Перайсці да зместу

Вершы (Трус, 1925)/Кастрычнік/Юны змаганец

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пасьля буры Юны змаганец
Паэма
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Астрожнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Юны змаганец.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЮНЫ ЗМАГАНЕЦ

I

Між балот над шырокай далінай —
Недалёка ад роднае вёскі,
Падымалася зноў страляніна,
Панаваў над палеткамі лёскат.

А ўдалі
за разлогім абшарам,
За гарою высока-пакатай
Ружавелі асеньнія хмары,
Уздыхалі павольна гарматы…

І каціліся водгукі глуха
Па грудзёх срэбраводнага Нёмну;
Пела песьні свае завіруха,
Адбівалася ў сэрцы агнём.

Беларусь убінтоўвала раны,
Беларусь спавівалі пажары.
Апускаліся рукі на пана,
Ня стрымоўвала помсты душа!

Гэта йшло за свабоду змаганьне,
Папялела мінулае з дымам, —
Каб на вогнішчы буры-паўстаньня
Красаваўся узрост малады.

II

Чорнамазая ночка-цыганка
Над далінаю жмурыла бровы,
Як прашчаўся з матуляю Янка,
Адыходзячы ў лес у „Дуброву“…

Яго брат, комсамолец адважны —
Атаманам паўстанцаў у лесе,
Бо юнак пад нагайкаю ўражжай
Не хацеў галавы свае зьвесіць.

І туды, дзе дыміліся сёлы,
Янка сьмела глядзеў па-за станцыю,
Яна там маладая,
вясёлая
Грамада разудалых паўстанцаў!..

Іх імкненьне —
бязьмежжа-прывольле,
Нястрыманы палёт сакаліны.
Яны поўны
змаганьня за волю,
Яны сэрцам
за вольнасьць краіны!

Ночка, ночка —
асеньняя смага!
Атуляла разлогі, паляны,
Як напоўніўшы грудзі адвагай
Разьвітаўся з матуляю Янка.

III

Ой, ня плакалі ў полі бярозы,
Ня цьвіла над ракою каліна, —
То раняла гарачыя сьлёзы
Маладая ўдава Кацярына.

Яна поглядам мерала поле,
Дзе віхура бур‘ян уздымала,
І бялявай рукою паволі
Брыльлянцістыя каплі ўцірала,

А ў грудзёх акіянскім прыбоем
Напявала душа вызваленьне.
Яны там, —
арляняты абое,
Ставяць сьвет пажылы на калені.

І зязюля-ўдава Кацярына
Углядалася ў тую дарогу,
Куды сёньня малодшага сына
Выпраўляла сьпяваць перамогу.

Перамогу над панскім прыгонам,
Над разлогам палёў паднявольных.
Ой, акропяцца кроўю загоны! —
Каб расьлі і цьвілі краскі волі.

IV

Белы месяц расхлістаны, п‘яны
Плыў,
каціўся над лесам панурым,
Як ішоў ў партызаншчыну Янка —
Шчуплаліцы юнак белакуры.

Яго сэрца палала пажарам,
Маладое, ня ведала страху.
Толькі мералі вочы абшары,
Каласіла адвагай душа.

Ён мінаў быльняговыя межы,
Пераходзіў змаганьня граніцы.
Грудзі прагнулі ў шыры,
бязьмежжа:
На спатканьне жыцьцю-зараніцы.

Вось і лес.
Старажытнія дрэвы
Гаманілі ціхутка ў прасторы.
Яго клікалі волі напевы,
На твары маладчавіў задор.

А за гаем нямелі гарматы,
Засыналі, ды шэрыя вёскі;
Толькі бор гаманіў, як закляты,
Завірухі глытаў адгалоскі.

V

Поўнач…
Пеўні ў далі прасьпявалі,
Смуглы месяц хаваўся за горы.
Душа Янкі імкнулася далей,
У гушчар задумённага бору,

Ён адважна віхрыў на палянку —
Павясьціць разудалых паўстанцаў,
Што ў аколіцы з раньняга-ранку
Ім гатовілі кару пазнанцы.

Зашумелі панура асіны,
Пакаціліся зыкі глухія.
Толькі чуе…
за цёмнай лагчынай
Па гальлі захадзілі шагі.

Супыніўся…
Касіліся вочы,
А кіпучае сэрца ня млела,
Як у пушчы задумнае ночы
Матанулася цень у імгле.

Хутка постаць мігнула маланкай,
Разажмурыла твар белаваты.
Распазнаў, —
не спалохаўся Янка,
Гэта быў атаман —
яго брат.

Мілы…
родны…
Міхась чорнабровы!..
Мы спаткаліся сёньня з табою,
Каб узаўтра пакінуць „Дуброву“
І пайсьці на змаганьне абоім.

І пад росла-разложыстым клёнам,
Дзе шумелі галіны густыя,
Абняліся арлы-віхрагоны,
Абняліся паўстанцы-браты…
...............
...............

VI

То ня бура шумела на моры,
Ня буяніў уздым акіяну, —
Запявалі паўстанцы з задорам,
Пакідаючы вольнай паляну.

Гэй вы, хлопцы, —
Арлы маладыя!
Уздымайце магутныя крыльлі.
Хай пакутаю сэрца ня ные, —
Калі межаў няма нашай сіле!..

Мы зруйнуем мінулае з дымам
І разложым агні на кургане.
Закалосіць свабодным уздымам
Маладога жыцьця акіян.

VII

… І адвагай душа залілася,
У тумане акопы-канавы.
А пад сьветла-лазоравай высьсю
Сьвет стары паняволі канаў.

І запелі паўстанцы з-за яру:
Мы да вас, маладыя ваякі!..
Будзем разам змагацца,
бунтарыць —
Каб узьняць вызваленьня маяк.

Скалыхнуліся стройна колёны,
Наступаючы ў бой на пазнанцаў…
Сёньня Янка падносіў патроны,
Вольны сьцяг уздымаў партызан.

Пашчыльнелі атрады чырвоных
Непамернаю, новаю сілай.
Як ізноў завіруха загоны
Ўжо апошнім агнём запаліла...

VIII

Гарматаў гул.
На ранах гоні…
Пажар!..
Мы на шляху.
І пад агонь
імкнецца бурная душа!..

Палалі вёскі.
Чырвоных песьні:
„Эй, упярод!..“
Свабоды ўсплёскі,
Мы напрадвесьні, —
Трашчаў адважна кулямёт.

І з-за разгонаў
З левай,
з правай
Ішлі яны —
Байцоў колёны…
— Даеш Варшаву!..
Былі іх водгукі чутны.

Зьнікаў туман —
Шырэй дарогу!
Перамогу
Зайграў чырвоны барабан…
...............

IX

Разьвіднелася…
Змоўклі грымоты,
Акрапіліся раніцай гмахі,
Як магутна-чырвоныя роты
Уздымалі над вёскаю сьцяг.

А пад сьцягам жыцьця-вызваленьня,
Пад страхою сялянскае хаты,
Сустракала ўдава з адраджэньнем
Лёгкакрылых сыноў-арлянят,

І малініла сэрца пажарам,
Абнімаючы Янку малога.
Пагасалі асеньнія чары,
Расьцьвітаў Беларусі разлог.

Сёньня ён, ды нястрымана-вольны
Піонэр і паўстанец у вёсцы,
Дзе нядаўна ў часы паднявольля
Гадаваўся ў пакутах і рос.

Яго брат, што старое разбурыў —
Комсамол з пролетарскаю верай!..
Яму матка — ўзгадована бурай
Комсамолія Б.С.С.Р.