Перайсці да зместу

Ветразі (1929)/III/Пад чырвоны шлем

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Па сьлядох мінулага Пад чырвоны шлем
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Інжынэр

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАД ЧЫРВОНЫ ШЛЕМ

Шаптала стомленая ціш,
Авіўшы цьмянасьцю лагчыны.
У поцем вышлі тры касцы
Заранкай косы натачылі.
І вокамгненна пад касой
Зазіхацелі пэрлы-росы…
І толькі змрочнасьць і спакой
Адпачывалі на пракосах.
Пад сьвісты стомленай касы
Зьнікала сонная маркота…
Над самацьветамі расы
І гуманы,
І кроплі поту…
Калі гарэлі ў цішыні
Зары халодныя рубіны —
На ніву вышлі тры жняі,
Аб віташок сярпы зубілі.
А потым жалі ячмяні
Падхрусты стомы верасьнёвай…
У кожны мускул з вышыні
Лілася сонечная стома.
І толькі вецер шалясьцеў
У ячмянёх
І на пракосах:
— Тады ня смачны будзе хлеб,
Калі ня пахлі потам росы.
Ды дзесьці там,
Між сьпелых сьліў,
З чырвонай веткаю рабіны,
Багата верасень плаціў
За працу з восенскай вітрыны.
Ад хмелю наскіх журавін,
А мо‘ па нейкаму дэкрэту,
З надрыўным болем журавы
Распрадавалі наша лета.
Яны нам болей не радня,
Ім не шкада лясных акордаў…
Пад нейкім градусам паўдня
Для іх адчынены курорты.
Але-ж…
І нават журавам
Балюча з намі раставацца,
Бо дзесьці там,
Далёка там
Яны ня ўбачаць гэткай працы.
Як той граніт,
Як тая сталь,
У рытмах сонечных мэлёдый,
Наш творчы дух паводкай хваль
Штодзенна крышыць перашкоды…
..............
І вось тады
Па правадох
У вёску чуткі перадалі,
Што гэтых трох,
Што гэтых трох
Пад шлем чырвоны заклікаюць…
З вачэй іх сьвецяцца агні,
Яны жывуць нібыта зноўку…
Гатовы заўжды замяніць
Касу на верную вінтоўку.
На твары — мудрасьці пячаць,
Сьвіціцца гордасьць на абліччы…
Бо хто умее працаваць,
Той бараніць за гонар лічыць
… І толькі там
У сіні змрок
Засумавалі тры матулі…
— Няўжо, табе,
Няўжо, сынок,
Крапівай вышылі кашулю?
Ніколі ты не пасядзеў…
У кожнай працы месца знойдзеш…
Табе ня страшны чорны дзень,
Табе ня страшны перашкоды.
— Што перашкоды?!.
Перашкод
Наш не баіцца дух упарты…
Агнём ахоплены усход,
І пачынае кроўю пахнуць:
Даволі барбарскай гульні!..
І…
Мы пакажам не на словах,
Што нашы межы, як граніт,
Што нашы моцны заваёвы,
Нам не завязаны шляхі…
Вярней няма ад нашай кулі…
Мы непадкупныя штыхі
На ясным сонцы загартуем,
Хоць і ня хочам ваяваць,
Але у бой заўжды гатовы…
Як пад касою сенажаць,
Палягуць белыя галовы…
А на палатках дзед Адам,
Нібы архіўны нейкі дзеньнік,
Да пеўняў штось апавядаў
Пра „навабранскія“ падзеі.
Ён гаварыў, нібы сабе, —
Павольна, стала і нязвонка,
Як білі шыбы у карчме
Ды наляталі на казёнкі.
Ён гаварыў пра свой паход,
Успамінаў аб даўнім часе,
Калі агнём пылаў усход
І кроў народная лілася.
За трон, за веру,
Без надзей
Ішлі за тых у чорны нерат,
Хто гандляваў жыцьцём людзей
Хто гандляваў вось гэтай верай,
Так доўга, доўга дзед Адам,
Нібы архіўны нейкі дзеньнік.
Свае паходы ўспамінаў,
І „навабранскія“ падзеі…
І толькі раніца на шкле
Рашучы вынік напісала:
— Пара пад шлем,
Пара пад шлем
Пара зьбірацца да вакзалу…
Тры малайцы ўвайшлі ў вагон,
А тры дзяўчыны ў заміраньні
Прынесьлі ружы на пэрон
І боль дзявоцкага каханьня,
Ад хмелю наскіх журавін
А мо‘ па нейкаму дэкрэту,
З надрыўным болем журавы
Распрадавалі дзесьці лета.
Ды ўсё імкнулася сказаць
(Як пульс душы,
Як нейкі клічнік):
— Хто хоча шчыра працаваць,
Той бараніць за гонар лічыць.

17-VIII—29 г.