Перайсці да зместу

Водгукі вялікае вайны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ідэоляг народнае інтэлігенцыі: Максім Гарэцкі Водгукі вялікае вайны
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1.VІІІ.1924
Крыніца: Адбітае жыцьцё: Лекцыі і стацьці зь беларускае адраджэнскае літаратуры. Кніжка І. Вільня, 1929
На новых шляхох

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Літаратура народу — гэта быццам найбольш чулая фатаграфічная плітка, якая адбівае ў сабе ўсе праявы нашага жыцьця. Але гэтае адбіваньне жыцьця ў літаратуры мае свае асаблівыя законы.

Нейкае яркае здарэньне, нейкая незвычайная праява, якая паражае нашае выабражэньне і пачуцьцё, якая крэпка, балюча б’ець па нашых нэрвах, — у першы чарод адбіваецца ў лірычнай творчасьці. І гэта зусім натуральна: паэта-лірык, як і кожын чалавек, патрабуе нечым выявіць, неяк высказаць тое, што адчувае і перажывае, высказаць тое, што перапоўніла ягоную душу, — мо нават не аналізуючы, не разважаючы. Лірыка і дае нам гэткія першыя адрухі пачуцьця. Але ў меру таго, як здарэньне адыходзіць ад нас у часе ўсё далей і далей, на сцэну выступае не пачуцьцё, а крытычная мысьль і аналіз, развага. Вось чаму эпас адклікаецца на жыцьцё шмат пазьней, і часта толькі далейшыя пакаленьні даюць магутны абраз жыцьця дзядоў у сваіх эпічных творах.

Гэтае самае бачым мы і ў беларускай літаратуры ў адносінах да сусьветнае вайны. Лірыка наша адгукнулася на яе ў першыя ж дні пасьля выбуху вайны, пасьля першых крывавых баёў. Эпас (а таксама і драма) яшчэ толькі пачынаюць выпаўняць сваю натуральную ролю, далёка не апанаваўшы ўсяго багатага ваеннага матэрыялу дзеля творчасьці.

Першыя адгукнуліся на крывавыя падзеі Алесь Гарун, Зьмітрок Бядуля, Янка Купала, Якуб Колас. Пераглядаючы цяпер першыя «ваенныя» нумары «Нашае Нівы», насамперш натыкаемся на верш Гаруна «Праводзіны», напісаны 14.VIII.[19]14. Незвычайнай задушэўнасьцяй і чуласьцяй веець ад гэтых радкоў, у якіх беларускі селянін разьвітваецца з братам, што йдзе на вайну. Паэта наш адчувае вельмі востра цяжар таго прымусу, які гоне яго сярмяжнага брата на крывавую бойню, за чужую справу, — бо ж: «Сорам і ганьба для сьвету вайна, як ні мяркуй, ні судзі». Гарун, як і той запасны салдат-беларус, якога адрываюць ад роднай хаты і малых дзетак, ня мае ніякае злосьці да «ворага». Глыбока гуманітарны, людзкі настрой бачым мы ў радкох верша Гаруна:

Будзе праціўнік пабіты ляжаць, —

Ты пашкадуй яго, брат!

Раны завяжаш, паможаш устаць, —

Й ён — чалавек і салдат.


Брат, у далёкай сваей старане

Мае ён дзетак, сям’ю…

Помста ці хцівасьць цябе як штурхне,

Ўспомні сямейку сваю.


Старасьці, цноце ня помні ураз,

Гэтым сумленьня ня плям.

Быў чалавекам ты, браце, у нас,

Будзь чалавекам і там.

Інакш выяўляецца першы одрух на ваенныя падзеі ў Зьмітрака Бядулі (Ясакара), якому вайна прадстаўляецца, як магутны мастацкі абраз волата-юнака. Напісаны ім 15.IX.[19]14 у Вільні верш «Волат» пачынаецца жудасным малюнкам:

Сьмерць… Бура… Трывога…

Ня йдзі, ой, ня йдзі ты, асілак юнача!

Ляжыць прад табою страшая дарога:

Пагінеш, пагінеш… няйнача!

Чырвоныя коні пад небам нясуцца,

Пярун і грымоты вакруг раздаюцца,

І страх і атрута ўвесь сьвет абляглі…

І нішчыцца ўсё на зямлі…

І кроў… І руіны…

Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля!

Сьмерць зрэжыць касою, бы кветку-расьліну,

Груган зьнясець косьці па полю.

Але вайна збудзіла ўжо ў маладых грудзёх утоены ў іх агонь і буру. І волатаюнака ня стрымлівае намаляваны рукой мастака-паэты жудасны абраз: ужо парыў захапіў яго, ужо ў ім выбухнула жаданьне «п’янець, загарэцца». І магутная сіла волата-народу нясе сама зьнішчэньне і сьмерць…

Памчаўся далёка…

Прапаў!.. І ня вернецца, сьмелы, ніколі…

Яго ня ўбача ўжо матчына вока…

І грудзі парвуцца ад болю…

Больш шырокі падыход да вайны бачым у Янкі Купалы. Купала даў цыкл вершаў пад агульным загалоўкам «Песьні вайны». Безнадзейна-сумнае motto ўзяў наш паэта да свайго цыклу — словы песьні народнае:

Вазьмі, маці, пяску жменю,

Пасей, маці, на каменю,

Як прыжджэшся зь пяску ўсходу,

Тады верне сын з паходу…

Недарма ў першым вершу «Варожбы» трывога нейкая ўзьнімаецца сярод людзей:

— Што-то будзе, што-то будзе?

Штось трывожны сьвет і людзі.

І не на дабро паказваюць ягоныя варожбы… Чуецца надыход буры («Перад бурай»):

Сталі ўсюды ўсімі трэсьці

Неспакойства поўны весьці,

Што, забыўшы людзі ўвагі,

Пад крывавы пойдуць сьцягі…


Меч уздыме брат на брата,

Стане брату брат горш ката…

Зуб — за зуб, за вока — вока…

Як і сказана ў прарокаў.

Па краю пранёсься прызыў у рады войск — на вайну («Склік»):

Ад самагубнасьцей дзікіх,

Ад трупам значаных дарог

Не пастрымалі сэрц людзкіх

Ні права іхняе, ні Бог.


Ударыў гром, завыў пажар,

Склікаюць трубы на паход;

Йдзе край на край, на цара — цар,

Народ падняўся на народ.

Паэта — сам праціўнік вайны. Але ўжо ў гэтым вершу, пісаным (— пад расейскай ваеннай цэнзурай!) у 1914 годзе, чуецца так папулярны пазьней кліч «вайна вайне»:

Адважна у бой!.. Вайна вайну

Спладзіла, — хай жа бітва йдзе

За шчасьця лепшага вясну,

За волю вольнай грамадзе!

Мы адзначаем гэты мамэнт, бо ён вельмі характэрны для тагачасных настрояў: так, як прадстаўляе сабе вайну Купала, прадстаўлялі і шырокія народныя масы, веручы, што гэтая вайна паложыць канец усім войнам у будучыні…

Наіўныя! Якое ж горкае было затое пасьля расчараваньне…

Але, нягледзячы на ўвесь гэты пачатковы аптымізм, разлука з краем, руйнаваньне бацькаўшчыны, страшэнныя абразы пабоішча — усё гэта пярэчыць спадзяваньням народу (вершы: «Разлука», «Засталіся нівы, сёлы», «Пабоішча»). Жудасьцяй веець ад апісаньняў жыцьця вёскі без кармільцаў, узятых у войска і загубленых на вайне, — ад панурага абраза пабоішча:

І вось жніва, што за жніва!

Бокам, сторчам, проста, крыва —

Труп ля трупа, як калоды…

Што за сон, што за выгоды!

Не на сьмехі, не на жарт,

Ката — брат, кат брата варт…

І замірае ад гэтае жудасьці пачуцьцё радасьці ад дасягнутае страшэннымі ахвярамі пабеды, — а злавешчы груган, выплыўшы ў небе па-над пабоішчам, зь іроніяй кракае аб «пабедзе»:

Кра-кра, кра-кра! То ж пабеда!..

Кра-кра-кра! рыхтуй набой, —

Па пабедзе — зноў у бой!..

Агульны тон вершаў Купалы, пасьвячоных вайне, — жалобны: узяць хоць бы два навагоднія вершы яго — 1914 і 1915 гг. «…жалобу носіць наскі край!» — кажа наш паэта ў апошнім…

Чацьвёрты з нашых паэтаў, які адгукнуўся на вайну крыху пазьней: Якуб Колас — у вершу «Думкі жаўнера» (1916 г.), ізноў жа, варочаецца да глыбокага грамадзкага пытаньня:

Эх, за што, ну, за што, — адкажэце вы мне,

Я павінен другіх зьніштажаць?

Ці калечыць сябе у гэтай дзікай вайне

І пад кулі свой лоб падстаўляць?

Вы, што селі ўгары, як вас, каты, назваць?

Не шкада вам нявінных людцоў;

Самадурства свае вы гатовы купляць

Міліёнамі нашых галоў…

Ня будзем тут затрымлівацца на другіх нашых паэтах — «меншае велічыні»: іх творы нічога новага не дадаюць. Дый трэба адзначыць, што, пасьля гэтых першых водгукаў нашых лірыкаў на вайну яны на даўжэйшы час замаўкаюць, праводзячы цэлыя гады на фронце. А з канцом вайны зьвязаны новыя, мо йшчэ больш яркія перажываньні: Рэвалюцыя! — якія і пануюць над усім іншым. Лірыкі нашыя волі забываюцца аб тым, што іх так захоплівала йшчэ напярэдадні Рэвалюцыі.

Затое на арэну выступаюць нашы эпікі. Толькі з аддаленьня, ўпарадкаваўшы ў галаве сваей усё перажытае, можна выразіць сынтэз перажытага ці то ў повесьці, ці то ў драме. Зьяўленьне апошніх папераджаюць звычайна дробныя апавяданьні і адтварэньне паадзінокіх мамэнтаў перажытага пэрыяду. І вось толькі ў 1919 годзе дае Максім Гарэцкі сваю повесьць «Дзьве душы», напісаную на фоне вайны. Але і ён яшчэ толькі ледзьве-ледзьве закрануў Вялікую вайну, толькі папробаваў падысьці да яе! Больш глыбока зачапляе Гарэцкі вайну ў вялікшым апавяданьні «За што?», адрывак з каторага пад загалоўкам «Хомчын канец» быў надрукаваны ў I кн. «Заходняе Беларусі» (1923 г.). Адзін з мамэнтаў вайны — нямецкую акупацыю ў Вільні — зачапляе Ф. Аляхновіч у драме сваей «Страхі жыцьця» дый падыходзіць да яе ў «Няскончанай драме». З ваеннымі падзеямі зьвязаны і некаторыя творы Галубка, а таксама драма Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». Урэшце, спэцыяльна Вялікай вайне пасьвячае сваю найнавейшую, яшчэ, здаецца, незакончаную драму Якуб Колас. І гэта — ня лічачы розных дробных апавяданьняў з ваеннага часу, дзе прадстаўлены тыя ці іншыя выпадкі, — бадай і ўсё, што даў нам пакуль што беларускі эпас.

Паўтараем: эпас вымагае аддаленьня, вымагае і аддзяленьня перажытага ад асобы аўтара. І толькі тады, як — паводле народнага выражэньня — «сьвет ізноў на адну меру стане», як да мінулага можна будзе падысьці зусім аб’ектыўна, — тады настане пара для буйнай творчасьці нашых эпікаў на грунце шуканьня сынтэзу вайны.