Перайсці да зместу

Ведзьма (Шаўчэнка/Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ведзьма
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1858 год
Арыгінальная назва: Відьма
Пераклад: Змітрок Бядуля

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Малюся, зноў надзею маю,
Нанова слёзы праліваю
І думу цяжкую маю
Нямым сцянам перадаю.
            Адгукнецеся ж, заплачце,
            Нямыя, са мною…
            Над няпраўдаю людскою,
            Над доляю злою.
            Адгукнецеся! За вамі,
            Можа, адгукнецца
            Несупыннае няшчасце
            І нам усміхнецца,
            Памірыць нас з нядоляю
            І з людзьмі і скажа
            Нам дзякуй: і памоліцца
            І ціха спаць ляжа.
      І прымірэннаму прысняцца
І людзі добрыя, й любоў,
Адно дабро. І ўстане ўранку
Вясёлы, і забудзе зноў
Сваю нядолю. І ў няволі
Пазнае рай, пазнае волю
І дабратворную любоў.
      Каля асенняга Міколы,
Абдзёртыя бадай дагола,
Бендэрскім шляхам уначы
Ішлі цыгане. А йдучы —
Звычайна, вольныя,— спявалі.
Ішлі, ішлі, а потым сталі.
Шацёр край шляху нацяглі,
Агонь не малы развялі
І навакола пасядалі.
Хто з шашлыком, а хто і так —
Затое вольны, як казак
Калісьці быў. Сядзяць і дрэмлюць,
А ў стэпу воддаль хтось спявае,
Мабыць, з прыданак маладзіца
Дадому п’яная ідзе.
«Ой, у новай хаце
Паклаліся спаці,
Дочка сніла смела:
Маці звар’яцела,
Свёкар ажаніўся,
Бацька утапіўся,
І… гу…»
Цыгане слухаюць, смяюцца:
«Дзе ж тыя людзі тут бяруцца?
То з-за Днястра, мабыць, яно,
Бо ўсё тут стэп… Зданнё! Зданнё!»
Цыгане крыкнулі ўсе разам.
Тут апынулася адразу
Спявачка тая. Жаль і страх!
У світцы латанай дрыжала
Адна жанчына. На нагах
І на руках павыступала
Ад сцюжы кроў; аж струпам стала;
І косы ў дзікіх рэп’яхах
На полы лезлі ў каўтунах.
Пастаяла, а потым села
Каля агню і рукі грэла
На самым полымі. «Ну такі
Ажаніўся небарак!»
Сама сабе яна шаптала,
З усмешкай страшнай пазірала.
О, хто ж яна? Не здань, не страх.
То ж мая маці і сястра,
То ж мая ведзьма, каб вы зналі.

Цыгане
Адкуль ты будзеш, маладзіца?

Ведзьма
Хто, я?

(Спявае.)
«Як была я маладою,
Цалавалі хлопцы роем,
А як стала старой бабай,
Цалавалі б, была б рада».

Цыган
Спявачка, нечага сказаць!
Каб гэткую сабе дастаць,
Ды йшчэ і з мядзведзем…

Ведзьма
Я спяваю.
Ці то сяджу, ці то гуляю,
Я спяваю ды спяваю,
Ужо забыла гаварыць…
А перш я добра гаварыла.

Цыган
Дзе ж ты была, што заблудзіла?

Ведзьма
Хто, я? Ці ты?

(Шэпча.)
Цыц, крыху, цыц.
Вунь, бач, са мною пан ляжыць.
Агонь пагас, усходзіць месяц,
Ў яру пасецца ваўкалак…

(Усміхнуўшыся.)
Я ў прыданках была, упілася
І молада не прадалася…
А ўсё праклятыя паны
З дзяўчатамі такое дзеюць…
Трэба другую ажаніць.
Пайду, без мяне не ўмеюць
І ў дамавіну палажыць…

Цыгане
Не йдзі, нябога, будзь тут з намі!
У нас, яй-богу, добра жыць!

Ведзьма
А дзеці ёсць у вас?

Цыгане
Не маем.

Ведзьма
Каго ж вам песціць, гадаваць?
Каго ж вам нанач класці спаць?
Каго калышаце ўначы?
Кладучыся і ўстаючы,
За каго моліцеся? Дзеці!
І ўсё дзеці! І ўсё дзеці!
Не знаю, дзе ад іх падзецца.
Дзе ні пайду, яны за мною,
З’ядуць мяне калі-небудзь…

Цыгане
Не плач, нябога, сум забудзь.
У нас дзяцей няма й заводу.

Ведзьма
Хоць з гары ды ў воду.
      І ведзьма цяжка зарыдала.
Цыгане моўчкі паглядалі,
Пакуль заснулі, дзе хто ўпаў.
Яна ж не спала, не тужыла,
Сядзела, ногі палажыла
Ў гарачы попел. Выступаў
Шчарбаты месяц з-за магілы,
І на шацёр ён паглядаў.
Аж покуль хмара засланіла.
Што не спіцца багатаму,
Гладкаму, сівому?
Што не спіцца убогаму
Сіраце старому?
Адзін думае, як гэта
Дом дабудаваці,
Другі думае, як гэта
На званы прыдбаці.
Адзін стары адпачыне
Ў пышнай дамавіне.
Другі стары і так сабе
Дзе-небудзь пад тынам.
І абодва спачываюць —
Ні аб чым не дбаюць,
Убогага забываюць,
А таго шчэ й лаюць.
      Каля агню стары цыган
З люлькі дым пускае,
Пазірае на прыблуду
Й пра званы не дбае.

Цыган
Чаму не ляжаш, не спачынеш?
Зарніца ўсходзіць — паглядзі.

Ведзьма
Глядзела я — ўжо ты глядзі!

Цыган
Мы рана рушыма, пакінем,
Як не прачнешся.

Ведзьма
Не прачнуся,
Я ўжо ніколі не прачнуся.
Вось так дзе-небудзь і загіну
У бур’яне…

(Спявае ціха.)
            «Гаю, гаю, цёмны гаю,
      Ціханькі Дунаю!
      Ой, у гаі пагуляю,
      Паплыву Дунаем.
      У зялёным багавінні
      Трохі адпачыну…
      Дый спараджу хоць калеку —
      Дачку або сына…»
Дарма! абы сабе хадзіла
Ды ўмела матку праклінаць.
А вунь, ці бачыш, на магіле
Вачыма свеціць кацянё?
Ты да мяне йдзі.
Кіця, кіця…
Не йдзе, благое чарцянё!
А то дала б табе напіцца!
З маёй чысцюткае крыніцы…

(Спявае.)
      «Стаіць куцця на покуці
А ў запечку дзеці,
Нарадзіла, напладзіла,
Няма дзе падзеці.
Ці то патапіці?
Ці то падушыці?
Ці запрадацца карчмару,
А грошы прапіці?
      Што, можам дыхту задаваць?
Сядай во блізенька, тут сядзь.
Ото ж бы то! А ты не знаеш…
Што я ў Валошчыне была.
Я раскажу, як прыгадаю.
Двайню ў Бендэрах прывяла,
У белых Ясах калыхала,
У Дунаі пакупала,
У Турэччыне спавіла
І дадому аднясла —
Аж у Кіеў. Ды ўжо дома,
Без кадзіла, без крапіла,
За тры грошы ахрысціла,
А тры грошы прапіла.
Напілася, упілася!
І дагэтуль п’яная!..
І ўжо ніколі не прасплюся,
Бо я ўжо й бога не баюся
І не саромлюся людзей…
Калі бы мне вось тых дзяцей
Знайсці дзе-небудзь! Ты не знаеш,
Ці ё ў Турэччыне вайна?

Цыган
Была даўней, цяпер няма.
Памёр найстаршы старшына.

Ведзьма
А я думала дагэтуль…
Аж няма ў тым краі.
Вось слухай жа! Скажу табе,
Каго я шукаю.
Я шукаю Наталачку
Ды сына Івана…
Дачку сваю Наталеньку…
Ды шукаю пана,
Таго Ірада, што знаеш?..
Чакай, прыгадала.
Як была я маладою
І ў думках не мела,
Па садочку пахаджала,
Квітнела, пышнела.
А ён мяне і нагледзіў.
Ірад!.. І не сніла,
Што я была прыгоннаю,
А то б у магілу,—
Лягчэй было б тапіцца мне.
Вось бярэ ў пакоі
І стрыжэ, як быццам хлопца,
І ў паход з сабою
Бярэ мяне. У Бендэры
Прыйшлі мы, стаялі
З маскалямі на кватэрах,
А маскалі за Дунаем
Турка ваявалі.
Тут жа даў бог мне блізнятак
Якраз перад Спасам.
А ён мяне і пакінуў.
Не ўступіў у хату,
На дзяцей сваіх не глянуў,
Люцыпер пракляты!
Пайшоў сабе з маскалямі,
А я з байструкамі
Павяртала на Ўкраіну
Стэпамі, цярнямі,
Стрыжаная. Хоць бы што мне.
У сёлах пытала
Шлях у Кіеў. І што з мяне
Людзі накпівалі…
Я хацела ўжо тапіцца,
Шкада было кінуць
Блізнятачак. То сяк то так
На сваю краіну
Прыдыбала. Адпачыла,
Вечара даждала
Дый ў сяло. Хацелася,
Каб людзі не зналі.
Вось крадуся каля тына
Ў хату асцярожна.
Цёмна ў хаце, няма дома
Ці лёг спаці, можа,
Мой бацечка адзінокі.
Я ледзьве ступаю,
Уваходжу. Хтосьці стогне,
Нібы памірае,
То бацька мой. Перахрысціць
Некаму пры смерці,
Ці скласці рук. О хітрыя,
Праклятыя дзеці,
Што вы робіце на свеце!..
Страхаццё напала,
Хата пусткаю смярдзела…
Вось я захавала
Блізнят сваіх у каморы,
Убягаю ў хату,
А ён ужо ледзьве дыша.
Я да яго: «Тата!
Мой татачка! То я прыйшла».
За рукі бяру я.
«То я,— кажу. А тата мне
Шэпча: „Я дарую.
Я дарую“. Толькі й чула.
Здаецца, я ўпала.
І заснула. Каб жа гэтак
Давеку праспала!
Апоўначы прачнулася:
Нібы яма — хата.
А за руку бацька душыць.
„Тата! — крычу.— Тата!“
А ён ужо так, як крыга…
Я насілу руку Вызваліла.
Што, цыгане,
Каб такую суку
Дачку табе. Што б зрабіў?

Цыган
Яй-богу, не знаю.

Ведзьма
Ды маўчы ўжо, бо забуду…
Потым не згадаю.
Дзяцей, бачыш, гадавала
Ды ў засек хавала.
Ды каптур свой, ужо ўранку,
Клоччам набівала,
Каб не ведалі, што стрыжка.
Па хаце хадзіла,
Пакуль людзі дамавіну
На дварэ рабілі.
Дарабілі, налажылі,
Паняслі, схавалі…
Як быліна ў чыстым полі,
Адзінокай стала Я на свеце…
Былі дзеці,
Ды ўжо й тых не стала…
„Цераз яр хадзіла
Ды ваду насіла,
Каравай сама пякла —
Дочку замуж аддала,
Сына ажаніла…
І… гу!..“

Цыган
Не скаголь, бо ты ўсіх пабудзіш!

Ведзьма
Хіба скаголю. Ашалеў?!

Цыган
Ну добра, так! Далей што будзе?
Ты раскажы.

Ведзьма
А што дасі?
Наварыш заўтра мамалыгі?
Я кукурузы прынясу.
      Прыгадала! Прыгадала
Спаць ён лёг з дачкою,
Аддаў сына ды ў лакеі…
З хаты грамадою…
Выганялі… Прыгадала.
Я сабак дражніла
Па-над вокнамі з старцамі.
Байструкоў насіла
За плячамі. Каб прывыклі…
Аж і сам вярнуўся.
Зло забыла, кінулася
Да яго, хілюся.
Прывітаў мяне люцыпер,
Блаславіў ён дзетак
Дый забраў іх у пакоі…
Растуць мае кветы!
Дый выраслі. Сына Йвана
У лакеі. А Наталлю…
Ці твае цыгане
Ўсе паснулі?

Цыган
Усе паснулі.

Ведзьма
Бо каб не пачулі
Майго слова. Страшна будзе.
І ты, як пачуеш,
Сам спужаешся, мой дружа…
Ці ж не пашкадуеш?
Наталачку! Дзіця сваё!
Ірад злы які ён!..
Апаганіў… А раней жа
Пасылае ў Кіеў
Мяне, бачыш, памаліцца.
Малілася многа,
Але марна я, цыгане,
Малілася богу.
У вас ёсць бог які-небудзь?
Мы яго не маем…
Паны ўкралі ды ў шкатуле
У сябе хаваюць.
      Вяртаюся я з Кіева,
Замкнёны пакоі.
Ён узяў яе з сабою
Дый паехаў з ёю,
З Наталляю… Ці чуеш ты?
І астрыг, паганы,
Дзіця сваё. Паляцела
Я шукаці пана
Ў Валошчыну. Дый шукаю,
Савою лятаю
Над байракамі. Ды дзетак,
Дзетачак шукаю,
Наталачку! Не, не, не, не!
Я шукаю пана.
Разарву!.. Вазьмі ж ты мяне
Да сябе, цыгане.
Я мядзведзя вадзіць буду,
А як знайду ката,
То й спушчу яго на ката.
Вось тады, пракляты!..
Не, не спушчу. Сама яго
Загрызу… Чуў гэта?
Пабярэмся, маё сэрца,
Дзеўка я й дагэтуль.
А сына ўжо ажаніла,
А дачка й так будзе.
Будзе лазіць пад платамі,
Пакуль знойдуць людзі
Нежывою. Ці ты бачыў?
Ён такі харошы —
Мой сын Іван… Ух, холадна!
Пазыч ты мне грошай,
Маністу добрую куплю
Дый табе павешу,
А сама пайду дадому…
Мыш, вунь мыш, пацешна,
У Кіеў нясе мышанят.
Не данясеш, дзесьці ўтопіш,
Альбо пан адніме.
Ці я знайду маіх дзетак,
Ці так і загіну? —
      Дый замоўкла, бы заснула.
Цыгане ўставалі.
Разбіралі шатры свае,
На шлях паспяшалі.
Дый рушылі. Пайшлі стэпам.
А яна, нябога
Бяздольная, моўчкі ўстала,
І нібыта богу
Памалілася нячутна
Дый пашкандыбала
За цыганамі. І ціха,
Ціханька спявала:
      «Кажуць людзі, што суд будзе,
А суда й не будзе.
Бо мяне ж на гэтым свеце
Асудзілі людзі».
Вось з-за Днястра пайшлі цыгане
І на Валынь і на Ўкраіну.
За сялом сяло міналі,
Ў гарады хадзілі
І страхотай за сабою
Прыблуду вадзілі.
І спявала, і скакала,
Не ела й не піла,—
Як быццам смерць, з цыганамі
Па сёлах хадзіла.
Схамянулася раптоўна,
Стала есці, піці,
І хавацца за шатрамі,
І богу маліцца.
Штосьці з ёю учыніла
Стара Марыула,—
Нейкім зеллем напаіла,
Дык яно й мінула.
Потым яе навучыла
Лякаркаю стаці:
Ад чаго якія зёлкі
І дзе іх шукаці.
Як сушыці, як варыці…
Марыула ўчыла многа.
Вучылася тая, часта
Малілася богу.
Мінула лета і другое,
Трэцяе настала.
Прыйшлі ужо на Ўкраіну…
Шкода чагось стала?
Пакланілася цыганцы
За навуку ў ногі,
Пакланілася цыганам,
Памаліла бога,
Дый пайшла сабе, нябога,
На сваю краіну.
Пайду, кажа, хоць зірну я
На дачку, на сына.
Не прыйшлося. Пан вярнуўся,
Пакінуў Наталлю
У Маскоўшчыне. А ты ж яе
За Днястром шукала.
У салдаты маладога
Узялі сына ў маці.
Таму, што ты не наўчыла
Паноў шанаваці.
Да каго ж ты прыхілішся?
Нікога не маеш!..
Да людзей хіліся, дружа,
Людзі прывітаюць.
Пан вярнуўся, занядужаў,
Стогне, прападае.
А яна набрала зелля
Ды пайшла ў палацы
Лячыць яго, памагаці,
А не праклінаці.
Не вылечыла хворага,
Бо не дапусцілі…
А як памёр, дык за яго
Госпада маліла.
Святой жыла сабе, дзяўчат
Стала навучаці,
Каб з панамі не кахацца,
Людзей не цурацца.
«А то бог вас пакарае,
Ды шчэ горш, чым людзі,
Людзі гордыя й благія,
Сваім судом судзяць».
Вось так яна навучала,
Нядужых лячыла,
А з убогім астатнюю
Скарынку дзяліла.
Разумныя і добрыя
Людзі яе зналі,
А ўсё-такі пакрыткаю
І Ведзьмаю звалі.

Седнеў 1847 Ніжні Ноўгарад 1858