Вялікаруская дэмакратыя і яе адношанне да нацыянальнага пытання
Вялікаруская дэмакратыя і яе адношанне да нацыянальнага пытання Артыкул Аўтар: Тамаш Грыб 1925 Крыніца: [1] |
I
[правіць]У «Russische republikanische Tageszeitung» — «Дни», што выходзе ў Бэрліне пад рэдакцыяй д-ра М. М. Тэр-Пагасяна, у нумары 796 за 23 чэрвеня 1925 года, на бачынцы трэцяй даслоўна чытаемо: БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ
«Усе партыйныя канфэрэнцыі ды нарады нязьменна выносяць рэзалюцыі аб паглыбленьні працы па беларусізацыі ў Беларусі, — піша „Правда“ (18 чэрвеня 1925 года), — але тымчасам сярод самых беларускіх камуністаў адношаньне да гэных рэзалюцый плявацельнае. З боку радавога апарату гэтыя партыйныя рэзалюцыі спатыкаюць „пасыўны адпор“. Дзіўна неяк адносіцца і жыхарства: наклад газэт на беларускай мове падае». У Менску абывацель скардзіцца: «Зьлітуйцеся! Гвалтоўна навязваюць нам беларускую мову. Тэй мовы, у якой друкуюцца адпаведныя рэзалюцыі аб беларускай літаратуры, самі беларусы не разумеюць. На вёсцы сяляне не бяруць беларускіх газэт і кніг; яны іх не разумеюць». І гэта ня толькі абывацельскія гутаркі. «Узапраўды, — прызнаецца „Правда“, — на Беларусі, дзе ні кінь, — свая гаворка: полацкая, магілёўская, мазырская, слуцкая і г. д. І нават больш таго: што ні раён, то свая гаворка. Беларуская мова мейсцамі русыфікавалася, мейсцамі паланізавалася, мейсцамі аблітовілася. Адзінай паўсюдна ўжыванай народнай беларускай мовы не існуе. І нават літаратурная мова толькі цяпер выпрацоўваецца». Тым ня менш, «Правда» патрабуе, каб рэзалюцыі абавязкова спаўняліся. І зрабіць гэта, па яе думцы, вельмі проста: «трэба ў школах увесьці навучаньне ў той мове, якой пакуль што няма, але якая яшчэ толькі выпрацоўваецца». Газэта радзіць пры гэтым ня зьвяртаць увагі на незадаволеньне жыхарства: «Абывацель на то ўжо і абывацель, каб жыць і скардзіцца».
Гэтая кароткая зацемка «Дней» з’яўляецца вельмі характэрнай, яна характарызуе ня толькі тую палітыку ў разьвязаньні нацыянальнага пытаньня на ўсходзе Эўропы, якая праводзіцца газэтай «Правда», але і тую, якая праводзіцца газэтай «Дні». Аднолькава характерна, як для бальшавіцкага камісарадзяржаўя, гэтак і для рэспубліканскай расейскай дэмакратыі. Як на дзіва — у гэтым пытаньні яны маюць «адзіны фронт», іх злучае, крэпка зьвязвае ідэя рускай вялікадзяржаўнасьці, што нямінуча цягне за сабой падняволяньне іншых нацыяў: беларускай, украінскай, грузінскай. Узапраўды аб тым кажа зацемка газэты «Дні»?
Сьцьвярджаемо: 1) Беларускія народныя грамады вымагаюць «паглыбленьня беларусізацыі ў Беларусі». Гэта «нязьменна» выяўляецца ў нізавых партыйных канфэрзнцыях ды нарадах; 2) сярод беларускіх камуністаў «наверсе» адносіны да гэных рэзалюцый «зьнізу» — «плявацельныя»; 3) радавы апарат дамаганьням зьнізу робіць «пасыўны адпор»; 4) супраць беларусізацыі «абывацель» актыўна пратэстуе; 5) «Правда», а за ёй і «Дні» даводзяць, што беларускай мовы «ня існуе»; 6) яны робяць з гэтага лёгічны высновак, што раз няма беларускай мовы, то ня можа быць і беларускай школы, з чаго вынікае, што ня можа быць ніякай «беларусізацыі»; 7) «Правда» прыводзіць доказы, што беларускай народнай мовы ня існуе, радзіць усё-ж такі ня лічыцца з «абывацелямі», а прыслухоўвацца да рэзалюцый «зьнізу» і ўводзіць у школах навучаньне на беларускай мове, якой, па яе думцы, ня існуе, але якая «цяпер выпрацоўваецца»; само сабой, пакуль яшчэ беларуская мова ня выпрацавана, то ў істотнасьці навучаньне павінна адбывацца ў мове рускай, бо-ж ня можа адбывацца навучаньне ў мове, якой ня існуе, а якая толькі яшчэ «выпрацоўваецца». А калі яна «выпрацуецца», то гэтага ніхто ня ведае. Як бачымо, падыход да пытаньня «паглыбленьня беларусізацыі» ў газэтаў «Правда» і «Дни» ёсьць розны, але высновак адзіны і той самы: цяпер беларуская школа існаваць ня можа, бо няма такой выпрацаванай беларускай мовы. Розьніца палягае толькі ў тым, што рэспубліканска-дэмакратычныя «Дні» адкрыта гэта кажуць, а камуністычна-бальшавіцкая «Правда» па-іезуіцку хітрыць, прыкрываецца крыклівым словам «беларусізацыя», фактычны зьмест якога ёсьць «русіфікацыя». Бо што азначае «беларусізацыя», за якую быццам так стаіць «Правда», калі тая-ж самая «Правда» аж са скуры лезе, аж пацее ад натугі, прыводзячы доказы, што аніякай беларускай мовы няма? У гэтым і ёсьць фальш, мана і ашуканства расейскіх камуністаў-бальшавікоў, але разам з тым і іх трусьлівасьць і слабасьць. Яны ня могуць проста і адкрыта сказаць, што уласна яны думаюць, ня маюць адвагі, бо гэта б азначала ісьці супраць беларускіх грамад, якія адкрыта і катэгарычна вымагаюць уцелаішчэньня сваіх «прыродных правоў». Дзеля гэтага яны пускаюцца на розныя хітрыкі, прыдумляюць розныя тактычныя ходы, «лавіруюць» — абы толькі ашукаць прыгнечаны імі ды падняволены народ, абы яшчэ пратрымацца ў руля дзяржаўнай улады, але ўсё мае свае межы за якія, як ні хітры — ўсёроўна ня пераскочыш, або, як гэта кажа наша прыказка: «Хоць як ты там ня круціся, калі прыцісьне, дык здасіся». Пад ціскам усё ўзрастаючай народнай стыхіі, якая штораз прымае ўсё больш выразныя рысы сваёй нацыянальна-самаістай індывідуальнасьці, расейскія камуністы-бальшавікі, а разам зь імі і іх парабкі — беларускія камуністы-бальшавікі — змушаны шукаць усё новыя і новыя спосабы, каб заўладаць стыхіяй, трымаць у няволі свайго камісарска-дыктатарскага рэжыму. Але да апошняга часу ім гэта ўдавалася. Ашуканствам і крывёю трымалі яны народ у пакоры. Адным з многіх спосабаў ашуканства ёсьць «беларусізацыя», якая цяпер праводзіцца. І знаходзяцца наіўныя людзі, якія шчыра ў гэта вераць, яны вераць у шчырасьць расейскіх камуністаў-бальшавікоў, вераць, што «беларусізацыя» ўзапраўды праводзіцца. Што-ж, няхай вераць у гэта, калі ніякія доказы ў цяпершчыне іх ня пераконваюць, тым з большай шчырасьцю яны неўзабаўным часе разчаруюцца. Канфлікт паміж «вярхамі» і «нізамі» ў Радавай Беларусі існуе — мы гэта сьцьвердзілі. Гэты канфлікт будзе ўзрастаць, будзе паглыбляцца. Настане час адкрытага змаганьня. Аднак няхай ня думаюць «Дни», што сваім адкрытым выступленьнем супраць «беларусізацыі», а разам з тым наогул супраць беларускай школы, супраць беларускай мовы, супраць беларускай нацыі прыдбаюць сабе прыхільнікаў. сярод беларускіх народных грамад. Не, гэта ёсьць выключаная магчымасьць. «Мы ўжо ня тыя!..» Беларускі народ, паўстаўшы супраць тыранства расейскіх камуністычна-бальшавіцкіх камісараў за ўцелаішчаньне сваіх прыродных правоў на волю ды незалежнасьць, пэўна-ж, не пажадае над сабьй апекі расейскай рэспубліканскай «дэмакратыі». Гэта больш чым ясна. Мо’ прыдбае сымпатыі «абывацеля»? Хто гэта: мешчанства, мо" камісары? Дык няўжо магутны наступ беларускай вызвольнай рэвалюцыі могуць спыніць гэныя «мёртвыя душы»? Ніколі! «Абывацель», з’яўляючыся дробнай кропляй у беларускім народным моры, ніякага уплыву на беларускае народнае жыцьцё ня меў і ня будзе мець уплыву на развіцьцё надыходзячых вялікай вагі гістарычных падзеяў на Беларусі. Таму імкненьне газэты «Дни» натравіць зрусыфікаванае мяшчанства, старарэжымнае чыноўніцтва ды ўсялякую «истинно-русскую и православную братию» на беларускі вызвольнаадраджэнскі рух, пасеяць ненавісьць і зьняверу сярод беларускіх народных грамад да беларускага культурнага, палітычнага і сацыяльнага вызваленьня роўна ні да чаго не прывядзе. Беларускі народ у сваім рэвалюцыйна-вызвольным змаганьні пойдзе сваім уласным шляхам. Гэта безумоўна. А шлях гэты — поўная эмансыпацыя Беларусі ад вялікадзяржаўна-імпэрыялістычнай, рэакцыйнай Масквы. Газэта «Правда», а за ёй і «Дни» ўводзяць адзін з галоўных аргумэнтаў супраць беларускай мовы: ні больш-ні-менш як існаваньне розных гаворак. Гэта-ж падумаць толькі: «што ні раён, то гаворка», «што ні вёска, то гаворка»! А дзеля гэтага: «адзінай паўсюль ужыванай народнай беларускай мовы ня існуе». Коратка, ясна і зразумела: беларускай мовы ня існуе, бо гэтага жадае расейская камуністычная бальшавіцкая газэта «Правда» і расейская рэспубліканска-дэмакратычная газэта «Дни». Ім так хочацца, яны сваё жаданьне прыймаюць за рэальнасьць, падымаюць страшэнны гоман, імкнуцца пераканаць іншых. Аднак ня дужа пераканаўчыя іх аргумэнты. З пэўнай лапідарнасьцю сьцьвярджаючы, што на Беларусі кожная вёска мае сваю гаворку і робячы з гэтага выснавак, што ня існуе беларуская мова, ужо этым самым і «Правда» і «Дни» за ёю выяўляюць поўнае сваё няведаньне філёлёгіі наогул і славянскай у прыватнасьці; аб беларускай мове яны зусім нічога ня ведаюць. Бо вось што піша, напрыклад, адзін з найбольш аўтарытэтных знаўцаў славянскай філёлёгіі прафэсар, акадэмік Я.Карскі, падрабязна разглядаючы асаблівасьці беларускай мовы: «Калі разглядаць усе разам асаблівасьці беларускай мовы, як аднэй ей уласцівыя, і як агульных з паўднёва-вялікарускімі і ўкраінскімі гаворкамі, то яна акажацца зусім асобным арыгінальным арганізмам, каторы ўтварыўся гістарычна вельмі даўно. Цяпер беларуская мова нават мае некалькі гаворак, але ўсе яны зьвязаны паміж сабою асноўнымі агульнымі рысамі». Гэтага мала? Дык яшчэ дзьве цытаты: «Цяперашняя беларуская мова злажылася паступова, гістарычна; з мовы тых даўнейшых славянскіх плямёнаў, каторыя пераважна ў эпоху літоўскага пэрыяду беларускай гісторыі ляглі ў аснову беларускай народнасьці. На сколькі можна судзіць з паведамленьня нашай пачатковай летапісі, гэтыя пляменьні бьші: драгавічы, радзімічы і часткаю крывічы».
І далей: «Народная беларуская мова жыве і дагэтуль. У пачатку XIX стагодьдзя рабіліся захады надаць ёй літаратурную апрацоўку, але гэта было зроблена толькі на канцы XIX і ў пачатку XX стагодьдзя». Гэтак кажа прэдстаўнік навукі праф.-акадэмік Я.Карскі. Паўстае запытаньне: "Чым розьняцца тагды разважаньні а6 беларускай мове часопісі «Правда» і «Дни» ад таго «мудрага» панамара, які ў гэткі вось спосаб хацеў зытлумачыць паяўленьне ў царкве мышэй: быў цьвік, затым была паніхіда… вот і паявіліся мышы. Што ёсьць супольнае паміж цьвяком, паніхідай і мышамі — гэта відаць аднаму толькі панамару ведама. Калі «Правда» і «Дни» інтэлектуальна стаяць вышэй за «мудрага» панамара, то, відавочна, яны маюць на ўвазе сваіх чытачоў, калі друкуюць гэткія недарэчнасьці аб неіснаваньні беларускай мовы, што каб маглі чытаць вераб’і, а прачытаўшы пэўна-ж бы зразумелі аб чым ідзе справа, то са сьмеху разчырыкалі б ад усёй шчырасьці свайго вераб’інага сэрца — гэтак выглядаюць сьмешнымі ў сваім прымітывізме іх сур’ёзныя разважаньні ды цьверджаньні.
Тым больш мае сьмяяцца беларус, які нятолькі непасрздна адчувае, але і ўсьведамляе сваю беларускую нацыянальную самаістасьць, любіць сваю родную мову. Няхай што хочуць плявузгаюць нашы ворагі, наш адказ ім дужа просты: мы любім сваю беларускую мову, бо яна ёсьць наша, родная, ёсьць наша матчына мова; у гэтай мове гаворыць дванаццацімільённы беларускі народ.
II
[правіць]У студзені месяцы 1925 года ў Празе ўзьнікла Таварыства студэнтаў маларосаў і беларусаў «Единство Русской Культуры». Управа Таварыства абвясьціла сваю «Дэклярацыю», у якой «апавяшчае»: "Вялікія няшчасьці, выпаўшыя на долю ўсяго рускага народа павялічаюцца тэй розьніцай, якая сеіцца паміж трымя яго галінамі з мэтай выкапаць роў, які б аддзяляў маларосаў і беларусаў ад вялікарусаў. «Мы, маларосы і беларусы, ня зракаемся нашых народных асаблівасьцяў, якія мы ведаем і любім зь дзяцінства; не зракаемся мовы роднай краіны, песьняў свайго народа, мы цэнім яго звычкі і ўвесь бытавы склад жыцьця… Аднак мы ня забываемся, што ўсе мы — украінцы, кубанцы, галічане, беларусы, усе без розьніцы палітычных перакананьняў, у той самы час і рускія на раўне зь вялікарусамі, як баварцы і саксонцы — немцы, нараўне з прусакамі, правансальцы і гасконцы — французы нараўне з брэтонцамі, тасканцы і сыцылійцы — італьянцы нараўне з ламбардцамі… Для нас ясна, што Вялікая Расея ня тое-ж самае, што Вялікаросія. Пад будаваньнем агульнай бацькаўшчыны рускіх маларосы і беларусы працавалі ня менш вялікарусаў». Далей ідзе пералічэньне фактаў з гісторыі, як беларусы ды ўкраінцы старанна працавалі над збудаваньнем «агульнай бацькаўшчыны рускіх»: «Кіеў даў Русі агульнае імя, усходняе праваслаўе і сьвядомасьць рускага адзінства. Ня толькі самаахвоць далучылася Украіна да Масквы, але таксама кіеўская ды віленская асьвета ў XVII стагодзьдзі ў асобах цэлага шэрагу навучных установаў Паўднёва-Заходняй Русі дапамаглі разьвіцьцю ды збудаваньню агульнай рускай культуры і дзяржаўнасьці». Гэтак: «Кіеўская Духоўная Акадэмія была першай навуковай установай, выхаваўшая цэлы шэраг вучоных маларосаў — Мялеція Сматрыцкага, Сімёона Полацкага, Дзьмітрыя Растоўскага, Феафана Пракаповіча ды інш., пад непасрэдным уплывам якіх ствараліся культурныя вартасьці Расеі… Стаўропійскі Інстытут у Львове, створаны ў 1551 г. самаахвярным абаронцам рускага імя ды рускай культуры кн. Канстантынам Вастрожскім, з’яўляецца аж да цяпершчыны асяродкам рускай культуры ў Галіччыне». Але таксама мала: «Пецярбурскі пэрыяд рускай гісторыі налічае шмат іменьняў паўднёварускіх і заходнерускіх выдатных дзеячоў у ва ўсіх кірунках». Гэтак: «У агульнарускай літаратуры яскрава блішчаць іменьні Гогаля, Дастаеўскага, Караленка, карыстаюцца пашанай іменьні Багдановіча, Мардоўцава, Грэбенкі, Данілеўскага, у рускай навуцы слаўны іменьні Бадзянскага, Потэбні, Кавалеўскіх, Карскага ды шмат інш., шэраг вялікіх компазітараў пачынаецца з Глінкі, ды агульнарускага мастацтва на сваім разьвіцьці далі Баравікоўскага, Лявіцкага, Мартоса і па праву ганарацца Рэпіным. Сама агульнаруская літаратурная мова не з’яўляецца, як дзе-хто цьвердзіць, чыста вялікарускай, яна абавязана сваім узьнікам не аднаму „нарэчыю“, а створана зусільлем культурных дзеячоў з розных дыялектычных вобласьцяў, з розных эпох гістарычнага жыцьця. Рускую праваслаўную веру казакі на Ўкраіне баранілі яшчэ ў XVII стагодзьдзі. За дабрабыт усей Расеі кроўю і жыцьцём ахвяроўвалі і ўкраінцы, і кубанцы, і беларусы, усей душой адчуваючы, што змагаемся не за чужую справу, а за свой бацькоўскі дом». Прывёўшы гэтыя агульнавядомыя гістарычныя факты працы беларусаў ды ўкраінцаў пад стварэньнем ды ўзбагачэньнем рускай культуры, дэкляранты з сумам разводзяць рукамі: «Зусім нязразумела, — кажуць яны, — дзеля гэтага імкненьня часьці маларосаў ды беларусаў зрачыся свайго спрадвечнага найменьня рускіх толькі таму, што яно належыць і вялікарусам; здрадзіць веры праваслаўнай таму, што на чале агульнарускай царквы стаіць Маскоўскі патрыярхат; адвярнуцца ад пладоў зь вялікаросамі культурных зусільляў папярэдніх пакаленьняў, каб пад новым імем, ідучы за новым навучаньнем, будаваць новы гмах культуры амаль што ня з пачатку. Будучае ня можа быць адарвана ад мінулага, і калі гісторыя кожнага народу ня ёсьць свабодная ад недахватаў, то легка зразумець, што памылкі, зробленыя ў мінуўшчыне, нельга справіць зрачэньнем гэтай мінуўшчыны». Што праўда — то ня грэх: будучае ня толькі нельга адарваць ад мінулага, але як і будучае і сучаснае залежыць на гэтым мінулым. Natura non saltum tacit, — мы гэта добра ведаем, прырода ня робіць скокаў, але ўсё паступова разьвіваецца ў прыродзе — усё рухаецца, — мы таксама і гэта добра ведаем. Доказам таго, што мінулае мае свой уплыў на сучаснае ёсыдь ну хоць-бы «Дэклярацыя» вось гэта. Уплыў мінуўшчыны тут відавочны і нават вельмі нядаўняй мінуўшчыны — усяго некалькі гадоў. Другім показам, які сьведчыць аб разрыве з гэтым паняцьцем мінуўшчыны, зьяўляецца ўвесь сучасны беларускі ды ўкраінскі рэвалюцыйна-вызвольны рух. Але і ён мае свае карэньні ў гістарычнай мінуўшчыне. Мае сваю гісторыю, сваю традыцыю. Калі грамадзянам з «Единства русской культуры» гэта ня зразу мела, калі ў іх галовы ня можа ўмясьціцца гэта, то нічога ня парадзіш — яны проста ня здатны думаць, ды толькі. Яны калі і прызнаюцца, што ім «ня зразумелы імкненьні часьці маларосаў і беларусаў», нічога ня разумеюць у справе, а хапае адвагі, дэлікатна кажучы, плявузгаць розную дурніцу. Яны пішуць у сваёй «Дэклярацыі»: "Штучна ўзбуджанае паміж рускімі пляменьнямі ўзаемнае «отчуждение», яно скіравала ў бок руйнаваньня ўсяго, што чым спаяны быў рускі народ у цэлым — агульнага найменьня, агульнай веры, агульнай літаратурнай мовы, усіх пладоў доўгага супольнага жыцьця, пагражае паставіць у нямінучую небясьпеку чужацкага засільля ня толькі Расею, але перад усім свае Ўкраіну, Кубань, Беларусь, Галіччыну, што ўжо пачынаюць разумець дзе~якія незалежнікі. У поўным перакананьні, што адкіданьне рускага адзінства тлумачыцца толькі блудам у шмат каго з маларосаў і беларусаў, які павінен зьмяніцца сьвядомасьцю нямінучага цеснага і самаахвотнага супрацоўніцтва ўсіх галін рускага народа. ("Мы заклікаем усіх украінцаў, кубанцаў, галічан і беларусаў, якія не заглушылі ў сваёй душы пачуцьця кроўнай і культурнай рускай сувязі, да дружнай працы, дапамагаючай на будучыню жывому, свабоднаму і суцэльнаму ў сваёй шматграннасьці адзінству рускай культуры. Тагды поўнасьцю ўцелаісьціцца думка Гогаля, што асаблівасьці характараў рускіх пляменьняў павінны дапамагаць толькі таму, каб рускі народ у яго цэлым склаў «нешта дасканальнейшае ў людзкасьці». На гэтым і спыняецца іх «Дэклярацыя». Вот-жа, калі ў іх спытацца, чаго яны, уласна, хочуць, то адказ можа быць толькі адзін: яны і калі добра ня ведаюць, чаго яны хочуць, яны проста ня разумеюць таго, што самі плявузгаюць. Бо ці ня можна, напрыклад, сэр’ёзна гутарыць аб тым, што нехта штучна ўзбуджае «отчуждение» паміж вялікарусамі, беларусамі ды ўкраінцамі — гэта-ж курам на сьмех такія цьверджаньні! Няўжо-ж можна ў сэр’ёз браць і такія іх цьверджаньні, што нацыянальна-вызвольны рух беларусаў ды ўкраінцаў ёсьць з’явішча штучнае, нейкімі «злачынцамі» выкліканае, а не арганічнае, выкліканае самым ходам падзеяў гістарычнага разьвіцьця. Гэткую дурніцу могуць казаць толькі тыя людзі, якія або зусім ня ведаюць, што такое гісторыя, або сьвядома плявузгаюць недарэчнасьці, разьлічваючы на культурную адсталасьць, цемнату ды няпісьменнасьць народных масаў. Гісторыя штучна ня робіцца. Гісторыя — гэта ёсьць глыбокі працэс унутранага разьвіцьця, які адбываецца ў гушчы народных грамад.
Міма сьвядомага ўчасьця народа — няма гісторыі. Гісторыя пачынаецца там, дзе ўзнікае сьвядомая творчасьць народа. Хто стварае гісторыю: «злачынцы», «прайдзісьветы», «гэроі» ці сьвядомая творчасьць арганізаваных народных грамад? Толькі сьвядома арганізаваная творчасьць народа-стварае гісторыю, але стварае… ня так, як хтосьці ўздумае, захоча, а выключна ў згодзе 3 законамі разьвіцьця істнуючага ў цэлай прыродзе. Гістарычнае разьвіцьцё людзкасьці ў сваім поступе ідзе ў кірунку законнай неабходнасьці. Гэта законная неабходнасьць істнуе і ў беларускім рэволюцыйна-вызвольным, культурным, палітычным і сацыяльным, дзяржаўна-незалежніцкім руху. Дзеля гэтага ён ня ёсьць штучны, ён ня можа быць штучны, а з’яўляецца глыбока арганічнай неабходнасьцю роста і разьвіцьця беларускай нацыянальнай індывідуальнасьці. Беларускі народ адчуў сваю самаістасьць, усьвядоміў сваю нацыянальную індывідуальнасьць і распачаў ствараць свае ўласныя духоўныя ды матэрыяльныя вартасьці, імкнецца вызваліцца з кайданоў чужацкай няволі, якія вялікай перашкодай ляжаць на шляху яго наступа, стварае сваю гісторыю, сваю рэволюцыйна-вызвольную традыцыю.
І вось, перад кожным беларусам, у якога ня заглохла пачуцьцё моральнай адпаведнасьці перад сваім народам, паўстае запытаньне: з народам, праз народ і дзеля народа — у імя волі ды незалежнасьці, ці з чужынцамі проці народа — у імя гнёту і падняволеньня? Адказ мусіць быць ясны і цьвёрды: так-бо гэтак, tertium usu datus.
Які ж адказ даюць на гэта запытаньне беларусы з таварыства «Единство русской культуры»? Ды яны ніякага адказу на гэта запытаньне не даюць, што зусім зразу мела, — яны проста яшчэ не ўсьвядомілі хто яны, што яны і куды ляжыць шлях іх жыцьцёвай падарожжы. З аднаго боку, яны кажуць, што яны любяць дзяцінства і ня зракаюцца «мовы роднай краіны, песьняў свайго народа», цэняць «звычкі, увесь бытавы склад жыцьця» беларускага народу, а з другога боку, яны — «у той самы час і рускія нараўне зь вялікаросамі». Дык хто-ж яны, якой нацыянальнасьці: беларусы ці расейцы? А яны і самі гэтага ня ведаюць. Хутчэй за ўсё, ні тая ні гэта — ні беларусы, ні расейцы, а так вось нешта нейкае — нявыяўленыя рэнэгаты, вось хто яны. Мо гэта ня прыемна, але гэта ёсьць так. Ня хочыцца быць рэнэгатам — трэба выразна і адкрыта выявіць сваё нацыянальна-беларускае аблічча, вось наша ім рада сяброўская. Калі ўзапраўды яны любяць беларускую мову, песьні, звычкі і ўвесь склад жыцьця народа, то мусяць гэту сваю любоў давесьці да пачуцьця самаахвярнай працы ў кірунку разьвіцьця, удасканаленьня і ўсебаковага ўзбагачэньня беларускай культуры. Быць беларусамі і ў той самы час расейцамі — гэта ёсьць nonsens. Узапраўды, што разумець над гэтым: нехта грамадзянін N. на пытаньне, якой ён нацыі, адказвае: у той самы час я і рускі нараўне зь вялікарусам. Беларус — гэта нацыянальная прыналежнасьць, а пры чым тут рускі. З часаў старога царскага самадзяржаўя словам «рускі», ці-то «расейскі», звычайна адзначалі дзяржаўную прыналежнасьць, бо тагды была Расея і гэта слова мела пэўны сэнс. Але цяпер, пасьля таго, як самадзяржаўная царысцкая Расея, гэна турма народаў Усходняй Эўропы разбурана, і калі на яе руінах у рэволюцыйным бураломе паўсталі да свайго вольнага самаазначэньня векамі прыгнечаныя народы, а ў тым ліку і беларускі народ, зусім бязглузда беларусу лічыць сябе рускім. Ёсьць ведама, словам «рускі», ці-то «расейскі», вялікаросы называлі і цяпер усё яшчэ называюць сваю нацыянальную прыналёжнасьць. Але гэта па недаразуменьню толькі. Гэтай нацыі ня істнуе. Ёсьць вялікаросы (і ўзапраўды нацыянальнасьць іх вялікаросы), а «рускі», ці-то «расейскі», яны ўжываюць як гістарычны псэўданім, падкрэсьліваючы гэтым сваю любоў да былой царысцкай Расеі. Ну, але нарэшце гэта іх справа: няхай называюцца як сабе хочуць, нам ад гэтага ні студзёна ні горача. Мы — беларусы, і нам узапраўды нацыянальны назоў толькі беларусы… А тыя, хто хоча прычапіць сабе гэны чужы хвосьцік «рускі», то гэтым самым дэманстрацыйна падкрэсьлівае сваю любоў і адданасьць старарэжымным царысцкім парадкам гнёту і падняволеньня. Пэўна ж, ня здарма з такім натхненьнем услаўляюць яны ў сваёй «Дэклярацыі» гэтак званы «пецярбургскі пэрыяд рускай гісторыі», які даў магчымасьць некалькім беларусам ды ўкраінцам зрачыся сваей роднай мовы, песьняў, звыкаў, зрачыся сваей нацыянальнасьці, перастаць быць беларусамі ды ўкраінцамі, пайсьці ў духоўную няволю пануючай нацыі — вялікароскай, забыўшы пра цярпеньні і мукі свайго народу, пра яго нядолю і цемнату, і толькі тагды яны занялі ганаровыя мейсцы ў рускай культуры. Дык што, яны ўзноў хочуць вярнуць гэты пэрыяд рускай гісторыі?
Падробны адказ на гэта запытаньне дае Сяргей Завадскі ў артыкуле «Наш общерусский вопросъ», які зьмешчаны ў месячніку «Студенческие годы» № 2(19) за красавік 1925 года [6]. Ён піша: «Вядома, нельга пярэчыць таму, што старая Расея, Расея пецярбурскага пэрыяду ў асобе свайго ўраду прыбягала да шэрагу спосабаў, якія былі для маларосаў і беларусаў прыгнятаючымі. Але няўжо-ж усе спосабы ўрадаваньня Пецярбурга былі на шкоду маларосам і беларусам? Няўжо ня былі прыгнечаны тым жа ўрадам і вялікаросы?» Аднак "Старое адышло ў гістарычную мінуўшчыну, ужо 28 лютага 1917 г., і таварыства «Единство русской культуры» заклікаё ня да старых парадкаў, а толькі да старога адзінства ды прытым на «новых асновах вольнага і раўнапраўнага супрацоўніцтва». На чым было заснавана «старое адзінства» — мы гэта ведаем: то было адзінства стогна ад болі і мук нясказаных. У гэтым можна пагадзіцца з С.Завадскім, то над час пецярбурскага пэрыяду рускай гісторыі цярпеў гнёт самадзяржаўнага рэжыму ня толькі беларускі народ ды ўкраінскі, але і вялікароскі. Але ў той час як беларускі народ ды ўкраінскі цярпелі трайны гнёт: палітычны, соцыяльны і нацыянальны, вялікароскі народ цярпеў толькі двайны гнёт: палітычны і соцыяльны; вялікароскі народ мог вучыцца ў школах на сваей роднай мове, мог чытаць кнігі, часопісі, меў даволі багатыя бібліятэкі, мог ствараць свае нацыянальныя культурныя вартасьці. А беларускаму народу ды ўкраінскаму ўсё гэта было забаронена. Беларуская мова прасьледавалася, забаранялася друкаваць кнігі ў беларускай мове, часопісі, каляндары. Беларускі народ гвалтоўна быў пазбаўлены права мець школу ў сваей роднай мове, быў пазбаўлены магчымасьці разьвіваць сваю нацыянальную культуру. Таму ён і адстаў, таму ён такі цёмны, забіты і прыгнечаны. Гэта прызнае і С.Завадскі: «Перасьледаваньне народнай гутаркі, гэтага жывога запаса, зкуль чарпае любая літаратурная мова, заўсёды злачынна. А маларуская і беларуская гутарка, гэтаму нельга пярэчыць, была больш ці менш прыціснута шэрагам засадаў зь Пецярбурга». Цяпер ужо гэтаму «нельга пярэчыць»… А што ж да гэтуль вы рабілі, а дзе ж да гэтуль вы былі?! Ці мо ня прыймаці ўчасьця ў той гнюснасьці, якую сёньнейка з свайго «прекрасного далёка» кляйміця словам «злачынства»? О, безумоўна, па старой рускай традыцыі «наши за граніцай» — усіх адценьняў рускія рэакцыянеры, апынуўшыеся ў Эўропе, заўсёды любяць паліберальнічаць, каб не занадта ўжо выглядаць адсталымі азіятамі: «яны зь вялікім апэтытам, замест маскоўскіх „щей“, даядаюць учарашнюю эўрапэйска-ліберальную пахлёбку. Сёрбая гэну астыўшую пахлёбку і С.Завадскі. І ён хоча быць модным. Ён да таго нават разышоўся, што пачаў гутарыць у рэакцыйна-манархічным месячніку аб „новых асновах вольнага супрацоўніцтва“ народаў. Ведама, гэта ёсьць толькі фраза, і больш нічога. Бо што гэта мае конкрэтна азначаць? Ці істнуючая С. С. С. Р. ня з’яўляецца такой-жа самай фразай? Гэтак-жа таксама „на паперы“ нішто іншае як, „вольнае і раўнапраўнае супрацоўніцтва народаў“. Відавочна, С.Завадскі з гэтым не пагаджаецца, то што ён прапануе іншае, лепшае, больш дасканальнае? У якой форме ўяўляе сябе гэна супрацоўніцтва беларусаў, украінцаў і вялікаросаў? Ён гэта вось так формулюе: „Заданьні ўсіх маларосаў і беларусаў можна азначыць проста. Яны вось гэткія: духоўная блізкасьць усіх галін рускага народа, самастойнае разьвіцьцё кожнае зь іх, але з безумоўным варункам супрацоўніцтва дзеля далейшага ўзбагачэньня агульнарускай культуры, рэальнае адношаньне да сваей мінуўшчыны, якое б не дазваляла з-за цянявых бакоў учарашняга дня адмовіцца ад таго, што ў ім было сьветлага і вялікага; яснае разуменьне таго, што руская разрозьненасьць ідзе не на карысьць толькі яўным ворагам і „мнимым“ сябрам Расеі ды славянства“. Адным словам, неабходна адзінства рускай культуры, як асновы дзеля адзінства Вялікай Расеі. І тую самую думку выказала на старонках часопісі „Дни“ Е.Кускова. На нядаўняй дыскусыі па нацыянальнаму пытаньню, арганізаванай у Празе рускім рэспубліканска-дэмакратычным .аб’яднаньнем, на якой дакладчыкам выступаў Павал Мілюкоў, прыняўшыя ў ёй удзел беларусы, украінцы, грузіны і армяне, цьвёрда і ясна зазначылі, што усе тыя народы, ад імя якіх прамоўцы выступаюць, імкнуцца да поўнай дзяржаўнай незалежнасьці, і з Расеяй хочуць жыць у добрых суседзкіх адносінах, і толькі. П.Мілюкоў у сваёй апошняй прамове з сумам сконстатаваў факт істнаваньня такога настрою, а Е.Кускова ў часопісі „Дни“, падаўшы справаздачу аб гэтай дыскусіі па нацыянальнаму пытаньню, напісала, пацешаючы сябе: што-ж, няхай сабе імкнуцца цяпер да сваей дзяржаўнай незалежнасьці і самастойнасьці, але ўсё-ж такі агульнай мовай пад час дыскусыі была руская, дык ці-ж ня ёсьць гэта асновай і г. д. Думка, як бачым, ня новая. Але як магчыма гэна „адзінства“, калі, як і сам С.Завадскі гэта сьцьвярджае, цяпер яго няма. „Мы ня адчуваем ні спайкі агульнай культурнай працы, ні спайкі адзінага паходжаньня“, — піша ён у сваім артыкуле. І гэта ў той час, „як уся мешаніна народаў ня перашкодзіла сучасным італьянцам усьвядоміць сябе адзіным народам і шанаваць сваю агульную бацькаўшчыну“. Так, у італьянцаў, як і ў немцаў ды ў французаў, ёсьць пачуцьцё адзінства культурнай працы, пачуцьцё адзінства паходжаньня, адзінства бацькаўшчыны. Гэта пачуцьцё імі ўсьведамляла і стала велізарнай дэнамічнай сілай на шляху іх гістарычнага наступу. Ну, але што рабіць, калі ў беларусаў ды ўкраінцаў няма гэнага пачуцьця „адзінства“ зь вялікаросамі, няма пачуцьця адзінства бацькаўшчыны, а наадварот, ёсьць пачуцьцё раз’яднаньня? Няма рады — „насильно мил не будешь“. Беларусы любяць сваю родную маці Беларусь, наш родны край, і наша бацькаўшчына ёсьць Беларусь. Таксама і ўкраінцы любяць сваю бацькаўшчыну Ўкраіну, грузіны — сваю Грузію, армяне — сваю Арменію. А ці любяць вялікаросы сваю бацькаўшчыну Вялікаросію? Ды хто іх ведае; яны любяць быўшую Расейскую Імпэрыю, у якой вялікаросы былі пануючай нацыяй — гэта вядома. А вось ці любяць яны сваю родную бацькаўшчыну Вялікаросію — гэта ня ведама. То ці ня лепей было б, каб і вялікаросы перад усім палюбілі сваю бацькаўшчыну… каб урэшце нацыянальна самаагранічыліся, навучыліся самі парадкаваць сваім уласным жыцьцём, кіраваць сваёй доляй, а разам з тым, каб навучыліся паважаць як свае ўласныя правы, прыроднае права на жыцьцё ды вольнае разьвіцьцё, гэтак і права сваіх блізкіх і далёкіх суседзяў. О, тады і магчыма гутарка аб вольнасьці і раўнапраўным супрацоўніцтве народаў. А пакуль гэтага няма, пакуль вялікаросы жывуць лятуценьнямі аб вялікай пануючай нацыі, імкнуцца ўзноў падняволіць іншыя народы, стаць іх прыгнятацелямі ды паразытамі, датуль ніякай гутаркі аб згодзе быць ня можа, тым больш ня можа быць гутаркі аб нейкім там адзінстве, якога ніколі ня было і няма цяпер. І проста дзіўна неяк, бо зусім нялёгічна С.Завадскі разважае: з аднаго боку, ён сьцьвярджае, што ў беларусаў ды украінцау зь вялікаросамі няма пачуцьця адзінства, а есьць многа нянавісьці і мала любасьці», з другога боку, імкнецца ўсімі спосабамі давесьці, што беларусы, украінцы ды вялікаросы ёсьць толькі родныя галіны аднаго дрэва — ёсьць рускія. Але раз няма пачуцьця адзінства, то няма ужо і адзінства, гэта-ж ясна. Асновай усялякага адзінства можа быць толькі пачуцьцё гэнага адзінства. Чалавек мае рукі, ногі, галаву ды іншыя часьці свайго цела, але разам з тым ён непасрэдна адчувае сваё адзінства, як біопсыхолёгічнае бытнасьці, ён адчувае суцэльнасьць свайго арганізму, сваей індывідуальнасьці. Толькі паралітыкі гэнага ня адчуваюць. Калі ў чалавека спаралізавана частка арганізму, то ён яе ня адчувае. І як бы паралітыку ня даводзілі, што спаралізаваная рука ці то нага, гэта ёсьць яго уласная часьць цела, ён хаця мо гэта і сам ведае, але ня адчувае, ня валодае ёй. Знача у аснове адзінства арганізму ляжыць псыхолёгічнае пачуцьцё гэтага адзінства. С.Завадскі гэна ведае і сам сьцьвярджае, што гэнага псыхолёгічнага адзінства у «рускім» арганізьме няма. Гэным самым ён сьцьвярджае, што рускі арганізм — есьць хворы, разьбіты палярушам. Чым-жа ён думае лячыць яго? Мае нейкія лекі? Ды так, ён вось нібы тая вясковая павятуха паўтарае усё адно і тое ж самае: адзінства, адзінства, адзінства рускай культуры, адзінства… Але на чым заснавана гэта адзінства? …