Васіль Цяпіньскі (Зямкевіч)
Васіль Цяпіньскі Артыкул Аўтар: Рамуальд Зямкевіч 1919 Крыніца: Biełaruskaje žyćcio - 1919 - №5 |
Паміж беларускімі пісьменікамі і дзеячамі XVI сталецьця вызначаецца сваей працай для простага народа і высовываецца на больш віднае мейсцо Васіль Цяпіньскі. Польскія, расейскія і украінскія вучоныя, разгледаючыся у дзеях XVI сталецьця а асабліва у рэлігійна-рэфарматарскім руху, вельмі цікавіліся асобай і працаю Цяпінскага. На жаль, аб рэфармацыі і змаганьнях рэлігіі у нашым краі засталося мала памятак, так што судзіць аб гэтым цікавым эвалюцыйным працэсе мы можам толькі з тых абломкаў і абрыўкаў, якія уцалелі з патопа гістарычных падзей.
Аб жыцьці Васіля Цяпіньскага мала маем вестак. Вядома толькі што родам ён, як і Фр. Скорына, з Полаччыны, маёнтак яго быў Цяпін, ад каторага пэўне пайшло і яго прозьвішча. Цяпін вядомы і цяпер у Полаччыне. Васіль Цяпінскі належаў да полацкай шляхты, меў колькі маёнткаў, але, здаецца не вялікіх, бо наагул быў небагаты (як сам аб сабе піша у перадмове да Евангелья: “з убогое своее маетности народу моему услугую”). Калі радзіўся і памёр – няма ведама. У актах Васіль Цяпіньскі у першы раз ўспамінацца ў 1564 годзе, калі яму было больш-менш 20 да 25 гадоў. Апіраючыся на гэтым можна думаць, што ён радзіўся у 40-х гадох XVI сталецьця. У актах апошні раз спатыкаецца яго прозвішча у 1604 гаду, калі яго сыны судзіліся паміж сабою за бацькаўскую маетнасьць.
Ня гледзячы на сваю скромнасьць з якою Цяпіньскі кажэ аб сваёй эдукацыі: “ижем не влох, не немец, не доктор, и ни якій постановленый межи попы… русин своей Руси услугучыи”, трэба прызнаць яго на свой час досьць адукаваным, калі ён мог узяцца за гэткую трудную працу як пераклад Евангелья. Аб перэкладзе сваім Евангелья Цяпінскі піша, што зрабіў яго “з зычливости ку моей отчызне”. Выяўленьня патрыотызма у тагочасных дзеячоў досі рэдкі і у гэтым выпадку Цяпіньскі займае першае мейсцо.
Аб беларускім народзе Цяпіньскі піша, што ён у той час быў “зацны, славныи, острыи, довстипныи народ”, каторы меў добры перэклад Евангелья і Апостала ужо тады, калі яшчэ другія народы, суседзі беларусаў, ня мелі гэтага, друкаванага у сваёй мове. Цяпіньскі надта высока цэніць заслугі продкаў і іх мову, але і незаплюшчвае вачэй і на нацыянальнае адступніцтва тых беларусоў, якія з’яўляюцца найбольш выдатнымі прадстаўнікамі цемры, грубасьці і рэлігійнай несьвядомасьці простага народа, значыцца у першы чарод – духавенства.
Аб беларускім духавенстве, піша Цяпіньскі, што яно ня вучыць народа беларускага пісьма, ня ведае яго і школ для навукі не мае: “зачым в польские, або в иные писма з такою неволею… заправует”. Аб беларускіх панах успамінае ён вось як: “настала такая аплаканая неумеетность… же некоторыя (із княжат і знатных паноў) и писмом се своим, а злаща в слове божемъ встыдают”. Школы Цяпіньскі раіць наладзіць за грошы маёнткаў, якія продкі надалі духавенству “не на марнотрацтва, не на строи и на што такого, але дле наукъ”. Нельга пазволіць, каб бацькаўшчына з прычыны браку адукацыі гібела, але і такой бацькаўшчыне, упэўняе Цяпіньскі, а заўсягды астануся верным абых готов, если она (бацькаўшчына) до конца згинет, з нею згинуть, абе через вашъ (паноў і духавенства, да каторых ён звертаецца) ретунокъ будет выдвигнена, з вами и з нею выбринуть”.
Прычыны дзеля каторых Цяпіньскі ўзяўся тлумачыць Евангелье былі такія, што духавенства не хацело гэтага рабіць: “поневажь которымъ бы то власнеи учинити пристоело митрополитове, владыки и нихто з вучоных, через так многіи час не хотели”.
Труднасьцей у працы перакладу Евангелья Цяпіньскі меў шмат, людзе шкодзілі яму з зайздрасьці, але ён ўсё перамог і сваю працу зрабіў. Перэклад яго быў як раз такім, які канешне быў патрэбным для зразуменьня простага народу: “не смысленым або красомовным выводом, не залецаным а ни часу угажаючими словы, але яко сприязливым, простым, а щирім, правдиве верне, а отвористе”. Для перэклада з вялікай труднасьцю здабываў ён кнігі “старые давные”.
З друкам Евангелья так сама было шмат клопату. Цяпіньскі друкаваў два тэксты: царкоўна-славянскі і побач беларускі з заметкамі на маргінэсах (краёх) і уселякімі паясьненнямі. У прадмове Евангелья Цяпіньскі піша аб трох евангелістах, але да нас дайшлі толькі два. Друкаваная частка мае гэткі загаловак: “Первая часть нового завета або тестаменту подлуг словенского роздзеленья то ест от чотырех евангелистов святое евангелье Исуса Хрыста списаное…”
Евангелье Цяпінскага вялізарная бібліографічная рэдкасьць: вядомы толькі два экзэмпляры яго: адзін у Пецярбурзе у Публічнай Бібліотэцы, няпоўны с пісанай перадмовай і другі у Салавецкім манастыры (каля Архангельска). Мусіць быць людзі грэчэскай веры палілі евангелье Цяпінскага, каторага лічылі гэрэтыкам, бо яно у цэласьці да нас не дайшло. Вялізарныя ваенныя патопы як шведзкія войны, маскоўскія войскі цара Алексея Міхайловіча, ўсё што працярпеў беларускі край прычынялося глаўным чынам да зніштажэння памятак старае беларускае культуры.
Вучоныя як М. Доўнар-Запольскі, М. Левыцькый і Карскі даводзяць, што Васіль Цяпінскі быў антытрынітарам або арыянінам. Гэткая рэлігійная секта была на Беларусі і шмат заслужылася сваімі працамі ў народнай беларускай мове.
Евангелье Цяпінскага перэкладзена пры помачы польскай бібліі Шымона Буднага з 1570 года. З Шымонам Будным Цяпінскі быў у добрых і блізкіх стасунках, памагаў яму пры выдаванні беларускіх “Катіхізіса” (Несьвіж 1562) і “Оправданія грэшнаго чэловека перад Богом”. Сам Шымон Будны у польскай сваей кніжцы “Urząd mecza” 1583 году успамінае аб Цяпінскім, што ён у сваім рэфармацыйным пратэстантызме не быў крайнім.
Аб сваёй веры Васіль Цяпіньскі кажа: “ведже держу же неинаичей одно зъ евангеліи от Бога через Христа Пана и его апостолов поданое”; аб людзях грэчэскае веры кажа быццам аб людзёх старонніх: “яко они все везде во всих своих церквах чтут и мают, не одно для лепшое их вери” альбо у іншым мейсцы: “тые што се меж ними зовут духовными”.
Шрыфт Евангелья Цяпінскага падобны да шрыфту Скорынінскіх кніг і беларускіх кніжак Шымона Буднага.
Вельмі цікавы партрэт Васіля Цяпіньскага, які мы тутака даём, у рэпрадукцыі паяўляецца першы раз. Партрэт Цяпіньскага знайшоў ніжэй-падпісаны у 1915 гаду у бібліотэцы пана Канстанціна Святополк-Завадскага ў мястэчку Крошыне (каля Барановіч) Новагрудзкага павету. Партрэт быў паміж парванымі карткамі Берасьцейскай кальвінскай Бібліі, выдадзенай Мікалаем Радзівілам Чорным.
Бібліотэка Святополк-Завадзкага у часе вайны ўся зніштожэна праз расейскіх салдатаў. З партрэта асталася адно копія, зробленая алоўкам на папероснай паперы, з каторай перарысованы дакладна партрэт знаходзіцца у калекцыі аўтара гэтае стацьці.
Прозвішчэ Васіля Цяпіньскага кірыліцай заўсягды пісалася праз літэру Т – Тяпіньскі, але усе сучасныя польскія пісацелі называюць яго проста: Цяпіньскі. Гэта служыць даказам, што царкоўна-славянскія літэры (кірыліца) чыталіся праз беларусаў на беларускі народны спосаб выгавора. На гэта ёсьць шмат данных у старай пісьменнасьці.
Аб Васілю Цяпіньскім ёсьць яшчэ сьляды, што ён меў маёнтак на Валыні. Вельмі мажліва што ён быў знаёмы з князям Острогскім, які у сваёй акадэміі у Острогу зьбіраў усе навуковыя сілы для выдавецтваў рэлігійных кніжак. Магчыма, што маёнтак на Валыні Цяпіньскі дастаў ад князя Острогскага за невядомыя нам бліжэй услугі навукова-літэратурнага і выдавецкага характэра.