Перайсці да зместу

Вершы (Трус, 1925)/Кастрычнік/То ня гул завірухі мяцежнай…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
То ня гул завірухі мяцежнай…
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1925 год
Пасьля буры
Іншыя публікацыі гэтага твора: То ня гул завірухі мяцежнай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

То ня гул завірухі мяцежнай
І ня рокаты ўпартага мора, —
Гэта Нёман разьліўся бязьмежна
На грудзёх Беларусі прасторнай:

Чую песьні стыхіі-разводзьдзя,
Ня стрымаць твае вольнае плыні!
Упусьціла старое паводзьдзе, —
Калі вір маладога нахлынуў.

І шумяць аграмадзіны-крыгі,
Разганяюцца ў даль бязупынна!..
Анямелі мінулага ўзрыгі
Ў хвалях жыцьця магутна-няспынных.

О, бурліва-кіпучыя хвалі!..
Вам ня страшны пажар навальніцы;
У прыгожа люстраныя далі
Разам з вамі і мне ня спыніцца.

Адпіхнуўшы ад берагу човен
І махаючы прысам кляновым,
Я плыву — і надзеяю повен,
Што спаткаю сусьвет вольна-новы!