Перайсці да зместу

Вежа (1928)/Песьня пра Сінь-Вэя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З поэмы „Байкал“ Песьня пра Сінь-Вэя
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня пра Сінь-Вэя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕСЬНЯ ПРА СІНЬ-ВЭЯ

(Быліца)

Што прайшло — не настане.
Пра мінулае — толькі ўспамін.
Жывуць парознаму —
Сінь-Вэй — кітаец,
містэр Кэлінг
і бонза Мінг.

Старыя законы — сьвятыя законы!
Ці знойдзеш мудрэй?
Навошта містэру Кэлінгу коні,
калі ёсьць рыкша Сінь-Вэй?!

Бонза знае шэсьць тысяч знакаў —
думкі таемныя Сан Цзы-цзін.
Любіць бонза Ціена — сабаку,
срэбныя цэнты і жонку Сін…

З раньняй да позьняй зары
возіць Сінь-Вэй і жоўтых, і белых:
будзе прыемным агорклы рыс
і сон на бруднай пасьцелі;

будзе срэбра для бонзы,
плітка чаю сёстрам з бацькамі…
Цела Сінь-Вэя — як літая бронза,
мускулы сталі цьвярдзей за камень…

Бонза вучыць — кожны жыве
так, як суджана лёсам:
мабыць, трэба багом, каб Сінь-Вэй
жыў галодны і босы.


∗     ∗

Жоўтае сонца,
шэры брук…
Добра вячэрнюю
вітаць зару!..

Добра звонкім
плаціць серабром
за опіум пахкі
і палены ром!..

Толькі цяпер —
хоць у землю ляж —
вырас шэры
высокі гараж;

гулкіх аўто
праразьлівы крык —
гора і крыўда
для бедных рыкш.

Мчыцца аўто,
нібы ветра ўзьвей —
гэтак хутка
ня можа Сінь-Вэй…

Чорныя чуткі,
злая навіна:
«Гэта
белых чарцей віна!

Белыя чэрці
з сабой прынясьлі
злую бяду
для кітайскай зямлі!..“


∗     ∗

Сталі шаптацца рыкшы.
Вочы запалі глыбей.
Роспач ўсё вышай і вышай
за другіх і за сябе.

Містэр Кэлінг спакойны.
Што яму да трывог:
кітайскія злыя законы
і хітры кітайскі бог.

Бонза сказаў: „цярпіце —
богі адплацяць стакраць!
Трэба цярпець і маліцца,
трэба цярпець і чакаць!..“

Бедныя, бедныя рыкшы!
Як-жа? Каму паверыць?
Роспач распальвае вышай і вышай
новае слова у сэрцы…


∗     ∗

Ціха.
Чорная ноч.
Цемната.
Дыша
сном
кітайскі квартал…
Хто там?
Што гэта?
Між цёмных сьцен
поступам
лёгкім —
за ценьню цень…
Містэр Кэлінг
спакойна
сьпіць
у вільле белай
на Монністрыт.
Містэр Кэлінг
спакойна
сьпіць —
белымі
скронямі
сон шалясьціць…
Раптам новы
трывожны
рытм…
Звон
тэлефона:
— Гараж гарыць!..


∗     ∗

Містэру Кэлінгу зноў клапоты.
Сьледзтва. Доляры. Новы гараж.
Сінь-Вэй — бяз хлеба і без работы:
кладзіся ды памірай:

Доўга па вуліцах ляскаў зубамі.
Думка чорная сэрца скрабе:
— Гэткай сьцяны голымі лбамі
не прашыбеш!..


∗     ∗

Вось яны. Шырокія колёны
з сіня-шэраю шчацінаю штыкоў.
Гоміндана сьцяг блакітны і чырвоны
рэе над галовамі байцоў.

Вось яны. ідуць байцам на зьмену
з Гоан-Го, з блакітнага Ян-Цзы.
Змоўк навекі голас Сун Ят-Сэна —
думкі засталіся жыць.

Вось яны — напевы вызваленьня!..
Што ім бронь ангельскіх крэйсароў?
Што ім бонз бясплённыя маленьні?..
За удар — удар і кроў — за кроў!..

і Сінь-Вэй між імі. Мабыць, сёньня
з стрэльбаю у бронзавых руках
ведае і ён, што будучыны сонца —
гэта крык фабрычнага гудка.

Мабыць, больш не павязе ён белых,
і паліць ня будзе гаража.
Мабыць, больш ня зможа містэр Кэлінг
ашукаць яго ці напужаць!..

Сьвет чырвоны разьлівае поўнач,
і туды, к паўночнай старане,
трубы медныя мяцежнага Кантону
сказ нясуць аб волі і вясьне.

Студзень 1927 г.