Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Пастушка і камінар
Пастушка і камінар Казка Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен Арыгінальная назва: Hyrdinden og Skorsteensfeieren (1845) Пераклад: Янка Маўр |
Ці бачылі вы калі-небудзь сапраўдную даўнейшую драўляную шафу, зусім пачарнеўшую ад часу і ўпрыгожаную хітрай разьбой—завітушкамі, лісцямі? Такая вось шафа—прабабкіна спадчына—стаяла ў гасцінай. Яна ад верху да нізу была пакрыта разьбой—ружамі, цюльпанамі і самымі дзіўнымі завітушкамі. З завітушак высоўваліся аленевыя галоўкі з галіністымі рагамі, а на самай сярэдзіне шафы стаяў чалавечак, які вельмі смешна скаліў зубы,—усмешкай-жа такую грымасу не назавеш! У яго былі казліныя ногі, рожкі на лобе і доўгая худая бародка. Дзеці празвалі яго обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог. Не скора вымавіш такое дзіўнае прозвішча, і мала каму даецца такі тытул, затое і выразаць такую фігуру не так ужо проста! Ну, як-бы там ні было, а цяпер ён быў на сваім месцы і не зводзіў вачэй з падлюстранога століка, дзе стаяла прыгожая фарфоравая пастушка. Пазалочаныя чаравічкі, спаднічка, спрытна падколатая чырвонай ружай, залаты капялюш на галоўцы і посах у руцэ - хіба не любата?
Побач з ёю стаяў камінарчык, чорны, як вугаль, але-ж таксама фарфоравы; наогул ён быў чысценькі і прыгожанькі, як і кожная фарфоравая фігурка; ён толькі меў выгляд камінара, майстар мог-бы з такім-жа поспехам зрабіць яго хоць прынцам, каб на тое пайшло.
Ён быў вельмі далікатны са сваёй лесенкай, і тварык у яго быў белы, румяны, як у паненкі. Праўду кажучы, гэта было няправільна; не пашкодзіла-б яму быць трошкі мурзатым. Стаяў ён побач з пастушкай, - абодва стаялі, як іх паставілі. Ну, а калі іх так паставілі, то яны ўзялі ды і заручыліся. Што-ж, парачка вышла хоць куды, — абодва маладыя, абодва з аднолькавага фарфора і абодва аднолькава крохкія.
Тут-жа, на століку, стаяла яшчэ адна лялька, у тры разы большая, — стары кітаец з ківаючай галавой. Ён быў таксама фарфоравы і казаў, што даводзіцца дзедам пастушцы. Даказаць гэтага ён не мог, але казаў, што яна павінна яго слухацца, і таму ківаў галавой у бок обер-унтэр-генерал-камандзір-сержанта Казланога, які сватаўся да пастушкі.
— Вось дык муж у цябе будзе! — казаў стары кітаец. — Ён-жа, здаецца, зроблены з сапраўднага чырвонага дрэва і можа зрабіць цябе обер-унтэр-генерал-камандзір-сержантшай. У яго ўсе паліцы ў шафе пазастаўляны срэбрам, не гаворачы ўжо аб тым, што хаваецца ў шуфлядах.
— Не хачу я ў цёмную шафу, — сказала пастушка.— Кажуць, што ў яго там адзінаццаць фарфоравых жонак!
— Ну дык будзеш дванаццатай!- сказаў кітаец. - Сёння ноччу, як толькі старая шафа закрэхча, згуляем ваша вяселле. Так, так, каб не быць мне кітайцам!
Ён матнуў галавой і заснуў.
А пастушка расплакалася і, гледзячы на свайго мілага фарфоравага камінара, сказала:
— Я гатова папрасіць цябе, каб ты вывеў мяне адсюль хоць на край свету! Тут нам нельга аставацца!
— Чаго ты жадаеш, таго і я хачу! — сказаў камінар. — Давай пойдзем зараз-жа. Сапраўды-ж я здолею пракарміць цябе сваёй работай.
— Толькі-б нам удалося злезці са століка! — сказала яна. — Я не супакоюся, покуль мы не будзем далёка-далёка адсюль!
І яны сталі спўскацца. Ён падбадзёрваў яе і паказваў, куды ёй лепш ступіць сваёй фарфоравай ножкай, на які фігурны выступ або на пазалочаны завіток ножкі стала. Лесенка камінара таксама нямала дапамагала ім, так што яны шчасліва спусціліся на падлогу. Адтуль яны зірнулі на старую шафу — ой, які там быў пярэпалах! Усе алені выцягнулі шыі, растапырылі рогі і маталі галовамі; обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог высока падскочыў і крыкнуў старому кітайцу:
— Яны ўцякаюць! Яны ўцякаюць!
Уцекачы трохі спалохаліся і скокнулі ў падаконную шафку. Там ляжалі разрозненыя калоды карт, лялечны тэатр. Ён быў сяк-так пастаўлены, і на сцэне ішоў спектакль. Усе дамы-і бубновыя, і чырвовыя, і трэфовыя, і піковыя— сядзелі ў першым радзе і абмахваліся сваімі цюльпанамі, а за імі стаялі валеты і стараліся паказаць, што яны з двума галовамі, як і ўсе фігуры ў картах. П'еса паказвала пакуты закаханых, якіх разлучылі, і пастушка заплакала: гэта так нагадвала і яе становішча.
— Я не магу болей, — сказала яна.—ідзем адсюль!
Але калі яны апынуліся на падлозе і глянулі на свой столік, то ўбачылі, што стары кітаец прачнуўся і ківаецца ўсім тулавам: у яго-ж у сярэдзіне перакатваўся свінцовы шарык,
— Ай, стары кітаец ідзе! - ускрыкнула пастушка і ўпала на тонкія фарфоравыя каленкі, — так яна спалохалася.
— Ведаеш, што я прыдумаў? — сказаў камінарчык.- Схаваемся ў тую вялікую візу, у куту, і ляжам там на сухія розавыя ў лавандавыя пялёсткі, а калі ён падыйдзе, засыплем яму вочы соллю[1].
— Гэта не гадзіцца! - сказала пастушка. — Я ведаю, што стары кітаец быў некалі заручаны з вазай; ад такой дружбы заўсёды што-небудзь ды застанецца. Не, нам адна дарога — пусціцца ў белы свет!
— А ў цябе сапраўды хопіць духу пусціцца са мной. у белы свет?—спытаў камінар.—Ты падумала аб тым, які вялікі свет, і аб тым, што нам ужо ніколіне прыдзецца вярнуцца назад?
— Так, так!- сказала яна.
Камінар пільна паглядзеў на яе і сказаў:
— Мая дарога вядзе праз дымны комін. Ці хопіць у цябе духу забрацца са мною ў печку і праз дымаход у комін? А там ужо я ведаю, што рабіць! Мы падымемся так высока, што яны нас не дастануць. Там на самым версе ёсць дзіра, праз якую можна выбрацца на белы свет.
І ён павёў яе да заслонкі ў печцы.
- Як там цёмна! — сказала пастушка, але ўсёж такі палезла за ім і ў печку і ў дымаход, дзе было чарнюсенька чорна, як у самую цёмную ноч.
- Ну, вось мы і ў коміне! - сказаў камінар.—А вунь, паглядзі! Прама над намі ззяе цудоўная зорачка!
Сапраўды, акурат над імі ззяла ў небе зорка, нібы паказваючы ім шлях. І яны лезлі, карабкаліся ўгару жудаснаю дарогаю, усё вышэй і вышэй! Камінар падтрымліваў пастушку, памагаў ёй і паказваў, куды ёй зручней ставіць свае фарфоравыя ножкі. Нарэшце яны далезлі да самага верху і прыселі адпачыць на ўскраек коміна, яны вельмі стаміліся, ды і не діва.
Неба, усыпанае зоркамі, было над імі, усе дамовыя дахі—пад імі, а навакол ва ўсе бакі — і ўшыркі і ўдалеч - адкрываўся ўвесь белы свет. Бедная пастушка і не думала ніколі, што свет такі вялікі. Яна схіліла галоўку да свайго любага і залілася слязьмі; ад струменяў слёз нават злезла пазалота з яе пояса.
— Гэта ўжо занадта! — сказала пастушка.—Гэтага мне не знесці. Свет надта вялікі! Ах, кабы мне ды зноў апынуцца на століку пад люстрай! Не будзе ў мяне ані мінуты спакойнай, пакуль я не вярнуся туды! Я-ж пайшла за табой на край свету, цяпер ты праводзь мяне назад дадому, калі хоць трохі любіш мяне.
Камінар пачаў яе ўгаварваць, напамінаў пра старога кітайца, пра обер-унтэр-генерал-камандзір-сержанта Казланога, але яна толькі плакала несуцешна ды цалавала свайго камінара. Не было чаго рабіць, прышлося ўступіць.
І вось яны з вялікай цяжкасцю спусціліся па коміну назад, уніз, прапаўзлі праз дымаход, —не соладка гэта было!— вылезлі ў цёмную печку і прыслухаліся ля заслонкі, што робіцца ў пакоі. Усё было ціха. Яны выглянулі... Ах! на падлозе сярод пакою валяўся стары кітаец; пагнаўшыся за імі, ён зваліўся са століка і разбіўся на тры часткі; ад спіны адляцеў вялікі чарапок, а галава закацілася ў кут. Обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог стаяў на сваім месцы і раздумваў.
— Які жах! — усклікнула пастушка. — Стары дзядуля праз нас разбіўся на кавалкі. Я гэтага не перажыву!
І яна заламіла свае маленечкія ручкі,
— Яго яшчэ можна паправіць!—сказаў камінар.—Яго дасканала можна паправіць! Толькі не гарачыся! Яны склеяць яго спіну, уваб'юць у патыліцу заклёпку,—ён зноў будзе як новы ды яшчэ наробіць нам непрыемнасцей!
— Ты думаеш?- сказала пастушка.
І яны зноў ускарабкаліся на свой столік,
— Далёка-ж мы з табой зайшлі!—сказаў камінар.—Мусіць, няварта было і турбавацца!
— Толькі-б дзядулю паправілі!- сказала пастушка.- Гэта, мусіць, дорага абыйдзецца.
Дзядулю паправілі: склеілі яму спіну і ўбілі ў галаву добрую заклёпку. Ён зрабіўся як новы, толькі перастаў ківаць галавой.
Вы нешта загаварыліся з таго часу, як разбіліся на кавалкі! — сказаў обер-унтэр-генерал-камандзір-сержант Казланог. — А па-мойму, тут і ганарыцца няма чым! Што-ж, аддасцё ўнучку за мяне ці не?
Камінар і пастушка з мальбой глядзелі на старога кітайца, баючыся, што ён кіўне галавой. Але ён не мог болей ківаць, а каму-ж ахвота прызнацца перад чужымі, што ў цябе ў патыліцы заклёпка?
І вось фарфоравая парачка ўжо болей не разлучалася; пастушка і камінар благаслаўлялі дзядуліну заклёпку і любілі адзін аднаго — пакуль не разбіліся.
- ↑ Даўней у пакоях ставілі для паху вазы з сухімі кветкамі і травамі; сумесь гэтая пасыпалася соллю, каб мацней пахнула.