Перайсці да зместу

Вольная Беларусь (газета)/1917/32/Пагоня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пагоня (пасьмертны верш)
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1917
Крыніца: Вольная Беларусь, 1917, №32
Іншыя публікацыі гэтага твора: Пагоня (Багдановіч)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Пагоня


Як толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
І воякаў на грозных канях.
 
У белай пені праносяцца коні,
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць,
Стародаўнай Літоўскай Пагоні
Ні разбіць, ні спыніць, ні стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі — годы…
Вы за кім у пагоню сьпяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо’ яны, Беларусь, панясьліся
За тваімі дзяцьмі у здагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі й аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх — бійце мечамі
Ні давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Ні усьцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач, Ты прымі свайго сына
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Стародаўнай Літоўскай Пагоні
Ні разбіць, ні спыніць, ні стрымаць…