Ваўкалак (паданне)
Ваўкалак Паданне Аўтар: народ Крыніца: http://skarby.in/vaukalak.html |
Ішоў я па лесе. А насустрач мне чалавек. 3 твару — страшыдла, а не чалавек. Касавокі, крывароты, згорблены. У мяне па спіне ажно мурашкі сыпанулі. І няма як убок звярнуць, бо навокал такі гушчар — не прадзярэшся. Сышліся мы. Слова за слова — разгаманіліся. Не вытрываў я і пытаюся:
— Што за хвароба, чалавеча, цябе так знявечыла?
А ён мне кажа:
— І цябе, браце, так скрывіла б, каб ты ваўком пабегаў.
— Няўжо ты ваўкалакам быў?
— А як жа, быў…
Узяла мяне цікаўнасть, што ды як там было. Запрасіў небараку папалуднаваць разам. А пакуль падсілкаваліся, вось што ён мне расказаў.
— Пасварыўся я з суседкай, на якую ўсе казалі, што яна чараўніца. Крыў саломай гумно і скінуў некалькі снапоў на яе каноплі. Прыбегла яна, давай сварыцца.
— Ты мне ўсе каноплі паламаў!
— А хіба я хацеў? — пытаюся ў яе. — Пэўна так ужо Бог даў. Хоць у суд падавай — нічога не адсудіш.
— Добра, — прыгразіла мне суседка-чараўніца, — я сама на цябе ўправу знайду.
Праз тыдзень паехаў я ў лес па дровы. Наклаў цэлы воз, як пацягнуць каню. Пачаў мой конь па дарозе прыставаць. Мусіў я распрэгчы яго і пусціць на траву-мураву. Аж раптам так мне зрабілася на сэрцы нудна, што не выказаць словамі. І чамусьці закарцела абавязкова праз хамут пралезці. Як пралез я праз хамут — так у ваўка і абярнуўся. Тры гады бегаў адзін, а на чацвёрты ваўкі мяне ў зграю сваю прынялі.
Аднойчы загадаў нам апостал Юры з’есці рабага каня. Беглі мы за тым канём сто вёрст. Другіх не чапалі. Нарэшце з’елі рабага каняку. Цэлы тыдзень пасля есці не хацелі. А калі прагаладаліся, паслалі мяне ваўкі зарэзаць авечку. Схапіў я авечку, хацеў у лес валачы, а тут пастух аб’явіўся.
— Ты чаму авечку крадзеш? — пытаецца.
Як скамянеў я — не магу варухнуца з месца. Куды ні гляну — усюды глыбокія ямы. Ваўкі крычаць мне:
— Кідай авечку! Уцякай!
А мне няма куды ўцякаць. Пастух тым часам бліжэй падышоў і загадаў:
— Кінь авечку.
Кінуў я жывёліну, а пастух сперазаў мяне пугай дванаццаць разоў. І толькі ён гэта зрабіў — аб’ехала з мяне воўчая шкура. Зрабіўся я зноў чалавекам, але такім вось брыдкім і страхатлівым.