Перайсці да зместу

Васількі (1914)/Зарабіў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зарабляюць Зарабіў
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1914 год
Сабачча служба
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зарабіў (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зарабіў.


Хоць меў Сьцёпка Тацюк траціну зямлі, і то зямлі добрай, меў жонку — Тацяну да ўсяго дасужую, меў трох сынкоў, с паміж каторых старшые два былі ўжо ладнымі падросткамі і зараблялі ня толькі на сябе, але і на хату, а ўсё-ж ткі ў хаце жылося несамавіта: штодзенны недастатак! Нажывуць круп, затаўкі німа; згарусьцяць затаўку, — як раз крупы скончыліся; і так усьцяж!

Праўду кажучы, найбольш вінават быў гэтай бядзе сам Сьцёпка: хоць любіў, каб яды было, як на Дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю. Людзі ўжо напрацуюцца, па колькі-то пракосаў пройдуць, а Сьцёпка ўсё ешчэ соўгаецца ад хаты да хаты па вёсцы: то з адным пастаіць, пагутарыць; то з другім за глупства завядзецца, — пасварыцца, — глядзі — ўжо і поўдня блізка, і, хоць як ня кідалася Сьцёпкава Тацяна, нічога не памагала: жылося, як той казаў, дрэнна.

А Сьцёпка ні ад таго, каб жылося лепей, — чаму не? Але, каб гэта лепей само як небудзь, скуль небудзь звалілася, знайшлося. І хада Сьцёпкі была такая, бытцым усё шукаў гэтаго лепей. Апусціў галаву, як той конь убоісты, ў ніз, дый цягаецца, бытцым чагось угледаючыся.

Многа, ці мала гэтак шукаў Сьцёпка сваей долі, але вось аднэй неяк раніцы, пралайдачыўшы ўсю ночку ў падгарадзкім шынку, і варочаючыся с пустой кішанёй і цяжкай галавой да хаты, здалося яму што ткі знайшоў сваю долю. Стрымаўся раптам, сярод дарогі і стаў с-пад лоба агледацца, якбы баяўся, каб яго думак хто не падглядзеў, ці не патслухаў… Потым, крута завярнуўшыся скорым крокам памахаў у горад. Прыйшоўшы на адну з вуліц, дзе стаяў знаёмы гарадавы (не раз чарку перакулівалі разам — ўсей знаёмасьці), стаў з ім шэптацца. Доўга, натставіўшы вуха і ківаючы галавой, слухаў, пашаптушак Сьцёпкавых гарадавы, пасьля кіўнушы пальцам, павёў яго ў паліцію.

Там зара гэты самы гарадавы завёў Сьцёпку ў камору, дзе сядзеў за сталом нейкі чыноўнік, ці начальнік, а сам чмыхнуў адтуль. Жутка зразу зрабілася Сьцёпку, мо ўжо і жалеў цяпер, што ажно сюды кінуўся шукаць сваей долі, але неяк слова за слова (начальнік паказаўся Сьцёпку вельмі прыступным чэлавекам) і ўсё, што было ў думках Сьцёпкі, вылажыў як мае быць.

… Выйшоў Сьцёпка. Выйшоў, якбы пасьля вялікай, цяжкай працы: спацелы, чырвоны, як рак. У моцна заціснутым кулаку трымаў сярэбраны рубель… Але што цяпер значэ Сьцёпку гэты рубель? Ого! Сьцёпка бо ведаў цяпер як зарабляць рублі. Калі захоча — не аднаго будзе мець. Вось захацеў, і будзе мець… як вам здаецца: што? Каня! Як мае быць каня — гаспадарскаго каня. Трэба будзе толькі падыйсці на торг, выбраць любога, а пасьля сеў і паехаў; аб цане і не пытай! Ёсць каму за яго плаціць!

Варочаючыся да дому разважаў Сьцёпка; сказаць жонцы, ці не сказаць? Але ткі надумаў не гаварыць: на што бабі ведаць? Ешчэ гатова разбрэхаць па вёсцы, а гэтаго нельга, бо і заработак можэ ляснуць.

Па дарозі зноў зайшоў Сьцёпка ў шыночак, знайшлася там знаёмая кампанія, а да таго быў рубель — было за што і пры чым пасядзець, дык ледзь у ночы дацягнуўся да дому. І, вайшоўшы ў хату, намацаў палок і, рынуўшыся на яго, заснуў моцным, пьяным сном.

Сонейка ўжо высока паднялося, калі Сьцёпка расчухаўся, злез с палка, моўчкі насунуў шапку і высунуўся за дзьверы. Тацяна так сама бытцым і не бачыла мужа — ніводным словам не зачапіла яго. Яна добра ведала, што ніякое прычытываньне ня толькі не памагала, але ешчэ горш шкодзіла: Сьцёпка, на злосць жонцы, кідаў тады ўсю работу і сьцягіваўся з дому на колькі дзён. Хліпаючы і ўціраючы нос хвартухом, Тацяня ямчэй толькі перэстаўляла гаршкі; мацней ляскала вілкамі і чапялой ў качарэжніку і часьцей куксала свайго малога Сымонку, каторы круціўся каля спадніцы маткі.

Тымчасам Сьцёпка, выйшоўшы на двор, як сеў на прызьбе, дык і не скрануўся, ажно пакуль жонка ня клікнула палуднаваць. Па палудні пайшоў кратацца каля гаспадаркі і гэтак дацягнуў да вечэра.

Ноч выдалася Сьцёпку безканечна доўгая. Доўгай і страшнай паказалася яна і Тацяне. Чаго ніколі даўней не бывала, кідаўся Сьцёцка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрэгалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку, допытываючыся, ці ня чула, як сабакі брэхалі і званочкі зьвінелі, і ледзь над раніцай крыху супакоіўся. На заўтрае, праз увесь дзень ня выйшоў, як даўней бывала, на вуліцу, словам да нікога не адазваўся, толькі ешчэ больш згорбіўся, ешчэ ніжэй апусьціў галаву ў ніз, якбы баяўся, каб не заглянуў яму хто ў вочы.

Так прайшло трое сутак. На чацьвёртые — з вечэра, калі жонка с сынам ляглі ўжо спаць, Сьцёпка, запаліўшы лучыну, толькі стаў лапці патшываць, як пачуў, адазваўся на вёсцы сперша адзін сабака, пасьля другі, трэці. Твар Сьцёпкі збялела, рукі і ногі так сталі калаціцца, што ледзь падняўся, ледзь дайшоў да лучыны, вырваў яе з лучніка, кінуў воб землю, затаптаў і, асунуўшыся на лаву, цяжка дыхаючы, стаў прыслухацца. Колькі гэтак сядзеў Сьцёпка — сам ня ведаў, і толькі, калі пачуў, як на вуліцы вёскі нешта затаркатала, затопалі конскіе капыты, Сьцёпка якбы ачнуўся. Праз сваё вакно бачыў Тацюк, як замігацелі агні па хатах, потым стаў высыпаць народ на вуліцу і, як тые пчолы ў вульлі, загудзеў. — Пад вакно Тацюкавай хаты падбегла суседка — Мар’яна, забарабаніла па ім і, крыкнуўшы: „Юрку і Кастуся забралі… кніжкі нейкіе знайшлі“, пабегла, далей Сьцёпка ані крануўся…

Мінуў тыдзень, другі, і выбраўся Сьцёпка ў таргавы дзень у горад. Сперша падышоў да знаёмаго гарадавога, але з ім аніяк ня мог дайсці да ладу: буркне нешта пад нос, ды адвернецца. Махнуў Сьцёцка рукой і пайшоў да таго чыноўніка, ў катораго сперша быў. Той распытаўшыся, ці німа ешчэ якіх навін, сказаў Сьцёпцы прыйсці па каня на другі торг. Прыйшоў ён на другі торг, — якраз начальніка дома не застаў. За трэйцім разам — часу таму не было. І гэтак як стаў хадзіць, дык ходзіць, а ўсё нічога ня выходзе; ажно пакуль аднаго торгу не спаткаўся ён нос у нос з гэтым сваім начальнікам на рынку. Круціўся, праўда, сперша той, як ўюн, але ўрэшце згадзіўся ісьці каня купляць Сьцёпцы. Абыйшлі адзін, другі табун, пры трэйцім начальнік, гутарачы з гаспадаром-цыганом, нешта доўга замарудзіў, а пасьля і кажэ Сьцёпцы: „выбірай каня, садзіся і едзь“, а сам завярнуўся і пайшоў.

Сьцёпка абыйшоў гнядога — добры; паглядзеў у зубы буланаму — ешчэ лепшы, але найбольш спадабалася яму лысая кабыла: складная сытая, ростам невялічка, — якраз — на яго гаспадарку. Пакруціў яе ў адзін бок, пакруціў у другі, — „гэту можна?“ — пытае цыгана; — „спрабуй, якога хочэш“, — атказывае той. Але што там Сьцёпку была прабаваць? Абы скарэй да дому — пахваліцца! Ўскочыў на кабылу, залопаў нагамі па бакох лысай і трушком з’ехаўшы з рынку, мінуў прыгарадзе і выехаў на сваю дарогу. Тут затуманіў люльку і толькі стаў надумывацца, што-б тут сказаць у вёсцы: аткуль, за што нажыў гэткую жывёлу, ажно ззаду нехта калі храпне па карку Сьцёпку, дык і не агледзіўся бедак, калі на зямлі апынуўся. Падняў галаву, глядзіць: цыган — гаспадар кабылы — стаіць над ім, крычыць, лае, дый зноў складаецца пражыць. Усхапіўся Сьцёпка, хацеў ужо даць цыгану здачы, але той давай нема раўсьці: „злодзей! злодзей!“ Надбеглі людзі, і як не растлумачываў ім Сьцёпка, як ні кляўся, як ні прасіўся, нічога не памагло: кожны тоўк яго, як сабаку на чужым дварэ, — Гэтак зьбітаго звязалі і павялі назад у горад. Там здалі Сьцёпку ў вучастак. Прабаваў і тут Сьцёпка выкладаць сваю справу, як ён і не краў кабылы, як за яго маніўся заплаціць нейкі важны чыноўнік, але ніхто і слухаць не хацеў, а толькі кпілі і сьмеяліся з яго.

На другі дзень выпрасіў-ткі Сьцёпка, каб завялі яго да таго чыноўніка. Завясьці — завялі, але той і не дапусьціў яго нават да сябе і, як не артачыўся Сьцёпка, а аттуль павялі яго ўжо проста ў турму і ўпхнулі паміж арыштантаў „да разбора дзела“.

Ліха ешчэ надало Сьцёпку прызнацца перад сваімі новымі таварышамі за што і як папаў сюды. Думаў Сьцёпка іх разжаліць сваей доляй, а тымчасам — дзіва: злодзеі, разбойнікі і тые аттрахнуліся ад яго. „Здраднік! Юда! Гад!“ іначэй і не ад’зываліся да Сьцёпкі…

Пакуль назначылі суд, Сьцёпка атседзіў у турме месяцы с чатыры; але, ці то яму той начальнік — сжаліўся — памог, ці як там было, выкруціўся-ткі неяк, небарака, з большай бяды і вярнуўся да дому.

С таго часу перэстаў цягацца па вёсцы, бо абы толькі паказаўся — сталые і малые, мужчыны і бабы прыставалі да яго: „Сьцёпка, Сьцёпка, калі пойдзеш у заработкі?“