічыць гэта за асаблівую чэсць.

— Дык няхай прыдзе.

— У які час загадаеце, міс Гевішам?

— Ну, ну! Я нічога не ведаю аб часе. Няхай прыдзе хутчэй удвух з табою, больш няхай ніхто не прыходзіць.

Калі ўвечары я вярнуўся дадому і перадаў запрашэнне Джо, сястра палезла на сцяну з большай гарачкаю, чым калі-небудзь. Яна запыталася ў мяне і Джо, што яна — ануча, якая дасталася нам, што мы топчам яе нагамі, і як мы смеем так абыходзіцца з ёю і якое асяроддзе пасля гэтага прыгодна для яе, на нашу ласкавую думку. Калі паток колкіх пытанняў быў вычарпаны, яна шпурнула падсвечнікам у галаву Джо, моцна загаласіла, выцягнула скрынку для смецця, што служыла заўсёды вельмі дрэннай адзнакаю, падвязала свой рабочы фартух і ўзняла жахлівейшую чыстку. Не здавальняючыся венікам, яна прынесла вядро, швабру і выгнала нас з дому на двор, дзе мы, дрыжучы ад холаду, і прастаялі ўвесь вечар. Толькі а дзесятай гадзіне мы рыскнулі паказацца на кухні, і тады яна запытала ў Джо, чаму ён адразу не жаніўся з якою-небудзь нявольніцаю-негрыцянкаю. Небарака Джо нічога не адказаў, а стаяў, гладзячы свае бакенбарды, і сумна глядзеў на мяне, нібы згаджаўся, што, мабыць, і сапраўды такі шлюб быў-бы для яго значна выгаднейшы.


РАЗДЗЕЛ XII

Мне было вельмі непрыемна бачыць, калі назаўтра раніцою Джо прыбраўся ў сваё святочнае плацце, каб ісці са мною да міс Гавішам. Але паколькі ён лічыў неабходным прыадзецца дзеля такога выпадку, то мне было няёмка сказаць яму, што рабочае плацце куды больш яму да твара.

За снеданнем сястра абвясціла, што мае намер ехаць з намі ў горад і пачакаць у дзядзі Пембльчука, куды мы зойдзем па яе, «скончыўшы справы з нашымі важнымі панямі».

Калі мы падышлі к дому Пембльчука, сястра рассталася з намі і шпарка ўвайшла ў яго. Было ўжо каля паўдня, і мы з Джо адправіліся проста да міс Гевішам. Калітку, як і заўсёды, адчыніла Эстэла, і Джо, як толькі ўбачыў яе, зняў капялюш і стаяў, трымаючы яго за берагі абодвума рукамі так, нібы яму было вельмі важна вызначыць, колькі ён важыць.

Эстэла не звярнула ні на кога з нас увагі і пайшла наперад па добра вядомай мне дарозе; я пайшоў за ёю, а Джо за мною. Азірнуўшыся на яго ў доўгім карыдоры, я ўбачыў, што ён усё яшчэ старанна ўзважвае свой капялюш і ідзе за намі на пальчыках вялікімі крокамі.

Эстэла сказала, што мы абодва можам увайсці; таму я ўзяў Джо за рукаў і ўвёў яго да міс Гевішам. Яна сядзела каля свайго туалетнага століка і зараз-жа павярнулася да нас.

— А! — сказала яна Джо. — Вы муж сястры гэтага хлопчыка?

Ці мог я калі-небудзь уявіць сабе майго дарагога старога Джо ў такім выглядзе! Не рухаючыся, не гаворачы ні слова, з тырчастымі валасамі і разяўленым ротам, ён быў падобен на нейкую незвычайную, дзівосную птушку, гатовую праглынуць чарвяка.

— Вы муж сястры гэтага хлопчыка? — паўтарыла міс Гевішам.

Мне было вельмі прыкра, але тым не менш гэта праўда, што ў часе гэтага спаткання Джо настойліва звяртаўся да мяне, а не да міс Гевішам.

— Сапраўды, Піп, — загаварыў ён тонам надзвычай пераканаўчым і поўным найвялікшай ветлівасці, — справа, як, значыцца, я разумею, была такая: я ўхажваў і жаніўся з тваёй сястрою, а быў я ў той час чалавек, што называецца, адзінокі; ты можаш пасведчыць гэта, калі хочаш.

— Добра, — сказала міс Гевішам. — І вы выхавалі хлопчыка з тым, каб зрабіць яго потым сваім падмайстрам. Ці не так, містэр Гарджэры?

— Ты ведаеш, Піп, — адказваў Джо, — што як мы з табою заўсёды былі сябрамі, дык і абмеркавалі ўсё наперад, як мае быць, і вышла, што справа будзе добрая і вясёлая. Аднак, Піп, калі-б у цябе былі якія-небудзь пярэчанні ў сэнсе сажы, копаці і іншага, дык цябе ніхто не няволіць. Разумееш?

— Хіба хлопчык быў супроць гэтага? Ці любіць ён гэтае рамяство? — запытала міс Гевішам.

— Ты сам ведаеш, Піп, — запярэчыў Джо, прыкметна робячыся ўсё больш пераканаўчым і ветлівым, — ты сам ведаеш, што гэта было тваё шчырае жаданне. І ў цябе не было ніякіх пярэчанняў, Піп, ды і адкуль яны з‘явяцца, калі гэта было тваім самым заветным жаданнем?

Дарэмна прабаваў я даць яму зразумець, што ён павінен звяртацца да міс Гевішам. Чым больш старанна я паказваў яму гэта знакамі і жэстамі, тым больш настойлівымі рабіліся яго шчырасць, пераканаўчасць і далікатнасць у адносінах да мяне.

— Прынеслі вы з сабою яго дакументы? — запытала міс Гевішам.

— А, Піп, ты-ж ведаеш, — адказаў Джо тонам дакору, — ты сам бачыў, як я паклаў іх у капялюш, значыць, яны і цяпер там.

З гэтымі словамі ён выняў паперы і падаў, але не міс Гевішам, а мне. Баюся, што мне было сорамна майго добрага таварыша; так, я сароміўся яго, калі ўбачыў, што Эстэла стаіць за крэслам міс Гевішам, і вочы яе хітра смяюцца. Я ўзяў ад яго паперы і перадаў іх міс Гевішам.

— Можа, вы разлічваеце атрымаць узнагароду за хлопчыка? — запыталася яна, праглядзеўшы паперы.

— Джо! — сказаў я яму, таму што ён маўчаў, — што-ж ты не адказваеш?

— Піп, — рэзка перапыніў мяне Джо, нібы адчуваў сябе глыбока зняважаным, — я думаю, гэтае пытанне недарэчы паміж мною і табою, і ты ведаеш, што адказ можа быць толькі адзін: «не». Ты-ж ведаеш, што «не», Піп, навошта-ж ты пытаеш?

Міс Гевішам зірнула на яго так, нібы цяпер зразумела, што гэта за чалавек, і, узяўшы са стала невялікі кашалёк, сказала:

— Піп заслужыў узнагароду, вось яна. У гэтым кашальку дваццаць пяць гіней. Перадай іх твайму гаспадару, Піп.

Зусім ашаломлены і гэтай дзіўнай асобаю, і не менш дзіўным пакоем, Джо нават і цяпер усё звяртаўся да мяне.

— Ты вельмі шчодры, Піп, — сказаў ён, — і падарунак твой прымаецца з удзячнасцю, хоць яго і не думалі дабівацца. Ну, а цяпер, старына (тут мяне кінула спачатку ў гарачку, а потым у холад, бо я падумаў, што гэтае фамільярнае абыходжанне адносіцца да міс Гевішам), цяпер, старына, нам трэба выканаць наш абавязак! Так, выканаць наш абавязак — абодвум разам і кожнаму паасобку — у адносінах да тых, хто перадаў нам шчодры падарунак… каб… супакоіліся іх душы… таму што… ніколі…

Тут небарака Джо адчуў сябе ў страшэнным затрудненні, з якога, аднак, вышаў з чэсцю, сказаўшы: «Пра мяне і гаварыць няма чаго!» Гэтыя словы здаліся яму да такой ступені ўдалымі і пераканаўчымі, што ён паўтарыў іх два разы.

— Бывай, Піп, — сказала міс Гевішам. — Праводзь іх, Эстэла.

— Прыходзіць мне зноў, міс Гевішам? — запытаўся я.

— Не, цяпер твой гаспадар — Гарджэры. Гарджэры, астаньцеся на адно слова.

Вышаўшы за дзверы, я чуў, як яна сказала яму чотка і выразна:

— Хлопчык вёў сябе надзвычай добра і атрымаў узнагароду. Само сабою зразумела, што вы, як сумленны чалавек, не будзеце разлічваць на большае.

Я ніколі не мог сабе растлумачыць, якім чынам Джо вышаў з пакоя. Ведаю толькі, што, апынуўшыся на пляцоўцы, ён зусім спакойна накіраваўся наверх, замест таго, каб ісці ўніз, і нічога не хацеў слухаць, пакуль я не дагнаў яго і не накіраваў на правільную дарогу. Праз хвіліну Эстэла выпусціла нас і замкнула калітку.

Калі мы зноў вышлі на дзённае святло і засталіся адны, Джо прыхіліўся да сцяны і прамармытаў: «Дзіўна!» У гэтай позе ён аставаўся так доўга і паўтараў сваё «дзіўна» так доўга, што я пачаў думаць, ці не звар‘яцеў ён ужо. Нарэшце ён адважыўся крыху пашырыць сваю фразу і сказаў: «Запэўняю цябе, Піп, гэта проста дзіўна!» Такім чынам патроху да яго вярнуліся і здольнасць гаварыць і здольнасць знаходзіць дарогу.

У мяне ёсць падстава думаць, што гэта незвычайнае спатканне прымусіла рассудак Джо прасвятлець і што па дарозе да Пембльчука ў галаве яго нарадзіўся адзін вельмі тонкі і глыбокі замысел. Здагадка мая пацвердзілася тым, што адбылося ўслед за нашым з‘яўленнем у гасціным пакоі містэра Пембльчука, дзе мы засталі сястру ў жывой гутарцы з гэтым ненавісным лабазнікам.

— Ну-с, што скажаце? — закрычала сястра, звяртаючыся да нас абодвух. — Проста дзіва, як гэта вы зрабілі ласку вярнуцца ў нашу скромную кампанію. Дапраўды, мяне гэта дзівіць!

— Міс Гевішам, — пачаў Джо, пільна гледзячы на мяне, нібы намагаўся нешта прыпомніць, — даручыла нам перадаць яе… Як, Піп, паклон ці шанаванне?

— Паклон, — сказаў я.

— Але, і мне так здаецца, — падхапіў Джо, — даручыла перадаць яе паклон місіс Гарджэры.

— Вельмі ён мне патрэбен! — заўважыла сястра, як відаць, аднак, задаволеная.

— І шкадаванне, — казаў далей Джо, з новым позіркам на мяне і новым намаганнем памяці, — што стан яе здароўя не дазваляе ёй… як далей, Піп?

— Не дазваляе ёй карыстацца, — падказаў я.

— Дамскай кампаніяй, — заключыў Джо і цяжка ўздыхнуў.

— Ну, што-ж, — праказала, памякчэўшы, сястра і паглядзела на містэра Пембльчука. — Вядома, яна магла перадаць гэта мне і раней, але лепш позна, чым ніколі. А што яна дала гэтаму шылахвосту?

— Тое, што яна дала, яна «дала яго прыяцелям». А пад яго прыяцелямі, так і сказала: «пад яго прыяцелямі я разумею сястру яго, місіс Джо Гарджэры». Гэтымі самымі словамі: «сястру яго, місіс Джо Гарджэры». Вось толькі не дачуў добра, ці сказала яна Джо ці Джордж; але, зразумела, гэтага яна магла і не ведаць, — дадаў Джо нібы ў раздум‘і.

Сястра зірнула на містэра Пембльчука, які пагладжваў ручкі свайго крэсла і пацвярджальна ківаў галавою, як чалавек, які загадзя ўсё ведаў і прадбачыў.

— Колькі-ж вы атрымалі? — запыталася сястра і засмяялася, дапраўды засмяялася!

— Як-бы аднеслася шаноўная кампанія, скажам, прыкладна, да дзесяці фунтаў? — запытаў Джо.

— Мы-б сказалі — нядрэнна, — жвава падхапіла сястра. — Не надта многа, але даволі.

— Дык падымайце вышэй, — сказаў Джо.

Гэтая бессаромная шэльма, Пембльчук, зараз-жа кіўнуў галавою і сказаў, пагладжваючы ручкі крэсла:

— Так, сударыня, падымайце вышэй.

— Што скажа шаноўная кампанія на дваццаць фунтаў? — казаў далей Джо.

— Цудоўна, лепшага і жадаць нельга, — адказала сястра.

— Падымайце вышэй, — сказаў Джо.

Гэты нізкі ліцамер, Пембльчук, зноў кіўнуў галавою і сказаў з прабачлівым смехам:

— Падымайце вышэй, сударыня. Больш дваццаці фунтаў. Добра, добра! Далей, Джозеф.

— Ну, каб ужо вас не мучыць, — сказаў Джо, падаючы маёй сястры кашалёк, — калі ласка, атрымайце дваццаць пяць фунтаў.

— Атрымайце дваццаць пяць фунтаў, сударыня, — адазваўся бестыя Пембльчук, устаючы, каб паціснуць ёй руку. — Але гэтая сума не перавышае вашых заслуг; тое-ж самае я казаў і раней, калі пыталіся маёй думкі, — і дай бог, каб гэтыя грошы зрабілі вам прыемнасць.

Роля гэтага падляца была і так ужо даволі агідная, але ён пайшоў далей, заявіўшы з прабачлівым выглядам свае правы на мяне, і тым удзесяцярыў свае ранейшыя злачынствы.

— Вось бачыце, Джозеф і яго паважаная жонка, — сказаў Пембльчук, узяўшы мяне за руку вышэй локця, — я з тых людзей, якія заўсёды даводзяць да канца пачатую справу. Хлопчыка трэба аддаць у навуку зараз-жа. Такія мае правілы. Запісаць яго хутчэй, і справа скончана.

— Мы добра ведаем, дзядзя Пембльчук, — сказала сястра, сціскаючы ў руках кашалёк, — як многа мы вам абавязаны.


РАЗДЗЕЛ XIII

Цяжка сароміцца свайго дома. Вельмі можа быць, што ў гэтым пачуцці тоіцца няўдзячнасць, і цяжкасць яго з‘яўляецца толькі заслужаным пакараннем. Як-бы то ні было, але магу засведчыць, што яно вельмі мучыць чалавека.

Наш дом ніколі не быў для мяне асабліва прывабным дзякуючы характару маёй сястры, але Джо лічыў яго святыняю, і я верыў Джо.

Але мінуў год, і ўсё змянілася. Цяпер наш дом здаваўся мне грубым і вульгарным, і я ні ў якім разе не хацеў-бы, каб Эстэла і міс Гевішам бачылі яго.

Раней мне здавалася, шта варта мне толькі закасаць рукавы сваёй кашулі і ўвайсці ў кузню падмайстрам майго Джо, і я буду горды і шчаслівы. Цяпер, калі мара зрабілася сапраўднасцю, я адчуваў толькі, што ўвесь вымазаны вугальным пылам і што на душы ў мяне такі цяжар, у параўнанні з якім кавадла было лёгкім пяром. Як у першыя, так і ў наступныя дні свайго вучнёўства я быў аднолькава нешчаслівы; але мне прыемна ўсведамляць, што праз увесь гэты час Джо ніколі, ні разу не чуў ад мяне слова наракання; гэта амаль адзіная рэч, якую прыемна мне ўспамінаць, калі я думаю аб гадах майго вучнёўства. Але і тут ўся заслуга належыць не мне, а Джо. Я не ўцёк, не паступіў у салдаты ці матросы не таму, што я быў верны свайму слову і чэсны, а таму, што чэсны быў Джо, і я добра ведаю, што кожная кропля дабра, якое толькі праяўлялася ў мяне ў часе майго вучнёўскага жыцця, выходзіла ад скромнага, простага, усім здаволенага Джо, а не ад мяне, непакойнага, нездаволенага, апанаванага ненасытнай ганарлівасцю.

Я стаў празмерна вялікім для школы бабуні містэра Вопсля, і мае заняткі пад кіраўніцтвам гэтай недарэчнай асобы прышлі к канцу. Але Бідзі паспела перадаць мне ўсё, што ведала сама, пачынаючы з маленькага прэйскуранта і канчаючы камічнай песенькай, якую яна калісьці купіла за поўпені.

Прагнасць да асветы прымусіла мяне звярнуцца і да містэра Вопсля з просьбаю ўдзяліць мне некалькі крох з свайго багатага запасу разумовай пажывы, на што ён ветліва згадзіўся.

Усе свае веды я стараўся перадаць Джо. Аднак, гэтая заява гучыць так многазначна, што я па шчырасці сваёй не магу пакінуць яе без тлумачэння. Мне хацелася толькі, каб Джо не выглядаў такім неачэсаным, такім невукам, каб ён стаў больш вартым майго сяброўства і каб Эстэле не было за што пагарджаць ім.

Старая батарэя на балотах была месцам нашых навуковых заняткаў, а разбітая грыфельная дошка і кавалачак грыфеля — нашымі вучэбнымі дапаможнікамі, да якіх Джо заўсёды далучаў яшчэ і сваю люльку. Я не ведаю, ці было хоць раз, каб Джо памятаў свой урок ад нядзелі да нядзелі, і наогул сумняваюся, каб ён набыў пад маім кіраўніцтвам якія-небудзь веды. Як-бы там ні было, калі ён курыў на батарэі, ён рабіў гэта з куды больш асмысленым выглядам, чым ва ўсякім другім месцы — з вучоным выглядам, можна сказаць, — як быццам ён усведамляў, што яго поспехі велізарныя.

У адну з такіх нядзель Джо, з асалодай пакурваючы сваю люльку, рашуча абвясціў, што яму нічога не лезе ў галаву, і я махнуў на яго рукою. Я ляжаў на насыпу, абапёршыся падбародкам на руку, і глядзеў удалеч, пакуль не адважыўся нарэшце выказаць думку, якая даўно ўжо сядзела ў мяне ў галаве.

— Джо, — сказаў я, — як ты думаеш, ці не трэба было-б мне зрабіць візіт міс Гевішам?

— Як табе сказаць, Піп? — адказаў Джо, крыху падумаўшы. — Навошта? — вось пытанне.

— Як навошта, Джо? А навошта наогул робяць візіты?

— Праўда, ёсць візіты, пра якія цяжка сказаць, навошта іх робяць. Але што датычыць твайго візіта да міс Гевішам, дык яна можа падумаць, што табе чаго-небудзь трэба, што ты чаго-небудзь чакаеш ад яе.

— Але-ж я магу сказаць ёй, што мне нічога не трэба. Як ты думаеш, Джо?

— Вядома можаш, старына, — адказаў Джо. — І яна можа паверыць табе, а можа і не паверыць.

Джо адчуваў, таксама як і я, што довад яго вельмі моцны і, каб не аслабіць яго паўтарэннем, пачаў энергічна зацягвацца з сваёй люлькі.

— Вось бачыш, Піп, — сказаў ён зноў, калі небяспека паўтарыцца прайшла. — Калі міс Гевішам зрабіла табе свой шчодры падарунак, у той самы час яна вярнула мяне і сказала, што гэта ўсё.

— Так, Джо, я чуў.

— А гэта, Піп, паміж намі няхай будзе сказана, можа значыць — шабаш, — кожны сам па сабе. Я на поўнач, ты на поўдзень, і трымайся кожны свайго напрамку.

Я думаў тое-ж самае, і мне зусім не было прыемна ведаць, што Джо трымаецца адной са мною думкі, таму што гэта рабіла маю здагадку больш магчымай.

— Але, Джо…

— Што, стары таварыш?

— Вось ужо амаль год, як я запісан тваім падмайстрам, і ні разу за гэты час я не падзякаваў міс Гевішам, не даведваўся аб ёй і нічым не выказаў, што помню яе.

— Гэта праўда, Піп, і, бадай што, табе трэба было-б выкаваць ёй на памяць усе чатыры падковы, хоць — паміж намі няхай будзе сказана — нават цэлая дзюжына падкоў можа паказацца не зусім прыстойным падарункам, калі няма капытоў…

— Ды я кажу зусім не пра падарунак, Джо.

Але думка аб падарунку моцна засела ў галаве Джо, і ён не мог так лёгка з ёю расстацца.

— Або, напрыклад, — казаў далей ён, — калі-б ты надумаў скаваць ёй новы ланцуг для парадных дзвярэй, ці якую-небудзь дробную рэч, на манер відэльца для грэнкаў, або трыножак на выпадак, калі-б ёй уздумалася падсмажыць сабе сардэлькі…

— Я і не збіраўся рабіць ёй падарункі, Джо, — паўтарыў я.

— І ведаеш, Піп, — казаў далей Джо, — на тваім месцы я і не рабіў-бы іх. Ну навошта ёй ланцуг для дзвярэй, калі дзверы ў яе і так заўсёды на ланцугу? А відэлец… відэлец прыдзецца рабіць з медзі, а на гэта ты не майстар. Што-ж датычыць трыножка, то, няхай у цябе будуць хоць залатыя рукі, на трыножку ты сябе не выявіш, таму што трыножак і ёсць трыножак. Што-б там ні прыдумваў, як-бы ні мудрагеліў, а трыножак заўсёды астанецца трыножкам.

— Галубочак Джо! — закрычаў я ў роспачы, хапаючы яго за рукаў, — дзеля бога, пакінь! У мяне і ў галаве не было рабіць падарункі міс Гевішам.

— Добра, Піп, — згадзіўся Джо тонам чалавека, паспеўшага нарэшце пераканаць свайго праціўніка, — я аб гэтым і кажу. Ты праўду кажаш.

— Ну, так, Джо. Але я хацеў табе вось што сказаць: у нас цяпер работы мала, і калі-б ты заўтра адпусціў мяне на паўдня, я схадзіў-бы ў горад і наведаў міс Эст… Гевішам.

— Але, Піп, — заўважыў важна Джо, — яе завуць, здаецца, не Эстгевішам. Ці, можа, яе перахрысцілі?

— Ведаю, ведаю, Джо. Я проста памыліўся. Ну, дык як-жа ты думаеш?

Джо думаў, што калі я знаходжу гэта патрэбным, то і ён з гэтым згодзен. Але ён паставіў умоваю, што, калі мяне прымуць няветліва і не запросяць паўтарыць мой візіт, проста як візіт, які быў зроблены без усякай задняй думкі, з адзінаю мэтай падзякаваць за зробленую ласку, дык маё наведванне не павінна паўтарацца. Умове гэтай я абяцаў падпарадкавацца.


РАЗДЗЕЛ XIV

У Джо быў работнік, якому ён плаціў жалаванне патыднёва; звалі яго Орлік. Ён быў шырокаплечы, мускулісты, смуглявы, вельмі дужы хлопец, які ніколі і нікуды не спяшаўся, а заўсёды хадзіў уразвалку. Кватараваў ён у вартаўніка шлюзаў на балотах і ў рабочыя дні выпаўзаў з сваёй бярлогі і плёўся на работу, засунуўшы рукі ў кішэні, з клуначкам за плячыма, у якім быў завязан яго абед.

Гэты пануры хлапец недалюбліваў мяне. Калі я быў яшчэ малым і баязлівым, ён стараўся ўпэўніць мяне, што ў кузні, у самым цёмным кутку, жыве чорт, што праз кожныя сем гадоў неабходна распальваць горан жывым хлопчыкам і што хутка і я пайду на падпалку. Калі я зрабіўся падмайстрам, антыпатыя яго да мяне яшчэ павялічылася. Не то, каб ён выказваў або навочна паказваў сваю незычлівасць — не, але я заўважаў, што ён заўсёды выбіваў іскры ў мой бок і, калі я зацягваў песню, ён падпяваў мне абавязкова не ў такт.

Орлік ужо працаваў у кузні, калі на наступны дзень я напомніў Джо яго абяцанне адпусціць мяне на поўдня. Тут ён нічога не сказаў, таму што каваў разам з Джо паласу жалеза, але, крыху пачакаўшы, загаварыў, абапёршыся на малаток:

— Паслухайце, гаспадар: спадзяюся, вы не намераны патураць толькі аднаму з нас. Раз вы далі свята малютку Піпу, дык няхай будзе свята і старому Орліку.

Яму было гадоў дваццаць пяць, але ён заўседы гаварыў аб сабе як аб старым.

— На што табе свята? — запытаўся Джо.

— Як на што? На тое-ж, на што і яму, — адказаў Орлік.

— Піп ідзе ў горад.

— Ну што-ж? І стары Орлік пойдзе ў горад. У горад могуць і двое ісці. Дарога нікому не заказана.

— Не гарачыся, — сказаў Джо.

— А хто мне забароніць? — бурчэў Орлік. — Бач ты, у горад! Ведаем мы гэтыя штукі. Не, гаспадар! Патураць тут няма чаго, а ўжо калі патураць, дык абодвум.

Але гаспадар рашуча адмовіўся гаварыць, пакуль работнік не ўгамоніцца. Тады Орлік кінуўся да горна, выхапіў адтуль раскаленую паласу жалеза, замахнуўся ёю на мяне, нібы хацеў праткнуць мяне наскрозь, потым паклаў на кавадла і пачаў па ёй біць з такім азвярэннем, быццам замест жалеза пад малатком ляжаў я, а іскры, што сыпаліся з паласы, былі пырскі маёй крыві. Калі ён дабіўся да таго, што ўвесь успацеў, а жалеза астыла, ён зноў абапёрся на малаток і сказаў:

— Гаспадар!

— Ну што, супакоіўся? — запытаўся ў яго Джо.

— Супакоіўся, — адказаў панура Орлік.

— Добра. Дык няхай, — таму працуеш ты не горш за другіх, — няхай будзе свята для ўсіх, — сказаў Джо.

У гэты час сястра стаяла на двары, усё чула і зараз-жа кінулася да акна.

— Так, так, гэта падобна на цябе, дурня! — закрычала яна на Джо. — Пускаць гуляць гэтых гультаёў! Ты, відаць, багач, што можаш кідацца грашыма! Хацела-б я быць яго гаспадаром!

— Каб ваша ўлада, вы-б усіх прыбралі да сваіх рук, — агрызнуўся Орлік са злоснаю ўсмешкаю.

— Пакінь яе, — сказаў яму Джо.

— Ды ўжо, вядома, прыструніла-б усіх балваноў і машэннікаў, — адрэзала ў сваю чаргу сястра, — і перш-на-перш узялася-б за цябе, таму што ты такі машэннік — другога не адшукаць!

— Вы проста бязглуздая баба, цётка Гарджэры! — прабурчэў работнік. — Калі гэта дае права меркаваць аб машэнніках, дык вы найлепшы суддзя.

— Пакінь яе ў спакоі, кажуць табе! — паўтарыў Джо.

— Што ты сказаў? — пішчала сястра. — Што ты сказаў? Што гэты нягоднік Орлік сказаў на мяне, Піп? Як ён абазваў мяне ў прысутнасці майго мужа? О! падтрымайце мяне! О!

— Ах ты! — прамармытаў скрозь зубы работнік. — Патрымаў-бы я цябе, каб ты была мая жонка! Патрымаў-бы пад помпаю, нябось, хутка-б астыла.

— Ды пакінь-жа, сказана табе! — яшчэ раз паўтарыў Джо.

— Пасаўхайце, людзі добрыя! — загаласіла сястра не сваім голасам і пляснула рукамі. — Паслухайце, як мяне лае гэты Орлік! У маім уласным доме! Мяне, замужнюю жанчыну! А муж стаіць тут і лыпае вачыма! О! О! О!

Тут сястра, уволю накрычаўшыся, пачала біць сябе ў грудзі, сарвала з сябе чэпчык і пачала рваць валасы, — гэта была апошняя стадыя на шляху да шаленства. Ператварыўшыся цяпер у сапраўдную фурыю, яна кінулася да дзвярэй, якія я, на шчасце, паспеў замкнуць.

Што аставалася рабіць небараку Джо пасля таго, як усе яго заўвагі прапусцілі міма вушэй? Ясна, — падыйсці да работніка і запытацца ў яго, якое права ён меў умешвацца паміж ім і місіс Джо і ці хопіць у яго смеласці выйсці сам на сам. Орлік зразумеў, што яму аставаўся толькі адзін выхад, і заняў абарончую пазіцыю. Не здымаючы нават сваіх закопчаных фартухоў, яны схапіліся як два волаты. Але я не бачыў чалавека, які мог-бы ўстаяць супроць Джо. І Орлік неўзабаве апынуўся ў кучы вугальнага пылу, з якога і не спяшаўся падымацца. Тады Джо адамкнуў дзверы, падняў сястру, якая ўпала ў непрытомнасці каля акна, мусіць, спачатку нацешыўшыся відовішчам бойкі, аднёс яе ў дом, паклаў на пасцель і пачаў угаварваць апамятацца, але яна толькі кідалася і запускала рукі ў валасы Джо. Затым усё сціхла, і я пайшоў наверх апранацца з такім пачуццём, нібы была нядзеля, або ў доме хто-небудзь памёр.

Калі я сышоў уніз, Джо і Орлік падмяталі кузню, і толькі рассечаная наздра Орліка напамінала аб тым, што здарылася непаразуменне. З «Вясёлых Грабцоў» з‘явіўся кубак піва, і яны па чарзе прыкладаліся да яго самым мірным чынам.

Не стану апісваць ні тых пачуццяў, з якімі я ішоў да міс Гевішам, ні таго, як я ледзь было не пайшоў назад, не пазваніўшы, і напэўна пайшоў-бы, калі-б распараджаўся сваім часам і меў магчымасць зноў вярнуцца.

Калітку адчыніла міс Сара Покет, а не Эстэла.

— Як гэта так? Ты зноў тут? — запыталася міс Покет. — Што табе трэба?

Калі я заявіў, што прышоў наведаць міс Гевішам, яна ўпусціла мяне і хутка вярнулася з загадам «ісці наверх».

Усё тут аставалася па-ранейшаму, і міс Гевішам была адна.

— Ну, — сказала яна, пільна гледзячы на мяне. — Спадзяюся, табе нічога не трэба? Ты нічога не атрымаеш.

— Мне нічога не трэба, міс Гевішам. Я прышоў толькі сказаць вам, што справы мае ідуць добра і што я вам вельмі ўдзячан.

— Ну, ну, добра. Заходзь часам, прыходзь у дзень твайго нараджэння.

— А! — закрычала яна, раптам паварочваючыся да мяне разам з крэслам. — Ты азіраешся, ты шукаеш Эстэлу! Так? Яна ў чужых краях. Вучыцца, каб быць сапраўднаю лэдзі. Усё прыгажэе. Ты адчуваеш, што страціў яе, праўда?

У яе апошніх словах было столькі злараднасці, што я дапраўды не ведаў, што ёй адказаць. Але, яна вывела мяне з гэтага затруднення, развітаўшыся са мною.

Без мэты ходзячы па галоўнай вуліцы, я ўбачыў, што з кніжнай крамы выходзіць містэр Вопсль. Ён учапіўся за мяне і пацягнуў мяне да Пембльчука. Я ведаў, што дома будзе сумна, і не асабліва ўпіраўся, і мы павярнулі к дому містэра Пембльчука якраз у той час, калі пачалі асвятляць вуліцы і крамы.

Была чорная ноч, калі мы з Вопслем накіраваліся нарэшце назад. За горадам распасціраўся густы туман, які пранімаў нас наскрозь холадам і сырасцю. Ліхтар каля заставы здаваўся вялізнай светлай плямаю, і ад яго праменні клаліся ў тумане нейкай густою, шчыльнаю масай. Раптам мы наткнуліся на чалавека, які прытуліўся пад навесам каля заставы з затуленага ад ветру боку.

— Гэй! — закрычалі мы, спыняючыся. — Гэта ты, Орлік?

— Я, — адказаў ён, выходзячы. — Я спыніўся на хвілінку, чакаў спадарожнікаў.

— Аднак ты пазнавата, — заўважыў я.

— Ды і ты не рана, — запярэчыў ён зусім проста.

Я запытаўся, дзе ён быў на працягу свайго поўдня, у горадзе ці ў прадмесці.

— Усюды патрошку, — адказаў ён. — Я ішоў следам за вамі. Я не бачыў вас, але, напэўна, быў, недалёка ад вас… А гарматы зноў страляюць.

— На галерах? — запытаўся я.

— Так, відаць, птушкі зноў вылецелі з клетак. Як сцямнела, дык і пачалі страляць. Пачакайце, зараз пачуеце.

І сапраўды, не паспелі мы прайсці некалькі сажняў, як гук гарматнага стрэлу даляцеў да нас і цяжка раскаціўся па нізіне, нібы, праследуючы і страшачы беглякоў.

— Добрая ночка для ўцёкаў, — сказаў Орлік. — Цяжка ў такую ноч злавіць турэмную птушку за хвост.

Дарога ішла каля «Трох Вясёлых Грабцоў», і на наша здзіўленне мы заўважылі там вялікае ажыўленне, хоць было ўжо адзінаццаць гадзін: дзверы былі адчынены насцеж, а ў вокнах супроць звычаю мігалі агні. Містэр Вопсль, думаючы, што злавілі катаржніка, зайшоў даведацца, у чым справа, і зараз-жа выбег назад.

— У вас у доме няладна, Піп, — сказаў, ён не спыняючыся. — Бяжы хутчэй!

— Што здарылася? — запытаў я, спяшаючыся за ім следам. Орлік бег побач са мною.

— Я не разабраў добра. Нехта ўварваўся да вас, калі Джо Гарджэры не было дома. Думаюць, што беглыя. Кагосьці паранілі.

Мы беглі так хутка, што было ўжо не да роспытаў, і спыніліся толькі, апынуўшыся ў нашай кухні. У ёй было поўна народу; уся вёска стоўпілася тут і на двары. На кухні быў лекар, Джо і цэлы натоўп жанчын; усе яны вазіліся пасярод кухні, на падлозе. Бяздзейныя гледачы пры маім з‘яўленні расступіліся, і я ўбачыў сястру, якая ляжала нерухома на голай падлозе; яе зваліў страшэнны ўдар па патыліцы, нанесены невядома кім у той час, як яна стаяла каля печы, павярнуўшыся тварам да агню. І гэты твар цяпер выразна гаварыў, што яна ніколі ўжо больш не будзе «кіпяціцца».


РАЗДЗЕЛ XV

Вось аб чым я даведаўся.

Джо курыў сваю люльку ў шынку «Трох Вясёлых Грабцоў» з чвэрці дзевятай гадзіны да без чвэрці дзесятай. Пакуль ён быў там, сястру бачылі ля дзвярэй нашай кухні: бачыў яе работнік аднаго фермера, які вяртаўся дадому і прывітаўся з ёю, праходзячы міма. Гэты чалавек не мог з дакладнасцю вызначыць час, калі ён яе бачыў, але ён цвёрда памятаў, што яшчэ не было дзевяці. Калі ў дзесяць гадзін без пяці хвілін Джо вярнуўся дадому, ён ужо знайшоў яе ляжачай на падлозе і пачаў зваць на дапамогу. Агонь у пакоі палаў яшчэ даволі ярка, і нагар у свечцы быў невялікі; аднак, свечка была пагашана.

Усё ў доме было цэла, і ў кухні не аказалася ніякага асаблівага непарадку, толькі свечка, якая стаяла на стале, была пагашана, ды падлога заліта крывёю. Але на месцы злачынства знайшлі адзін вельмі важны доказ. Удар быў нанесены ў галаву і спіну цяжкою тупой прыладаю, і было відаць, што, калі афяра ўжо ўпала, у яе кінулі яшчэ нечым цяжкім. І калі Джо падняў жонку, на падлозе каля яе аказаліся распілаваныя папалам нажныя кайданы.

Разгледзеўшы гэтыя кайданы спрактыкаваным вокам каваля, Джо абвясціў, што яны распілаваны даўно.

Ведаючы тое, што я ведаў, я, зразумела, зрабіў свае ўласныя вывады. Я быў упэўнены, што гэта кайданы майго катаржніка, тыя самыя, якія ён распілаваў на балоце, але я ні на хвіліну не прыпісваў яму самога злачынства. Я думаў, што хто-небудзь з дваіх аўладаў гэтымі кайданамі і скарыстаў іх для сваёй страшнай справы — або Орлік, або той незнаёмец, што паказваў мне цішком падпілак.

Што датычыць Орліка, дык ён сапраўды быў у горадзе, як гаварыў нам сустрэўшыся каля заставы, яго там бачылі ўвесь вечар у розных кампаніях і ў шмат якіх шынках, а вярнуўся ён са мною і з містэрам Вопслем. Супроць яго не было ніякіх доказаў, апрача нядаўняй сваркі, але-ж сястра тысячу разоў сварылася і з ім і з усімі суседзямі. З другога боку, не было доказаў і супроць незнаёмца. Калі ён прыходзіў за сваімі банкавымі білетамі, паміж ім і сястрою не магло быць някіх непаразуменняў, таму што сястра заўсёды была гатова вярнуць іх. Да таго-ж тут, як відаць, і не было ніякай сваркі: злачынец падкраўся так ціха і неўспадзеўкі, што яна ўпала, не паспеўшы нават павярнуцца.

Лонданскія паліцэйскія і сышчыкі тырчалі ў нас у доме каля двух тыдняў, але злачынца ўсё-такі не злавілі.

Яны ўжо даўно пакінулі нашу мясцовасць, а сястра ўсё яшчэ цяжка хворая. У яе быў пашкоджан зрок; прадметы дваіліся ў яе вачах, і яна хапала ўвабражаемыя кубкі і чаркі замест сапраўдных; слых і памяць таксама зусім аслабелі, а мова зрабілася амаль незразумелай. Каля яе трэба было заўсёды трымаць маю дошку, каб яна магла напісаць тое, чаго не магла растлумачыць словамі. Паколькі ў грамаце яна была не вельмі моцная, а Джо чытаў з грахом папалам, то паміж імі ўзнікалі частыя непаразуменні, вырашаць якія звычайна прыходзілася мне. Але і мне часта здаралася падаваць ёй мяса замест мяты, чулкі замест булкі ці клікаць Джо, калі патрэбна было заварыць чай.

Характар у яе змяніўся і палепшыўся: яна зрабілася цярплівай. Яе ўвесь час трэсла, гэта стала цяпер яе нармальным станам. Праз кожныя два-тры месяцы на яе нападаў стаўбняк; яна хапалася рукамі за галаву і аставалася часам цэлыя тыдні амаль без памяці. Мы не маглі прыдумаць, дзе знайсці для яе добрую сядзелку, пакуль нас не выратаваў выпадак. Бабуня містэра Вопсля перамагла нарэшце дурную прывычку жыць, з якою столькі год дарэмна змагалася, і Бідзі стала членам нашай сям‘і. Яна пачала адразу так спрытна даглядаць хворую, як быццам ведала яе з самага дзяцінства.

Першай перамогай Бідзі ў новай ролі было тое, што яна вырашыла задачу, перад якою я канчаткова станавіўся ўтупік, хоць шмат ламаў над ёю галаву. Сястра мая заўсёды малявала на дошцы нейкую фігуру, крыху падобную на сапсаванае друкаванае Т. Я перабіраў усе рэчы на Т, пачынаючы з трыножка і канчаючы таркаю, але ніяк не мог адгадаць. Нарэшце мне прышло ў галаву, што фігура нагадвала сабою малаток; калі я пракрычаў ёй у вуха гэта слова, яна пачала радасна стукаць па сталу, яўна падтрымліваючы маю здагадку. Я прынёс ёй адзін за адным усе малаткі, але аказалася зноў не тое; тады я ўспомніў пра кастыль, які меў такую-ж форму, збегаў за кастылём у вёску і паднёс яго сястры. Але яна так закруціла галавою, што мы спалохаліся, каб яна не вывіхнула шыі.

Калі сястра заўважыла, што Бідзі без намаганняў яе разумее, таемны знак зноў з‘явіўся на дошцы. Бідзі ўважліва паглядзела на яго, выслухала мае тлумачэнні, паглядзела, штосьці мяркуючы, на сястру, на Джо (які заўсёды абазначаўся на дошцы вялікім Д) і пабегла ў кузню; мы з Джо пайшлі за ёю.

— Ну, так, вядома! — усклікнула Бідзі з радасным тварам. — Хіба вы не бачыце, што яна яго патрабуе!

Орліка, зразумела! Яна забыла яго імя і абазначала яго, малюючы малаток. Мы сказалі яму, чаго клічам яго на кухню; ён не спяшаючыся паклаў свой малаток, выцер лоб рукавом, пасля фартухом і паплёўся, перавальваючыся і падгінаючы калені, той гультаяватай хадою, якой ён асабліва вызначаўся.

Прызнацца, я чакаў, што сястра выкрые яго, і адчуў некаторае расчараванне, убачыўшы зусім процілеглае. Хворая яўна выразіла жаданне быць з ім у прыязных адносінах, вельмі радавалася яго прысутнасці і паказвала знакамі, каб яго пачаставалі віном.


РАЗДЗЕЛ XVI

Цяпер пацякло для мяне звычайнае рабочае жыццё, якое не выходзіла за межы вёскі і балот. Адзінай рознастайнасцю ў гэту сумную эпоху былі для мяне дні майго нараджэння. У гэтыя дні я ішоў з візітам да міс Гевішам. Спатканні цягнуліся па некалькі хвілін, а калі я ўходзіў, яна на развітанне давала мне гінею і загадвала прыходзіць у наступны дзень майго нараджэння. У першы раз я прабаваў адмовіцца ад гінеі, але яна так злосна запыталася мяне, ці не чакаю я большага, што пасля гэтага я палічыў за лепшае браць яе грошы без усякіх пярэчанняў. Усё ў змрочным старым доме аставалася па-ранейшаму нязменным. Яго фантастычная абстаноўка ашаламляла мяне, збівала мяне з толку, і пад яе ўплывам я па-ранейшаму ад ўсяго сэрца ненавідзеў маё рамяство і сароміўся майго дома.

Паступова я пачаў заўважаць вялікую перамену ў Бідзі. Яе чаравікі ўжо не звальваліся з ног, доўгія валасы былі прыгладжаны, рукі заўсёды чыстыя. Яна не была прыгожая і не магла зраўняцца з Эстэлаю, але ў ёй было шмат дабраты, мілавіднасці і шчырай весялосці. Яна прабыла ў нас ужо каля года, калі, неяк раз увечары, я заўважыў, што ў яе незвычайна задуменныя, глыбокія вочы, вельмі прыгожыя і вельмі добрыя.

Яна ўхітралася весці адна ўсю нашу хатнюю гаспадарку і рабіла гэта вельмі добра.

— Як вы ўхітраецеся, Бідзі, — запытаўся я яе, — вывучаць усё, што і я, і ніколі не адставаць ад мяне?

Я ў гэты час пачынаў ганарыцца сваёю вучонасцю, таму што траціў на яе ўсе гінеі, якія атрымліваў у дзень нараджэння, і большую частку сваіх дробных грошай. Хоць цяпер я лічу, што тое нямногае, што я ведаў тады, было куплена вельмі дарагою цаною.

— Я магла-б вам задаць такое самае пытанне, — адказала Бідзі.

— Дык-жа ўсе бачаць, як я вечарамі, вярнуўшыся з кузні, бяруся за кнігу, а вас ніхто не бачыць за кнігаю!

— Мабыць, пытанне прыстае да мяне, як кашаль, — адказала спакойна Бідзі і ўзялася за шыццё.

Я ўспомніў, што яна вельмі добра ведала ўсе тэрміны нашага рамяства, назвы ўсялякіх кавальскіх работ і інструментаў. Адным словам, усё, што ведаў я, ведала і Бідзі.

— Вы з тых людзей, Бідзі, якія ўмеюць карыстацца ўсякім зручным выпадкам. Да паступлення к нам у вас не было такіх выпадкаў, і паглядзіце, як вы ўдаскаваліліся.

Бідзі мільком зірнула на мяне, не пакідаючы шыць.

— Аднак-жа я была першым вашым настаўнікам. Хіба не праўда? — запытала яна.

— Бідзі! — усклікнуў я са здзіўленнем. — Вы плачаце!

— І не думаю! — сказала ўсміхаючыся Бідзі. — Адкуль вы гэта ўзялі?

Але я бачыў, як сляза скацілася на яе работу. Я сядзеў моўчкі, прыпамінаючы цяжкія абставіны, якія акружалі яе ва ўбогай маленькай крамцы, успомніў шумныя вячэрнія ўрокі і няшчасную старую разваліну, з якою ёй прыходзілася заўсёды вазіцца. І я падумаў, што, мабыць, нават і ў тыя злашчасныя часы ў Бідзі ўжо таілася ўсё тое, што развівалася цяпер. Нездарма-ж я, пры першым-жа нездавальненні сабою, звярнуўся за дапамогаю да яе і лічыў гэта зусім натуральным.

— Вось што, Бідзі, — сказаў я, — будзем мы з вамі часцей гутарыць, як бывала даўней, і я буду заўсёды раіцца з вамі, як раней. Хадзем у наступную-ж нядзелю гуляць на балоты і там добра пагаворым.

Сястру мы ніколі не пакідалі адну; але Джо вельмі ахвотна ўзяўся даглядаць яе ў нядзелю, і мы з Бідзі пайшлі гуляць. Было лета, і надвор‘е стаяла цудоўнае. Дайшоўшы да ракі, мы селі на беразе; хвалі мякка ўдараліся каля самых нашых ног, і ад гэтых гукаў цішыня, панаваўшая навокал, здавалася яшчэ больш поўнаю. Я рашыў, што гэта зусім зручны час і месца для шчырай гутаркі з Бідзі.

— Бідзі, — пачаў, я, узяўшы ад яе слова, што гэта астанецца паміж намі, — я хочу стаць джэнтльменам.

— А я ні за што-б не захацела гэтага, калі-б была на вашым месцы, — усклікнула яна. — Вось ужо не варта!

— Але, Бідзі, — казаў далей я з некатораю суровасцю, — у мяне ёсць асаблівыя прычыны жадаць стаць джэнтльменам.

— Вядома, вам відней, Піп, але няўжо вы думаеце, што вы былі-б тады шчаслівейшы, чым цяпер?

— Бідзі, — усклікнуў я нецярпліва, — цяпер я зусім не шчаслівы. Мне апрыкрылі і маё жыццё, і маё рамяство. З таго часу як я запісан у падмайстры, я зненавідзеў і адно і другое. Я ніколі не буду і не магу быць шчаслівым, пакуль буду весці такое жыццё, якое вяду цяпер.

— Гэта шкада, — сказала Бідзі, сумна ківаючы галавою.

Я сам часта думаў, што гэта шкада, і цяпер, калі Бідзі выказала мне свае ўласныя пачуцці, я гатоў быў заплакаць ад прыкрасці і роспачы. Я сказаў ёй, што яе праўда і што я сам ведаю, як гэта сумна, але што дапамагчы гэтаму немагчыма.

— Калі-б я толькі мог прымірыцца са сваім лёсам і хоць напалову палюбіць кузню так, як я любіў яе ў дзяцінстве, я ведаю, што гэта было-б лепш для мяне. Я скончыў-бы вучэнне, стаў-бы таварышам Джо, а потым, можа, жаніўся-б з вамі, і мы сядзелі-б па нядзелях на гэтым самым беразе зусім іншымі людзьмі. Я-ж гадзіўся-б для вас, Бідзі, ці не праўда?

Бідзі ўздыхнула, паглядзела на плыўшыя міма караблі і адказала: «Так, я не надта пераборлівая». Гэта было не асабліва прыемна, але я ведаў, што яна не хацела сказаць нічога крыўднага.

— І замест таго, — казаў далей я, — вось я які! І нездаволены, і непакойны, і… вядома, тое, што я такі грубы і неачэсаны, мяне-б зусім не закранала, калі-б мне ніхто гэтага не казаў.

Бідзі рэзка павярнулася да мяне і паглядзела на мяне.

— Не зусім было далікатна гэта гаварыць, ды і не справядліва да таго-ж, — сказала яна. — Хто гэта сказаў вам?

Я сканфузіўся, таму што гэтыя словы неяк самі сабою сарваліся ў мяне з языка, але адступаць было позна.

— Мне гэта сказала прыгожанькая маладая лэдзі ў міс Гевішам. Лепш за яе няма нікога на свеце. Я страшэнна ў яе закаханы і толькі дзеля яе хочу быць джэнтльменам.

— Вы хочаце стаць джэнтльменам для чаго? Каб дасадзіць ці каб спадабацца ёй? — спакойна запыталася Бідзі, крыху памаўчаўшы.

— Не ведаю, — адказаў я.

— Таму што калі гэта для таго, каб дасадзіць ёй, — казала далей Бідзі, — дык мне здаецца, што гэта можна зрабіць больш пэўна, а галоўнае больш благародна, не звяртаючы ўвагі на яе словы. Калі вы хочаце спадабацца ёй, то я думаю, — думаю, што яна не варта гэтага.

Іменна так і я сам думаў не раз, і гэта мне было зусім ясна ў гэтую хвіліну.

— Можа быць, усё гэта і праўда, — сказаў я Бідзі, — але я страшэнна ў яе закаханы.

З гэтымі словамі я ўткнуўся тварам у зямлю, запусціў абедзве рукі ў валасы і пачаў неміласэрдна іх рваць, увесь час усведамляючы, да якой ступені неразумна і недарэчы маё сардэчнае гора.

Бідзі не прабавала больш угаварваць мяне, але працягнула сваю харошую, хоць і агрубелую ад работы ручку і пачала ласкава гладзіць мяне па плячу, а я не пакідаў раўсці, уткнуўшы твар у рукаў.

— Я рада аднаму, — сказала Бідзі: — таму, што вы адважыліся прызнацца мне, Піп, і яшчэ таму, што я заслугоўваю вашага давер‘я, і вы гэта ведаеце. Можаце быць спакойны, я захаваю вашу тайну. Калі-б ваш першы настаўнік мог і цяпер быць вашым настаўнікам, здаецца, ён ведаў-бы, які задаць вам урок. Але гэты ўрок не лёгкі, і потым вы ўжо апярэдзілі вашага настаўніка, так што не варта гаварыць аб гэтым.

Спакойна ўздыхнуўшы, Бідзі ўстала і ўжо зусім іншым, свежым і вясёлым голасам запытала:

— Што-ж, пойдзем далей ці вернемся дадому?

— Бідзі! — усклікнуў я, абнімаючы яе за шыю і цалуючы. — Я заўсёды буду гаварыць вам усё.

— Пакуль не зробіцеся джэнтльменам, — сказала Бідзі.

— Але-ж вы ведаеце, што гэтага ніколі не будзе, значыць — заўсёды. Аднак, што я вам буду, гаварыць? Вы і так ведаеце ўсё, што ведаю я. Памятаеце, я вам ужо казаў у той вечар.

— Ах! — ціхенька ўздыхнула Бідзі, потым раптам павярнулася да мяне і паўтарыла ранейшым вясёлым тонам: — што-ж, пойдзем далей ці вернемся дадому?

Я сказаў: «пойдзем далей», і мы пайшлі. Ясны летні дзень хіліўся да вечара; надвор‘е было чароўнае. Я пачаў раздумваць, ці не было маё становішча пры цяперашніх умовах больш натуральнае і разумнае, чым калі я гуляў у дурні пры свечках сярод белага дня ў пакоі са спыненым гадзіннікам, пагарджаемы Эстэлаю. Я задаваў сабе пытанне, ці не здаецца мне, што, калі-б была са мною ў гэтую хвіліну не Бідзі, а Эстэла, яна здолела-б атруціць мне гэты вечар? Я павінен быў прызнацца, што не толькі так думаю, але цалкам упэўнен у гэтым, і я сказаў сабе: «Які-ж ты дурань, Піп!»

Бідзі ніколі нікога не зневажала і не была капрызная, а заўсёды спакойная; ёй не магло-б быць прыемна мучыць мяне; яна хутчэй зрабіла-б балюча сабе, а не мне. Як-жа магло здарыцца, што я любіў яе менш, чым Эстэлу?

— Бідзі, — сказаў я, калі мы павярнулі дадому, — мне вельмі-б, вельмі хацелася, каб вы накіравалі мяне на правільны шлях.

— І мне таксама, — сказала Бідзі.

— Калі-б я мог закахацца ў вас! Вы не гневаецеся за маю шчырасць? Мы-ж старыя знаёмыя, Бідзі.

— Вядома, не! — сказала Бідзі. — Ды і не ва мне справа. Але вы ніколі не закахаецеся ў мяне.

Цяпер мне гэта здавалася менш немагчымым, чым некалькі гадзін назад. Таму я сказаў ёй, што далёка ў гэтым не ўпэўнен. Але Бідзі сказала, што яна ў гэтым упэўнена, і сказала вельмі рашуча.

Калі мы падышлі да могілак, нам прышлося перайсці грэблю і пералезці плот каля шлюза. Раптам невядома адкуль проста перад намі выскачыў стары Орлік.

— Эге, — прабурчэў ён, — куды гэта вы ідзеце?

— Як куды? Вядома, дадому.

— Дык я праводжу вас.

Бідзі вельмі не хацелася, каб ён ішоў з намі, і яна шапнула мне: «не дазваляйце яму ісці з намі, я яго не люблю». Паколькі я таксама недалюбліваў яго, то і сказаў яму, што мы вельмі яму ўдзячны, але не маем патрэбы ў праважатых. У адказ на мае словы ён гучна засмяяўся і адстаў ад нас, але неадступна кандыбаў, за некалькі крокаў ззаду.

Мне хацелася даведацца, ці не падазрае яго Бідзі ў замаху на маю сястру, і я запытаўся ў яе, за што яна яго не любіць.

— За што? — паўтарыла яна, зірнуўшы на яго цераз плячо. — За тое, што — баюся — ён любіць мяне.

— Хіба ён калі-небудзь вам гаварыў? — запытаўся я з абурэннем.

— Не, — адказала Бідзі, паглядаючы са страхам назад цераз плячо, — не, ён мне не гаварыў, але ён заўсёды скача перада мною, як толькі ўбачыць, што я на яго гляджу.

Якім новым і своеасаблівым ні быў гэты спосаб праяўлення закаханасці, я ніколькі не сумняваўся, што Бідзі правільна зразумела яго значэнне. Я страшэнна раззлаваўся на старога Орліка за тое, што ён асмеліўся закахацца ў яе, так раззлаваўся, нібы ён зняважыў мяне.

— Але вам-жа гэта ўсёроўна, — заўважыла спакойна Бідзі.

— Зусім правільна, але не магу не сказаць вам, Бідзі, што ў мяне быў-бы вельмі дрэнны на вас погляд, калі-б ён скакаў з вашага дазволу.

З гэтага дня я зорка сачыў за Орлікам, і, як толькі яму здараўся зручны выпадак паскакаць перад Бідзі, я станавіўся перад ім і перашкаджаў яго дэманстрацыям. Ён вельмі добра разумеў мае пачуцці да яго і адказваў мне тым-жа, у чым я пазней меў выпадак пераканацца.

І цяпер бывалі хвіліны, калі я пераконваўся, што Бідзі нязмерна лепшая за Эстэлу і што мне зусім няма чаго сароміцца таго простага, сумленнага, працоўнага жыцця, якое адно магло даць мне і шчасце і самапавагу. У такія хвіліны я быў цвёрда ўпэўнен, што мая халоднасць у адносінах да мілага Джо і да кузні зусім прайшла і што мяне чакае радасная будучыня, як кампаньёна Джо і мужа Бідзі. Але раптам пракляты ўспамін аб гадзінах, праведзеных у міс Гевішам, падымаўся ва мне, і ўсе добрыя думкі разляталіся без следу. І часта дзікая мара, што, можа быць, міс Гевішам наладзіць мой лёс, калі скончыцца тэрмін майго вучэння, зноў падымала ў маёй галаве хаос, у якім я канчаткова не мог разабрацца.

Я думаю, што калі-б нават я бесперашкодна адбыў увесь тэрмін свайго вучэння, то і тады не здолеў-бы разабрацца ў сваіх супярэчнасцях, але вучэнне маё было раптоўна перапынена абставінамі, да выкладання якіх я і маю намер цяпер перайсці.


РАЗДЗЕЛ XVII

Гэта здарылася на чацвертым годзе майго вучэння ў Джо. Аднаго разу ўвечары, у суботу, група звычайных наведвальнікаў сабралася каля агеньчыка ў шынку «Трох Вясёлых Грабцоў»; містэр Вопсль чытаў уголас са справаздачы аб нейкім забойстве, змешчанай у газеце, і ўсе ўважліва слухалі. У ліку іншых слухачоў быў і я.

Я заўважыў незнаёмага джэнтльмена, які сядзеў супроць мяне, прыхіліўшыся да спінкі крэсла. На твары яго быў выраз пагарды, і ён пакусваў свой тоўсты ўказальны палец, сочачы вачыма за ўсёй групай.

— Вельмі добра, — сказаў незнаёмец містэру Вопслю, калі чытанне закончылася. — Вы, значыцца, усё парашылі к агульнаму задавальненню.

Усе здрыгануліся і азірнуліся на незнаёмца. Ён глядзеў халодна і насмешліва.

— Вінават, значыцца? — сказаў ён. — Ну, не хітруйце, кажыце прама.

— Сэр, — адказваў містэр Вопсль, — не маючы чэсці быць з вамі знаёмы, асмелюся, аднак, сказаць: «Так, вінават».

Тут усе набраліся храбрасці і пацвярджальным тонам прамычэлі нашу згоду.

— Я ведаў, што вы гэта скажаце гаварыў незнаёмец. — Ці вядома вам, што па законах Англіі кожны прызнаецца невінаватым да таго часу, пакуль віноўнасць яго не будзе даказана?

— Сэр, — пачаў містэр Вопсль, — я сам англічанін і таму…

— Дазвольце, — перапыніў яго незнаёмец, кусаючы свой указальны палец, — не ўхіляйцеся ад адказу. Адно з двух: або вам гэта вядома, або не. Што-ж вы скажаце?

Пры апошніх словах ён адняў ад рота свой указальны палец і ткнуў ім у бок містэра Вопсля, нібы хацеў яго закляйміць.

— Ну, што-ж, — паўтарыў ён. — Вядома вам гэта ці невядома?

— Зразумела, вядома, — адказаў містэр Вопсль.

— Зразумела, вядома. Чаму-ж вы адразу не сказалі? Цяпер я задам вам другое пытанне. Ці вядома вам, што яшчэ ні аднаму з гэтых сведак не быў зроблен перакрыжаваны допыт?

Містэр Вопсль быў у замяшанні і з прычыны гэтага пачаў значна падаць у нашых вачах.

— Калі ласка, я вам дапамагу, — казаў далей незнаёмы. Зірніце на паперу, якую вы трымаеце ў руцэ. Ці не тая гэта газета, якую вы толькі што чыталі? — казаў далей незнаёмец у вышэйшай ступені саркастычным і пагардлівым тонам.

— Тая самая.

— Тая самая? Дык звярніцеся да гэтай газеты і скажыце мне, ці не сказана тут зусім выразна, што падсудны па парадзе адвакатаў, прызначаных яму судом, адкладвае сваю абарону. Ну што, знайшлі?

— Вось гэтае месца, — сказаў містэр Вопсль.

— Цяпер прасачыце ўсё, што тут напісана, і скажыце мне, ці не зусім ясна, што, па заяве падсуднага, прызначаныя яму судом адвакаты раілі яму адкласці сваю абарону! Сказана гэта тут ці не?

— Так, — сказаў містэр Вопсль.

— Так, — паўтарыў незнаёмец, звяртаючыся да астатніх прысутных і ўказваючы правай рукой на сведку Вопсля. — Цяпер я запытаюся вас, што вы скажаце пра сумленне чалавека, які, прачытаўшы гэтае месца, можа спакойна заснуць пасля таго, як абвінаваціў у забойстве свайго бліжняга, нават не выслухаўшы яго?

Цяпер мы канчаткова былі пераконаны, што злашчасны Вопсль зайшоў надта далёка і што яму трэба было-б звярнуць з гэтага згубнага шляху, пакуль яшчэ не позна.

Незнаёмы джэнтльмен з выглядам бясспрэчнага аўтарытэту ўстаў з свайго месца і памясціўся паміж двума лаўкамі супроць агню. Тут ён прастаяў некалькі хвілін, трымаючы левую руку ў кішэні і кусаючы ўказальны палец правай.

— Па атрыманых мною вестках, — сказаў ён, нарэшце, азірнуўшыся на нас (мы пачалі проста трапятаць перад ім), — я маю падставу думаць, што ў ліку прысутных знаходзіцца каваль па імені Джозеф ці Джо Гарджэры. Дзе гэты чалавек?

— Тут, — сказаў Джо.

Незнаёмы джэнтльмен падазваў яго да сябе, і Джо падышоў.

— У вас ёсць падручны, — казаў далей незнаёмы. — Яго звычайна завуць Піпам. Тут ён?

— Тут, — адазваўся я.

Незнаёмец не пазнаў мяне, але я пазнаў у ім таго пана, якога сустрэў на лесніцы ў міс Гевішам у часе другога свайго наведвання.

— Я жадаў-бы пагутарыць з вамі без сведак, — сказаў ён. — Я затрымаю вас нядоўга. Можа, нам лепш было-б пайсці да вас дадому. Мне не хацелася-б гаварыць пры ўсіх; пасля вы можаце расказаць вашым прыяцелям, што знойдзеце патрэбным. Гэта мяне не датычыць.

Сярод усеагульнага неўразумення і маўклівасці, мы вышлі ўтраіх з шынка «Трох Вясёлых Грабцоў» і моўчкі накіраваліся да нашага дому.

Наша нарада адбывалася ў парадным гасціным пакоі, слаба асветленым адной свечкаю. Пачалася яна з таго, што незнаёмы джэнтльмен сеў за стол, падсунуў да сябе свечку і пачаў праглядаць заметкі ў сваёй запісной кніжцы. Затым ён адклаў кніжку, адставіў свечку і пачаў пільна ўглядацца то ў мяне, то ў Джо, стараючыся разглядзець нас у цемнаце.

— Мяне завуць Джагерс, — сказаў ён, — я адвакат з Лондана, і імя маё даволі вядома. У мяне да вас не зусім звычайная справа, і я проста заяўляю, што выконваю яе па даручэнню. Калі-б у мяне папрасілі парады, мяне не было-б тут.

Ён устаў і ўпёрся каленам у сядзенне крэсла, а тулавам прыпёрся да спінкі. Стоячы такім чынам на адной назе і апіраючыся на калена другой, ён казаў далей:

— Ну, Джозеф Гарджэры, я з‘яўляюся да вас з прапановаю адпусціць гэтага маладога чалавека, вашага вучня. Ці згодзіцеся вы знішчыць вашу ўмову з ім па яго жаданню і дзеля яго карысці і ці запатрабуеце за гэта якой-небудзь узнагароды?

— Крый божа, каб я патрабаваў чаго-небудзь за тое, што не стану перашкаджаць шчасцю Піпа, — сказаў Джо, шырока раскрыўшы вочы.

— «Крый божа» гучыць вельмі набожна, але не пасуе да справы. Пытанне ў тым: ці жадаеце вы атрымаць што-небудзь? Ці патрэбна вам што-небудзь?

— Я ўжо адказаў вам: «не», — прагаварыў сурова Джо.

— Вельмі добра, — сказаў містэр Джагерс. — Памятайце-ж, што вы сказалі, і не ўздумайце потым адмовіцца ад сваіх слоў.

— Хто-ж думае адмаўляцца? — запярэчыў Джо.

— Я і не кажу, што хто-небудзь думае. Звяртаюся да гэтага маладога чалавека. Я павінен паведаміць яму, што яго чакае бліскучая будучыня.

Мы з Джо разявілі раты і пераглянуліся.

— Мне даручылі паведаміць яму, — казаў далей містэр Джагерс, паказваючы на мяне пальцам, — што ён атрымае добрае забеспячэнне. Далей, што ўладальнік гэтага забеспячэння жадае, каб ён зараз-жа пакінуў цяперашні стан жыцця, паехаў адсюль і быў выхаван, як належыць джэнтльмену, інакш кажучы, як малады чалавек з вялікімі чаканнямі ў будучым.

Мае мары збываліся; рэчаіснасць перавысіла самыя смелыя мае фантазіі. Міс Гевішам мела намер наладзіць маю будучыню, не шкадуючы сродкаў.

— Цяпер, містэр Піп, — казаў далей адвакат, — усё, што я маю яшчэ сказаць, датычыць асабіста вас. Па-першае, асоба, якая ўшанавала мяне сваім давер‘ем, ставіць абавязковай умоваю, каб вы заўсёды называліся Піпам. Спадзяюся, што вы нічога не маеце супроць таго, каб вашы вялікія чаканні былі абмежаваны такою лёгкаю ўмовай. Але калі вы маеце зрабіць якія-небудзь пярэчанні, дык прашу зрабіць іх зараз-жа.

Я ледзь мог прамармытаць, што не маю ніякіх пярэчанняў.

— Я думаю! Цяпер па-другое. Вам трэба зразумець, містэр Піп, што імя асобы, якая так шчодра асыпае вас сваімі дабрадзеяннямі, павінна застацца для вас тайнаю да таго часу, пакуль яна сама не пажадае адкрыць яго вам. Я ўпаўнаважан абвясціць вам, што гэтая асоба мае намер паведаміць аба ўсім вам асабіста пры першым зручным выпадку. Дзе і калі будзе ажыццёўлен гэты намер — я не ведаю; ды і ніхто не можа гэтага ведаць. Можа быць, да таго часу пройдуць цэлыя гады. Але вы павінны раз назаўсёды запомніць, што вам строга забараняецца дазнавацца аб гэтай асобе ці рабіць якія-б то ні было намёкі, хоць-бы самыя далёкія, у вашых зносінах са мною, на каго-б то ні было, як на вашага мяркуемага дабрадзея. Калі ў вас зародзіцца падазронасць, трымайце яе пры сабе. Такія вось умовы. Выкананне іх для вас абавязкова; гэта апошняе, што мне даручана пераказаць вам ад імя асобы, даверыўшай мне гэтую справу і ў адносінах да якой я не маю ніякай іншай адказнасці. Умовы, здаецца, не цяжкія, прымаючы пад увагу тое, што вас чакае, але калі вы маеце што-небудзь запярэчыць, дык прашу вас зрабіць гэта цяпер-жа.

Я яшчэ раз прамармытаў, што мне няма чаго запярэчыць.

— Думаю, што так! Цяпер, містэр Піп, я скончыў з папярэднімі ўмовамі, і мы пяройдзем да падрабязснасці. Хоць я не раз ужываў слова «чаканні», тым не менш вы не павінны думаць, што справа абмяжоўваецца аднымі чаканнямі. Мне ўжо ўручана некаторая сума, зусім дастатковая, каб прыстойна ўтрымоўваць і выхаваць вас. Прашу вас лічыць мяне вашым апекуном. Вы павінны атрымаць лепшае выхаванне, згодна з пераменаю ў вашым становішчы, і вы, вядома, разумееце ўсю важнасць і неабходнасць неадкладна скарыстаць гэтую перавагу.

Я сказаў, што заўсёды марыў аб гэтым.

— Тое, аб чым вы заўсёды марылі, містэр Піп, мяне не датычыць. Гэта справа мінулая. Даволі, калі вы жадаеце гэтага цяпер. Ці магу я прыняць ваш адказ за згоду зараз-жа пайсці пад кіраўніцтва якога-небудзь добрага настаўніка? Ну?

Я прамармытаў: так.

— Я ведаю аднаго настаўніка, які, як мне здаецца, падыходзіць для гэтай мэты, — сказаў містэр Джагерс. — Заўважце, я ні ў якім разе не рэкамендую яго, таму што ніколі нікога не рэкамендую. Джэнтльмен, пра якога я кажу, завецца містэр Мацью Покет.

А! Я зараз-жа ўспомніў гэта імя: сваяк міс Гевішам, той самы Мацью, каму падрыхтавана было месца ў галавах міс Гевішам, калі яна будзе ляжаць на стале.

— Вам знаёма гэта імя? — запытаў містэр Джагерс, хітра зірнуўшы на мяне.

Я адказаў, што чуў яго.

— А, вы чулі гэта імя; але пытанне ў тым, ці маеце вы што-небудзь супроць яго!

Я сказаў, што вельмі ўдзячны яму за яго рэкамендацыю.

— Рэкамендацыя — не падыходзячае слова, містэр Піп, падшукайце другое.

Тады я сказаў, што вельмі ўдзячны яму за тое, што ён указаў мне на містэра Мацью Покет.

— Вось гэта так! — усклікнуў містэр Джагерс. — І, мне здаецца, вам лепш за ўсё пачаць у яго дома. Я гэта ўладжу, а пакуль вы можаце пабачыць яго сына, які жыве ў Лондане. Калі вы думаеце адправіцца ў Лондан?

Зірнуўшы на Джо, які стаяў у поўным здрантвенні, я сказаў, што гатоў ехаць хоць зараз.

— Перш за ўсё вам трэба пашыць сабе новае плацце. Скажам, параз тыдзень. Вам спатрэбяцца грошы. Я магу пакінуць вам дваццаць гіней.

Ён надзвычай спакойна дастаў доўгі кашалёк, адлічыў грошы і падсунуў іх да мяне. Тут ён у першы раз зняў нагу з крэсла. Падсунуўшы мне грошы, ён усеўся на крэсла вярхом і, памахваючы кашальком, глядзеў на Джо.

— Ну, Джозеф Гарджэры! Вас нібы громам прыбіла.

— Ды яно так і ёсць, — адказаў рашуча Джо.

— Вы, здаецца, заявілі, што нічога не жадаеце для сябе.

— Так, заявіў, — сказаў Джо, — і заяўляю, і заўсёды астануся пры тым-жа рашэнні.

— А што вы скажаце, — казаў далей містэр Джагерс, памахваючы кашальком, — калі я абвяшчу вам, што мне даручана зрабіць вам падарунак у выглядзе ўзнагароды?

— Узнагароды за што? — запытаў Джо.

— За тое, што вы траціце яго паслугі.

Джо пяшчотна, як жанчына, дакрануўся рукою да майго пляча.

— Я і так ад усяго сэрца радуюся будучаму шчасцю Піпа, — сказаў ён, — і вызваляю яго так ахвотна, што не знаходжу для гэтага і слоў. Няўжо-ж вы думаеце, што грошы могуць узнагародзіць мяне за тое, што я разлучаюся з гэтым дзіцём, якое вырасла тут, у кузні, і заўсёды было лепшым маім другам!

Містэр Джагерс пакінуў махаць кашальком і сказаў, узважваючы яго на руцэ:

— Папярэджваю вас, Джозеф Гарджэры, што выпадак гэты вам здараецца ў апошні раз. Калі вы жадаеце ўзяць падарунак, які мне даручана вам уручыць, дык кажыце прама і бярыце. Калі-ж, наадварот, вы думаеце…

Але тут адвакат, на вялікае здзіўленне, быў спынены самім Джо, які нечакана падступіў да яго з відавочнымі адзнакамі рашучасці выклікаць яго на кулачную расправу.

— Я думаю, — крычаў Джо, — што калі вы з‘явіліся да мяне ў дом толькі для таго, каб дражніць мяне і здзеквацца з мяне, то выходзьце адзін на адзін. Вось што я думаю.

Я адцягнуў Джо, і ён у адзін міг супакоіўся, пасля чаго, звяртаючыся выключна да мяне, самым прыязным тонам заўважыў, што не дазволіць, каб яго дражнілі ва ўласным яго доме. У часе выхадкі Джо містэр Джагерс устаў і падаўся да дзвярэй. Не выказваючы ні малейшага намеру вярнуцца назад, ён тут-жа каля дзвярэй даў свае дадатковыя распараджэнні.

— Ну, містэр Піп, — сказаў ён, — паколькі вы збіраецеся быць джэнтльменам, то, я лічу, што чым хутчэй вы пакінеце гэты дом, тым будзе лепш. Няхай гэта будзе роўна праз тыдзень, тым часам я вам паведамлю свой адрас. Вы можаце з‘явіцца проста да мяне. Зразумейце, што ва ўсёй гэтай справе я не выказваю сваёй думкі ні за, ні супроць. Мне заплацілі, і я выконваю даручэнне. Зразумейце гэта добра, зразумейце і запомніце! — Ён, як відаць, збіраўся гаварыць яшчэ, але, знаходзячы Джо чалавекам небяспечным, палічыў за лепшае выйсці.

Мне прышла ў галаву адна думка, якая прымусіла мяне кінуцца за ім наўздагон.

— Выбачайце, містэр Джагерс.

— А! — усклікнуў ён, крута паварочваючыся. — У чым справа?

— Я жадаў-бы, містэр Джагерс, ва ўсім трымацца вашых указанняў, таму я палічыў за лепшае запытаць: маеце вы што-небудзь супроць таго, каб я перад ад‘ездам развітаўся са сваімі тутэйшымі знаёмымі?

— Не, — адказваў ён такім тонам, нібы не зусім добра мяне разумеў.

— Не толькі ў вёсцы, але і ў горадзе?

— Не, — сказаў ён, — я нічога не маю супроць гэтага.

Я падзякаваў яму і пабег дамоў. Я застаў Джо ў кухні ля каміна. Ён сядзеў, ахапіўшы калені і пільна гледзячы на агонь. Я таксама прысеў да агню і пачаў глядзець на палаючыя вуголлі, і мы доўга сядзелі так, не прамовіўшы ні слова.

Сястра сядзела ў мяккім крэсле ў сваім кутку. Бідзі шыла ля каміна, каля Бідзі сядзеў Джо, а каля Джо я. Чым далей цягнулася маўчанне, тым больш адчуваў я немагчымасць яго парушыць.

Нарэшце я запытаўся:

— Джо, ты расказаў Бідзі?

— Не, Піп, — адказаў Джо, не зводзячы вачэй з агню, — я пакідаю гэта табе.

— Не, Джо, скажы лепш ты.

— Ну, дык вось, Піп стаў цяпер багатым джэнтльменам.

Бідзі ўпусціда з рук работу і зірнула на мяне. Джо па-ранейшаму абнімаў свае калені і таксама глядзеў на мяне. Я пазіраў на іх абаіх. Потым абодва яны павіншавалі мяне, але ў іх віншаванні гучэў сум, і мне гэта было прыкра.

Я пастараўся ўнушыць Бідзі (а пры дапамозе яе і Джо), што мае прыяцелі не павінны распытваць пра майго невядомага дабрадзея. З часам усё высветліцца, заўважыў я, а пакуль не варта нічога расказваць, апрача таго, што ў мяне ёсць таямнічы дабрадзей і вялікія надзеі ў будучым. Бідзі задуменна кіўнула галавою на агонь і, узяўшыся зноў за шыццё, абвясціла, што яна дакладна выканае тое, што я сказаў. Услед за ёю і Джо, усё яшчэ абнімаючы калені, сказаў:

— На мяне, Піп, ты можаш спадзявацца.

Затым яны яшчэ раз павіншавалі мяне і пачалі без канца ахаць і здзіўляцца, як гэта я раптам стану джэнтльменам, што, прызнаюся, мне зусім не спадабалася.

Я ніколі-б не паверыў, калі-б не зазнаў сам, але, па меры таго як ранейшая весялосць варочалася да Бідзі і Джо, мне рабілася ўсё больш сумна. Вядома, я не мог быць нездаволены сваім лёсам, але вельмі магчыма, што быў нездаволены самім сабою, хоць і не ўсведамляў гэтага.

— Сёння субота, — сказаў я, калі мы ўселіся за вячэру з хлеба, сыру і піва. — Яшчэ пяць дзён — і прыдзе пярэдадзень майго ад‘езду. Яны хутка пройдуць.

— Так, Піп, — сказаў Джо, і голас яго адазваўся глуха і сумна ў кубку з півам, які ён не аднімаў ад рота, — так, яны хутка пройдуць.

— Хутка, хутка, — паўтарыла і Бідзі.

— Мне здаецца, Джо, што, калі я ў панядзелак пайду ў горад заказваць новае плацце, трэба будзе сказаць краўцу, што я сам прыду да яго на прымерку, ці каб ён аднёс яго да містэра Пембльчука. Будзе вельмі непрыемна, калі ўсе тутэйшыя пачнуць узірацца на мяне.

— Але містэр і місіс Гебль, напэўна, пажадаюць зірнуць на цябе ў джэнтльменскім убранні, — заўважыў Джо. — У «Вясёлых Грабцоў» гэта будзе прынята за найвялікшую прыязнасць.

— Вось гэтага-то мне і не хочацца, Джо. Яны зробяць з гэтага цэлую гісторыю, а я гэтага не цярплю.

— Ну, вядома, Піп, — сказаў Джо. — Калі ты не церпіш…

Але тут умяшалася Бідзі, трымаўшая ў руках талерку маёй сястры.

— Піп, а калі-ж вы пакажацеся містэру Гарджэры, вашай сястры і мне? Нам-жа вы пакажацеся, спадзяюся?

— Калі-б вы крыху пачакалі, Бідзі, то даведаліся-б што я збіраюся прынесці сюды ў клунку маё плацце як-небудзь надвячоркам, хутчэй за ўсё напярэдадні майго ад‘езду.

На гэта Бідзі нічога не адказала. Вялікадушна дараваўшы ёй яе віну, я ласкава пажадаў ім добрай ночы і пайшоў спаць. Увайшоўшы ў свой маленькі пакойчык, я сеў і доўга аглядаў гэты мізэрны кут, які неўзабаве мне прыдзецца пакінуць назаўсёды, каб заняць больш высокае становішча ў свеце. Я адчыніў акно і высунуўся на двор. Я бачыў, як Джо ціхенька вышаў з кухні і пачаў хадзіць па двары. Услед за ім вышла Бідзі з яго люлькаю, якую яна дапамагала яму раскурыць. Ён ніколі не курыў так позна; не цяжка было здагадацца, што з той ці іншай прычыны яму патрэбна было ўцяшэнне.

Ён стаў у дзвярах, якраз пада мною, пакурваючы сваю люльку, а побач з ім стаяла Бідзі. Яны спакойна гутарылі, і я ведаў, што яны гаварылі пра мяне, таму што некалькі разоў чуў, як абодва з любоўю вымаўлялі маё імя. Я не хацеў слухаць больш, калі-б нават і мог. Я адышоў ад акна і сеў на адзінае крэсла каля ложка, з сумам усведамляючы, што першая ноч маёй бліскучай будучыні была найбольш сумнай з усіх, праведзеных дагэтуль у гэтым пакойчыку. Зірнуўшы ў адчыненае акно, я ўбачыў лёгкія клубы дыму, якія ўзнімаліся ад люлькі Джо, і падумаў, што гэта было яго напутства на дарогу.

Я пагасіў свечку і лёг у пасцель; але гэта ўжо не была ранейшая выгодная пасцель, і ўжо ніколі больш я не спаў на ёй ранейшым здаровым сном.


РАЗДЗЕЛ XVIII

Раніца развесяліла мяне, і падарожжа, якое мяне чакала, уяўлялася мне зусім у іншым святле. Цяпер мяне больш за ўсё прыгнятала тое, што да майго ад‘езду аставалася цэлых шэсць дзён; я ніяк не мог адагнаць думкі, што за гэты час з Лонданам можа што-небудзь здарыцца і, калі я прыеду туды, акажацца, што ён або разбурыўся, або зусім знік з твару зямлі.

Пасля ранняга абеду я вышаў адзін з намерам абыйсці балоты і развітацца з імі назаўсёды.

Калі і раней я часта чырванеў ад сораму, успамінаючы маё знаёмства з беглым катаржнікам, якога калісьці бачыў я тут кандыбаўшым сярод магіл, дык якія-ж былі мае думкі ў гэтую нядзелю, калі, прышоўшы на балоты, я ўспомніў гэтага няшчаснага, абшарпанага, дрыжачага, закаванага ў кайданы і з пячаццю адвержанасці на ілбу. Мяне ўцяшала толькі тое, што гэта было вельмі даўно, што, напэўна, яго загналі куды-небудзь далёка і што ён памёр для мяне, а, можа быць, думаў я, яго і сапраўды ўжо няма на свеце.

Я накіраваўся да старой батарэі і прылёг там, каб абмеркаваць у адзіноце, ці не прызначае мяне міс Гевішам у мужы Эстэле, ды так і заснуў.

Прачнуўшыся, я вельмі здзівіўся, убачыўшы, што побач са мною, пакурваючы сваю люлечку, сядзіць Джо. Як толькі я расплюшчыў вочы, ён весела ўсміхнуўся і сказаў:

— Паколькі гэта ў апошні раз, Піп, дык я падумаў, ці не пайсці і мне за табою.

— Я вельмі рад, Джо, што ты прышоў.

— Дзякую, Піп.

Мы паціснулі адзін аднаму руку і я казаў далей:

— Ты можаш быць упэўнен, галубчык Джо, што я ніколі не забуду цябе.

— Годзе, годзе, Піп! — сказаў Джо супакойлівым тонам. — Я ў гэтым упэўнен. Бачыш, дружа мой, каб атрымаць такую ўпэўненасць, трэба было добра ўбіць гэта сабе ў галаву. А гэта штука не лёгкая і ўзяла ў мяне шмат-такі часу. Гэта-ж усё здарылася так нечакана — нібы абухом па галаве. Праўда, Піп?

Не ведаю чаму, але мне не асабліва падабалася, што Джо быў так упэўнен ва мне. Таму я пакінуў без адказу яго фразу, а сказаў:

— Як шкада, Джо, што ты так мала скарыстаў з нашых урокаў. Ці-ж не праўда?

— Дапраўды, не ведаю, — адказаў Джо. — Я такі тупы! Я майстар толькі на сваю справу. Мне заўсёды было сумна, што я такі тупы, і цяпер, бачыш, шкадую аб гэтым не больш, чым год таму назад.

Загаварыўшы аб мінулых уроках, я хацеў гэтым сказаць, што калі я пачну ўладаць сваёй маёмасцю і буду мець магчымасць аказаць якую-небудзь дапамогу Джо, то было-б куды прыемней, калі-б ён быў больш падрыхтаваны да таго высокага становішча ў грамадстве, якое яму прыдзецца заняць. Але ён па прастаце душы зусім нічога не зразумеў, і я рашыў пагаварыць аб гэтым з Бідзі.

— Я хочу вас прасіць, Бідзі, каб вы пры ўсякім зручным выпадку накіроўвалі патроху Джо.

— Накіроўваць? Куды? — запыталася Бідзі, пільна зірнуўшы на мяне.

— Вось бачыце: Джо добры хлопец, — я думаю нават, што дабрэйшага за яго і на свеце няма, — але ў некаторых адносінах ён адстаў, напрыклад, у адукацыі і манерах.

Хоць, гаворачы гэта, я глядзеў на Бідзі і хоць пры апошніх словах яна шырока раскрыла вочы, аднак на мяне яна не зірнула.

— О! манеры! Хіба яго манеры не добрыя? — запытала Бідзі, сарваўшы лісцік чорнай смародзіны.

— Дарагая Бідзі, тут яны вельмі добрыя.

— Тут яны добрыя, — перапыніла мяне Бідзі, уважліва разглядаючы сарваны лісцік.

— Выслухайце мяне да канца. Так, тут яны добрыя, але калі мне ўдасца перацягнуць яго ў больш высокую грамадскую сферу, што я і спадзяюся зрабіць, як толькі атрымаю абяцаныя мне багацці, то яго манеры не паслужаць к яго чэсці.

— І вы думаеце — ён гэтага не ведае? — запыталася Бідзі.

— Што вы хочаце гэтым сказаць, Бідзі?

Бідзі расцёрла ў руках свой лісцік — з таго часу пах чорнай смародзіны заўсёды напамінае мне гэты вечар у нашым садку — і сказала:

— Вам ніколі не прыходзіла ў галаву, што ён можа быць гордым?

— Гордым? — паўтарыў я напышліва і пагардліва.

— О, гордасць бывае розная, — сказала Бідзі, гледзячы мне ў вочы і ківаючы галавою. — Гордасць гордасці розніца…

— Ну! Што-ж вы замоўклі? — запытаў я.

— Гордасць гордасці розніца, — паўтарыла Бідзі. — Ён можа быць надта горды для таго, каб дазволіць каму-б то ні было адарваць сябе ад месца, на якім ён прыгодны і якое ён займае з чэсцю і дастойнасцю.

— Ведаеце, Бідзі, — сказаў я, — мне вельмі сумна бачыць у вас гэтую рысу. Я не думаў сустрэць яе ў вас. Вы зайздросціце, Бідзі. Вы нездаволены маім узвышэннем у свеце і не можаце ўтаіць гэтага.

— Калі ў вас хапае духу так думаць, дык, зрабіце ласку, кажыце.

— Калі ў вас хапае духу быць такою, — пачаў я з выглядам зняважанай дабрадзейнасці, — дык прынамсі не звальвайце віну на мяне. Мне вельмі сумна бачыць у вас гэтую… гэтую вельмі непрыгожую рысу чалавечай прыроды.

Бідзі вярнулася дадому, а я вышаў за калітку і ў нудным настроі прабадзяўся аж да вячэры. І мне зноў стала сумна і дзіўна, што і ў другую ноч майго бліскучага шчасця я адчуваў сябе такім-жа адзінокім і незадаволеным, як і ў першую.

Але раніца зноў развесяліла мяне. Адзеўшы параднае плацце, я адправіўся ў горад досвіткам і з‘явіўся да краўца містэра Траба. Містэр Траб у гэты час снедаў у пакойчыку за лаўкаю і не палічыў патрэбным выйсці да мяне, а паклікаў мяне да сябе.

— Ну-с, — сказаў містэр Траб ветліва-выбачальным тонам, — як маецеся і чым магу быць вам карысным?

— Містэр Траб, — сказаў я, — мне не асабліва прыемна гэта гаварыць, таму што вы можаце падумаць, што я выхваляюся, але ўсё-такі я павінен вам паведаміць, што атрымліваю даволі вялікае багацце.

— З намі хрэсная сіла!

— Я еду ў Лондан да свайго апекуна, і мне патрэбна добрая пара плацця, — сказаў я, нібы выпадкова вымаючы з кішэні некалькі гіней і паглядаючы на іх. — Я заплачу наяўнымі грашыма, — дадаў я, баючыся, каб ён не стаў адмаўляцца.

— Дарагі мой сэр, — сказаў містэр Траб, пачціва згінаючыся, і, расставіўшы рукі, злёгку дакрануўся пальцамі да маіх локцяў, — калі ласка, вы мяне крыўдзіце, гаворачы аб грошах. Магу я вас павіншаваць і папрасіць зрабіць мне ласку зайсці ў маю краму?

Пры дапамозе мудрых парад містэра Траба я выбраў сабе матэрыю і вярнуўся ў яго гасціны пакой, каб зняць мерку, таму што хоць у містэра Траба і была мая мерка, якая яго раней зусім задавальняла, але цяпер ён заявіў, што «пры існуючых абставінах яна нікуды не варта».

Пасля гэтага знамянальнага візіта я накіраваўся да капялюшніка, шаўца і ў магазін бялізны. Я зайшоў нават у кантору дыліжансаў і ўзяў сабе білет на суботу, на сем гадзін раніцы. Заказаўшы ўсё, што мне было патрэбна, я накіраваўся да містэра Пембльчука і, падышоўшы да яго жылля, убачыў яго каля дзвярэй.

Ён чакаў мяне з вялікім нецярпеннем. Аказалася, што ён з самай раніцы выехаў з дому, завярнуў у кузню і там даведаўся пра ўсе навіны. Ён падрыхтаваў для мяне закуску ў гасціным пакоі і загадаў свайму прыказчыку «не таптацца на дарозе», калі ў дзверы ўваходзіла мая свяшчэнная асоба.

— Дарагі мой друг, — сказаў містэр Пембльчук, узяўшы мяне за абедзве рукі, калі мы асталіся з ім удвух, за закускаю, — я вельмі рад вашаму шчасцю. Яно цалкам, цалкам заслужана.

Ён, што называецца, папаў у цэль, і я знайшоў, што ён выражаецца вельмі трапна.

— Адна думка, — далей казаў ён, крыху пасопшы ад захаплення, — адна думка, што я быў скромных сродкам вашага ўзвышэння, служыць для мяне дастатковай узнагародаю і напаўняе маё сэрца гордасцю.

Я прасіў містэра Пембльчука ўспомніць, што аб гэтым пункце забараняецца гаварыць нават намёкамі.

— Мой любы малады друг, — сказаў містэр Пембльчук, — калі толькі вы мне дазволіце так вас называць…

Я прамармытаў: «вядома», і містэр Пембльчук яшчэ раз узяў мяне за рукі, стараючыся прывесці сваю камізэльку ў рух, што магло-б выразіць душэўнае хваляванне, калі-б рабілася не на тым месцы, дзе ў яго знаходзіўся жывот.

— Мой любы, дарагі друг, — казаў далей містэр Пембльчук, — вы, напэўна, прагаладаліся, стаміліся. Прысядзьце. Вось кураня, прама з «Вепра», вось язык, таксама з «Вепра», — усё з «Вепра»; спадзяюся, вы імі не пагрэбуеце. Але няўжо-ж, — усклікнуў містэр Пембльчук, ускакваючы з крэсла, на якое ледзь паспеў прысесці, — няўжо-ж бачу я перад сабою таго, з кім я так часта гуляў у часы яго шчаслівага дзяцінства? І ці смею я?.. Ці смею я?..

— Гэта «ці смею я» азначала яго жаданне паціснуць мне руку. Я выказаў згоду, ён з палкасцю выканаў сваё жаданне і сеў.

— Вось віно, — сказаў містэр Пембльчук. — Вып‘ем удзячны тост у славу шчодрай фартуны і пажадаем, каб яна заўсёды так-жа справядліва выбірала сваіх любімцаў. Але я не магу, — усклікнуў містэр Пембльчук, зноў ускакваючы, — не магу бачыць перад сабою таго… І піць за здароўе таго… не выказаўшы яму яшчэ раз. Ці смею я?.. ці смею я?..

Я сказаў, што смее, і ён зноў паціснуў мне руку, выпіў кубак і перакуліў яго дагары дном. Я зрабіў па яго прыкладу, і, калі-б я сам перавярнуўся дагары нагамі, віно не магло-б мацней стукнуць мне ў галаву.

Я сказаў містэру Пембльчуку, што загадаў прынесці маё новае плацце да яго, і ён прышоў у захапленне ад такога знаку ўвагі. Я растлумачыў прычыны, якія прымушалі мяне пазбягаць повадаў да лішніх гаворак, і ён пачаў выхваляць маю скромнасць да неба. На яго думку, толькі ён адзін быў варт майго давер‘я і… адным словам… ці смее ён?..

Мы выпілі ўсё віно, і містэр Пембльчук разоў дваццаць паўтараў, што ён будзе накіроўваць Джозефа (у чым накіроўваць — рашуча не ведаю) і рабіць мне істотныя і пастаянныя паслугі (якія паслугі — таксама не ведаю). Апрача таго ён адкрыў мне ўпершыню Ў маім жыцці, — і трэба аддаць справядлівасць, да гэтага часу ён надзіва ўмела захоўваў гэтую тайну, — што ён заўсёды казаў пра мяне: «Гэты хлопчык — незвычайны хлопчык, і, папомніце мае словы, яго чакае незвычайная будучыня». Ён заўважыў са слязліваю ўсмешкай: «Як дзіўна ўспамінаць аб гэтым цяпер», і я ахвотна з ім згадзіўся. Нарэшце я вышаў на свежае паветра з невыразным усведамленнем, што сонца вядзе сябе неяк не так, як трэба было-б, і напалову сонны дацягнуўся да заставы, дрэнна разумеючы, куды іду.

Ачнуўся я ад воклічу містэра Пембльчука. Ён прабег даволі далёка па вуліцы, залітай сонечным святлом, і жэстамі запрашаў мяне спыніцца. Я спыніўся, і ён падышоў да мяне, зусім засопшыся.

— Не, мой дарагі друг, — пачаў ён, ледзь пераводзячы дух. — Не, я не магу не скарыстаць гэтага выпадку, каб яшчэ раз, у знак вашай прыхільнасці… Ці смею я, як стары друг і зычлівец?.. Ці смею я?..

Мы па меншай меры ў соты раз паціснулі адзін аднаму руку, і ён строга загадаў рамізніку, які праязджаў міма, даць мне дарогу. Потым ён благаславіў мяне і стаяў, махаючы мне рукою, пакуль я не завярнуў за вугал.

Так прайшлі аўторак, серада і чацвер, а ў пятніцу раніцою я адправіўся да містэра Пембльчука, каб надзець новае плацце і зрабіць візіт міс Гевішам. У маё распараджэнне быў адданы ўласны пакой містэра Пембльчука, упрыгожаны на гэты выпадак чыстымі ручнікамі. Вядома, новае плацце крыху абманула мае чаканні. Я думаю, што ўсе новыя плацці, асабліва тыя, якіх з нецярплівасцю чакаеш, заўсёды, з таго часу як носяць людзі плацці, крыху расчароўвалі сваіх уладальнікаў. Але, прабыўшы ў новым касцюме з поўгадзіны і прастаяўшы ў розных позах перад убогім люстэрачкам містэра Пембльчука, дарэмна стараючыся ўбачыць свае ногі, я пачаў лічыць, што плацце сядзіць на мне як быццам крыху лепш. У суседнім гарадку быў базар, і містэра Пембльчука не было дома. Я не сказаў яму, калі ад‘язджаю, і разлічваў, што да майго ад‘езду яму, напэўна, не здарыцца больш выпадку паціснуць маю руку. Я быў гэтаму вельмі рад і вышаў на вуліцу ў сваім новым адзенні, страшэнна канфузячыся прыказчыка, каля якога мне трэба было прайсці, бо мяне мучыла падазрэнне, што я прадстаўляю сабою даволі мізэрную фігуру і падобен на Джо ў яго святочным убранні. Я пайшоў у абход, па задніх вуліцах, дайшоў так да самага дома міс Гевішам і з вялікім намаганнем пазваніў, таму што мне перашкаджалі доўгія і каляныя пальцы пальчатак. Сара Покет адчыніла калітку і проста адхіснулася, убачыўшы, як я змяніўся, а твар яе зусім пазелянеў.

— Вы? — запыталася яна. — Гэта вы? Божа літасцівы! Што вам трэба?

— Я еду ў Лондан, міс Покет, — адказаў я, — і жадаю развітацца з міс Гевішам.

Мяне не чакалі, і таму яна пакінула мяне на двары ля зачыненай каліткі, а сама пайшла даведацца, ці можа міс Гевішам прыняць мяне. Крыху пачакаўшы, яна вярнулася, запрасіла мяне наверх і, пакуль мы падымаліся па лесніцы, увесь час пазірала на мяне шырока раскрытымі вачыма.

Міс Гевішам, абапіраючыся на свой кастыль, прагульвалася па пакою з доўгім накрытым сталом. Пакой і на гэты раз быў асветлены свечкамі, і, калі мы ўвайшлі, міс Гевішам павярнулася да нас і спынілася якраз супроць свайго згніўшага шлюбнага пірага.

— Не выходзьце, Сара, — сказала яна. — Ну, што скажаш, Піп?

— Я ад‘язджаю заўтра ў Лондан, міс Гевішам, — пачаў я, старанна абдумваючы свае словы, — я думаў, што вы не разгневаецеся, калі я зайду развітацца з вамі.

— Які ты франт, Піп, — сказала яна, апісваючы нада мною круг сваім кастылём.

— Мне выпала такое шчасце з таго часу, як я бачыў вас у апошні раз, міс Гевішам! — прамармытаў я, — і я за яго так удзячны, міс Гевішам!

— А-а! — праказала яна, гледзячы з захапленнем на анямеўшую ад зайздрасці Сару. — Я бачыла містэра Джагерса, ён мне казаў, Піп. Значыцца, ты едзеш заўтра?

— Так, міс Гевішам.

— І ты ўсыноўлен багатым чалавекам?

— Так, міс Гевішам.

— А не ведаеш, хто ён?

— Не ведаю, міс Гевішам.

— І містэр Джагерс прызначан тваім апекуном?

— Так, міс Гевішам.

Яна літаральна захлёбвалася пасля кожнага пытання і адказу ад той асалоды, якую дастаўляла ёй зайздроснае здзіўленне Сары Покет.

— Ну, што-ж, — казала далей яна, — цяпер перад табою бліскучая кар‘ера. Вядзі сябе добра, пастарайся заслужыць сваё шчасце і слухайся парад містэра Джагерса.

Яна зірнула на мяне, зірнула на Сару, і выгляд апошняй выклікаў у яе вачах выраз нейкага злоснага хітравання.

— Бывай, Піп! Ты назаўсёды захаваеш імя Піпа, гэта ты ведаеш?

— Так, міс Гевішам.

— Бывай, Піп!

Яна працягнула руку, я стаў на калені і прыціснуў яе к губам. Я не абдумваў загадзя, як буду я развітвацца з ёю, і гэта вышла ў мяне ў тую хвіліну неяк само сабою. Яна зірнула на Сару Покет злараднымі вачыма, і я так і пакінуў яе як яна стаяла, абапёршыся рукамі аб кастыль, сярод змрочна асветленага пакоя, каля згніўшага шлюбнага пірага, які зусім знікаў за тоўстаю сеткаю павуціння.

І вось гэтыя шэсць дзён, якія, здавалася мне, ніколі не пройдуць, праляцелі як адзін дзень, і заўтра глядзела проста мне ў вочы. У апошні вечар я, каб пацешыць Джо і Бідзі, надзеў новае плацце і сядзеў ва ўсім харастве да таго часу, пакуль пара было разыходзіцца. На гэты выпадак ў нас была гарачая вячэра з немінучай смажанай курыцай і нарэшце джын з мускатным арэхам. Усім нам было вельмі сумна, і нікому не ўдавалася здавацца вясёлым.

Я павінен быў выйсці з дому ў пяць гадзін раніцы з маленькім ручным чамаданчыкам і сказаў Джо, што жадаў-бы пайсці адзін. Баюся (і ўспамінаю аб гэтым з болем у сэрцы), што жаданне гэтае ўзнікла ў мяне ад невыразнага ўсведамлення таго кантраста, які быў-бы паміж мною і Джо, калі-б мы з‘явіліся разам у кантору дыліжансаў. Я стараўся ўпэўніць сябе, што ў маім жаданні не было нічога падобнага, але, калі я прышоў у свой маленькі пакой у гэтую апошнюю ноч, я павінен быў прызнацца, што гэта сапраўды так, і мне вельмі хацелася пайсці ўніз і папрасіць Джо праводзіць мяне заўтра. Але я не пайшоў.

Бідзі пачала так рана вазіцца з маім снеданнем, што не паспеў я прачнуцца, як пачуў пах дыму з кухні і ўскочыў з страшнай думкаю, што праспаў. Але яшчэ доўга пасля гэтага і доўга пасля таго, як зазвінелі чайныя кубкі і я ўжо быў зусім адзеты, я ўсё яшчэ не адважваўся сыйсці ўніз. Я аставаўся наверсе, адчыняючы і зачыняючы свой чамадан, пакуль нарэшце Бідзі не паклікала мяне, кажучы, што ўжо позна.

Я паснедаў як найхутчэй і без усякага апетыту. Ускочыўшы з-за стала, я сказаў спяшліва: «Здаецца, пара ўжо», як быццам гэтая думка толькі што прышла мне ў галаву. Я пацалаваў сястру, якая смяялася, ківала галавою і трэслася як заўсёды ў сваім крэсле, пацалаваў Бідзі і абняў Джо; потым узяў свой чамадан і вышаў. Пачуўшы за сабою нейкі шорах і азірнуўшыся ў апошні раз, я ўбачыў, што Джо кідае мне ўслед стары чаравік, а Бідзі другі. Я спыніўся і памахаў ім капелюшом. Мілы стары Джо махаў над галавою сваёй здаравеннаю праваю рукою і хрыпла крычаў «ура», а Бідзі выцірала фартухом слёзы.


Канец першай карціны вялікіх чаканняў Піпа.