Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Пароша

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пад клёнамі Пароша
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Досьветная нагода

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАРОША

Прыкрасьці і сэрца болю
Расьпасьцёрты чорны мошаст…
Першы раз на наша поле
Сьнегу выпала пароша.

Першы раз на нашы гоні
Паглядзеў халодны вечар.
Вушы просяцца ў далоні,
Каб ня чуць зімовых спрэчак…

На гары атрускі сквапы
Ашчаперылі бярозу.
Каля млыну коняй храпы
Пасівелі ад марозу.

Ім бы кожнаму па торбе,
Каб забавай елі сечку…
На ўзбярэжжы вербы горбяць
Сьпіны шэрыя на рэчку.

Ледзяныя зглухлі хвалі —
Надарвіся хоць ад крыку!
З сьлёз — астуджаных крышталяў
Бранзалетку можна выкуць.

Можна зваблівай дзяўчыне
Падарыць яе ад стрэчы…
Вока радасьці ня кіне
І тугу хвароб залечыць.

Не хачу нікому верыць!
Сэрца цудаў не чакае…
Звоніць раніца у дзьверы
Рыжакосая такая.

Верабей, як сноў пялёсткі,
Атрасае з яблынь іней.
І яго, напэўна, жорстка
Падманулі на мякіне.

Ён цяпер, як сумны доказ,
Чуе хітры шчэбет самкі…
Хто там, выгнаны з далёку,
Ходзіць злодзеем ля клямкі?

Хто там голасам люгашак
Ганіць болю чорны мошаст?..
Першы раз на поле наша
Сьнегу выпала пароша.