Вежа (1928)/Пасьля дэмонстрацыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Полацак Пасьля дэмонстрацыі
Верш
Аўтар: Алесь Дудар
1928 год
Мастак

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСЬЛЯ ДЭМОНСТРАЦЫІ

Май сінявокі,
вясёлы май;
вечар з усходу брыдзе;
там, за гародамі ў палынах
ціха хаваецца дзень.

Тупа ўтупіўся
ў чорны асфальт сініх жандараў рад.
Ім генэрал-губарнатар фон-Валь
справіў майскі парад.

Дворнік ля брамы,
шпік на рагу —
ўсюды парадак, закон;
змоўк узбураных фабрык гул,
і бунтары пад замком…

Вечар.
Тэатр.
Далоняў пляск.
Лямпы у сотні сьвеч.
Лысін чыноўных мядзяны бляск.
Матавасьць голых плеч.

Ўзьнята заслона.
Як рокат хваль,
плешча вясельлем раёк.
Сам генэрал-губарнатар фон-Валь
к вочам падняў бінокль.

Хай на Лукішках з-за цёмных сьцён
льлецца бясьсільны гнеў…
Шмат над Вяльлёю асін расьце —
голаву кожны сагне.

Мая самога няма, на жаль,
Мая няма пад замком…
Ёле з усьмешкай глядзіць фон-Валь,
горда глядзіць кругом.

Раптам…
Адкуль гэта?
Чый загад?..
Зьверху — з усіх бакоў —
сіні, чырвоны, зялены каскад
лёгкіх, як дым, лісткоў.

„З першым маем вітаем народ“ —
літары сталі ў рад.
Ў жылах фон-Валя кроў, як лёд;
ў сполаху ўвесь тэатр.

іскрамі сыплюцца ўніз лісткі.
„З маем вітаем народ“.
Сполах.
Трывога.
З галёркі сьвісткі.
Капае з лысін пот…

Арыштавалі.
Іх трыццаць пяць.
Цьвёрдыя іх шагі…
Май залацісты!
Твая пячаць
ў сэрцах і душах іх!..

Ноч непраглядная,
злая даль.
Сьвету нідзе няма.
Сьпіць генэрал-губарнатар фон-Валь —
сьніцца яму турма.