Перайсці да зместу

Вось як даўней старых бацькоў кідалі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вось як даўней старых бацькоў кідалі
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D0%B5%D0%BD%D0%B4%D1%8B/item/legenda-011.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Даўней у нас, старажылы расказваюць, была такая пастанова: як чалавек пастарэе, то сын вывезе яго ў пушчу і кіне звярам.

Ну, аднаго разу вязе сын свайго бацьку (а ён яго, гэта, надта любіў, толькі што рабіць, калі такая пастанова).

Аж бацька кажа:

— Няўжо ты, сынку, мяне пакінеш?

— Я вас, татку, не пакіну, але вязу наўмысна, каб мяне не каралі, а ўночы вас забяру дамоў, і будзеце жыць у каморачцы.

Ну, ноч надышла, сын у лес паехаў зноў, узяў бацьку і прывёз дахаты.

Праз год здарылася, што град жыта выбіў і не было чым нават пасеяць.

Сын і кажа бацьку:

— Так і так, як мы жыць будзем?

— Не бядуй, — адказвае той, — сынку, як ты яшчэ быў малы, я гумно ставіў, а быў тады надта вялікі ўраджай, і я немалочаным жытам гумно крыў, цяпер абдзяры і будзеш насенне мець.

Прайшоў якісь час, адно ж хлеба няма.

І зноў кажа сын бацьку:

— Так і так…

— Не бядуй, — адказвае той, — сыночку, у хаце пад катухом шмат грошай я закапаў, дастань, то будзеш найбагацейшы за ўсіх гаспадароў.

І праўда, усе з голаду паміралі, а ён пірагі пёк. Людзі дзівіліся, адкуль гэта ён іх бярэ.

Тады няма куды дзявацца — прызнаўся.

З тае пары ўжо не кідалі дзеці старых бацькоў.