Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Сьмерць арыштанта

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сьціхнуў шум… Сьмерць арыштанта
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Вясною
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьмерць арыштанта.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЬМЕРЦЬ АРЫШТАНТА.

Праз вастрожны двор закрыты
Два людцы маўчком ідуць,
З тоўстых дошак, сьпешна зьбіты,
Цесны гроб яны нясуць.

Ў звон ня звоняць, не сьпяваюць,
Нікагутка ня відно;
Два плячы той гроб трымаюць,
Як якое бервяно.

Арыштант! Сярод дарогі
Сам сябе ты адзваніў:
Кайданамі твае ногі
Суд «ласкавы» адарыў!

Арыштант! Яшчэ ты ўчора
Сам сябе і адмаліў,
Ў гроб хваёвы сваё гора
Ты глыбока палажыў.

Арыштант! І ў роднай хаце
Жыць з сямьёю не далі,
Месца й там табе ня хваціць,
Як ня стала ня зямлі.

А сканаў ты, як сабака.
Знаць ня будуць сваякі,
Як пражыў ты, небарака,
Тры апошнія дзянькі.

Арыштант! Цябе зарыюць,
Не заплачуць над табой,
Хіба мо‘ ваўкі завыюць
У піліпаўкі зімой.

Арыштант! Твае магілы
Крыж ня будзе вартаваць,
Адзін вецер свае крылы
Над ёй будзе разьнімаць,

Калі ўвосень раззлуецца
І памчыцца ў сьвет гуляць.
З языка ня раз сарвецца:
«Хтось павесіўся, відаць».

І ня будуць ведаць дзеткі,
Дзе іх татка апачыў:
Няма нават і заметкі,
Дзе ты костачкі злажыў.

21/I 1909 г.