Краска мілая мая,
Госьця веснавая!
Як ты хораша цьвіцеш
Тут, ў глушы, любая!
З ціхім усьмехам з табой
Вецярок жартуе,
І цябе ў вясёлы дзень
Сонейка цалуе,
Што-ж па тварыку тваім
Лёгла задуменьне?
Што ня весела глядзіш,
Мілае стварэньне? Я
І ня радуе цябе
Дзень вясёлы мая, Голас радасны вясны,
Песьня маладая.
Я хацеў бы адгадаць
Дум тваіх гаворку,
Я-б хацеў разьвесяліць
Краску, маю зорку.
Ці гаруеш ты аб тым,
Што і ты бяз волі,
Што краса ўся адцьвіце
Без пары і долі?
Ці па тым, што вецярок
Разлучыў з лугамі,
Дзе-б магла ты размаўляць,
З пчолкамі з чмялямі.
Я любуюся табой,
І мне смутна стане,
Што ў вастрозе хараство
Ўсё тваё завяне:
Што адна ты адцьвіцеш
Век свой сіратою,
А багата адарыў
Цябе май красою:
Краска, красачка мая;
Мілае стварэньне!
Што-ж на тварыку тваім
Ле́гла задуменьне?
|