Вечар… У горадзе вечар… Снягі пасінелі…
Выгляд
Вечар… У горадзе вечар… Снягі пасінелі… Верш Аўтар: Юлі Таўбін 24.01.1929 Крыніца: http://knihi.com/Juli_Taubin/Viecar_U_horadzie_viecar_Sniahi_pasinieli.html |
* * *
Вечар… У горадзе вечар… Снягі пасінелі…
І дрыжыць тэлефонная сець…
Толькі крокі па цёмных, шырокіх панелях
І ўначы не пакінуць гручэць.
Маладзік у нябёсах блукае бязмежных,
А на вуліцах — ноч… мітульга…
І ля бліжняй да нас трансфарматарнай вежы
Электрычных праменняў дуга.
Знекуль чуюцца гукі фабрычнае песні,
Недзе дыша магутны матор…
Вечар… У горадзе вечар… Над горадам месяц.
А за горадам снежны прастор.
24.01.1929