Вялікая Беларуская Рада

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вялікая Беларуская Рада
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 30 кастрычніка 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).


Беларускі нацыянальны рух набірае сілы стыхійнасці. Нацыянальная свядомасць раптоўна абуджаецца не толькі сярод арміі, але і ў сёлах, вёсках і засценках. Адчуванне гэтай магутнай сілы нацыянальнага пачуцця моцна адбілася на чыннасці другой сесіі Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый, каторая, апіраючыся ўжо на рэальную сілу вайсковых арганізацый, абвясціла сябе Вялікай Беларускай Радай і выдзеліла з паміж сябе Выканаўчы Камітэт, каторы ў поўным зборы будзе складаць так званую Малую Раду. Пабудаваная на прынцыпах поўнага дэмакратызму, перадачы зямлі працоўнаму народу і абароны інтарэсаў работнікаў, Вялікая Рада можа сапраўды назваць сябе адпавядальным кіраўніком і прадстаўніком усяго беларускага руху і беларускай справы. І сама цяпер, калі анархія і гаспадарскае бязладдзе разліліся руйнуючай навальніцай па ўсяму цэнтру расійшчыны, беларускі народ утварыў сабе грунтоўны цэнтр, моцную, непарушную падвалу і, згуртаваўшыся ў адну згодную дэмакратычную сям’ю, здоляе захаваць сябе і свой край ад бязладдзя, калатні і заняпаду. Ён здолее зрабіць гэта — у гэтым парукай нам яго здаровы грамадзянскі інстынкт, гістарычнае мінулае і гаспадарнасць нашага хлебароба.

Многа перажыў беларускі народ, многа чорных дзён бачыла наша многапакутная старонка, але нішто не магло зламаць нашага народу. Ён заўсёды заставаўся самім сабою — цвёрдым, дужым, працавітым і гаспадарным. Здолее ён і цяпер абараніцца і захаваць сябе ў гэтым моры расійскай калатніны і руйнавання. Шмат ад чаго ўжо не можна ўхіліцца, паднявольнае суседства з Масквою не прамінулася для нас без шкадлівага ўплыву, але шмат што магчыма паралізаваць, калі кіраўнічыя Рады здолеюць стаць на пэўны грунт і ўтрымаюцца на высокасці свайго прызначэння. На жаль, сярод сябрукоў Выканаўчага Камітэту пападаюцца элементы саўсім выпадковыя, не разумеючыя вялікіх заданняў нацыянальнага адраджэння і зацікаўленыя больш дэмагагічным уплывам або няздольныя да рэальнай палітычнай і культурнай працы. І калі яны самі не сцямяць свае непатрэбнасці і нікчэмнасці там, дзе ўсё павінна гарэць святым агнём ахвярнасці ідэі адраджэння, дык час выцісне іх сам, як здаровы ачуньваючы арганізм выціскае з сябе ўсё шкадлівае і недарэчнае, што трапіла туды пад час яго кволасці і безбароннасці. Мы пэўны ў гэтым — мы пэўны, што кіраўніцтва Беларусі ачысціцца ад выпадковага, наводнага элементу, адшпурне яго прэч ад сябе і, набраўшыся аднастайнасці, згоднасці і святога закахання ў гвязду нашай айчыны, знойдзе сабе і адпавядальных, шчырых, з дзяржаўнай мудрасцю людзей і кіраўнічых. І будучы пракананыя ў дзяржаўнай здольнасці нашага народу, мы вітаем Вялікую Беларускую Раду і зычым ёй добрай параднасці на пачатку яе вялікай працы і ўсклікаем: «Няхай жыве вольная Беларусь!»