Выбраныя апавяданьні (Колас, 1926)/Дачакаўся

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дачакаўся
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
Дзяліцьба

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАЧАКАЎСЯ

I

Раман Шульдзяк толькі што адпрог каня з плуга і пусьціў яго папасьвіцца ў маладым дубняку над ярам, а сам разьлёгся пад ценем разьвіслага дуба.

Эх, люба ты, часіна сапачынку, пасьля працы! А Раман такі папрацаваў: ужо па полі ходзячы за плугам, спаткаў ён усход сонца. Спачатку работа ня ладзілася - проста ня было ахвоты працаваць, бо яго надзел быў самы горшы. Але як гэты надзел дастаўся яму па жэраб'і, то й ня было на каго наракаць. Ды ўсё-ж такі трэба было спагнаць сваю злосьць хоць на чым ці на кім-небудзь. І праўда, Раман, праводзячы першыя боразны, кіпеў злосьцю на новыя парадкі, а больш за ўсё на гэту "камунію", бо вельмі-ж было крыўдна, што яна лічыла яго кулаком; асабліва гэты басяк, Кандратаў Хведзька, дапякаў яму. Ну хоць-бы чалавек, а то проста лодыр, прагуляў сваю зямлю яшчэ да вайны, а потым пашоў бадзяцца па капальнях, нідзе не затрымаўся, у Сібір пераехаў і там не асеўся, а цяпер, вось, вярнуўся, засеў у панскім доме і крычыць: "Я - пролетары, а вы - кулакі, забралі ўсё і смокчаце маю кроў!" Падабраў сабе хаўрусьнікаў, зрабіўся прадсядацелем "камітэту беднаты"; сам нічога ня робіць, толькі ходзіць са сваёй кампаніяй па заможных гаспадарох, каб дзе што ўзяць і заткнуць сваё паганае горла. Нябось, ваяваць за камунію ня хоча йсьці. "Мы, кажа, больш патрэбны тут, у тылу, чым на фронце".

Дадумаўшы свае думкі аб Кандратавым Хведзьку да таго моманту яго жыцьця, калі гэты самы Хведзька папаўся на хабарох і з гэтае самае прычыны быў скінуты з пасады "прадсядацеля" і адданы пад суд, Раман крыху заспакоіўся. Работа памалу ўцягнула яго ў сваю абладу. Ён шпарка хадзіў за плугам і толькі на заваротах выціраў свой мокры лоб, адсоўваючы на патыліцу шапку. І толькі тады, калі сонца ўгрэла, як мае быць, а конь і сам ён парадкам натаміліся, ён выпраг каня, каб пахадзіў па траве, і сам прылёг пад гэтым дубам.

Дзень быў ясны, цёплы.

На полі зачыналі ўжо зацьвітаць грэчкі.

Колькі моманту Раман ляжаў нярухліва, адчуваючы прыемнасьць і асалоду сапачынку, ляжаў, заплюшчыўшы вочы. Проста не хацелася нават і паварушыцца. Але нярухомасьць цела прышлося ўсё-ж такі парушыць: чуваць было, як ціснулі аборы, уядаючыся ў яго стомленыя, ацёкцыя ад хады ногі. Раман прысеў, каб разуцца.

Павольна, не сьпяшаючыся, разьвязаў ён аборкі, зьняў з ног цяжкія вяровачныя лапці, якія чамусь называліся "керанскімі", вытрас з іх чорныя грудкі зямлі і шпурнуў на сонца прасушыцца. Цяпер было зусім добра, вольна.

Рамана марыў сон. Ён глянуў на каня санлівымі вачамі, як-бы штось разважаючы. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і громка пырхаў.

- Здароў, малы, - адказаў Раман на гэтае пырханьне і лёг сьпіною на зялёны дзірван, выцягнуўшыся ва ўсю даўжыню свайго здаравецкага цела.

Ён заплюшчыў вочы і ўжо пачынаў драмаць. Як нейкія цені, у галаве яго прасунуліся ўспаміны, вобразы даўно перабытых часоў. Прасунуліся і зьніклі.

- Гу-у-ур-р!

Дзесь далёка, як-бы з-за зямлі да вушэй Рамана данёсься нейкі глухі гром.

- Няўжо ўстае хмара і зьбіраецца дождж? - падумалася Раману. Паварушыцца і паглядзець на неба яму не хацелася, бо так добра было ляжаць. Ён зноў сьцішыўся, гатовы заснуць.

Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Цяпер гэты гук быў многа выразьнейшы. Раман пачуў, што яго нешта як-бы штурханула з сярэдзіны, бо ў голасе гэтага грому пачулася штось новае і страшнае.

Ён прысеў і прыслухаўся. Неба было яснае, спакойнае. Там-сям на небе стаялі камячкі белаватых хмурынак, як адзнакі добрае пагоды. Зрэдка павяваў невялічкі паўднёвы ветрык, ціха калышучы лісьцё дуба. Раман прыслухоўваўся нядоўга: таемны гук грымнуў і ў трэці, і ў чацьверты раз.

Ну, цяпер ясна: гэта грымелі гарматы, і гук іх данасіўся якраз з поўдня.

Сон разьбіўся. Раман сядзеў і слухаў, як грымелі далёкія стрэлы гармат, і ў яго душы падымаліся нейкія хвалі многалучнага пачуцьця і нейкага нявыразнага настрою. Перш за ўсё адчуваўся страх, але разам з тым было і штось прыгожа-павабнае ў гэтым было і штось прыгожа-павабнае ў гэтым далёкім грукатаньні, і нейкая няясная надзея калыхала сэрца Рамана. Якая гэта была надзея, на што накіроўвалася яна, якая яе была істота - Раман ня мог разабрацца. У яго 7 выабражэньні пачалі выяўляцца малюнкі вайны, ён стараўся вызначыць тое месца, дзе грымелі гарматы, і ўжо пачаў вылічаць, калі да іх ціхага сяла дакоціцца хваля вайны.

А страшныя гукі, так моцна калышучы душу, усё грымелі і грымелі, то кароткія, то працяжныя. Яны парушалі звычайную плынь жыцьця Рамана, яны прыносілі новыя пачуцьці і выклікалі цэлы шэраг новых пытаньняў.

Раману хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваімі ўражаньнямі, сваімі думкамі.

Ён абвёў вачамі поле. На полі было ціха і пуста, ні душы. Яму здавалася, што поле і гэтыя яры з іх хмызьнякамі і дзікімі грушамі, і гэтыя невялічкія ляскі, раскіданыя сям-там цёмна-сінімі кудзеркамі, таксама мелі цяпер нейкую нязвычайную выразу, як-бы іх засмуціла зусім новае і неспадзяванае пытаньне. "Вярсты дзьве, па той бок яру, стаяла іх сяло, а з аднаго і з другога боку — цэлы рад ветракоў з занямелымі крыльлямі. Вецер заспакоіўся, і некам было вярцець іх крыльлі, хоць у вапошнія часы і пры добрым ветры стаялі яны нярухома, бо ня было чаго малоць.

Раману было маркотна. Ён падняўся, падышоў да коніка. Конь старанна згрызаў сакаўную траву, аганяючы хвастом надаедную заедзь. Убачыўшы каля сябе гаспадара, ён прыветна падняў галаву, хрумстаючы траву. Раман зьлёгка, з любасьцю патрапаў па шыі коніка і прамовіў:

— Эх, ты, конік, мой конік! Дурны ты, брат! Там гарматы гудуць, а ты нічога не разумееш і вухам не вядзеш. Скаціна ты, скажу табе, неразумная!

Конік шаргануў разоў два галавою аб руку гаспадара ды зноў пачаў скубсьці траву. Раман яшчэ пастаяў трохі каля свайго коніка, пазіраючы на яго, і чагось уздыхнуў, а потым запыніўся за разложыстым арэхавым кустом, дзе гук гарматных стрэлаў адбіваўся яшчэ выразьней.

І здорава-ж бухаюць, — ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою.

Па сьцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз гэтае поле, павольна пасоўваліся якраз сюды дзьве чалавечыя фігуры. Сьцежачка злучала сяло Ліпавец з воласьцю. Да воласьці адгэтуль было ня больш як чатыры вярсты. Заўважыўшы людзей, Раман ажывіўся і значна павесялеў. Там, у воласьці, напэўна дачуліся яны якіх-небудзь навін. Цікава будзе пагаманіць з людзьмі і абсудзіць гэтае новае палажэньне рэчаў, аб якім так грозна загаварылі гарматы, бо толькі такім чынам, шляхам агульна-грамадзкага высьвятленьня пытаньня, складаецца сталая грамадзянская думка. Раман прызіраўся, стараючыся згадаць, хто гэтыя людзі. Аднаго ён ужо пазнаў: то быў недалёкі сусед, сталяр Пятро Мазалеўскі. Праўда, і пазнаць яго было ня трудна, бо ня было другога такога чалавека ва ўсім Ліпаўцы, так бедна адзетага і наогул такога горкага бедака, як гэты сталяр Пятро. Яго аблезлая, круглая шапка даўно ўжо страціла ня толькі свой былы надворны выгляд, але згубіла і самую гісторыю свайго пахаджэньня. Яна нязьменна сядзела на галаве свайго ўладцы, зрабіўшыся як-бы часткаю гэтае галавы. Кароткі кажушок, калісь меўшы белы колер, цяпер быў зямліста-шэры, аблеплены латкамі рознае велічыні, гатунку і формы. Тут былі латкі палатняныя, кажурынкавыя, суконныя, раменныя. Полы кажушка скончваліся пашматованымі, абтрэпанымі лахманамі, якія пры хадзе і пры ветры рабілі вельмі сьмешныя і замыславатыя рухі. І трэба зазначыць, што ва ўсім сяле ня было другога чалавека, такога прыхільніка да новае ўлады, як Пятро. Ня гледзячы на тое, што рэволюцыя падсекла яму крыльлі, зьнішчыўшы яго грошы, якія зарабіў ён сваёю сталяркаю, жывучы дзесь у Кацярынаславе, і палажыў іх на кніжку, Пятро зусім не наракаў за гэта на рэволюцыю. Гэта прыхільнасьць да новае ўлады выплывала ў яго ад бескарыснага сэрца, яна паланіла, захапляла яго вяліччам і хараством ідэі, калі людзі будуць мець роўнае права на карыстаньне дабрабытам, калі ня будзе гэтага абіраньня чалавекам чалавека і зьнікне гэта векавечнае прыгнячэньне багатым беднага.

Дык што значыць яго прапаўшыя грошы ў параўнаньні з тым новым ладам жыцьця, які зараджаўся на яго вачох і якому пагражалі тысячы ворагаў з усіх бакоў і пад рознымі лёзунгамі?

Хіба ў такія моманты можна думаць аб гэтых грошах? Да будзь яны тры разы пракляты!

У хаце Пятра была страшэнная беднасьць. Дзеці сядзелі на печы голыя, босыя. Аб хлебе і гаварыць ня прыходзілася. Хлеб замяняўся бульбаю, просам. Ня было нават дроў, і ў той час, калі сяляне, меўшыя коні, вазілі і завальвалі дубамі свае двары, Пятро мусіў на ўласных плечах насіць дровы. Але з лесу іх многа не наносіш, бо лес быў далёка. 11 Прыходзілася проста адкопваць з-пад сьнегу пні, каб нашчапаць сабе дроў.

Прабаваў зьвярнуцца з дапамогаю да Хведзькі Кандратава, каб паджыцца хлебам. Але хіба то быў чалавек? Хіба меў ён спагаду, сумленнасьць? Сам-то ён еў хлеб, сеяны на самае тонкае сіта, а для Пятра не знаходзілася ні аднаго пудзіка.

З гэтым Пятро яшчэ пагадзіўся-б, бо што рабіць, калі хлеба няма, калі сама Масква, дзе жыве душа і мозг рэволюцыі, — галадуе. Туды трэба даваць хлеб, трэба падтрымаць тых, у чыіх руках знаходзіліся лёсы рэволюцыі. Але куды-ж ішоў хлеб, рэквізаваны ў багатых гаспадароў? Ён расходзіўся па руках спэкулянтаў, яго адвозілі ў Рыбінскія Буды і выменьвалі на самагон. І ўсё гэта рабілася з ведама Хведзькі Кандратава.

— Вось хто капае магілу савецкай уладзе, — у вабурэньні душы казаў Пятро: — такіх сволачаў трэба гнаць, расстрэльваць такіх гадаў!

Спадарожны Пятра быў Захар Палянскі, мужык сярэдніх гадоў, досыць заможны гаспадар.

Раман сядзеў пад дубам, то прыслухоўваючыся да грому гармат, то паглядаючы на падарожных. І цікава: у тыя моманты, калі заціхалі гарматы і доўга ня чуваць было іх грому, Раман чагось маркоціўся, як-бы для яго нешта трацілася; калі-ж іх грукат зноў дрыгацеў у паветры, калышучы і поўнячы яго грознаю музыкаю зьнішчэньня, Раману зноў рабілася страшна і разам з тым і прыемна, бо ў гэтым грукаце чуецца нейкая моц, ёсьць бура жыцьця, а кожная бура і палохае і захапляе.

II

Пятро і Захар ужо былі недалёка. Раман разьвязаў кісет у той надзеі, што ўжо адзін выгляд гасьцінна разьвязанага кісету зьверне на сябе ўвагу падарожных і паслужыць яшчэ аднэю зачэпкаю для таго, каб Захар з Пятром прыселі тут, тым болей, што тутун меўся ня ў кожнага, бо трудна было даставаць яго.

І ён не памыліўся. Пятро і Захар падыходзілі сюды, сур'ёзныя і задумлёныя.

- Чуеце, як грукоча? - Такім запытаньнем спаткаў Раман падарожных.

-Здорава жараць, - адказаў Захар, здароўкаючыся з Раманам.

Пятро, пануры, заклапочаны, моўчкі апусьціўся на дол.

- І дзе-б гэта магло быць? - запытаў Раман. - А ўжо на гэты бок Белграду, - прамовіў Захар.

- Белград ужо забралі?! - у нязвычайным зьдзіўленьні аж крыкнуў Раман.

- Гэ, Белград! Ужо вёрст на пятнаццаць сюды за Белград прасунуліся.

- А-а-а! - зьдзіўляўся Раман: - мусіць-жа вялікая, брат, яго сіла - столькі гарадоў забраў!

- Афіцар'ё азьвярэлае прэцца, - глуха прамовіў Пятро: - ня могуць яны пагадзіцца з новым парадкам; ім патрэбен цар, ім хочацца зноў пасадзіць сваё дваранства на нашу шыю.

- А ці ня ўсё табе роўна, хто будзе на табе езьдзіць? - адказаў Раман.

- Наўперад езьдзіў пан, а цяпер езьдзяць Хведзькі Кандратавы. У мяне, к прыкладу, забралі дваццаць пяць пудоў; многа табе з іх далі? Як сядзеў, дык і сядзіш бяз хлеба. Даўней хоць мог зарабіць і жыць, як чалавек. А цяпер што? Заработкаў няма, народ зноў пазьбіваўся па вёсках. Забаранілі гандаль, ня можна двух пудоў хлеба прывезьці з Украіны. А ў яго, кажуць, вольная таргоўля.

- Там, брат, таргуюць. Хлеба белага, хоць заваліся. Былі там. Вось нядаўна вярнуўся з Украіны Родзечка з Гахава, каваля нашага сват. Запынілі яго дзянікінцы ў адным месцы. Распыталі, адкуль, і пусьцілі. Толькі кажуць: "Глядзі, каб свае не абабралі. Мы, кажа, праз месяц усю вашу Куршчыну ачысьцім ад вашых камітэтаў".

- Дык яны, значыцца, народу ня крыўдзяць? - запытаўся Раман.

- Не, не чапаюць. З комуністымі і камітэтамі, праўда, распраўляюцца. Зловяць, дык ужо і ведай порцыю: адлічаць табе дваццаць пяць шомпалаў ды ідзе. А хто паважней - расстрэл!

- Знайшоў дурань чарапок і сьмяецца, - з горкаю ўсьмешкаю азваўся Пятро: - слухаю вас, хлопцы, і дзіўлюся: чаму вы радуецеся?! - раптам мяняючы тон, накінуўся Пятро: - таму, што будуць вас біць шомпаламі? Галовы-ж вы капусьцяныя: як гэта вы ня можаце зразумець, што Дзянікін, царскі генэрал, нясе вам ланцуг, нагайкі, поліцыю і крывавую расправ.

- А за што ён будзе са мною распраўляцца? - запытаў сярдзіта Раман, - разумеецца, тым не паздаровіцца, хто нарэзаў сабе пасаду ў садох Харланавых, Мархаўцоў і іншых.

Пятро зразумеў, на што ківаў Раман: і яму, Пятру, адвялі кусок саду Харланава для будаваньня. - А ты-ж сам сьвяты? - пытаньнем адказаў Пятро: - а дубы, якімі пазавальвалі вы свае двары і выганы, адкуль вы бралі? А хто паразвалакаў маёнткі, павыдзіраў апошнія юшкі ў печах? Што-ж ты думаеш: той пан, які прыдзе з Дзянікіным, падаруе вам гэта? Сам прынясеш яму апошні гвозд, што выдралі са сьцяны панскага дому, ды ў ногі будзеш яму кланяцца. Але справа ня ў гэтым. Ты кажаш: "наўперад езьдзіў на нас пан, а цяпер езьдзяць Хведзькі". Што пан езьдзіў, будзе езьдзіць, калі прыдзе Дзянікін, - гэта шчырая праўда. А Хведзька многа наезьдзіў? Хто стаўляе пана і хто ставіў Хведзьку? Як-жа ты гэтага ня можаш зразумець? Хведзька аказаўся - дрэнь, яго выкінулі, як гнілую падэшву, гадзіны лішняе не аставаўся, пад суд аддалі. А пана ты зьменіш? Ды што гаварыць! Адна справа, калі над табою гаспадараць, а другая, калі ты сам гаспадарыш. Вы пачулі пра шомпалы і ўзрадаваліся, даведаліся аб белым хлебе і ўсьцешыліся! Шомпалаў то яны вам дадуць, а вось белым хлебам не пакормяць і гаспадарыць самі і біць будуць вас па мардасах, бо вас можна купіць за белую булку, бо вы няздольны быць гаспадарамі свайго жыцьця... Народ, народ!

Пятро яшчэ штось хацеў сказаць, але яму было так горка і крыўдна, а яго слухачы так далёка былі ад таго, што ён ім казаў, што Пятро ня мог далей гаварыць, падняўся, уздыхнуў і пашоў па сьцежачцы. Праз колькі крокаў сьцежачка зьбягала ў яр, густа заросшы кустамі і травою, а ў гэтых кустох разам са сьцежачкаю схавалася і акрытая лахманамі фігура Пятра.

Захар нейкі час яшчэ сядзеў і гутарыў з Раманам. Яны ўжо не зварачалі ўвагі на тое, што гарматы грымелі і рабілі там нейкую справу. Цяпер Захар казаў аб навінах, якія чуў ён у воласьці. Першая і самая грунтоўная навіна - у іх воласьць гэтымі днямі прыдзе дывізія войска, якое, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. У іх-жа Ліпавец прыгоняць цэлых два палкі. Дачуўшыся і яшчэ мацней пачухаў патыліцу. Лёгка сказаць - два палкі! Гэта, значыцца, паставяць у двор па 10-15 чалавек і трэба іх карміць. Н, але раз трэба, то трэба - нідзе ты ня дзенешся. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам залезьці. Таксама не адкіне ён і мёду, а ў Рамана быў добры пчольнік, вульлёў на сорак. Усё гэта моцна засмучала Рамана. Апрача таго, па вёсках пачалі зьяўляцца вайсковыя атрады і вясьці строгую расправу з дэзэртырамі. Забіралі каровы, коні з тых двароў, дзе былі гэтыя дэзэртыры, бо становішча для рэспублікі стваралася небясьпечнае, прыходзілася прымаць надзвычайна строгія меры.

І тут трэба было Раману паламаць галаву: яго Іванька таксама дэзэртыр.

- Эх, галоўка ты мая! - уздыхаў Раман: - калі-ж гэта людзі прыдуць да чаго-небудзь аднаго? Калі скончыцца ўся гэта суматоха?

- Як-небудзь, брат, будзем жыць, - разважаў Захар, - а там відаць будзе. Ня можа-ж быць: будзе які-небудзь парадак, а там і вайна гэтая скончыцца, хто-небудзь а возьме верх. А наша, брат, дзела што? Мікалай быў - мы зямлю аралі; зьявіўся Керанскі - аралі, пры бальшавікох - таксама аром; Дзянікін прыдзе, чорт, д'ябал, - мы ўсё будзем у зямлі капацца.

Захар падняўся і пашоў да сяла, а Раман яшчэ крыху пасядзеў пад дубам, а потым пашоў да сваіх калесень, зьбіраючыся ехаць дадому.

Новы клопат, новыя думкі агарнулі Рамана.

А гарматы, прыціхшы на нейкі час, зноў грымелі грозна і страшна. Цяпер іх размова для Рамана мела больш вызначаны сэнс. На душы было неспакойна, трывожна. Прынесеныя Захарам навіны моцна засмучалі Рамана. А горш за ўсё гэтыя атрады. Ужо даўно цягнецца гэта гісторыя з дэзэртырамі. Многа разоў прысылаліся грозныя прыказы з ваенных камісарыятаў аб дэзертырах. Многа разоў хадзілі ваякі ў павет і зноў варочаліся дадому праз месяц ці колькі нядзель. Цяпер-жа, відаць, цьвёрда паложана зрабіць канец дэзэртырству.

"Наскочыць атрад, захопіць Івана, тады прахам пойдзе твая гаспадарка" - думаў Раман: "трэба што-небудзь думаць, бо йначай - бяда".

Раман запрог каня, палажыў на драбінкі плуг і мернаю ступою паехаў паўскрай яру.

Дарога, агібаючы яр, забірала ў поле, потым зноў павярнула канец свае дугі ў бок сяла. Перад самым сялом цягнуўся роўны, прасторны выган. Каля платоў па выгане віднеліся высокія круглыя кучы наваленага гною. У вапошнія годы гаспадары перасталі вазіць яго на поле. - "Што вазіць яго", разважалі яны: "я ўгнаю поле, а на другі год ім будзе карыстацца другі".

Так і валяўся гной па выгане бяз усякае карысьці. На гэтым-жа выгане стаялі ветракі, спыніўшы свае крыльлі. Раман таксама меў вятрак. Раманаў вятрак стаяў зусім блізка ад дарогі і меў вельмі прыгожы выгляд. Асабліва многа хараства прыдаваў яму самы верх, накрыты чырвоным жалезам.

Але ў гэту мінуту ён ня цешыў Рамана і меў таксама смутную выразу свайго аблічча, як-бы ён спагадаў свайму гаспадару.

Праехаўшы крыху выганам, Раман зьвярнуў да свае клуні. Каля клуні быў Іван. Іван моўчкі стаў выпрагаць каня. Колькі мінут бацька і сын маўчалі.

Раман скоса, украдкам паглядаў на сына. Яму хацелася пагаварыць з ім аб тым, што ён дэзэртыр і якія вынікі можа мець гэта дэзэртырства для іх гаспадаркі. Выпраглі каня. Прывязалі каля "кармушкі". Іван вынес з клуні ў кашалі сечкі.

- Чуў? - зьвярнуўся Раман да сына: - дзянікінцы ўжо Белгарад забралі.

- Па гарматах чуваць, што па гэты бок Белгараду бой ідзе, - адказаў Іван, высокі шырокаплечы дзяцюк, адзеты напалавіну ў казённае.

Раман пачухаў патыліцу.

- Але вось што, Іванькя, - вымаўляючы слова "Іванька" на курскі лад, сказаў Раман: - па вёсках, кажуць, зьяўляюцца вайсковыя атрады, ловяць дэзэртыраў, а гаспадарку іх нішчаць, не захапілі-б і цябе.

- Такія выпадкі ўжо былі, - панура адказаў Іван: - на Данскім хутары з трох двароў пабралі каровы і коні; дзядзя Кандрат сказываў.

- Пабралі?! - апаўшым голасам спытаў Раман: - бач, ты, якія дзяла.

Памаўчалі.

- Нічога, баця, не паробіш, а йсьці-та трэба.

Раман уздыхнуў.

- Ах, ты грэх які! э-хэ-хэ! - цмакаў Раман і чухаў патыліцу.

- А ты, Іванькя, глядзі, з розумам рабі: убачыш, што дзеля ня выходзіць, дык ты... таго.

- Ведаю, баця, вайсковую службу, - усьміхаючыся адказаў Іван: - варон страляць ня буду, а "прымяніцца да меснасьці", як вучыць салдацкая мудрасьць, здарэньня не прапушчу.

Так разважаючы, бацька і сын чулі нейкую фальш і стараліся не глядзець адзін другому ў вочы.

- Якая гэта вайна, - стараўся Раман знайсьці якое-небудзь апраўданьне: хіба гэта вайна?

У хаце за сталом яшчэ пагутарылі аб тым, што Івану трэба йсьці на службу. Бабка Параска, жонка Рамана, трохі плакала па Іване, але ня моцна, бо ўжо прывыкла да яго частых мобілізацый. "Маладайка" Матрона, Іванава жонка, была маўкліва, Іван толькі зімою пажаніўся з ёю, і жылі яны надта згодна. Матрона была высокая, тройная, прыгожая жанчына. Відаць, яна вельмі маркоцілася, што Іван заўтра пойдзе. Яны часта заставаліся ўдваіх і ціханька перакідваліся словамі. Меншыя браты й сёстры Івана, папалуднаваўшы, пайшлі на вуліцу. А на вуліцы было так цікава. Сталыя мужчыны зьбіраліся ў гурткі і разважалі аб вайне, якая насоўвалася на іх. Тут-жа расказваліся вельмі цікавыя навіны, падымаліся гарачыя спрэчкі, наогул жыцьцё біла з кожнага кута. Па сяле хадзілі самыя няскладзістыя чуткі.

III

На другі дзень раніцаю, чуць толькі паказалася сонца з-за таго лесу, што стаяў каля воласьці, Іван буў ужо гатовы да паходу. Цяпер ён зусім выглядаў салдатам. За плячамі ў яго быў досыць пакоўны мяшок з хлебам і скорамам, прыладжаны на палаценцы. Яго спадарожныя, тры таварышы, такія-ж, як і ён ваякі, ужо пастукалі ў акно, клічучы Івана да свае кампаніі.

- Я даганю вас, хлопцы: ідзеце памалу, - сказаў Іван. Папрашчаўшыся з бацькамі; Раман, Параска і Матрона правялі яго на двор. Ісьці вуліцаю было нейк нялоўка. Іван пашоў дваром каля клуні. Тут яшчэ затрымаліся, а Раман сказаў на дарогу сыну колькі слоў, сэнс якіх зводзіцца да таго, каб усё рабіць з розумам.

- Ну, шчасьліва, - прамовіў апошнія словы Раман і павярнуў у клуню. Маці стаяла яшчэ колькі мінут і пазірала на Івана. Матрона пашла з Іванам.

- Падыйду з табою да гэтага лесу, - сказала яна, заглядаючы з любасьцю ў вочы Івану.

Агародамі вышлі яны на выган і павярнулі па дарожачцы, што йшла каля плоту.

- Не даюць нам, Іванька, спакойна жыць. Хоць-бы дзянёк таго спакою. І дома ты, а сэрцам не на месцы. А пойдзеш - і таго горай.

У Івана таксама на душы было цяжка, а ў галаве варушыліся цэлым роем думкі. І хацелася сказаць маладой жонцы, і нават думкі добрыя былі, толькі слоў не знаходзілася адпаведных. І Іван ішоў радам з Матронаю, заглядаў ёй у вочы і толькі вачамі і сьмехам выказваў ёй свае думкі.

Дашлі да лесу. Лес, праўда, пачынаўся недалёка ад выгану. Праўда кажучы, гэта і ня лес быў, а проста так зваўся па старой памяці.

- Глядзі-ж ты, Матрона, ня вельмі-та па вуліцах вечарамі разгульвай, - сказаў прыпыніўшыся Іван. - Ну, што ты, Іванькя! Як-жа я, мужняя жонка, гуляць пайду?

І паглядзела на Івана з такім дакорам.

Іван абняў яе моцна; моцна і крэпка пацалаваў у сьвежыя і сакаўныя губы.

Пацалаваў і шырокімі крокамі пусьціўся даганяць сяброў.

Матрона, смутная, пастаяла трохі, покі не схавалася фігура Івана за выступам яру, куды павярнула дарога, а потым пашла на свой агарод зьбіраць зельле, падаткнуўшы спадніцу.

Шкода было Раману сына, але-ж за тое было і шмат спакайней. Бяз пэўнае думкі расчыніў ён у клуню вароты, вашоў туды, агледзеў сьцены, зірнуў на кучы саломы і вышаў на двор. Крыху пастаяў, зашоў у пчольнік, прашоўся між вульлёў. Ніякае работы на гэты дзень ён яшчэ не назначыў сабе. Дый ахвота нейк адпала за дзела брацца. Яго пацягнула на вуліцу. На тым баку, пасярэдзіне сяла, цягнуўся глыбокі і шырокі яр; з вуліцы чуўся гоман. Раман ужо хацеў пакіравацца туды, але так добра знаёмы са ўчарашняга дня гук зноў пачуўся Раману. Ён зашоў за клуню і стаў слухаць. Грозны гук паўтарыўся грозна і выразна. Ціхае і вільготнае паветра раніцы прыдавала яму яшчэ большую сілу. Здавалася, што гарматы грымелі цяпер шмат бліжэй.

Каля Бажковай клуні таксама стаяў і Пятро Мазалеўскі. Свае клуні Пятро ня меў.

Раман пашоў да Пятра паздароўкацца.

- Мне здаецца, што сёння гарматы як-бы аддаліліся, - прамовіў Пятро.

- Дзе ты бачыў, аддаліліся, - зусім блізка грукацяць!

Як-бы прыпыняючы іх спрэчку, пракаціўся густы, выразны, акруглены гук.

- Чуеш? - сказаў Раман.

- Што-ж, - прамовіў Пятро: - пры стычках усяк бывае. Зарвецца дзе іх банда, вось і выбіваюць.

- Банда, то банда, але глядзі, куды дашлі... Нічога, мусіць, брат, ня будзе, калі ў іх парадак моцны, дысцыпліна, бранявікі, танкі і ўсё, што хочаш.

- Ну, бранявікі! а ў нас, ты думаеш, бранявікоў няма? Прагналі-ж Калчака. Цяпер з таго фронту сюды гоняць войска. Яшчэ, брат, рана ім казырыцца, яшчэ ўсё можа быць.

- Не, Пятро, - круціў Раман галавою: - штось на гэта не паказвае. Чуткі ёсьць, што ўжо і Курск вывозіцца. Трудна, брат, з імі змагацца. Пятро маўчаў. Дый што тут казаць. Хіба ты яго пераканаеш. Радуецца кулаччо, бо не па нораву яму новая ўлада.

Раман пашоў на вёску паслухаць, што гавораць людзі. Пятро таксама павярнуў у свой двор. Стаяць на вуліцы і слухаць гэту кулацкую гутарку яму было прыкра.

"Ах, вы жылы, жылы!" разважаў сам з сабою Пятро: "чакаеце Дзянікіна, ня люба вам, што бедната галаву падняла. Каб часам-жа і самі не заплакалі!"

Нявесела было на душы ў Пятруся. Перш быў за дзела ўзяўся, плот паставіў на сваім надзеле, падгатаўляў мясьціну, каб перансьці туды сваю хату. Думаў пачаць памалу будавацца. Цяпер-жа ўсё гэта спынілася.

"Задушаць, усё задушаць і зьнішчыць могуць, сволачы!

Так і спыніў сваю работу Пятро, бо нашто рабіць? Калі прыдуць дзянікінцы, то ўсё будзе зьнішчана ды яшчэ і самога калаціць будуць. Але ня гэта страшна, - страшна, што стары парадак можа вярнуцца. Заможнае сялянства пачало падымаць галаву. То там, то сям стаялі гурткі заможнікаў, якія так ці йначай лічылі сябе пакрыўджанымі беднатою і ў глыбі душы, хоць аб гэтым яшчэ не адважваліся казаць у голас пры ўсіх, былі рады прыходу Дзянікіна. Цішком перадавалі адзін аднаму аб добрых зьменах жыцьця, якія будуць тады, калі ня будзе ўлады чырвоных. Раман колькі разоў абменьваўся думкамі з людзьмі і яшчэ болей праконваўся ў тым, што верх возьме Дзянікін, і ўжо пачынаў чакаць яго. Тымчасам прыбліжэньне фронту і сур'ёзнасьць палажэньня адчувалася моцна. Прыходзіла войска, разьмяркоўвалася на больш-менш доўгі час, а праз дзень, другі, яно кудысь выходзіла. Прыбывалі новыя вайсковыя часьці, але доўга не затрымліваліся і перакідваліся то на адзін, то на другі пункт фронту.

А гарматы грукацелі бліжэй.

Раман чутка прыслухоўваўся да ўсяго, што рабілася вакол. Вайна была ўпартая, і часта фронт хістаўся то ў адзін, то ў другі бок, а разам з гэтым то падымаліся, то ніклі надзеі заможнікаў і беднаты. Калі ўдача была ў чырвоных - ажывала бедната і паказвалася на вуліцы. Тады можна было пабачыць і Пятра. Ён выхадзіў на вуліцу, шырока расстаўляў ногі і казаў:

- Не, брат, зьбілі Калчака - таксама далёка зашоў, - саб'юць і Дзянікіна. Усяго народу не ашукаеш і за белы хлеб ня купіш.. Што тут талкаваць? Рана вам радвацца, - і Пятро кідаў вочы на крытыя пад жалеза хаты заможнікаў. Пры спатканьні з Раманам Пятро ня мінаў казаць:

— А гарматы ледзь-ледзь ужо чуваць.

Раман дыплёматычна адказваў:

— І дзякуй богу! Ты-ж думаеш, добра было-б, каб фронт прашоў праз наша сяло?

Так казаў Раман, а сам думаў ня тое і адчуваў засмучэньне, асабліва пасьля таго, калі яго залучылі ў абоз чырвоныя і патрымалі яго з тыдзень, а ў гэты час невядомыя ласуны крыху пахадзілі каля вульлёў без дазволу Рамана.

Раман зноў зьбіраў навіны і, нават, заходзіў да бацюшкі пагутарыць аб справах вайны.

Бацюшка стаяў у самым асяродку навін і на справу пазіраў сьветаглядна.

— Думаеш, яго сілаю прымусіш адыйсьціся? — казаў бацюшка: — сам адступіў, бо правае крыло на фронце Ўрангеля адстала, а левае залішне высунулася. Але туды паслалі генэрала Шкуро. Гэта, брат, генэрал! Другі Сувораў!

Раман весялеў — што значыць вучоны чалавек!

Такое хістаньне вайны цягнулася колькі месяцаў. Раман проста змучыўся, чакаючы рашучых вынікаў вайны. Паміж заможнікаў злажыўся, нават, погляд, што Дзянікін ня йдзе проста дзеля таго, каб даць людзям сабраць з палёў.

Раз, пад канец лета, калі гармат колькі дзён зусім ня было чуваць, Раман пачуў, як яны зноў ажылі і загрымелі часта і моцна.

Убачыўшы Пятруся, ён сказаў:

- А чуеш, як блізка зноў грукацяць?

- А мне здаецца, - адказаў Пятрусь, - што яны ўсё на адным месцы.

Але выраза твару Пятруся казала за тое, што гарматы ня вельмі далёка.

Пад вечар таго-ж самага дня стала вядома, што Дзянікін прашоў раку Псёл, а да Псла адгэтуль было ня болей, як дваццаць вёрст. Гарматы грымелі ўжо так, што зямля дрыжала. Блізкасьць вайны адчувалася цяпер усімі. Сярод вайсковых часьцей замячаўся нязвычайны рух. Відаць было, што чырвоныя войскі адыходзілі. Цэлы шэраг хурманак пацягнуўся на поўнач у кірунку на Курск; за хурманкамі праз нейкі час адыходзілі і баявыя ланцугі. Палажэньне станавілася вельмі напружаным. Дзесь, ня вельмі далёка, тухкалі кулямёты, а на горцы ў полі пачалі ўздымацца высокія слупы дыму і пылу. Гэта - выбухі ад снарадаў. Людзі пахаваліся: сяло, здавалася, апусьцела.

Раман чуў, як нейкі страх агарнуў яго душу. На яго вачох выяўлялася разьвязка вялікага змаганьня, сэнс якога ён ня мог ахапіць розумам, але ў сэрца закрадвалася цёмная трывога.

Змоўклі гарматы, сьціхла частае тухканьне кулямётаў. Зрабілася ціха і пуста.

Чырвоных ужо ня было, а белыя яшчэ не паказваліся.

Раман стаў разглядацца і патрошкі прыходзіць у сваю звычайную плынь жыцьця. Ён вышаў на двор, аглядаючы свой будынак і сваю гаспадарку. Зрэдка грукацелі гарматы, але ўжо збоку і ў другім месцы. Абярнуўся Раман назад і абамлеў: з вуліцы ў двор уварвалася нейкая, яшчэ ня бачаная ім, банда ўзброеных людзей. Не спадзяючыся нічога добрага, Раман, моцна перапалоханы, падаўся ў патайны кут двара. Сэрца яго крэпка забілася.

У хаце была жонка і нявестка Матрона.

Банда ўвалілася ў хату. Матрона забілася ў цёмны куток сяней і ўся дрыжала.

- Балшавік няма? - пытаўся адзін з шайкі нейкаю ломанаю моваю, а вочы бегалі, як у злодзея.

- Няма, няма, - запэўняла перапалоханая гаспадыня.

Банда борзда крутнулася па хаце, акідаючы поглядам куты і набытак, потым вышла ў сені. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схованы яе лепшыя рэчы: адзеньне, палотны, абрусы, залатыя пярсьцёнкі, рублёў дваццаць срэбра і дзьве залатыя пяцёркі.

Адзін з шайкі, чорны, калматы, як зьвер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць з скрыні тыя рэчы, якія яму больш падабаліся, а боль дробныя і каштоўныя - клаў у кішэню. Другія падбіралі з зямлі хусткі, абрусы.

- Што вы, падлякі, робіце?! - крыкнула Матрона і выскачыла з кутка. Грабежнікі зьнячэўку прышлі ў замяшаньне.

Чорны, акінуўшы Матрону вачамі, расплыўся ў нядобрую ўсьмешку.

- Карош баба! карош баба!

Матрона ў гневе, у страсе стала крычаць, адбівацца, але чорны трымаў яе моцна.

- Пайдэм, дюша мая, пайдэм! - і павалок маладзіцу ў глыб двара.

Матрона баранілася з усіх сіл, біла яго па твары, чаплялася рукамі ў яго бараду, крычала, клікала людзей, але ніхто не паказваўся і ня йшоў бараніць.

- Нычаво, нычаво, ны бойся! - казаў чорны, а вочы яго гарэлі дзікім агнём.

Ён кінуў скрыню, падышоў да Матроны і раптам абняў яе крэпкімі рукамі. Ён згроб яе на рукі і панёс у клуню. Матрона змаглася і самлела. Чорны нагою адчыніў клуню і панёс маладзіцу туды.

Раман ня мог болей хавацца. Ён схапіў вілы і кінуўся ў клуню, як зьвер, ратаваць сваю нявестку.

— Погань разбойная, што ты робіш?! — наляцеў Раман з віламі, гатовы прасадзіць яго.

Грабежнік кінуў Матрону, выхапіў шаблю і спрытна адбіў удар, пры гэтым расьсек Раману пальцы.

На яго шчасьце пачалі зьбягацца людзі, падняўся крык, лямант. Чорны, дзіка азірнуўшыся, моцна таўхануў Раману ў грудзі зьбіў яго з ног і махаючы шабляю, пабег да свае банды. Аграбіўшы Раманаву хату, банда пашла на другі бок сяла праз яр.

Прашло з месяц часу. Сялянства на ўласных гарбох адчула ўсю асалоду дзянікінскіх парадкаў. Не па аднэй сьпіне згуляла поліцэйская нагайка. Зямляўласьнікі шчыра сталі зьбіраць свой набытак, адбіралі ад сялян кароў, коняй, цягалі іх па судох за сьсечаны лес.

І вось калі зноў пачуліся стрэлы гармат, на гэты раз ужо з поўначы, а Раман і Пятро стаялі і слухалі іх, і калі Пятро сказаў: — А ці не здаецца табе, што гэтыя стрэлы раз-по-раз чуюцца бліжэй?

Тады Раман з сьвятлеючым тварам і ад шчырага сэрца адказаў:

— Так, так: гром падбліжаецца!