Нёмана сіні вал
грудзі зямлі цалаваў;
вырас з пяшчотаў тых
лес глухі і густы.
Толькі ня сходзіць туман
з ціхіх лясных палян…
Шмат на зямлі рубяжоў —
колькі-ж у іх крыжоў?..
Але, каб ўсе крыжы
крыжам адным злажыць, —
будзе цяжэй за ўсе
той, што наш край нясе.
Дзеці палёў і лясоў —
пяцера беларусоў.
Выйшлі яны з грамадой
з горам сваім, з жальбой,
раны і крыўды свае
вынесьлі ў белы сьвет…
Душыць прыгнёту змрок,
сочыць варожы зрок…
У панскай Варшаве гульба,
у панскіх палацах баль:
зробіць за ўсё разьлік
крэсаў усходніх мужык.
У шэры сярмяжны ўзьмёт
выкінуў сьмерць кулямёт…
Пяць палягло — ня ў сьне,
пурпурам выцьвіў сьнег…
І адыходзіў дзень
з ценьмі нязбытых надзей.
З косаўскіх ціхіх стрэх
хто гэту цень сатрэ?..
Хто ў варожым кругу
выбеліць кроў на сьнягу?
Хто яшчэ можа маўчаць
там, дзе загінулі пяць?..
У роспачы крэпне злосьць;
шмат непакорных ёсьць.
Мо‘ пранясе праз лясы
помсту за бацьку сын,
помсту за крыўды… за ўсё
ад гарадоў і сёл.
Пяць непавінных, пяць…
Усіх на крыжы не расьпяць!..
Хопіць і ў нас яшчэ сіл
помсты пажар пагасіць —
помсты пажар векавой
панскай паганай крывёй!..
Памяць пра гэтых пяць
выб‘е ў гадох пячаць.
Мы іх забойцам ліхім
ўспомнім усе грахі…
Ці не для іх парасьлі
шэрагі сівых асін?..
Устане і наша зара;
бедны забраны край!
У бурах засыпле жвір
межы на целе жывым
і ў барацьбе адцьвіце
косаўскай скаргі цень.
|