Ода
Сыйдзі з вачэй маіх далоў,
Цытэры кволая ўладарка!
Дзе ты, дзе ты, граза цароў,
Свабоды гордая пяснярка?
Прыдзі вянок мой растаптаць
І ліру спешчаную гэту —
Хачу апець свабоду свету,
На тронах ганьбу пакараць.
Вядзі мяне на знатны след
Таго узвышанага гала,
Каго сама між слаўных бед
На гімны смелыя натхняла.
Свавольнай долі пестуны,
Тыраны подлыя! дрыжыце!
А вы, нявольнікі, ідзіце,
Паўстаньце, бедныя сыны!
На жаль! з якіх ні глянь старон —
Скрозь бізуны і скрозь кайданы.
Ганебны, пагубны закон
І плач няволяй змардаваных;
Скрозь ў забабоннай мгле густой
Сядзіць няправедная ўлада
Як геній рабства, як прынада
І прага славы ракавой.
Адно над царскай галавой
Там не лягло людзей мучэнне,
Дзе зліта з вольнасцю святой
Законаў моцных спалучэнне;
Дзе распасцёрг іх шчыт для ўсіх,
Дзе ўзняты грамадзян рукамі
Аднолькава над галавамі
Без выбару меч свішча іх
І смела тне, як мае быць,
Злачынства праведным размахам;
Дзе іх рукі не падкупіць
Ні прагнай скупасцю, ні страхам.
Уладары! Вянок і трон
Дае закон вам — не прырода —
Вы стаіце вышэй народа,
Але вышэй за вас закон.
І гора ўсім плямёнам там,
Дзе дрэмле ён неасцярожна,
Дзе ці народу ці царам
Законам уладарыць можна.
Цябе за сведку я заву,
О мучанік памылак слаўных.
Што ў шуме навальніц нядаўных
Злажыў за продкаў галаву.
На смерць выходзіць Людавік
І на вачах свайго патомства
Чалом развенчаным прынік
Да здраднай плахі вераломства.
Маўчыць закон — народ маўчыць,
Падзе злачынная сякіра...
І — ліхадзейская парфіра
На галах скованых ляжыць.
Самаўладарны ліхадзей!
Цябе, твой трон я пагарджаю,
Тваю пагібель, смерць дзяцей
З вялікай радасцю вітаю.
На лоб праклёны твой ляглі,
Чытаюць іх усе народы,
Ты ганьба свату, жах прыроды,
Дакор ты богу на зямлі.
Калі на змрочную Неву
Зара паўночная зіяе
І сон спакойны галаву
Незаклапочана схіляе,
Пясняр задумлівы глядзіць
На помнік страшнага тырана —
Палац, што грозна пад туманам
Забыццю кінуты стаіць —
І чуе Кліі голас ён
За тымі страшнымі мурамі,
І Калігулы блізкі скон
Ён бачыць ярка прад вачамі,
Ён бачыць — ў залатых крыжах,
Ад злосці і віна п’яныя
Ідуць забойцы патайныя,
На тварах зух, а ў сэрцы страх.
Маўчыць няверны вартавы,
Апушчан моўчкі мост пад’ёмны,
Вароты насцеж ў бок Невы
Расчынены рукой наёмнай...
О жах! о ганьба нашых дзён!
Звярамі рвуцца янычары!..
Падуць бясслаўныя удары —
Злачынцу ўвенчанаму скон.
І вось — вучыцеся, цары:
Ні ўзнагароды, ні каранне,
Ні турмаў кроў, ні алтары
Для вас яшчэ не ўратаванне.
Раней за іншых галавой
Схіліцеся пад схоў закона,
І стануць вечнай вартай трона
Народаў вольнасць і спакой.