Вецер буйны, вецер буйны!.. (Шаўчэнка/Купала)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Думка (Вецер буйны, вецер буйны!..)
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Крыніца: Шаўчэнка Т. Вершы, паэмы: Зборнік: Для ст. шк. узросту/ Укл. і аўт. прадм. В. Г. Бехціна. — Мн.:

«Асар», 1995. — 336 с.: іл. —(Шк. б-ка).


Вецер буйны, вецер буйны!
Ты з морам гаворыш —
Збудзі яго, зайграй ты з ім,
Спытай сіне мора.
Яно знае, дзе мой мілы,
Бо яго насіла;
Яно скажа, сіне мора,
Дзе яго згубіла.
Калі мілага ўтапіла, —
Разбі сіне мора!
Пайду мілага шукаці,
Ўтаплю сваё гора,
Ўтаплю сваю нядоленьку,
Русалкаю стану,
Пашукаю ў чорных хвалях,
На дно мора кану.
Знайду яго, — прытулюся,
На сэрцы замлею,
Тады, хваля, нясі з мілым
Куды вецер вее!

Калі ж мілы на тым боку, —
Вецер буйны, знаеш,
Дзе ён ходзіць, што ён робіць, —
Ты з ім размаўляеш.
Калі плача, то й я плачу;
Калі не — спяваю;
Калі згінуў чарнабрывы,
То й я прападаю.
Тады нясі маю душу
Туды, дзе мой мілы,
Чырвонаю калінаю
Пастаў на магіле.
Лягчэй будзе ў чужым полі
Сіраце ляжаці:
Будзе над ім яго міла
Кветкаю стаяці.
Зацвіту калінай-кветкай,
Каб мілага грудзі
Не пякло чужое сонца,
Не тапталі людзі.
Вечарам я пасумую,
Раніцай паплачу;
Сонца ўзыдзе — утру слёзы,
Ніхто й не пабача.

Вецер буйны, вецер буйны!
Ты з морам гаворыш —
Збудзі яго, зайграй ты з ім,
Спытай сіне мора!..

(С.-Пецярбург, 1838)