Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Даль разорак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сярод дарог Даль разорак
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Гарманіст

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАЛЬ РАЗОРАК

Пад гарою хатак нізка
Патанула ў цёплы морак
Стала ноч ад лесу блізка
І вартуе даль разорак.

Хвоек высмужаных грэбень
Ашчарапіў зграбна косы…
Разьбівае месяц у небе
Хмарак дробныя пракосы.

Зоры з граблямі павыйшлі
І складаюць сена ў копы.
Ў вышыні лагоднай цішы
Аж да досьвіткаў ім хопіць.

Хутка ў поле сонца выйдзе
Расьсяваць свае праменьні.
Аб сваёй вялікай крыўдзе
Чорныя застогнуць цені…

Злых шляхоў зьбяруцца госьці,
Закладуць у кішэні рукі,
Як якія ягамосьці,
За сталы пасядуць крукам.

Збрэшуць, іх што абакралі
Ў землях уласных і забраных…
Будуць важна генэралы
Езьдзіць пальцамі па плянах.

Муштраванай зграі многа,
Дарыхтована і зброя…
Толькі тупнуць, тупнуць строга
Гаспадарскаю нагою!

— Ўсехалопскае паўстаньне
Неабходна збыць патопам…
І ніхто з магіл ня ўстане,
Каб адпомставацца потым.

На разбойніцкай парадзе
Людзі бразгаюць жалезам.
Ў кінутым далёкім садзе
Расьцьвіло багата бэзу…

Жыватворчым ветрам з яблынь
Захлынуцца проста можна…
Кошт адзін — багі ці дзьяблы:
Ўсім паклоны б‘юць набожна.

Пасплывалі злобай злыдні
І маліцьвенаю пенай.
Жыць на дачы вечнай збрыдла
Бяз ніякай перамены.

Адвялі — не папрасілі…
Па дарозе па шырокай…
Панам быў ён у Расіі,
А ў Бэрліне толькі лёкай.

Ные сэрца — сьмерць ды годзе,
Хоць грызі з адчаю камень.
Ў „недзялімую“ ўваходзіць
Забаронена штыкамі.

Там дзяржава ўжо ня тая,
І ня тыя ўжо салдаты…
Грукат бур вякі хістае
На ставох апошняй раты.

… Нашы плённыя разоры.
Што ідуць з блакітам парма, —
Мы нікому не падорым,
Не здамо нікому дарма.

Адыходзіць год за годам.
Праз балоты шлях мы мосьцім…
Паліць радасьць наша зброду
Рук наточаныя восьці.

Нашу працу, што ня міла,
Нашы песьні, што ня любы —
Праклінаюць дзікім сквілам,
Аб каменьні ломяць зубы.

Клічуць гады хэўру злую —
Па зямлі кладзецца рэха…
Мы даўно іх роспач чуем,
Адбываем дружным сьмехам.

Ўжо даўно у нас да вою
Прызвычаіліся вушы…
… Вецер валкаю рукою
Пачародна зоркі тушыць.

Надыходзіць ранак звонкі.
Заклапочана ў хлеве,
Як бяроза у далонкі,
Лапатаць узяўся певень.

Як дзяўчына (у белай хусьце)
Пярыць пранікам палотны…
Воўк падойдзе мызу спусьціць
І назад ідзе самотны.

Хоць і мелася б здабыча,
Ды з сялом благія жарты…
Стане — й сход зьвярыны кліча
Цешыць воўчую упартасьць.

Даль шуміць… Гараць аблоні.
Расьцьвітае ў небе чырвань.
Новым днём зямля гамоніць,
Дзень стары навекі вырван.

Ноч зьняла асмуглы грабень
І згубіла ў буйных росах.
Разьбівае месяц ў небе
Хмар ружовыя пракосы.

1928 г.