Заснула вежа. Што ёй сьніцца?..
Стаіць, панурая, як здань.
Была турма тут ці званіца —
хто мог-бы гэта адгадаць?..
А сівы час наўкола бродзіць,
як крок гадзін, як бег хвілін…
І нязьлічоныя стагодзьдзі
на шэрым камені ляглі.
Вякі стаяла без работы —
гняздо легенд і кажаноў…
...........
А сёньня людзі ў цяжкіх ботах
па сходах тупаюць ізноў.
Спавілі вежу дзіўным строем:
тут не разблыталі-б канцы
ні скандынаўскія гэроі,
ні царгародзкія купцы.
І сёньня к вежы прывязалі
драты ўстрывожаную даль…
О, прадзеды, каб вы пазналі
антэны стынучую сталь!
Вам не паняць, што ваша вежа,
знайшоўшы працу пад канец,
зьбірае гоманы з бязьмежжа
на свой зіяючы вянец.
|