Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Гай

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дарога Гай
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Гусі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Гай (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ГАЙ.

Люба ўспомніць гай зялёны
Сосен пышныя кароны,
Гурт прыўдалых іх камлёў,
Дзе так ціха, так прывольна,
Дзе і сам жывеш супольна
З жыцьцем хвой і тых дубоў,
Што як хлопцы, тут стаялі
І на хвоі паглядалі,
Як на панначак-дзяўчат.
Я пагульваў тут маўклівы
Ды спакойны, ды шчасьлівы,
Думкі думаліся ў лад.
Эх, ты, гай! Ня раз, бывала,
Тут душа адпачывала,
Сэрца цешылась, ды чым?
Толькі-ж хто пра гэта знае?
Ты, ды я, ды маладая…
Хто? пра тое памаўчым…

3/IX 1916 г.