Водгульле (1922)/Восень у гаю

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Муха Восень у гаю
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Дарога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень у гаі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ У ГАЮ.

Гай заціх, бы зачарован,
Гук і сьпеў яго пахован,
Гай штось марыць і маўчыць,

Як душа ў часы зьмярканьня,
Толькі песьняй пахаваньня
Вецер ў лісьцю зашуміць,

А яно памеж камлямі
Залаценькімі раямі
Заснуецца, задрыжыць

І на дол, ўжо амярцьвелы,
Так пакорліва, нясьмела
З ціхім шолахам ляціць…

Ціха ў гаю і маркотна,
Толькі лісьцечка гаротна
Нешта смутнае гудзе.

Ў гэтай мове ападаньня
Песьню нуднага зьмярканьня
Думка чулая вядзе.

16/X 1916 г.