Перайсці да зместу

Васількі (1919)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Васількі
Драма
Аўтар: Альберт Паўловіч
1919 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Васількі (Паўловіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АЛЬБЭРТ ПАЎЛОВІЧ.


ВАСІЛЬКІ.

Драма з сучаснага жыцьця у 5 актах.



ВІЛЬНЯ1919.

Друкарня „Промень“.

АЛЬБЭРТ ПАЎЛОВІЧ.


ВАСІЛЬКІ.

Драма з сучаснага жыцьця у 5 актах.



ВІЛЬНЯ1919.

Друкарня „Промень“.

АСОБЫ.

АНДРЭЙ — малады муж, 32 год, прыгожы мужчына добрага мягкага сэрца.

ПАРАСКА — яго жонка, 58 год, згрыбе́лая, хваравітая баба, чэрствая, вельмі неспакойная і капрысная.

АГНЕША — пакаёўка, 17 гадоў, харошая дзяўчына, рухавая і дабрадушная.

СТАРАЯ — Прачка (мыцьцёха).

СЯСТРА Андрэя, родная, — 21 год, у гасьцёх.

БАБУЛЯ і ДЗЕД Агне́шы.



Акт першы

[правіць]

АКТ ПЕРШЫ.

Рэч дзе́ецца ў інтэлігэнтнай мяшчанскай сям‘і. Сьве́тлы пакой чыста прыбраны. У пакоі два вакны ўстаўлены кве́ткамі, На проціле́жнай ад вакон старане́ стаіць ложак, на ім ляжыць хворая. На століку гадзіннік. Хворая сьпіць. Муж уваходзе ў пакой асьцярожна, на пальчыках.

ЗЬЯВА I.
АНДРЭЙ — АГНЕША — СТАРАЯ —
ПАРАСКА (крэпка сьпіць).

АНДРЭЙ.
Ну, дзякуй Богу, сьпіць спакойна,
А каб з гадзіну яшчэ так,
Усё-б лягчэй, чым больш спачнула-б,
І на здароўі быў-бы знак.
СТАРАЯ (прыглядаючыся да хворае).
Ах страшна… зьме́жаныя вочы
Уваліўшысь глыбака у скронь,
Зжаўце́ўшы твар, упаўшы грудзі,
Гане́бна высахша далонь…
АНДРЭЙ (з жалем).
Няшчасьце нас дваіх спаткала —
Няма жыцьця… крыжовы лёс…
(у роспачы)
За што нас, Бог, Ты так караеш,
За што я толькі перанёс?
Няма атхланьня, з сіл пазбыўся…
Я трачу розум… нельга жыць!..
(сьціхаючы)
І моладасьць мая ўся згасьне,
Яе́ я змушан загубіць
Бяз ясных хвіль у злой нядолі…
Сябе́… сябе́… найбольш віню.
(змацняючы дух)
Ды, даўшы слова быць ёй ве́рным,
Яго ніколі не зьмяню.
ПАРАСКА (прачыхаецца).
Ох… мне́ нядобра… як мне́ слаба…
Хаця-бы Божы дзе́нь прыждаць.
Ці прыдзе доктар?
(зварочаваецца да мужа)
…Дых займае…
Цябе́ я мушу пажагнаць.
Ох, Божа мой… (змоўкла).
АНДРЭЙ (кліча Агне́шу, Старая памыкаецца
бе́гчы)
.
…Агне́ша!
АГНЕША (аказаваецца за сцэнай).
…Чую!
АНДРЭЙ.
Бяжы баржджэй, хутчэй ідзі;
Якога доктара застанеш,
То без адкладу прывядзі.


ЗЬЯВА II.
ТЫЯ-Ж і АГНЕША (уваходзе, ускідавае хустку
і выходзе)
.

АНДРЭЙ (ля дзьвярэй).
Калі-б спытаў скажы, — што пільна…
Табе́ ж ня боязна, што ноч?
(хворая праз сон кашляе).
АГНЕША (завіхаючыся).
Ну, што-ж зрабіць, як трэба — мушу…
Іду…
АНДРЭЙ.
…Шчасьліва!
АГНЕША.
…Божа мой!
Што-ж гэта будзе… во няшчасьце
(выходзе).


ЗЬЯВА III.
ТЫЯ-Ж без АГНЕШЫ.

СТАРАЯ.
Лякарства-ж пан даўно даваў?
АНДРЭЙ (бяз толку перастаўляе рэчы, пасьля
апомніўшыся падае́ хворай у лыжцы лякарства)
.
Параска, спраўды выпі троху,
Грудзе́й каб кашаль ня зрываў.
СТАРАЯ (да Андрэя сьціха).
Уто бяда… напасьць якая,
У дактарох ня знойдзеш лад
(абярнуўшыся да хворае)
То-ж страх! на Божаей пасьце́лі
Ужо дзевяты тыдзень ўрад
(адганяе мух)
Пяройдзе час… Бог дасьць здароўе…
Узноў паправіцца… дарма!
(Адходзячы бліжэй да Андрэя, усьце́шліва)
Хваробу зможа, бо здае́цца
Капы гадоў яшчэ няма,
Во толькі каб… а то бывае…
Што дактары не пападуць
На сьле́д хваробы і праз гэта
У прышлы сьве́т яны зьвядуць.
АНДРЭЙ.
Ну, ну, ужо ад рэчы кажаш…
Нашто напе́рад забягаць,
Яшчэ Бог ласкаў, а што будзе
Ня нам аб тым судзіў Ен знаць.
СТАРАЯ.
Крый Божа злога… а няхай іх…
Ды так трапляецца… ці-ж не?
То той, то сёй… стары ўмірае,
Дарогу моладзі дае́.
Ні першы, пан, такі бяздольны
І ні апошні будзеш, пан,
АНДРЭЙ (з прытугі хавае галаву ў далоні).
Калі памрэ… знаць Божа воля…
Няма што плакаць, даліпан!
АНДРЭЙ (з гне́вам).
Пакінь плясьці… маўчы старая!
Ні час, ні ме́йсца, ні пара!
Ня труць мне сэрца… ўласных думак
Што дзе́нь, то новая гара.
СТАРАЯ (зьдзіўлена).
Ці пан загнѐзаўся?.. даруй мне́,
Я не хаце́ла скрыўдзіць вас;
Кажу па праўдзе, як бывае…
А дзе-ткі доктар доўгі час?
АНДРЭЙ (заглядавае ў вакно з нецярпе́ньнем).
Тcс… дзякуй Богу… во і доктар.
(зварочаваецца да старое).
Ідзі у се́нцах пасьвяці.
(Старая выходзе з агнём. Андрэй — сярдзіта).
Ну, завіхайся ж хутчэй трохі,
Ен, вунь, на ганку!.. ну-ж, ляці!
ПАРАСКА (прачнуўшыся ад болю).
Што тутка сталася з пасьпе́хам?..
Ну й доўга-ж цягнецца мне ноч…
Такая боль (паказвае) во тут у сэрцы,
Што не змагла нат зьме́жыць воч.
Чакаю ўсё, ці скора доктар,
Калі ён зьявіцца да нас…
АНДРЭЙ.
А во ужо йдзе́… ты-ж, дзякуй Богу,
Такі ўздрамнула добры час;
І так спакойна, ціха спала,
Аж радасна было глядзець.
(перасьцерагаючы).
Ну будзь спакойна… ня смуціся
Ужо… во… во… (ідзе́ на спатканьне доктара)
ужо ідзе́ць.


ЗЬЯВА IV.
Андрэй, Параска, (уваходзяць) Доктар і Агне́шка.

ДОКТАР.
Так! (як-бы змарыўшыся) добрай ночы!
АНДРЭЙ.
…Просім пана!
ДОКТАР (зьняўшы паліто, аддае́ яго Агне́шы;
падходзе да хворае)
.
Што з вамі сталася…
(зварочаваючыся да Андрэя).
…даўно?
АНДРЭЙ (прыпамінаючы).
А ўжо здае́цца… я ня помню…
Мо‘ з год…
ДОКТАР.
Прымкніце вы вакно,
Бо цягне холад…
Прашу (да хворае) се́сьці.
ПАРАСКА (перапыняе).
Каля Пра… чы… стай будзе… год,
Як не магу… устаць з пась… це́лі…
І чэзну… мусіць ад сухот.
ДОКТАР (абслухаваючы грудзі).
Ага, вось, так! а мне́ скажэце
3 кім-колеч раіліся вы?
АНДРЭЙ (ківае галавой).
А быў Палонскі, доктар Поляк…
ДОКТАР (перапыняе і бярэ за руку).
А што казалі вам яны?
(глядзіць на гадзіннік).
(Пауза)
(бярэцца за трубку і прыклаўшы кажа).
Дышэце… так… глыбей… чуць трохі
(робе грымасу).
Чуць павярне́цеся… во так…
(папраўляючы)
На бок… дышэце… (ківае галавой) ну,
прысядзьце.
ПАРАСКА (лѐдзь падымаючыся, охкае).
ДОКТАР (паглядаючы ў вочы і падтрымліваючы
за пле́чы)
.
…Цяпер во, чуецеся як?
ПАРАСКА.
Мне́ тут во… (паказвае на грудзі) цяжка…
сіл ня маю…
Дубе́юць рукі…
ДОКТАР (апускаючы хворую да ляжачага палажэньня
і не знаходзячы лыжачкі, просіць Агне́шу, ківаючы да яе́).
…Дзе-жаж мне́?..
АГНЕША (згадваючы думкі).
А! пэўне лыжачку пан хочаш?
Во зараз, (выбягаючы) ёсьць тут у мяне́.
ДОКТАР (адходзе, штось шэпча Андрэю, ківаючы
галавой і махаючы рукамі)
.
Дарма, (бярэ пульс) ня страшна, у це́ле
[спала,
сэрца слабае відаць.


ЗЬЯВА V.
Тыя-ж і Старая.

(Агне́ша, варочаючыся, нясе лыжачку, Старая уходзе
за ёй сьцікаўленая)
.
ДОКТАР (прыймае лыжку, да хворае).
Ну ды пакуль душа жывая
Мая павіннасьць ратаваць.
(Аглядае з лыжачкай).
Раскрый губы… так…
АГНЕША (у паўголаса).
…Мой Божа!
СТАРАЯ (Да Агнѐшы).
Ці доўга будзе дакучаць?
АГНЕША.
Я вам-бы радзіла маўчаць.
(Агне́ша выходзе).


ЗЬЯВА VI.
Тыя-ж без Агне́шы.

ДОКТАР (да Андрэя, адышоўшыся да стала, каб
запісаць рацэпту. Гукаюць стоячы)
.
Ну што-ж, скрываць ад вас ня буду…
Вы кажаце, што больш, як год?
Надзе́і мала… Сяньні трудна
Спыніць хваробы шпаркі ход.
Яшчэ ня больш дзьвѐ-тры нядзе́л
Сяк так працягне, — больш ані,
Па тахту сэрца спазнаць лёгка,
Што каратае свае́ дні,
(зварочаецца з увагай).
І вы павінны з тым згадзіцца,
АНДРЭЙ.
Мой пане доктар… няўжо-ж нас…
ДОКТАР (паціскаючы плячмі).
Ну што-ж рабіць — знаць Божа воля…
Разстаньня жджэце кожны час.
Вам дактары больш непатрэбны,
Тут ня выдаткі, а сам Бог,
Адзін Ен толькі перад сьме́рцю
У апошняй хвілі-бы памог…
Ну дай-жа Божа!..
(садзіцца пісаць рацэпту).
…Вам і хворай…
А у ёй калі б знайшлі хоць чуць
Якой адме́ны, дык заве́це,
Мо’ будзе к лепшаму хінуць;
Цяпер, вы бачыце, хвароба
Дайшла да пункту, да пары…
Калі ўжо крызіс пераможа,
То мусіць ўніз ісьці з гары.
АНДРЭЙ (абпёрся ззаду на спінку крэсла).
О, дай-жа ж, Божа, бачыць шчасьце!..
Вам шчыра дзякую… (глянуўшы на хво-
[рую)
засьне́?
ДОКТАР (не́шта задумаваецца і не адразу адказавае)
Хай сьпіць, паправіцца, — Бог — бацька!
(гле́дзячы на гадзіннік).
І ня будзе́це, хай спачне́!
Каб сіл набраць, а там паглядзім…
Дасьць Бог паправу…
(ме́ўся аддаць Андрэю рацэпту, але яшчэ штось
дапісавае)
.
…з кожным днём.
(устаў, падае́ Андрэю).
Кампрэс кладзе́це ў дзе́нь тры разы,
Давайце кропель з малаком,
Два парашкі у дзе́нь і ве́чар
(зварочаваючыся да Старое).
Расол давайце… мле́ка піць
Праз не́йкі час… (адходзячы да дзьвярэй)
…ну давідзеньня!..
(Андрэй трымае на гатове грошы і ў парозе пры
разьвітаньні аддае)

Павінна гэта пасабіць.
(Усе́ выходзяць з пакою за доктарам).
(Паўза).


ЗЬЯВА VII.
Параска адна, пасьля Агне́ша і Андрэй:

ПАРАСКА (быццам праз сон).
Ах, Божа мой, спакою хвілю
Зьмяніў блудлівы прыкры сон.
Чуць вочы зьме́жу — страхі сьняцца,
А ў галаве́ і шум і звон.
За што, за што цярплю, мой Божа!
АГНЕША (уваходзіць).
Mo’ пані звала? (паглядае на гадзіньнік).
Вось пара даваць лякарства… Зараз… Зараз…
(бярэ са століка лыжачку і, адліўшы роўна 10 капель,
падае́ хворай)
.
Каб памагло хоць… з пле́ч гара…
(Агне́ша ціхутанька выходзе)
(Паўза)
.
АНДРЭЙ (заходзіць у пакой, ня скора).
Чаму-ж ня сьпіш, мая нябога?
Мо’ кашаль зноў заснуць ня даў?
Дасьць Бог паправішся, мне́ доктар
Упэўніў моцна і сказаў…
ПАРАСКА (падняўшыся чуць).
Ці ве́рыце, як мне́ абрыдла,
Так млосна, цяжка у грудзях…
Нішто ніяк не памагае…
Аб сьмѐрці і успомніць страх.
Спакой… спакой… сьвяты мне́ трэба!
Каб быў чуваць і мухі лёт,
Каб былі мысьлі не заняты,
І сон каб плыў без перашкод.
На ўсё глядзе́ла каб… (па раздуме) хто-ж
[можа?
Глядзе́ць без зайздрасьці і болі
На гэты сьве́т, дзе люд вясёлы
Паўнюткі ўце́х жыцьця і долі,
Гдзе сонца бле́ск так песьціць душу,
Паве́вы ве́тру поўняць грудзь,
Блакіты не́ба ў яснай далі…
Ах… сьлёзы вочы мне́ пякуць.
(Упала ў лёгкую задуму).
Даўно ня сплю, ня сьпіцца не́як…
Дзе дзе́ўся той жаданы сон?..
А так здае́цца-бы заснула……
АНДРЭЙ (спагадліва).
Мо’ шкодзіць сонца бле́ск з вакон?
ПАРАСКА.
Сказаць па праўдзе, за час гэты
І сьве́т і вокны надае́лі…
Гара лякарства, а паправы
Я чую мала… у пасьце́лі
(голас падае)
Жыцьцё сваё так каратаю,
Што будзе далей не згадаю……
А йзноў, Андрэй… о мой Андрэйка,
Хто-ж зможа нас двух разлучыць?
Крый Бог чаго… (з жалем) у час раз-
[станьня,
Ці ж ты павінен адзін жыць!?.
За мной ты цьвіў і красаваўся
І моладасьці водар сьве́жы
Яшчэ і сяньні пахне міла,
Як падбярозка на узьме́жы…
Ах Божа мой! за што караеш?!


ЗЬЯВА VIII.
Тыя-ж і Агне́ша (уваходзіць).

ПАРАСКА.
А хто тут?.. Не́ша? ты? ка мне́?
Прысядзь крыху… пабудзь са мною
І прытуліся да мяне́… (абнімае)
Прынамсі во аж глянуць міла,
(разглядаючы Не́шу)
Як кве́тка майская — наўзьдзіў
Ражовы твар (бярэ пад бараду)
…Каса з істужкай…
(з жалем).
Няроўна шчасьце Бог дзяліў!..
(Агне́ша адходзіць і папраўляе фіранкі на вокнах).
Вось… з кута ў кут з вясёлай мінай,
Быць тая ластаўка снуе́.
Шчасьлівы ве́к!.. бяз дум, бяз смутку,
Нішто спакою ня труе́…
(Паўза).
Во ні была-бы то дзяўчына:
На йстужцы кве́тка ў галаве́
Во васілёк… ого! знак згоды…
Прыемна моладасьць плыве́!
А мне́ адно… адно пужае:
Што дзе́нь я сьню такія сны,
Што, як прачхнуся, мне́ брак дыху;
Такія, цяжкія яны…
(змагае слабасьць).
Чуць трохі знураныя вочы
Пачну зьмяжаць на лёгкі сон,
У тэй-жа хвілі, у пераме́жку,
Як матылёў з усіх старон
Ляціць рой думак…
АНДРЭЙ (ідучы да дзьвярэй, ня зразу).
Яно і спраўды здэцца мне́,
Праз то, што нэрвы не ўпарадку,
Ты адчуваеш боль у сьне́.
Усё пяройдзе… трэба ве́рыць,
Апроч людзе́й паможа Бог.
ПАРАСКА (да Агне́шы).
Мне́ страшна, Не́шачка, ня знаю…
Ня ве́ру, доктар каб памог.
АГНЕША (папраўляе падушку хворай і
наважаваецца выйсьці)
.
ПАРАСКА.
Дзіця, пабудзь яшчэ са мною,
Табе́ шмат стала непакою,
Бядачка, шчыра і з ахвотай
Адна спраўляешся з работай…
За то, калі дасьць Бог здароўе,
Твае́ я крыўды не схачу.
За дабрату, спагаднасьць, шчырасьць
Табе́ з падзякай адплачу (цалуе ў скронь).

ЗАВЕСА.



Акт другі

[правіць]


АКТ ДРУГІ.

Гасьцінны пакой у доме Андрэя. На вокнах вазоны з кветкамі. Двое дзьвярэй: адны напроці сьцяны з вокнамі, выходзяць у пакой з I акту, другія, у сярэдняй кулісе сцэны, выходзяць у іншы пакой. Патрэбная да гасьціннага пакою мэбля.

ЗЬЯВА I.
АГНЕША — адна.

АГНЕША (паліваючы вазоны).
Ужо дзякуй Богу… пасьпе́ла зарана…
Усюды памыта, прыбрана
І глянуць прыемна, як косачкі сонца
Пярэсьцяць, ліюцца ў ваконца,
І бле́скам злацістым, прыбраўшы лісточкі,
Усе́ асьвятляюць куточкі;
А там (паказвае на кут), дзякуй Богу,
[ў парадку, прыгожа,
Што ўсякі зьдзівіцца на’т можа.
(ходзіць, нагінаецца, папраўляе).
Нямашака пылу, няма павучыньня,
Бо вока маё не праміне,
А сэрцам спрыючым, пры добрай спагадзе,
Зробіш шмат больш у здагадзе,
З ахротаю мілай, аб’ сілы ставалі,
Ніхто не пярэча ніколі…
І гэта найле́пей… (схамянуўшыся)
А што-ж я?.. (прабуе зямлю)
Здае́цца усохлі даволі.
(прыносе з кухні ваду)
У роскашы гэтай, у ціхім спакоі
Штось сэрцайка смуткам так крое!
І днём, як уночы, сьцішна, ні згуку,
Ні спрэчкі, ні гне́ву, ні стуку…
Парадак найле́пшы і без загаду
Ідзе́ ўсё да толку і ладу (глядзіць у акно).
Пагода спрыяе… неба бяз хмары!..
Душу чаму-ж смуцяць так мары?
Чаму, як той ветрык, зьнячэўку крадуцца
І ў думках аж роем снуюцца…
Што так трывожа мяне́… (выцірае сьлёзы
[Андрэй падглядае)

Але годзе… (пераліўшы крыху вады)
А, Божухна мілы!.. А мо’ не пашкодзе,
І гэта-ж во з самай крынічкі
Прынесла сьве́жай і чыстай вадзічкі.
Яшчэ пакуль дне́е — паны не усталі —
Абмыю лісточкі, каб ле́пш выглядалі,
Абрызгаю трохі чыстай вадою,
Нібы то раньняй лёгкай расою (супыні-
[лась трохі)
;
Гожыя кве́ткі: рожа (бярэ да носу), во
[сьлёзкі,
Во пантофэлькі Матачкі Боскай,
Гэта леандра… а гэта здаецца (думае)
Ня ўспомню, міртай, ці пальмай заве́цца.
Усё панскія кве́ткі, цьвітуць на выгодзе,
Не так як званочкі, ці мак у гародзе
Згушчаны зе́льлем, зьвіты хвасоляй:
Іх жыцьце роўна з маёю доляй!
(Паўза. 3 жалем. Андрэй блізка ля дзьвярэй слухае).
Доля сіроты бяздомнай, самотнай,
Дзяўчыны бе́днай, служкі гаротнай.
Росквіт жыцьця майго з ле́пшаю сілай
Родная вёска не прытуліла.
Сяньні во тут я… мне сумна адной
Паміж чужымі, пад стрэхай чужой
Быць з поля кве́тка ветрам здалёку
Падхоплена сілай жыцьця знінароку
(апусьціўшы у тузе́ рукі плача ціханька).
Са мной, як і я тут, разам ў бяздолі
Жыве́ і бядуе аб шчасьці і волі
Мой васілёчак… бе́дны ён згіне
Ад чаду і затхі, ад пару з начыньня…
Не ўберагчыся! шкода расьлінкі;
Яна нѐ шле́ с поля, з лугоў успамінкі,
Яна мяне́ с хаткай убогай яднае,
Васілёк гэты — кве́тка малая…
Не… такі трэба, хоць дзе у куточак
Схаваці ў пакоі між руж васілёчак,
Хай утуліўшысь весьняк гэты мілы
Хоць кроплю прыдбае росту і сілы…
А мо’ ня ўбачуць… каму з іх прысьпе́ла
Кане́чна дагле́дзіць… Баржджэй за дзе́ла!
(выходзе, выціраючы хвартухом вочы).


ЗЬЯВА II.
АНДРЭЙ — адзін.

АНДРЭЙ (уваходзіць, абглядаючы пакой).
Хораша, чыста, аж глянуці міла!
Зраньня ўжо Не́шы рука пахадзіла.
Гдзе кінеш вокам — міла дый годзе!.. (па-
ціскаючы плячыма)

Як пасьпявае, гдзе чае той знаходзе?!.
Ох, яе́ рукі спрытны і зьвінны;
Усё пасьпявае у поўгадзіны;
Дробную рэч нат падніме, паправе,
Хвількі і тэй не сатрэ, не забаве,
Навет ня сядзе на моме́нт ніколі
Шкода! такой Бог ня даў ле́пшай долі.
(заахвочываючыся думкай).
Ну чым, жа ня пекнасьць? зьвінна, як
мушка
Міла і звонка шчабе́ча, як птушка,
Крашчэй чым месяц срэбраны уночы,
Як зоркі ў пагоду гараць яе́ вочы,
Пагляд надта шчыры, прыязны і мілы…
Сколькі ў грудзях яе́ шчасьця і сілы…
(схамянуўшыся).
Грэх можа мне́ на яе́ углядацца,
Што-ж… (аглядаючыся)
…калі нельга высьпярагацца…
(сьмяле́й)
Чым-жа я вінен?.. што жарты мо’ строю?
Што ж тут благога — не… гэта пустое…
Трэба-ж быць горш ад дзіцяці малога,
Каб ня зьдзівіцца з парад у такога,
Трэба быць подлым, цаны ня знаць працы:
Тут лепш у пакоях, як дзе у палацы.
Шчырасьць Агне́шы варта адзнаку.
Чым адплачу я?.. Што дам на падзяку?
(з зайздрасьцьцю)
Не́каму-ж дасьць Бог пад бедную страху
Скарб ані жонку, праўдзівую ўце́ху,
Добрае сэрца, моладасьць, сілу…
А мне́ у пакоі… развалу… магілу…
(адходзе, махнуўшы рукой і млява
апускаецца на поручань крэсла)
.
Жыцьцё маё гіне; яно замярзае;
Так цяжка, так горка жывѐцца…
І жыць не хацеў-бы здае́цца…
Во дзе нядоля мяне́ напаткала!
Шчасьця на знаць мне́, яно запрапала…
(зрываецца з ме́йсца).
О Божа Адзіны! ні сну, ні спакою
Каторую ночку — ці доўга йшчэ так…
То е́нкі, то стогны, то плач душу крое,
А тут няўгодзіш хворай ніяк:
Злуе́, вымышляе… ну, чым пасаблю я?
Апошняе трачу; што дзе́нь дактары…
За што Бог скараў так, за што крыж
знашу я
Відаць мушу згінуць зусім без пары!
(па раздумцы)
Ох, шкода дзён сьве́тлых, што згасьлі у
бяскраі,
Як сон мімалётны, без сьле́ду прайшлі…
Ну хоць-бы здае́цца, каб памяць якая,
Каб сэрца самле́ла, уздрыгнула-б калі
Ані!.. толькі мукі, ды толькі нязгоды
Нізводна пануюць, як грэх каля цьмы…
Во здэцца ў жыцьці бы і ме́ў асалоды,
Каб так дзе на волі, спаткаліся мы…
А з кім?.. я ня знаю… у прасторы на волі
Калі-б мо ды Не́ша?
(апамятаючыся)
Божа, што гэта?!
Чаму я успомніў… ня думаў ніколі,
Хоць праўда, што Не́ша краса ўсяго
сьве́та.
Oх… колькі-б аддаў я, каб мог быць
шчасьлівы,
Каб моладасьць дарма ня згасла мая…
Зрэштай, як Бог ёсьць на не́бе праўдзівы,
Я жонку шкадую… — люблю яе́ я!
(Андрэй падходзе да дзьвярэй і спаты-
каецца ля парогу з Агнешай)
.


ЗЬЯВА III.
АНДРЭЙ — АГНЕША.

АГНЕША, (з вазонам у руках).
Перапрашаю…
АНДРЭЙ.
Дарма, ня пужайся…
(Агне́ша хавае кве́тку)
АНДРЭЙ (вясёла).
Што ў руцэ маеш? кажы, ня стыдайся…
(ПАЎ3А)
Бачу я, Не́ша, ты стала нудзіцца…
АГНЕША (нясьме́ла).
Не, мой паночку, магу пабажыцца,
Мне тут і добра, спакойна даволі.
АНДРЭЙ.
Так?!. дык чаму-ж твае думкі на полі?
Па кве́тцы схаванай, падгледзіў я тугу,
Па пекных абшарах квяцістага лугу
Ты нудзішся, Не́ша, — жаль роднае вёскі,
Жаль гоману лесу і шэпту бярозкі;
Даўно ты ня чула жальлівае пе́сьні
Пры кроснах матулькі у ве́чар прадвесьні…
Праўда? згадаў я? Ня бойся-жа згрозы…
(спагадліва)
Сяньні раз трэйчы падгле́дзіў я сьлёзы…
(Агне́ша скрывае кве́тку).
Не́шачка, што ты пакінь-жа, пустое!
Ле́пш васілёк во… эх, Бог жа з табою
(памыкаецца браць з рук, дагаджаючы)
Мілая кве́тка, адкуль яе́ ўзяла?
Няўжо ў нас сіротку ты ўзгадавала?
Не ў каласочках жыта на полі.
А так, самотны вырас бяз долі?
Што-ж не лякайся… нясі у пакоі…
Я не пярэчу… няхай во малое
Тут падрастае, тут сонца ня пале…
Дай… (узяў з рук і йдзе́ да вакна)
АГНЕША (ідучы блізка)
Ці, мой пане, няўжо ўпадабалі?
АНДРЭЙ
Што? васілёчак, а што-ж ёсьць на сьвѐце
Болей міле́йшага?.. помню, як дзе́ці
3 вёскі пасыпяць у школу мяжою,
Як-жа іх радасна рвалі рукою…
Помню, я сам колісь быў ахвочы…
Міла глядзе́ць, як лазурныя вочы
Ве́льмі прыязна глядзяць сярод жыта.
Сколькі ўспамінаў у кве́тцы тэй скрыта.
(з жалям)
Bе́е прыемна і познай парой
Мінулае шчасьце душы маладой…
АГНЕША.
Праўда мой пане! (цалуе васілёк)… ня-
бошчыца матка
Помню — тагды йшчэ была я дзіцятка,
Возьме на рукі, пе́сьціць, сьпявае
І васілёк у касу уплятае…
Помню, ідзе́ спрацаваная з жніва,
Ле́дзь ногі цягне, сама ле́дзь жыва, —
Не, ўсё ж за кве́ткай нагне́цца, ня міне,
Вяночак дарогай сплятае дзяўчыне…
Сьпіш, — а бывала — чуць сьве́т, у няд-
зе́льку
Кве́ткамі маці ўбірае пасьце́льку;
А раз нядужая, страціўшы сілу,
Дзе́сь на узьме́жы знайшла і магілу,
Бе́дная ўпала бяз сіл на каме́ні,
Кве́так трымаючы горстку у жме́ні
(хусткай закрыла набегшня сьлязьмі вочы).
АНДРЭЙ (спагадна).
Годзе… ці ж варта?.. пакінь успаміны!..
Бачу праўдзівае сэрца дзяўчыны,
Добрае сэрца!.. якога ня ўтаю,
Не спатыкаў я ў тых, каго знаю…
(Агнеша робе знак сумле́ньня).
Не́шачка! праўда… і мне́ не здае́цца
АГНЕША (недаве́рна з абразай).
Эх, хіба пан з мяне́ беднай сьмяе́цца
І з тых пачуцьцяў што сэрца хавае…
Жаль-жа, што пан іх глыбі ня знае.
АНДРЭЙ.
Жадаў-бы я знаць іх, хто-ж згадаваць
стане:
Тайны дзявочы змушаюць к пашане,
І дзеля тога даруй мне́, нябога,
Часам калі што падумаў за многа
(зьмяняючы тэму).
Глянь, мая кве́тка, (схамянуўшыся, што
слова сарвалася)
.
…тут у куточку
Будзе прасторна твайму васілёчку.
(Андрэй ставіць вазон на вакно).
АГНЕША.
Як я шчасьліва… о, тут выгода!
Васілёк гэты — жыцьцю асалода…
За панску ласку я удзячна, Бог сьве́дка,
(зрывае васілёк).
Знакам хай служыць родная кве́тка…
(прышпіляе Андрэю да боку).
АНДРЭЙ (зьдзіўлены і трацячы аднавагу бярэ
Агне́шу за руку)
.
Не́ша, за што-ж мне́, пабойся ты Бога,
Гэткай падзякі ці не замнога;
Хіба за што тут?
(згодна)
няхай падрастае,
Хай на усьце́ху расьце́, расквітае
(падняўшы ражок жаке́та, цалуе кве́тку).
Міла мне́ кве́тка… за ўсе сваё жыцьце
Бачыў я толькі на ме́жах у жыце
Між каласочкаў сьпе́лай збажыны,
Але ня тут во… (паказвае на грудзі).
…ня з ручак дзяўчыны!..
АГНЕША (зачырване́ўшыся).
Э. пакінь, пане…
АНДРЭЙ.
О, лёгка сказаці,
Але пачуцьця нязмога скрываці,
Тое што ў сэрцы кве́тка ўзбудзіла
І быццам іскрай душу асьвятліла.
Шчасьця нязнаннага водблеск сляплівы.
Мною пануе… (з жыцьцём).
я сяньні шчасьлівы!
Пе́ршы раз у жыцьці!
АГНЕША.
Ці праўда, мой пане?
АНДРЭЙ.
Хай мне́ ўсё добра па праўдзе тэй стане!
Пе́ршы раз сэрца мне́ штось скаланула,
Чуласьць бязвольна душу агарнула;
Мле́юць мне́ рукі.
АГНЕША.
Што-ж пану стала?
Можа-б прысе́лі… (Андрэй асоваецца на яе́
рукі)
.
Ах, Божая хвала!
Пане, што з вамі? спытаць можа паню,
Знаць якіх кропель даць к ратаваньню?
Цёплай вадзіцы мо?.. (шчыра прыхіляючы
да грудзе́й)
.
хвілю спачынку,
Хай пан прыляжа з якую гадзінку…
(адходзіць)
Дам вам падушку…
АНДРЭЙ.
Не́ша, ня трэба…
Бог цябе́ выслаў — моў шчасьце мне з не́ба…
Дай руку сьціснуць з шчырай прыязьняй
(Агне́ша падаючы нясьме́ла руку, ўстае́).
Цяжка — мне́ жутка… як перад казьняй
Але даруй мне́, прабач нібы брату.
АГНЕША.
Пане, у чым жа? ня незла ж я страту…
Прыкрасьці жаднай ад панства ня ме́ла
Крыкнуў калі мо’, дык мусіць за дзе́ла…
Мне́ сіраце́ тут з вёскі убогай
Чулай апе́кі ёсьць шмат з прасьцярогай.
Добра і міла — чаго больш жадаці,
Бог-бы пазволіў панам спагадаці,
Чымсь адслужыць вам, ад’ўдзячыць ласку;
Але-ж хто знае?..
АНДРЭЙ (паказваючы на грудзі).
Вось гэтую краску
Я не забуду… да хвілі скананьня
Буду насіць пры сабе́ на убраньні!
Кве́тка напомніць цяпе́р не праміне
Часта аб гэтай сьве́тлай гадзіне.
Сьве́т мне́ адкрыўся… я быў зьнявісьне́лы
Духам і це́лам упаўшы, збале́лы…
А цераз што? бо ня думаўшы многа
Я неразумна жаніўся — нябога,
І загубіў… (паўза)
наве́к разам з душою
Просьвіт жыцьця свайго раньняй вясною…
Ле́пшыя дні ўсѐ. Калі ўспамінаю,
Жыцьцё нібы це́нь прад вачмі прамінае
Бяз зорак, як ноч, бяз воблеску сьве́ту…
(прызнаючыся шчыра)
Ты-ж на хвілінку прарвала цьму гэту,
Не́ша… ня знаеш…
(Агне́ша нахіляецца, Андрэй кажа на вуха)
Скажу табе́ тайна:
Я памімволі… цябе́ надзвычайна
Шчыра кахаю…
(Агне́ша прабуе вырваць руку і адступіцца)
над жыцьцё, над волю!
Ве́р мне́ і зжалься… ні вытрваю з болю…
Шмат ужо мук я дазнаў ад каханьня…
Глянь мне́ у сэрца для пракананьня!
(кладзе́ яе́ руку на сэрца)
Паве́р, дарагая, ў апошнія ночы,
Ад думак вялікіх ня жмацца мне́ вочы,
А дні… дні так нудны, як мгла у бяскраю,
Жыцьцё апастыла… я зьме́ны чакаю
Чакаю атхланьня — душы больш прастору,
Бо дыху бракуе — я згіну ня ў пору.
Бе́днае сэрца гарыць, датлявае,
Як вугаль на зглішчы цяпло разсявае;
Полымя ве́трам мацней узнясе́цца
Ды для каго-ж?.. для каго?.. як здаецца?
Каго асьвяціць і сагрэць яно мае
У імя каханьня — няўжо не згадае
Роднае блізкае сэрца дзяўчыны,
Няўжо ты ня чуеш?.. даруй мне́ правіны!
Сьве́ту ня бачу… гублю аднавагу…
(моцна абняўшы, цалуе)
Ластаўка, Не́ша… даруй за зьнявагу…
Бог мілы сьве́дка, як шчыра люблю я.
АГНЕША (палохаючыся).
Пане, спакой дай… мо пані пачуе…
Мне́ сіраціне бяз бацькі і маткі…
(цяжка ўздыхае).
Ах, мамка, мамка… (плача)
ня шкода дзіцяткі?
Выйдзі з магілы… парадзь у нядолі.
АНДРЭЙ (пацяшаючы).
Не́шачка, сьціхні… дай сьлёзам патолі:
Я табе́ братам служыць буду родным,
Ве́р, я ня здраджу нат словам ніводным,
Толькі між намі што было — ні слова…
Ме́й Бога ў сэрцы… Ну, будзь здарова!
(адходзіць і цалуе руку).


ЗЬЯВА IV.
АГНЕША АДНА.

АГНЕША (канчаючы прыбіраць).
Мой моцны Божа! што сталася гэта?
Цьмяцца мне́ вочы — ня бачуць аж сьве́та;
Няўжо гэта сон быў — чароўны і мілы?
Няўжо гэта зьява?.. чаму-ж мяне́ сiлы
Цяпе́р пакідаюць у хвілю трывогі,
Калі ў забыцьці я зьвярнула з дарогі…
О Божа, ме́й жаль над убогай сiротай,
Даруй, калi вiнна, што сэрца з ахвотай
Таму аддала я, каго з Божай волі
Мінае шчасьце, жыве хто бяз долi
І з кiм не магла не дзяліцца мінутай…
О Божа, за што-ж мне гразіш Ты пакутай.
(падходзе к дзьвярам і апіраецца ў адмозе
i плача) (паўза)
.
Ах, як мне́ страшна… (хапаецца за грудзі)
што са мной была?
Мамачка… родная… што-ж я зрабіла?!
(асоўваецца на зямлю)

ЗАНАВЕСА.




Акт III

[правіць]


АКТ III.

Той самы пакой, дзе была хворая. Параска па троху соваецца на хаце з Андрэем пад руку з аднаго пакою ў другі, а наканец уваходзіць у пакой і садзіцца ўмарыўшыся на крэсла.

ЗЬЯВА I.
Параска — Андрэй — Агне́ша.

ПАРАСКА.
Цяпе́р, калі во, дзякуй Богу,
Магу хоць хвілечку заснуць,
Калі ўжо сіл чуць набываю,
Дык сны спакою не даюць.
АНДРЭЙ.
Пакінь, пакінь… за ноч насьніцца…
ПАРАСКА.
Ах, мой Андрэй, і я сама
Ніраз прачнуўшысь разважала,
Ды сны страшныя не здарма…
Хоць мала ве́ру… Сны прарочань…
Ну як ня ве́рыць ім, скажы (з агнём).
Сягоньня сьніла…


ЗЬЯВА II.
Тыя-ж і Сястра.

(уваходзіць сястра міласердзя)
АНДРЭЙ (да Параскі перасьцерагаючы).
…зволі, сьціха…
Здароўе помні сьцеражы.
ПАРАСКА.
Я помню, бачыла з паўначы
Дарогай быццам во ішла
Далёка так… пасьля здае́цца
У новы дом… кругом імгла
А я адна… гляджу: Агне́ша,
(Агне́ша адварочаваецца і адходзіць да вакна).
Падпёршы скронь аднэй рукой,
Ішла, як це́нь, задумна, зважна;
І зьніклі вы… ты разам з ёй;
Я звала вас…
(Агне́ша выходзе заплаканая).


ЗЬЯВА III.
Тыя-ж без Агне́шы.

ПАРАСКА (цягнучы дале́й).
…пасьля ня помню…
Цябе́ шукала доўгі час,
Плыла па моры, а што дале́й
Я ня ўспомню… Другі раз
Ужо паддзень, сьвітала трохі,
Быць на Купальле… пры рацэ
Я маладзе́нькая і дзеўкі;
Мы ме́лі па вянку ў руцэ.
Здае́цца мы вянкі пусьцілі…
Усьле́д іх сочым… ажно ты
На хібкім чоўне — душагубе
К нам пад’яжджаеш пад кусты
І мой вянок шастом вялікім
Ты затрымаў піхнуўшы ў бок
Упрост да кладкі і праз гэта
Агне́шы з васількоў вянок
Аперадзіў на дзьве́-тры гоні…
Мне́ так я помню абыйшло,
Аж я прачнулася ад болю,
Аж мне́ во дыхаць заняло
АНДРЭЙ.
Пакінь даваць снам многа ве́ры,
Бо гэта-ж рэдка спраўдзіць сон.
ПАРАСКА.
Яно-то так, аж прыкра не́як;
Чуць зьме́жу вочы, зноў тут ён.
СЯСТРА.
Ну што ж, няма чаго смуціцца,
Страшнога тут зусім няма…
Бо новы дом — жыцьцю адме́на…
Дасьць Бог паправішся, — а цьма,
Як мнѐ здае́цца, (думае як сказаць)
…зноў пустое,
Бо мусіць вечарам было
Вянкі… ну, што-ж?.. ляце́лі думкі,
Эт, мала сном што напляло!..
АНДРЭЙ.
Цяпе́р-бы во, хаця на хвільку
Забудзь і думкі паўстрымай, —
Спакой душы дай, — слабы промень
Жыцьця свайго не загашай;
Ня муч душы, дзе дагарае
Апошняй іскрачкі сьвятло
Надзе́і сьве́тлай і жаданай…
Дасьць Бог здароўе, сіл, цяпло…
(упрашаючы).
Пакінь, на што ўсё блізка к сэрцу
За праўду нейкую прыймаць
ПАРАСКА.
Сядзе́ць абрыдла…
АНДРЭЙ.
…а мо’ пойдзем
Узноў прайсьціся пагуляць?
(Андрэй з Параскай выйшлі).


ЗЬЯВА IV.
Сястра адна.

СЯСТРА (гле́дзючы ў сьле́д)
Аж страх глядзе́ць!.. Мой браце мілы,
За што ты це́рпіш? гэта-ж страх!
Вось не дарма гаворка ўсюды,
Што бе́днаму міле́й свой дах,
Што ён людзе́й цяпе́р ня знае
І уцікае ён ад іх;
Ад грамадзянскіх спраў адбіўся
Зусім асунуўся, прыціх…
А тут во ў хаце… Божа мілы!..
Варіяцкі дом, ці лазарэт
Старая, сівая — то жонка?!
Год мае столькі, як наш сьве́т;
Ды вось зайздросная, з заглядам
Не адпускае ад сябе́;
(з агіднасьцьцю)
Каб хоць што людзкае, як гляну
Мяне́ агідна скалане́:
Сама шкіле́т, уся усохшы,
Маршчакі зрэзалі ўве́сь твар,
У не́йскіх чорных плямах губы
І ня зышоў яшчэ загар…
У дадатку хворая… (разводзе рукамі).
…мнѐ самой во
Не́ прыкра глянуць на яе́;
Адна во Не́ша кве́тка ў хаце,
Што хараства тут дадае.


ЗЬЯВА V.
Сястра — Агнеша.

АГНЕША (уваходзючы)
Хоць хвільку спачну тут, пані умкнула;
Няхват з ёй цярпе́ньня, ўсю ноч не
здрамнула
Ня ве́даю, навет, што знача спакой,
Скарэй бы паправы даждацца якой…
(блізе́нька падходзе да сястры і ўзрушаная
жаліцца)

Ці ве́даіш, панна, я хворай баюся:
Яна у вачох мне́ страшная стаіць;
Узгляд не́йкі хмарны і злосная міна,
І папіханьнем няслушна гразіць,
Аж мне́ не́як прыкра, маркотна бяз
конца…
Ня це́шыць здароўе, ня радуе сонца…
СЯСТРА.
Што ты дзяўчына? скуль страхі здаюцца?
Скажаш людзём дык яны пасьмяюцца:
Яшчэ-ж не паме́рла, — жыве́, хоць ляжыць,
Сорам аж слухаць… пакінь гаварыць!..


ЗЬЯВА VI.
Тыя-ж і Старая.

АГНЕША (у гэтай часіне́ прыходзіць старая).
І праўда што сьме́шна палохацца хворай!..
Сама я ня зная!.. Ось чыстае гора!
Нідзе́ не знаходжу уцѐхі сабе́,
І зданьне, як сьце́нь той, пужае мяне.
Ці можа праз тое цярплю замароку,
Што хворую маю заўсёды на воку,
Гаджу ёй старанна, прыхільна гляджу,
Пры ёй дні і ночы нязьменна сяджу?..
Ну, проста ня знаю…
СТАРАЯ (аўтарытэтна).
Дзіцятка маё,
Зараньне ты труціне здароўе сваё!
Зараньне праз сьпе́х недаспаныя ночы,
Гібе́е і сіла і стан твой дзявочы!..
Глядзі да чаго ты?!. (паўза) румянец
апаў…
(прыязна)
АГНЕША.
Дык што мне́ рабіці?..
(входзе, уцякаючы ад гутаркі).
СТАРАЯ (у сьле́д)
А што?.. беражыся!
Душою прыхільнай зусім не дзяліся.
АГНЕША (з дзьвярэй).
А папі, што пані? ня вораг ёй я,
Няхай Бог паправы даѐ ёй штодня
(выходзіць).


ЗЬЯВА VII.
Тыя-ж без Агне́шы.

СТАРАЯ (да сястры).
Ды кажучы праўду…
(прыўстае і пазірае, ці ня чуе хто)
хай будзе між намі…
Яна ўжо старая, зраўняўшы з людзямі,
Як грыб учарне́ла, усохла, згніла…
Ці-ж гэткая пану патрэбна-б была?!
Заўсёды бальніца у хаце, пакута!
Не, гэта ня жонка, а толькі атрута!..
(адходзіць да вакна дэманстратыўна)
СЯСТРА.
Здае́цца ёй лѐпей? Дзе пан? ня відаць…
СТАРАЯ (памалу падходзячы ад вакна да яе́,
супакоіўшыся)
.
Пакуль тут Сястрыца, пан стаў адвыкаць
І больш трохі мае павольнага часу,
Дый так уцікаць стаў ад сьпе́ху, галасу…
Сястрыца вось рукі яму падмяніла,
А пе́рш неадлучна яго це́нь хадзіла.
СЯСТРА (бядуючы).
Звыкся, што-ж зробіш…
СТАРАЯ (перабіваючы).
Сядзіць каля пані
Гэтак да-дня, бач, як сонца устане,
Не́шу падменіць, тая йдзе́ спаць,
Ен каля хвоpай… то сядзе чытаць,
То так з ёй гавора спагадна, зычліва,
То це́шыць надзе́яй, што будзе шчасьліва,
Пяройдзе хвароба, набудзе больш сіл
І сьвет, як ране́й быў, зноў стане ёй міл.
Я мыю бялізну ім блізка ўжо з год…
Нішто сабе́ людзі. Пан ме́ў, бач, даход,
Яна зноў ашчадна жыла у дастатку.
Ня буду, што знаю, казаць ад пачатку,
Бо зойме шмат часу… а мушу сказаць,
Што так з сабой жылі, як лепш не жадаць;
Хоць праўда ня пара, за то гаспадыня!
Нішто каля вока яе́ не праміне.
Чысьцёха як рэдка, а звара з яды…
Няма дабраць слоў ёй, так смачна… ўсягды
І сытна і цёпла… як сьне́г той пасьце́лька
У будні ні то што, а прыдзе нядзе́лька
Ці свята вялікае, у хаце ўжо рай,
На сэрцы заўсёды праўдзівы быў май.
Апошнія часы штось не́як ня тое…
(у раздуме)
То спрэчкі, то дуцькі — адно і другое
Надзьмуцца дзён колькі абодва маўчаць,
Цяпе́р, бач, паўгода дрэнна чуваць…
СЯСТРА (выпытаваючы).
А што-ж за прычына? Мо’ хвора — дык
[злая?
СТАРАЯ.
Бяз ве́дай прычыны, во так выдумляе.
Не́к ме́нш стала ладу, насуплены твар;
Захмурыцца пані, злуе́ гаспадар,
І гэтак нярокам падгле́дзіш часьцютка,
Аж не́як і прыкра, ды ўжо нічагутка
Звыкліся трохі ў апошнія часы…
(на вуха)
Ен, праўда, к дзяўчатам быў троха за ласы,
Вядома, як фэльчар, — бывае усюды
Дый леча удала, ну, прост робе цуды;
Ня дзіва, што пана любяць і знаюць:
Чуць хто занядужаў, зараз пасылаюць…
Дзяўчаты йшлі роем, як быў кавале́р…
Ле́пш за другога ён шмат і цяпе́р,
Вось толькі нядоля — няроўня спаткала,
Прыгода апутала і жыцьцё зьвязала.
Узяў сабе́ матку — дзяўчат, як ня відзеў,
Мабыць на раду яго Бог Сам пакрыўдзіў:
Це́рпіць крыж панскі, бязвольны, гаротны
З душой поўнай мараў, але самотны.


ЗЬЯВА VIII.
Тыя-ж і Агне́ша (уваходзіць).

СЯСТРА.
Вось я ўжо не́калькі часу пры хворай
І бачу, як пан к ёй уве́тлы, з пакорай…
Ну, а ці брат мой ня жаліўся доляй,
Ці зьнедаволеньня ня чулі ніколі?
СТАРАЯ.
Здае́цца зайздросна пабачыўшы з боку, —
А добра прыгле́дзься — сьляза зьзяе ў воку,
А глянь-жа у сэрца — што дзеецца там?!
О, калі б шчыра прызнаўся ён сам,
Калі-б ужо скаргу душы набале́лай
Адвагу ме́ў выказаць голасна, сьме́ла,
Tо ты-бы, дзіцятка, дай ве́ры старой,
Згадзілася многа у чым-бы са мной.
Крый Божа дазнаць табе́ тыя ціжары,
(Сястра неспакойна ўздрыгавае).
Што зносіць ён скрытна, як крыж той
[за кары!
Для вока людзкога крыёма цярпіць…
СЯСТРА (шкадуючы).
Ну што-ж цяпе́р можна з судзьбінай
[рабіць?
Мусіць Бог хоча, на то Яго воля!..
СТАРАЯ
Не, гэта дзе́ткі, дурнасьць ды сваволя
(Агне́ша выходзіць, а за ёю ідзе́ Сястра міласэрдзя).


ЗЬЯВА IX.
Старая — Сястра.

СТАРАЯ (да Сястры).
Як штось прадчувае, ёй страшна, ёй
[сьніцца,
Чуць пан адхіне́цца — яна ўжо баіцца…
(паказваючы у сьле́д Агне́шы).
А пан дык прынамсі у пе́ршай вясьне́…
Яна ж яму матка… праўда ці не?..
СЯСТРА (затрымліваючыся каля дзьвярэй).
Ды праўда сама я ў душы разважала,
Як такі гэткае дзіва з ім стала?!
Панадна прыгожы, хто-б словы дабраў,
І трэба ж жаніўся — Бог розум адняў!..
(Уваходзіць Параска адна; пры ўваходзе Параскі
Старая выходзіць; праз колькі часін уваходзіць
Андрэй)
.


ЗЬЯВА X.
СястраПараскаАндрэй.

ПАРАСКА.
Вось не́як лепей, мацне́й сябе́ чую;
Цяпе́р і пасьне́даць крыху папрабую…
(Агне́ша прыносіць шклянку кавы).
Нѐк слаба… баюся… (садзіцца)
яшчэ мо‘ зарана…
Міхціцца у вочах, як нібы то п‘яна…
СЯСТРА (да Параскі).
І так дзякуй Богу, хто-б мог спадзявацца…
Усім вам прышлося гора набрацца.
(Агне́ша выходзіць; Сястра застае́цца, Параска
садзіцца піць каву, а Сястра прымошчаваецца збо-
ку і з добрым гумарам, шчыра пачынае гаварыць)
.
Ну, але ў вас за тое дзяўчына!
Налюбавацца не магу:
Прыстойна, спрытная, панадна
І не падобна на слугу.
СЯСТРА.
Глядзе́ць нат міла, калі стане
Пакой праве́трываць ранком:
Так спрытна, хораша, ну проста…
Я колькі раз ужо крадком
Сачу, дзіўлюся скуль ахвота,
Руплівасьць, толк…
ПАРАСКА (з гне́вам).
Ну, а каму-ж,
Калі ня ёй, дагле́дзіць ў хаце;
Няўжо-ж павінен брацца муж?!
(супакояваючыся).
Яна спагадная дзяўчына
Ды што казаць… мой чуе дух,
Бо абы што… ня так… дык зараз…
Я пе́рш сама любіла рух,
І не цярплю, калі нячыста…
СЯСТРА.
Відаць, што школа ёй была.
І ад сябе́ яшчэ, з прыязьні
У знак падзякі, дадала.
ПАРАСКА.
А Бог і з ёй… з яе́ падзякай…
Мне́ нельга, праўда, наракаць,
Але раз некалькі прышлося
Мне́ зненароку прыкмячаць,
Што штосьці ёсьць, бо пе́рш бывала
Увойдзе з посьмехам ка мне́
І ў прывітаньні гляне ў вочы,
Лагодна, прыязна ўмызьне —
Цяпе́р увойдзе — прывітае
Ня ме́ньш прыязна, як ране́й,
Ды не́к ужо хавае вочы
І твар яе́ не́к стаў блядзѐй.
Я тут прыкутая у ложку.
А там… (адвалілася ў адмозе на падушку).
АНДРЭЙ (зрываючыся з ме́йсца).
…Ды што ты, перастань!
Сябе́ здагадкамі больш мучыш;
Ты й так нядужая… (папраўляе падушку).
…як здань!..
ПАРАСКА.
Табе́ я ве́ру, мой Андрэйка;
Ты не зьмяніў мне́ ні у чым,
Хоць пры кананьні так скажу я,
Ня то табе́ — але усім.
АНДРЭЙ (падходзе бліжэй і навісае над крэс-
лам яе́)
.
Ну годзе ўжо — хто можа ве́даць,
Хто з краю ў Бога — я ці ты;
Няварта думкамі труціцца,
І думкам дай пакой сьвяты.
ПАРАСКА.
Паслухаю цябе́, мой мілы…
І праўда ўгадываць ня сьле́д;
Што Бог назначыў, то і стане!..
Пэўне́й шмат будзе ад прыкме́т…
(тулячы Андрэя, прыпадняўшыся).
Цябе́ за раду абніму я
І к сэрцу хвораму свайму
Прыцісну шчыраю душою…
(згле́дзіўшы ў яго васілёк, зьдзіўлена).
Андрэйка мілы, (паказвае на квет́ку) ось
[чаму
Во гэту кве́тку начапіў ты,
Той васілёк, што часта мне́
To у вянку, то на магілках
Мігае часта так ўва сьне́?..
(парываецца вырваць, але Андрэй адхінуўся ў бок).
Адкінь, нашто яна, ня трэба!..
Адкуль ты ўзяў, мне страх бярэць…
Прашу адкінь… я — госьць і скора
Жалобу прыдзецца надзе́ць.
(цяжка асунулася на пасьце́ль).
АНДРЭЙ (схаваўшы кве́тку ў жме́ню).
Ну, добра! я цябе́ паслухаў,
(падае́ лякарства, бачачы, што пара).
Ну, супакойся ты, засьні…
Цябе́ во пале… (кліча).
Гэня. Не́ша! (Агне́ша прыбягае).


ЗЬЯВА XI.
Тыя-ж і Агне́ша.

АНДРЭЙ (падаючы ў рукі сухі кампрэс).
Вазьмі во, ластаўка, зьмяні…
(Агне́ша бярэ і ў мамэнт адходзе).


ЗЬЯВА XII.
Тыя-ж без Агне́шы.

ПАРАСКА.
Што гэта знача? мой Ты, Божа!
Няўжо здалося мне́ такі?
АНДРЭЙ (не здагадаўшыся).
А што?
ПАРАСКА (удражнена).
Ды глянь як ёсьць усюды
Блішчаць нязносна васількі
(Агне́ша прыходзіць і зьмяняе кампрэс).


ЗЬЯВА XIII.
Тыя-ж і Агне́ша.

ПАРАСКА (да Андрэя).
Глядзі!.. (паказавае) і тут…
(зрывае з грудзе́й Агне́шы з злосьцю).
…што гэта значыць?
Адкуль іх ліха нанясло?..
(Агне́ша падняла і выходзячы цалуе кве́тку).


ЗЬЯВА XIV.
Тыя-ж без Агне́шы.

ПАРАСКА (дале́й).
Я не хачу, я іх баюся…
Прашу, каб больш іх ня было…
Каторы раз я прыкмячала,
Вось не здарма мне́ сьняцца сны:
Пе́рш ты, пасьля яна надзе́ла,
А сяньні разам Не́шка й ты.
Што з вамі стала я ня знаю;
Андрэй — больш Не́шкі ня клічы,
Я не хачу яе́: будзь ласкаў
Цяпе́р… (сярдзіта)
Сягоньня разьлічы.
АНДРЭЙ.
За што? Параска, Бог з табою!
За што? чым вінна? не гані!
Яна-ж ты бачыш, нам спрыяе
І неадлучна ночы й дні
Сядзіць што дзе́нь тут пры пасьце́лі,
Цябе́ шкадуе і ня раз
Крыёма плача… будзь здарова
(адходзячы)
Спакойнай ночы!..
ПАРАСКА.
У добры час!..
Але прашу, каб Не́шкі сяньня
На’т сьле́ду ня было і званьня!

3АBЕСА.



Акт чацьверты

[правіць]


АКТ ЧАЦЬВЕРТЫ.

Вясковая убогая хата. Агнеша сядзіць на ложку і ўскалыхавае дзіця, прыпяваючы.

ЗЬЯВА I.
Агне́ша — адна.

АГНЕША.
Баю, баю, мая дзе́тка…
Баю, баю, міла кве́тка!..
Ве́чар цяпле́нькі
Стане цямне́нькі…
Сьпі, мая дачушка!
Яблынкі ўжо ў кве́тках,
Расіца дрыжыць на ве́тках,
Як сьляза матулі:
Скарг яе́ ня чулі:
Людзі ачарстве́лі.
Цяжка жыць на сьве́це стала:
Стыду, крыўды, мук ня мала
І цябѐ ждуць зьдзе́кі,
Бяз віны папрэкі.
Шмат бяды дазнаеш…
Даруй матцы… я бяз долі
(плача)
Праліла ужо сьлёз даволі,
І ты, дзяціна,
Уце́ха адзіна,
Даруй мне́, дачушка!
(уваходзіць Бабуля, Агне́ша выходзіць).


ЗЬЯВА II.
Бабуля — адна.

БАБУЛЯ (калыша)
Люлі, люлі, дзе́танька,
Люлі, люлі, мілая,
Каток на паркане (глядзіць у вакно)
Лізаць лапку стане,
Госьць да нас прыбудзе,
Зіна спацькі будзе.
(уваходзіць Андрэй).


ЗЬЯВА III.
Бабуля — Андрэй.

АНДРЭЙ.
Дзе́нь добры ў хату...
(падходзіць, вітае Бабулю і цалуе дзіця).
як мы жывы?
Ці ўсе́ здаровы і шчасьлівы?!
(у хату варочаецца Агне́ша)


ЗЬЯВА IV.
Тыя-ж і Агнеша.

АНДРЭЙ (зварочаваецца да Агне́шы).
Самой здароўя як і дзе́ткі,
Маей міле́нькай ў сьве́це кве́ткі?
АГНЕША (апусьціўшы смутна галаву).
Дзе́нь добры пане!..
АНДРЭЙ (з гне́вам)
Годзе Нѐша!..
АГНЕША
Аднэй так смутна на душы
Сядзе́ць у нуднай, у камерцы
Сярод няшчасьця і глушы.
Ах, цяжка жыць… ужо заснула…
(паказавае на калыску і хрысьціць).
Сьпі, Бог з табой, дзіця маё!
Глядзі, як ручачкі злажыла,
А твар і міна ўсё тваё.
(схамянуўшыся).
Вось да цябе́ зусім падобна…
(жаласьліва)
Адно пануе не́йкі страх,
Ці дасьць Бог долю ле́пш ад маткі,
Ці пойдзе плакаць на людзях?
Ці Бог пашле́ апе́ку… шчасьце.
Ці так, як я, пачне́ служыць
І быць пад’ўласнай дужай волі.
І ве́к ліць сьлёзы і тужыць?..
(голас мяняецца)
Хай Бог бароне, ле́пш малая
Няхай пакіне гэты сьве́т,
Чым быць няшчаснай і гаротнай
У росквіту дзявоцкіх ле́т,
Як я нябога, сіраціна… (плача).
АНДРЭЙ.
Пакінь, пакінь, ня плач, прашу,
Сам Бог мой сьве́дка, не пакіну
Цябе́, — дабрэйшую душу…
Уціхні, зорка, годзе клясьці
І наракаць на шлях жыцьця;
Я ве́к з табой душою буду
І не пакіну ве́к дзіця.
А ве́даеш, учора з жонкай
Я ме́ў размову на‘т аб ім:
Перш упіралася старая
І не згаджалася зусім,
Цяпе́р прые́хаў я…
(неадважаваючыся)
Ці сьме́ю
Прасіць, каб ты дала саглас?..
(нясьме́ла)
Табе́-б лягчэй было, каб Зіну
Пазволіла узяць да нас.
АГНЕША.
Што, што?! О, не, ніколі!
Аддаць дзіця, аддаць усё?..
БАБУЛЯ.
Ці пану мала Не́шы мукі?..
Здае́цца-ж струў яе́ жыцьцё!..
(выразьліва і памалу гаворачы кожнае слова).
Забраў ўсё ле́пшае дзявоча:
Душу, пачуцьце, сэрца й страх,
Цяпе́р пан хочаш, каб унучка
Пакінула убогі дах.
А што-ж у вас? Яно малое.
Яму каб сытна і цяпло…
Ня трэба ёй калыскі штучнай,
Што празрачыстая, як шкло;
Ня трэба ёй бялізны панскай,
Падушак, ясікаў кругом:
Пад бокам маткі ле́пш ёй будзе!
На што ёй зрадны панскі дом?
Ціжарам ня была ніколі…
АНДРЭЙ (трапячыся).
А дзеля дочкі…
(папраўляецца).
…дзеля вас…
БАБУЛЯ.
А нам дзіця не замінае,
Уце́хай нат‘ яшчэ для вас.
АГНЕША (супыняючы)
Пакіньце мамка…
БАБУЛЯ.
…сэрца з жалю
Баліць, і вось куды вяду:
(зварочаваецца да Агне́шы)
Хай Бог скараў тваёй нядоляй,
Адну адплакалі бяду,
А сяньні зноў… не, не, ня можна.
АГНЕША (супакойваючы).
Ніхто дзіця ня вырве з рук,
Ні для таго дазнала гора
І толькі крыўды, зьдзе́ку й мук…
Дзіця міле́й за ўсё на сьве́це!..
Аддаць дзіця?.. разстацца з ім?..
Каму? за што?.. ці ж гэта можна
Астацца мнѐ аднэй зусім?..
Я не сьцярплю цяжкой самоты.
АНДРЭЙ.
Даруй мне́, Не́ша, знаю сам,
Што з родным дзіцем разставацца
Абоім сяньні цяжка нам…
Але, прале́ска, (цалуе руку Агне́шы) маю
просьбу,
Схаці мяне́ ты зразумець:
Дачушцы нашай я хаце́ў бы,
Каб больш выгоды магла ме́ць.
Тут це́сна, (аглядаючыся)
сыра, затха ў хаце…
Шкада малой, а у мяне́
Чысьцютка, вольна сьве́тла, сьве́жа
І муха крыльлечкам ня ткне́.
БАБУЛЯ.
Няхай сабе́! мы ўжо прывыклі,
Узгадавалі яе ў бядзе́.
І наша кве́тка будзе з намі
Пакуль куды Бог прывядзе́.
Ніхто ня знаў з нас тых палацаў,
Крый Бог іх знаць: там грэх і зьдзе́к.
АГНЕША.
Ну годзе, мамка, успамінаці
Рад-чуць забыўся чалаве́к. во
Чуць памяць звольніла сумле́ньне,
Чуць нѐк з душы ўжо адлягло,
А мамка зноў успамінае,
Калі што смутнае было!..
Ах, Божа мілы… сіл ня маю…
Даруй правіны мне́, дзіця!
За хвілю шчасьця толькі мукі
І шлях гаротнага жыцьця!
(плача).
АНДРЭЙ (супакойваючы).
Забудзьма гне́ў… (зварочаваецца да Бабулі).
…нашто спрачанца…
Я ве́чна зьвязаны (да Агне́шы) з табой,
Я не пакіну, дай Бог шчасьця,
Сабе́ як зычу — так малой!
Ды ўрэшце так: згадзіся, Не́ша,
Я зычу добрае адно:
Дачушку мне́ аддаць, ці помніш?
Так ухвалілі мы даўно…
Табе́… табе́ па угавору
Клянуся ве́к дапамагаць;
Ты адпачне́ш, падкрэпіш сілы,
Магчымся будзеш працаваць;
(Бабуля адыйшла на бок, Андрэй спагадна шэпча).
А ясны дзе́нь, прыгожы ве́чар,
Прытульны змрок і вольны час
І моладасьці шчырай мары,
Усё, што ле́пшае, для нас.
АГНЕША (згаджаючыся).
Андрэйка мілы, я гатова,
Хоць буду плакаць, шкадаваць…
А ці згаджаецца старая
Дзіцяцю шчыра даглядаць?..
А ці пытаўся — ці пазволе
Мне́, роднай матцы, ў вольны дзе́нь
Прыйсьці даве́дацца? а можа,
А мо‘ старой ня міл мой це́нь?
АНДРЭЙ.
Не, не, ўжо ціха, ве́р на слова,
Між намі згода: я прасіў
І мне́ яна дакляравала…
АГНЕША.
Ну, аба мне́-ж ты гаварыў?
АНДРЭЙ.
Яна і плакала, злавала,
Ну але справа ні у тым.
Я слухаў доўга і цярпліва,
Упрост сказаць, я стаў глухім…
Чаго, чаго не выдумляла…
Баяўся ўкрыўдзіць праз адказ,
Усё нішто — але вось хоча,
Каб разлучыць абодвух нас
І дакляруе, што ніколі
Ніўчым пярэчыць не сягне́,
Каб толькі я з табой разстаўся,
Ці ты каб кінула мяне.
ΑΓΗΕШΑ
Андрэй, Андрэй, твая ўжо воля,
Рабі як знаеш, Бог з табой…
Адно цябе́ прашу… дзіцяці
Не забывайся ты са мной;
Яно нявіннае, ня знае
(Андрэй апусьціўшы галаву)
Прашкод жыцьця і сьве́цкіх спраў;
(са сьлязьмі)
Прашу, ня кінь яго няшчасным,
(у адмозе)
Каб аб дзіцяці памятаў.
АНДРЭЙ.
Агне́ша мілая…
БАБУЛЬКА (заступаючыся за Агне́шу).
Няхай вас!..
Спакою бе́днай не дадуць…
Калі нязмога бараніці,
Дык і змарцьве́ньнем пан, ня будзь
(уваходзіць дзе́д)
(Андрэй з Агне́шай адходзяць на бок, паціху
радзяцца)
.


ЗЬЯВА V.
Ты я-ж і Дзе́д.

БАБУЛЯ (да Дзе́да)
Ото наслаў Бог толькі гора
Сягоньня; чуеш што пяе́:
Прыстаў аддаць яму унучку,
А нам, шкада ужо яе́.
Мы ўжо не́к звыкліся з малою;
Дзіця спакойнае яна
Больш сьпіць, ня чутна яе́ плачу
І з ёй віджуся я адна.
ДЗЕД.
Ну добра ты, папе́сьціш, праўда,
І закалышаш на руках,
Ды вось карміць… Агне́ша хвора,
Няма нічога у грудзях…
БАБУЛЯ.
Во-тож і ёсьць, казаць папраўдзе,
Малая дзеўчына для нас
Ціжарам ня была ніколі,
А нат уце́хаю для нас!..
Шкада аддаць…
ДЗЕД.
А зноў паглядзіш,
Што Не́ша чэзьне і яе́,
За ўве́сь апошні час мучэньняў
Ужо й паловы не стае́,
Дык не́як жаль… Марне́е дзе́ўка
І прападае ні за што.
Па мне́ — (з развагай) бярэ дзіця… і добра
І Бог і з ёй… няхай.
БАБУЛЯ.
Ото!
Ня знаеш мук, цярпе́ньняў маткі,
Начэй бязсонных, сілы страт…
А матцы дорага дзіцятка;
Яно ёй міла… (паўза)
Пан багат,
Ен хоча даць дачцэ выгоду:
Яе ў істужачкі спаўе́;
Дык хай-жа знае — ў лоньні маткі
Цяпле́й, выгодней чымся дзе!
ДЗЕД.
Гатоў зусім з табой згадзіцца,
Ніўчым я спрэчкі не вяду,
Але здае́цца…
БАБУЛЯ.
Казаць хочаш,
Што будзе ме́ць адну бяду?..
Ніколі-б я не дапусьціла,
Каб дзіцянё хто адабраў,
Ну але Не́шкі бе́днай шкода,
А то няхай-бы спрабаваў
(бабуля адыйшлася).
АНДРЭЙ (да Агне́шы).
Прашу цябе́… дзеля дзіцяці…
Яго малое — так люблю!
Сабе́-ж тым крыўды ані якай,
Здае́цца мне́, я не раблю!..
АГНЕША (кладучы рукі на пле́чы Андрэя)
Ах цяжка мне́, шкада дзіцяці,
Хоць праўда ле́пей будзе ў вас…
Мяне́ пужае, што ў самоце
Плысьці, як ве́чнасьць, будзе час…
Мне́ бе́днай будзе сумна, нудна…
Адна… хто-ж думкі разарве́,
А іх так многа, каб ты ве́даў,
У неспакойнай галаве́.
АНДРЭЙ.
Ты будзеш жыць… найму кватэру;
На пражыцьцё ты будзеш ме́ць,
А вольнай хвіляю часьце́нька
Прыду з табою пасядзе́ць.
АГНЕША.
Ну хіба так…
АНДРЭЙ.
Ось дзякуй Богу!
(сарваўшыся ад радасьці).
Агне́ша, мілая мая,
Дык ты ўжо згодна, ты пазволіш?
Ах вельмі-ж ўдзячны табе́ я
(цалуе рукі і скронь).
ДЗЕД (да Бабы)
Ну, во! спрачалася старая
І надарма… ты чуеш… не?
АНДРЭЙ.
І помні, зорка, дарагая,
Калі зусім спрыяеш мне́,
To не забудзься аб дзіцяці,
Прыходзь даве́дацца і знай,
Ніхто ня скрыўдзе, не зачэпе
Цябе́ на‘т словам…
АГНЕША.
Слова дай?!..
АНДРЭЙ.
Як я цябе́ люблю, шкадую…
Параска вось па праўдзе ўжо
Усьціхамірылась, спакойна
І згодна не́к жывём даўно…
Яна казала узяць дочку;
Дзе будзе гінуць па кутох?..
І ўжо нічым не папікае.
У хаце нашай зноў ёсьць Бог.
Хоць, праўда, крывіцца; ня хоча,
Каб ты даве́дацца прышла,
Але ўпрасіў яѐ — то-ж матка!
Нарэшце й тут згоду дала
(Бабуля з Дзе́дам радзяцца і ня думаюць ужо
перашкаджаць)
.
БАБУЛЯ.
Дык як ты Не́ша — сваю Зінку…
Пазволіш… хочаш…… аддасі?
Запраўды крыху адпачынеш,
У пару пасьпіш і паясі
(Агне́ша падходзе да дзіцяці, каб узяць на рукі
Дзе́д ідзе́ сьле́дам)
.
ДЗЕД.
І я прывык ужо да ўнучкі:
Яна сьмяе́цца і гудзіць.
Аж не́як весяле́й у хаце,
Ну, а як трэба — што зрабіць?!.
Я ўжо казаў — мне́ вельмі шкода…
Дзіця замучае цябе,
А так хоць… (цалуе дзіця і да дзіцяці кажа)
будзь-жа ты шчасьліва!
Хай Бог здароўя дасьць табе́!
АГНЕША (тулячы дзіця пяе́)
(Бабуля плача, дзе́д задуманы стаіць апусьціўшы
галаву)
.
Хмара сонца бле́ск скрывае,
Апошні промень пагасае,
Прымрак гусьце́е,
Сэрца-ж мне́ мле́е.
Зіначка, дачушка!
Я ня знаю чаго плачу,
Зорку ясную я трачу,
Кве́тачку ружынку[1],
Мілую дзяўчынку,
Сірату бяз маткі…
Заўтра зраньня дзе́нь настане,
Сонца йзноў праз хмары гляне,
Пашле́ касулькі,
Але матулькі
Зіначцы ня будзе
(узьдзяе́ хусту, што падае́ Андрэй і, узяўшы
дзіцё на рукі, выходзіць з хаты пяючы)
.
У пакоях сьве́тлых ясных
Чуць ня будзеш сьлёз няшчасных,
Дзе́тка малая,
Доля-ж такая…
Няма твае́ маткі…

3АBЕСА.



Акт пяты

[правіць]


АКТ ПЯТЫ.

Ганак; даьве́ры рашчынены. Ясна відаць катафалк. Параска плача каля дамаўя. Чарада зьбіраецца што раз усё бале́й.

ЗЬЯВА I.
Андрэй — адзін.

АНДРЭЙ.
Божа, Божа! як мне́ смутна,
У вачох цямне́е!
Чаму людзі маюць шчасьце,
А мне́ Бог жале́е?
Людзі маюць шмат уце́хі,
Жывуць шчасна, міла…
Няўжо мне́ тэй сьве́тлай долі
У Бога нехапіла.
Людзі скарбамі багаты,
Це́шацца сям‘ёю, А мяне́, з адзіным скарбам,
Разлучыў з дачкою!
І за што, скажы… (з жалем) мой Божа,
Ты ка мне́ так строгі,
Маладога мяне́ крыўдна
Зьвёў з шляху-дарогі?
(з гне́вам)
Сьве́тлых дзён мне́ даў так мала,
Ды і тых шкадуеш,
Ня ўжо просьб і нараканьняў
Ты маіх ня чуеш?
Божа, Божа, вельмі цяжка
Страціць скарб адзіны,
І за што і за якія
Судзіш мне правіны
(уваходзе Параска; яе вядзе́ хтось з чарады пад руку).


ЗЬЯВА II.
Андрэй — Параска — чарада людзей

ПАРАСКА.
Не магу, мне́ трудна, чую,
Мле́юць рукі й ногі…
Толькі зьне́сла я мучэньня,
Смутку і трывогі!..
А цяпе́р — яшчэ во страта:
Зіначка!! дзіцятка!!
Я табе́ была і нянька
І родная матка;
Яж цябе́ узгадавала,
Це́шылась, пясьціла
І, ня ме́ўшы сваіх дзе́так,
Я цябе́ любіла.
Я адна… цяпе́р адна я…
Жыцьцё зноў разьбіта…
Сьве́тлы промень згас наве́кі…
Густой мглой спавіта
Уся прышласьць… што пачну я?!
(стала на кале́ні, плача і рукі працягавае).
НЕХТА. З чарады (прытрымлюючы Параску).
Панечка! паволі!
Годзе плакаць!.. нельга плакаць
Па дзецях ніколі…
БАБА 1-ая (перагаворуючыся з іншай).
Ці ня дочка гэта будзе?
Ня было-ж здае́цца?
Ці з радні хто? — гэтак моцна…
Бе́дная аж рве́цца.
(катафалк гатоў, дамаўё пастаўлена і відаць праз
адчыненыя дзьве́ры)
.
ПАРАСКА (падбягаючы ў бок труны).
Кве́тка мілая, анёлак!
Даруй зьневажэньні,
Выпрасі мне́ перад Богам
За ўсё прабачэньне.
Буду ве́к маліцца Богу,
Покі буду жыва.
Каб Ен дау табе́ рай ве́чны!..
Ох… я нешчасьліва (падае ўжаліўшыся)
(у адчыненыя дзьве́ры ўваходзіць народ, хрысьцячыся).
НЕХТА (Андрэй прайшоў).
Гэта бацька… пра сьме́рць дочкі
Мо й ня знае матка?..
БАБА 2-ая (надступаючы).
Не, я чула… Мой ты Ве́чны!
Бе́днае дзіцятка…
БАБА 1-ая.
Ей яшчэ не наказалі?
БАБА 2-я (на вуха)
Па запрэту[2] пані…
Муж зьлюбіўся з тэй дзяўчынай,
Што служыла раней…
Можа бачыла і помніш?
Дзяўчына, як кве́тка!..
БАБА 1-ая.
А хто-ж гэтая старая,
Нізкая кабе́тка?
Гэта жонка таго пана?
БАБА 2-ая.
Гэтая сівая?
Так, во то-ж яна і будзе:
Мсьцівая і злая.
БАБА 1-ая.
А я думала што маці…
БАБА 3-я (падслухаўшы).
Што-ж бывае… дзіва?!.
Bo і сам ён маладзе́нькі…
На руцэ нашыва
(Андрэй ідзе́, хлопчык пасыпае дарожку васількамі;
Андрэй у хлопчыка ўзяў кве́тку і прышпіліў
сабе́, а другую нясе́ ў руках)
.
Во ідзе́ ён… стараніся…
БАБА 1-я.
Ці-ж маці ня знае?
БАБА З-я (згле́дзіўшы Агне́шу).
Вунь (паказавае)… глядзі вунь, у касынцы
(усе́ паварочуюцца).
Ідзе́… ле́дзь жывая…
Бле́дная якая стала,
Бе́дная дзяўчына
(Агне́ша сунецца, як цень. Андрэй сустракае).


ЗЬЯВА III.
Тыя-ж і Агне́ша.

БАБА 3-я.
Ля яе́… во пан падходзіць (уздыхаючы)
Цяжкая часіна…
(Андрэй прышпіляе Агне́шы кве́тку. Параска,
убачыўшы кве́ткі ў абоіх, ня зразу наважае, як
ёй паступіць, і траціць самаўладу, калі спатыкае
мужа з Агне́шай)

ПАРАСКА (прыпершыся ў страху да сьце́нкі).
Вось і яна… яна падходзе…
Не, ня пушчу яе́ у дом!
Няхай сабе́ яна як знае…
Распраўлюся сваім судом!..
(уваходзіць сьвяшчэньнік, Параска, падумаўшы)
Ну Бог і з ёю — ня чужая,
А матка Зінкі… (з гневам)
… усё адно.
Цяпѐр настаў мне́ час памсьціцца,
Ужо зьбіралася даўно.
(адумаваецца)
Хоць, праўда, грэх… няхай прыходзіць,
У бе́днай гора…
(убачыўшы, што ў руках Агне́шы вянок з васількамі
і што ў Андрэя і Агн́ешы прышпілены васількі)
.
… што са мной?..
Мне́ цьмяцца вочы… я трасуся,
А васількоў нясьметны рой…
Іх многа скрозь, трывожаць душу,
Як не́калі паганы сон…
А гэта-ж во, бач, прышпілілі
Па васільку яна і ён?!.
(паўза)
Дык жа-ж цяпер няхай пазнае!..
Жыцьця ня будзе мнѐ ўжо з ім…
Яно разьбіта… Не дарую…
Ня ме́йсца тут ім абаім!..
(Андрэй астае́цца побач крыху ззаду, а Агне́ша
ідзе́ напе́рад і толькі ме́ла перахрысьціцца, як
Параска, выціраючы хустай заплаканыя вочы,
бяжыць і спатыкаецца з Агнѐшай і Андрэем)
.
Ты чаго? Табе́ што трэба?
Вон адсюль ідзе́це!..
АГНЕША (з плачам).
Я, к дзцяці йду… мне можна…
К Зіначцы пусьце́це…
Я матка родная, дазвольце
3 ёй пажагнацца наўсягды
(Параска засланяе дарогу, у гэты час выносяць
дамаўё і пяюць „Ве́чную памяць“; Параска
пірхае ў грудзі Агне́шу, тая, як падкошаная,
валіцца на рукі Андрэя)
.
АНДРЭЙ.
Параска, што ты, Бог з табою!
ПАРАСКА.
Вон, вон абое, хоць куды!

ЗАBЕСА.




  1. Палёнізм, пабеларуску — рожаньку.
  2. Русіцызм — забарон, забарона.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.