Перайсці да зместу

Веснапесьні (1929)/Думкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
⁂ (У вакно маё ноч пазірае…) Думкі
Абразок
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1929 год
Бура
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі (Ільяшэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ.

Сьветлая, месячная ноч… Дзесь з-за чорных, няпрыветных комінаў і контураў гігантычных дамоў усплыў месяц. Яго млявае сьвятло, як палітурай, абліло лісьцё галін, зьвіснуўшых над маім вакном… З неба зірнулі вечна-халодныя зоры.

Ня сьпіцца такою ночкаю ў моладасьці. Думкі, лятуценьні, надзеі й трывогі напаўняюць маладую душу… Марыцца… Думаецца…

Я адчыніў вакно й залюбаваўся…

Зьнекуль данасілася йскрыпка, а над галавой, на другім паверсе хтось пяяў. Відаць, работнік, бо мэлёдыя — поўная нейкага жалю, смутку над разьбітым жыцьцём, поўная тугі й крыўды:

Усё сваё жыцьцё ад малых гадоў ён рабіў у гэных гігантычных дамох з комінамі… Усе свае маладыя дні ён правёў у душным заводзе між дыму і смуроду… Яму казалі, што на тым сьвеце ён знойдзе сваё шчасьце… А самы… Льлюцца чароўныя гукі йскрыпкі… Даносіцца вальс…

Не! Не! ён ня верыць у другое жыцьцё! Ен толькі з смуткам успамінае сваю моладасьць, свае разьбітыя дні…

Думкі аб жыцьці распалілі мой розум. Я думаў аб глыбокіх ідэях, аб сэньсе жыцьця…

Няўжо-ж жыцьцё — гэта панаваньне зла й няпраўды? Няўжо-ж не аднолькавае права ўсіх — жыць?!

Грудзі ўздымаліся, поўныя юнацкага пылу й запалу…

Так заўсёды ў моладасьці…

На гары хтось пяяў:

Эх ты доля, мая доля,
Доля, долюхна мая…

Ня сьпіцца камусь… Хтось сумуе аб разьбітых днёх… Толькі сумаваць яму й засталося. А баявыя песьні запяе яго сын, — маладое пакаленьне.

У непарушанай вышыні мігцелі халодныя зоры, сымбалі волі й прастору…

1926 г.