Водгульле (1922)/Веснавыя хмаркі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раніца вясною Веснавыя хмаркі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Маёй вясьне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Веснавыя хмаркі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕСНАВЫЯ ХМАРКІ.

Сінім стэпам-даліною
Ходзяць хмаркі веснавыя,
Сакавітыя, густыя,
Чарадою-грамадою.

Ой, вы, хмаркі, неба дзеці!
Як вы сэрцу майму мілы!
Носіць вецер лёгкакрылы
Вас, любыя, па ўсім сьвеце.

Люба мне, як думкай Божай
Ціха зьвісшы над палямі,
Вы пракоціцесь часамі
Гукам-грукатам прыгожым;

Як маланка узаўецца,
Блісьне стужкай агнявістай,
І як песьняй галасістай
Вам зямелька адгукнецца.

Ліне дожджык, даль закрые
Белай сеткай, срэбратканай,
Цёплы дожджык і жаданы
Ўсё аджывіць, ўсё абмые.

А, зачуўшы голас грому,
Селянін з сахой на ніве
Усьміхнецца вам шчасьліва,
Стаўшы важна, нярухома;

Бо ваш гром для вёскі сына—
Лепша музыка на сьвеце…
Ой, вы, хмаркі, сонца дзеці,
Не пакрыўдзьце селяніна!

13/IV 1911 г.