Перайсці да зместу

Веснапесьні (1929)/Вечар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Брату Вечар
Абразок
Аўтар: Хведар Ільяшэвіч
1929 год
За работай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вечар (Ільяшэвіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕЧАР.

Загарэлася места. Як сьветлячкі, зусюль засьвяціліся ваганькі, пырснула станцыйнае сьвятло над чорнымі сылюэтамі дахаў… Загарэліся зоры… У адчыненае вакно льлецца ціхі шум вуліц, разгульная ігра гармоні, разудалая, п‘яная песьня:

„Солнце всходит и заходит,
А в тюрме моей темнооо“!.. —

Скардзіцца мяккі тэнар… І яму, як-бы ў адказ, заліваецца гармонік нейкай сумнай мэлёдыяй… Нібы кажа: цяжка, брат, жыць!

Зьвіняць дзьверы крамаў… Цямнее й глушэе вуліца, — заціхае жыцьцё… Толькі ў падвале пяе ўсё гармонь, а тэнар канчае:

„Не летать мне, как бывало…
Темной ночкой по лесам“…

Што ён хоча сказаць? Ці выплакаць сваю нядолю, ці так прагнаць смутак з сэрца?

Высака, высака блішчаць зоры… Вось адна далёкая, прыгожая то выбухне, то ціхім, пяшчотным сьвятлом углядаецца, глядзіць, — то зноў міргае, мігціць, дрыжыць…

Сколькі іх, гэтых зор?..

Упіваешся іх прыгоствам, а яны, як-бы дзяўчаты-русалкі, вабяць да сябе пагляд — у незразумелы прастор.

Загарэлася места… Як сьветлячкі, там і тут, бліжэй і далей задрыжэлі ваганёчкі…

Пырснула станцыйнае сьвятло над сылюэтамі дахаў… І здаецца — недзе далёка-далёка ёсьць прастор, заліты зьзяньнем, сьвятлом…

А тэнар пяе:

„Ты взойди, солнце красное“!

І ў адказ яму адзін, другі, трэці голас:

„Солнце красное“!


Нібы туды, у падвал, ніколі не сьвяціла сонца, што стуль бачыўся толькі кавалак халоднага неба, усеянага сьветлячкамі-зоркамі!..

Зьнекуль данасіліся п‘яныя гукі рояля: хтось іграў вальс Шопэна.

1925 г.