Перайсці да зместу

Выбраныя казкі (Андэрсен, 1946)/Капілка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Капілка
Казка
Аўтар: Ганс Крысціян Андэрсен
Арыгінальная назва: Pengegrisen (1854)
Пераклад: Янка Маўр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У дзіцячым пакоі шмат цацак, і вышэй за іх усіх, на шафе, стаіць капілка. Яна зроблена з гліны і куплена ў ганчара. Гэтая капілка мела выгляд свінні: у яе спіне была зроблена шчыліна, каб у яе маглі пралазіць манеты. Свіння была так напхана грашыма, што яны ўжо не бразгалі ў ёй, а для капілкі вышэй за гэта нічога не можа быць; таму свіння, стоячы на шафе, звысака глядзела на ўсіх вакол сябе. Яна разумела, што ўсё гэтае барахло можна купіць за грошы, якімі яна ўся напоўнена—гэта называецца знаць сабе цану. Іншыя думалі таксама, хоць і не выказвалі гэтага, таму што і без таго было аб чым пагутарыць.

З шуфляды камода выглядвала вялікая прыгожая лялька, хоць, калі казаць праўду, трохі пашарпаная, з падклеенай шыяй, але ўсё-ж такі досыць прывабная.

— Цяпер давайце гуляць у людзей, — сказала яна.- Гэта ўсё-ж такі нешта вартае.

Усе паслухаліся лялькі, і ў пакоі падняўся рух, шум, мітусня. Карціны — і тыя пачалі скакаць і павярнуліся другім бокам, каб паказаць, што ў кожнай рэчы ёсць адваротны бок. Аднак яны зрабілі гэта зусім не для таго, каб сапсаваць добры настрой прысутных.

Надышла ноч. Месяц свяціў у вокны, даючы дармавое асвятленне. Быў час пачынаць гульню, бо ўсе ўжо былі запрошаны ўдзельнічаць у ёй. Запрасілі нават тачку, хоць яна была з пароды неацёсаных, грубых цацак.

— У кожнага свае вартасці, — сказала тачка.—Не ўсім-жа быць панамі, ёсць і такія, што займаюцца якой-небудзь карыснай справай.

З усіх цацак адной толькі свінні паслалі спецыяльнае пісьмовае запрашэнне, бо яна займала вельмі высокае становішча і магла адмовіцца ад вуснага запрашэння. Свіння з грашыма, вядома, не дала ніякага адказу і нават не сышла ўніз, бо лічыла, што яна можа глядзець на гульню з свайго высокага месца. Усе ўдзельнікі павінны былі прыстасавацца такім чынам, каб свіння магла бачыць гульню з шафы.

Пастанавілі пачаць вечар спектаклем, затым піць чай і ласавацца, а потым заняцца разумнымі размовамі. На справе-ж вышла не так — пачалі прама з разумных гутарак.

Драўляны конь-качалка разважаў пра скачкі, шпаркасць бегу і пра розныя пароды коней; калясачка—пра чыгункі і паравозы. Гэта было па іх спецыяльнасці; толькі пра гэта яны лічылі прыстойным гаварыць.

Сталовы гадзіннік размаўляў пра палітыку: ён добра ведаў, для каго і для чаго прышоў час, хоць злыя языкі і гавораць, што яны хлусяць. Дубовы кій стаяў у куце горды, важны: ён ганарыўся сваім мядзяным ілбом і вострым наканечнікам. На канапе ляжалі дзве вышытыя падушкі-рознакаляровыя, прыгожыя і дурныя.

Пачаўся спектакль. Публіку прасілі хлопаць, шчоўкаць, страляць, звінець — колькі ўлезе. Але хлыст заявіў, што ён не хлопае старым, а толькі маладым жанчынам ды і то незамужнім або не маючым яшчэ жаніхоў.

— А я дык хлопаю ўсім! - сказала добрадушная хлапушка.

— Ну, трэба ведаць і сабе цану! - сказала плявальніца.

Так разважала публіка ў часе спектакля.

П'еса была дрэнная, але разыгралі яе добра, акторы паказваліся перад публікай толькі размалёваным бокам. Ды і нядзіва: яны былі зроблены так, што з другога боку на іх і глядзець не хацелася.

Такім чынам усе ігралі як жывыя, толькі дрот у іх быў досыць доўгі; але затое некаторым акторам гэта дало магчымасць высунуцца наперад. Склееная лялька ад захаплення проста "з сябе вышла" і так хвалявалася, што шыя ў яе зноў расклеілася. А свіння так расчулілася, што захацела ўзнагародзіць каго-небудзь з артыстаў; але толькі пасля смерці, ды і то, каб яны былі пахаваны разам у яе файмільным склепе.

Спектакль так спадабаўся ўсім, што яны забыліся пра чай і на ласункі.

Такі спектакль называўся ў іх гульнёй у людзей. У гэтым, вядома, не было нічога дрэннага, бо гэта-ж была толькі адна гульня, у часе якой артысты думалі толькі аб сабе ды аб тым, што скажа аб іх ігры багатая свіння.

А тая многа думала: аб тым, куды дзець грошы, калі яна ўжо напоўненая; каму пакінуць іх, калі ёй можа прыдзецца памерці...

І раптам- трах! Свіння паляцела з шафы і разляцелася на кавалкі. Грошы закруціліся, заскакалі так, што глядзець на іх было весела. Дробныя манеткі закружыліся на месцы, а буйнейшыя каціліся павольна, важна.

Вызваленыя грошы пасля гэгага пайшлі вандраваць па свеце, а чарапкі ад свінні былі выкінуты на сметнік.

Адным словам, гульня вышла зусім як у людзей.