Бруяць над вухам ня спыняе жук,
Я рыюся ў снапы…
Няўцямны мрок кідае на мяжу
Падковы ад капыт.
З нялюдных поймаў ворлікаў камок
Сагнаў ручай буян.
Ад брызгаў, гледзячы на іх, замок
І паблакітнеў я.
Гурчыць злагоджана ў абрыве ноч.
Як аксаміт, палі,
А твар балот, як выпалены корч…
Прыпаў я да зямлі.
На чэраве зямлі я сном разьмяк,
Хачу напіцца рос.
І мне нішто, што збродлівы чарвяк,
З травы на твар успоўз.
Мы з ім цяпер, як роўныя сябры:
Выконваем разлом.
Раскінуўся цікавы колёрыт
Над згубленым сялом.
Вось выплыла на выкрыты грудок
Былых гадоў асець.
Ў прадоньне меж абсыплецца пясок —
І будзе тло вісець.
Ад лесьвіцы старой спадзе на спод
Абломак бервяна.
Ў агні падзей згарыць айцоўскі плот
І чорных дзён сьцяна.
Зазвоніць рань і я жыцьцё аддам
За новы сьпеў страхі.
А што разьбіта (рана) напалам —
Пушчу на лес сухі.
Гурчыць ручай. Такі шумлівы ён
На чорным дне далін.
Ляжыць сяло. І дрэмле з вішняй клён…
Прыпаў я да зямлі.
1928 г.
|