… І сонца выплыла з атмелі,
Купае прозалаць у жыце,
Цалуе сінь…
А у пасьцелі
Алеся смуглая ляжыць.
На вуснах сьмех,
Іскрынкі — вочкі,
А на вуме?
А на вуме —
Алесь-рабочы.
І ў сэрцы кволае дзяўчыны
Ня арфы звонкая струна
Заводзіць песьню успамінаў —
То сон разгадвае яна.
Чаму!
Чаму ды на Купальле,
Як вечар чаркай піў расу,
Ты кветку дзіўную — купальле
Мне завіваў тады ў касу?
Алесь!
Чаму сваёю ласкай
Ты так мяне зачараваў,
Чаму шукаю шчасьця краску
І вяну,
вяну, як трава?
А помніш ты, як сьветларусы
Туман лажыўся на кусты,
І мы па мяккаму абрусу
Хадзілі ў вечар?
Помніш ты,
Як спала цёмная дуброва
І не шапталіся лісты,
А я табе,
Мой чорнабровы,
Сьпявала песьню? —
Помніш ты!..
У вішнёвым садзе
Ой, п‘яна
Кукавала зязюля
Ад рана.
На вішнёвай галінцы
Ў садочку,
Прылажыўшы галоўку
К лісточку.
А я маладая
Гуляла,
Ды ў шэрай зязюлі
Пытала:
— Закукуй, зязюлька,
Закукуй!
Ці мінецца гора
На вяку.
Мне гадала цыганка
На руку,
А ты, мая зязюлька,
Закукуй!
— Ня кувай у полі
На мяжы…
А ў вішнёвым садзе
Раскажы!
Раскажы, зязюлька,
Раскажы,
Ці я яшчэ доўга
Буду жыць?..
Кукавала зязюля —
Кукавала.
А я пад калінай
Драмала.
А я пад калінай
Заснула,
Як прыехаў дзяцючок
Ня чула.
Пакаціў пярсьцёнак
Па мяжы, —
„Устань,
устань,
Дзяўчынка,
Не ляжы!
Падымі пярсьцёнак
На мяжы,
Ды панясі мамачцы
Пакажы.
Вось табе, мамачка,
Князь малады,
Дараваў пярсьцёнак
Залаты“.
…Як месяц плаваў па-над борам,
І залаціў нямую шыр,
А я сьпявала песьню гора,
Я разрывала боль душы.
Ты слухаў песьню,
Ясны сокал,
І слухаў песьню цёмны гай.
Яна кацілася далёка
Дзе шчасьце,
радасьць,
і…
туга!..
Эх,
Песьня, песьня!..
Я…
Ніколі
Цябе забыцца не магу!
Ты смутна-ціхім тонам болю,
Ў палёх бяскрайніх твой разгул!
Ў палёх шырокіх —
твае тоны.
Быльнёг,
Дзе ўецца на гары,
Дзе цінай тканыя загоны
Купае сонца на жвіры.
Губляе пацеркі у ціне
І коціць,
коціць
іх
на дно…
...........
Пакуль сплыве бялявы іней
І ўзыйдзе сьвежае руно.
Яно
Узыйдзе, закрасуе
Крыніцай ціна заплыве!
А я вазьму,
вазьму
Касу я, —
Скашу быльнёг пад сонцавей.
І зацьвітуць у полі сьцежкі,
Заўюцца кветкамі вяскы.
Я выйду ў поле на паўмежак,
Каб разгадаць палі ды сны.
А ў тых палёх шаўкова-сініх
Калосьсяў жменю падыму,
Спаткаю смуглую дзяўчыну
Спаткаю,
шчыра абніму!
Замест батыставых карунак,
Ў расе скупаю каласы.
Табе вянок у падарунак
Саўю на кужаль-валасы.
Пад ветра ціхія павевы,
Пад сон разьвесістага бору,
Ой, буду слухаць твае сьпевы
І сэрца звонкага акорды.
Бо ў песьні так часьцей бывае,
І сьлёзы коцяцца — брусьніцы,
І цісьне жаль…
Яна сьпявае…
Суніме песьня сьлёз крыніцу!
Жыцьцё у песьні…
Ад калыскі,
Пакуль гараць ў вачох агні,
Пяеш аб родным,
сэрцу блізкім,
А сэрца-звон
зьвініць,
зьвініць…
...........
|