Ой, вёска, вёска пры гасьцінцы,
Пад ціхі гоман вербалоз,
Яшчэ з гадоў свайго дзяцінства,
Я пакахаў цябе да сьлёз!
Твае гаі… У цьвеце нівы…
Твае вішнёвыя сады!..
Пад гоман рэчак гутарлівых
З табой я вечна малады!
Заплачуць вербы над крыніцай,
Як я, ўдалі ад тваіх хат,
Сягоньня ўспомню вечарніцы
І сьпевы гулкія дзяўчат.
„Ой, там за гуменцам,
За зялёненькім…
Ціха шуміць зялёная дуброва“…
Тваіх я песень не забуду,
Як не забуду й цьвет красы,
І доўга доўга слухаць буду
Твой сьпеў ў паўночныя часы!..
Заснуць у ветразі даліны,
Пад месяц журацца кусты…
Маўчаць асмуглыя рабіны,
А за вакном лісты… лісты…
З усьмешкай радаснай і кволай
Завяла сінь на верасох,
Дзе вербы хіляцца да долу,
Да долу гнуцца ў паплавох.
Гаі… і вёска пры гасьцінцы,
Чаму пад гоман вербалоз
Яшчэ з гадоў свайго дзяцінства
Я пакахаў цябе да сьлёз?
Чаму зара цьвіце над гаем,
Дарогі тонуць у імгле?!.
І ўсё пад месяц разгадаю,
Як толькі ўспомню пра начлёг!..
Засьне сяло… Нідзе нікога…
Ня сьпіцца ўвечар аднаму, —
Каня сядлаеш варанога,
На грыву схілішся яму;
Ды мчышся віхрам на дарогу
І там прышпорваеш каня,
Дзе ў цьвеце журацца разлогі
І путы ў беразе зьвіняць.
Ой, вёска, вёска пры гасьцінцы,
Таму пад гоман вербалоз
Я пакахаў цябе з дзяцінства
І пакахаў да сьлёз!
Выйду ў поле я
Ў залаты прастор,
Там прывольная
Рунь кудравіцца…
І пад водгульле,
Пад вясновае
Буйна гольлямі,
Славай новаю
Цёмна-сіні бор
Кучаравіцца.
А пры тым бары
Ой, залоціцца,
Пад акном гарыць
Залаты усход.
Рэчка шустрая
Песень хвалямі,
Чыстай люстраю
Ды каралямі
Вольна коціцца
Пад аер-чарот. А над рэчкаю,
Над крыніцаю
Хутары стаяць,
Усьміхаюцца, —
Вачмі-зорамі,
Зараніцамі,
Сьветла-чыстымі,
Прамяністымі
Ў лона сініх вод
Углядаюцца.
Выйду ў поле я
Ў далячынь-прастор,
Там прывольная
Рунь кудравіцца,
І пад водгульле,
Пад вясновае,
Сьветлай воляю,
Славай новаю
Цёмна-сіні бор
Кучаравіцца.
1924 г.
|