Перайсці да зместу

Ведзьма ў выглядзе кабылы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ведзьма ў выглядзе кабылы
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://skarby.in/vedzma-u-vygliadze-kabyly.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Здзекуюцца ведзьмы над людзьмі, але часам і яны церпяць пакуты. Кажуць, ведзьму можна злавіць уночы на веснавога Юр’я, калі яна гойсае па хлявах і псуе ў загарадах жывёлу.

Жыў непадалёку ад нас адзін гаспадар. Былі ў яго ладныя, дагледжаныя каровы, а прыйдуць з пашы — зусім не даюць малака, быццам хтосьці іх падаіў. Што тут рабіць? Пачаў дзядзька напытваць людзей.каб падказалі, як пазбыцца ліха. І знайшоў-такі чалавека, які параіў, як даць рады нечысці.

Увечары на Юр’я, толькі схавалася сонца і бліснулі на небе зоркі, загнаў гаспадар каровы ў загараду каля хлява, накрэсліў абгарэлым з абодвух канцоў кійком уздоўж плота лінію, а весніцы пакінуў адчыненыя. Праўда, на зямлю барану кінуў, перавітую паміж жалезных зубоў свянцонаю вярбою. А сам схаваўся пад паветкай і цікуе, што з гэтага будзе.

У поўнач, калі ў вёсцы ўсё замерла, падбягае да загарады кабыла. Але куды ні паткнецца — не можа перамахнуць праз плот да кароў. Нарэшце патрапіла ў прачыненыя весніцы. Узвілася ўгору і скокнула ў шчыліну. Толькі апусцілася на ногі — заблыталася ў баране. Б’ецца туды-сюды, а выбрацца не можа, бо надта вострыя аказаліся жалезныя зубы, перавітыя свянцонай вярбой.

Здагадаўся дзядзька, што гэта за кабыла. Накінуў на яе аброць, прывязаў да плота. Стаіць кабыла, дрыжыць, спуджана стрыжэ вушамі. А гаспадар пабег да хаты, дзе жыў каваль, пастукаў у шыбу:

— Выйдзі на хвіліну, Рыгор! Паглядзі, што за дзіва я злавіў!..

Выбег каваль, паглядзеў на кабылу і адразу здагадаўся, што перад ім пачвара. Вярнуўся ён у хату, апрануўся і павялі яны ўдвух з гаспадаром кабылу да кузні. Прывялі, прывязалі. Потым развялі ў горне агонь, падкавалі гадаўку на ўсе чатыры нагі. Ды так падкавалі, што загналі цвікі не у капыты, а ў жывое мяса. Круціцца кабыла, дрыжыць ад болю, быццам трасца яе трасе. Потым гаспадар зняў аброць, а каваль як рэзне кляшчамі ёй па азадку — па-а-ляцела ў чыстае поле.

— Дзякуй табе, братка, — кажа дзядзька суседу-кавалю, — што памог мне пачаставаць як трэба погань. Хадзем у карчму, пасядзім, пагамонім..

Пабудзілі яны карчмара, выпілі па чарцы-другой, дамоў не спяшаюцца. Не заўважылі, як дзень пачаўся. Раптам прыбягае ў карчму маладзіца і проста да гаспадара, што злавіў кабылу. Давай прасіць яго, давай маліць, каб хутчэй ішоў да яе свякрухі.

— Ровам раве свякруха, так цябе хоча бачыць.

— Навошта я ёй здаўся?

— Ліха яе ведае! — развяла рукамі маладзіца. — Схадзі, будзь ласкаў, бо яшчэ памрэ.

Кульнуў дзядзька з кавалём па апошняй чарцы і падаўся да хворай бабы. Прыходзіць і бачыць: у рукі і ногі кабеціны пад пазногці забіты жалезныя цвікі

— Што з табою, бабка? — пытаецца дзядзька.

А яна ў адказ:

— Ой, не пытайся! Сам добра ведаеш, што вы з кавалём мне ўночы зрабілі…

Ідавай прасіць, каб выцягнуў з-пад пазногцяў цвікі. Клялася і бажылася, што нікому больш не будзе зла рабіць.

Дараваў гаспадар вядзьмарцы, выцягнуў цвікі, а нас усіх навучыў, як трэба бараніцца ад усялякай погані.