Перайсці да зместу

Вераснёвае пано

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вераснёвае пано
Верш
Аўтар: Ігнат Канчэўскі
1923
Крыніца: Наша будучына, №4, 27 студня 1923
Подпіс: Ганна Галубянка. Гл таксама knihi.com

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў Барнадынскай прысадзе шапочуць пажоўклыя лісці,
Ледзь прыкметны на сцежках бліскучыя скуркі каштанаў,
І вада у Вяленцы ад зімна сіней і празрысцей,
Гаманіць з камянём аб працёкшых гадох без устану…

…І выходзіць між дрэў, ў патаёмную вечара пору,
Князь апошні Літвы, ў хвалях гаснучых зыбкага свету,
З барадой кучаравай — даспелых каштанаў калёру,
Са струсёвым пяром, што як воблак пад чорным бірэтам.

І, суваючысь крокам павольным па сцежынках саду,
Ён усходзе на гору, падходзіць да вежы цаглянай,
І, апёршысь рукой пад плашчом на злачоную шпаду,
На прыціхшае места глядзіць аж да самага рана…

І чакае… пакуль не засмуціцца ноч над ракою,
Над вадой пабялеўшай прытуляцца сонныя мары,
І ў празрыстай імгле паплывуць лебядзі чарадою,
А над іскрамі росаў праблысне апратка Барбары…