Гарбаты цень старэнькай на сьцяне
Нібы вартуе дарагую памяць.
Бяз думак хочацца ёй так аледзянець,
Альбо наўзрыд заплакаць.
Палохае і вабіць кожны шум,
І нават выраз чорнае паліцы.
Малітвай хочацца ёй прымірыць душу, —
Ды надаела зрэшты і маліцца.
Маўчыць глухое неба, як труна,
А на зямлі?..
Зямлі няма спакою…
Вакол, вакол, здаецца ёй, мана
Аледзянела чорнаю расою.
За вокнамі трывожна на мурог
Губляе лісьце горкая асіна…
Сягоньня белыя у маці на вачох
Забілі дарагога сына.
— О, сын мой, сын мой,
За чые грахі Нас дамавіна сёньня разлучыла?
О, я запомніла яго шляхі!
О, я заўважыла яго злачынцу!..
Перачакаўшы сьветлую зару,
Як будуць туманы на сонцы грэцца,
Яму сама я грудзі разарву,
Вужачае дастану сэрца.
Блудзілі здані ў цемені начной
Дрыжэла лісьце, падала бясьсільна…
І…
Раптам стук у сенцах… перад ёй
Паранены злачынца на насілках.
Халодны момант…
Потым крык душы,
О, крык трагічны матчынага жалю
Нямыя сьцены хаты аглушыў,
І аглушыў азмрочаныя далі…
…А праз гадзіну да яго павек
Яна краналася упоцем:
— І ты-ж, сынок, таксама чалавек,
І ты-ж ня вырас на балоце.
|