Вечар (Явар)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вечар
Верш
Аўтар: Міхась Явар
Крыніца: "Шлях моладзі" №7-8 (ліпень-жнівень 1933 г.)


Вечар. Ціха кругом;
Ужо над родным сялом
Гоман сціх, цішыня і спакой,
Вецярочак прыціх,
І ў садочках пустых
Не шапочуць лісткі між сабой.
Нёман ціха маўчыць –
Усё бяжыць ды бяжыць
З краю роднага ў край дзесь другі.
У развітанні з ім,
З краем родным сваім
Усё цалуе свае берагі.
Цёмны лес за ракой
Не парушыць спакой,
Думкі думае ціха свае…
Але хто іх пайме?
Але хто адгадае? –
Не згадаць іх ніколі, о не!
А з гары усё блішчыць
Усё гараць, зіхацяць
Ясны зоркі – святыя вагні,
Усё чагосьці дрыжаць
Усё маргаюць, глядзяць, –
О таемныя зоркі мае!
— "Брат, даволі ўжо спаць" –
Дзесьці ў лесе чуваць:
Хтосьці сумна, маркотна пяе, –
Гукі сумна дрыжаць
Гукі плачуць, ляцяць
Так далёка наўкол у цішыне…
— "Глянь, кругом барацьба" –
Зноў чуваць, а сямья
Цёмных хвояў ўсё ўторыць яму.
Гукі сумна дрыжаць,
З скаргай, помстай ляцяць
Дзесь далёка ў прастор, у вышыню.
А за імі стралой
Па-над лесам тых хвой,
Душа рвецца ў нязведаны край,
Лётам птушкі туды.
Дзе ні сьлёз ні нуды,
Дзе пануе вясна, вечны май!
Да таемных тых зор!
Дзе няма той нуды,
Крыўды, гора-бяда,
Што пануюць на нашай зямлі.